Перайсьці да зьместу

Патсдамская канфэрэнцыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Палац Цэцыліенгоф — месца правядзеньня Патсдамскай канфэрэнцыі

Патсдамская канфэрэнцыя адбылася ў Патсдаме ў палацы Цэцыліенгоф з 17 ліпеня па 2 жніўня 1945 году з удзелам кіраўнікоў трох найбуйнейшых дзяржаваў антыгітлераўскай кааліцыі ў Другой сусьветнай вайне з мэтай вызначыць далейшыя крокі пасьляваеннага ўладкаваньня Эўропы.

Гэта была трэцяя і апошняя сустрэча «вялікай тройкі» антыгітлераўскай кааліцыі. Першыя дзьве адбыліся ў канцы 1943 году ў Тэгеране (Іран) і ў пачатку 1945 году ў Ялце (Савецкі Саюз).

У канфэрэнцыі ўдзельнічалі кіраўнікі ўрадаў трох дзяржаваў — прэзыдэнт ЗША Гары Трумэн (старшыняваў на ўсіх пасяджэньнях), старшыня Савету Народных Камісараў СССР і старшыня Дзяржаўнага Камітэту Абароны СССР І. В. Сталін і прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Ўінстан Чэрчыль (падчас канфэрэнцыі пацярпеў паразу на выбарах, і ў Патсдам прыбыў яго пераемнік Клемэнт Этлі).

Разьмяшчэньне дэлегацыяў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Патсдамская канфэрэнцыя: Ўінстан Чэрчыль, Гары Трумэн і Іосіф Сталін (зьлева направа)

36 з 176 памяшканьняў палацу былі адведзены для правядзеньня канфэрэнцыі. Дэлегацыі разьмяшчаліся не ў Цэцыліенгофе, а на вілах у Патсдамскім раёне Бабэльсбэрг — савецкая дэлегацыя разьмясьцілася на віле, якая раней належала генэралу Людэндорфу. Рабочым пакоем амэрыканцаў служыў былы салён кронпрынца, былы кабінэт кронпрынца служыў рабочым пакоем савецкай дэлегацыі.

Цяпер у палацы Цэцыліенгоф знаходзіцца гатэль і рэстарацыя, а таксама мэмарыяльны музэй Патсдамскай канфэрэнцыі.

Мэтамі акупацыі Нямеччыны саюзьнікамі абвяшчаліся яе дэнацыфікацыя, дэмілітарызацыя, дэмакратызацыя, дэцэнтралізацыя і дэкартэлізацыя. Была таксама абвешчана мэта аб захаваньні адзінства Нямеччыны.

У адпаведнасьці з пагадненьнем аб кантрольным мэханізьме ў Нямеччыне вярхоўная ўлада ў гэтай краіне будзе ажыцьцяўляцца галоўнакамандуючымі ўзброеных сілаў Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, Злучаных Штатаў Амэрыкі, Злучанага Каралеўства і Францускай рэспублікі, кожным ў сваёй зоне акупацыі, па інструкцыях сваіх адпаведных урадаў, а таксама сумесна па пытаньнях, якія закранаюць Нямеччыну ў цэлым, што дзейнічаюць у якасьці чальцоў кантрольнай рады.

Па пастанове Патсдамскай канфэрэнцыі ўсходнія межы Нямеччыны былі перанесены на захад да лініі Одэр-Найсэ, што скараціла яе тэрыторыю на 25% у параўнаньні з 1937 годам. Тэрыторыі на ўсход ад новай граніцы складаліся з Усходняй Прусіі, Сылезіі, Заходняй Прусіі, і дзьве траціны Памяраніі. Гэта ў асноўным сельскагаспадарчыя раёны, за выключэньнем Верхняй Сылезіі, якая зьяўлялася другім паводле велічыні цэнтрам нямецкай цяжкай прамысловасьці. Большая частка тэрыторыяў, адабраных ад Нямеччыны, увайшла ў склад Польшчы. У склад Савецкага Саюзу разам са сталіцай Кёнігсбэрг (які ў наступным годзе быў перайменаваны ў Калінінград) увайшла адна траціна Ўсходняй Прусіі, на тэрыторыі якой была створана Кёнігсбэрская (з сакавіка 1946 — Калінінградзкая) вобласьць РСФСР.

22—23 ліпеня Сталін і Молатаў прадставілі на канфэрэнцыі тэрытарыяльныя прэтэнзіі СССР да Турцыі і патрабаваньне адмысловага рэжыму для СССР у Чарнаморскіх пралівах. Гэтыя прэтэнзіі не былі падтрыманыя брытанскім і амэрыканскім бокам (хоць заключны пратакол канфэрэнцыі згадвае перагляд канвэнцыі Мантрэ з улікам меркаваньня турэцкага боку).

Былі прызначаны рэпарацыйныя плацяжы.

На Патсдамскай канфэрэнцыі Сталін пацьвердзіў сваё абавязацельства не пазьней за тры месяцы пасьля капітуляцыі Нямеччыны (датай чаго Сталін лічыў толькі 8 траўня) абвясьціць вайну Японіі. Ваюючыя зь Японіяй ЗША, Вялікабрытанія і Кітай таксама падпісалі Патсдамскую дэклярацыю (апублікавана 26 ліпеня), запатрабаваўшы ад Японіі безагаворачнай капітуляцыі. 8 жніўня (пасьля канфэрэнцыі) да дэклярацыі далучыўся СССР і абвясьціў Японіі вайну.

Па папярэдняй дамове Карэя апынулася падзелена на савецкую і амэрыканскую зоны акупацыі, хоць афіцыйна на пасяджэньнях карэйская пытаньне не ўзьнімалася.

Вострым пытаньнем, якая выклікала дыскусію, была праблема падзелу нямецкага флёту[1].

У завяршальны дзень канфэрэнцыі кіраўнікі дэлегацыяў прынялі асноватворныя пастановы па ўрэгуляваньні пасьляваенных пытаньняў, ухвалены 7 жніўня 1945 гады з пэўнымі агаворкамі Францыяй, не запрошанай на канфэрэнцыю.

У Патсдаме абазначыліся шматлікія супярэчнасьці паміж саюзьнікамі, якія прывялі неўзабаве да халоднай вайны.

Напярэдадні канфэрэнцыі адбылося першае выпрабаваньне ядзернай зброі ў ЗША. 24 ліпеня 1945 ў Патсдаме Трумэн як бы «паміж іншым» паведаміў Сталіну, што ў ЗША «цяпер ёсьць зброя незвычайнай разбуральнай моцы». Па ўспамінах Чэрчыля, Сталін пасьміхнуўся, але ня стаў цікавіцца падрабязнасьцямі. З гэтага Трумэн і Чэрчыль зрабілі выснову, што Сталін нічога не зразумеў і ня ў курсе падзеяў. Некаторыя сучасныя дасьледчыкі лічаць, што гэта была тонкая гульня Сталіна. У той жа вечар Сталін загадаў Молатаву перагаварыць з Курчатавым аб паскарэньні работ па распрацоўцы атамнай зброі.

Дадатковыя зьвесткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • На Патсдамскую канфэрэнцыю спэццягнік дэлегацыі СССР быў дастаўлены ня паравозам, а цеплавознай цягай.
  • Брытанская дэлегацыя прыбыла на самалёце, а дэлегацыя ЗША пераплыла Атлянтычны акіян на крэйсэры «Кўінсі» да ўзьбярэжжа Францыі, а адтуль дабралася да Бэрліну на самалёце прэзыдэнта ЗША «Сьвяшчэнная карова».

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Патсдамская канфэрэнцыясховішча мультымэдыйных матэрыялаў