Бюджэтны кодэкс Рэспублікі Беларусь

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
кодэкс
«Бюджэтны кодэкс Рэспублікі Беларусь»
Нумар: 412-З
Прыняцьце: Палатай прадстаўнікоў
17 чэрвеня 2008 (15 гадоў таму)
Ухваленьне: Саветам Рэспублікі
28 чэрвеня 2008 (15 гадоў таму)
Падпісаньне: прэзыдэнтам Беларусі
16 ліпеня 2008 (15 гадоў таму)
Уступ у сілу: 1 студзеня 2009 (15 гадоў таму)
Першая публікацыя: 2008 год
Газэта «Зьвязда»

Бюджэ́тны ко́дэкс Рэспу́блікі Белару́сь — звод заканадаўства Беларусі аб бюджэтных дачыненьнях, які набыў моц у студзені 2009 году.

Паводле 1-га артыкула, вызначае дачыненьні «пры складаньні, разглядзе, зацьвярджэньні, выкананьні рэспубліканскага бюджэту, мясцовых бюджэтаў і бюджэтаў дзяржаўных пазабюджэтных фондаў, складаньні, разглядзе і зацьвярджэньні справаздачаў аб іх выкананьні, вызначэньні правоў і абавязкаў удзельнікаў бюджэтнага працэсу, ажыцьцяўленьні запазычаньняў у бюджэты, у міжбюджэтных адносінах, а таксама пры ажыцьцяўленьні кантролю за выкананьнем бюджэтаў і прымяненьні адказнасьці за парушэньне бюджэтнага заканадаўства». На 2020 год налічваў 149 артыкулаў і падзяляўся на Агульную частку з 5 разьдзелаў і Асаблівую частку з 6 разьдзелаў, а таксама Дадатак. Замяніў сабой 13 законаў Рэспублікі Беларусь. На 2020 год Бюджэтны кодэкс Беларусі дзейнічаў зь 9-ю зьмяненьнямі і дапаўненьнямі 2010—2012, 2014—2015 і 2017—2018 гадоў[1]. 9 чэрвеня 2020 году Аб’яднаны інстытут праблемаў інфарматыкі НАНБ абнародаваў беларускі пераклад яго рэдакцыі са зьмяненьнямі і дапаўненьнямі паводле Закону ад 30 сьнежня 2018 г. № 159-З[2].

Агульная частка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Агульная частка Бюджэтнага кодэксу налічвала 77 артыкулаў у складзе 5 разьдзелаў: 1) «Агульныя палажэньні»; 2) «Бюджэтная сыстэма Рэспублікі Беларусь. Дзяржаўныя пазабюджэтныя фонды»; 3) «Даходы і выдаткі бюджэтаў»; 4) «Збалянсаванасьць бюджэтаў»; 5) «Міжбюджэтныя адносіны». Найбольшым быў 3-і разьдзел з 23-х артыкулаў (24—47). Паводле 38-га артыкула, «выдаткі рэспубліканскага бюджэту і мясцовых бюджэтаў вызначаюцца з улікам праграмаў сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусь і адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, нарматываў бюджэтнай забясьпечанасьці». Згодна з 41-м артыкулам «даваньне бюджэтных сродкаў ажыцьцяўляецца ў наступных формах: 1) выдаткі на функцыянаваньне бюджэтных арганізацыяў; 2) субсідыі арганізацыям, фізычным асобам, у тым ліку індывідуальным прадпрымальнікам; 3) бюджэтныя трансфэрты за мяжу; 4) міжбюджэтныя трансфэрты; 5) выдаткі на павелічэньне кошту асноўных сродкаў, нематэрыяльных актываў і матэрыяльных запасаў; 6) бюджэтныя пазыкі; 7) бюджэтныя крэдыты; 8) уклады ў статутныя фонды арганізацыяў; 9) выдаткі на пагашэнне і абслугоўваньне даўгавых абавязкаў; 10) выкананьне абавязкаў па гарантыях Урада Рэспублікі Беларусь, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў». У 44-м артыкуле згадвалася, што зь бюджэту могуць фінансавацца 10 відаў функцыянальных выдаткаў: 1) агульнадзяржаўная дзейнасьць; 2) нацыянальная абарона; 3) судовая ўлада, праваахоўная дзейнасьць і забесьпячэньне бясьпекі; 4) народная гаспадарка; 5) ахова навакольнага асяродзьдзя; 6) жыльлёва-камунальныя паслугі і жыльлёвае будаўніцтва; 7) ахова здароўя; 8) фізычная культура, спорт, культура і сродкі масавай інфармацыі; 9) адукацыя; 10) сацыяльная палітыка. Аднак зь бюджэту першаснага ўзроўню маглі выдаткоўваць толькі на 5 відаў прызначэньняў: агульнадзяржаўную дзейнасьць, добраўпарадкаваньне паселішчаў, захаванасьць славутасьцяў, маёмасныя дачыненьні і сацыяльную палітыку[1].

Агульныя палажэньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы разьдзел зьмяшчаў 5 артыкулаў у складзе 2-х главаў: 1) «Асноўныя палажэньні»; 2) «Бюджэтнае заканадаўства». Большай была 2-я глава з 3-х артыкулаў, якія акрэсьлівалі: дзеяньне закону аб рэспубліканскім бюджэце на чарговы фінансавы год і рашэньняў мясцовых Саветаў дэпутатаў аб бюджэце на чарговы фінансавы год у часе; плян утварэньня і выкарыстаньня грошай ва ўмовах надзвычайнага і ваеннага становішча; фінансавы год. Паводле 4-га артыкула, «закон аб рэспубліканскім бюджэце на чарговы фінансавы год, рашэньні мясцовых Саветаў дэпутатаў аб бюджэце на чарговы фінансавы год павінныя ўступаць у сілу зь 1 студзеня чарговага фінансавага году». Згодна зь 5-м артыкулам «фінансавы год для ўсіх бюджэтаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь устанаўліваецца зь 1 студзеня па 31 сьнежня каляндарнага году»[1].

Бюджэтны лад і пазабюджэтныя фонды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Другі разьдзел Кодэксу ўлучаў 18 артыкулаў (6—23) у складзе 3-х главаў: 1) «Бюджэтная сыстэма Рэспублікі Беларусь. Кансалідаваныя бюджэты»; 2) «Бюджэтная клясыфікацыя Рэспублікі Беларусь»; 3) «Дзяржаўныя пазабюджэтныя фонды». Найбольшай была другая глава зь 10 артыкулаў (10—19), што тычылася: адзінства, складу і ўстанаўленьня бюджэтнага відападзелу; відападзелу даходаў бюджэту; ведамаснага, гаспадарчага, праграмнага і функцыянальнага відападзелу выдаткаў бюджэту; відападзелу выкарыстаньня прафіцыту бюджэту і відаў дзяржаўнага доўгу. Паводле 6-га артыкула, «мясцовыя бюджэты дзеляцца на: 1) бюджэты першаснага ўзроўню (сельскія, пасялковыя, гарадоў раённага падпарадкаваньня); 2) бюджэты базавага ўзроўню (раённыя і гарадоў абласнога падпарадкавання); 3) бюджэты абласнога ўзроўню (абласныя бюджэты і бюджэт г. Менску)». Згодна зь 7-м артыкулам «кансалідаваны бюджэт уяўляе сабой звод бюджэтаў на адпаведнай тэрыторыі без уліку міжбюджэтных трансфэртаў паміж гэтымі бюджэтамі, бюджэтных крэдытаў і адсоткаў за карыстаньне імі». Гэтак «кансалідаваны бюджэт раёну складаецца зь бюджэтаў сельсаветаў, пасёлкаў гарадскога тыпу, гарадоў раённага падпарадкавання, разьмешчаных на тэрыторыі раёну, і раённага бюджэту». У сваю чаргу «кансалідаваны бюджэт вобласьці складаецца з кансалідаваных бюджэтаў раёнаў, бюджэтаў гарадоў абласнога падпарадкаваньня, разьмешчаных на тэрыторыі вобласьці, і абласнога бюджэту». Таксама «кансалідаваны бюджэт Рэспублікі Беларусь складаецца з рэспубліканскага бюджэту, кансалідаваных бюджэтаў вобласьцяў і бюджэту г. Менску». Урэшце «кансалідаваны бюджэт сэктару дзяржаўнага кіраваньня Рэспублікі Беларусь складаецца з кансалідаванага бюджэту Рэспублікі Беларусь, бюджэтаў дзяржаўных пазабюджэтных фондаў, сродкаў ад дзейнасьці бюджэтных арганізацыяў, якая прыносіць даходы». У 8-м артыкуле прадугледжвалася, што «бюджэтная сыстэма Рэспублікі Беларусь грунтуецца на прынцыпах: 1) адзінства; 2) паўнаты адлюстраваньня даходаў і выдаткаў бюджэтаў; 3) збалансаванасьці бюджэтаў; 4) галоснасьці і адкрытасьці; 5) самастойнасьці бюджэтаў; 6) эфэктыўнасьці выкарыстаньня бюджэтных сродкаў; 7) сумеснага пакрыцьця выдаткаў бюджэтаў; 8) дакладнасьці бюджэтаў; 9) адраснасьці і мэтавага прызначэньня бюджэтных сродкаў; 10) адказнасьці ўдзельнікаў бюджэтнага працэсу»[1].

Паводле 12-га артыкула Кодэксу, «даходы бюджэту ў залежнасьці ад эканамічнага зьместу падразьдзяляюцца на групы», якія «складаюцца з падгрупаў, якія падразьдзяляюцца на віды. Даходы паводле відаў уключаюць у сябе разьдзелы і падразьдзелы». Згодна з 13-м артыкулам «функцыянальная клясыфікацыя выдаткаў бюджэту зьяўляецца групай выдаткаў, якая адлюстроўвае накіраваньне сродкаў бюджэту на выкананьне функцыяў дзяржавы» У 14-м артыкуле згадвалася, што «праграмная клясыфікацыя выдаткаў бюджэту зьяўляецца групай выдаткаў бюджэту па дзяржаўных праграмах і падпраграмах». Пры гэтым «Міністэрства фінансаў можа праводзіць дэталізацыю выдаткаў бюджэту» ў межах падразьдзелаў і падпраграмаў. Паводле 16-га артыкула, «ведамасная клясыфікацыя выдаткаў рэспубліканскага бюджэту і мясцовых бюджэтаў зьяўляецца групай выдаткаў бюджэту, якая адлюстроўвае разьмеркаваньне бюджэтных прызначэньняў паводле распарадчыкаў сродкаў». Згодна зь 17-м артыкулам «клясыфікацыя фінансаваньня дэфіцыту бюджэту зьяўляецца групай крыніц фінансаваньня, якія прыцягваюцца для пакрыцця дэфіцыту бюджэту, зыходзячы зь іх відаў і формаў даўгавых абавязкаў». Урэшце відападзел відаў дзяржаўнага доўгу Рэспублікі Беларусь зьяўляецца групай унутраных і зьнешніх дзяржаўных пазыкаў зыходзячы зь відаў пазыкадаўцаў і формы даўгавых абавязкаў[1].

Згодна з 20-м артыкулам «стварэньне дзяржаўных пазабюджэтных фондаў (ДПФ), вызначэньне крыніц іх утварэньня, парадку фармаваньня і выкарыстаньня ажыццяўляюцца прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь». Пры гэтым, «распарадчыкамі сродкаў ДПФ зьяўляюцца дзяржаўны орган, іншая дзяржаўная арганізацыя, падпарадкаваная Ўраду Рэспублікі Беларусь, Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь». Паводле 21-га артыкула, праекты законаў аб бюджэтах ДПФ на чарговы фінансавы год разглядаюцца ўрадам Беларусі, зацьвярдзаюцца прэзыдэнтам і прымаюцца Палатай прадстаўнікоў адначасова з праектам закону аб рэспубліканскім бюджэце. Пры гэтым «заканадаўчым актам аб бюджэце ДПФ на чарговы фінансавы год устанаўліваюцца і зацьвярджаюцца наступныя асноўныя паказьнікі:

  1. максімальны памер дэфіцыту ДПФ на канец году і крыніцы яго фінансаваньня або мінімальны памер прафіцыту ДПФ і напрамкі яго выкарыстаньня;
  2. даходы бюджэту ДПФ у агульнай суме і па групах, падгрупах, разьдзелах і падразьдзелах клясыфікацыі даходаў бюджэту;
  3. выдаткі бюджэту ДПФ у агульнай суме, паводле разьдзелаў і падразьдзелаў функцыянальнай і праграмнай клясыфікацыяў выдаткаў бюджэту, а таксама пры неабходнасьці разьмеркаваньне бюджэтных прызначэньняў па распарадчыках сродкаў бюджэту ДПФ паводле ведамаснай клясыфікацыі выдаткаў рэспубліканскага бюджэту, артыкулах і падартыкулах эканамічнай клясыфікацыі выдаткаў бюджэту;
  4. даходы бюджэту ДПФ паводле крыніцаў фармаваньня бюджэту ДПФ, вызначаных заканадаўчым актам аб гэтым фондзе;
  5. выдаткі бюджэту ДПФ паводле напрамкаў выкарыстаньня сродкаў бюджэту ДПФ, вызначаных заканадаўчым актам аб гэтым фондзе»[1].

Даходы і выдаткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Трэці разьдзел Бюджэтнага кодэксу налічваў 24 артыкулы (24—47) ў складзе 2-х главаў: 1) «Даходы бюджэтаў», 2) «Выдаткі бюджэтаў». Большай была першая глава з 14 артыкулаў (24—37) пра: групы даходаў бюджэтаў; выплату і залічэньне даходаў у бюджэты; залічэньне дзяржаўнага мыта, штрафаў і сродкаў, якія атрымліваюцца дзяржаўнымі органамі; уласныя даходы рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў; устанаўленьне нарматываў адлічэньняў ад рэспубліканскіх і мясцовых падаткаў і мытаў; утварэньне даходаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў; падатковыя і непадатковыя даходы рэспубліканскага і абласных бюджэтаў, а таксама бюджэтаў базавага і першаснага ўзроўняў ды Менску. Паводле 24-га артыкула, «Даходы бюджэтаў клясыфікуюцца па наступных групах: 1) падатковыя даходы; 2) унёскі на дзяржаўнае сацыяльнае страхаваньне; 3) непадатковыя даходы; 4) бязвыплатныя паступленьні». У сваю чаргу падатковыя даходы ўключаюць у сябе: 1) мясцовыя і рэспубліканскія мыты і падаткі; 2) «пені, налічаныя за несвоечасовую выплату падаткаў і мытаў; 3) адсоткі за карыстаньне адтэрміноўкай і растэрміноўкай выплаты падаткаў, збораў, мытных плацяжоў, пені і падатковым крэдытам». «Да непадатковых даходаў адносяцца: 1) даходы ад выкарыстаньня маёмасьці, якая знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасьці; 2) штрафы; 3) пені, налічаныя за несвоечасовую выплату непадатковых даходаў». Урэшце «да бязвыплатных паступленьняў адносяцца неабавязковыя бягучыя і капітальныя выплаты, якія ўключаюць у сябе паступленьні ад: 1) замежных дзяржаваў; 2) міжнародных арганізацыяў; 3) іншага бюджэту ў форме міжбюджэтных трансфэртаў». Згодна з 26-м артыкулам «Штрафы за правапарушэньні супраць парадку падаткаабкладаньня, акрамя тых, якія накладаюцца мытнымі органамі, падлягаюць залічэньню ў бюджэты базавага ўзроўню і бюджэт г. Менску па месцы знаходжаньня арганізацыі і па месцы жыхарства фізычнай асобы». Паводле 28-га артыкула Кодэксу, «у кансалідаваныя бюджэты вобласьцяў адлічваецца 24,56 % ад падатку на дададзеную вартасьць (ПДВ), які атрымліваецца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Законам аб рэспубліканскім бюджэце на чарговы фінансавы год устанаўліваюцца нарматывы адлічэньняў ад ПДВ, які атрымліваецца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, у кансалідаваныя бюджэты вобласьцяў прапарцыйна колькасьці насельніцтва, якое пастаянна пражывае на тэрыторыі вобласьцяў на 1 студзеня году, які папярэднічае чарговаму фінансаваму году». Таксама «Рашэньнямі раённых Саветаў дэпутатаў аб бюджэце на чарговы фінансавы год устанаўліваюцца нарматывы адлічэньняў ад падаходнага падатку зь фізычных асобаў, мясцовых падаткаў і збораў, якія падлягаюць залічэньню ў раённыя бюджэты і бюджэты першаснага ўзроўню». Урэшце «Рашэньнямі абласных Саветаў дэпутатаў аб бюджэце на чарговы фінансавы год устанаўліваюцца:

  1. нарматывы адлічэньняў ад падаходнага падатку зь фізычных асобаў, падатку на прыбытак, падатку на дададзеную вартасьць (ПДВ), якія падлягаюць залічэньню ў абласныя бюджэты»;
  2. «нарматывы адлічэньняў ад ПДВ у кансалідаваныя бюджэты раёнаў і бюджэты гарадоў абласнога падпарадкавання прапарцыйна колькасьці насельніцтва, якое пастаянна пражывае на тэрыторыі раёнаў і гарадоў абласнога падпарадкавання на 1 студзеня году, які папярэднічае чарговаму фінансаваму году;
  3. адзіныя нарматывы адлічэньняў ад падаходнага падатку зь фізычных асобаў, падатку на прыбытак, якія падлягаюць залічэньню ў кансалідаваныя бюджэты раёнаў» і «бюджэты гарадоў абласнога падпарадкаваньня»[1].

Згодна з 30-м артыкулам «у рэспубліканскі бюджэт залічваюцца наступныя падатковыя даходы:

  1. падатак на прыбытак, які выплачваецца арганізацыямі, маёмасьць якіх знаходзіцца ва ўласнасьці Рэспублікі Беларусь, і арганізацыямі, у статутных фондах якіх 50 і болей % доляў належыць Рэспубліцы Беларусь, а таксама арганізацыямі, якія зьяўляюцца ўдзельнікамі холдынгаў, у статутных фондах кіраўнічых кампаніяў якіх 50 і болей % доляў знаходзіцца ў рэспубліканскай уласнасьці і перададзена рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіраваньня і іншым дзяржаўным арганізацыям, падпарадкаваным Ураду Рэспублікі Беларусь, у кіраваньне, — 100 %;
  2. падатак на даходы ад ажыцьцяўленьня лятарэйнай дзейнасьці па рэспубліканскіх лятарэях — 100 %;
  3. падатак на даходы ад правядзеньня электронных інтэрактыўных гульняў — 100 %;
  4. падатак на дададзеную вартасьць — 75,44 %;
  5. акцызы — 100 %;
  6. патэнтныя мыты — 100 працэнтаў;
  7. утылізацыйны збор — 100 працэнтаў;
  8. экалягічны падатак: за выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфэрнае паветра — 40 %; за скіданьне сцёкавых водаў — 40 працэнтаў; за захоўваньне, пахаваньне адкідаў вытворчасьці — 40 %;
  9. падатак за здабычу прыродных рэсурсаў у адносінах: нафты — 85 %; калійнай солі калійнай у частцы, падлічанай па адвалорнай стаўцы, — 100 %;
  10. мыты і мытныя зборы ў адпаведнасьці з заканадаўствам — 100 %;
  11. спэцыяльныя, антыдэмпінгавыя і кампэнсацыйныя мыты — 100 %;
  12. афшорны збор — 100 %;
  13. дзяржаўнае мыта, якое залічваецца ў рэспубліканскі бюджэт у адпаведнасьці з актамі заканадаўства, — 100 %;
  14. консульскі збор — 100 %;
  15. гербавы збор — 100 %»[1].

У 31-м артыкуле прадугледжвалася, што «непадатковыя даходы рэспубліканскага бюджэту ўключаюць у сябе:

  1. даходы ад разьмяшчэння грашовых сродкаў рэспубліканскага бюджэту, а таксама даходы ад разьмяшчэння ў банках-нерэзыдэнтах сродкаў крэдытаў Міжнароднага валютнага фонду і іншых зьнешніх дзяржаўных пазыкаў, атрыманых Урадам Рэспублікі Беларусь, і зьнешніх пазыкаў, атрыманых пад гарантыі Ўраду Рэспублікі Беларусь, — 100 %;
  2. дывідэнды па акцыях, за выключэннем акцый, якія знаходзяцца ў гаспадарчым вядзеньні і апэратыўным кіраваньні ўнітарных прадпрыемстваў, і даходы ад іншых формаў удзелу ў капітале, які знаходзіцца ў рэспубліканскай уласнасьці, — 100 %;
  3. плату за выдзяленьне і выкарыстаньне радыёчастотнага спэктру — 100 %;
  4. плату за права заключэньня дамоваў арэнды капітальных будынін (будынкаў, збудаваньняў), ізаляваных памяшканьняў, машына-месцаў, іх частак, якія знаходзяцца ў рэспубліканскай уласнасьці, — 100 %»;
  5. «разавую выплату за права карыстаньня нетрамі і па аб'ектах канцэсіі — 100 %;
  6. даходы ад здачы ў арэнду маёмасьці, якая знаходзіцца ў рэспубліканскай уласнасьці, — 100 %»;
  7. «адміністрацыйныя выплаты: плату за даваньне гарантыяў Урада Рэспублікі Беларусь па крэдытах, якія выдаюцца банкамі Рэспублікі Беларусь, — 100 %; плату за даваньне гарантыяў Урада Рэспублікі Беларусь па зьнешніх пазыках — 100 %; узнагароджаньне за выкананьне дзяржаўнымі службоўцамі абавязкаў прадстаўніка дзяржавы ў гаспадарчых таварыствах, долі якіх належаць Рэспубліцы Беларусь, — 100 %; плату за прабірныя працы і паслугі — 100 %;
  8. сродкі, якія паступаюць у рэспубліканскі бюджэт у лік кампэнсацыі выдаткаў дзяржавы ў адпаведнасьці з заканадаўствам, — 100 %;
  9. даходы ад рэалізацыі маёмасьці, маёмасных правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасьці, якія знаходзяцца ў рэспубліканскай уласнасьці, акрамя сродкаў ад рэалізацыі маёмасьці, якая належыць дзяржаве, ў адпаведнасьці з заканадаўствам аб прыватызацыі, — 100 працэнтаў»;
  10. «даходы ад маёмасьці, канфіскаванай і іншым спосабам зьвернутай у даход дзяржавы: даходы ад рэалізацыі тавараў, транспартных сродкаў і іншай маёмасьці, канфіскаванай (арыштаванай, затрыманай) мытнымі органамі і зьвернутай у даход дзяржавы пры парушэньні мытнага заканадаўства, — 100 %; даходы ад рэалізацыі канфіскаваных і іншым спосабам зьвернутых у даход дзяржавы прыладаў паляваньня і здабычы рыбы і іншых водных жывёлаў, а таксама ад продажу незаконна здабытай з дапамогай гэтых прыладаў прадукцыі — 100 працэнтаў; грашовыя сродкі, канфіскаваныя і іншым спосабам зьвернутыя ў даход дзяржавы, — 100 %»; «даходы ад рэалізацыі канфіскаваных і іншым спосабам зьвернутых у даход дзяржавы каштоўных папераў — 100 %; даходы ад рэалізацыі іншай канфіскаванай і іншым спосабам зьвернутай у даход дзяржавы маёмасьці, акрамя сродкаў, атрыманых ад рэалізацыі зьвернутых у даход дзяржавы безгаспадарнай маёмасьці, знаходак або скарбаў, безнаглядных жывёл, — 100 %; сродкі ад апэрацыяў па бязвыплатнай перадачы канфіскаванай і іншым спосабам вернутай у даход дзяржавы маёмасьці — 100 працэнтаў;
  11. даходы ад продажу зямельных участкаў ва ўласнасьць замежным дзяржавам і міжнародным арганізацыям — 100 %;
  12. вылічэньні з заработнай платы асуджаных у адпаведнасьці з заканадаўствам — 100 %;
  13. штрафы, якія падлягаюць выплаце ў рэспубліканскі бюджэт», — 100 %;
  14. «пакрыцьцё стратаў, шкоды: пакрыцьцё стратаў сельскагаспадарчай і лесагаспадарчай вытворчасьці, выкліканых адабраньнем сельскагаспадарчых земляў, земляў ляснога фонду, — 100 %; пакрыцьцё шкоды, прычыненай навакольнаму асяродзьдзю, — 100 %; пакрыцьцё шкоды, прычыненай лясной гаспадарцы парушэньнем заканадаўства аб выкарыстаньні, ахове, абароне і ўзнаўленьні лясоў, — 100 %; пакрыцьцё іншай шкоды, прычыненай маёмасьці, якая знаходзіцца ў рэспубліканскай уласнасьці, — 100 працэнтаў;
  15. добраахвотныя ўнёскі, якія паступаюць у рэспубліканскі бюджэт, — 100 %;
  16. плату за праезд цяжкіх і буйнагабарытных транспартных сродкаў па аўтамабільных дарогах агульнага карыстаньня Рэспублікі Беларусь — 100 %;
  17. плату за праезд транспартных сродкаў па платных аўтамабільных дарогах Рэспублікі Беларусь з сыстэмай электроннага збору платы — 100 працэнтаў;
  18. адлічэньні юрыдычных асобаў, якія ажыцьцяўляюць дзейнасьць у сфэры мытнай справы ў якасьці ўладальніка крамы бясмытнага гандлю, ад выручкі ад рэалізацыі тавараў», — 100 %;
  19. «сродкі, атрыманыя ад продажу адзінак скарачэньня выкідаў парніковых газаў на падставе заключаных Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Рэспублікі Беларусь міжнародных дамоваў міжведамаснага характару аб продажы такіх адзінак, — 100 %»[1].

Паводле 32-га артыкула, «у абласныя бюджэты залічваюцца наступныя падатковыя даходы:

  1. падаходны падатак зь фізычных асобаў — згодна з нарматывам, устаноўленым рашэньнем абласнога Савета дэпутатаў аб бюджэце на чарговы фінансавы год;
  2. падатак на прыбытак, за выключэннем падатку на прыбытак, які залічваецца ў рэспубліканскі бюджэт»;
  3. «падатак на даходы замежных арганізацыяў, якія не ажыцьцяўляюць дзейнасьць у Рэспубліцы Беларусь праз пастаяннае прадстаўніцтва, — 100 працэнтаў;
  4. падатак на даходы ад ажыцьцяўленьня лятарэйнай дзейнасьці па абласных латарэях — 100 %;
  5. падатак на нерухомую маёмасьць, падлічаны па аб'ектах, якія знаходзяцца на тэрыторыі гарадоў абласнога падпарадкаваньня, — 40 %;
  6. падатак на дададзеную вартасьць — згодна з нарматывам, устаноўленым рашэньнем абласнога Савета дэпутатаў аб бюджэце на чарговы фінансавы год ад паступленьняў па нарматыве, устаноўленым законам аб рэспубліканскім бюджэце на чарговы фінансавы год;
  7. экалягічны падатак: за выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфэрнае паветра — 60 %; за скіданьне сцёкавых вод — 60 %; за захоўваньне, пахаванне адходаў вытворчасьці — 60 %;
  8. дзяржаўнае мыта, якое залічваецца ў абласны бюджэт у адпаведнасьці з актамі заканадаўства, — 100 працэнтаў;
  9. падатак за здабычу прыродных рэсурсаў у адносінах нафты, які выплачваецца плацельшчыкам па месцы знаходжаньня аб'екта падаткаабкладаньня, — 15 %;
  10. падатак за здабычу прыродных рэсурсаў у адносінах калійнай солі ў частцы, падлічанай па спэцыфічнай стаўцы, — 100 %»[1].

Збалянсаванасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чацьверты разьдзел Кодэксу ўлучаў 23 артыкулы (48—70) з 3-х главаў: 1) «Дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту, мясцовых бюджэтаў, яго зацьвярджэньне»; 2) «Запазычаньні»; 3) «Даваньне дзяржаўных крэдытаў Рэспублікі Беларусь». Найбольшай была другая глава зь 17 артыкулаў (52—68) наконт: даўвавых абавязкаў і кіраваньня дзяржаўным доўгам Беларусі; абмежаваньняў і ўліку ўнутранага і зьнешняга доўгу, як дзяржаўнага, гэтак і гарантаванага дзяржавай; дзяржаўных каштоўных папераў; абслугоўваньня, пагашэньня і складу дзяржаўнага доўгу; рэструктурызацыі дзяржаўнага доўгу і даўгавых абавязкаў перад рэспубліканскім бюджэтам; даўгавых абавязкаў органаў мясцовага кіраваньня і самакіраваньня; бюджэтных пазыкаў, даваньня бюджэтнага крэдыту і гарантыяў урада Беларусі. Паводле 48-га артыкула, «зацьвярджэньне бюджэту з дэфіцытам дапускаецца пры наяўнасьці абгрунтаваных крыніцаў фінансаваньня». Пры гэтым «максімальны памер дэфіцыту рэспубліканскага бюджэту, а таксама максімальныя памеры дэфіцыту кансалідаваных бюджэтаў вобласьцяў і бюджэту г. Менску ўстанаўліваюцца законам аб рэспубліканскім бюджэце на чарговы фінансавы год». Урэшце «прынятыя ў ходзе выкананьня бюджэту рашэньні, якія прыводзяць да зьмяненьняў даходаў або выдаткаў, якія цягнуць за сабой дэфіцыт бюджэту або яго павелічэньне, павінныя вызначаць крыніцы фінансаваньня дэфіцыту бюджэту і прадугледжваць захады для кампэнсацыі стратаў даходаў бюджэту пры іх узьнікненьні». Згодна зь 50-м артыкулам «у склад крыніцаў фінансаваньня дэфіцыту рэспубліканскага бюджэту ўключаюцца:

  1. розьніца паміж сродкамі, якія паступілі ад разьмяшчэньня дзяржаўных каштоўных папераў Рэспублікі Беларусь, і сродкамі, накіраванымі на пагашэньне асноўнага доўгу па іх;
  2. розьніца паміж атрыманымі і пагашанымі Рэспублікай Беларусь пазыкамі міжнародных фінансавых арганізацыяў, замежных дзяржаваў і іншых замежных крэдытораў;
  3. розьніца паміж сродкамі, атрыманымі ад звароту асноўнага доўгу па дадзеных з рэспубліканскага бюджэту мясцовым бюджэтам, бюджэтам дзяржаўных пазабюджэтных фондаў (ДПФ) бюджэтных крэдытах, і сумай дадзеных з рэспубліканскага бюджэту мясцовым бюджэтам, бюджэтам ДПФ бюджэтных крэдытаў;
  4. сродкі ад апэрацыяў з маёмасьцю, якая знаходзіцца ў рэспубліканскай уласнасьці, акрамя сродкаў ад апэрацыяў з маёмасьцю, якія зьяўляюцца даходамі і выдаткамі рэспубліканскага бюджэту ў адпаведнасьці з бюджэтным заканадаўствам;
  5. зьмяненьне рэшты сродкаў на рахунках па ўліку сродкаў рэспубліканскага бюджэту, у тым ліку разьмешчаных у аблігацыі, на працягу адпаведнага фінансавага году;
  6. курсавая розьніца па сродках рэспубліканскага бюджэту, якая вызначаецца ў адпаведнасьці з заканадаўствам;
  7. розьніца паміж сродкамі, якія паступілі ад звароту выплатаў, праведзеных у адпаведнасьці з гарантыямі Ўрада Рэспублікі Беларусь, і сродкамі, накіраванымі на выкананьне абавязкаў у адпаведнасьці з гарантыямі Ўрада Рэспублікі Беларусь па пагашэньні і абслугоўваньні пазыкаў;
  8. розьніца паміж сродкамі, якія паступілі ад звароту дадзеных з рэспубліканскага бюджэту рэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь сродкаў на зваротнай аснове, у тым ліку за кошт зьнешніх дзяржаўных пазыкаў, і сумай дадзеных з рэспубліканскага бюджэту рэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь сродкаў на зваротнай аснове, у тым ліку за кошт зьнешніх дзяржаўных пазыкаў;
  9. розьніца паміж сродкамі ад звароту доўгу па набытых Міністэрствам фінансаў актывах банкаў, сфармаваных па крэдытах, дадзеных арганізацыям банкамі Рэспублікі Беларусь, і сродкамі, накіраванымі на набыцьцё Міністэрствам фінансаў актываў банкаў, сфармаваных па крэдытах, дадзеных арганізацыям банкамі Рэспублікі Беларусь»[1].

Паводле 52-га артыкула, «ад імя Рэспублікі Беларусь дзяржаўныя запазычаньні ажыцьцяўляе Ўрад Рэспублікі Беларусь». Прыцягненьне ўнутраных дзяржаўных пазыкаў ажыцьцяўляецца «па яго даручэньні Міністэрствам фінансаў». У сваю чаргу «прыцягненьне зьнешніх дзяржаўных пазыкаў ад імя Рэспублікі Беларусь ажыцьцяўляецца Ўрадам Рэспублікі Беларусь паводле рашэньня прэзыдэнта»[1].

Міжбюджэтныя адносіны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пяты разьдзел Кодэксу зьмяшчаў 7 артыкулаў (71—77) у складзе 2-х главаў: 1) «Агульныя палажэньні», 2) «Міжбюджэтныя трансфэрты». Большай была першая глава ў складзе 4-х артыкулаў, якія вызначалі: прынцыпы міжбюджэтных дачыненьняў, перадачу даходаў і выдаткаў бюджэтаў, правы дзяржаўных органаў пры даваньні сродкаў ніжэйстаячым бюджэтам. Паводле 73-га артыкула, даходы і выдаткі бюджэту перадаюць зь мясцовага бюджэту на падставе рашэньня мясцовага Савета дэпутатаў, а з рэспубліканскага бюджэту на падставе заканадаўчага акту. Згодна зь 75-м артыкулам «міжбюджэтныя трансфэрты даюцца ў формах датацыяў, субвэнцыяў». Пры гэтым «датацыя з вышэйстаячага бюджэту ў ніжэйстаячы бюджэт даецца ў выпадку перавышэньня прагнознага аб'ёму выдаткаў мясцовага бюджэту над прагнозным аб'ёмам яго даходаў». І наадварот сродкі зь мясцовага бюджэту перадаюць у рэспубліканскі пры перавышэньня прагнозных даходаў мясцовага бюджэту. У 76-м артыкуле прадугледжвалася, што «нарматывы бюджэтнай забясьпечанасьці для мясцовых бюджэтаў вызначаюцца зыходзячы зь ліку жыхароў або спажыўцоў тавараў, якія даюцца дзяржавай, і ўдакладняюцца з прымяненьнем карэктавальных каэфіцыентаў, якія ўлічваюць розьніцу ў кошце тавараў». Паводле 77-га артыкула, «субвэнцыі даюцца іншаму бюджэту пры перадачы паўнамоцтваў на ажыццяўленьне функцыянальнага віду выдаткаў»[1].

Асаблівая частка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асаблівая частка Бюдэтнага кодэксу Беларусі ўлучала 72 артыкулы (78—149) ў складзе 6 разьдзелаў: 1) «Удзельнікі бюджэтнага працэсу і іх паўнамоцтвы»; 2) «Складаньне праектаў рэспубліканскага бюджэту, мясцовых бюджэтаў і сярэднетэрміновых фінансавых праграмаў»; 3) «Разгляд і зацьвярджэньне рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў»; 4) «Выкананьне рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў»; 5) «Асновы кантролю за выкананьнем бюджэтнага заканадаўства і адказнасьць за яго парушэньне»; 6) «Заключныя палажэньні»[1].

Паўнамоцтвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шосты разьдзел Бюджэтнага кодэксу налічваў 5 артыкулаў (78—82) у складзе 2-х главаў: 1) «Агульныя палажэньні», 2) «Распарадчыкі і атрымальнікі бюджэтных сродкаў». Большай была другая глава з 3-х артыкулаў пра функцыі распарадчыкаў, а таксама абавязкі і правы атрымальнікаў бюджэтных сродкаў. Паводле 78-га артыкула, удзельнікамі бюджэтнага працэсу былі парлямэнт, прэзыдэнт і ўрад Беларусі, мясцовыя Саветы дэпутатаў і іх выканаўчыя ды распарадчыя органы, Камітэт дзяржаўнага кантролю і Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, атрымальнікі і распарадчыкі бюджэтных сродкаў, банкі і адміністратары даходаў бюджэту. Згодна з 82-м артыкулам «атрымальнікі бюджэтных сродкаў маюць права на: 1) выкарыстаньне бюджэтных сродкаў у адпаведнасьці з бюджэтным каштарысам, разьлікамі і пералікамі да яго; 2) своечасовае атрыманьне інфармацыі аб бюджэтных асігнаваньнях». Адначасна «атрымальнікі бюджэтных сродкаў абавязаныя:

  1. своечасова падаваць дакумэнты, якія пацьвярджаюць права на атрыманьне бюджэтных сродкаў;
  2. эфэктыўна выкарыстоўваць бюджэтныя сродкі ў адпаведнасьці зь іх мэтавым прызначэньнем;
  3. своечасова і ў поўным аб'ёме вяртаць бюджэтныя сродкі, дадзеныя на зваротнай аснове;
  4. своечасова і ў поўным аб'ёме ўносіць плату за карыстаньне бюджэтнымі сродкамі, дадзенымі на аплатнай аснове;
  5. своечасова падаваць бухгальтарскую справаздачнасьць у адпаведнасьці з заканадаўствам аб бухгальтарскім уліку і справаздачнасьці»;
  6. «вяртаць нявыкарыстаныя бюджэтныя сродкі ў адпаведны бюджэт, у тым ліку ў дзяржаўны мэтавы бюджэтны фонд;
  7. прымаць грашовыя абавязкі толькі ў межах прадугледжаных бюджэтных асігнаваньняў, зменшаных на суму незакончаных разьлікаў, якія склаліся на 1 студзеня бягучага фінансавага году»;
  8. прыняць захады па карэкціроўцы пагадненьняў па сумах, тэрмінах і ўмовах выкананьня «ў выпадку зьмяншэньня распарадчыкам бюджэтных сродкаў памеру раней даведзеных бюджэтных асігнаваньняў, якое прыводзіць да немагчымасці выканання прынятых бюджэтных абавязкаў»;
  9. «забясьпечыць падаваньне ў тэрытарыяльныя органы дзяржаўнага скарбу для рэгістрацыі прынятыя грашовыя абавязкі, а таксама дапаўненні і зьмяненьні да іх на працягу 10 працоўных дзён з даты іх прыняцьця»[1].

Складаньне праектаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сёмы разьдзел Кодэксу зьмяшчаў 8 артыкулаў (83—94) у складзе 3-х главаў: 1) «Асновы складаньня праектаў рэспубліканскага бюджэту, мясцовых бюджэтаў і сярэднетэрміновых фінансавых праграмаў»; 2) «Складаньне праекта рэспубліканскага бюджэту»; 3) «Складаньне праектаў мясцовых бюджэтаў». Паводле 83-га артыкула, перад складаньнем праекту бюджэта Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь да 1 траўня бягучага фінансавага году падае ў Міністэрства фінансаў прагноз асноўных парамэтраў эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусь на чарговы фінансавы год і плянавы пэрыяд», а Нацыянальны банк падае прагноз парамэтраў найважнейшых грашова-крэдытных паказьнікаў. Згодна з 85-м артыкулам зь іх улікам Міністэрства фінансаў уносіць праект асноўных напрамкаў бюджэтна-фінансавай і падатковай палітыкі Беларусі на разгляд ураду Беларусі да 1 чэрвеня, што «служыць асновай пры складаньні праекту рэспубліканскага бюджэту», яго сярэднетэрміновай фінансавай праграмы, а таксама асновай «разьліковых паказьнікаў па кансалідаваным бюджэце» Беларусі. Таксама Міністэрства фінансаў вядзе Зводны рэестр выдатковых абавязкаў кансалідаванага бюджэту, які ўлучае часткі пастановаў, якія зьяўляюцца падставай для вылучэньня бюджэтных сродкаў. У праекце напрамкаў бюджэтна-фінансавай і падатковай палітыкі ўтрымліваюцца прапановы 5 паказьнікаў:

  1. «удзельная вага прагнознага гадавога аб'ёму сукупнага ўнутранага прадукту, які пераразьмяркоўваецца праз кансалідаваны бюджэт Рэспублікі Беларусь;
  2. максімальны памер дэфіцыту кансалідаванага бюджэту і асноўныя крыніцы яго фінансаваньня;
  3. зьмяненьні ў заканадаўстве, прыняцьце якіх неабходна для рэалізацыі бюджэтна-фінансавай і падатковай палітыкі Рэспублікі Беларусь;
  4. асаблівасьці міжбюджэтных адносін, у тым ліку ўзаемаадносін рэспубліканскага бюджэту зь мясцовымі бюджэтамі;
  5. ліміт дзяржаўнага доўгу Рэспублікі Беларусь»[1].

Паводле 90-га артыкула, урад Беларусі пачынае складаць рэспубліканскі бюджэт «прынамсі за 10 месяцаў да пачатку чарговага фінансавага году». У 91-м артыкуле прадугледжвалася, што «ўхваленыя Ўрадам Рэспублікі Беларусь праект закону аб рэспубліканскім бюджэце і разьліковыя паказьнікі для кансалідаванага бюджэту Рэспублікі Беларусь на чарговы фінансавы год не пазьней за 1 верасьня году, які папярэднічае чарговаму фінансаваму году, падаюцца на разгляд прэзідэнту». Згодна з 89-м артыкулам «Законам аб рэспубліканскім бюджэце на чарговы фінансавы год устанаўліваюцца і зацьвярджаюцца наступныя асноўныя паказьнікі:

  1. максімальны памер дэфіцыту рэспубліканскага бюджэту на канец году і крыніцы яго фінансаваньня або мінімальны памер прафіцыту рэспубліканскага бюджэту і напрамкі яго выкарыстаньня;
  2. максімальны памер дэфіцыту кансалідаваных бюджэтаў вобласьцяў і бюджэту Менску на канец году;
  3. даходы рэспубліканскага бюджэту ў агульнай суме і па групах, падгрупах, разьдзелах і асноўных падразьдзелах клясыфікацыі даходаў бюджэту;
  4. нарматывы адлічэньняў ад рэспубліканскіх падаткаў, мытаў у кансалідаваныя бюджэты вобласьцяў і бюджэт Менску»;
  5. «памеры міжбюджэтных трансфэртаў;
  6. нарматывы бюджэтнай забясьпечанасьці;
  7. выдаткі рэспубліканскага бюджэту ў агульнай суме, а таксама паводле функцыянальнай клясыфікацыі выдаткаў бюджэту;
  8. даходы дзяржаўных мэтавых бюджэтных фондаў (ДМБФ), уключаных у склад рэспубліканскага бюджэту;
  9. выдаткі ДМБФ, уключаных у склад рэспубліканскага бюджэту;
  10. разьмеркаваньне бюджэтных прызначэньняў па распарадніках бюджэтных сродкаў у адпаведнасьці з ведамаснай клясыфікацыяй выдаткаў рэспубліканскага бюджэту і функцыянальнай клясыфікацыяй выдаткаў бюджэту;
  11. пералік дзяржаўных праграмаў і падпраграмаў, фінансаваньне якіх ажыцьцяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, паводле функцыянальнай клясыфікацыі выдаткаў бюджэту і па заказчыках;
  12. аб'ём асігнаваньняў на рэалізацыю дзяржаўнай інвэстыцыйнай праграмы;
  13. памер абаротнай касавай наяўнасьці па рэспубліканскім бюджэце;
  14. ліміты ўнутранага дзяржаўнага доўгу і ўнутранага доўгу, гарантаванага Рэспублікай Беларусь, зьнешняга дзяржаўнага доўгу і зьнешняга доўгу, гарантаванага Рэспублікай Беларусь;
  15. пералік зьнешніх дзяржаўных пазыкаў, абслугоўваньне і пагашэньне якіх ажыцьцяўляюцца з прыцягненьнем сродкаў рэспубліканскага бюджэту»[1].

Разгляд і зацьвярджэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Восьмы разьдзел Бюджэтнага кодэксу ўлучаў 6 артыкулаў (95—100) у складзе 2-х главаў: 1) «Асновы разгляду і зацьвярджэньня рэспубліканскага бюджэту і мясцовых бюджэтаў», 2) «Парадак іх разгляду і зацьвярджэньня». Паводле 95-га артыкула, да 1 лістапада «прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь уносіць праект закону аб рэспубліканскім бюджэце на чарговы фінансавы год у Палату прадстаўнікоў», якая прымае яго да 1 сьнежня. У сваю чаргу «мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы ўносяць праект рашэньня аб бюджэце на чарговы фінансавы год на разгляд адпаведнага мясцовага Савета дэпутатаў», які прымае яго «да пачатку чарговага фінансавага году»[1].

Выкананьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзявяты разьдзел Кодэксу зьмяшчаў 24 артыкулы (101—124) ў складзе 5 главаў: 1) «Асновы выкананьня рэспубліканскага бюджэту і мясцовых бюджэтаў»; 2) «Выкананьне рэспубліканскага бюджэту»; 3) «Выкананьне судовых пастановаў за кошт сродкаў бюджэтаў»; 4) «Унясеньне зьмяненьняў і дапаўненьняў у закон аб рэспубліканскім бюджэце на бягучы фінансавы год, удакладненьне асобных паказьнікаў рэспубліканскага бюджэту»; 5) «Падрыхтоўка і разгляд праекту закона аб зацьвярджэньні справаздачы аб выкананьні рэспубліканскага бюджэту за справаздачны фінансавы год»; 6) «Выкананьне мясцовых бюджэтаў». Найбольшай была шостая глава з 8 артыкулаў (117—124) пра: органы выкананьня мясцовых бюджэтаў і іх скарбавае выкананьне; бюджэтны роспіс і выкананьне бюджэтаў па даходах і выдатках; унясеньне зьмяненьняў і дапаўненьняў у рашэньне мясцовага Савета дэпутатаў аб бюджэце на бягучы фінансавы год; паўнамоцтвы адміністрацыяў раёнаў Менску і іх фінансавых органаў у складаньні і выкананьні свайго бюджэтнага каштарысу; справаздачы аб выкананьні мясцовых бюджэтаў. Паводле 117-га артыкула, «мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, мясцовыя фінансавыя органы і інспэкцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь у межах сваёй кампэтэнцыі арганізуюць выкананьне мясцовых бюджэтаў, забясьпечваюць паступленьне ўсіх прадугледжаных даходаў і выдаткоўваньне бюджэтных сродкаў у адпаведнасьці з іх мэтавым прызначэньнем». Згодна са 119-м артыкулам «бюджэтны роспіс бюджэту абласнога і базавага ўзроўняў складаецца адпаведным мясцовым фінансавым органам на аснове паказьнікаў, зацьверджаных рашэньнем мясцовага Савета дэпутатаў аб бюджэце на чарговы фінансавы год, у месячны тэрмін пасьля яго прыняцьця». У сваю чаргу «бюджэтны роспіс бюджэту першаснага ўзроўню складаецца выканаўчым і распарадчым органам». У 123-м артыкуле акрэсьлівалася, што «выдаткі бюджэту Менска па адміністрацыях раёнаў у Менску паводле функцыянальнай клясыфікацыі выдаткаў бюджэту зацьвярджаюцца рашэньнем Менскага гарадскога Савета дэпутатаў аб бюджэце Менска на чарговы фінансавы год»[1].

Кантроль[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзясяты разьдзел Кодэксу ўлучаў 22 артыкулы (125—146) ў складзе 2-х главаў: 1) «Асновы кантролю за выкананьнем бюджэтнага заканадаўства»; 2) «Адказнасьць за парушэньне бюджэтнага заканадаўства». Большай была другая глава з 14 артыкулаў (133—146), якія апісвалі: захады прымусу за бюджэтныя парушэньні і органы іх прымяненьня; падставы для прымяненьня адпаведных захадаў прымусу; незаконнае атрыманьне і нямэтавае выкарыстаньне сродкаў; даваньне бюджэтнай пазыкі за парушэньнем; незварот і несвоечасовы зварот бюджэтных сродкаў, дадзеных на зваротнай падставе; непералічэньне і няпоўнае пералічэньне сродкаў іх атрымальнікам; непералічэньне платы за карыстаньне бюджэтнымі сродкамі, дадзенымі на платнай падставе; невыкананьне і неналежнае выкананьне банкамі аплатных інктрукцыяў на пералічэньне грошай; недаваньне ва ўстаноўленыя тэрміны бухгальтарскай справаздачнасьці аб выкарыстаньні сродкаў і зьвестак аб руху сродкаў па рахунках атрымальнікаў; парушэньне дамовы з выкарыстаньне бюджэтных сродкаў; спагнаньне грошай і прыпыненьне апэрацыяў па рахунках у банках. Паводле 132-га артыкула, «да паўнамоцтваў распарадчыкаў бюджэтных сродкаў па кантролі за выкананьнем бюджэтнага заканадаўства адносіцца ажыцьцяўленне ў межах іх кампэтэнцыі кантролю за мэтавым і эфэктыўным выдаткоўваньнем бюджэтных сродкаў атрымальнікамі бюджэтных сродкаў, своечасовым зваротам імі бюджэтных сродкаў, дадзеных на зваротнай падставе, своечасовым і поўным унясеньнем платы за карыстаньне бюджэтнымі сродкамі, дадзенымі на аплатнай падставе». Згодна са 129-м артыкулам «да паўнамоцтваў Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь і інспэкцыяў МПЗ РБ па кантролі за выкананнем бюджэтнага заканадаўства адносіцца ажыцьцяўленне ў межах іх кампэтэнцыі кантролю за своечасовым і поўным паступленьнем даходаў у рэспубліканскі бюджэт і мясцовыя бюджэты»[1].

Заключныя палажэньні і Дадатак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адзінаццаты разьдзел Бюджэтнага кодэксу налічваў 3 артыкулы (147—149) пра страту сілы ранейшымі законамі, прывядзеньне заканадаўства ў адпаведнасьць з Кодэксам і набыцьцё ім моцы. Паводле 147-га артыкула, Кодэкс замяніў 13 законаў 1993—2006 гадоў, у тым ліку: 1) ад 27 траўня 1993 году «Аб унутраным дзяржаўным доўгу Рэспублікі Беларусь»; 2) ад 4 чэрвеня 1993 году «Аб бюджэтнай сыстэме Рэспублікі Беларусь і дзяржаўных пазабюджэтных фондах»; 3) ад 5 траўня 1998 году «Аб бюджэтнай клясыфікацыі Рэспублікі Беларусь»; 4) ад 22 чэрвеня 1998 году «Аб зьнешнім дзяржаўным доўгу Рэспублікі Беларусь». У 148-м артыкуле «Савету міністраў Рэспублікі Беларусь у 6-месячны тэрмін з дня афіцыйнага апублікаваньня» даручалася прывесьці заканадаўства ў адпаведнасьць з Кодэксам[1].

Дадатак да Бюджэтнага кодэксу зьмяшчаў табліцу з падзелаў 10 функцыянальных разьдзелаў выдаткаў у бюджэце на падразьдзелы:

  • агульнадзяржаўная дзейнасьць — 1) Дзяржаўныя органы агульнага прызначэньня, 2) Міжнародная дзейнасьць, 3) Міжнародная эканамічная і гуманітарная дапамога, 4) Забесьпячэньне правядзеньня выбараў і рэфэрэндумаў, 5) Абслугоўваньне дзяржаўнага доўгу Рэспублікі Беларусь, 6) Дзяржаўны матэрыяльны рэзэрв, 7) Фундамэнтальныя навуковыя дасьледаваньні, 8) Дастасоўныя дасьледаваньні ў галіне агульнадзяржаўнай дзейнасьці, 9) Рэзэрвовыя фонды, 10) Іншая агульнадзяржаўная дзейнасьць, 11) Міжбюджэтныя трансфэрты;
  • нацыянальная абарона — 1) Абарона і Ўзброеныя сілы Рэспублікі Беларусь, 2) Забесьпячэньне мабілізацыйнай падрыхтоўкі і мабілізацыі, 3) Іншыя пытаньні, зьвязаныя з нацыянальнай абаронай;
  • судовая ўлада, праваахоўная дзейнасьць і забесьпячэньне бясьпекі — 1) Органы ўнутраных справаў, 2) Органы пракуратуры, 3) Органы памежнай службы, 4) Органы і арганізацыі крымінальна-выканаўчай сыстэмы, 5) Органы дзяржаўнай бясьпекі, 6) Органы судовай улады, 7) Мытныя органы, 8) Органы і падразьдзяленьні па надзвычайных сытуацыях, 9) Папярэджаньне і ліквідацыя наступстваў надзвычайных сытуацыяў, 10) Дастасоўныя дасьледаваньні ў галіне праваахоўнай дзейнасьці і забесьпячэньня бясьпекі, 11) Іншыя пытаньні ў галіне праваахоўнай дзейнасьці і забесьпячэньня бясьпекі;
  • нацыянальная эканоміка — 1) Агульныя эканамічныя пытаньні, 2) Сельская гаспадарка, рыбагаспадарчая дзейнасьць, 3) Лясная гаспадарка, 4) Прамысловасьць, будаўніцтва і архітэктура, 5) Транспарт, 6) Дарожная гаспадарка, 7) Сувязь, 8) Паліва і энэргетыка, 9) Дастасоўныя дасьледаваньні ў галіне нацыянальнай эканомікі, 10) Іншая дзейнасьць у галіне нацыянальнай эканомікі;
  • ахова навакольнага асяродзьдзя — 1) Ахова прыроднага асяродзьдзя, 2) Дастасоўныя дасьледаваньні ў галіне аховы навакольнага асяродзьдзя, 3) Іншая дзейнасьць у галіне аховы навакольнага асяродзьдзя;
  • жыльлёва-камунальныя паслугі і жыльлёвае будаўніцтва — 1) Жыльлёвае будаўніцтва, 2) Жыльлёва-камунальная гаспадарка, 3) Добраўпарадкаваньне населеных пунктаў, 4) Дастасоўныя дасьледаваньні ў галіне жыллёва-камунальных паслуг, 5) Іншыя пытаньні ў галіне жыллёва-камунальных паслуг;
  • ахова здароўя — 1) Мэдычная дапамога насельніцтву, 2) Дзяржаўны санітарны нагляд, 3) Дастасоўныя дасьледаваньні ў галіне аховы здароўя, 4) Іншыя пытаньні ў галіне аховы здароўя;
  • фізычная культура, спорт, культура і сродкі масавай інфармацыі — 1) Фізычная культура і спорт, 2) Культура, 3) Сродкі масавай інфармацыі, 4) Дастасоўныя дасьледаваньні ў галіне фізычнай культуры, спорту, культуры і СМІ, 5) Пытаньні рэлігіі і іншыя пытаньні ў галіне фізычнай культуры, спорту, культуры і СМІ;
  • адукацыя — 1) Дашкольная адукацыя, 2) Агульная сярэдняя адукацыя, 3) Прафэсійна-тэхнічная адукацыя, 4) Сярэдняя спэцыяльная адукацыя, 5) Вышэйшая і пасьляўнівэрсытэцкая адукацыя, 6) Дадатковая адукацыя дарослых, 7) Дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі, 8) Дастасоўныя дасьледаваньні ў галіне адукацыі, 9) Іншыя пытаньні ў галіне адукацыі;
  • сацыяльная палітыка — 1) Сацыяльная абарона, 2) Пэнсійнае забесьпячэньне, 3) Дапамога сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, 4) Дзяржаўная моладзевая палітыка, 5) Садзейнічаньне занятасьці насельніцтва, 6) Дапамога ў забесьпячэньні жыльлём, 7) Дастасоўныя дасьледаваньні ў галіне сацыяльнай палітыкі, 8) Іншыя пытаньні ў галіне сацыяльнай палітыкі[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х А. Лукашэнка. Бюжэтны кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 16 ліпеня 2008 г. № 412-З // Лябараторыя распазнаваньня і сынтэзу маўленьня АІПІ, 9 чэрвеня 2020 г. Праверана 20 верасьня 2020 г.
  2. ^ А. Лукашэнка. Бюжэтны кодэкс Рэспублікі Беларусь // Лябараторыя распазнаваньня і сынтэзу маўленьня АІПІ, 9 чэрвеня 2020 г. Праверана 20 верасьня 2020 г.