Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і
Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і | |
Заканадаўчы орган | |
---|---|
Нумар | 278-З |
Прыняцьце | Палатай прадстаўнікоў 3 чэрвеня 1999 (25 гадоў таму) |
Ухваленьне | Саветам Рэспублікі 24 чэрвеня 1999 (25 гадоў таму) |
Падпісаньне | прэзыдэнтам Беларусі 9 ліпеня 1999 (25 гадоў таму) |
Уступ у сілу | 1 верасьня 1999 (25 гадоў таму) |
Першая публікацыя | 14 і 17 жніўня 1999 (25 гадоў таму) Газэта «Зьвязда», №№ 145-146 і 147-148[1] |
Ко́дэкс Рэспу́блікі Белару́сь аб шлю́бе і сям’і́ — звод заканадаўства Беларусі аб парадку і ўмовах заключэньня шлюбу, які набыў моц у верасьні 1999 году.
Паводле 2-га артыкула Кодэксу, «замацоўвае правы і абавязкі членаў сям’і, рэгулюе асабістыя немаёмасныя і маёмасныя адносіны, што ўзьнікаюць у сувязі з усынаўленьнем, апекай і апекавальніцтвам», «парадак і ўмовы спыненьня шлюбу, прызнаньня яго несапраўдным, парадак рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану». На 2020 год налічваў 241 артыкул у складзе 7 разьдзелаў: 1) «Агульныя палажэньні»; 2) «Шлюб»; 3) «Сям’я»; 4) «Ахова дзяцінства»; 5) «Акты грамадзянскага стану»; 6) «Прымяненьне заканадаўства да замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства, прымяненьне заканадаўства замежных дзяржаваў і міжнародных дамоваў»; 7) «Заключныя палажэньні». Замяніў сабой Кодэкс Беларускай ССР аб шлюбе і сям’і ад 13 чэрвеня 1969 году. На 2020 год Кодэкс Беларусі аб шлюбе і сям’і дзейнічаў з 22 штогадовымі зьмяненьнямі і дапаўненьнямі (за выключэньнем 2014 і 2017 гадоў году). 10 кастрычніка 2019 году Экспэртная рада ў пытаньнях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову ўхваліла Пратаколам № 2 пераклад яго рэдакцыі з 22-ма зьмяненьнямі і дапаўненьнямі паводле Закону ад ад 17 ліпеня 2018 г. № 135-З[2].
Агульныя палажэньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы разьдзел Кодэксу Беларусі аб шлюбе і сям’і «Агульныя палажэньні» зьмяшчаў 11 артыкулаў у складзе 2 главаў: 1) «Асноўныя палажэньні», 2) «Позвавая даўнасьць і вылічэньне тэрмінаў». Большай была глава «Асноўныя палажэньні» зь 7 артыкулаў, якая вызначала: задачы заканадаўства, рэгуляваныя дачыненьні, абарону сям’і, прававое рэгуляваньне, абарону і ажыцьцяўленьне правоў. Паводле 4-га артыкула Кодэксу, «прызнаецца толькі шлюб, заключаны ў органах, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану»[2].
Шлюб
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Другі разьдзел Кодэксу аб шлюбе і сям’і «Шлюб» налічваў 47 артыкулаў (12—58) у складзе 6 главаў: 1) «Агульныя палажэньні»; 2) «Заключэньне шлюбу»; 3) «Правы і абавязкі сужэнцаў»; 4) «Спыненьне шлюбу»; 5) «Несапраўднасьць шлюбу»; 6) «Устанаўленьне паходжаньня дзяцей». Найбольшай была глава «Правы і абавязкі сужэнцаў» з 14 артыкулаў (20—33), якая акрэсьлівала: іх узьнікненьне, роўнасьць сужэнцаў, выбар прозьвішча пры заключэньні шлюбу, а таксама заняткаў, прафэсіі і месца жыхарства, агульную сумесную ўласнасьць і вызначэньне доляў пры яе падзеле, рэчы прафэсійных заняткаў, уласнасьць сужэнцаў і маёмасныя зьдзелкі між імі, накіраваньне спагнаньня на маёмасьць сужэнцаў, абавязкі па ўзаемным утрыманьні і захаваньне права на яго пасьля скасаваньня шлюбу, памер сродкаў на ўтрыманьне сужэнца, абмежаваньне тэрмінам і вызваленьне ад абавязку па ўтрыманьні другога сужэнца, а таксама страту права на ўтрыманьне. Згодна з 23-м артыкулам «Маёмасьць, нажытая сужэнцамі падчас шлюбу, незалежна ад таго, на каго з сужэнцаў яна набытая або на каго ці кім з сужэнцаў унесеныя грашовыя сродкі, зьяўляецца іх агульнай сумеснай уласнасьцю. Сужэнцы маюць роўныя правы валоданьня, карыстаньня і распараджэньня гэтай маёмасьцю»[2].
Сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Трэці разьдзел Кодэксу «Сям’я» ўлучаў 120 артыкулаў (59—178), што складала 49,8 % усіх артыкулаў Кодэксу. У разьдзеле налічвалася 7 главаў: 1) «Правы і абавязкі сям’і ў грамадзтве»; 2) «Асабістыя немаёмасныя праваадносіны ў сям’і»; 3) «Маёмасныя праваадносіны бацькоў і дзяцей]»; 4) «Пагадненьне аб выплаце алімэнтаў»; 5) «Парадак выплаты або спагнаньня алімэнтаў»; 6) «Выяўленьне, улік і ўладкаваньне дзяцей-сіротаў, дзяцей, якія засталіся без апекаваньня бацькоў, і дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы. Усынаўленьне»; 7) «Апека і апекавальніцтва». Найбольшай была глава «Апека і апекавальніцтва» з 37 артыкулаў (142—178), што апісвала: іх мэты, органы і асобаў, над якімі тыя ўстанаўліваюцца; месца іх устанаўленьня і іх устанаўленьне над байструкамі; абавязак суда паведамляць адпаведным органам аб патрэбе іх устанаўленьня; прызначэньне, выбар і кантроль за дзейнасьцю апекуна і апекавальніка; асобаў, якія маюць права імі быць; апеку маёмасьці не па месцы жыхарства падапечнага; бязвыплатнасьць выкананьня абавязкаў апекуноў і апекавальнікаў, іх грамадзянска-прававыя абавязкі і абавязкі па ахове асобы і здароўя падапечных і абароне іх правоў і законных інтарэсаў; правы і абавязкі апекуноў і апекавальнікаў па выхаваньні непаўналетніх, а таксама іх права патрабаваць вяртаньня падапечных ад незаконных утрымальнікаў; зьдзелкі з дазволу органаў апекі і апекавальніцтва і наступствы заключэньня апекуном і апекавальнікам неправамоцнай зьдзелкі; утрыманьне падапечных, распараджэньне іх бягучымі даходамі і кіраваньне іх маёмасьцю; абскарджаньне дзеяньняў апекуноў і апекавальнікаў, іх адхіленьне і вызваленьне ад выкананьня абавязкаў. Сярод іншага акрэсьліваліся: прыёмная сям’я і дзіцячы дом сямейнага тыпу; дамова аб умовах выхаваньня і ўтрыманьня дзяцей; прыёмныя бацькі і бацькі-выхавальнікі дзіцячага дома сямейнага тыпу і дзіцячай вёскі; перадача дзяцей на выхаваньне ў прыёмную сям’ю і дзіцячы дом сямейнага тыпу; патранатнае выхаваньне, дамова аб ім і перадача дзяцей на такое выхаваньне; правы дзяцей-сіротаў і байструкоў, а таксама спыненьне апекі і апекавальніцтва[2].
Ахова дзяцінства
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Чацьверты разьдзел Кодэксу аб шлюбе і сям’і «Ахова дзяцінства» зьмяшчаў 14 артыкулаў (179—192) у складзе 3-х главаў: 1) «Правы дзяцей. Агульныя палажэньні»; 2) «Сацыяльныя правы дзяцей»; 3) «Матэрыяльныя правы дзіцяці». Найбольшай была глава «Сацыяльныя правы дзяцей» зь 7 артыкулаў (184—190) наконт права на жыцьцё, яго належня ўмовы і ахову здароўя, на жыцьцё ў сям’і, адукацыю і працу, на адпачынак і вольны час. Сярод іншага апісваліся гарантыі свабоды асобы дзіцяці, права на абарону і абавязкі дзіцяці па-за сям’ёй. У 185-м артыкуле згадвалася: «Усе дзеці маюць права на жыцьцё ў сям’і сярод бацькоў і блізкіх сваякоў, на іх клопат і ўвагу. Права дзяцей на клопат і ўвагу з боку маці і бацькі зьяўляецца роўным незалежна ад сумеснага або асобнага пражываньня бацькоў. Пры асобным пражываньні бацькоў дзіця па дасягненьні 10 гадоў мае права выбраць, з кім з бацькоў яно будзе пражываць»[2].
Акты грамадзянскага стану
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пяты разьдзел Кодэксу «Акты грамадзянскага стану» налічваў 35 артыкулаў (193—227) у складзе 9 главаў: 1) «Агульныя палажэньні»; 2) «Рэгістрацыя нараджэньня»; 3) «Рэгістрацыя заключэньня шлюбу»; 4) «Рэгістрацыя ўстанаўленьня мацярынства і бацькоўства»; 5) «Рэгістрацыя ўсынаўленьня»; 6) «Рэгістрацыя сьмерці»; 7) «Рэгістрацыя перамены прозьвішча, уласнага імя, імя па бацьку»; 8) «Рэгістрацыя скасаваньня шлюбу»; 9) «Зьмяненьне, дапаўненьне, выпраўленьне, аднаўленьне і ануляваньне запісаў актаў грамадзянскага стану». Найбольшай была глава «Агульныя палажэньні» з 11 артыкулаў, якая вызначала: рэгістрацыю актаў грамадзянскага стану, яе мову і органы іх рэгістрацыі; прававую аснову, прынцыпы дзейнасьці і кампэтэнцыю такіх органаў, а таксама парадак ажыцьцяўленьня імі паўнамоцтваў; зьвесткі, якія падаюцца для рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану, і ажыцьцяўленьне іх запісу; выдачу паўторных пасьведчаньняў аб іх рэгістрацыі і адмову ў іх рэгістрацыі. Паводле 194-га артыкула, «Рэгістрацыя актаў грамадзянскага стану ў гарадах праводзіцца аддзеламі запісу актаў грамадзянскага стану (ЗАГС), Палацамі грамадзянскіх абрадаў гарадзкіх выканаўчых камітэтаў, а ў гарадах раённага падпарадкаваньня, пасёлках гарадзкога тыпу і сельскіх населеных пунктах — адпаведнымі мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. Рэгістрацыя актаў грамадзянскага стану грамадзянаў Рэспублікі Беларусь за межамі тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ажыцьцяўляецца консульскімі ўстановамі, а таксама дыпляматычнымі прадстаўніцтвамі Рэспублікі Беларусь у выпадку выкананьня імі консульскіх функцыяў»[2].
Іншаземцы і замежжа
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Шосты разьдзел Кодэксу «Прымяненьне заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і да замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства. Прымяненьне заканадаўства аб шлюбе і сям’і замежных дзяржаваў і міжнародных дамоваў» улучаў 11 артыкулаў (228—238). Гэты разьдзел закранаў: правы і абавязкі замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства; заключэньне імі шлюбаў з грамадзянамі Беларусі, у тым ліку ў консульствах і амбасадах Беларусі, і прызнаньне заключаных за мяжой шлюбаў; іх развод з грамадзянамі Беларусі і яго прызнаньне пры ажыцьцяўленьні за мяжой; устанаўленьне іх бацькоўства і мацярынства ў Беларусі і яго прызнаньне пры ўстанаўленьні за мяжой; міжнароднае ўсынаўленьне, апеку і апекавальніцтва над непаўналетнімі грамадзянамі Беларусі за мяжой, а таксама іх прызнаньне пры ўсталяваньні за мяжой; усталяваньне міжнародных апекі і апекавальніцтвах над непаўналетнімі ў Беларусі; прызнаньне замежных дакумэнтаў наконт актаў грамадзянскага стану; прымяненьне міжнародных дамоваў і замежнага заканадаўства; рэгістрацыю актаў грамадзянскага стану беларускіх грамадзянаў за мяжой. Артыкулам 233 Кодэксу дапускалася ўсынаўленьне жыхарамі замежжа беларускіх дзяцей і жыхарамі Беларусі іншаземных дзяцей «пры ўмове атрыманьня ў кожным асобным выпадку пісьмовага дазволу на ўсынаўленьне Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь, а для ўсынаўляльнікаў, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь, — таксама пісьмовага дазволу кампэтэнтнага органа дзяржавы, на тэрыторыі якой яны пастаянна пражываюць»[2].
Заключныя палажэньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сёмы разьдзел Кодэксу «Заключныя палажэньні» зьмяшчаў 3 артыкулы (239—241) пра набыцьцё моцы Кодэксам Беларусі аб шлюбе і сям’і і правядзеньне заканадаўства ў адпаведнасьць зь ім. Згодна з 240-м артыкулам Савет міністраў Рэспублікі Беларусь меў: унесьці адпаведныя прапановы ў Палату прадстаўнікоў Беларусі, прывесьці ўласныя пастановы ў адпаведнасьць з Кодэксам і скасаваць загады падпарадкаваных ведамстваў, якія супярэчылі Кодэксу[2].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Зьмест Кодэкса // Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і ад 9 ліпеня 1999 г. № 278-З, 16 сьнежня 2004 г. Праверана 20 чэрвеня 2020 г.
- ^ а б в г д е ё ж А. Лукашэнка. Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і ад 9 ліпеня 1999 г. № 278-З // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 10 кастрычніка 2019 г. Праверана 20 чэрвеня 2020 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |