Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб нетрах
Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб нетрах | |
Заканадаўчы орган | |
---|---|
Нумар | 406-З |
Прыняцьце | Палатай прадстаўнікоў 10 чэрвеня 2008 (16 гадоў таму) |
Ухваленьне | Саветам Рэспублікі 20 чэрвеня 2008 (16 гадоў таму) |
Падпісаньне | прэзыдэнтам Беларусі 14 ліпеня 2008 (16 гадоў таму) |
Уступ у сілу | 1 студзеня 2009 (15 гадоў таму) |
Першая публікацыя | 2008 год Газэта «Зьвязда» |
Ко́дэкс Рэспу́блікі Белару́сь аб не́трах — звод заканадаўства Беларусі аб ахове і выкарыстаньні нетраў, які набыў моц у студзені 2009 году.
Вызначае дачыненьні, якія ўзьнікаюць у сувязі з геалягічным вывучэньнем нетраў і здабычай карысных выкапняў. На 2020 год налічваў 91 артыкул у складзе 17 главаў: 1) «Агульныя палажэньні», 2) «Дзяржаўнае кіраваньне і рэгуляваньне ў галіне выкарыстаньня і аховы нетраў», 3) «Правы і абавязкі нетракарыстальнікаў», 4) «Рэсурсы нетраў», 5) «Агульныя палажэньні аб карыстаньні нетрамі», 6) «Даваньне геалягічных і горных адводаў», 7) «Прыпыненьне і спыненьне права карыстаньня нетрамі», 8) «Праектная дакумэнтацыя на карыстаньне нетрамі і яе экспэртыза», 9) «Геалягічнае вывучэньне нетраў», 10) «Распрацоўка радовішчаў карысных выкапняў», 11) «Геатэрмальныя рэсурсы нетраў», 12) «Падземныя прасторы», 13) «Рацыянальнае выкарыстаньне і аховы нетраў», 14) «Патрабаваньні па бясьпечным вядзеньні працаў, зьвязаных з карыстаньнем нетрамі», 15) «Геалягічная інфармацыя», 16) «Нагляд у галіне выкарыстаньня і аховы нетраў», 17) «Заключныя палажэньні». Замяніў сабой Кодэкс аб нетрах ад 15 сьнежня 1997 году. На 2020 год Кодэкс Беларусі аб нетрах дзейнічаў з 5-ю зьмяненьнямі і дапаўненьнямі 2010—2011, 2013 і 2016 гадоў[1]. 9 чэрвеня 2020 году Аб’яднаны інстытут праблемаў інфарматыкі НАНБ абнародаваў беларускі пераклад яго рэдакцыі са зьмяненьнямі і дапаўненьнямі паводле Закону ад 18 ліпеня 2016 году № 400-З[2]. 26 лютага 2021 году Экспэртная рада ў пытаньнях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову ўхваліла Пратаколам № 1 пераклад яго рэдакцыі паводле Закону ад 18 снежня 2019 г. № 272-З[3]. У выніку Кодэкс Беларусі аб нетрах стаў 7-м кодэксам у перакладзе Экспэртнай рады[4].
Агульныя палажэньні і дзяржаўнае кіраваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першая глава Кодэксу аб нетрах зьмяшчала 7 артыкулаў аб прадметах і дзейніках дачыненьняў, праве ўласнасьці на нетры і здабытыя карысныя выкапні, прынцыпах выкарыстаньня і аховы нетраў. Паводле 3-га артыкула, «аб'ектамі адносін у галіне выкарыстаньня і аховы нетраў зьяўляюцца: рэсурсы нетраў; дзялянкі нетраў, у тым ліку геалягічныя і горныя адводы; горныя прадпрыемствы, асобныя горныя выпрацоўкі; геалягічная інфармацыя; мінэралягічныя, палеанталягічныя і іншыя ўнікальныя геалягічныя матэрыялы; правы на карыстаньне нетрамі». Згодна з 5-м артыкулам «Нетры зьяўляюцца выключна дзяржаўнай уласнасьцю». У 6-м артыкуле прадугледжвалася, што «права ўласнасьці на здабытыя карысныя выкапні належыць нетракарыстальніку, які ажыцьцявіў іх здабычу на законнай падставе», якую прадугледжвае канцэсійная або інвэстыцыйная дамова. Паводле 7-га артыкула, карыстаньне нетрамі і іх ахова ажыцьцяўляюцца на падставе 6 прынцыпаў: 1) паўнаты вывучэньня, 2) устойлівасьці, 3) нармаваньня, 4) платнасьці, 5) бясьпекі здароўя і маёмасьці грамадзянаў; 6) прадухіленьня шкоды навакольнаму асяродзьдзю[1].
Другая глава Кодэксу ўлучала 6 артыкулаў (8—13) наконт дзяржаўнага кіраваньня і рэгуляваньня, паўнамоцтваў мясцовых Саветаў дэпутатаў і выканаўчых органаў, Міністэрства па надзвычайных сытуацыях і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, Савета міністраў і прэзыдэнта Беларусі. Паводле 13-га артыкула, мясцовыя Саветы дэпутатаў «зацьвярджаюць рэгіянальныя праграмы ў галіне выкарыстаньня і аховы нетраў, а таксама мерапрыемствы па ахове нетраў на тэрыторыі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак і ажыцьцяўляюць кантроль за іх рэалізацыяй». У сваю чаргу мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы: 1) «удзельнічаюць у распрацоўцы і рэалізацыі дзяржаўных праграмаў; 2) распрацоўваюць рэгіянальныя праграмы ў галіне выкарыстаньня і аховы нетраў, мерапрыемствы па ахове нетраў на тэрыторыі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак і прымаюць захады па іх рэалізацыі»; 3) прымаюць рашэньні аб даваньні геалягічных і горных адводаў; 4) прымаюць рашэньні аб адабраньні і даваньні дзялянак нетраў для дзяржаўных патрэбаў; 5) «прымаюць рашэньні аб прыпыненьні або спыненьні права карыстання нетрамі пры парушэньні заканадаўства»; 6) арганізуюць і праводзяць гандаль наконт даваньня горнага адводу. Згодна з 12-м артыкулам МНС Беларусі: 1) «прымае нарматыўныя прававыя акты (НПА), зацьвярджае, уводзіць у дзеяньне тэхнічныя НПА па пытаньнях бяспечнага вядзеньня працаў, зьвязаных з карыстаньнем нетрамі; 2) выдае спэцыяльныя дазволы на ажыцьцяўленне дзейнасьці ў галіне прамысловай бясьпекі». У сваю чаргу Дэпартамэнт па наглядзе за бясьпечным вядзеньнем працаў у прамысловасьці МНС Беларусі (Дзяржпрамнагляд): 1) «ажыцьцяўляе дзяржаўны нагляд за бясьпечным вядзеньнем працаў, зьвязаных з карыстаньнем нетрамі; 2) праводзіць экспэртызу прамысловай бясьпекі праектнай дакумэнтацыі на: распрацоўку радовішчаў карысных выкапняў, правядзеньне горных працаў пры будаўніцтве і эксплюатацыі падземных збудаваньняў»; 3) «узгадняе праекты кансэрвацыі, раскансэрвацыі і ліквідацыі горных прадпрыемстваў, горных выпрацовак, а таксама падземных збудаваньняў»; 4) «прымае ўдзел у працы камісіяў па кансэрвацыі і ліквідацыі горных прадпрыемстваў, горных выпрацовак, а таксама падземных збудаваньняў»; 5) ажыцьцяўляе адміністрацыйныя працэдуры. У 11-м артыкуле згадвалася, што Мінпрыроды Беларусі:
- «праводзіць адзіную дзяржаўную палітыку;
- распрацоўвае і рэалізуе дзяржаўныя праграмы;
- прымае НПА, зацьвярджае, уводзіць у дзеяньне тэхнічныя НПА, уключна з нормамі і правіламі рацыянальнага выкарыстаньня і аховы нетраў;
- фармуе і вядзе дзяржаўны геалягічны фонд;
- зацьвярджае стратыграфічную схему Рэспублікі Беларусь, а таксама палажэньне аб стратыграфічнай камісіі і яе склад;
