Перайсьці да зьместу

Кодэкс гандлёвага мораплаўства Рэспублікі Беларусь

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
кодэкс
Кодэкс гандлёвага мораплаўства Рэспублікі Беларусь
Заканадаўчы орган
Нумар 321-З
Прыняцьце Палатай прадстаўнікоў
13 кастрычніка 1999 (24 гады таму)
Ухваленьне Саветам Рэспублікі
28 кастрычніка 1999 (24 гады таму)
Падпісаньне прэзыдэнтам Беларусі
15 сьнежня 1998 (25 гадоў таму)
Уступ у сілу 1 студзеня 2000 (24 гады таму)
Першая публікацыя 8 сьнежня 1999 (24 гады таму)
Ведамасьці Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, № 33, ст. 513[1]

Ко́дэкс гандлё́вага морапла́ўства Рэспу́блікі Белару́сь — звод заканадаўства Беларусі аб гаспадарча-арганізацыйных асновах марскіх перавозак, які набыў чыннасьць у студзені 2000 году.

Паводле 1-га артыкула, «рэгулюе адносіны, якія ўзьнікаюць у сувязі зь перавозкай суднамі грузаў, пасажыраў і багажу, выкарыстаньнем суднаў для буксоўкі і ажыцьцяўленьнем выратавальных апэрацыяў». На 2021 год налічваў 327 артыкулаў у складзе 16 разьдзелаў: 1) «Агульныя палажэньні», 2) «Судна», 3) «Экіпаж судна», 4) «Марская перавозка грузаў», 5) «Марская перавозка пасажыраў», 6) «Фрахтаваньне судна на час», 7) «Арэнда судна без экіпажу», 8) «Дамова буксоўкі», 9) «Платнае аказаньне паслугаў», 10) «Марское страхаваньне», 11) «Іпатэка судна», 12) «Агульныя і прыватныя аварыі», 13) «Бясьпека плаваньня суднаў», 14) «Прэтэнзіі і позвы», 15) «Прымяняльнае права», 16) «Заключныя палажэньні». Паводле стану на 2021 год Кодэкс гандлёвага мораплаўства Беларусі дзейнічаў зь 10-ю амаль зьмяненьнямі і дапаўненьнямі 2005—2008, 2010—2011 і 2015 гадоў[2]. 10 жніўня 2021 году Аб’яднаны інстытут праблемаў інфарматыкі НАНБ абнародаваў беларускі пераклад яго рэдакцыі са зьмяненьнямі і дапаўненьнямі паводле Закону ад 10 студзеня 2015 г. № 242-З[3].

29 сьнежня 2021 году Экспэртная рада ў пытаньнях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову, якая дзейнічала пры Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі Беларусі, ухваліла Пратаколам № 6 пераклад яго рэдакцыі паводле Закону ад 24 траўня 2021 г. № 111-З[4].

Агульныя палажэньні

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы разьдзел Кодэксу гандлёвага мораплаўства Беларусі зьмяшчае 10 артыкулаў пра: дзейнікі гандлёвага мораплаўства, адпаведныя міжнародныя дамовы Беларусі, дзяржаўнае рэгуляваньне і дзяржаўны нагляд, тэхнічны нагляд за суднамі, расцэнкі і разьліковую адзінку. Згодна зь 10-м артыкулам разьліковай адзінкай ёсьць адзінка спэцыяльнага права запазычаньня, якая вызначаецца Міжнародным валютным фондам. Паводле 8-га артыкула, «тэхнічны нагляд за суднамі і іх клясыфікацыя ажыцьцяўляюцца клясыфікацыйным таварыствам на выбар суднаўладальніка». Пры гэтым, «клясыфікацыйныя таварыствы выдаюць правілы аб клясыфікацыі і пабудове суднаў, наглядзе за суднамі, якія знаходзяцца ў эксплюатацыі, аб вырабе матэрыялаў і вырабаў для суднаў. Клясыфікацыйнае таварыства мае права пры невыкананьні яго правілаў і патрабаваньняў не выдаваць і забіраць раней выдадзеныя ім суднавыя дакумэнты». Клясыфікацыйнае таварыства ажыцьцяўляе тэхнічны нагляд за:

  1. пасажырскімі і наліўнымі суднамі, суднамі для перавозкі небясьпечных грузаў і буксоўкі;
  2. іншымі самаходнымі суднамі магутнасьцю галоўных рухавікоў 55 кВт і болей;
  3. іншымі суднамі валавай умяшчальнасьцю 80 рэгістравых тонаў і болей"[2].

Другі разьдзел Кодэксу ўлучае 37 артыкулаў (11—47) у складзе 5 главаў: 1) «Уласнасьць на судна», 2) «Нацыянальнасьць і сьцяг судна», 3) «Дзяржаўная рэгістрацыя суднаў», 4) «Ідэнтыфікацыя судна», 5) «Суднавыя дакумэнты». Найбольшай была другая глава зь 17 артыкулаў (22—38), якія вызначалі: рэестры суднаў, орган і ўмовы іх дзяржаўнага ўліку; зьвесткі для ўнясеньня ў Дзяржаўны рэестар марскіх суднаў Рэспублікі Беларусь (ДРМС Беларусі) і суднавую кнігу, заяву аб дзяржаўным уліку судна ў ДРМС Беларусі і суднавой кнізе; дзяржаўны ўлік арандаванага без экіпажу або найманага замежнага судна, права ўласнасьці на будаванае судна і долю ў ім, а таксама зьмяненьняў зьвестак у рэестры суднаў; страту дакумэнтаў пра дзяржаўны ўлік судна, адмову ў яго дзяржаўным уліку, адказнасьць за парушэньне правілаў іх дзяржаўнага ўліку і выключэньне судна з ДРМС Беларусі і суднавой кнігі; зьніклае бязь вестак і канструктыўна загінулае судна, права на атрыманьне зьвестак з рэестраў суднаў. Паводле 22-га артыкула, «у Дзяржаўным рэестры марскіх суднаў Рэспублікі Беларусь рэгіструюцца судны, тэхнічны нагляд за якімі ажыцьцяўляецца клясыфікацыйным таварыствам». Іншыя судны рэгіструюцца ў суднавай кнізе. Пры гэтым у ДРМС Беларусі і суднавой кнізе «не рэгіструюцца шлюпкі й іншыя плывучыя сродкі, якія ёсьць прыналежнасьцю якога-небудзь судна». Згодна з 24-м артыкулам «судна можа быць зарэгістраванае толькі ў адным з рэестраў суднаў. Судна, зарэгістраванае ў рэестры суднаў замежнай дзяржавы, можа быць зарэгістравана ў ДРМС Беларусі або суднавай кнізе пры ўмове, калі яно выключанае з рэестру суднаў замежнай дзяржавы з выдачай адпаведнага пасьведчаньня або пасьведчаньня, якое сьведчыць, што гэтае судна будзе неадкладна выключанае з рэестру суднаў замежнай дзяржавы з моманту яго дзяржаўнай рэгістрацыі ў ДРМС РБ». Пры гэтым «рэгістрацыя судна, якое мае нацыянальнасьць Рэспублікі Беларусь, у рэестры суднаў замежнай дзяржавы ня мае юрыдычнай сілы, калі судна ня выключанае ў вызначаным парадку з ДРМС Беларусі або суднавай кнігі»[2].

У 29-м артыкуле вызначана, што «дзяржаўная рэгістрацыя права ўласнасьці на судна, якое будуецца, або на долю ў ім можа быць ажыцьцёўленае з моманту закладкі кіля на падставе экспэртнага заключэньня, якое ўтрымлівае зьвесткі, якія тычацца даўжыні кіля й іншых асноўных памераў судна, будаўнічых матэрыялаў, якія выкарыстоўваюцца, машынаў і абсталявання, якія знаходзяцца ў межах суднабудаўнічай верфі» і пазначаныя або вызначаныя як прыналежныя гэтаму судну. Паводле 35-га артыкула, «з ДРМС Беларусі і суднавай кнігі выключаюцца судны:

  1. затанулыя, поўнасьцю разбураныя або зьніклыя бязь вестак;
  2. канструктыўна загінулыя;
  3. якія страцілі права плаваньня пад Дзяржаўным сьцягам Рэспублікі Беларусь;
  4. якія страцілі якасьці судна ў выніку перабудовы або іншых істотных зьмяненьняў»[2].

