Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалягічны запаведнік

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Палескі запаведнік
Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалягічны запаведнік
Папярэджаньне пра забруджанасьць грыбоў і ягадаў (2009 г.)
Папярэджаньне пра забруджанасьць грыбоў і ягадаў (2009 г.)
Месцазнаходжаньне на мапе Беларусі (2015 г.)
Месцазнаходжаньне на мапе Беларусі (2015 г.)
РазьмяшчэньнеБрагінскі, Нараўлянскі і Хвойніцкі раёны (Гомельская вобласьць, Беларусь)
Найбліжэйшы горад Хвойнікі
Каардынаты51°36′34″ пн. ш. 29°56′17″ у. д. / 51.60944° пн. ш. 29.93806° у. д. / 51.60944; 29.93806Каардынаты: 51°36′34″ пн. ш. 29°56′17″ у. д. / 51.60944° пн. ш. 29.93806° у. д. / 51.60944; 29.93806
Плошча2160,93 км² (2018 г.)
Сярэдняя вышыня120 м
Заснаваны 18 ліпеня 1988 (35 гадоў таму)
Уласьнік Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Беларусі
Афіцыйны сайт

Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалягічны запаведнік (ПДРЭЗ) — адзіны свайго роду ў сьвеце і найбуйнейшы (216,2 тысячаў га) на Беларусі запаведнік.

Падзяляецца на запаведную (1477,13 км²; 68% плошчы) і досьледна-гаспадарчую часткі (683,8 км²; 32% плошчы). На адлегласьці кілямэтру ад запаведніка забараняецца паляваньне і рыбалоўства, скідваньне сьцёкавых водаў і высечка лесу. У найбліжэйшым да Чарнобыльскай АЭС беларускім паселішчы Масаны (Хвойніцкі раён) працуе назіральная станцыя біякліматычных дасьледаваньняў і нагляду радыяцыйнай абстаноўкі. Існуе досьледны пчальнік і сад. Штат супрацоўнікаў запаведніка складае каля 700 чалавек, зь іх 40 — з навуковай ступеньню. Штогадовыя выдаткі складаюць каля 4 млн даляраў ЗША[1]. На 2018 году кіраўніцтва запаведніка месьцілася ў Хвойніках па вуліцы Церашковай, д. 7[2]. Пасаду кіраўніка займаў Міхаіл Рубашчанка[3].

На паўночны захад ад запаведніка разьмешчаны Прыпяцкі нацыянальны парк.

Задачы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле Статуту задачамі супрацоўнікаў запаведніка ёсьць прадухіленьне пераносу радыенуклідаў, ахова ад пажараў і вонкавага пранікненьня, забесьпячэньне разьвіцьця разнастайнасьці жывой прыроды, вывучэньне стану прыроднай расьліннасьці, радыяцыйны нагляд, дасьледаваньне радыеактыўнага забруджваньня, аблясеньне земляў пры воднай і ветравой эрозіі, распрацоўка выкарыстаньня забруджаных земляў.

Забруджанасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2012 г. у межах запаведніка засяроджвалася 30% цэзу, 70% стронцу і 97% ізатопаў плютону, што выпалі ў Беларусі. Ровень паверхневага забруджваньня перавышаў 1300 кюры на 1 кв.км па цэзу-137 і 70 Кюры/км² па стронцу-90. Ахову ад пранікненьня ажыцьцяўлялі 11 прапускных пунктаў.

Асноўная частка запаведніка застанецца па-за гаспадарчым карыстаньнем нават у аддаленай будучыні праз забруджваньне глебы доўгажывучымі ізатопамі плютону і амэрыцу са шчыльнасьцю да 5 Кюры/кв.км.