- праводзіць дзяржаўную экалягічную экспэртызу праектнай дакумэнтацыі на карыстаньне нетрамі па аб'ектах дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы;
- зацьвярджае і сьпісвае запасы карысных выкапняў і геатэрмальных рэсурсаў нетраў па разьведаных радовішчах, зацьвярджае кандыцыі карысных выкапняў і геатэрмальных рэсурсаў нетраў»;
- «вядзе дзяржаўныя балянсы запасаў карысных выкапняў і геатэрмальных рэсурсаў нетраў;
- выдае заключэньні аб наяўнасьці у межах зямельнай дзялянкі, аб якой хадайнічаюць, разьведанага радовішча карысных выкапняў з пазначэньнем магчымасьці і ўмоваў забудовы зямельнай дзялянкі, аб якой хадайнічаюць;
- ажыцьцяўляе дзяржаўную рэгістрацыю геалягічных і горных адводаў;
- вядзе дзяржаўны кадастр нетраў»;
- «ажыцьцяўляе нагляд у галіне выкарыстаньня і аховы нетраў;
- прад'яўляе позвы аб пакрыцьці шкоды, прычыненай навакольнаму асяродзьдзю ў выніку парушэньня заканадаўства»;
- «ажыцьцяўляе міжнародную супрацу;
- устанаўлівае парадак распрацоўкі і ўстанаўленьня нарматываў эксплюатацыйных стратаў карысных выкапняў;
- устанаўлівае патрабаваньні да зьместу і формы праекту абгрунтаваньня межаў горнага адводу»;
- зацьвярджае па ўзгадненьні з МНС Беларусі формы актаў аб кансэрвацыі і скасаваньні горнага прадпрыемства і падземнага збудаваньня;
- зацьвярджае формы акта аб кансэрвацыі і скасаваньні горнай выпрацоўкі, пасьведчаньня аб дзяржаўным уліку працаў па геалягічным вывучэньні нетраў[1].
Згодна зь 10-м артыкулам Савет міністраў Беларусі: 1) «забясьпечвае правядзеньне адзінай дзяржаўнай палітыкі; 2) зацьвярджае дзяржаўныя праграмы; 3) устанаўлівае па ўзгадненьні з прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь парадак разьліку і стартавы памер разавай выплаты за даваньне дзялянак нетраў у карыстаньне ў адпаведнасьці з канцэсійнай або інвэстыцыйнай дамовай; 4) ажыцьцяўляе міжурадавую супрацу; 5) устанаўлівае парадак распрацоўкі, узгадненьня, правядзеньня экспертызы, зацьвярджэньня, рэгістрацыі, увядзеньня ў дзеяньне і апублікавання нормаў і правілаў рацыянальнага выкарыстаньня і аховы нетраў, унясеньня зьмяненьняў і дапаўненьняў у іх»; 6) «устанаўлівае арганізацыі, упаўнаважаныя распрацоўваць праекты абгрунтаваньня межаў горнага адводу; 7) устанаўлівае парадак правядзеньня дзяржаўнай геалягічнай экспертызы праектнай дакумэнтацыі на геалягічнае вывучэньне нетраў; 8) устанаўлівае парадак забудовы плошчаў заляганьня карысных выкапняў; 9) устанаўлівае парадак правядзеньня гандлю пры выбары інвэстара для рэалізацыі інвэстыцыйных праектаў у дачыненьні да нетраў на падставе канцэсійнай або інвэстыцыйнай дамовы; 10) устанаўлівае парадак заключэньня, зьмяненьня, спыненьня канцэсійнай дамовы». У 9-м артыкуле прадугледжвалася, што прэзыдэнт Беларусі:
- «устанаўлівае адзіную дзяржаўную палітыку;
- зацьвярджае пералікі дзялянак нетраў, якія могуць зьяўляцца аб'ектам канцэсіі, і прымае рашэньні аб неабходнасьці канцэсіі ў дачыненьні да дзялянак нетраў;
- устанаўлівае від канцэсійнай дамовы пры прыняцьці рашэньня аб неабходнасьці канцэсіі ў дачыненні да дзялянак нетраў;
- прымае рашэнні: аб адабраньні і даваньні дзялянак нетраў для разьмяшчэння аб'ектаў вайсковай інфраструктуры і грамадзянскай абароны, аб даваньні горных адводаў для здабычы стратэгічных карысных выкапняў і карысных выкапняў абмежаванага распаўсюджваньня»; аб устанаўленьні і спыненьні абмежаваньняў на карыстаньне нетрамі на асобных дзялянках у мэтах забесьпячэньня нацыянальнай бяспекі і аховы навакольнага асяродзьдзя, аб прыпыненьні або спыненьні права карыстаньня нетрамі»[1].
Абавязкі, правы і рэсурсы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Трэцяя глава Кодэксу аб нетрах налічвала 4 артыкулы (14—17) датычна абавязкаў і правоў нетракарыстальнікаў, гарантыяў іх правоў і асаблівасьцяў карыстаньня нетрамі ўласьнікамі, уладальнікамі, карыстальнікамі і арандатарамі зямельных дзялянак. Паводле 14-га артыкула, нетракарыстальнікі маюць права: 1) карыстацца нетрамі; 2) «валодаць, карыстацца і распараджацца здабытымі карыснымі выкапнямі»; 3) «распрацоўваць і ўносіць ва ўстаноўленым парадку прапановы аб удасканальваньні заканадаўства аб ахове і выкарыстаньні нетраў і заканадаўства ў галіне прамысловай бясьпекі, у тым ліку тэхнічных НПА; 4) на пакрыцьцё стратаў у выпадку адабраньня дзялянкі нетраў для дзяржаўных патрэбаў; 5) адмовіцца ад дадзенага геалягічнага або горнага адводу; 6) праводзіць геалягічнае вывучэньне нетраў за кошт уласных сродкаў у межах дадзеных ім горных адводаў», у тым ліку з прыцягненьнем на падставе дамовы юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць права праводзіць геалягічнае вывучэньне нетраў; 7) «прад'яўляць позвы аб аднаўленьні парушаных правоў». Згодна з 15-м артыкулам не зьвязанае зь нетракарыстаньнем гаспадараньне «на зямельных дзялянках, разьмешчаных у межах горнага адводу або над горным адводам пры здабычы карысных выкапняў падземным спосабам, можа быць забаронена або абмежавана рашэньнем мясцовага выканаўчага і распарадчага органа аб абмежаванні правоў на зямельную дзялянку у парадку, устаноўленым заканадаўствам аб ахове і выкарыстанні земляў, на падставе пісьмовай заявы нетракарыстальніка або тэрытарыяльнага органа Мінпрыроды Беларусі або Дзяржпрамнагляду». У 17-м артыкуле прадугледжвалася, што землекарыстальнікі «ў межах дадзеных ім зямельных дзялянак для мэтаў, не зьвязаных з атрыманьнем даходаў, без даваньня горнага адводу, устанаўленьня нарматываў у галіне выкарыстаньня і аховы нетраў маюць права ажыцьцяўляць: 1) здабычу агульнараспаўсюджаных карысных выкапняў на глыбіню да 5 мэтраў; 2) будаўніцтва і эксплюатацыю падземных збудаваньняў, не зьвязаных са здабычай карысных выкапняў, на глыбіню да 5 мэтраў; 3) выкарыстаньне карысных выкапняў, здабытых зь нетраў пры будаўніцтве падземных частак наземных будынкаў, збудаваньняў і іншых аб'ектаў будаўніцтва, не зьвязаных з карыстаньнем нетрамі; 4) будаўніцтва і эксплюатацыю буравых сьвідравінаў, шахтавых калодзежаў і іншых збудаваньняў у нетрах, прызначаных для здабычы падземных водаў зь першага ад зямной паверхні напорнага ваданоснага гарызонту». Пры гэтым, «землекарыстальнікі могуць ажыцьцяўляць здабычу агульнараспаўсюджаных карысных выкапняў, якія ёсьць на зямельнай дзялянцы, на глыбіню больш за 5 мэтраў на падставе акта, які сьведчыць горны адвод»[1].