Трэці разьдзел Кодэксу гандлёвага мораплаўства налічвае 29 артыкулаў (48—76) у складзе 2-х главаў: 1) «Экіпаж судна», 2) «Правы, абавязкі і адказнасьць капітана судна». Большай была другая глава зь 17 артыкулаў, якія акрэсьлівалі: кіраваньне суднам, абавязкі капітана судна аказваць дапамогу церпячым бедзтва на моры і пасьля сутыкненьня суднаў, заходзіць у порт для аказаньня безадкладнай мэдычнай дапамогі і пры ўзьнікненьні ваенных дзеяньняў і ваеннай пагрозы; права капітана адабраць харчаваньне пры спусташэньні жыцьцёвых запасаў, правы капітана пры безадкладнай патрэбе ў грошах для працягу плаваньня і дзеяньні капітана пры пагрозе згубы судна; правы капітана на падтрыманьне парадку на судне, згоду капітана на прыём на працу сябраў экіпажу; капітана ў якасьці дазнавальніка, абавязкі капітана пры народзінах дзіцяці і сьмерці на судне, права капітана на засьведчаньне запавету і на валоданьне пальнай зброяй ды яе прымяненьне; капітана ў якасьці прадстаўніка суднаўладальніка і грузаўладальнікаў, ускладаньне абавязкаў капітана на старэйшага памагатага і адказнасьць капітана судна. Паводле 60-га артыкула, «капітан судна ажыцьцяўляе кіраваньне суднам, у тым ліку суднаваджэньне, прымае захады, патрэбныя для забесьпячэння бясьпекі плаваньня, абароны марскога асяродзьдзя, падтрыманьня парадку на судне, прадухіленьня прычыненьня шкоды судну, людзям і грузу, якія знаходзяцца на ім». Згодна з 66-м артыкулам, «калі падчас рэйса судна ўзнікла безадкладная патрэба ў грошах для працягу плаваньня, у прыватнасьці для рамонту судна або ўтрыманьня экіпажу судна, капітан судна пры адсутнасьці часу або магчымасьці для атрыманьня адпаведнага распараджэньня суднаўладальніка мае права прадаць або закласьці частку даверанай яму маёмасьці, якая ня ёсьць патрэбнай для працягу плаваньня». У 68-м артыкуле прадугледжвалася, што «капітан судна мае права ў межах сваіх паўнамоцтваў аддаваць любой асобе, якая знаходзіцца на судне, распараджэньні і каманды, якія падлягаюць бесьпярэчнаму выкананьню. Капітан судна ў выпадку невыкананьня асобамі, якія знаходзяцца на судне, яго законных распараджэньняў і камандаў прымае ў дачыненьні гэтых асобаў патрэбныя захады, у тым ліку і прымусовыя». Паводле 69-га артыкула, «прыём на працу сябраў экіпажу судна ажыцьцяўляецца толькі са згоды капітана»[2].

Чацьверты разьдзел Кодэксу зьмяшчае 66 артыкулаў (76—142) у складзе 3-х главаў: 1) «Агульныя палажэньні ажыцьцяўленьня марской перавозкі грузаў», 2) «Ажыцьцяўленьне марской перавозкі грузаў», 3) «Адказнасьць перавозчыка, адпраўніка і фрахтавальніка». Найбольшай была другая глава з 28 артыкулаў (93—130), якія апісвалі: мараходнасьць судна, замену судна, порт і месца пагрузкі, тэрмін падачы судна да месца пагрузкі, паведамленьне аб гатоўнасьці судна да пагрузкі, сталійны і контрасталійны час; дэмэрэж, дыспач, права перавозчыка адправіць судна ў рэйс пасьля сканчэньня контрасталійнага часу, пакрыцьцё стратаў за затрымку судна; адпраўленьне судна ў рэйс да сканчэньня сталійнага і контрасталійнага часу, выгрузку староньняга грузу, разьмяшчэньне грузу на судне і выдаткі па пагрузцы; упакоўку, пазначэньне і замену грузу, дакумэнты на груз, права распараджэньня грузам, абавязкі перавозчыка ў дачыненьні да грузу і небясьпечны груз; пагружаны не пад сваім найменьнем груз, тэрмін і маршрут перавозкі, перашкоды для заходу судна ў порт прызначэньня, выгрузку грузу; атрымальніка грузу, здачу грузу на захоўваньне, агляд і праверка грузу да яго выдачы, заяву аб страце, нястачы і пашкоджаньні грузу; плацяжы пры перавозцы грузаў, памер фрахту, фрахту за страчаны пры перавозцы груз, вылічэньне фрахту за пройдзеную суднам адлегласьць; адмову перавозчыка, фрахтавальніка і адпраўніка ад выкананьня дамовы, спыненьне дамовы немагчымасьцю выкананьня. Паводле 93-га артыкула, «перавозчык абавязаны да пачатку рэйса прывесьці судна ў мараходны стан, а менавіта:

  1. забясьпечыць тэхнічную прыдатнасьць судна да плаваньня;
  2. належным чынам падрыхаваць судна;
  3. укамплектаваць судна экіпажам;
  4. забясьпечыць экіпаж судна ўсім патрэбным;
  5. прывесьці трумы і іншыя памяшканьні судна, у якіх перавозіцца груз, у стан, які забясьпечвае належныя прыём, перавозку і захаванасьць грузу»[2].

Згодна зь 96-м артыкулам «перавозчык абавязаны падаць судна да месца пагрузкі, пазначанага ў дамове. Калі месца, пазначанае ў дамове, непрыдатнае для пагрузкі або ў дамовах, заключаных перавозчыкам на дадзены рэйс, пазначаныя розныя месцы пагрузкі, перавозчык можа падаць судна да месца пагрузкі, якое звычайна выкарыстоўваецца ў дадзеным порце. Пры перавозках у лінейных зносінах месца пагрузкі ўстанаўлівае перавозчык». У 97-м артыкуле вызначалася, што «ў выпадку непадачы судна да месца пагрузкі ў прадугледжаны дамовай тэрмін дамова можа быць скасаваная з пакрыццём перавозчыкам прычыненых стратаў». Паводле 99-га артыкула, «сталійны час вылічаецца ў працоўных днях, гадзінах і хвілінах пачынаючы з дня, які ідзе сьледам за днём падачы паведамленьня аб гатоўнасьці судна да пагрузкі або разгрузкі». Згодна са 107-м артыкулам «груз разьмяшчаецца на судне паводле меркаваньня капітана судна», але «ня можа быць разьмешчаны на палубе». У 108-м артыкуле вызначалася, што «адпраўнік або фрахтавальнік за свой кошт разьмяшчаюць груз уздоўж борта судна. Выдаткі на пагрузку і складаньне грузу на судне нясе перавозчык». Паводле 109-га артыкула, «груз, які мае патрэбу ў тары і ўпакоўцы для аховы ад страты, нястачы або пашкоджаньня, мае падавацца да марской перавозкі ў непашкоджанай тары і ўпакоўцы, якія забясьпечваюць яго поўную захаванасьць». Пры гэтым «адпраўнік абавязаны належным чынам маркіраваць груз і падаць перавозчыку патрэбныя зьвесткі аб ім. Калі груз патрабуе асаблівага зь ім абыходжаньня, адпраўнік абавязаны інфармаваць перавозчыка аб уласьцівасьцях грузу і парадку абыходжаньня зь ім». Згодна з 111-м артыкулам «адпраўнік мае своечасова перадаць перавозчыку ўсе патрэбныя на груз дакумэнты і нясе адказнасьць перад перавозчыкам за страты, прычыненыя ў выніку несвоечасовай перадачы, недакладнасьці або непаўнаты гэтых дакумэнтаў». У 118-м артыкуле прадугледжвалася, што «выдаткі па выгрузцы грузу ўздоўж борта судна нясе перавозчык». Паводле 120-га артыкула, «калі ў порце прызначэньня атрымальнік не запатрабаваў груз ці ад яго адмовіўся або затрымлівае прыём грузу такім чынам, што груз ня можа быць выгружаны ў вызначаны час, перавозчык мае права, паведаміўшы аб гэтым адпраўніку або фрахтавальніку, а таксама атрымальніку, калі ён яму вядомы, здаць груз на захоўваньне за кошт і на рызыку асобы, правамоцнай распараджацца грузам»[2].

Пяты разьдзел Кодэксу гандлёвага мораплаўства ўлучае 18 артыкулаў (143—160) наконт: дамовы марской перавозкі людзей, адцінка і ўмоваз марской перавозкі, перавозачных дакумэнтаў; адмовы пасажыра і перавозчыка ад выкананьня дамовы, спыненьня дамовы пры немагчымасьці выкнаньня, вяртаньня пасажыру платы за праезд і зьмяненьня дамовы; адказнасьці перавозчыка за прычыненьне шкоды жыцьцю і здароўю пасажыра, за страту, нястачу і пашкоджаньне багажу, у тым ліку каютнага; адказнасьці фактычнага перавозчыка, страты і пашкоджаньня каштоўнасьцяў, прымяненьня межаў адказнасьці; заявы аб страце, нястачы і пашкоджаньні багажу; незапатрабаванага багажу і бясплатнай перавозкі ў адпаведнасьці з дамовай. Паводле 146-га артыкула, згодна з правіламі дзяржаўнага ведамства ў галіне марскіх перавозак Беларусі «пасажыр мае права на: 1) бясплатны правоз багажу і каютнага багажу ў межах вызначаных нормаў; 2) бясплатны або льготны правоз дзяцей». У 159-м артыкуле згадвалася, што «багаж, не запатрабаваны на працягу 3-х месяцаў з дня прыходу судна ў порт прызначэньня, можа быць прададзены або зьнішчаны»[2].

Фрахтаваньне і арэнда

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шосты разьдзел Кодэксу ўтрымлівае 12 артыкулаў (161—172), якія акрэсьлівалі: субарэнду судна з экіпажам, абавязкі суднаўладальніка па ўтрыманьні і тэхнічным выкарыстаньні судна, абавязкі фрахтавальніка па камэрцыйным выкарыстаньні і вяртаньні судна; страхаваньне судна, падпарадкаванасьць экіпажу, выплату фрахту, узнагароджаньне за ратаваньне, адказнасьць фрахтавальніка перад трэцімі асобамі і за прычыненыя ратаваньнем, згубай і пашкоджаньнем судна страты. Згодна з 161-м артыкулам «паводле фрахтаваньня на час судна з экіпажам суднаўладальнік дае фрахтавальніку судна за плату ў часовае валоданьне і карыстаньне і аказвае сваімі сіламі паслугі па кіраваньні ім і па яго тэхнічнай эксплюатацыі». У 163-м артыкуле згадвалася, што «фрахтавальнік мае права бяз згоды суднаўладальніка здаваць судна ў субарэнду». Паводле 166-га артыкула, «фрахтавальнік нясе выдаткі, якія ўзьнікаюць у сувязі з камэрцыйнай эксплюатацыяй судна, у тым ліку на аплату паліва і іншых матэрыялаў, якія выдаткоўваюцца ў працэсе эксплюатацыі, і на аплату збораў»[2].

Сёмы артыкул Кодэксу налічвае 11 артыкулаў (173—183), якія тычыліся: абавязку арэндадаўцы прывесьці судна ў мараходны стан, абавязкаў і правоў арандатара па выкарыстаньні і вяртаньні судна, адказнасьці арандатара і платы за арэнду. Згодна са 175-м артыкулам арандатар мае права бяз згоды арэндадаўцы здаць арандаванае судна ў субарэнду на ўмовах фрахтаваньня і арэнды. У 180-м артыкуле прадугледжвалася, што арандатар выплачвае арэндадаўцу плату за арэнду судна «наперад па месячнай стаўцы». Пры гэтым, у выпадку затрымкі платы за арэнду, якая перавышае 14 каляндарных дзён, арэндадаўца мае права без папярэджаньня адабраць судна ў арандатара і спагнаць зь яго прычыненыя затрымкай страты. Паводле 181-га артыкула, арандатар наймае і «забясьпечвае ўтрыманьне экіпажу судна, аплачвае выдаткі і зборы па эксплюатацыі судна, улучна з выдаткамі на яго страхаваньне»[2].

Буксоўка і платныя паслугі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Восьмы разьдзел Кодэксу гандлёвага мораплаўства ўлучае 7 артыкулаў (184—190) пра: форму дамовы буксоўкі, абавязкі бакоў, адказнасьць пры марской і партовай буксоўцы, адцінак буксоўкі і дапамогу буксаванаму судну ў выпадку марскога здарэньня. У 185-м артыкуле згадвалася, што «дамова партовай буксоўкі можа заключацца як у пісьмовай, так і вуснай форме. Пагадненьне аб ускладанні абавязкаў па кіраваньні буксоўкай на капітана судна, якое буксуе, заключаецца ў пісьмовай форме». Паводле 186-га артыкула, «уладальнікі суднаў і іншых аб’ектаў буксоўкі не нясуць адказнасьці за хібы свайго судна або іншага збудаваньня, здольнага ажыцьцяўляць плаваньне, калі дакажуць, што яны былі скрытымі»[2].

Дзявяты разьдзел Кодэксу зьмяшчае 13 артыкулаў (191—203) у складзе 3-х главаў: 1) «Дамова марскога круізу», 2) «Дамова аказаньня паслугаў марскога агента», 2) «Дамова аказаньня марскіх пасярэдніцкіх паслугаў». Найбольшай была першая глава зь 5 артыкулаў, якія вызначалі: панятак дамовы марскога круізу, аднабаковую адмову ад выкананьня дамовы, павелічэньне тэрміну і адказнасьць арганізатара круізу, несапраўднасьць пагадненьня аб абмежаваньня правоў удзельніка круізу. Згодна са 191-м артыкулам «пводле дамовы марскога круізу арганізатар круізу абавязваецца на заданьне ўдзельніка круізу аказаць паслугі па арганізацыі і ажыцьцяўленьні марскога падарожжа па пэўнай праграме (марская перавозка, харчаваньне, побытавое і экскурсійнае абслугоўваньне), а ўдзельнік круізу абавязваецца заплаціць вызначаную плату». Паводле 192-га артыкула, «пры адмове ад выкананьня дамовы марскога круізу да пачатку круізу арганізатар круізу абавязаны вярнуць удзельніку круізу плату за круіз у поўным памеры, а пры адмове ад выкананьня дамовы пасьля пачатку круізу — плату за нявыкарыстаную частку круізу». У 193-м артыкуле вызначалася, што «ў выпадку павелічэння тэрміну круізу ў выніку непрадбачаных абставінаў арганізатар круізу нясе ўсе дадатковыя выдаткі, зьвязаныя з аказаньнем паслугаў удзельніку круізу»[2].

Марское страхаваньне і іпатэка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзясяты разьдзел Кодэксу налічвае 4 артыкулы (205—208) пра абавязковае і добраахвотнае страхаваньне, зрачэньне ад правоў дзеля пакрыцьця і таварыствы ўзаемнага страхаваньня. Паводле 206-га артыкула, «калі маёмасьць застрахаваная ад страты, страхавальнік або выгаданабывальнік могуць заявіць страхоўніку аб адмове ад сваіх правоў на застрахаваную маёмасьць і атрымаць страхавое пакрыцьцё ў памеры страхавой сумы ў выпадку:

  1. прапажы судна без вестак;
  2. зьнішчэння судна і грузу;
  3. канструкцыйнай згубы судна;
  4. эканамічнай немэтазгоднасці ліквідацыі пашкоджаньняў або дастаўкі застрахаванага грузу ў месца прызначэньня;
  5. захопу судна і грузу, застрахаваных ад такой небясьпекі, калі захоп доўжыцца больш за 2 месяцы»[2].

У 207-м артыкуле вызначана, што заява аб зрачэньні «мае быць пададзеная страхоўніку на працягу 6 месяцаў з моманту надыходу абставінаў або заканчэньня тэрмінаў» і «ня можа быць узятая назад»[2].

11-ы разьдзел Кодэксу ўлучае 15 артыкулаў (241—255), якія акрэсьлівалі: права на іпатэку суднаў, форму і істотныя ўмовы дамовы іпатэкі, прадмет і дзяржаўны ўлік іпатэкі, чарговасьць задавальненьня патрабаваньняў паводле абавязкаў іпатэкі; наступную іпатэку, саступку правоў паводле дамовы іпатэкі і захаванасьць прадмета іпатэкі, іпатэку пры пераходзе права ўласнасьці на судна; падставу прымусовага продажу судна, давядзеньне да ўсеагульнага ведама рашэньня суду і паведамленьне аб прымусовым продажы судна, наступствы такога продажу; першачарговую аплату выдаткаў з выручкі ад прымусовага продажу судна, спыненьне іпатэкі судна. Паводле 242-га артыкула, «дамова іпатэкі судна або будаванага судна заключаецца ў пісьмовай форме і натарыяльна сьведчыцца». Згодна зь 245-м артыкулам «калі 2 і болей іпатэкі зарэгістраваныя на адно і тое ж судна або будаванае судна або на адну і тую ж долю судна або будаванага судна чарговасьць задавальненьня патрабаваньняў, якія ўзьнікаюць з абавязкаў, забясьпечаных іпатэкай, вызначаецца часам іх дзяржаўнай рэгістрацыі». У 246-м артыкуле згадвалася, што «наступная іпатэка дапускаецца, калі яна не забароненая папярэднімі дамовамі аб іпатэцы». Паводле 247-га артыкула, «закладатрымальнік мае права саступіць свае правы паводле дамовы іпатэкі іншай асобе. Пры саступцы правоў паводле дамовы іпатэкі ў Дзяржаўны рэестар марскіх суднаў Рэспублікі Беларусь або суднавую кнігу ўносіцца запіс аб часе ўступкі, найменьні і адрасе асобы, на карысьць якой зробленая саступка». Згодна зь 248-м артыкулам «заклададавальнік абавязаны прымаць належныя захады па захаваньні і падтрыманьні ў парадку закладзеных судна або судна, якое будуецца. Калі невыкананьне гэтага абавязку вядзе да значнага абясцэньваньня закладзеных судна або будаванага судна, то закладатрымальнік мае права прымусова рэалізаваць закладзеныя судна або будаванага судна, нават калі тэрмін выкананьня абавязку не надышоў»[2].

  1. ^ Кодэкс гандлёвага мораплаўства Рэспублікі Беларусь ад 15 сьнежня 1999 г. № 321-З (рас.) // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 24 траўня 2021 г. Праверана 26 сьнежня 2021 г.
  2. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о А. Лукашэнка. Кодэкс гандлёвага мораплаўства Рэспублікі Беларусь ад 15 лістапада 1999 г. № 321-З // Лябараторыя распазнаваньня і сынтэзу маўленьня АІПІ, 10 жніўня 2021 г. Праверана 26 сьнежня 2021 г.
  3. ^ Кодэкс гандлёвага мораплаўства Рэспублікі Беларусь // Лябараторыя распазнаваньня і сынтэзу маўленьня АІПІ, 10 жніўня 2021 г. Праверана 26 сьнежня 2021 г.
  4. ^ А. Лукашэнка. Кодэкс гандлёвага мораплаўства Рэспублікі Беларусь ад 15 сьнежня 1999 г. № 321-З // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 29 сьнежня 2021 г. Праверана 12 студзеня 2023 г.