Перайсьці да зьместу

Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
кодэкс
Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях
Заканадаўчы орган
Нумар 92-З
Прыняцьце Палатай прадстаўнікоў
18 сьнежня 2020 (3 гады таму)
Ухваленьне Саветам Рэспублікі
18 сьнежня 2020 (3 гады таму)
Падпісаньне прэзыдэнтам Беларусі
6 студзеня 2021 (3 гады таму)[1]
Уступ у сілу 1 сакавіка 2021 (3 гады таму)[2]
Першая публікацыя 22 студзеня 2021 (3 гады таму)
Нацыянальны прававы партал Беларусі, № 2/2812[3]

Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях — звод заканадаўства Беларусі аб адміністрацыйнай вытворчасьці, які набыў моц у сакавіку 2021 году.

Паводле артыкула 1.1, «вызначае: 1) парадак адміністрацыйнага працэсу; 2) правы і абавязкі ўдзельнікаў адміністрацыйнага працэсу; 3) парадак прымяненьня прафіляктычных захадаў узьдзеяньня; 4) парадак выкананьня адміністрацыйных спагнаньняў». На 2022 год налічваў 25 главаў і падзяляўся на Працэсуальную і Выканаўчую часткі, а таксама ўлучаў Дадатак. На 2022 год дзейнічаў з адным зьмяненьнем ад 4 студзеня 2022 году[1]. Замяніў сабой аднайменны Кодэкс 2006 году[4]. 8 ліпеня 2022 году Экспэртная рада ў пытаньнях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову, якая дзейнічала пры Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі Беларусі, ухваліла Пратаколам № 2 пераклад яго рэдакцыі паводле Закону ад 4 студзеня 2022 г. № 144-З[1]. У выніку гэты кодэкс стаў 14-м у перакладзе Экспэртнай рады[5].

Працэсуальная частка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Працэсуальная частка Працэсуальна-выканаўчага кодэксу Беларусі аб адміністрацыйных правапарушэньнях зьмяшчала 15 главаў ў складзе 3-х разьдзелаў: 1) «Агульныя палажэньні»; 2) «Удзельнікі адміністрацыйнага працэсу. Доказы»; 3) «Адміністрацыйны працэс». Паводле артыкула 1.2, задачамі Кодэксу былі: 1) «забесьпячэньне абароны жыцьця, здароўя, правоў, свабодаў і законных інтарэсаў фізычных асобаў, інтарэсаў грамадзтва і дзяржавы, правоў і законных інтарэсаў юрыдычных асобаў; 2) усталяваньне прававой працэдуры вядзеньня адміністрацыйнага працэсу; 3) рэгуляваньне пытаньняў прымяненьня прафіляктычных захадаў узьдзеяньня і выкананьня пастановаў аб накладаньні адміністрацыйных спагнаньняў». Пагатоў, Кодэкс меў «спрыяць забесьпячэньню справядлівасьці, павышэньню правасьвядомасьці і прававой культуры фізычных асобаў, іх выхаваньню ў духу выкананьня гэтага Кодэксу і іншых актаў заканадаўства, міжнародных дамоваў Рэспублікі Беларусь і іншых міжнародна-прававых актаў, якія ўтрымліваюць абавязкі Рэспублікі Беларусь, павазе да нацыянальных традыцыяў, сацыяльных і культурных каштоўнасьцяў беларускага народу, правоў і свабодаў іншых асобаў». Згодна з артыкулам 1.3 адміністрацыйны працэс у Беларусі вядзецца ў адпаведнасьці з гэтым Кодэксам «незалежна ад месца ўчыненьня адміністрацыйнага правапарушэньня». Пры вядзеньні адмінпрацэсу прымяняецца закон, які дзейнічае адпаведна ў час пачатку вядзеньня адмінпрацэсу, падрыхтоўкі справы аб адміністрацыйным правапарушэньні да разгляду, яе разгляду і выкананьня адміністрацыйнага спагнаньня[1].

Агульныя палажэньні

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы разьдзел Кодэксу ўлучаў 2 главы: 1) «Асноўныя палажэньні», 2) «Задачы і прынцыпы адміністрацыйнага працэсу». Найбольшай была другая глава з 16 артыкулаў пра: задачы адміністрацыйнага працэсу і законнасьць яго вядзеньня, абарону правоў, свабодаў і законных зацікаўленасьцяў; прэзумпцыю невінаватасьці і недатыкальнасьць асобы, павагу гонару і годнасьці асобы, справавой рэпутацыі; недатыкальнасьць жытла і іншых законных уладаньняў, права фізычнай асобы на абарону і прылюднасьць адмінпрацэсу; усебаковае, поўнае і прадметнае дасьледаваньне акалічнасьцяў справы, мову вядзеньня адмінпрацэсу і роўнасьць перад законам, роўнасьць абароны правоў, свабодаў і законных зацікаўленасьцяў; незалежнасьць судзьдзі і службовай асобы органа, што вядзе адмінпрацэс, адкрыты разгляд справы аб адміністрацыйным правапарушэньні, права абскарджаньня працэсуальных дзеяньняў і пастановаў, пракурорскі нагляд за выкананьнем законаў пры вядзеньні адмінпрацэсу. У артыкуле 2.3 падкрэсьлівалася: «Ніхто ня мае прымушацца да дачы тлумачэньняў супраць самога сябе, чальцоў сваёй сям’і і блізкіх родзічаў». Сярод іншага, «у выпадку прычыненьня адміністрацыйным правапарушэньнем маёмаснай шкоды суд і орган, што вядзе адміністрацыйны працэс, абавязаныя прыняць захады да яе пакрыцьця». Пагатоў, таксама падлягала пакрыцьцю шкода, прычыненая асобе ў выніку парушэньня яе правоў і свабодаў пры вядзеньні адмінпрацэсу. Згодна з артыкулам 2.4 «акалічнасьці, што выкладаюцца ў пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэньні, пастанове аб накладаньні адміністрацыйнага спагнаньня, ня могуць грунтавацца на меркаваньнях». Любыя сумненьні адносна абгрунтаванасьці высноваў аб вінаватасьці фізычнай асобы і аб наяўнасьці падставаў і ўмоваў адміністрацыйнай адказнасьці юрыдычнай асобы тлумачацца на іх карысьць[1].

