Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
кодэкс
«Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь»
Нумар: 296-З
Прыняцьце: Палатай прадстаўнікоў
8 чэрвеня 1999 (24 гады таму)
Ухваленьне: Саветам Рэспублікі
30 чэрвеня 1999 (24 гады таму)
Падпісаньне: прэзыдэнтам Беларусі
26 ліпеня 1999 (24 гады таму)
Уступ у сілу: 1 студзеня 2000 (24 гады таму)
Першая публікацыя: 1999 г.
у газэце «Зьвязда»

Працо́ўны ко́дэкс Рэспу́блікі Белару́сь — звод заканадаўства Беларусі аб дачыненьнях працаўнікоў і наймальнікаў на падставе працоўнай дамовы, які набыў моц у студзені 2000 году.

Паводле 4-га артыкула, вызначае «адносіны, зьвязаныя з: 1) прафэсійнай падрыхтоўкай працаўнікоў на вытворчасьці; 2) дзейнасьцю прафсаюзаў і аб’яднаньняў наймальнікаў; 3) вядзеньнем калектыўных перамоваў; 4) узаемаадносінамі паміж працаўнікамі і наймальнікамі; 5) забесьпячэньнем занятасьці; 6) кантролем і наглядам за прытрымліваньнем заканадаўства аб працы; 7) дзяржаўным сацыяльным страхаваньнем; 8) разглядам працоўных спрэчак». На 2020 год налічваў 468 артыкулаў у складзе 6 разьдзелаў: 1) «Агульныя палажэньні»; 2) «Агульныя правілы рэгуляваньня індывідуальных працоўных і зьвязаных зь імі адносін»; 3) «Асаблівасьці рэгуляваньня працы асобных катэгорыяў працаўнікоў»; 4) «Агульныя правілы рэгуляваньня калектыўных працоўных адносін»; 5) «Адказнасьць працаўнікоў і наймальнікаў. Нагляд і кантроль за прытрымліваньнем заканадаўства аб працы»; 6) «Заключныя палажэньні». На 2020 год Працоўны кодэкс Беларусі дзейнічаў з 22-ма зьмяненьнямі і дапаўненьнямі 2005—2011 і 2013—2017 гадоў[1]. 9 чэрвеня 2020 году Аб’яднаны інстытут праблемаў інфарматыкі НАНБ абнародаваў беларускі пераклад яго рэдакцыі са зьмяненьнямі і дапаўненьнямі паводле Закону ад 13 лістапада 2017 г. № 68-З[2]. 21 сьнежня 2020 году Экспэртная рада ў пытаньнях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову ўхваліла Пратаколам № 4 пераклад яго рэдакцыі паводле Закону ад 18 ліпеня 2019 г. № 219-З[3].

Агульныя палажэньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы разьдзел Працоўнага кодэксу зьмяшчаў 15 артыкулаў пра паняткі і задачы, галіну дзеяньня і рэгуляваныя дачыненьні, крыніцы рэгуляваньня і нормы міжнароднага права, падлік тэрмінаў і статыстыку працы, правы наймальнікаў і працаўнікоў, забарону прымусовай працы і дыскрымінацыі. Паводле 15-га артыкула, «статыстычныя зьвесткі аб сярэдняй заработнай плаце ў арганізацыях любых арганізацыйна-прававых формаў не зьяўляюцца канфідэнцыйнымі». Згодна з 12-м артыкулам «наймальнік мае права:

  1. заключаць і касаваць працоўныя дамовы з працаўнікамі»;
  2. «уступаць у калектыўныя перамовы і заключаць калектыўныя дамовы і пагадненьні;
  3. ствараць і ўступаць у аб’яднаньні наймальнікаў;
  4. падтрымліваць працаўнікоў;
  5. патрабаваць ад працаўнікоў выкананьня ўмоваў працоўнай дамовы і правілаў унутранага працоўнага распарадку;
  6. прыцягваць працаўнікоў да дысцыплінарнай і матэрыяльнай адказнасьці»;
  7. «зьвяртацца ў суд для абароны сваіх правоў»[1].

Паводле 11-га артыкула Кодэксу, працаўнік мае права на:

  1. «выбар прафэсіі, роду заняткаў і працы ў адпаведнасьці з пакліканьнем, здольнасьцямі, адукацыяй, прафэсійнай падрыхтоўкай і з улікам грамадзкіх патрэбаў, а таксама на здаровыя і бясьпечныя ўмовы працы;
  2. абарону эканамічных і сацыяльных правоў і інтарэсаў, уключаючы права на аб’яднаньне ў прафэсійныя саюзы, заключэньне калектыўных дамоваў, пагадненьняў і права на забастоўку;
  3. удзел у зборах;
  4. удзел у кіраваньні арганізацыяй;
  5. гарантаваную справядлівую долю ўзнагароджаньня за працу ў адпаведнасьці зь яе колькасьцю, якасьцю і грамадзкай значнасьцю, але не ніжэйшую за ўзровень, які забясьпечвае працаўнікам і іх сем’ям свабоднае і годнае існаванне;
  6. штодзённы і штотыднёвы адпачынак, у тым ліку выхадныя дні падчас дзяржаўных сьвятаў і сьвяточных дзён, і водпуск»;
  7. «дзяржаўнае сацыяльнае страхаваньне, абавязковае страхаванне ад няшчасных выпадкаў на вытворчасьці і прафэсійных захворваньняў, гарантыі ў выпадку інваліднасьці і страты працы;
  8. неўмяшанне ў прыватнае жыцьцё і павагу асабістай годнасьці;
  9. судовую і іншую абарону працоўных правоў»[1].

Асабістыя працоўныя дачыненьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Другі разьдзел Працоўнага кодэксу Беларусі ўлучаў 236 артыкулаў (16—251), што складала звыш паловы (50,4%) артыкулаў Кодэксу. У разьдзеле налічвалася 16 главаў: 1) «Заключэньне працоўнай дамовы»; 2) «Зьмяненьне працоўнай дамовы»; 3) «Спыненьне працоўнай дамовы»; 4) «Абавязкі працаўнікоў і наймальнікаў»; 5) «Заработная плата»; 6) «Падлік сярэдняга заробку»; 7) «Нормы працы і зьдзельныя расцэнкі»; 8) «Гарантыі і кампэнсацыі»; 9) «Працоўны час»; 10) «Перапынкі на працягу працоўнага дня. Дзяржаўныя сьвяты і выхадныя дні»; 11) «Працоўныя і сацыяльныя водпускі»; 12) «Працоўная дысцыпліна»; 13) «Дысцыплінарная адказнасьць працаўнікоў»; 14) «Сумяшчэньне працы з атрыманьнем адукацыі»; 15) «Ахова працы»; 16) «Вырашэньне індывідуальных працоўных спрэчак»[1]. Найбольшай была 11-я глава з 44-х артыкулаў (149—192), якая апісвала: паняцьце, віды, падлік працягласьці і афармленьне водпуску; мэту, умовы даваньня і чарговасьць штогадовага працоўнага водпуску; дадатковыя водпускі за шкодныя ўмовы працы, ненармаваны працоўны дзень і працяглы стаж працы, а таксама дзеля заахвочваньня; замену водпуску грашовым пакрыцьцём; пэрыяды і ўмовы зруху працоўнага году; абавязак наймальніка апавяшчаць пра пачатак водпуску і права працаўніка на яго перанос і працяг цягам году; разьдзяленьне водпуску на часткі і захаваньне сярэдняга заробку за яго час; выплату на аздараўленьне; сацыяльныя водпускі па доглядзе за дзіцём да 3-х гадоў, па цяжарнасьці і родах; водпуск без захаваньня заробку на ініцыятыве наймальніка або працаўніка, у тым ліку кароткачасовы па сямейна-побытавай прычыне, для працы над дысэртацыяй і напісаньня падручніка. Паводле 53-га артыкула, «для працаўнікоў устанаўліваюцца наступныя абавязкі:

  1. добрасумленна выконваць свае працоўныя абавязкі, у тым ліку выконваць вызначаныя нормы працы;
  2. падпарадкоўвацца правілам унутранага працоўнага распарадку, іншым дакумэнтам, якія рэглямэнтуюць пытаньні дысцыпліны працы, выконваць пісьмовыя і вусныя загады наймальніка»;
  3. «не дапускаць дзеяньняў, якія перашкаджаюць іншым працаўнікам выконваць іх працоўныя абавязкі;
  4. забясьпечваць прытрымліваньне вызначаных патрабаваньняў да якасьці прадукцыі, якая вырабляецца, працаў, якія выконваюцца, паслуг, якія аказваюцца, не дапускаць брак ў працы, выконваць тэхналягічную дысцыпліну;
  5. выконваць устаноўленыя нарматыўнымі прававымі актамі патрабаваньні па ахове працы і бясьпечным вядзеньні працаў, карыстацца сродкамі індывідуальнай абароны;
  6. беражліва адносіцца да маёмасьці наймальніка, прымаць захады па прадухіленьні шкоды;
  7. прымаць захады па неадкладнай ліквідацыі прычынаў і ўмоваў, якія перашкаджаюць нармальнаму выкананьню працы, і неадкладна паведамляць аб здарэньні наймальніку;
  8. падтрымліваць сваё працоўнае месца, абсталяваньне і прыстасаваньні ў спраўным стане, парадку і чысьціні;
  9. выконваць вызначаны парадак захоўваньня дакумэнтаў, матэрыяльных і грашовых каштоўнасьцяў;
  10. захоўваць дзяржаўную і службовую таямніцу, не выдаваць камэрцыйную таямніцу наймальніка, камэрцыйную таямніцу трэціх асобаў, да якой наймальнік атрымаў доступ»[1].

Згодна з 55-м артыкулам «пры арганізацыі працы працаўнікоў наймальнік абавязаны:

  1. рацыянальна выкарыстоўваць працу працаўнікоў;
  2. забясьпечваць працоўную і вытворчую дысцыпліну;
  3. весьці ўлік фактычна адпрацаванага працаўнікам часу;
  4. выдаваць заработную плату ў тэрміны і памерах, устаноўленых заканадаўствам, калектыўнай дамовай, пагадненьнем або працоўнай дамовай;
  5. забясьпечваць на кожным працоўным месцы ўмовы працы, адпаведныя патрабаваньням па ахове працы, выконваць устаноўленыя нарматыўнымі прававымі актамі (НПА), у тым ліку тэхнічнымі НПА, патрабаваньні па ахове працы, а пры адсутнасьці ў НПА, у тым ліку ў тэхнічных НПА, патрабаваньняў па ахове працы прымаць неабходныя захады, якія забясьпечваюць захаваньне жыцця, здароўя і працаздольнасьці працаўнікоў у працэсе працоўнай дзейнасьці;
  6. прымаць неабходныя захады па прафіляктыцы і папярэджаньні вытворчага траўматызму, прафэсійных і іншых захворваньняў працаўнікоў; кантраляваць веданьне і прытрымліваньне працаўнікамі патрабаваньняў інструкцыяў па ахове працы і пажарнай бясьпецы; своечасова і правільна праводзіць расьсьледаваньне і ўлік няшчасных выпадкаў на вытворчасьці»;
  7. «своечасова даваць гарантыі і кампэнсацыі ў сувязі са шкоднымі і небясьпечнымі ўмовамі працы (скарочаны працоўны дзень, дадатковыя водпускі, лячэбна-прафіляктычнае харчаваньне);
  8. выконваць нормы па ахове працы жанчын, моладзі і інвалідаў;
  9. забясьпечваць працаўнікоў у адпаведнасьці з вызначанымі нормамі спэцыяльным адзеньнем, спэцыяльным абуткам і іншымі сродкамі індывідуальнай абароны, арганізоўваць належнае захоўваньне і догляд за гэтымі сродкамі;
  10. забясьпечваць прытрымліваньне заканадаўства аб працы, умоваў, устаноўленых калектыўнымі дамовамі, пагадненьнямі, іншымі лякальнымі НПА і працоўнымі дамовамі;
  11. своечасова афармляць зьмяненьні ў працоўных абавязках працаўніка і знаёміць яго зь імі;
  12. забясьпечваць падрыхтоўку, павышэньне кваліфікацыі, перападрыхтоўку і стажыроўку працаўнікоў у адпаведнасьці з заканадаўствам;
  13. ствараць неабходныя ўмовы для сумяшчэньня працы з атрыманьнем адукацыі»;
  14. «забясьпечваць удзел працаўнікоў у кіраваньні арганізацыяй, своечасова разглядаць крытычныя заўвагі працаўнікоў і паведамляць ім аб прынятых захадах;
  15. падаваць статыстычныя зьвесткі аб працы, па пытаньнях умоваў і аховы працы ў аб’ёме і парадку, вызначаных заканадаўствам;
  16. афармляць зьмяненьні ўмоваў і спыненьне працоўнай дамовы з працаўніком загадам;
  17. адхіляць працаўнікоў ад працы ў выпадках, прадугледжаных гэтым Кодэксам і заканадаўствам;
  18. ствараць працаўніку неабходныя ўмовы для прытрымліваньня вызначанага рэжыму камэрцыйнай таямніцы»[1].

Катэгорыі працаўнікоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Трэці разьдзел Кодэксу налічваў 99 артыкулаў (252—351) у складзе 14 главаў: 1) «Асаблівасьці рэгуляваньня працы кіраўніка арганізацыі і сябраў калегіяльнага выканаўчага органа арганізацыі»; 2) «Асаблівасьці рэгуляваньня працы жанчынаў і працаўнікоў, якія маюць сямейныя абавязкі»; 3) «Асаблівасьці рэгуляваньня працы моладзі»; 4) «Асаблівасьці рэгуляваньня працы інвалідаў»; 5) «Асаблівасьці рэгуляваньня працы працаўнікоў зь няпоўным працоўным часам»; 5) «Асаблівасьці рэгуляваньня працы часовых працаўнікоў»; 6) «Асаблівасьці рэгуляваньня працы сэзонных працаўнікоў»; 7) «Асаблівасьці рэгуляваньня працы працаўнікоў-надомнікаў»; 8) «Асаблівасьці рэгуляваньня працы хатніх працаўнікоў»; 9) «Асаблівасьці рэгуляваньня працы працаўнікоў, якія ажыцьцяўляюць дзейнасьць у сфэры прафэсійнага спорту»; 10) «Асаблівасьці рэгуляваньня працы працаўнікоў асобных галінаў эканомікі і асобных прафэсіяў»; 11) «Асаблівасьці рэгуляваньня працы працаўнікоў, якія прымалі ўдзел ў ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС»; 12) «Асаблівасьці рэгуляваньня працы працаўнікоў, якія пражываюць на тэрыторыі радыёактыўнага забруджваньня»; 13) «Гарантыі працаўнікам у сувязі з выкананьнем вайсковых абавязкаў»; 14) «Асаблівасьці рэгуляваньня працы асобаў, якія працуюць па сумяшчальніцтве». Найбольшай была 3-я глава з 11 артыкулаў (272—282), што акрэсьлівала: узрост допуску да заключэньня працоўнай дамовы і правы непаўналетніх; мэдычныя агляды і працоўныя водпускі да 18 гадоў; нормы выпрацоўкі для моладзі і аплату працы да 18 гадоў пры скарочаным працоўным дні; бронь прыёму моладзі на працу і прафэсійнае навучаньне; даваньне першага працоўнага месца і забарону прыцягваць непаўналетніх да начной і звышурочнай працы, а таксама да працы ў сьвяточныя і выхадныя дні. Паводле 265-га артыкула, «маці або бацьку, апекуну, якая (які) выхоўвае 2-х дзяцей ва ўзросьце да 16 гадоў, па яе (яго) заяве штомесяц даецца 1 дадатковы свабодны ад працы дзень»[1].