Паводле 16-га артыкула, нетракарыстальнікі абавязаныя: 1) выкановаць патрабаваньні заканадаўства, «у тым ліку патрабаванні тэхнічных НПА, уключна нормамі і правіламі рацыянальнага выкарыстаньня і аховы нетраў; 2) забясьпечваць бясьпечнае вядзеньне працаў, зьвязаных з карыстаньнем нетрамі; 3) неадкладна паведамляць органам і падразьдзяленьням па надзвычайных сытуацыях Рэспублікі Беларусь, а таксама мясцовым выканаўчым і распарадчым органам аб узьнікненьні пры карыстаньні нетрамі надзвычайных сытуацыяў, якія пагражаюць жыцьцю і здароўю грамадзянаў, маёмасьці» і навакольнаму асяродзьдзю; 4) пры выяўленьні мінэралягічных, палеанталягічных і іншых унікальных геалягічных матэрыялаў прыпыніць працы, якія могуць парушыць іх цэласнасьць, і паведаміць аб гэтых знаходках у Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Рэспублікі Беларусь або яго тэрытарыяльныя органы; 5) пры выяўленьні матэрыяльных аб’ектаў, якія могуць ўяўляць гістарычна-культурную каштоўнасьць (археалягічныя аб’екты, элемэнты дэкору, мастацкага аздабленьня, рэшты росьпісу), неадкладна спыніць працы або іншую дзейнасьць, якія могуць аказваць узьдзеяньне на гэтыя аб’екты, прыняць захады па іх захаваньні і паведаміць аб гэтых знаходках у дзяржаўныя органы, вызначаныя заканадаўствам аб культуры; 6) кампэнсаваць шкоду, прычыненую пры карыстаньні нетрамі жыцьцю і здароўю грамадзянаў, маёмасьці». Пры гэтым юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія карыстаюцца нетрамі, абавязаныя:
- «выконваць умовы, прадугледжаныя актам, канцэсійнай або інвэстыцыйнай дамовай, якія сьведчаць геалягічны або горны адвод, а таксама праектнай дакумэнтацыяй на карыстаньне нетрамі;
- выконваць мерапрыемствы, прадугледжаныя штогадовымі плянамі разьвіцьця горных працаў;
- своечасова і ў поўным аб'ёме ўносіць выплаты за карыстаньне нетрамі;
- праводзіць геоляга-маркшэйдэрскія працы, а таксама весьці геалягічную і маркшэйдэрскую дакумэнтацыю і забясьпечваць яе захаванасьць;
- выконваць устаноўленыя нарматывы ў галіне выкарыстаньня і аховы нетраў;
- не дапускаць выбарачнай распрацоўкі радовішча, якая прыводзіць да дачаснага спусташэньня і неабгрунтаваных стратаў балянсавых запасаў карысных выкапняў і геатэрмальных рэсурсаў нетраў;
- весьці ўлік працаў па геалягічным вывучэньні нетраў, карысных выкапняў, якія здабываюцца, і разьлікі запасаў карысных выкапняў і геатэрмальных рэсурсаў нетраў, якія пакідаюцца ў нетрах, пры распрацоўцы радовішчаў, а таксама падаваць дзяржаўную статыстычную справаздачнасьць у выпадках і парадку, прадугледжаных заканадаўствам аб дзяржаўнай статыстыцы;
- забясьпечваць захаванасьць горных выпрацовак, у тым ліку пошукавых, разьведачных і іншых буравых сьвідравінаў, якія могуць быць выкарыстаныя пры распрацоўцы радовішча;
- не дапускаць распрацоўкі радовішчаў і іншага карыстаньня нетрамі за межамі горнага адводу;
- распрацоўваць і ажыцьцяўляць мерапрыемствы па ахове нетраў і абароне радовішчаў, уключна зь мерапрыемствамі, накіраванымі на абарону радовішчаў торфу ад пажараў (у тым ліку пасьля завяршэньня распрацоўкі радовішчаў) і якія прадугледжваюць магчымасьць паўторнага забалочваньня тэрыторыяў на выпрацаваных радовішчах торфу;
- паведамляць аб аднаўленьні горных працаў на горных прадпрыемствах, у горных выпрацоўках, падвергнутых кансэрвацыі, у тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды Беларусі, Дзяржпрамнагляд, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы не пазьней за 1 месяц да аднаўлення горных працаў»;
- весьці «назіраньне за ссоўваньнем горных пародаў у зоне іх магчымых дэфармацыяў і ажыцьцяўляць прагназаваньне магчымай дэфармацыі зямной паверхні і горнага масіву ў выніку правядзеньня горных працаў;
- падаваць геалягічную інфармацыю ў Мінпрыроды Беларусі;
- праводзіць лякальны маніторынг навакольнага асяродзьдзя ў межах дадзенага горнага адводу, а таксама за яго межамі ў выпадку, калі нэгатыўныя наступствы для парушаных земляў, іншых кампанэнтаў прыроднага асяродзьдзя і прыродных аб'ектаў, будынкаў і збудаваньняў могуць быць звязаныя з правядзеньнем горных працаў;
- праводзіць рэкультывацыю земляў, парушаных пры карыстаньні нетрамі;
- прыводзіць парушаныя пры карыстаньні нетрамі іншыя кампанэнты прыроднага асяродзьдзя і прыродныя аб'екты, а таксама будынкі і збудаваньні, узьведзеныя на плошчы заляганьня карысных выкапняў да даваньня нетракарыстальніку горнага адводу, у стан, прыдатны для іх далейшага выкарыстаньня»[1].
Чацьвертая глава Кодэксу зьмяшчала 10 артыкулаў (18—27), якія акрэсьлівалі віды карысных выкапняў, у тым ліку: рудныя, нярудныя і гаручыя; стратэгічныя, агульнараспаўсюджаныя і абмежаванараспаўсюджаныя; падземныя воды, геатэрмальныя рэсурсы і падземныя прасторы. Паводле 19-га артыкула, «руднымі карыснымі выкапнямі прызнаюцца: самародныя мэталы; руды чорных, каляровых, рэдкіх, радыёактыўных мэталаў, рэдказямельных элемэнтаў». Згодна з 20-м артыкулам «няруднымі карыснымі выкапнямі прызнаюцца: каменная і калійныя солі, гіпс, фасфарыты, даўсаніт; прыродныя будаўнічыя матэрыялы (пясок, гравій, гліністыя пароды, крэйда, мэргель, вапняк, даляміт, будаўнічы і абліцовачны камень); каштоўныя, вырабныя і тэхнічныя камяні». У 21-м артыкуле згадвалася, што «гаручымі карыснымі выкапнямі прызнаюцца: цьвёрдыя — буры вугаль, гаручы лупняк, торф; вадкія — нафта і газавы кандэнсат; газападобныя — прыродны газ, нафтавы спадарожны газ. Паводле 22-га артыкула, да стратэгічных карысных выкапняў належаць: сярод гаручых — нафта і газавы кандэнсат, прыродны газ, буры вугаль і гаручы лупняк; сярод рудных — «жалезныя руды, баксіты, уранавыя руды, тытан, медзь, малібдэн, цыркон, танталь, ніоб, бэрыль, літ», а таксама «руды рэдказямельных элемэнтаў (гадалін, гольм, дыспроз, эўроп, ітэрб, лянтан, лютэц, нэадым, празэадым, прамэт, самар, тэрб, туль, цэр, эрб)» і каштоўныя мэталы (золата, срэбра, плятына і паляд); сярод нярудных — калійныя солі, каштоўныя і вырабныя камяні (алмазы, рубіны, бурштын), асабліва чысты жыльны кварц і горны крышталь, даўсаніт, а таксама крэйда, мэргель, трэпел і гліна, якія выкарыстоўваюць для вытворчасьці цэмэнту. Згодна з 23-м артыкулам да агульнараспаўсюджаных карысных выкапняў адносяцца: пяшчана-гравійна-валунны матэрыял, нефармовачныя пясок, гліна, суглінак і супесь, непрамысловыя крэйда, неабліцовачныя даляміт і невытворчы мэргель, а таксама неабліцовачныя магматычныя, вульканічныя і мэтамарфічныя пароды (будаўнічы камень), торф і сапрапэлі[1].
Згодна з 25-м артыкулам «падземныя воды паводле свайго складу, уласцівасьцяў і мэтавага прызначэньня падразьдзяляюцца на: прэсныя воды; мінэральныя воды; мінэралізаваныя прамысловыя воды; воды радовішчаў карысных выкапняў». Паводле 26-га артыкула, «Геатэрмальныя рэсурсы нетраў уключаюць у сябе рэсурсы геатэрмальных водаў і пэтрагеатэрмальныя рэсурсы, акумуляваныя ў блоках нагрэтых, практычна бязводных горных пародаў». Пры гэтым, «да рэсурсаў геатэрмальных водаў належаць цеплавая і іншыя віды асацыяванай з геатэрмальнымі водамі энэргіі». У 27-м артыкуле адзначалася, што «падземныя прасторы ўключаюць у сябе натуральныя або штучна створаныя поласьці нетраў, якія выкарыстоўваюцца або могуць быць выкарыстаныя ў мэтах: 1) разьмяшчэньня, будаўніцтва і эксплюатацыі: тунэляў, падземных транспартных камунікацыяў і іншых падобных збудаваньняў, прызначаных для ажыцьцяўлення транспартнай дзейнасьці, разьмяшчэньня і эксплюатацыі лінейна-кабэльных збудаваньняў электрасувязі і іншых падземных збудаваньняў, сховішчаў; аб'ектаў вайсковай інфраструктуры і грамадзянскай абароны; аб'ектаў сацыяльнай, вытворчай, інжынэрнай інфраструктуры і ўстановаў аховы здароўя; аб'ектаў захоўваньня і пахаваньня адкідаў; 2) археалягічных і іншых дасьледаваньняў»[1].
Карыстаньне і даваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пяты разьдзел Кодэксу аб нетрах улучаў 4 артыкулы (28—31), якія вызначалі віды, тэрміны і ўзьнікненьне права карыстаньня нетрамі, а таксама выплаты за нетракарыстаньне. Паводле 29-га артыкула, «нетры даюцца ў карыстанне на тэрмін: 1) для геалягічнага вывучэньня нетраў — да 5 гадоў; 2) для здабычы карысных выкапняў, выкарыстаньня геатэрмальных рэсурсаў нетраў» — «ня больш за 50 гадоў; 3) для будаўніцтва і эксплюатацыі падземных збудаваньняў, не зьвязаных са здабычай карысных выкапняў, — на тэрмін, устаноўлены праектнай дакумэнтацыяй; 4) пры перадачы дзялянак нетраў у адпаведнасьці з канцэсійнай або інвэстыцыйнай дамовай» — «ня больш за 99 гадоў». Пры гэтым, у тэрмін карыстаньня нетрамі ўключаецца час для «рэкультывацыі земляў, прывядзеньня парушаных пры карыстаньні нетрамі іншых кампанэнтаў прыроднага асяродзьдзя і прыродных аб'ектаў у стан, прыдатны для іх далейшага выкарыстаньня», а таксама «на абарону радовішчаў торфу ад пажараў» і мерапрыемствы «паўторнага забалочваньня тэрыторыяў на выпрацаваных радовішчах торфу». Згодна з 30-м артыкулам забараняецца нетракарыстаньне на асабліва ахоўваных прыродных землях Беларусі, на землях паселішчаў і землях, радыяактыўна забруджаных праз наступствы Чарнобыльскай катастрофы, а таксама «ў месцах разьмяшчэньня лінейных збудаваньняў (газаправодаў, нафтаправодаў і лінейна-кабэльных збудаваньняў электрасувязі); на тэрыторыях, у межах якіх разьмяшчаюцца разьведаныя радовішчы торфу, зарэзэрваваныя для спэцыяльных мэтаў (мэдычных, комплекснай і біятэрмахімічнай перапрацоўкі) і якія ўтрымліваюць бітумінозную, гідролізную і гразелячэбную сыравіну». Урэшце «не дапускаецца здабыча торфу на: 1) радовішчах з рэшткавым слоем торфу менш за 50 сантымэтраў; 2) упершыню перададзеных у распрацоўку радовішчах торфу, калі яны не абсталяваныя гідратэхнічнымі збудаваньнямі і прыладамі, якія забясьпечваюць апэратыўны пад’ём узроўню вады ў асушальных сыстэмах у выпадку ўзгараньня торфу або пры пагрозе такога ўзгараньня, а таксама падтрыманьне воднага рэжыму паверхневых вадаёмаў і воднага рэжыму глебаў на асабліва ахоўваных прыродных тэрыторыях і прыродных тэрыторыях, якія падлягаюць спэцыяльнай ахове, прылеглых да радовішчаў торфу»[1].
Шостая глава Кодэксу налічвала 6 (32—37) артыкулаў, якія апісвалі: парадак даваньня геалягічных і горных адводаў, правядзеньне гандлю на даваньне горнага адводу, асаблівасьці даваньня горнага адводу на падставаньне рашэньня прэзыдэнта Беларусі, адабраньне і даваньне дзялянак нетраў для дзяржаўнай патрэбы і пераход права нетракарыстаньня пры пераўтварэньні юрыдычнай асобы. Паводле 32-га артыкула, геалягічныя адводы даюцца юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам на падставе рашэньняў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў: раённага выканкаму — у межах раёну, гарадзкога — у межах гораду. «Абласным выканаўчым і распарадчым органам ажыцьцяўляецца даваньне геалягічных адводаў у выпадку, калі геалягічны адвод разьмяшчаецца на тэрыторыі 2 і болей раёнаў у межах вобласьці». Пры гэтым, «калі геялагічны адвод разьмяшчаецца на тэрыторыі 2 і болей вобласьцяў, рашэньне аб яго даваньні прымае абласны выканаўчы і распарадчы орган, тэрыторыя якога пераважае ў складзе геалягічнага адводу, па ўзгадненьні зь іншымі абласнымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, на тэрыторыі якіх разьмяшчаецца геалягічны адвод». Мясцовы выканкам накіроўвае ў Мінпрыроды Беларусі праект рашэньня аб даваньні геалягічнага адводу «на працягу 5 працоўных дзён з дня атрыманьня» заяўкі. У сваю чаргу Мінпрыпроды Беларусі накіроўвае назад у выканкам заключэньне аб узгадненьні праекту рашэньня «на працягу 10 працоўных дзён з дня атрыманьня праекта» і заяўкі. Урэшце мясцовы выканкам прымае рашэньне аб даваньні геалягічнага адводу цягам 5 працоўных дзён з дня атрыманьня заключэньня Мінпрыроды і «на працягу 3-х працоўных дзён пасьля яго прыняцьця накіроўвае копію рашэньня заяўніку». Пры гэтым, «даваньне геалягічных адводаў праводзіцца без адабраньня зямельных дзялянак у землекарыстальнікаў». Згодна з 33-м артыкулам горныя адводы таксама даюцца мясцовымі выканкамамі ў тыя самыя тэрміны. Пры гэтым, абласны выканкам дае яго, калі тое «зьвязана зь неабходнасьцю адабраньня зямельнай дзялянкі». «Калі на горны адвод прэтэндуюць 2 і болей юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, рашэньне аб даваньні горнага адводу прымаецца па выніках гандлю». Таксама «даваньне горных адводаў для здабычы карысных выкапняў падземным спосабам, выкарыстаньня геатэрмальных рэсурсаў нетраў, а таксама для будаўніцтва і эксплюатацыі падземных збудаваньняў, не зьвязаных са здабычай карысных выкапняў, праводзіцца без адабраньня зямельных участкаў». У 36-м артыкуле згадвалася, што «адабраньне і даваньне дзялянак нетраў для дзяржаўных патрэбаў ажыцьцяўляюцца на падставе рашэньняў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь або абласных (Менскіх гарадзкіх) выканаўчых і распарадчых органаў». Аднак такое рашэньне «ўступае ў сілу не раней чым праз 3 месяцы пасьля яго прыняцьця». Урэшце «пакрыцьцё нетракарыстальніку стратаў, прычыненых адабраньнем дзялянкі нетраў для дзяржаўных патрэбаў, праводзіцца асобай, у інтарэсах якой праведзена адабраньне». Паводле 37-га артыкула, мясцовы выканкам прымае рашэньне аб перадачы правоў на геалягічны або горны адвод на падставе пісьмовай заявы правапераемніка «ў адпаведнасьці з перадатачным актам на працягу 20 працоўных дзён з дня падачы заявы» ў выпадку рэарганізацыі юрыдычнай асобы, якой раней быў дадзены адвод[1].
Прыпыненьне карыстаньня і дакумэнтацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сёмая глава Кодэксу зьмяшчала 2 артыкулы пра выпадкі і парадак прыпыненьня і спыненьня права нетракарыстаньня. Паводле 38-га артыкула, «права карыстаньня нетрамі прыпыняецца ў выпадку: 1) узнікненьня рызыкі для жыцьця і здароўя грамадзянаў, прычынення шкоды маёмасьці» і навакольнаму асяродзьдзю; 2) узьнікненьня надзвычайных сытуацыяў; 3) парушэньня патрабаваньняў заканадаўства; 4) невыкананьня ўмоваў канцэсійнай і інвэстыцыйнай дамовы. У сваю чаргу «права карыстаньня нетрамі спыняецца ў выпадку: 1) узнікненьня яўнай пагрозы жыцьцю і здароўю грамадзянаў, прычынення шкоды маёмасьці» і навакольнаму асяродзьдзю; 2) адабраньня дзялянкі нетраў для дзяржаўных патрэбаў; 3) ліквідацыі юрыдычнай асобы, спыненьня дзейнасьці індывідуальнага прадпрымальніка; 4) 2-разовага парушэньня заканадаўства цягам году; 5) 2-разовага неўнясеньня выплаты за карыстаньне нетрамі; 6) невыкарыстаньня нетраў у тэрмін, прадугледжаны актам, які сьведчыць геалягічны або горны адвод, або нямэтавага выкарыстаньня нетраў; 7) рашэньня карыстальніка аб спыненьні права на нетры; 8) сканчэньня тэрміну карыстаньня нетрамі, пазначанага ў акце, які сьведчыць геалягічны або горны адвод, спыненьня дзеяньня канцэсійнай і інвэстыцыйнай дамовы. Згодна з 39-м артыкулам «рашэньні аб прыпыненьні або спыненьні права карыстаньня нетрамі прымаюцца прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, якія прынялі рашэньне аб даваньні геалягічнага або горнага адводу, судом, а аб прыпыненьні права карыстаньня нетрамі — таксама Мінпрыроды Беларусі і яго тэрытарыяльнымі органамі, МНС Беларусі»[1].
Восьмая глава Кодэксу Беларусі аб нетрах улучала 4 артыкулы (40—43), дзе тлумачыліся: праектная дакумэнтацыя на карыстаньне нетрамі, дзяржаўная геалягічныя экспэртыза дакумэнтацыі на вывучэньне нетраў, дзяржаўная экалягічная экспэртыза дакумэнтацыі на нетракарыстаньне па аб’ектах і экспэртыза прамысловай бясьпекі дакумэнтацыі на нетракарыстаньне. Паводле 41-га артыкула, «тэрмін правядзеньня дзяржаўнай геалягічнай экспэртызы праектнай дакумэнтацыі на геалягічнае вывучэньне нетраў не павінен перавышаць 2-х месяцаў з дня яе падачы нетракарыстальнікам»[1].