Паводле артыкула 2.5, ніхто зь фізычных асобаў «ня мае падвяргацца гвалту, жорсткаму і зьневажальнаму чалавечую годнасьць абыходжаньню». Забараняўся «прымус да дачы тлумачэньняў шляхам гвалту і пагрозаў». Пагатоў, утрыманьне адміністрацыйна арыштаванага і затрыманага мела «ажыцьцяўляцца ва ўмовах, якія выключаюць пагрозу для іх жыцьця і здароўя». Згодна з артыкулам 2.6 права асобы на абарону ў адмінпрацэсе ажыцьцяўлялася «як асабіста, так і з дапамогай абаронцы». Пры гэтым, судзьдзя і службовая асоба органа, што вяла адмінпрацэс, былі абавязаныя растлумачыць фізычнай асобе нададзеныя ёй правы і прыняць захады для таго, каб яна мела фактычную магчымасьць выкарыстоўваць усе сродкі і спосабы для сваёй абароны. Урэшце, парушэньне права асобы на абарону было падставай для скасаваньня вынесенай у дачыненьні да яе пастановы аб накладаньні спагнаньня. У артыкуле 2.9 згадвалася, што дзяржаўныя органы і службовыя асобы абавязваліся прадпрымаць захады па выяўленьні правапарушэньня і асобаў, якія яго ўчынілі, а таксама па папярэджаньні правапарушэньняў. Артыкул 2.10 прадугледжваў, што суд і орган, што вядзе адміністрацыйны працэс, абавязаныя прадпрыняць захады для дасьледаваньня выкрывальных і апраўдальных, зьмякчальных і абцяжарвальных адказнасьць акалічнасьцяў учыненьня правапарушэньня. Паводле артыкула 2.11, «адміністрацыйны працэс у Рэспубліцы Беларусь вядзецца на беларускай і расейскай мовах». Пры гэтым, пастанова суду і органа, што вядзе адміністрацыйны працэс, уручаецца асобе, яе законнаму прадстаўніку, абаронцу і прадстаўніку ў перакладзе на іх родную мову або на мову, якой яны валодаюць. Згодна з артыкулам 2.12 «адміністрацыйны працэс вядзецца на аснове роўнасьці фізічных асобаў перад законам незалежна ад плоці, расы, нацыянальнасьці, мовы, паходжаньня, грамадзянства, маёмаснага і службовага становішча, месца жыхарства або месца знаходжаньня, стаўленьня да рэлігіі, перакананьняў, прыналежнасьці да грамадзкіх аб’яднаньняў»[1].

У артыкуле 2.14 згадвалася, што «справа аб адміністрацыйным правапарушэньні разглядаецца адкрыта». Пры гэтым, закрыты разгляд справы праводзілі «з мэтай прадухіленьня разгалошваньня зьвестак аб інтымных баках жыцьця фізычных асобаў», дзяржаўных таямніцах і іншай ахаванай законам таямніцы. Таксама суд мог правесьці закрыты разгляд у зацікаўленасьцях зарукі бясьпекі ўдзельнікаў працэсу і іх блізкіх родзічаў. Аднак пра закрыты разгляд справы выносілася пастанова. Паводле артыкула 2.15, абскардзіць працэсуальнае дзеяньне і пастанову паводле адміністрацыйнай справы мелі права абвінавачаны і абаронца, пацярпелы, законны прадстаўнік, прадстаўнік і сьведка, экспэрт і адмысловец, перакладнік і прысутнік. Артыкулам 2.16 прадугледжвалася, што пракурор у межах сваіх паўнамоцтваў:

  1. «патрабуе ад службовай асобы органа, што вядзе адміністрацыйны працэс, прадстаўленьня матэрыялаў справы аб адміністрацыйным правапарушэньні;
  2. дае органу, што вядзе адміністрацыйны працэс, пісьмовыя ўказаньні па справе аб адміністрацыйным правапарушэньні;
  3. санкцыянуе вядзеньне працэсуальных дзеяньняў і прымяненьне захадаў забесьпячэньня адміністрацыйнага працэсу»;
  4. «правярае законнасьць прымяненьня да асобы, у дачыненьні якой вядзецца адміністрацыйны працэс, адміністрацыйнага затрыманьня і іншых захадаў забесьпячэньня адмінпрацэсу, а таксама накладаньня на яе адміністрацыйнага спагнаньня;
  5. вызваляе сваёй пастановай фізsчную асобу, якую незаконна падверглі адміністрацыйнаму затрыманьню;
  6. адмяняе сваёй пастановай пастановы аб вядзеньні працэсуальных дзеяньняў і прымяненьні захадаў забесьпячэньня адміністрацыйнага працэсу, якія супярэчаць заканадаўчым актам, за выняткам пастановаў, вынесеных судом;
  7. апратэстоўвае пастановы па справах аб адміністрацыйных правапарушэньнях, якія супярэчаць заканадаўчым актам;
  8. даручае органу, што вядзе адміністрацыйны працэс, падрыхтоўку справы аб адміністрацыйным правапарушэньні да разгляду;
  9. выпатрабуе з адпаведных суду і органа, што вядзе адміністрацыйны працэс, справы аб адміністрацыйных правапарушэньнях;
  10. прыпыняе выкананьне пастановы па справе аб адміністрацыйным правапарушэньні, якая ўступіла ў законную сілу, за выняткам пастановаў аб накладаньні адміністрацыйнага спагнаньня ў выглядзе адміністрацыйнага арышту або дэпартацыі;
  11. адмяняе сваёй пастановай пастанову аб спыненьні справы аб адміністрацыйным правапарушэньні, вынесеную органам, што вядзе адміністрацыйны працэс, па заканчэньні падрыхтоўкі справы аб адміністрацыйным правапарушэньні да разгляду»;
  12. «правярае захаваньне тэрмінаў падрыхтоўкі справы аб адміністрацыйным правапарушэньні да разгляду»[1].