Жывёльны і расьлінны сьвет[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Коні Пржавальскага ў Палескім запаведніку (2020 год)

Запаведнік находзіцца ў Паўднёва-Палескім геабатанічным раёне падзоны шыракаліста-хвойных лясоў. Найбуйнейшая рака — Прыпяць, якая перасякае запаведнік і мае агульную працягласьць на гэтым участку звыш 120 км. Лясістасьць складае 38,2%. Пераважаюць хвойнікі, распаўсюджаныя бярэзьнікі, чорнаалешнікі і дубровы. Ахоўваецца мікрагрупоўка карэльскай бярозы, дрэвы чарашчатага дуба і звычайнага ясеня, насаджэньні эўрапейскай лістоўніцы. Налічваецца 71 від дрэўных і 1021 сасудзістых расьлінаў (звыш 2/3 флёры краіны), 18 зь іх занесеныя ў Міжнародную Чырвоную кнігу і Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

Фаўна ўключае 54 віда сысуноў, 25 відаў рыб, 280 відаў птушак. У 2006—2010 гадах у запаведніку выявілі 11 відаў земнаводных (84,6% жывёльнага сьвету Беларусі) і 7 відаў паўзуноў (100%). На 2012 г. жывёльны сьвет улучаў 43 рэдкія віды, занесеныя ў Чырвоную кнігу. Сярод іх звыш 70 зуброў[4].

Хоць запаведнік створаны з мэтай радыябіялягічных і экалягічных дасьледваньняў, ён уяўляе інтарэс і для біёлягаў. Умяшальніцтва чалавека мінімальна, зьяўляецца магчымасьць назіраць разьвіцьцё дзікай прыроды ва ўмовах Беларусі. «У сувязі са зьняцьцем антрапагеннай нагрузкі і багацьцем расьліннага сьвету тут утварыліся, па сутнасьці, ідэальныя ўмовы для аднаўленьня жывёльнага сьвету», — паведамляецца ў дакладзе Камітэту па праблемах наступстваў катастрофы на ЧАЭС пры Савеце міністраў Беларусі[5].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

18 ліпеня 1988 году Савет міністраў БССР зацьвердзіў Распараджэньне № 485-р аб стварэньні Палескага дзяржаўнага экалягічнага запаведніка (ПДЭЗ) у падпарадкаваньні Дзяржаўнага камітэту па экалёгіі БССР у беларускай частцы зоны адчужэньня на тэрыторыі трох найбольш пацярпелых ад катастрофы раёнаў Гомельскай вобласьці — Брагінскага, Нараўлянскага і Хвойніцкага. Пры стварэньні плошча запаведніка складала 1428 км². На тэрыторыі знаходзіцца 96 пакінутых населеных пунктаў, дзе да катастрофы пражывала больш за 22 тысячаў жыхароў[6]. 10 красавіка 1989 году Савет міністраў БССР ухваліў Пастанову № 122, паводле якой перайменаваў ПДЭЗ у Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалягічны запаведнік (ПДРЭЗ). 27 сьнежня 1990 году Савет міністра БССР зацьвердзіў Пастанову № 344, якой перадаў ПДРЭЗ у падпарадкаваньне Дзяржаўнаму камітэту БССР па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. 3 сакавіка 1993 году Выканаўчы камітэт Гомельскай вобласьці ўхваліў Рашэньне № 71 аб перадачы ў склад Палескага запаведніка прылеглых забруджаных земляў, зь якіх адсялілі людзей. У выніку плошча запаведніка вырасла на 51 % да 2155 км²[7].

У 1995 годзе былі інтрадукаваныя некаторыя віды, у тым ліку і зубар. У 1995 годзе на ўскрайку Палескага запаведніка адвялі 7 км² для распрацоўкі спосабаў атрыманьня чыстых вырабаў сельскай гаспадаркі на забруджанай зямлі. Спачатку заклалі пладова-костачкавы сад. Пазьней разгарнулі пчальнік на 80 пчоласем’яў на чыстых кавалках глебы. З 1996 году ажыцьцяўляецца конегадоўля пародаў рускі ламавік, савецкі ламавік і руская рысістая[8]. 29 сьнежня 2006 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 756, якім перадаў запаведнік у падпарадкаваньне Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Рэспублікі Беларусь. У 2007 годзе ў запаведніку зьявіліся коні Пржавальскага[9].

21 студзеня 2013 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 41 «Аб ПДРЭЗ», якім зацьвердзіў Палажэньне аб ПДРЭЗ і пашырыў яго плошчу да 2160,93 км², зь якіх 1477,13 км² (68 %) адвялі пад запаведную частку. Рэшту земляў адвялі для досьледнай гаспадаркі[10]. Паводле 6-га пункту Палажэньня, «у склад запаведніка ўлучаюцца водныя аб'екты, што знаходзяцца ў яго межах», што ўвяло дазвольны парадак заплыву ў зону адчужэньня па Прыпяці, якая падзяляе землі ПДРЭЗ. У верасьні 2013 году ў Палескім запаведніку налічвалася 740 супрацоўнікаў — лесьнікоў, вартаўнікоў кантрольна-прапускных пунктаў, ахоўнікаў, дасьледнікаў, дазымтрыстаў і службоўцаў. Існавала 37 мэталічных назіральных вышак для прагляду лясоў на выпадак пажару. Лясы разьмежавалі ўзворваньнем. Для дазапраўкі пажарных машынаў вырылі некалькі дзясяткаў вадаёмаў. У запаведніку быў табун на больш як 300 коней, якіх разводзілі для племянной конегадоўлі. У 2013 годзе ад догляду пчолаў атрымалі звыш 3 тонаў мёду, за які выручылі 100 млн рублёў. Выдаткі склалі 40 млн рублёў. Кумыснай фэрме і іншым сельскім гаспадаркам прадалі 50 коней[9].

Ад пачатку 2023 году Палескі запаведнік перайшоў у падпарадкаваньне Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Беларусі[11].

Населеныя пункты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Брагінскі раён[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нараўлянскі раён[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хвойніцкі раён[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Аравічы — у сувязі з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС выселены 222 сям’і
  • Бабчын — у сувязі з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС выселены 194 сям’і
  • Буда — у сувязі з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС выселены 56 сем’яў
  • Гарошкаў — у сувязі з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС жыхары выселены
  • Кажушкі — у сувязі з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС выселены 214 сем’яў
  • Ламачы — у сувязі з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС выселены 38 сем’яў
  • Навакухнаўшчына — у сувязі з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС выселены 13 сем’яў
  • Новы Пакроўск — у сувязі з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС выселены 29 сем’яў
  • Чамкоў — у сувязі з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС выселены 29 сем’яў

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Полесский государственный радиационно-экологический заповедник
  2. ^ Кантакты (рас.) // Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалягічны запаведнік, 2018 г. Праверана 13 сьнежня 2018 г.
  3. ^ Сьпіс службовых асобаў і іх кантактныя зьвесткі (рас.) // Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалягічны запаведнік, 2018 г. Праверана 13 сьнежня 2018 г.
  4. ^ Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік Інфаграфіка. Беларускае тэлеграфнае агенцтва (25 красавіка 2012). Праверана 26 чэрвеня 2012 г.
  5. ^ Более 40 видов млекопитающих обитает в Полесском государственном радиационно-экологическом заповеднике.
  6. ^ b2b.by ПГРЭЗ(недаступная спасылка)
  7. ^ Пра запаведнік (рас.) // Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалягічны запаведнік, 2018 г. Праверана 13 сьнежня 2018 г.
  8. ^ Палескаму дзяржаўнаму радыяцыйна-экалягічнаму запаведніку 25 гадоў // БелТА, 26 красавіка 2013 г. Праверана 13 сьнежня 2018 г.
  9. ^ а б Анатоль Кляшчук. У самым сэрцы тэрыторыі «Ч» // Зьвязда : газэта. — 21 верасьня 2013. — № 178 (27543). — С. 1, 3. — ISSN 1990-763x.
  10. ^ А. Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь № 41 «Аб Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалягічным запаведніку» (рас.) // Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Рэспублікі Беларусь, 30 студзеня 2018 г. Праверана 13 сьнежня 2018 г.
  11. ^ «Рай для вучоных, цікава і турыстам» // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 28 красавіка 2023 г. Праверана 2 траўня 2023 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]