Вывучэньне і распрацоўка радовішчаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзявятая глава Кодэксу налічвала 10 артыкулаў (44—53), якія вызначалі: прадметы, правядзеньне, этапы і ступені вывучэньня нетраў; стратыграфічную схему Беларусі і разьведачныя станы карысных выкапняў ды геатэрмальных рэсурсаў; пробнае выкарыстаньне радовішча вуглевадародаў і буравой сьвідравіны; дзяржаўны ўлік відаў працаў па вывучэньні нетраў і дзяржаную ацэнку геалягічных зьвестак; вартасныя і гаспадарча-нетравыя ацэнкі радовішча, перадачу разьведаных радовішчаў у распрацоўку і першаадкрывальнікаў радовішчаў. Паводле 44-га артыкула, «аб'ектамі геалягічнага вывучэньня нетраў зьяўляюцца: рэсурсы нетраў; мінэралягічныя, палеанталягічныя і іншыя ўнікальныя геалягічныя матэрыялы; геафізычныя, геахімічныя, энэргетычныя і іншыя палі і плыні, якія фармуюцца ў нетрах; працэсы і зьявы, якія ўзьнікаюць у нетрах і на зямной паверхні з прычыны тэхнагенных і прыродных узьдзеяньняў; дзялянкі нетраў, на якіх патрабуецца правядзеньне інжынэрна-геалягічных пошукаў для будаўніцтва». Стратыграфічная схема Беларусі «служыць асновай для геалягічнага вывучэньня нетраў і правядзеньня навукова-дасьледчых і досьледна-канструктарскіх працаў у галіне выкарыстаньня і аховы нетраў». Гэтая схема зацьвярджаецца Мінпрыроды Беларусі. Згодна з 46-м артыкулам «асноўнымі этапамі геалягічнага вывучэньня нетраў зьяўляюцца: 1) рэгіянальнае геалягічнае вывучэньне нетраў; 2) пошук карысных выкапняў і геатэрмальных рэсурсаў нетраў і ацэнка радовішча; 3) разьведка карысных выкапняў і геатэрмальных рэсурсаў нетраў (уключна з пробнай эксплюатацыяй радовішчаў вуглевадародаў або асобных буравых сьвідравінаў), падрыхтоўка радовішча да распрацоўкі». Пры гэтым разьведка падзяляецца на: 1) папярэднюю — для «атрыманьня эканамічна абгрунтаванай прамысловай ацэнкі радовішча», 2) дэталёвую — для «падрыхтоўкі радовішча да распрацоўкі», 3) даразьведку — «у сувязі зь пераглядам аб'ёмаў і тэхналёгіі здабычы», 4) эксплюатацыйную — «для стварэньня штогадовых плянаў разьвіцьця горных працаў». У 49-м артыкуле прадугледжвалася, што «дзяржаўнай рэгістрацыі падлягаюць наступныя віды працаў па геалягічным вывучэньні нетраў, для правядзеньня якіх не патрабуецца даваньня геалягічнага адводу:
- рэгіянальныя геоляга-геафізычныя працы маштабу 1:500 000 — 1:1 000 000 і драбнейшага, у тым ліку косма- аэрафотагеялягічнае мапаваньне ў комплексе з агульнымі геахімічнымі дасьледаваньнямі, глыбіннае сэйсьмічнае зандаваньне па апорных профілях;
- рэгіянальныя геафізычныя, геолягаздымачныя, геоляга-гідрагеалягічныя, гідрагеалягічныя, інжынэрна-геалягічныя і геаэкалягічныя працы маштабу 1:200 000 (1:100 000), у тым ліку гравімэтрычныя, магнітамэтрычныя, электраразьведачныя, радыёмэтрычныя здымкі і профільныя дасьледаваньні, геахімічныя дасьледаваньні;
- геолягаразьведачныя працы на цьвёрдыя карысныя выкапні, у тым ліку геолягаздымачныя працы маштабу 1:50 000 (1:25 000) з апераджальнымі падрыхтоўчымі дасьледаваньнямі, пошукавыя працы і ацэнка радовішчаў, працы па пераліку запасаў карысных выкапняў і геатэрмальных рэсурсаў нетраў раней разьведаных радовішчаў;
- геолягаразьведачныя працы на вуглевадароды, у тым ліку: рэгіянальныя геоляга-геафізычныя дасьледаваньні, выяўленьне і падрыхтоўка плошчаў геоляга-геафізычнымі мэтадамі; тэматычныя працы па падліку запасаў вуглевадародаў;
- гідрагеалягічная, інжынэрна-геалягічная і комплексная геоляга-гідрагеалягічная і інжынэрна-геалягічная здымкі маштабу 1:50 000, у тым ліку спэцыялізаваныя здымкі для мэтаў мэліярацыі земляў, геаэкалягічных і іншых мэтаў;
- працы па геалягічным вывучэньні нетраў, не зьвязаныя з пошукам і разьведкай карысных выкапняў і іншых рэсурсаў нетраў, у тым ліку: інжынэрна-геалягічныя пошукі для будаўніцтва, якія выконваюцца тэрытарыяльнымі вышукальнымі арганізацыямі, у гарадах і пасёлках гарадзкога тыпу на плошчы, большай за 15 кв.км, і за іх межамі на плошчы, большай за 4 кв.км; інжынэрна-геалягічныя пошукі для схемаў і праектаў мэліяратыўных сыстэмаў плошчай 100 і болей кв.км; інжынэрна-геалягічныя пошукі для будаўніцтва лінейных збудаваньняў (чыгункі і шашэйных дарог, газа- і нафтаправодаў, вадаводаў і магістральных каналаў, паветраных сілавых лініяў, большых за 35 кілявольт) працягласьцю, большай за 50 км, а таксама для будаўніцтва мэтрапалітэнаў, транспартных тунэляў (за межамі гарадоў), плацінаў, мастоў працягласьцю 100 і болей мэтраў; вывучэньне і прагназаваньне экзагенных і эндагенных геалягічных працэсаў (апоўзьні, селі, забалочваньне, землетрасеньні), а таксама тэхнагенных экалягічных працэсаў;
- навукова-дасьледчыя працы па геалягічным вывучэньні нетраў, а таксама працы па стварэньні аглядаў геалягічнай, геафізычнай, гідрагеалягічнай, інжынэрна-геалягічнай, геаэкалягічнай і іншай вывучанасьці, геоляга-эканамічных аглядаў;
- працы па стварэньні зводных мапаў і атлясаў (акрамя навучальных) геалягічнага (геафізычнага, геахімічнага) зьместу;
- распрацоўка кандыцыяў карысных выкапняў і геатэрмальных рэсурсаў нетраў, працы па геоляга-эканамічнай ацэнцы радовішча і забесьпячэньні яго комплекснай распрацоўкі;
- працы па стварэньні праграмаў і альгарытмаў для апрацоўкі геалягічнай інфармацыі на ЭВМ»[1].