Удзельнікі адмінпрацэсу і доказы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Другі разьдзел Кодэксу зьмяшчаў 5 главаў: 1) «Суд, органы, што вядуць адміністрацыйны працэс, і іх службовыя асобы. Падведамнасьць справаў аб адміністрацыйных правапарушэньнях»; 2) «Удзельнікі адміністрацыйнага працэсу, якія абараняюць свае або прадстаўляюць чужыя правы і інтарэсы, іншыя ўдзельнікі адмінпрацэсу, іх правы і абавязкі»; 3) «Акалічнасьці, якія выключаюць магчымасьць удзелу ў адміністрацыйным працэсе»; 4) «Прадмет даказваньня, доказы і ацэнка доказаў»; 5) «Абскарджаньне дзеяньняў і рашэньняў судзьдзі і службовай асобы органа, што вядзе адмінпрацэс». Найбольшай была трэцяя глава з 32-х артыкулаў, якія тычыліся: суду, органаў вядзеньня адмінпрацэсу і ўпаўнаважаных разглядаць справы аб адміністрацыйных правапарушэньнях, сельскага і пасялковага выканаўчых камітэтаў, адміністрацыйнай камісіі і камісіі ў справах непаўналетніх, органаў унутраных справаў і органаў Камітэту дзяржаўнага кантролю; Дзяржаўнай інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету пры прэзыдэнце Беларусі, органаў дзяржаўнага пажарнага нагляду Міністэрства па надзвычайных сытуацыях і органаў дзяржаўнага санітарнага нагляду, органаў памежнай службы і мытных органаў; падатковых органаў і органаў Міністэрства фінансаў, фінансавых управаў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, Нацыянальнага банку і органаў Міністэрства транспарту і камунікацыяў, органаў чыгуначнага транспарту і Міністэрства лясной гаспадаркі; органаў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя і Дэпартамэнту каштоўных папераў Міністэрства фінансаў, органу дзяржаўнага энэргетычнага і газавага нагляду Міністэрства энэргетыкі і органаў Дэпартамэнту дзяржаўнай інспэкцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны; органаў дзяржаўнай бясьпекі і дзяржаўных прыродаахоўных установаў, якія кіруюць запаведнікамі і нацыянальнымі паркамі, органаў Міністэрства юстыцыі, Дзяржаўнага камітэту па маёмасьці і Дзяржаўнага камітэту па стандартызацыі; парадку ўтварэньня калегіяльных органаў разгляду справаў аб адміністрацыйных правапарушэньнях, паўнамоцтваў службовых асобаў органаў вядзеньня адмінпрацэсу і асобаў, упаўнаважаных складаць праатколы аб адміністрацыйных правапарушэньнях; месцаў вядзеньня адмінпрацэсу і накіраваньня справы аб правапарушэньні паводле падведамнасьці[1].

Паводле артыкула 3.2, «справы аб адміністрацыйных правапарушэньнях, пратаколы аб учыненьні якіх складзеныя пракурорам, разглядаюцца аднаасобна судзьдзёй раённага (гарадзкога) суду». Пры гэтым, справы аб правапарушэньнях, учыненых юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, разглядаюцца аднаасобна судзьдзёй эканамічнага суду вобласьці або Менску. Згодна з артыкулам 3.3 сельскі і пасялковы выканкамы разглядаюць справы ў галіне сельскага экатурызму. У артыкуле 3.6 згадвалася, што ад імя органаў унутраных справаў справы маюць права разглядаць кіраўнікі тэрытарыяльных органаў унутраных справаў, а таксама аддзелаў і аддзяленьняў міліцыі, якія ўваходзяць у іх склад, іх намесьнікі. Паводле артыкула 3.7, ад імя Камітэту дзяржкантролю справы разглядалі начальнікі органаў фінансавых расьсьледаваньняў і іх намесьнікі. Згодна з артыкулам 3.8 ад імя Дзяржаўнай інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету справы разглядалі начальнікі міжраённых інспэкцыяў і іх намесьнікі. Артыкулам 3.9 прадугледжвалася, што ад імя органаў дзяржаўнага нагляду МНС Беларусі справы разглядалі дзяржаўныя інспэктары гарадоў і раёнаў па пажарным наглядзе. Паводле артыкула 3.10, ад імя органаў дзяржаўнага санітарнага нагляду справы разглядалі галоўныя дзяржаўныя санітарныя лекары абласьцей, гарадоў, раёнаў, раёнаў у гарадах і іх намесьнікі. Згодна з артыкуалам 3.11 ад імя органаў памежнай службы справы разглядалі начальнікі памежных управаў, групаў і атрадаў, камэнданты памежных камэндатураў, начальнікі аддзелаў памежнай службы (берагавой аховы), аддзелаў і аддзяленьняў памежнага кантролю, памежных заставаў, пастоў і іх намесьнікі. Артыкулам 3.12 вызначалася, што ад імя мытных органаў справы разглядалі начальнікі мытных пастоў мытняў і іх намесьнікі. Паводле артыкула 3.13, ад імя падатковых органаў справы разглядалі начальнікі інспэкцыяў МПЗ Беларусі і іх намесьнікі[1].

Згодна з артыкулам 3.14 фінансавыя ўправы і аддзелы мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў разглядалі справы аб правапарушэньнях, пратаколы аб учыненьні якіх былі складзеныя службовымі асобамі Міністэрства фінансаў і адпаведных фінансавых управаў і аддзелаў. У артыкуле 3.15 згадвалася, што ад імя Нацбанку Беларусі справы мелі права разглядаць начальнікі галоўных управаў Нацбанку па абласьцях і іх намесьнікі. Паводле артыкула 3.16, ад імя Міністэрства транспарту і камунікацыяў адпаведныя справы разглядалі: 1) начальнікі філіяў Транспартнай інспэкцыі Міністэрства транспарту і камунікацыяў і іх намесьнікі, 2) начальнік Беларускай інспэкцыі рачнога суднаходзтва, 3) кіраўнікі адасобленых падразьдзяленьняў і начальнікі кантольна-рэвізорскіх службаў дзяржаўных арганізацыяў аўтамабільнага і гарадскога электрычнага транспарту, дзяржаўных апэратараў аўтамабільных перавозак пасажыраў і іх намесьнікі, 4) кіраўнікі арганізацыяў дзяржаўнай дарожнай гаспадаркі. Артыкулам 3.17 прадугледжвалася, што ад імя орагнаў чыгуначнага транспарту справы разглядалі начальнікі кантрольна-рэвізійных аддзелаў аддзяленьняў Беларускай чыгункі і іх намесьнікі. Паводле артыкула 3.18, ад імя Міністэрства лясной гаспадаркі справы разглядалі кіраўнікі і галоўныя лясьнічыя лясгасаў і іншых лесагаспадарчых прадпрыемстваў і арганізацыяў. Згодна з артыкулам 3.19 ад імя Мінпрыроды Беларусі справы разглядалі начальнікі гарадзкіх і раённых інспэкцыяў прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя і іх намесьнікі. У артыкуле 3.20 зазначалася, што ад імя Дэпартамэнту каштоўных папераў Мінфіну Беларусі справы разглядаў кіраўнік названага Дэпартамэнту і ягоныя намесьнікі. Паводле артыкула 3.21, ад імя органа дзяржаўнага энэргетычнага і газавага нагляду Міністэрства энергетыкі справы разглядалі старэйшыя дзяржаўныя інспэктары па энэргетычным і газавым наглядзе. Згодна з артыкулам 3.22 ад імя органаў Дэпартамэнту дзяржаўнай інспэкцыі працы Мінпрацы Беларусі справы разглядалі начальнікі міжраённых аддзелаў абласных управаў гэтага Дэпартамэнту і іх намесьнікі[1].

