Перайсьці да зьместу

Жыльлёвы кодэкс Рэспублікі Беларусь

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
кодэкс
Жыльлёвы кодэкс Рэспублікі Беларусь
Заканадаўчы орган
Нумар 428-З
Прыняцьце Палатай прадстаўнікоў
31 траўня 2012 (12 гадоў таму)
Ухваленьне Саветам Рэспублікі
22 чэрвеня 2012 (12 гадоў таму)
Падпісаньне прэзыдэнтам Беларусі
28 жніўня 2012 (12 гадоў таму)
Уступ у сілу 2 сакавіка 2013 (11 гадоў таму)
Першая публікацыя 2 верасьня 2012 (12 гадоў таму)
Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь
Дзейная рэдакцыя 2-я ад 4 траўня 2019 (5 гадоў таму)
№ 185-З

Жыльлё́вы ко́дэкс Рэспу́блікі Белару́сь — звод заканадаўства Беларусі аб абароне правоў грамадзянаў і арганізацыяў у галіне жыльлёвых дачыненьняў, які набыў моц у сакавіку 2013 году.

Паводле 2-га артыкула, «дзеяньне гэтага Кодэксу распаўсюджваецца на адносіны па: 1) забесьпячэньні грамадзянаў жылымі памяшканьнямі; 2) уліку грамадзянаў, якія маюць патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў; 3) узьнікненьні‚ ажыцьцяўленьні і спыненьні права ўласнасьці, валоданьня і карыстаньня жылымі памяшканьнямі; 4) пераўладкаваньні і перапляноўцы; 5) плаце за жыльлёва-камунальныя паслугі, плаце за карыстаньне жылым памяшканьнем і пакрыцьці выдаткаў на электраэнэргію; 6) высяленьні з жылых памяшканняў; 7) кіраваньні жыльлёвым фондам, яго разьмеркаваньні і эксплюатацыі; 8) дзяржаўным уліку жылых памяшканьняў; 9) стварэньні і дзейнасьці арганізацыяў уласьнікаў; 10) сумесным домаўладаньні». На 2020 год налічваў 188 артыкулаў у складзе 6 разьдзелаў: 1) «Агульныя палажэньні», 2) «Дзяржаўны жыльлёвы фонд», 3) «Рэгуляваньне жыльлёвых адносін з удзелам некаторых катэгорыяў грамадзянаў», 4) «Прыватны жыльлёвы фонд», 5) «Сумеснае домаўладаньне», 6) «Заключныя палажэньні». Замяніў сабой Жыльлёвы кодэкс ад 22 сакавіка 1999 году № 248-З. На 2020 год Жыльлёвы кодэкс Беларусі дзейнічаў з 3-ма зьмяненьнямі і дапаўненьнямі 2015, 2017 і 2019 гадоў, у тым ліку пасьля 2-й рэдакцыі ад 4 траўня 2019 году № 185-З. 29 чэрвеня 2020 году Экспэртная рада ў пытаньнях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову ўхваліла Пратаколам № 2 пераклад 2-й яго рэдакцыі з 3-ма зьмяненьнямі і дапаўненьнямі паводле Закону ад 4 траўня 2019 году № 185-З[1]. На той час у Экспэртную раду ўваходзілі прадстаўнікі дзяржаўных і прыватных ВНУ, а таксама 7 дзяржаўных органаў Беларусі: Адміністрацыі прэзыдэнта, Нацыянальнай акадэміі навук, Палаты прадстаўнікоў, Міністэрства юстыцыі, Міністэрства культуры, Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых дасьледаваньняў і Нацыянальнага цэнтру прававой інфармацыі[2].

Агульныя палажэньні

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы разьдзел Жыльлёвага кодэксу «Агульныя палажэньні» зьмяшчаў 94 артыкулы, што складала 50 % усіх артыкулаў Кодэксу. У разьдзеле налічвалася 14 главаў: 1) «Асноўныя палажэньні»; 2) «Дзяржаўнае рэгуляваньне ў галіне жыльлёвых адносін»; 3) «Склад жыльлёвага фонду і кіраваньне ім. Дзяржаўны ўлік жылых памяшканьняў»; 4) «Прызначэньне і выкарыстаньне жыловаг памяшканьня. Пераўладкаваньне і перапляноўка. Перавод жылога памяшканьня ў нежылое і нежылога памяшканьня ў жылое»; 5) «Правы і абавязкі грамадзянаў і арганізацыяў у галіне жыльлёвых адносін. Падставы для ўзьнікненьня права валоданьня і карыстаньня жылымі памяшканьнямі»; 6) «Плата за жыльлёва-камунальныя паслугі, плата за карыстаньне жылым памяшканьнем, пакрыцьцё выдаткаў арганізацыяў, якія ажыцьцяўляюць эксплюатацыю жыльлёвага фонду і падаюць жыльлёва-камунальныя паслугі, на электраэнэргію, што спажываецца на асьвятленьне дапаможных памяшканьняў і працу абсталяваньня. Ліквідацыя пашкоджаньняў дапаможных памяшканьняў шматкватэрнага жылога дома. Падтрыманьне і аднаўленьне санітарнага і тэхнічнага стану прысядзібнай тэрыторыі»; 7) «Улік маючых патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў»; 8) «Дамова найму жылога памяшканьня»; 9) «Безаплатнае валоданьне і карыстаньне жылым памяшканьнем, карыстаньне жылым памяшканьнем, дадзеным паводле тэстамэнтавага адпісаньня або на падставе дамовы пажыцьцёвага ўтрыманьня з забесьпячэньнем»; 10) «Адчужэньне, набыцьцё, лізінг, іпатэка, арэнда, наём, перадача ў безаплатнае карыстаньне жылых памяшканьняў»; 11) «Абмен жылых памяшканьняў»; 12) «Высяленьне грамадзянаў з жылых памяшканьняў»; 13) «Забесьпячэньне захаванасьці жылых памяшканьняў. Эксплюатацыя жыльлёвага фонду»; 14) «Кантроль за выкананьнем жыльлёвага заканадаўства. Грамадзкія камісіі ў жыльлёвых пытаньнях». Найбольшай была 8-я глава ў складзе 17 артыкулаў (50—66), дзе апісваліся: істотныя ўмовы, заключэньне і рэгістрацыя дамовы найму жытла; патрабаваньні да наёмнага жытла; акт аб прыёме-перадачы ў валоданьне і карыстаньне жытла; правы і абавязкі наймадаўца і наймальніка жытла; правы наймальніка на перадачу жытла ў валоданьне і карыстаньне чальцам сваёй сям’і і іншым асобам; правы і абавязкі чальцоў сям’і наймальніка, у тым ліку часова адсутных; зьмяненьне, спыненьне і скасаваньне дамовы найму жытла; скасаваньне і зьмяненьне адпаведнай дамовы пры пераходзе права ўласнасьці на жытло[1].

Другі разьдзел Кодэксу «Дзяржаўны жыльлёвы фонд» налічваў 34 артыкулы (95—128) у складзе 7 главаў: 1) «Даваньне жылых памяшканьняў дзяржаўнага жыльлёвага фонду»; 2) «Жылыя памяшканьні сацыяльнага карыстаньня. Даваньне жылых памяшканьняў сацыяльнага карыстаньня, валоданьне і карыстаньне імі»; 3) «Арэнднае жыльлё. Даваньне арэнднага жыльля, валоданьне і карыстаньне ім»; 4) «Жылыя памяшканьні дзяржаўнага жыльлёвага фонду ў інтэрнатах і парадак іх даваньня»; 5) «Спэцыяльныя жылыя памяшканьні. Даваньне спэцыяльных жылых памяшканьняў, валоданьне і карыстаньне імі»; 6) «Рэгуляваньне жыльлёвых адносін з удзелам вайскоўцаў»; 7) «Даваньне грамадзянам жылых памяшканьняў, пабудаваных за кошт рэспубліканскага бюджэту, якія накіроўваюцца на пераадоленьне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС». Найбольшай была першая глава ў складзе 9 артыкулаў (95—103), якая акрэсьлівала: даваньне жытла дзяржаўнымі органамі; права паўторнага даваньня жытла; чарговасьць і норму яго даваньня; даваньне дадатковай і меншай плошчы жытла; даваньне дзяржаўнага жытла ў сувязі з капітальным рамонтам жылога дома; даваньне вызваленега жылога пакою. Паводле 95-га артыкула, «дзяржаўныя органы, іншыя дзяржаўныя арганізацыі, у гаспадарчым распараджэньні або апэратыўным кіраваньні якіх знаходзяцца жылыя памяшканьні дзяржаўнага жыльлёвага фонду, або дзяржаўныя органы, іншыя дзяржаўныя арганізацыі, якія заключылі дамовы безаплатнага карыстаньня такімі памяшканнямі, або ўпаўнаважаныя імі асобы даюць сваім работнікам жылыя памяшканьні». Згодна зь 96-м артыкулам «жылыя памяшканьні дзяржаўнага жыльлёвага фонду даюцца грамадзянам, якія знаходзяцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў, і чальцам іх сем’яў на ўмовах адпаведнай дамовы найму»[1].

Рэгуляваньне жыльлёвых дачыненьняў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Трэці разьдзел Жыльлёвага кодэксу ўлучаў 6 артыкулаў (129—134) у складзе 3-х главаў: 1) «Рэгуляваньне жыльлёвых адносін з удзелам абавязаных асобаў»; 2) «Рэгуляваньне жыльлёвых адносін з удзелам дзяцей сіротаў і дзяцей, якія засталіся без апекаваньня бацькоў»; 3) «Рэгуляваньне жыльлёвых адносін з удзелам грамадзянаў, якія прызнаныя нядзеяздольнымі і пражываюць ва ўстановах сацыяльнага абслугоўваньня, што ажыцьцяўляюць стацыянарнае сацыяльнае абслугоўваньне». Найбольшай зь іх быў другая глава ў складзе артыкулаў 131 і 132. Згодна са 131-м артыкулам «незаселеныя жылыя памяшканьні, прыналежныя на праве ўласнасьці дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекаваньня бацькоў і знаходзяцца на дзяржаўным забесьпячэньні ў дзіцячых інтэрнатных установах, дзяржаўных установах прафэсійна-тэхнічнай, сярэдняй спэцыяльнай і вышэйшай адукацыі, падлягаюць даваньню іншым грамадзянам для пражываньня раённым, гарадзкім выканаўчымі камітэтамі, мясцовай адміністрацыяй раёна ў горадзе па месцы знаходжаньня гэтых жылых памяшканьняў паводле дамоваў найму жылых памяшканьняў прыватнага жыльлёвага фонду». Пагатоў, «памер платы за карыстаньне жылым памяшканьнем ... ня можа быць меншы за 0,1 базавай велічыні за 1 м² агульнай плошчы жылога памяшканьня ў месяц». Урэшце «даходы, атрыманыя ад даваньня жылых памяшканьняў, якія застаюцца пасьля ўнясеньня платы за жыльлёва-камунальныя паслугі, пакрыцьця выдаткаў на электраэнэргію, залічваюцца на адкрытыя ў банках рахункі дзяцей-сіротаў і дзяцей, якія засталіся без апекаваньня бацькоў, і не падлягаюць накіраваньню на пагашэньне бацькамі выдаткаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманьне іх дзяцей»[1].

Чацьверты разьдзел Кодэксу налічваў 11 артыкулаў (135—145) у складзе 2-х главаў: 1) «Узьнікненьне і ажыцьцяўленьне права ўласнасьці на жылыя памяшканьні»; 2) «Рэгуляваньне жылых адносін з удзелам арганізацыяў недзяржаўнай формы ўласнасьці». Большай зь іх была першая глава ў складзе 9 артыкулаў (135—143) пра: падставы для ўзьнікненьня права ўласнасьці на жытло; правамоцтвы ажыцьцяўляць такое права; адчужэньне жытла ў выпадку парушэньня правілаў карыстаньня і ўтрыманьня, а таксама ўхіленьня ад аплаты жыльлёвых паслугаў; разьдзел жытла; правы і абавязкі чальцоў сям’і ўласьніка жытла; правы грамадзянаў і арганізацыяў пры зносе жылога дома ў сувязі з адабраньнем дзялянкі для дзяржаўнай патрэбы; правы грамадзянаў і ўстановаў пры страце жылога дома, а таксама жылога памяшканьня ў шматкватэрным жылым доме; правы грамадзянаў пры страце кватэры ў сувязі з капітальным рамонтам шматкватэрнага жылога дома. У 135-м артыкуле згадвалася, што «падставамі для ўзьнікненьня ў грамадзянаў права ўласнасьці на жылыя памяшканьні зьяўляюцца: 1) будаўніцтва жылога дома і жылога памяшканьня; 2) атрыманьне ў спадчыну жылога памяшканьня; 3) перадача ім ва ўласьнасць жылога дома або кватэры ў шматкватэрным або блочным жылым доме пры зносе жылога дома ў сувязі з адабраньнем зямельнай дзялянкі для дзяржаўных патрэбаў; 4) перадача ім ва ўласнасьць жылога памяшканьня пры страце кватэры ў сувязі з капітальным рамонтам або рэканструкцыяй жылога дома». Згодна са 136-м артыкулам уласьнікі жытла маюць права «адчужаць, даваць грамадзянам паводле дамовы найму ці ў бязвыплатнае карыстаньне, даваць арганізацыям паводле дамовы арэнды, аддаваць у заклад, ажыцьцяўляць пераўладкаваньне і перапляноўку, а таксама зносіць жылыя памяшканьні». Таксама «ўласнік(-ца) жылога памяшканьня мае права надаць права валоданьня і карыстаньня прыналежным яму жылым памяшканьнем у якасьці чальцоў сваёй сям’і: 1) жонцы (мужу), бацькам і дзецям; 2) родным братам і сёстрам, дзеду, бабцы і ўнукам — зь пісьмовай згоды ўсіх паўналетніх чальцоў, былых чальцоў яго сям’і, якія пражываюць сумесна зь ім і маюць долю ў праве агульнай уласнасьці на гэта жылое памяшканьне; 3) іншым родзічам, сваякам і непрацаздольным утрыманцам, якія заключылі зь ім пісьмовыя пагадненьні аб прызнаньні чальцом сям’і»[1].

Сумеснае домаўладаньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пяты разьдзел Кодэксу зьмяшчаў 42 артыкулы (146—187) у складзе 3-х главаў: 1) «Агульныя палажэньні аб сумесным домаўладаньні»; 2) «Кіраваньне агульнай маёмасьцю сумеснага домаўладаньня»; 3) «Арганізацыі ўласьнікаў». Найбольшай зь іх была апошняя глава ў складзе 28 артыкулаў (160—187), якая вызначала: стварэньне і дзейнасьць, маёмасьць і статут суполкі ўласьнікаў; утварэньне і сяброўства ў арганізацыі забудоўнікаў; паўнамоцтвы сходу, управы, старшыні і рэвізійнай камісіі суполкі ўласьнікаў; узьнікненьне правоў уласнасьці на нерухомасьць у жылым доме арганізацыі забудоўнікаў; абавязкі і правы суполкі ўласьнікаў, а таксама сяброўства ў ёй; абавязкі і правы сябраў суполкі ўласьнікаў, а таксама чальцоў сям’і ўдзельніка арганізацыі забудоўнікаў; абавязкі і правы ўласьніка нерухомасьці; уступленьне ў арганізацыю забудоўнікаў у выпадку перадачы назапашваньня і ўспадкаваньня; парадак унясеньня складак сябрамі суполкі ўласьнікаў; капітальны рамонт жылога дома суполкі ўласьнікаў; нагляд за дзейнасьцю суполак уласьнікаў і забудоўнікаў; аб’яднаньне суполак уласьнікаў. Паводле 162-га артыкула, «ініцыяваньне стварэньня суполкі ўласнікаў, а таксама падрыхтоўку яе статута могуць ажыцьцяўляць: 1) удзельнікі сумеснага домаўладаньня»; 2) «мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы; забудоўнік на стадыі будаўніцтва аднакватэрных, блочных жылых дамоў, шматкватэрнага жылога дома». Згодна са 163-м артыкулам маёмасьць суполкі ўласьнікаў утвараецца «за кошт уступных, мэтавых, сяброўскіх складак, абавязковых плацяжоў яе сябраў, даходаў ад дзейнасьці суполкі, дзяржаўных сацыяльных гарантыяў, аказаньня асобных відаў жыльлёва-камунальных паслугаў». У 166-м артыкуле прадугледжвалася, што «ўпаўнаважаныя сябры арганізацыі ўласьнікаў выбіраюцца на агульным сходзе сябраў арганізацыі ўласьнікаў, у якім прынялі ўдзел ня менш за палову сябраў арганізацыі ўласьнікаў ад іх агульнай колькасьці, якія валодаюць ня менш чым паловай галасоў усіх сябраў арганізацыі ўласнікаў, зь ліку сябраў арганізацыі з разліку па адным упаўнаважаным ад кожных 5 сябраў». Пагатоў, «выбары ўпаўнаважаных павінныя праводзіцца не радзей за адзін раз у 5 год». Урэшце «на агульным сходзе сябраў суполкі ўласьнікаў кожны сябар суполкі ўласьнікаў валодае колькасьцю галасоў, прапарцыйнай памеру яго долі ў праве ўласьнасці на агульную маёмасьць сумеснага домаўладаньня, упаўнаважаны на сходзе ўпаўнаважаных сябраў суполкі ўласнікаў — колькасьцю галасоў, роўнай суме ўласных галасоў і галасоў прадстаўляемых ім сябраў». Сход склікаецца ўправай не радзей за адзін раз на год[1].

Паводле 167-га артыкула, «да выключнай кампэтэнцыі агульнага сходу сябраў арганізацыі ўласьнікаў адносяцца:

  1. унясеньне зьмяненьняў і дапаўненьняў у статут арганізацыі ўласьнікаў;
  2. вызначэньне асноўных напрамкаў дзейнасьці арганізацыі ўласьнікаў;
  3. устанаўленьне памераў, складу і парадку ўнясеньня ўсіх відаў узносаў;
  4. устанаўленьне ў адпаведнасьці з заканадаўствам памераў пені за нясвоечасовае ўнясеньне ўзносаў;
  5. выбраньне ўпаўнаважаных і датэрміновае спыненьне іх паўнамоцтваў;
  6. вызначэньне колькаснага складу ўправы арганізацыі ўласьнікаў;
  7. выбраньне сябраў управы і старшыні ўправы арганізацыі ўласьнікаў, датэрміновае спыненьне іх паўнамоцтваў;
  8. выбраньне сябраў рэвізійнай камісіі арганізацыі ўласьнікаў, датэрміновае спыненьне іх паўнамоцтваў, зацьвярджэньне палажэньня аб рэвізійнай камісіі арганізацыі ўласьнікаў;
  9. наданьне паўнамоцтваў старшыні агульнага сходу (сходу ўпаўнаважаных) сябраў арганізацыі ўласьнікаў па заключэньні працоўнай дамовы з выбраным старшынём управы арганізацыі ўласьнікаў;
  10. зацьвярджэньне штогадовай справаздачы аб працы ўправы арганізацыі ўласьнікаў, а таксама гадавой бухгальтарскай справаздачнасьці арганізацыі ўласьнікаў на падставе заключэньня рэвізійнай камісіі або аўдытарскага заключэньня;
  11. зацьвярджэньне штогадовага каштарыса даходаў і выдаткаў, зьмяненьняў і дапаўненьняў, якія ў яго ўносяцца;
  12. зацьвярджэньне штогадовага каштарыса выдаткаў на ўтрыманьне органаў кіраваньня і рэвізійнай камісіі, зьмяненьняў і дапаўненьняў, якія ў яго ўносяцца, а таксама формаў і сыстэмаў аплаты працы, захадаў сацыяльнай абароны работнікаў;
  13. зьмяненьне памеру агульнай маёмасьці сумеснага домаўладаньня ў працэсе рэканструкцыі аб’ектаў нерухомай маёмасьці шляхам надбудовы і прыбудовы або адчужэньне ці перадача агульнай маёмасьці сумеснага домаўладаньня ў валоданьне і карыстаньне аднаму або некалькім сябрам арганізацыі ўласьнікаў, іншым асобам у выпадку, калі гэта не парушае правоў і законных інтарэсаў сябраў арганізацыі ўласьнікаў і ўласьнікаў аб’ектаў нерухомай маёмасьці, якія не зьяўляюцца сябрамі арганізацыі забудоўнікаў;
  14. разгляд скаргаў на рашэньні і дзеяньні сябраў і старшыні ўправы арганізацыі ўласьнікаў, сябраў рэвізійнай камісіі арганізацыі ўласьнікаў;
  15. прыняцьце рашэньняў аб рэарганізацыі і ліквідацыі арганізацыі ўласьнікаў, прызначэньні ліквідацыйнай камісіі, а таксама зацьвярджэньне перадатачнага акта або разьдзяляльнага балянсу, прамежкавага ліквідацыйнага і ліквідацыйнага балянсаў;
  16. прыняцьце рашэньняў аб правядзеньні аўдыту бухгальтарскай справаздачнасьці арганізацыі ўласьнікаў;
  17. прыняцьце рашэньняў аб разьмяшчэньні грашовых сродкаў арганізацыі ўласьнікаў, атрыманых ад унясеньня платы за капітальны рамонт, ва ўклады або на спэцыяльныя рахункі ў банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях і накіраваньні гэтых сродкаў і адсоткаў ад разьмяшчэньня грашовых сродкаў на капітальны рамонт»[1].

Згодна са 168-м артыкулам «управа арганізацыі ўласьнікаў выбіраецца агульным сходам сябраў арганізацыі ўласьнікаў зь іх ліку на тэрмін, які не перавышае 5 гадоў». Паседжаньні ўправы праводзяцца не радзей за адзін раз у квартал. У 171-м артыкуле прадугледжваецца, што «рэвізійная камісія арганізацыі ўласьнікаў выбіраецца ў складзе не менш за 3 чалавекі тэрмінам на 3 гады»[1].

Папярэднім быў Жыльлёвы кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 22 сакавіка 1999 году № 248-З у складзе 129 артыкулаў, які набыў моц 1 ліпеня 1999 году і замяніў сабой Жыльлёвы кодэкс Беларускай ССР ад 22 сьнежня 1983 году[3].

  1. ^ а б в г д е ё ж А. Лукашэнка. Жыльлёвы кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 28 жніўня 2012 г. № 428-З // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 29 чэрвеня 2020 г. Праверана 7 ліпеня 2020 г.
  2. ^ Падрыхтаваны пераклад Жыльлёвага кодэксу на беларускую мову (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 29 чэрвеня 2020 г. Праверана 7 ліпеня 2020 г.
  3. ^ А. Лукашэнка. Жыльлёвы кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 22 сакавіка 1999 г. № 248-З (рас.) // Партал «Эталён-анлайн», 2006 г. Праверана 7 ліпеня 2020 г.