Паводле 52-га артыкула, «разьведанае радовішча лічыцца падрыхтаваным для распрацоўкі, калі: 1) захаваныя горныя выпрацоўкі, у тым ліку буравыя сьвідравіны, якія могуць быць выкарыстаныя пры распрацоўцы радовішча; 2) ліквідаваныя буравыя сьвідравіны і іншыя горныя выпрацоўкі, не падлеглыя выкарыстаньню; 3) сыстэматызаваныя і аформленыя першасныя матэрыялы разьведкі карысных выкапняў і геатэрмальных рэсурсаў нетраў, керн буравых сьвідравінаў, узоры горных пародаў, дублікаты пробаў, якія могуць быць выкарыстаныя пры распрацоўцы разьведанага радовішча; 4) захаваныя ў натуры цэнтры і знакі геадэзічнай сеткі і здымачнага геадэзічнага абгрунтаваньня, а таксама знакі вусьцяў буравых сьвідравінаў, складзены каталёг каардынатаў і вышынных адзнак пунктаў здымачнага геадэзічнага абгрунтаваньня і вусьцяў буравых сьвідравінаў». Пры гэтым «перадача ў распрацоўку разьведанага радовішча нетракарыстальніку, якому дадзены горны адвод, у межах якога разьмяшчаецца разьведанае радовішча, ажыцьцяўляецца ў тэрмін не пазьней 6 месяцаў пасьля дзяржаўнай рэгістрацыі горнага адводу ў дзяржаўным рэестры горных адводаў». Згодна з 53-м артыкулам «першаадкрывальнікам, якія адкрылі невядомае раней радовішча, якое паводле якасьці, колькасьці і ўмоваў заляганьня карысных выкапняў прыдатнае для прамысловага і іншага гаспадарчага выкарыстаньня, а таксама асобам, якія выявілі ў раней вядомым радовішчы дадатковыя запасы карысных выкапняў і геатэрмальных рэсурсаў нетраў, якія істотна павялічваюць яго прамысловую каштоўнасць, выплачваецца дзяржаўнае грашовае ўзнагароджаньне»[1].
Дзясятая глава Кодэксу аб нетрах зьмяшчала 7 артыкулаў (54—60) наконт: здабычы карысных выкапняў, правядзеньня горных працаў, патрабаваньня да здабычы сумесна залеглых карысных выкапняў, досьледна-прамысловай распрацоўкі радовішча, асаблівасьці распрацоўкі радовішча падземных водаў, станаў карысных выкапняў, геалягічнага і маркшэйдэрскага забесьпячэньня горнай працы. Паводле 60-га артыкула, «нетракарыстальнікі, якія ажыцьцяўляюць распрацоўку радовішчаў карысных выкапняў, павінныя мець геоляга-маркшэйдэрскую службу, якая ажыцьцяўляе геалагічнае і маркшэйдэрскае забесьпячэнне горных працаў, якое ўключае ў сябе:
- эксплюатацыйную разьведку радовішчаў карысных выкапняў»;
- спэцыяльныя маркшэйдэрскія працы для аховы нетраў, будынкаў, збудаваньняў, прыродных аб’ектаў і зямной паверхні ад шкоднага ўзьдзеяньня горных выпрацовак;
- «вядзеньне геалягічнай і маркшэйдэрскай дакументацыі;
- улік стану і руху запасаў карысных выкапняў, стратаў і разубожваньня карысных выкапняў, а таксама ўлік карысных выкапняў, якія адначасна здабываюцца і часова не выкарыстоўваюцца, раскрыўных і зьмяшчальных пародаў, адкідаў, якія ўтвараюцца ў выніку правядзеньня горных працаў і ўтрымліваюць карысныя кампанэнты;
- своечасовую распрацоўку і рэалізацыю мерапрыемстваў па ахове будынкаў і збудаваньняў, разьмешчаных у зоне правядзеньня горных працаў, ад іх шкоднага ўзьдзеяньня;
- своечасовае стварэньне геадэзічнай сеткі і ажыцьцяўленьне на яе аснове ўсяго комплексу маркшэйдэрскіх вымярэньняў і вылічэньняў, неабходных для стварэньня і сыстэматычнага папаўнення горнай графічнай дакумэнтацыі;
- вынас у натуру праектных парамэтраў будаўніцтва аб'ектаў на зямной паверхні і ў падземных горных выпрацоўках, заданьне кірункаў горным выпрацоўкам, у тым ліку разьведачным, у адпаведнасьці са штогадовым плянам разьвіцьця горных працаў, а таксама кантроль за іх прытрымліваньнем;
- правядзеньне назіраньняў за працэсамі ссоўваньня горных пародаў у зоне іх магчымых дэфармацыяў, дэфармацыямі зямной паверхні, будынкаў, збудаваньняў, горных выпрацовак;
- разьлік і своечасовае нанясеньне на горную графічную дакумэнтацыю цалікоў і межаў бясьпечнага вядзеньня горных працаў;
- своечасовае нанясеньне на горную графічную дакумэнтацыю небясьпечных зонаў магчымага прарыву водаў і газаў у дзейныя горныя выпрацоўкі, месцаў выкідаў газаў, месцаў горных удараў;
- кантроль за прытрымліваньнем патрабаваньняў па бясьпечным вядзеньні горных працаў паблізу і ў межах небясьпечных зонаў;
- недапушчэньне забудовы плошчаў заляганьня карысных выкапняў з парушэньнем патрабаваньняў» заканадаўства[1].
Геатэрмальныя рэсурсы і падземныя прасторы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Адзінаццатая глава Кодэксу ўлучала 2 артыкулы пра крыніцы і напрамкі выкарыстаньня геатэрмальных рэсурсаў. Паводле 61-га артыкула, «крыніцамі геатэрмальных рэсурсаў нетраў зьяўляюцца: 1) падземныя геатэрмальныя воды; 2) цяпло горнага масіву нетраў». Прадугледжвалася, што «геатэрмальныя рэсурсы нетраў могуць быць выкарыстаныя для: 1) атрыманьня электраэнэргіі; 2) гарачага водазабесьпячэньня; 3) цеплазабесьпячэньня жылых і вытворчых памяшканьняў»; 4) лекавых і аздараўленчых задачаў[1].
Дванаццатая глава Кодэксу налічвала 2 артыкулы аб відах і выкарыстаньні падземных прастораў. Згодна з 63-м артыкулам падземныя прасторы падзяляліся на прыродныя і тэхнагенныя. Пры гэтым вызначалася, што «прыродныя падземныя прасторы ўключаюць у сябе буйныя поласьці (пячоры) аб'ёмам больш за 10 кубічных мэтраў, а таксама дробныя поласьці і расколіны ў масіве горных пародаў». У сваю чаргу тэхнагенныя падземныя прасторы падзяляліся на: 1) першасныя — адмыслова створаныя для выкананьня мэтанакіраванага прызначэньня (транспартная магістраль, газасховішча, пахаваньне адкідаў, будаўніцтва атамный станцыі, шахта для вайсковай інфраструктуры і грамадзянскай абароны); другасныя — утвораныя ў выніку разьведкі і распрацоўкі радовішчаў карысных выкапняў[1].
Ахова і бясьпека
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Трынаццатая глава Кодэксу зьмяшчала 5 артыкулаў (65—69), якія закраналі: патрабаваньні па ўстойлівым выкарыстаньні і ахове нетраў, у тым ліку пры забудове плошчаў заляганьня карысных выкапняў, адпаведныя нормы і правілы, а таксама нармаваньне і нарматывы эксплюатацыйных стратаў карысных выкапняў. Паводле 66-га артыкула, «забудова плошчаў заляганьня карысных выкапняў дапускаецца пры ўмове забесьпячэньня найбольш поўнага здабываньня запасаў карысных выкапняў». Мінпрыроды Беларусі зацьвярджае правілы аховы нетраў і парадак распрацоўкі нарматываў эксплюатацыйных стратаў карысных выкапняў[1].