У артыкуле 3.23 адзначалася, што ад імя органаў дзяржаўнай бясьпекі справы разглядалі іх начальнікі і адпаведныя намесьнікі. Паводле артыкула 3.24, тое самае тычылася дзяржаўных прыродаахоўных устаноў, якія кіравалі запаведнікамі і нацыянальнымі паркамі. Згодна з артыкулам 3.25 ад імя органаў Міністэрства юстыцыі справы разглядалі начальнікі галоўных управаў юстыцыі абласных і Менскага гарадскога выканаўчых камітэтаў і іх намесьнікі. Артыкулам 3.26 вызначалася, што ад імя Дзяржаўнага камітэту па маёмасьці справы разглядалі кіраўнікі тэрытарыяльных органаў Дзяржкамітэту па маёмасьці і іх намесьнікі. Паводле артыкула 3.27, ад імя Дзяржкамітэту па стандартызацыі справы разглядалі начальнікі інспэкцыяў дзяржаўнага нагляду за выкананьнем патрабаваньняў тэхнічных рэгламэнтаў і стандартаў і дзяржаўнага мэтралягічнага нагляду і іх намесьнікі, а таксама начальнікі інспэкцыяў Дэпартамэнту кантролю і нагляду за будаўніцтвам Дзяржкамітэту па стандартызацыі і іх намесьнікі. Згодна з артыкулам 3.28 «Калегіяльныя органы маюць права разглядаць справы аб адміністрацыйных правапарушэньнях пры наяўнасьці прынамсі паловы сябраў іх складу». У артыкуле 3.29 прадугледжвалася, што службовыя асобы органаў надзяляюцца паўнамоцтвамі на складаньне пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэньнях і падрыхтоўку спраў аб адміністрацыйных правапарушэньнях да разгляду рашэньнем адпаведнага дзяржаўнага органа. Паводле артыкула 3.30, права складаць пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэньнях маюць: 1) службовая асоба, упаўнаважаная міністэрствам або іншым ведамствам, у распараджэньні якога знаходзяцца аэрадромы; 2) сакратар судовага паседжаньня; 3) сьледчы і асоба, якая праводзіць дазнаньне; 4) пракурор пры ажыцьцяўленьні нагляду; 5) упаўнаважаныя службовыя асобы Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце Беларусі. Таксама пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэньнях маюць права складаць упаўнаважаныя на тое службовыя асобы:

Адміністрацыйны працэс

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Трэці разьдзел Кодэксу налічваў 8 главаў: 1) «Захады забесьпячэньня адмінпрацэсу», 2) «Пачатак адмінпрацэсу»; 3) «Паскораны парадак вядзеньня адмінпрацэсу»; 4) «Падрыхтоўка справы аб адміністрацыйным правапарушэньні да разгляду»; 5) «Разгляд справы аб адміністрацыйным правапарушэньні»; 6) «Абскарджаньне і апратэставаньне пастановы па справе аб адміністрацыйным правапарушэньні»; 7) «Выкананьне пастановы аб накладаньні адміністрацыйнага спагнаньня»; 8) «Пакрыцьцё шкоды, прычыненай фізычнай або юрыдычнай асобе незаконнымі дзеяньнямі суду і органа, што вядзе адміністрацыйны працэс». Найбольшай была чацьвертая глава з 29 артыкулаў, якія апісвалі: сьведчаньне факта адмовы ад падпісаньня працэсуальнага дакумэнта, абавязковасьць растлумачэньня правоў і абавязкаў удзельнікам адміністрацыйнага працэсу, вырашэньне хадайніцтваў; недапушчальнасьць разгалошваньня зьвестак справы аб адміністрацыйным правапарушэньні, парадак выкліку ўдзельнікаў адмінпрацэсу, парадак допыту ўдзельнікаў адмінпрацэсу, у тым лік у падлетка; пратакол допыту, агляд, асьведчаньне, падставу і парадак прызначэньня экспэртызы; правядзеньне экспэртызы ў судова-экспэртнай арганізацыі, атрыманьне ўзораў для параўнальнага дасьледаваньня, правы асобы пры прызначэньні і правядзеньні экспэртызы; зьмест заключэньня і допыт экспэрта, правядзеньне дадатковай і паўторнай экспэртызы, камісійную і комплесную экспэртызы; выплаты сьведкам і экспэртам, адмыслоўцам, перакладнікам і прыстутнікам, заканчэньне падрыхтоўкі справы аб адміністрацыйным правапарушэньні да разгляду; пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні, пастанову аб спыненьні справы аб правапарушэньні, азнаямленьне з матэрыяламі справы, у тым ліку законнага прадстаўніка асобы; накіраваньне справы аб правапарушэньні і прапановы аб ліквідацыі прычынаў і ўмоваў, якія садзейнічалі ўчыненьню правапарушэньня. Паводле артыкула 11.1, падрыхтоўка справы аб адміністрацыйным правапарушэньні да разгляду мела ажыцьцяўляцца не пазьней за 10 содняў з дня пачатку адміністрацыйнага працэсу, а па справах аб адміністрацыйных мытных правапарушэньнях, аб адміністрацыйных правапарушэньнях супраць экалягічнай бясьпекі, навакольнага асяродзьдзя і парадку прыродакарыстаньня, супраць парадку падаткаабкладаньня — не пазьней за 2 месяцы[1].