Калектыўныя працоўныя дачыненьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чацьверты разьдзел Працоўнага кодэксу ўлучаў 48 артыкулаў (352—399) у складзе 4-х главаў: 1) «Агульныя палажэньні аб сацыяльным партнэрстве»; 2) «Калектыўныя перамовы»; 3) «Пагадненьні, калектыўныя дамовы»; 4) «Вырашэньне калектыўных працоўных спрэчак». Найбольшай была апошняя глава з 23-х артыкулаў, якая вызначала: бакі і формы разгляду калектыўнай працоўнай спрэчкі; парадак працы пагадняльнай камісіі і пасярэдніцтва; працоўны трацейскі суд і адказнасьць за невыкананьне яго рашэньня; рашэньне і паведамленьне аб стачцы; абавязкі бакоў і прававое становішча працаўнікоў падчас стачкі. Паводле 357-га артыкула, «кожны бок калектыўных працоўных адносін мае права накіраваць другому боку пісьмовае патрабаваньне аб правядзеньні калектыўных пемоваў па заключэньні, зьмяненьні або дапаўненьні калектыўнай дамовы, пагадненьня, якія другі бок абавязаны пачаць у 7-дзённы тэрмін». Згодна з 358-м артыкулам "пагадненьні заключаюцца на рэспубліканскім (генэральнае), галіновым (тарыфнае) і мясцовым узроўнях. У 359-м артыкуле акрэсьлівалася, што "бакамі пагаднення могуць быць: 1) на рэспубліканскім узроўні — рэспубліканскія аб’яднаньні прафсаюзаў (Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі) і наймальнікаў, а таксама Ўрад Рэспублікі Беларусь; 2) на галіновым узроўні — адпаведныя прафсаюзы і аб’яднаньні наймальнікаў, а таксама адпаведныя органы дзяржаўнага кіраваньня; 3) на мясцовым узроўні — адпаведныя прафсаюзы і наймальнікі, а таксама мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы. Паводле 360-га артыкула, «генэральнае пагадненьне можа ўтрымліваць палажэньні аб:

  1. разьвіцьці сацыяльнага партнэрства і супрацоўніцтва, садзейнічаньні заключэньню калектыўных дамоваў, папярэджаньні працоўных канфліктаў і забастовак, забароне масавых звальненьняў;
  2. асноўных крытэрах жыцьцёвага ўзроўню працаўнікоў і чальцоў іх сем’яў, у тым ліку мінімальным спажывецкім бюджэце, мінімальнай заработнай плаце, пэнсіях, дзяржаўных дапамогах, стыпэндыях;
  3. заработнай плаце працаўнікоў бюджэтных і іншых субсідаваных арганізацый, працаўнікі якіх прыраўнаваныя па аплаце працы да працаўнікоў бюджэтных арганізацыяў, дзяржаўных дапамогах, стыпэндыях, пэнсіях, кампенсацыйных выплатах у залежнасьці ад росту цэнаў у параўнаньні з вызначаным мінімумам;
  4. забесьпячэньні занятасьці;
  5. ахове працы і навакольнага асяродзьдзя»[1].

Пагатоў, «тарыфныя і мясцовыя пагадненьні ўстанаўліваюць сацыяльна-працоўныя гарантыі і перавагі для працаўнікоў у залежнасьці ад асаблівасьцяў галіны або рэгіёну ў пытаньнях арганізацыі, умоваў, аплаты і аховы працы, заключэньня і скасаваньня працоўных дамоваў, пры правядзеньні прыватызацыі». Паводле 362-га артыкула, «генэральнае пагадненне зьяўляецца асновай для тарыфных і мясцовых пагадненьняў, калектыўных дамоваў». Згодна з 361-м артыкулам «калектыўная дамова — лякальны НПА, які рэгулюе працоўныя і сацыяльна-эканамічныя адносіны паміж наймальнікам і працаўнікамі, якія ў яго працуюць». У 367-м артыкуле прадугледжвалася, што калектыўная дамова і пагадненьне заключаюцца «ня менш чым на 1 год і ня больш чым на 3 гады». Аднак «пры зьмене ўласьніка маёмасьці арганізацыі дзеяньне калектыўнай дамовы захоўваецца на працягу 3-х месяцаў». Паводле 369-га артыкула, «павінна быць падпісана кожная старонка калектыўнай дамовы, пагадненьня». Згодна з 370-м артыкулам «калектыўная дамова рэгіструецца ў мясцовым выканаўчым або распарадчым органе па месцы знаходжаньня наймальніка. Рэгістрацыю генэральных, тарыфных і мясцовых пагадненьняў ажыццяўляюць адпаведна рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіраваньня, які праводзіць дзяржаўную палітыку ў галіне працы (Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь), і яго мясцовыя органы». У 373-м артыкуле згадвалася, што «ўсе працаўнікі, у тым ліку ўпершыню прынятыя, павінны быць азнаёмленыя наймальнікам з дзейнымі ў яго калектыўнымі дамовамі, пагадненьнямі». Паводле 374-га артыкула, працаўнікі, ад імя якіх заключаныя пагадненьне і калектыўная дамовы інфармуюцца аб іх выкананьні «не радзей за аднін раз у паўгодзьдзе». Згодна з 364-м артыкулам «зьмест калектыўнай дамовы вызначаецца бакамі ў адпаведнасьці з генэральным, тарыфным і мясцовым пагадненьнямі». "Калектыўная дамова можа ўтрымліваць палажэньні аб:

  1. арганізацыі працы і павышэньні эфэктыўнасьці вытворчасьці;
  2. нармаваньні, формах, сыстэмах аплаты працы, іншых відах даходаў працаўнікоў;
  3. памерах тарыфных ставак (акладаў), даплатаў і надбавак да іх;
  4. працягласьці працоўнага часу і часу адпачынку;
  5. стварэньні здаровых і бясьпечных умоваў працы, паляпшэньні аховы здароўя, гарантыях дзяржаўнага сацыяльнага страхаваньня працаўнікоў і іх сем’яў, ахове навакольнага асяродзьдзя;
  6. заключэньні і скасаваньні працоўных дамоваў;
  7. забесьпячэньні занятасьці, прафэсійнай падрыхтоўцы, павышэньні кваліфікацыі, перападрыхтоўцы, працаўладкаваньні працаўнікоў, якія звальняюцца;
  8. рэгуляваньні ўнутранага працоўнага распарадку і дысцыпліны працы;
  9. будаўніцтве, змесьце і разьмеркаваньні жыльля, аб’ектаў сацыяльна-культурнага прызначэньня;
  10. арганізацыі санаторна-курортнага лячэння і адпачынку працаўнікоў і чальцоў іх сем’яў;
  11. даваньні дадатковых гарантыяў шматдзетным і няпоўным сем’ям, а таксама сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў;
  12. паляпшэньні ўмоваў жыцьця вэтэранаў, інвалідаў і пэнсіянераў, якія працуюць або працавалі ў наймальніка;
  13. стварэньні ўмоваў для павышэньня культурнага ўзроўню і фізычнага ўдасканальваньня працаўнікоў;
  14. мінімуме неабходных працаў (паслуг), якія забясьпечваюцца пры правядзеньні забастоўкі;
  15. адказнасьці бакоў за невыкананьне калектыўнай дамовы;
  16. гарантыях сацыяльна-эканамічных правоў працаўнікоў пры разьдзяржаўленьні і прыватызацыі;
  17. адказнасьці наймальніка за шкоду, прычыненую жыцьцю і здароўю працаўніка[1].

Адказнасьць працаўнікоў і наймальнікаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пяты разьдзел Працоўнага кодэксу зьмяшчаў 66 артыкулаў (400—465) у складзе 2-х главаў: 1) «Матэрыяльная адказнасьць працаўнікоў за шкоду, прычыненую наймальніку пры выкананьні працоўных абавязкаў»; 2) «Нагляд і кантроль за прытрымліваньнем заканадаўства аб працы». Яшчэ адна глава зь 52-х артыкулаў (410—461) была выключанай. Большай была першая глава зь 10 артыкулаў (400—409) наконт: памеру і ўмоваў прыцягненьня працаўнікоў да матэрыяльнай адказнасьці; добраахвотнага пакрыцьця працаўнікамі шкоды, прычыненай наймальніку; абмежанавай і поўнай, а таксама калектыўнай матэрыяльнай адказнасьці; вызначэньня памеру прычыненай шкоды і парадку яе пакрыцьця; уліку абставінаў пры ўскладаньні адказнасьці. Паводле 400-га артыкула, «працаўнік можа быць прыцягнуты да матэрыяльнай адказнасьці пры адначасовай наяўнасьці наступных умоваў: 1) шкоды, прычыненай наймальніку пры выкананьні працоўных абавязкаў; 2) проціпраўнасьці паводзін працаўніка; 3) прамой прычыннай сувязі паміж проціпраўнымі паводзінамі працаўніка і ўзьніклай у наймальніка шкодай; 4) віны працаўніка ў прычыненьні шкоды». Згодна з 403-м артыкулам "абмежаваную матэрыяльную адказнасьць нясуць: 1) працаўнікі — у памеры прычыненай па іх віне шкоды, але не большым за свой сярэдні месячны заробак за псаваньне або зьнішчэньне па нядбайнасьці матэрыялаў, паўфабрыкатаў, вырабаў, у тым ліку пры іх вырабе, а таксама за псаваньне або зьнішчэньне па нядбайнасьці інструмэнтаў, вымяральных прыбораў, спэцыяльнага адзеньня і іншых прадметаў, выдадзеных наймальнікам працаўніку ў карыстаньне для ажыццяўленьня працоўнага працэсу; 2) кіраўнікі арганізацый, іх намесьнікі, кіраўнікі структурных падразьдзяленьняў і іх намесьнікі — у памеры прычыненай па іх віне шкоды, але не большым за 3-кратны сярэдні месячны заробак, калі шкода прычыненая няправільнай пастаноўкай уліку і захоўваньня матэрыяльных або грашовых каштоўнасьцяў, непрыняцьцем неабходных захадаў дзеля прадухіленьня прастояў або выпуску недабраякаснай прадукцыі. У 408-м артыкуле прадугледжвалася, што «пакрыцьцё шкоды працаўнікамі ў памеры, які не перавышае сярэдняга месячнага заробку, праводзіцца па распараджэньні наймальніка шляхам вылічэньня з заработнай платы працаўніка. Распараджэньне наймальніка павінна быць зроблена не пазьней за 2 тыдні з дня выяўленьня прычыненай працаўнікам шкоды і зьвернута да выкананьня не раней за 10 дзён з дня паведамленьня аб гэтым працаўніку. Да выданьня распараджэньня наймальніка аб вылічэньні з заработнай платы ад працаўніка павінна быць запатрабавана пісьмовае тлумачэньне»[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д е ё ж з і А. Лукашэнка. Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 26 ліпеня 1999 г. № 296-З // Лябараторыя распазнаваньня і сынтэзу маўленьня АІПІ, 9 чэрвеня 2020 г. Праверана 6 жніўня 2020 г.
  2. ^ Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь // Лябараторыя распазнаваньня і сынтэзу маўленьня АІПІ, 9 чэрвеня 2020 г. Праверана 6 жніўня 2020 г.
  3. ^ А. Лукашэнка. Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 26 ліпеня 1999 г. № 296-З // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 21 сьнежня 2020 г. Праверана 18 траўня 2021 г.