14-я глава Кодэксу аб нетрах улучала 5 артыкулаў (70—74), што акрэсьлівалі: патрабаваньні бясьпекі, горнавыратавальныя службы, назіраньні за ссоўваньнем горных пародаў, кансэрвацыю і ліквідацыю горных прадпрыемстваў і выпрацовак, а таксама падземных збудаваньняў. Паводле 72-га артыкула, назіраньні за ссоўваньнем горных пародаў у зоне іх магчымых дэфармацыяў праводзяцца нетракарыстальнікамі на наглядальных станцыях, якія складаюцца з рэпэраў. Пры гэтым ажыцьцяўляецца «інструмэнтальнае вызначэньне месцазнаходжаньня рэпэраў наглядальных станцыяў з адначасовым фіксаваньнем у геалягічнай і маркшэйдэрскай дакумнтацыі расколін, правалаў». Пагатоў, «ссоўваньні рэпэраў у вэртыкальнай плоскасьці вызначаюцца шляхам нівэляваньня, якое праводзіцца пэрыядычна, а ў гарызантальнай плоскасці — шляхам вымярэньня адлегласьці паміж рэпэрамі па ўсіх профільных лініях наглядальнай станцыі». Урэшце «пры зьяўленьні расколін на зямной паверхні ў непасрэднай блізкасьці ад кар'ера або разрэзу праводзяцца дадатковыя сыстэматычныя назіраньні за іх разьвіцьцём па працягласьці, шырыні і глыбіні». Таксама «месцаразьмяшчэньне небясьпечнай зоны наносіцца на тапаграфічны плян. На мясцовасьці па ўсім пэрыметры такой зоны ставіцца агароджа з папераджальнымі знакамі»[1].
Улік і нагляд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]15-я глава Кодэксу налічвала 7 артыкулаў (75—81), якія апісвалі: геалягічную інфармацыю і дзяржаўны геалягічны фонд; дзяржаўны ўлік карыстаньня нетрамі і стану мінэральна-сыравіннай базы, Дзяржаўны кадастр нетраў; запасы карысных выкапняў і геатэрмальных рэсурсаў нетраў, а таксама іх дзяржаўныя балянсы, улік і сьпісаньне; дзяржаўны ўлік мінэралягічных, палеанталягічных і іншых унікальных геалягічных матэрыялаў. Паводле 75-га артыкула, «геалягічная інфармацыя падаецца бязвыплатна юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія ажыцьцяўляюць геалягічнае вывучэньне нетраў, здабычу карысных выкапняў, выкарыстаньне іншых рэсурсаў нетраў, у Мінпрыроды Беларусі для фармаваньня дзяржаўнага геалягічнага фонду». Згодна зь 77-м артыкулам «Дзяржаўны кадастр нетраў вядзецца па радовішчах і праявах карысных выкапняў і геатэрмальных рэсурсаў нетраў, а таксама па падземных прасторах, якія выкарыстоўваюцца або могуць быць выкарыстаныя для мэтаў, не зьвязаных са здабычай карысных выкапняў». У 79-м артыкуле згадвалася, што «дзяржаўныя балянсы запасаў карысных выкапняў і геатэрмальных рэсурсаў нетраў вядуцца па радовішчах, відах карысных выкапняў і геатэрмальных рэсурсаў нетраў нетракарыстальнікамі, якім дадзены геалягічныя або горныя адводы». Паводле 80-га артыкула, улік руху запасаў і іх стратаў ажыцьцяўляецца «прынамсі раз у год на падставе дадзеных геалягічнай і маркшэйдэрскай дакумэнтацыі па стане на канец каляндарнага году». Згодна з 81-м артыкулам «дзяржаўнаму ўліку падлягаюць наступныя мінэралягічныя, палеанталягічныя і іншыя ўнікальныя геалягічныя матэрыялы:
- мінэралягічныя, літалягічныя, пэтраграфічныя матэрыялы, якія маюць пошукавую значнасьць для выяўленьня радовішчаў або якія ўяўляюць пазнавальную і эстэтычную каштоўнасьць;
- мінэралы, горныя пароды і карысныя выкапні з рэдкімі, незвычайнымі фізычнымі ўласьцівасьцямі, мэтэарыты, буйныя крышталі і іх зросткі;
- рэдкія горныя пароды і віды карысных выкапняў, іх своеасаблівыя выхады на паверхню або незвычайныя праявы ў горных выпрацоўках;
- палеанталягічныя рэшткі, якія маюць важную значнасьць для біястратыграфіі і ўзнаўленьня фізыка-геаграфічных абставін геалягічнай мінуўшчыны;
- натуральныя і штучныя геалягічныя агаленьні з рэдкімі або не характэрнымі для канкрэтнага рэгіёну геалягічнымі разрэзамі;
- дзялянкі нетраў, у межах якіх горныя пароды адлюстроўваюць тыпаморфныя асаблівасьці складу, будовы і разьвіцьця зямной кары;
- асабліва буйныя або своеасаблівыя паводле формы і рэчыўнага складу валуны»[1].
Нетракарыстальнікі паведамляюць пра выяўленьне такіх геалягічных матэрыялаў у Мінпрыроды Беларусі. У сваю чаргу Мінпрыроды ўтварае адпаведную Камісію для вывучэньня ўнікальнасьці такіх матэрыялаў з прадстаўнікоў свайго ведамства, «Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, навукоўцаў і спэцыялістаў у галіне мінэралёгіі, палеанталёгіі і археалёгіі». Пры гэтым «Мінэралягічныя, палеанталягічныя і іншыя ўнікальныя геалягічныя матэрыялы абавязкова фатаграфуюцца». Улічаныя «ўнікальныя геалягічныя матэрыялы 1 раз у 5 год павінны падвяргацца перападліку (праверцы наяўнасьці і стану захаванасьці, зьверцы іх з актамі здачы-прыёмкі і кнігай паступленьняў) Камісіяй». Таксама яны «падлягаюць ахове ў адпаведнасьці з заканадаўствам аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях, заканадаўствам аб культуры»[1].
16-я глава Кодэксу аб нетрах зьмяшчала 6 артыкулаў (82—87) датычна: нагляду ў галіне выкарыстаньня і аховы нетраў, у тым ліку дзяржаўнага нагляду за бясьпечным вядзеньнем працаў; адказнасьці за парушэньне заканадаўства і наступстваў самавольнага карыстаньня нетрамі, а таксама вырашэньня спрэчак. Паводле 86-га артыкула, «прывядзеньне дзялянак нетраў, парушаных пры самавольным карыстаньні нетрамі, у стан, прыдатны для іх далейшага выкарыстаньня..., выконваецца асобай, якая ажыцьцявіла самавольнае карыстаньне нетрамі, або за яе кошт»[1].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х А. Лукашэнка. Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб нетрах ад 14 ліпеня 2008 г. № 406-З // Лябараторыя распазнаваньня і сынтэзу маўленьня АІПІ, 9 чэрвеня 2020 г. Праверана 3 лістапада 2020 г.
- ^ Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб нетрах // Лябараторыя распазнаваньня і сынтэзу маўленьня АІПІ, 9 чэрвеня 2020 г. Праверана 3 лістапада 2020 г.
- ^ А. Лукашэнка. Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб нетрах ад 14 ліпеня 2008 г. № 406-З // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 26 лютага 2021 г. Праверана 18 чэрвеня 2021 г.
- ^ На беларускую мову перакладзены Кодэкс аб нетрах (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 11 сакавіка 2021 г. Праверана 17 чэрвеня 2021 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |