Перайсьці да зьместу

Аб’яднаны інстытут праблемаў інфарматыкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «АІПІ»)

Каардынаты: 53°55′12″ пн. ш. 27°36′12″ у. д. / 53.92° пн. ш. 27.60333° у. д. / 53.92; 27.60333

Аб’яднаны інстытут праблемаў інфарматыкі
рас. Объединенный институт проблем информатики

Начны здымак будынка (2010 г.)
Абрэвіятура АІПІ
Папярэднік Інстытут матэматыкі і вылічальнай тэхнікі
Дата ўтварэньня 10 лютага 1965 (59 гадоў таму)
Тып навуковая
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Месцазнаходжаньне Менск, Першамайскі раён, вул. Сурганава, д. 6
Сяброўства Рэспубліканскі цэнтар трансфэру тэхналёгіяў
Афіцыйныя мовы расейская
генеральны дырэктар Сяргей Круглікаў
Намесьнік генеральнага дырэктара па інавацыйнай працы Ігар Філіпчанка
Намесьнікі па навуковай працы Сяргей Касанін
Навуковы сакратар Алег Гарох
Матчына кампанія Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Зьвязаныя кампаніі УП «Геаінфармацыйныя сыстэмы», УП «Цэнтар сыстэмаў ідэнтыфікацыі»[1]
Колькасьць супрацоўнікаў 387 (2018 г.)
Сайт uiip.bas-net.by
Колішняя назва Інстытут тэхнічнай кібэрнэтыкі (да 2002 году)

Аб’яднаны інстытут праблемаў інфарматыкі (наркам. Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі, анг. United Institute of Informatics Problems) — установа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заснаваная ў лютым 1965 году пад назвай Інстытут тэхнічнай кібэрнэтыкі.

На 2018 год АІПІ ажыцьцяўляў фундамэнтальныя і дастасоўныя дасьледаваньні ў галіне кібэрнэтыкі, інфарматыкі, аўтаматызацыі і прыкладной матэматыкі. Праводзіліся канструктарскія досьледы і распрацоўваліся прагнозы разьвіцьця тэхнікі. Набор у асьпірантуру ажыцьцяўляўся па 5 спэцыяльнасьцях: 1) дыскрэтная матэматыка і матэматычная кібэрнэтыка, 2) сыстэмны аналіз, кіраваньне і апрацоўка інфармацыі, 3) сыстэмы аўтаматызацыі праектаваньня, 4) матэматычнае і праграмнае забесьпячэньне вылічальных машынаў, комплексаў і кампутарных сетак, 5) матэматычнае мадэляваньне, лікавыя мэтады і комплексы праграмаў. У дактарантуру прымалі па 2 спэцыяльнасьцях: 1) сыстэмны аналіз, кіраваньне і апрацоўка інфармацыі, 2) сыстэмы аўтаматызацыі праектаваньня. Інстытут аказваў паслугі: 1) аўтаматызацыі праектаваньня; 2) апрацоўкі мапаў, здымкаў зямной паверхні, маўленьня і сыгналаў; 3) мэдычнай дыягностыкі; 4) апраграмаваньня; 5) лягічнага праектаваньня; 6) распрацоўкі фота- і відэапрыладаў; 7) распрацоўкі супэркампутараў; 8) экспэртызы навукова-тэхнічнай дакумэнтацыі[2].

На 2018 год Аб’яднаны інстытут праблемаў інфарматыкі ўлучаў:

  • 3 аддзяленьні — 1) мадэляваньня інтэлектуальных працэсаў, 2) мадэляваньня працэсаў утварэньня і распазнаваньня вобразаў, 3) інфармацыйных тэхналёгіяў і сыстэмаў;
  • 22 лябараторыі — 1) матэматычнай кібэрнэтыкі, 2) дасьледаваньняў апэрацыяў, 3) лягічнага праектаваньня, 4) мадэляваньня тэхналягічных працэсаў, 5) сынтэзу тэхнічных сыстэмаў, 6) мадэляваньня самаарганізавальных сыстэмаў, 7) аўтаматызацыі працэсаў праектаваньня, 8) робататэхнічных сыстэмаў, 9) апрацоўкі і распазнаваньня малюнкаў, 10) распазнаньня і сынтэзу маўленьня, 11) картаграфічных сыстэмаў і тэхналёгіяў, 12) ідэнтыфікацыі сыстэмаў, 13) сыстэматэхнікі, 14) высокапрадукцыйных сыстэмаў, 15) праблемаў абароны інфармацыі, 16) аналізу біямэдычных малюнкаў, 17) біяінфарматыкі, 18) кампутарнай графікі, 19) аўтаматызацыі ўводу відэаінфармацыі, 20) інфармацыйна-аналітычных сыстэмаў, 21) інфармацыйнага забесьпячэньня навуковых дасьледаваньняў, 22) інфармацыйнага забесьпячэньня сеткі;
  • аддзелаў — 1) сумесных праграмаў касьмічных і інфармацыйных тэхналёгіяў, 2) інтэлектуальных інфармацыйных сыстэмаў, 3) адміністраваньня і разьвіцьця акадэмсеткі, 4) тэлекамунікацыяў акадэмсеткі;
  • Рэспубліканскі супэркампутарны цэнтар калектыўнага карыстаньня[2].

10 лютага 1965 году Акадэмія навук БССР стварыла Інстытут тэхнічнай кібэрнэтыкі (ІТК) са складу часткі лябараторыяў Інстытуту матэматыкі і вылічальнай тэхнікі. У 1975 годзе 5супрацоўнікаў ІТК — Алег Семянкоў, Яўген Дняпроўскі, А. Г. Раковіч, В. Д. Цьвяткоў і Н. А. Ярмаш — атрымалі Дзяржаўную прэмію БССР за распрацоўку сыстэмы аўтаматызаванага праектаваньня. У 1984 годзе ІТК узнагародзілі ордэнам Працоўнага Чырвонага Сьцяга БССР. У 1985 годзе 6 супрацоўнікаў Інстытуту — А.Семянкоў, Б. С. Берагаў, Геральд Маньшын, Анатоль Сутурын і А. Г. Пратапопаў — атрымалі Дзяржаўную прэмію СССР за распрацоўку лічбавай картаграфіі, працу над якой пачалі ў 1978 годзе. У 1986 годзе 3 супрацоўнікі — П.М. Чаголін, В. І. Пяцько і А. Г. Куконін — атрымалі Дзяржаўную ўзнагароду БССР за аўтаматызацыю выпрабаваньняў. У 1989 годзе да Інстытуту далучылі Спэцыяльнае канструктарска-тэхналягічнае бюро (СКТБ) з досьледнай вытворчасьцю. У 1990 годзе прэміі Камсамолу Беларусі за апрацоўку сыгналаў і выяваў атрымалі Сяргей Абламейка, Аляксандар Крот, С. Н. Дземідзенка і Валер Старавойтаў, а за працу па тэорыі раскладаў — Аляксандар Тузікаў і Міхаіл Кавалёў. У 1995 годзе да ІТК далучылі Вылічальны цэнтар Акадэміі навук Беларусі[3].

У 1996 годзе ІТК стаў галаўной установай навукова-вытворчага аб’яднаньня «Кібэрнэтыка». Адначасна зь Інстытуту вылучылі навукова-інжынэрныя прадпрыемствы «Геаінфармацыйныя сыстэмы» і «Інфармацыйныя тэхналёгіі», інжынэрнае прадпрыемства «Навуковае прыладабудаваньне». На 1998 год у Інстытуце налічвалася 2 аддзяленьні (19 лябараторыяў), інжынэрны цэнтар (3 аддзелы), асьпірантура, дактарантура і рада па абароны кандыдацкіх і доктарскіх дысэртацыяў[3]. У 1998 годзе 6 супрацоўнікаў ІТК — Вячаслаў Танаеў, Валер Гардон, Якаў Шафранскі, М.Кавалёў і В. А. Струсевіч — атрымалі Дзяржаўную прэмію Беларусі за распрацоўкі па тэорыі раскладаў. У 2002 годзе ІТК перайменавалі ў Аб’яднаны інстытут праблемаў інфарматыкі (АІПІ). У 2003 годзе Дзяржаўную прэмію Беларусі за апрацоўку і распазнаваньне выяваў атрымалі С.Абламейка, В.Старавойтаў і А.Тузікаў. 26 студзеня 2007 году Прэзыдыюм НАНБ зацьвердзіў Пастанову № 3, паводле якой да АІПІ далучылі Нацыянальны цэнтар інфармацыйных рэсурсаў і тэхналёгіяў.

  1. ^ Аддзяленьне фізыкі, матэматыкі і інфарматыкі // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 12 траўня 2018 г. Праверана 2 верасьня 2018 г.
  2. ^ а б Арганізацыі Аддзяленьня фізыкі, матэматыкі і інфарматыкі (Аб’яднаны інстытут праблемаў інфарматыкі) // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 6 чэрвеня 2018 г. Праверана 2 верасьня 2018 г.
  3. ^ а б Вячаслаў Танаеў, Мікалай Савік. Інстытут тэхнічнай кібэрнэтыкі // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 7: Застаўка—Кантата. — С. 272-273. — 608 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0130-3
  4. ^ Гістарычная даведка (рас.) // Аб’яднаны інстытут праблемаў інфарматыкі, 31 жніўня 2018 г. Праверана 2 верасьня 2018 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]