Архіў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Архіў (грэц. άρχεϊον) — установа або структурнае падраздзяленьне арганізацыі, якая ажыцьцяўляе захоўваньне, камплектаваньне, улік і выкарыстаньне архіўных дакумэнтаў.

Як збор крыніц, архіў служыць для навуковых дасьледаваньняў, практычных патрэбаў гаспадаркі і дзяржаўнага кіраваньня[1].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сховішча Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (2016 г.)

Архівы існуюць са Старажытнасьці ў сувязі з вынаходзтвам пісьменства. У Міжрэччы (цяпер Ірак) і Анатоліі (цяпер Турэччына) археалягічныя раскопкі выявілі ў палацах валадароў, іх намесьнікаў, прыватных асобаў і храмах архівы адміністратыўна-гаспадарчых запісаў на гліняных таблічках. Таксама знайшлі дыпляматычныя сховішчы эгіпецкіх фараонаў. Прыстасаваныя для захоўваньня пастановаў архівы існавалі ў Старажытных Грэцыі і Рыме. У 12—13 стагодзьдзях у Францыі, Гішпаніі і Ангельшчыне ўзьніклі каронныя архівы пры дварах валадароў. Значную частку крыніц у Сярэднявеччы захоўвалі цэрквы. З 16-га стагодзьдзя дзяржаўныя ўстановы займелі ўласныя архівы. У выніку калянізаваньня эўрапейцамі іншых частак сьвету ўзьніклі каляніяльныя архівы (Галоўны архіў Індыі ў Гішпаніі). З 19-га стагодзьдзя архівы зрабілі даступнымі дасьледнікам і склалася міжнародная архіўная супраца. У 1950 годзе на 1-м Міжнародным зьезьдзе архіваў зацьвердзілі статут Міжнароднай рады архіваў. На 1994 год зь ёй супрацоўнічалі архівісты каля 120 краінаў і выдаваўся міжнародны часопіс «Архівум» (лац. Archivum). На 1996 год найбольшымі архівамі замежжа былі: Нацыянальныя архівы Францыі ў Парыжы, заснаваныя ў 1794 годзе; Публічны архіў Вялікабрытаніі ў Лёндане, заснаваны ў 1838 годзе; Нацыянальныя архівы ЗША ў Вашынгтоне, створаны ў 1934 годзе; Саюзны архіў Нямеччыны ў Кобленцы (зямля Райнлянд-Пфальц), заснаваны ў 1952 годзе; Архіў новых актаў Польшчы ў Варшаве, створаны ў 1930 годзе, і Галоўны архіў старажытных актаў Польшчы ў Варшаве, заснаваны ў 1867 годзе; Дзяржаўны архіў Расейскай Фэдэрацыі і Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў[1].

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першыя ў Беларусі архівы стварылі пры княжацкіх замках, манастырах і цэрквах. Пры канцылярыі вялікага князя літоўскага працавала Мэтрыка Вялікага Княства Літоўскага. Свае архівы мелі гаспадарскія аканоміі і месты, магнаты (Радзівілы, Сапегі, Хадкевічы), шляхта і заможныя мяшчане. З 1850-х гадоў дакумэнты ВКЛ зьберагалі ў Віленскім і Віцебскім цэнтральных архівах старажытных актаў. З 1872 году ў Менску існаваў архіў скасаваных судовых месцаў Менскай губэрні. 4 жніўня 1922 году старшыня Прэзыдыюму Цэнтральнага выканаўчага камітэту БССР Зьміцер Жылуновіч падпісаў Пастанову «Аб архіве», паводле якой стварылі Цэнтральны архіў БССР для кіраваньня архіўнай справай. У 1924 і 1927 гадах у Менску правялі Ўсебеларускія канфэрэнцыі архіўных работнікаў. У 1926 годзе ў Менску адбыўся 1-ы зьезд дасьледнікаў беларускай археалёгіі і археаграфіі. У 1938—1960 гадах архівы ўваходзілі ў Народны камісарыят унутраных справаў БССР (з 1946 г. Міністэрства ўнутраных справаў БССР). Пазьней навуковае і мэтадычнае кіраваньне архівамі ажыцьцяўляла Галоўнае архіўнае кіраўніцтва пры Савеце міністраў БССР, якое ў 1992 годзе пераўтварылі ў Камітэт па архівах і справаводзтве Рэспублікі Беларусь. У 1994 годзе зацьвердзілі Закон «Аб нацыянальным архіўным фондзе і архівах у Рэспубліцы Беларусь». На 1995 годы ў Беларусі працавала 6 галоўных дзяржаўных архіваў: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, Нацыянальныя гістарычныя архівы Рэспублікі Беларусь у Менску і Горадні, Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакумэнтаў (Койданава, Менская вобласьць), Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва і Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакумэнтацыі. Абласныя архівы і іх аддзяленьні захоўвалі дакумэнты мясцовых установаў, прадпрыемстваў і калгаспаў (Дзяржаўны архіў Берасьцейскай вобласьці). Існуюць таксама архівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Камітэта дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь. Рукапісы і гістарычныя дакумэнты таксама захоўваюццца ў бібліятэках, музэях і навуковых установах. За мяжой буйныя зборы дакумэнтаў па гісторыі Беларусі знаходзяцца ў Польшчы, Расеі, Летуве, Украіне, Нямеччыне, Швэцыі і ЗША[1].

На 1 чэрвеня 2012 году ў дзяржаўных архівах Беларусі налічвалася 50 145 фондаў, 12 295 267 папяровых дакумэнтаў (97,5% усіх дакумэнтаў), 37 733 кінадакумэнтаў; 258 134 фотадакумэнтаў, 15 602 фонадакумэнтаў, 2193 відэадакументаў, 13 электронных фондаў, 502 электронных дакумэнтаў і 569 музэйных прадметаў. За 2011 год на пастаяннае захаваньне ў дзяржаўныя архівы краіны прынялі звыш 100 000 дакумэнтаў. Найбольш старажытнымі былі арыгінальныя пэргамэнтныя граматы 14-га стагодзьдзя, у тым ліку «Пацьвярджальны прывілей князёў Фёдара і Канстанціна Карыятавічаў пану Грынько на горад Сакалец. За верную службу» ад 20 чэрвеня 1391 году[2].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Архіўсховішча мультымэдыйных матэрыялаў