Перайсьці да зьместу

Азартная гульня

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Картнікі-шулеры. Караваджа, 1594.

Аза́ртная гульня́ (франц. jeu de hasard, літаральна «гульня выпадка») — гульня, у якой выйгрыш цалкам альбо ў значнай ступені залежыць не ад майстэрства гульцоў, а ад выпадка. Гульня, у якой выйгрыш у асноўным залежыць ад майстэрства гульцоў, азартнай не ўважаецца нават пры наяўнасьці элемэнтаў выпадковасьці, як то прэфэранс альбо покер. Звычайна, у азартныя гульні гуляюць на грошы, гэта значыць што ўзнагародай за выйгрыш ёсьць матэрыяльны здабытак, тады як пройгрыш караецца матэрыяльнай стратай.

Слова «азарт» гэта пераклад францускага слова hazard, што азначае «выпадак». Таму азартныя гульні ёсьць гульні, пабудаваныя на выпадку. Невыпадкова азартныя гульні называліся даўней фатальнымі альбо адважнымі гульнямі й супрацьпастаўляліся камэрцыйным альбо сталым гульням. У эўрапейскіх мовах азартныя гульні так і называюцца: гульні выпадку.

У сэнсе гульні на грошы азартнай можа быць любая гульня, у тым ліку цалкам лягічныя й невыпадковыя, як то шахматы альбо го. У такім разуменьні азарт азначае ўпартасьць, узбуджэньне. Гульня на грошы ёсьць спосабам узбагачэньня для адных, а для іншых — толькі марывам хуткага ўзбагачэньня, якое вяртаецца цяжкімі стратамі. Часам гульня на грошы становіцца залежнасьцю, ад якой чалавеку вельмі цяжка пазбавіцца.

Гісторыкі лічаць, што азартныя гульні існуюць з старажытных часоў. Іхная гісторыя пачынаецца з гульнявых костак, якія выраблялі з астрагаляў. Вынаходніцтва гэтай забавы, крыніцы радасьці і няшчасьця, прыпісваюць індыйцам, эгіпцянам і грэкам у асобе Палямэда. Напрыклад, у час раскопак у Эгіпце былі знойдзеныя кубікі рознай формы, як то чатырохгранныя, дванаццацігранныя і нават большай колькасьцю кантаў. Сьведчаньні азартных гульняў ёсьць у надпісах на Вялікай пірамідзе Хэопса і ў Бібліі, дзе апісваюцца рымскія жаўнеры, якія гулялі ў азартныя гульні дзеля адзеньня Хрыста, які паміраў на крыжы. Таксама маюцца зьвесткі, якія сьведчаць аб тым, што шасьцігранныя косьці выкарыстоўваліся ў Мэсапатаміі яшчэ ў 3000 годзе да н. э. У Старажытным Эгіпце былі знойдзеныя фігуркі, малюнкі на камянях, выявы людзей або багоў, якія кідаюць кубікі. Прымітыўныя кубікі былі знойдзеныя і пры раскопках дагістарычных паселішчаў людзей яшчэ больш раньняга часу. Індыйскі эпасны твор «Магабгарата», напісаны, відаць, больш за два тысячагодзьдзі таму, часта і падрабязна апісвае гульню ў косьці. Зборнік вэдыйскіх гімнаў Рыгвэда зьмяшчае паэму «Скаргі гульца», у адным з радкоў цытуюцца словы бога Савітры, як заклікае ўнікаць гульні ў косьці. Паводле грэцкай міталёгіі Гэракл гуляў у косьці супраць храмавага вартаўніка дзеля прыхільнасьці прыгожай куртызанкі. Кубікі, якія выкарыстоўваюцца сёньня, пазначаныя кропкамі з кожнага боку, верагодна, былі вынайдзеныя ў Эгіпце каля 2000 г. да н. э.[1]

Гульцы ў косьці на старажытнарымскай фрэсцы ў Пампэях.

Папулярнасьць кідальных костак у Старажытнай Грэцыі, Старажытным Рыме і сярэднявечнай Эўропе была выключна высокай, галоўным чынам, вядома, сярод найвышэйшых саслоўяў насельніцтва ды духавенства. У Старажытным Рыме гульні ў косьці былі шырока распаўсюджаныя сярод усіх сацыяльных саслоўяў, але ўлады часта пагражалі гульцам пакараньнем. Афіцыйна дазвалялася гуляць у косьці толькі ў час сьвяткаваньня Сатурналіяў. Паводле рымскага заканадаўства, даўгі ў азартных гульнях нельга было спаганяць праз суд, але і страчаную маёмасьць нельга было вярнуць сабе праз суд. Дом, у якім знаходзілі азартных гульцоў, канфіскоўваўся. Імпэратар Кляўдыюс быў заўзятым аматарам гульні Duodecim scripta і нават напісаў кнігу пра яе, але яна з тых часоў была згубленая. Тацыт у сваёй «Германіі» распавядае пра захапленьне германскіх плямёнаў гульнёй у косьці, апісваючы, як у цьвярозым стане яны з поўнай неабдуманасьцю гулялі ў азартныя гульні, закладваючы свае дамы і гаспадарку, а нават і сваю свабоду. Першыя сьведчаньні пра карты сустракаюцца ў старажытным Кітаі ў IX стагодзьдзі. Кітайскі пісьменьнік згадвае ў адным з сваіх твораў, што прынцэса Тун Чэн з дынастыі Тан гуляла ў «карты». Карты з малюнкам дываноў дайшлі да Італіі і Гішпаніі ў XIII стагодзьдзі. У Эўропе былі дададзеныя новыя карты, якія сымбалізавалі кіраўнікоў і прыдворных, як то караля, даму, валета і джокера.

Гульцы на ілюстрацыі да паэмы Сэбастыяна Бранта «Карабель дурняў».

Паводле старога нямецкага права, угоды, павязаныя з азартнымі гульнямі, лічыліся неправамернымі, таму мажліва было ня толькі запатрабаваць вяртаньня страчанага, але нават высунуць пазоў да пераможцы. У Сярэднявеччы як духоўныя, гэтак і сьвецкія ўлады спрабавалі забараніць гульні. Падобныя забароны на карткавых і іншыя гульні дазваляюць рабіць высновы пра распаўсюд і разьвіцьцё гульняў. Указ ангельскага караля Рычарда Львінае Сэрца XII стагодзьдзя прадугледжваў, што анікому, хто ніжэйшы рангам за рыцара, не дазвалялася гуляць у азартныя гульні на грошы. Каралева Лізавета I зафундавала лятарэю, якая ўпершыню была разыграная ў 1569 годзе[2]. У Вялікабрытаніі таксама папулярнымі сталі конныя скачкі[3]. У XIV стагодзьдзі гульня пад назвай крэпс згадваецца ў «Кэнтэрбэрыйскіх апавяданьнях», то бок зборніку твораў ангельскага паэта Джэфры Чосэра[4]. Даволі складаныя правілы гэтай гульні былі спрашчаныя ў XIX стагодзьдзі, у выніку чаго зьявілася гульня, якая вядомая сёньня як крэпс. Першы вядомы папярэднік блэкджэка, гішпанская гульня trente-un, згадваецца сьвятаром. Пазьней пра гэтую гульню ўзгадваў Мігель Сэрвантэс у 1570 годзе.

Пачынаючы з XVI стагодзьдзя спачатку ў Рыме зьявілася структураваная практыка складаньня ўкладаў датычна вызначэньня папы на вакантнае месца па службе папярэдніка. Ставіць горшы на будучага папу было лёгка, дзякуючы выбудаванай сыстэме працы брокераў, якія былі павязаныя з рымскімі банкамі[5]. Першае вядомае ў Эўропе казіно мела назву Рыдота. Яно пачало працаваць у 1638 годзе ў Вэнэцыі[6]. Шырокае распаўсюджаньне азартных гульняў у XVII стагодзьдзі стала падставай для іхняга навуковага дасьледаваньня. Гэтак разгляд праблемы, пастаўленай шэвалье дэ Мэрэ і прааналізаванай Блезам Паскалем і П’ерам дэ Фэрма, лічыцца момантам нараджэньня тэорыі імавернасьцяў. Аднак яшчэ раней Галілео Галілей, Люка Пачолі і Джыраляма Кардана стваралі матэматычныя працы, прысьвечаныя асобным відам азартных гульняў.

Партыя карткавай гульні фараон.

На пачатку XIX стагодзьдзя ў розных эўрапейскіх дзяржавах склаліся розныя погляды на азартныя гульні. У той час як у некаторых краінах такія формы гульняў былі дазволеныя і нават арганізаваныя на карысьць дзяржавы, паколькі публічныя азартныя гульні ўважаліся за больш прымальныя, чым падпольныя, у іншых жа ўсе азартныя гульні былі забароненыя. У Францыі, дзе прывілеяваныя азартныя дамы існавалі амаль ва ўсіх буйных гарадах цягам XVIII і пачатку XIX стагодзьдзяў, Людовік XV ужо беспасьпяхова спрабаваў забараніць азартныя гульні. У 1806 годзе Напалеон Банапарт дазволіў азартныя гульні толькі ў асобных установах у Пале-Раяль у Парыжы, дзе да іхняга закрыцьця Люі-Філіпам I ў канцы 1837 года сярод іншага гулялі ў рулетку. Пасьля 1837 году пачаўся росквіт гульнявых дамоў у Бадэн-Бадэне, Бад-Гомбургу і Вісбадэне, дзе Фёдар Дастаеўскі пазнаёміўся з рулеткай і захапіўся гэтай гульнёй, што яго натхніла да напісаньня раману «Гулец». Да іх далучаліся таксама Бад-Эмс, Бад-Наўгайм і Бад-Пірмонт. У Прусіі яшчэ да Сакавіцкай рэвалюцыі 1848 году паўстала ініцыятыва закрыцьця гульнявых дамоў. У землях, анэксаваных у 1866 годзе, гульнявым установам, якія дзеілі на падставе дамоваў з ранейшымі ўрадамі, было дазволена працягваць працу да канца 1872 году. Пры гэтым яны павінны былі адлічваць значную частку чыстага прыбытку на фармаваньне курортнага і добраўпарадкавальнага фонду адпаведных гарадоў. Па ўтварэньні Нямецкай імпэрыі ўсе нямецкія гульнявыя дамы мусілі спыніць дзейнасьць з канцом 1872 году, але яны адкрытыя наноў толькі ў 1933 годзе пры нацыянал-сацыялістах.

Забарона азартных гульняў у Францыі і Нямеччыне ў першую чаргу дало карысьць княству Манака. Франсуа Блян скарыстаўся гэтай мажлівасьцю і вывеў казіно Монтэ-Карлё да залатога веку. У 1904 годзе міністэрства юстыцыі Аўстра-Вугоршчыны апублікавала сьпіс забароненых гульняў, які цягам многіх дзесяцігодзьдзяў быў узорам. Гэты сьпіс заўважны тым, што ў ім таксама былі забароненыя нават некаторыя адмысловыя разнавіднасьці кегельных гульняў. Да пачатку XX стагодзьдзя азартныя гульні былі амаль паўсюдна забароненыя па ўсёй тэрыторыі ЗША і, такім чынам, сталі ў значнай ступені незаконнай дзейнасьцю, што спрыяла росту мафіі і іншых злачынных арганізацыяў[7][8]. Зь цягам часу стаўленьне да азартных гульняў зьмякчылася, а законы супраць іх былі паслабленыя. У 1931 годзе казіно былі легалізаваныя ў Нэвадзе. Таксама ўсё больш штатаў пасьля гэтага пачалі здымаць забарону на лятарэі.

На 2013 год у краіне працавала 477 гульнявых установаў (31 казіно, 275 залаў гульнявых аўтаматаў і 171 букмэкерская кантора). За 2012 год іх лік вырас на 22%: дадалося 4 казіно, 46 залаў гульнявых аўтаматаў і 38 букмэкерскіх[9]. Паводле ўказу № 599 ад 19 лістапада 2010 г., сярэдні грашовы выйгрыш на кожным аўтамаце зь 1 красавіка 2011 году меў складаць прынамсі 90%[10].

Ліцэнзаваныя віртуальныя гульнявыя ўстановы дзейнічаюць паводле асобных патрабаваньняў, а асноўныя палажэньні Ўказу Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь № 226 «Аб дзейнасьці ў сфэры ігральнага бізнэсу» ўступілі ў сілу 11 сакавіка 2026 году.[11][12]

  1. Antike Glücksspiele. Gamblingplanet.org.
  2. Brenner, R.; Brenner, G.A.; Brenner, G.A. Gambling and Speculation: A Theory, a History, and a Future of Some Human Decisions. — Cambridge University Press, 1990. — ISBN 978-0-521-38180-2
  3. Huggins, Mike (2014). «Flat racing and British society, 1790-1914: A social and economic history». Routledge.
  4. It All Started With… The Origin of Craps, or How Dice Found Its Way to the Casino. Medium.com
  5. Villard, Renaud (2009). Le conclave des parieurs Paris, opinion publique et continuité du pouvoir pontifical à Rome au XVIe siècle. Cairn.
  6. Bjørn Thomassen (2014). Liminality and the Modern: Living Through the In-Between. Ashgate Publishing, Ltd. — С. 160. — ISBN 978-1-4094-6080-0.
  7. Gambling in California. — California State Library, 1997.
  8. E.g., Constitution of Louisiana, 1974, Art. VII, Sec. 6 (B).
  9. Сяргей Куркач. Амаль 10 тысяч азартных гульцоў «завязаліся» // Зьвязда : газэта. — 14 верасьня 2013. — № 173 (27538). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  10. У Беларусі ўводзяцца абмежаваньні па размяшчэньню гульнявых установаў і павышаецца працэнт выйгрышу гульнявых аўтаматаў // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 22 лістапада 2010 г. Праверана 23 лютага 2014 г.
  11. Respin.info
  12. Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь, камэнтар да Ўказу № 226

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]