Згодна з артыкулам 11.2 складальнік працэсуальнага дакумэнту завярае подпісам адзнаку пра адмову падпісаць пратакол аб правапарушэньні фізычнай асобай, прадстаўніком юрыдычнай асобы, сьведкам, прысутнікам або перакладнікам, калі іх подпіс абавязковы. Пры гэтым, адпаведнай асобе надаецца магчымасьць занесьці ў дакумэнт тлумачэньне аб прычыне адмовы. У артыкуле 11.4 згадвалася, што пададзеныя пісьмова хадайніцтвы ўдзельнікаў адмінпрацэсу далучаюцца да справы, а заяўленыя вусна — заносяцца ў пратакол працэсуальнага дзеяньня або пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні. Паводле артыкула 11.5, зьвесткі справе аб адміністрацыйным правапарушэньні, могуць быць раскрытыя толькі з дазволу судзьдзі, службовай асобы органа, што вядзе працэс, а ў выпадку, калі такія зьвесткі закранаюць асабістае жыццё пацярпелага, — з дазволу пацярпелага і ў тым аб’ёме, у якім ён прызнае гэта магчымым. Асабістыя дадзеныя ўдзельнікаў працэсу могуць быць раскрытыя толькі са згоды такіх асобаў. Згодна з артыкулам 11.6 асоба выклікаецца ў суд або адпаведны орган «павесткай, якая ўручаецца гэтай асобе пад расьпіску, а ў выпадку яе часовай адсутнасьці — даросламу чальцу яе сям’і», яе наймальніку або адміністрацыі ўстановы адукацыі, у якой вучыцца асоба. Таксама выклік асобаў могуць ажыцьцявіць пры дапамозе электроннай сувязі, у тым ліку празь Сеціва. Сярод іншага, асобаў у веку да 16 гадоў выклікаюць празь іх бацькоў. Пры гэтым, «у павестцы пазначаюцца, хто і ў якасьці каго, куды і да каго выклікаецца, час яўкі, а таксама наступствы няяўкі без уважлівых прычынаў». У артыкуле 11.7 прадугледжвалася, што допыт асобаў праводзіцца па месцы вядзеньня адмінпрацэсу. Пагатоў, «асобы, выкліканыя па адной і той самай справе, дапытваюцца паасобку. Пры гэтым прымаюцца захады для таго, каб яны не маглі мець зносіны паміж сабой». Перад допытам службовая асоба органа, што вядзе працэс, упэўніваецца ў асобе дапытванага, папярэджвае яго аб адказнасьці за ўхіленьне ад яўкі ў суд або орган вядзеньня працэсу, а пацярпелага і сведку — за дачу заведама непраўдзівых тлумачэньняў або адмову ці ўхіленьне ад дачы тлумачэньняў, аб чым робіцца адзнака ў пратаколе допыту, якая сьведчыцца подпісам дапытванага[1].

Паводле артыкула 11.8, пры допыце падлетка ў веку да 14 гадоў абавязковая прысутнасьць пэдагога. Бацькі падлетка таксама маюць права прысутнічаць пры допыце. Згодна з артыкулам 11.9 службовая асоба запісвае тлумачэньне дапытванага «ў першай асобе і па магчымасьці даслоўна». Пасьля заканчэньня допыту пратакол допыту падаецца для прачытаньня дапытванай асобе або паводле яе просьбы зачытваецца ёй асобай, якая праводзіла допыт. Фізасоба, прадстаўнік юрыдычнай асобы, пацярпелы і сьведка маюць права патрабаваць дапаўненьня сваіх тлумачэньняў і ўнясеньня ў іх паправак. Гэтыя дапаўненьні і папраўкі падлягаюць абавязковаму занясеньню ў пратакол допыту. Пасьля прачытаньня пратакола допыту дапытваная асоба сьведчыць, што тлумачэньні запісаныя правільна, аб чым робіцца адзнака ў пратаколе перад яе подпісам. Таксама перад подпісам адзначаецца, што пратакол допыту прачытаны асабіста дапытванай асобай або быў ёй зачытаны. Калі пратакол допыту запісаны на некалькіх старонках, падпісваецца кожная старонка. Сярод іншага, пасьля заканчэньня допыту па просьбе дапытванай асобы ёй маюць надаць «магчымасьць напісаць тлумачэньні ўласнаручна, аб чым робіцца адзнака ў пратаколе допыту перад подпісам дапытванай асобы. Тлумачэньні таксама падпісваюцца асобай, якая праводзіла допыт»[1].

У артыкуле 11.10 прадугледжвалася, што агляд рэчаў, ручной паклажы, багажу, прыладаў паляваньня і здабычы рыбы або іншых водных жывёлаў, іншых прадметаў праводзіцца ў прысутнасьці асобы, ва ўласнасьці або валоданьні якой яны знаходзяцца. У выпадках, якія ня церпяць адкладу, пазначаныя рэчы, прадметы могуць быць падвергнутыя агляду ў адсутнасьць уласьніка (уладальніка) з удзелам прынамсі 2-х прысутнікаў або з прымяненьнем гука- і відэазапісу, фана- і відэаграма якой далучаецца да справы. Пры гэтым такі гука- і відэазапіс мае адлюстроўваць увесь ход агляду. Гука- і відэазапіс часткі агляду, а таксама паўтарэньне агляду адмыслова для запісу не дапускаюцца. Немагчымасьць прымяненьня гука- і відэазапісу паводле тэхнічных ці іншых прычынаў не выключае працягу агляду з удзелам прысутнікаў. Сярод іншага, агляд жытла і іншага законнага ўладаньня праводзіцца толькі са згоды і ў прысутнасьці ўласніка або паўналетняй асобы, якая пражывае ў ім, а пры адсутнасьці згоды — паводле пастановы органа, што вядзе адміністрацыйны працэс, з санкцыі пракурора або яго намесьніка, якую маюць падаць да пачатку правядзеньня агляду, і з удзелам прынамсі 2-х прысутнікаў. Урэшце, агляд транспартнага сродку праводзіцца ў прысутнасьці кіроўцы ці ўласьніка або прадстаўніка ўласьніка, а пры немагчымасьці забясьпечыць удзел пазначаных асобаў — у прысутнасьці прынамсі 2-х прысутнікаў або з прымяненьнем гука- і відэазапісу. Аб правядзеньні агляду складаецца пратакол агляду ці робіцца адпаведны запіс у пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэньні або пратаколе адміністрацыйнага затрыманьня. Пры гэтым маюць быць адлюстраваныя час і месца правядзеньня агляду, вынікі агляду, а таксама выказаныя ўдзельнікамі агляду заўвагі, калі такія ёсьць. Згодна з артыкулам 11.11 для выяўленьня на целе чалавека асаблівых прыкметаў, сьлядоў адміністрацыйнага правапарушэньня і выяўленьня стану ап’яненьня можа быць праведзена асьведчаньне асобы, у дачыненьні якой вядзецца працэс, і пацярпелай асобы. У выпадку адмовы асобы, у дачыненьні якой вядзецца працэс, ад асьведчаньня яна можа быць асьведчаная ў прымусовым парадку[1].

Паводле артыкула 11.12, экспэртыза прызначаецца пры патрэбе адмысловых ведаў у галіне навукі і тэхнікі, мастацтва і рамяства. Згодна з артыкулам 11.13 службовая асоба выносіць пастанову аб прызначэньні экспэртызы, у якой пазначае: 1) падставы дляя яе прызначэньня; 2) прозьвішча, уласнае імя і імя па бацьку экспэрта або найменьне судова-экспэртнай арганізацыі, у якой яе маюць правесьці; 3) пастаўленыя перад экспэртам пытаньні, матэрыялы і прадметы, якія даюцца ў распараджэньне экспэрта. Пагатоў, пастанова аб прызначэньні экспэртызы абавязковая для выкананьня экспэртам і судова-экспэртнай арганізацыяй, якім яна адрасаваная і ў паўнамоцтвы якіх уваходзіць правядзеньне гэтай экспэртызы. Аднак экспэртыза праводзіцца адмыслоўцамі судова-экспэртнай арганізацыі ці іншымі дасьведчанымі асобамі зь іх згоды. Урэшце, службовая асоба абавязаная азнаёміць фізасобу і прадстаўніка юрыдычнай асобы, пацярпелага і сьведку з пастановай аб прызначэньні экспэртызы і растлумачыць ім правы, аб чым робіцца адзнака ў пастанове аб прызначэньні экспэртызы. Згодна з артыкулам 11.15 службовая асоба мае права атрымаць узоры почырку або іншыя ўзоры для параўнальнага дасьледаваньня ў асобы, у дачыненьні да якой вядзецца працэс, пацярпелага, а таксама ў сьведкі зь яго згоды. Пры атрыманьні ўзораў для такога дасьледаваньня складаецца пратакол. У артыкуле 11.16 прадугледжвалася, што экспэртыза пацярпелага і сьведкі праводзіцца толькі зь іх згоды, якая даецца імі пісьмова. Калі гэтыя асобы не дасягнулі паўналецьця, пісьмовая згода даецца іх бацькамі. Фізасоба і прадстаўнік юрыдычнай асобы пад адмінпрацэсам, а таксама пацярпелы і сьведка маюць права:

  1. знаёміцца з пастановай аб прызначэньні экспертызы;
  2. заяўляць адвод экспэрту або хадайніцтва аб адхіленьні судова-экспэртнай арганізацыі ад правядзеньня экспэртызы ў выпадку ўстанаўленьня акалічнасьцяў, якія ставяць пад сумненьне незацікаўленасьць у зыходзе справы кіраўніка арганізацыі, у якой працуе экспэрт;
  3. прасіць аб прыцягненьні ў якасьці экспэртаў пазначаных імі асобаў або адмыслоўцаў канкрэтных арганізацыяў;
  4. падаць дадатковыя пытаньні для атрыманьня па іх заключэньня экспэрта;
  5. прысутнічаць з дазволу службовай асобы органа, што вядзе адмінпрацэс, пры правядзеньні экспэртызы і даваць тлумачэньні экспэрту;
  6. знаёміцца з заключэньнем экспэрта або паведамленьнем аб немагчымасьці дачы заключэньня экспэрта[1].

Выканаўчая частка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выканаўчая частка Працэсуальна-выканаўчага кодэксу Беларусі аб адміністрацыйных правапарушэньнях налічвала 10 главаў ў складзе 2-х разьдзелаў: 1) «Выкананьне адміністрацыйных спагнаньняў», 2) «Заключныя палажэньні». Паводле артыкула 16.7, пры перашкодах выкананьню адмінспагнаньня ва ўсталяваныя тэрміны суд і орган вядзеньня працэсу могуць адтэрмінаваць яго выкананьне паводле ўласнай ініцыятывы і хадайніцтва падвергнутай спагнаньню асобы. Пры гэтым, адтэрміноўка грамадзкай працы і адміністрацыйнага арышту магла скласьці да месяца, а дэпартацыі і штрафу, канфіскацыі даходу або выручкі, спагнаньня кошту — да 6 месяцаў. Пагатоў, маглі растэрмінаваць грамадзкую працу і адмінарышт — да 2-х месяцаў, а штраф і канфіскацыю даходу або выручкі, спагнаньне кошту — да 6 месяцаў. Згодна з артыкулам 16.8 Міжведамасная камісія па вызваленьні юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў ад адміністрацыйных спагнаньняў і выплаты пеняў, а таксама прэзыдэнт Беларусі маглі ўхваліць рашэньне аб частковым або поўным вызваленьні ад адмінспагнаньня паводле хадайніцтва. Пры гэтым, на час разгляду хадайніцтва прыпыняецца выкананьне штрафу і спагнаньня кошту, канфіскацыі даходу або выручкі[1].

Выкананьне адміністрацыйных спагнаньняў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чацьверты разьдзел Кодэксу зьмяшчаў 9 главаў: 1) «Агульныя палажэньні», 2) «Выкананьне адмінспагнаньня ў выглядзе штрафу», 3) «Выкананьне адмінспагнаньня ў выглядзе канфіскацыі і спагнаньня кошту», 4) «Выкананьне адмінспагнаньня ў выглядзе пазбаўленьня права займацца пэўнай дзейнасьцю», 5) «Выкананьне адмінспагнаньня ў выглядзе адміністрацыйнага арышту», 6) «Выкананьне адмінспагнаньня ў выглядзе дэпартацыі», 7) «Выкананьне адмінспагнаньня ў выглядзе грамадзкіх працаў», 8) «Выкананьне адмінспагнаньня ў выглядзе забароны на наведваньне фізкультурна-спартовых збудаваньняў», 9) «Выкананьне адмінспагнаньня ў частцы пакрыцьця маёмаснай шкоды». Найбольшай была сёмая глава з 12 артыкулаў, якія акрэсьлівалі: парадак адбываньня адмінарышту, прававое становішча, абавязкі і правы адміністрацыйна арыштаваных, а таксама выдаткі на іх утрыманьне і харчаваньне; парадак і ўмовы выкананьня арышту, прыцягненьне арыштаваных да працы, прымяненьне цялеснай сілы і адмысловых сродкаў да арыштаваных; віды і парадак накладаньня дысцыплінарных спагнаньняў, утрымліваньне ў карцэры або адзіночнай камэры. Паводле артыкула 20.1 «адміністрацыйнае спагнаньне ў выглядзе адмінарышту прыводзіцца ў выкананьне органамі ўнутраных справаў». Згодна з артыкулам 20.2 «арыштаваныя ўтрымліваюцца ва ўмовах строгай ізаляцыі». У артыкуле 20.5 вызначалася, што кіраўніцтва месца адбываньня арышту абавязвалася падаць арыштаванаму зьвесткі «аб правах і абавязках, парадку і ўмовах адбываньня адмінспагнаньня». Пры гэтым, «адміністрацыйна арыштаваныя маюць права:

  1. на атрыманьне інфармацыі аб сваіх правах і абавязках, парадку і ўмовах адбываньня адміністрацыйнага спагнаньня;
  2. на ветлівае абыходжаньне з боку супрацоўнікаў месца адбываньня адміністрацыйнага арышту;
  3. зьвяртацца з прапановамі, заявамі і скаргамі ў адміністрацыю месца адбываньня адміністрацыйнага арышту, суд, пракуратуру, іншыя дзяржаўныя органы, органы мясцовага кіраваньня і самакіраваньня, грамадзкія аб’яднаньні па абароне правоў і свабодаў чалавека на роднай мове або на мове, якой яны валодаюць, у неабходных выпадках карыстацца паслугамі перакладніка, а таксама атрымліваць адказы на прапановы, заявы і скаргі на роднай мове або на мове, якой яны валодаюць;
  4. на ахову здароўя і мэдычную дапамогу;
  5. на пэнсійнае забесьпячэньне ў адпаведнасьці з заканадаўствам;
  6. карыстацца паслугамі адваката або іншых асобаў, якія маюць права на аказаньне юрыдычнай дапамогі»[1].

Паводле артыкула 20.6, «выдаткі на ўтрыманьне адміністрацыйна арыштаваных ажыцьцяўляюцца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Выдаткі на харчаваньне адміністрацыйна арыштаваных кампэнсуюцца імі». Згодна з артыкулам 20.7 «ізалявана разьмяшчаюцца мужчыны і жанчыны, а таксама асобы, якія адбывалі пакараньне ў папраўчых установах і якія маюць судзімасьць. Норма плошчы на аднаго чалавека ўсталёўваецца, як правіла, прынамсі 4 кв.м». Пры гэтым, «арыштаваным дазваляецца мець пры сабе пісьмовыя прыналежнасьці, літаратуру, газэты і часопісы, праглядаць тэлеперадачы, праслухоўваць радыёперадачы ў вольны ад начнога адпачынку час. Жылыя памяшканьні абсталёўваюцца сеткавымі радыёпрыёмачамі за кошт сродкаў органаў, што выконваюць адміністрацыйнае спагнаньне». Разам з тым, «арыштаваныя могуць падвяргацца асабістаму вобшуку, а іх рэчы — надгляду. Памяшканьні, у якіх яны пражываюць, могуць падвяргацца вобшуку». Кіраўнік месца адбываньня арышту можа дазволіць «тэлефонныя размовы з аплатай з уласных сродкаў адміністрацыйна арыштаванага». Таксама «арыштаваныя карыстаюцца правам штодзённай прагулкі працягласьцю прынамсі адну гадзіну». Сярод іншага, «арыштаваным дазваляецца атрыманьне пасылак, перадачаў, бандэроляў і дробных пакетаў без абмежаваньня іх колькасьці». Пагатоў, «арыштаваныя маюць права за кошт уласных сродкаў адпраўляць пасылкі, бандэролі і дробныя пакеты блізкім родзічам». Урэшце, «арыштаваным дазваляецца атрымліваць і адпраўляць лісты і тэлеграмы без абмежаваньня іх колькасьці. Адпраўленьне лістоў і тэлеграмаў ажыцьцяўляецца за кошт уласных сродкаў адміністрацыйна арыштаваных. Карэспандэнцыя, якая атрымліваецца і адпраўляецца адміністрацыйна арыштаванымі, падлягае цэнзуры». Правілы ўнутранага распарадку «зацьвярджаюцца Міністэрствам унутраных справаў паводле ўзгадненьня з Генэральнай пракуратурай. Гэтымі правіламі ўстанаўліваюцца пералік прадметаў, рэчаў і прадуктаў харчаваньня, якія адміністрацыйна арыштаваныя могуць захоўваць пры сабе, атрымліваць і адпраўляць, а таксама парадак:

  • прыёму і разьмяшчэньня адміністрацыйна арыштаваных;
  • правядзеньня асабістага вобшуку, дактыляскапіяваньня, фатаграфаваньня, надгляду рэчаў адміністрацыйна арыштаваных і вобшуку памяшканьняў, у якіх яны разьмяшчаюцца;
  • адабраньня ў адміністрацыйна арыштаваных прадметаў, рэчываў, забароненых для захоўваньня і выкарыстаньня;
  • матэрыяльна-побытавога забесьпячэньня адміністрацыйна арыштаваных;
  • прыёму, атрыманьня, адпраўленьня і надгляду пасылак, бандэроляў і дробных пакетаў, прыёму, атрыманьня і надгляду перадачаў;
  • атрыманьня, адпраўленьня і цэнзуры лістоў і тэлеграмаў;
  • ажыцьцяўленьня адміністрацыйна арыштаванымі тэлефонных размоваў;
  • накіраваньня адміністрацыйна арыштаванымі хадайніцтваў, прапановаў, заяваў і скаргаў;
  • выкананьня адміністрацыйна арыштаванымі рэлігійных культаў, рытуалаў і абрадаў;
  • арганізацыі працы адміністрацыйна арыштаваных;
  • аказаньня мэдычнай дапамогі і забесьпячэньня санітарна-эпідэміялягічнага дабрабыту;
  • правядзеньня штодзённых прагулак адміністрацыйна арыштаваных;
  • правядзеньня сустрэчаў адміністрацыйна арыштаваных з адвакатамі і іншымі асобамі, якія маюць права на аказаньне юрыдычнай дапамогі;
  • ажыцьцяўленьня адміністрацыйна арыштаванымі грамадзянска-прававых угодаў;
  • асабістага прыёму адміністрацыйна арыштаваных кіраўніком месца адбываньня адмінарышту і ўпаўнаважанымі ім асобамі;
  • наданьня адміністрацыйна арыштаваным кароткатэрміновага выезду за межы месца адбываньня адмінарышту»[1].

Артыкулам 20.8 прадугледжвалася, што кіраўніцтва месца адбываньня арышту «мае права прыцягваць адміністрацыйна арыштаваных да працаў па санітарным прыбіраньні памяшканьняў без аплаты». Паводле артыкула 20.10, за невыкананьне ўсталяваных абавязкаў да адміністрацыйна арыштаваных могуць прымяняцца: 1) «вымова; 2) пазачарговае дзяжурства па прыбіраньні памяшканьняў і тэрыторыі месца адбываньня адміністрацыйнага арышту; 3) зьмяшчэньне ў карцар або адзіночную камэру на гаўптвахце на тэрмін да 5 содняў». Згодна з артыкулам 20.11 кіраўніком ізалятара «за адзін факт невыкананьня ўсталяваных абавязкаў або парушэньня правоў іншых адміністрацыйна арыштаваных на адміністрацыйна арыштаванага можа быць накладзена ня больш за адно дысцыплінарнае спагнаньне». Пры гэтым, пазачарговае дзяжурства накладалі пісьмова. У карцэр або адзіночную камэру зьмяшчалі на падставе пастановы кіраўніка ізалятара «і заключэньня мэдычнага працаўніка аб магчымасьці знаходжаньня адміністрацыйна арыштаванага ў карцэры або адзіночнай камэры». Таксама спаганьне маглі накласьці «не пазьней за адны содні з дня выяўленьня факта невыкананьня ўсталяваных абавязкаў або парушэньня правоў іншых адміністрацыйна арыштаваных». Урэшце, «арыштаваныя маюць права абскардзіць дысцыплінарнае спагнаньне вышэйстаячай службовай асобе, пракурору або ў суд». Аднак «падача скаргі не прыпыняе выкананьня дысцыплінарнага спагнаньня». Артыкулам 20.12 прадугледжвалася, што «арыштаваныя могуць быць зьмешчаныя ў карцэр або адзіночную камэру за: 1) абмежаваньне ў правах і дзеяньнях, зьнявагу і абразу іншых адміністрацыйна арыштаваных; 2) непадпарадкаваньне законным патрабаваньням супрацоўнікаў месца адбываньня адмінарышту або іх зьнявагу; 3) неаднаразовае парушэньне ўмоваў строгай ізаляцыі; 4) захоўваньне і выкарыстаньне забароненых прадметаў і рэчываў; 5) удзел у азартных гульнях». У адзіночных карцэры і камэры арыштаваных забясьпечвалі асабістым «спальным месцам і пасьцельнымі рэчамі толькі на час сну ва ўсталяваныя гадзіны», а таксама забаранялі мець пры сабе пісьмовыя прыналежнасьці і літаратуру, газэты і часопісы, праглядаць тэлеперадачы і праслухоўваць радыёперадачы[1].

Да Кодэксу прыкладаўся Дадатак, які зьмяшчаў Пералік маёмасьці, на якую ня можа быць накладзены арышт з мэтай забесьпячэньня выкананьня пастановы аб накладаньні адміністрацыйнага спагнаньня ў выглядзе штрафу, канфіскацыі або спагнаньня кошту. У Пераліку было 10 пунктаў: 1) жылы дом або кватэра пры пражываньні ў іх, за выняткам спагнаньня пазыкі на іх будаўніцтва; 2) адзіная карова, каза, авечка, сьвіньня або свойская птушка; 3) патрэбны да выгану жывёлы на пашу корм; 4) насеньне для чарговага пасеву; 5) прадметы хатняй абстаноўкі і начыньня — дзіцячыя рэчы, па адной лядоўні, пліце і пральнай машыне, па адным ложку і крэсьле на кожную асобу на ўтрыманьні, па адным стале і шафе для адзеньня, былыя ў выкарыстаньні абутак і бялізна, пасьцельныя рэчы, кухоннае і сталовае начыньне, былыя ў выкарыстаньні адзеньне і галаўныя ўборы, а таксама на кожную асобу на ўтрыманьні адзін плашч, адно асеньняе і адно зімовае паліто, адзін зімовы касьцюм і па адным галаўным уборы на кожны сэзон[1].

  1. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф А. Лукашэнка. Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях ад 6 студзеня 2021 г. № 92-З // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 8 ліпеня 2022 г. Праверана 22 жніўня 2022 г.
  2. ^ 1 сакавіка ўступілі ў сілу абноўленыя КоАП і ПВКоАП // Газэта «Зьвязда», 1 сакавіка 2021 г. Праверана 22 жніўня 2022 г.
  3. ^ Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях ад 6 студзеня 2021 г. № 92-З (рас.) // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 22 студзеня 2021 г. Праверана 22 жніўня 2022 г.
  4. ^ А. Лукашэнка. Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях ад 20 сьнежня 2006 г. № 194-З // Лябараторыя распазнаваньня і сынтэзу маўленьня АІПІ, 30 чэрвеня 2022 г. Праверана 22 жніўня 2022 г.
  5. ^ Кодэксы Рэспублікі Беларусь (рас.) // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 8 ліпеня 2022 г. Праверана 22 жніўня 2022 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]