Маёмасьць
Падкляса ад | тавар |
---|---|
Частка больш агульнага | капіталізм |
Магчымыя прычыны | канвэнцыя, мараль, прыроднае права |
Вывучаецца ў | эканоміка, палітычная эканомія, сацыялёгія, антрапалёгія, права |
Мае якасьць | уласнасьць |
Маёмасьць — сукупнасьць рэчаў і матэрыяльных каштоўнасьцяў ва ўласнасьці фізычнай або юрыдычнай асобы, дзяржавы ці ў гаспадарчым вядзеньні або кіраваньні арганізацыі.
Улучае грошы і каштоўныя паперы, а таксама неаддзельныя ад асобы правы, што не пераносяцца на іншую асобу (пэнсія і алімэнты)[1]. Прадугледжвае маёмасныя правы на атрыманьне рэчаў і маёмаснага задавальненьня ад іншых асобаў. Вызначае маёмаснае становішча праваўласьніка ў спалучэньні зь яго абавязкамі. Пры атрыманьні ў спадчыну і пераўтварэньні юрыдычнай асобы адбываецца правапераемства маёмасьці[2]. Права ўласнасьці на маёмасьць магчыма набыць на падставе дамовы куплі-продажу, мены, дарэньня і іншай угоды пра адчужэньне, такіх як рэнта. Перадачу права карыстацца маёмасьцю прадугледжваюць такія ўгоды, як наём, пракат, лізінг і пазыка[3].
Віды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Нерухомасьць: зямельная дзялянка, дзялянка нетраў, паверхневы вадаём, лес, шматгадовае насаджэньне (сад), капітальная пабудова (будынак і збудаваньне), незавершаная закансэрваваная капітальная пабудова (будоўля), ізаляванае памяшканьне, машына-месца на стаянцы, прадпрыемства як маёмасны комплекс, падлеглыя ўліку лятак, карабель і касьмічны прадмет.
- Рухомая маёмасьць: грошы, каштоўныя паперы і прадметы, перамяшчэньне якіх магчыма без несувымернай шкоды іх прызначэньню[3].
Правы і абавязкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Уласьнік мае права на ўласнае меркаваньне валодаць, карыстацца і распараджацца сваёй маёмасьцю, у тым ліку адчужаць яе ва ўласнасьць іншым асобам, перадаваць ім права валоданьня, карыстаньня і распараджэньня, а таксама аддаваць маёмасьць у заклад і давернае кіраваньне ды абцяжарваць іншым чынам. Пры гэтым уласьнік нясе цяжар утрыманьня маёмасьці і рызыку выпадковага яе псаваньня. Сярод іншага, не дапускаецца адмова на карысьць іншай асобы ад маёмасьці, якая ўспадкоўваецца паводле тэстамэнта, калі ўся маёмасьць спадчынадаўцы адпісана прызначаным ім спадкаемцам. Разам з тым, кожны са спадкаемцаў, хто прыняў спадчыну, адказвае па даўгах спадчынадаўцы ў межах вартасьці спадчыннай маёмасьці, якая перайшла да яго[3].
Агульная маёмасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кожны з удзельнікаў сумеснай уласнасьці мае права заключаць угоды паводле распараджэньня агульнай рухомай маёмасьцю. Для распараджэньня нерухомасьцю патрабуецца пісьмовая згода ўсіх удзельнікаў сумеснай уласнасьці. Пазыкадаўца долевай або сумеснай уласнасьці пры недастатковасьці ў апошняга іншай маёмасьці мае права запатрабаваць выдзеліць долю даўжніка ў агульнай маёмасьці для накіраваньня на яе спагнаньня. Ён можа спагнаць доўг як праз выкуп суўладальнікамі, гэтак і праз суд шляхам аўкцыёну пры немагчымасьці вылучэньня долі ў натуры або нязгодзе суўладальнікаў на выкуп гэтай долі маёмасьці[3].
Падзел
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Маёмасьць у долевай уласнасьці, за выняткам той, што складае паявы інвэстыцыйны фонд, магчыма падзяліць між удзельнікамі на падставе пагадненьня шляхам выдзелу долі. Пры адсутнасьці згоды ўдзельнік долевай уласнасьці мае права ў судовым парадку патрабаваць выдзелу ў натуры сваёй долі з агульнай маёмасьці. Калі выдзел долі ў натуры не дапускаецца заканадаўствам або немагчымы без несувымернай шкоды агульнай маёмасці ўласнік, які выдзяляецца, мае права на выплату яму кошту яго долі іншымі ўдзельнікамі долевай уласнасьці (арт. 225 ГК Беларусі)[3].
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле 13-га артыкула Канстытуцыі Беларусі, «дзяржава гарантуе ўсім роўныя магчымасьці свабоднага выкарыстаньня здольнасьцяў і маёмасьці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасьці». Згодна з 44-м артыкулам «уласнік мае права валодаць, карыстацца і распараджацца маёмасьцю як аднаасобна, так і сумесна зь іншымі асобамі». Пры гэтым «прымусовае адчужэньне маёмасці дапускаецца толькі паводле матываў грамадскай неабходнасьці пры захаванні ўмоваў і парадку, вызначаных законам, са своечасовым і поўным кампэнсаваньнем кошту адчужанай маёмасьці, а таксама згодна з судовай пастановай». У 60-м артыкуле прадугледжвалася, што «з мэтай абароны правоў, свабодаў, гонару і годнасьці грамадзяне ў адпаведнасьці з законам маюць права спагнаць у судовым парадку як маёмасную шкоду, так і матэрыяльнае кампэнсаваньне маральнай шкоды». Паводле 107-га артыкула, Урад Беларусі «выступае ад імя ўласьніка ў дачыненьні да маёмасьці, якая зьяўляецца ўласнасьцю Рэспублікі Беларусь»[4].
Паводле 7-га артыкула Грамадзянскага кодэксу Беларусі, «правы на маёмасьць, якая падлягае дзяржаўнай рэгістрацыі, узьнікаюць з моманту рэгістрацыі гэтай маёмасьці або адпаведных правоў на яе». Згодна з 23-м артыкулам «грамадзянін адказвае па сваіх абавязках усёй маёмасьцю, якая яму належыць, за выняткам маёмасьці, на якую ў адпаведнасьці з заканадаўствам ня можа быць накіравана спагнаньне». Пры гэтым у 27-м артыкуле прадугледжвалася, што «маёмасную адказнасьць па ўгодах непаўналетняга ў веку да 14 гадоў, у тым ліку па ўгодах, ажыцьцёўленых ім самастойна, нясуць яго бацькі, усынаўляльнікі або апякун»[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Алімэнты // Юрыдычны энцыкляпэдычны слоўнік / гал.рэд. Сяргей Кузьмін. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1992. — С. 307. — 636 с. — 25 000 ас. — ISBN 5-85700-087-4
- ^ Маёмасьць // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — С. 500. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0106-0
- ^ а б в г д е А. Лукашэнка. Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 7 сьнежня 1998 г. № 218-З // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 26 сакавіка 2020 г. Праверана 12 жніўня 2023 г.
- ^ Канстытуцыя 1994 году (са зьмяненьнямі і дапаўненьнямі, прынятымі на рэспубліканскіх рэфэрэндумах 24 лістапада 1996 г., 17 кастрычніка 2004 г. і 27 лютага 2022 г.) // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 2023 г. Праверана 12 жніўня 2023 г.
Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |