Перайсьці да зьместу

Музэй валуноў (Менск)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Парк валуноў (Менск)»)

Каардынаты: 53°55′55″ пн. ш. 27°41′29″ у. д. / 53.93194° пн. ш. 27.69139° у. д. / 53.93194; 27.69139

Музэй валуноў

Музэ́й валуно́ў — парк-музэй камянёў ва Ўруччы. Створаны ў 1985 годзе. Падобны музэй меншых памераў ёсьць толькі на тэрыторыі Летувы.

Валунамі выкладзена мапа Беларусі. На ёй наваламі камянёў паказаныя населеныя пункты, а таксама рэчкі, азёры, узгор’і. У музэі сабраны камяні з усёй краіны (болей за 2134).

Тут знаходзяцца знакамітыя «Барысавы камяні», на якіх высечаныя шасьціканцовыя крыжы і надпісы. «Крыж Стэфана Баторыя», ля якога, па паданьні, абедаў кароль Вялікага Княства Літоўскага ў час паходу на ўсход. Сюды таксама быў прывезены валун з назвай «Дзед», які да канца XIX стагодзьдзя знаходзіўся ў цэнтры Менску на старажытным капішчы.

Пагроза зьнікненьня вялікай колькасьці валуноў і ледавіковага каменьня й актыўнае выкарыстаньне ў будоўлі дарог і ў іншых мэтах паўсталі перадумовамі для пошуку выйсьця з гэнага становішча. Да таго ж ва ў шматлікіх краінах адметныя з пункту гледжаньня культуры, традыцыі й навукі валуны ўзяты пад ахову дзяржавы. У 60-х гадах 20 стагодзьдзя на Беларусі ў параўнаньні зь іншымі краінамі дасягненьні ў ахове былі болей чым сьціплыя (у сьпіс помнікаў прыроды было ўлучана толькі 52 валуны і іх нагрушчваньняў).

З гэнай нагоды акадэмік АН Беларусі Гаўрыла Гарэцкі ў 1974 годзе заклікаў паскорыць вывучэньне ледавіковых валуноў, найбольш значныя зь іх аб’явіць помнікамі прыроды, а ў межах Акадэмгарадку стварыць музэй валуноў пад адкрытым небам.[1]

Гісторыя зьяўленьня

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • 1974 год — пад кіраўніцтвам Г. І. Гарэцкага быў скліканы навуковы савет, які зацьвердзіў праграму мерапрыемстваў па дасьледаваньні й вывучэньні ледавіковых валуноў на Беларусі й распрацаваў плян будаўніцтва музэйнага комплексу.
  • 1975 год — Прэзыдыюм АН Беларусі прыняў пастанову аб будаўніцтве каля корпусу інстытуту будынка Геалягічнага музэю — за ім на плошчы 6 га стварыць Экспэрымэнтальную базу ледавіковых валуноў.
  • 1976—1982 гады — было прывезена больш за 2000 валуноў, пры гэтым некаторыя важылі па 15—16 т.
  • 1985 год — праект Экспэрымэнтальнай базы быў спраўджаны.
  • 1989 год — Экспэрымэнтальная база па вывучэньні ледавіковых валуноў была абвешчана дзяржаўным геалягічным помнікам прыроды[1].

Стваральнікі музэю

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ініцыятыўная група (першыя энтузіясты) па выкананьні дасьледаваньняў валуннага матэрыялу на Беларусі:[1]

Група пошуку, абсьледваньне й дастаўку валуноў з найбольш характэрных раёнаў іх распаўсюджваньня на пляцоўку музэю праводзілі:[1]

Распрацоўшчык Экспэрымэнтальнай базы — Інстытут Белдзяржпраект[1]

  • Архітэктар — Р. Краўэр
  • Аўтар генпляна — Р. Бараноўскі
  • Аўтар кампазыцыяў з валуноў — Л. Саўрава
  • Галоўны інжынэр праекту — Т. Уласава
Плян музэю валуноў. 1 — жыўляючая (сілкаваная) правінцыя; 2 — форма валуноў; 3 — цэнтральная экспазыцыя; 4 — камень і чалавек; 5 — прысада валуноў; 6 — петраграфічная калекцыя[2]

Сабраныя з усёй краіны ў музэі валуны і камяні разьмеркаваны па шасьці тэматычных экспазыцыях — якія й утвараюць своеасаблівую Экспэрымэнтальную базу і адначасова музэй пад адкрытым небам.

Склад музэю:[3]

  • Цэнтральная экспазыцыя — рукатворная будова мапы Беларусі, на якой разьмешчаны ледавіковыя валуны пад назвай Валунныя асацыяцыі й кіроўныя валуны канцовых ледавіковых утварэньняў Беларусі.
  • Жыўляючая правінцыя
  • Петраграфічная калекцыя
  • Формы валуноў
  • Камень і Чалавек
  • Прысада валуноў

Тэрыторыя музэю засеяна шматгадовымі травамі, кустоўем, дрэвамі, абкружана сьцяжынкамі.

Цэнтральная экспазыцыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цэнтральная экспазыцыя зьяўляецца мадэль мапы сучаснай Беларусі зь яе асноўнымі элемэнтамі рэльефу — краявымі ледавіковымі ўтварэньнямі. Мапа арыентавана па кірунках сьвету (простастаўны 1:100 і паземны 1:2500).[3] Самыя высокія пагоркі на мапе сягаюць вышынёй да 3,5 мэтраў, якія разьмешчаны ў цэтральнай частцы і згадваюць Менскае ўзвышша і абсалютную вяршыню — Лысую Гару. Сюды вядуць сьцежкі, каб агледзець увесь музэй. Іншыя насыпаныя пагоркі адлюстроўваюць другія ўзвышшы і грады ледавіковага рэльефу: Гарадзенскае, Ваўкавыскае, Віцебскае, Мазырскае, Загарадзьдзе — на іх разьмешчана больш за 500 валуноў згодна з геаграфічнымі прынцыпамі разьмеркаваньня валуннага матэрыялу.[3] Уся экспазыцыя складаецца з малых частак (кампазыцыяў):

Выгляд навакольля з найвышэйшага пункту Музэю валуноў

Выгляд навакольля з найвышэйшага пункту Музэю Валуноў
Выгляд навакольля з найвышэйшага пункту Музэю Валуноў

Жыўляючыя правінцыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Экспазыцыя займае паўночна-заходні кут музэю, дзе ў цэнтры выраўненай пляцоўкі разьмешчана U-падобнай формы паглыбленьне, якое імітуе Балтыскае мора з Батнічным і Фінскім залівамі.

Петраграфічная экспазыцыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Экспазыцыя разьмешчана ў паўднёва-ўсходнім куту музэю й мае выгляд кола, акрэсьленага сьцежкай. У сваю чаргу кола разьдзелена на 4 кругавыраза: паўночна-заходні, паўночна-ўсходні, паўднёва-заходні й паўднёва-ўсходні.

Экспазыцыя прысьвечана існуючай форме валуноў і разьмешчана ва ўсходняй частцы музэю.

Зона Камень у жыцьці чалавека разьмешчана ў паўднёвай частцы музэю й зьмяшчае розныя ледавіковыя валуны і вырабы зь іх, якія маюць гістарычнае й культурнае значэньне для беларускага народа.

Экспазыцыя ўяўляе сабой ланцуг найбольш буйных ледавіковых глыбаў, выкладзеных усьцяж сьцежкі, якая злучае мікрараён Уручча-1 і Акадэмгарадок. Тут месьцяцца валуны, прывезеныя з усіх куткоў краіны.

  1. ^ а б в г д Ледавіковыя валуны Беларусі / АН Беларусі, Інстытут геалёгіі, геахіміі й геафізыкі. — Мн.: Навука і тэхніка, 1993. С. 4-5
  2. ^ Ляўкоў Э. А. Маўклівыя сьведкі мінуўшчыны. — Мн.: Навука і тэхніка, 1992. — 215 с.
  3. ^ а б в Ледавіковыя валуны Беларусі / АН Беларусі, Інстытут геалёгіі, геахіміі й геафізыкі. — Мн.: Навука і тэхніка, 1993. С. 36-57

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]