Менскае капішча
Каардынаты: 53°53′44″ пн. ш. 27°34′6″ у. д. / 53.89556° пн. ш. 27.56833° у. д.
Ме́нскае ка́пішча, ме́нскае мольбішча — комплекс паганскіх сакральных аб’ектаў, што разьмяшчаліся на ўзьбярэжжы ракі Сьвіслач, ля былой вуліцы Лодачнай, у прадмесьці Ляхаўка.
Сакральныя аб’екты менскага капішча
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сярод менчукоў месца мела й іншыя назвы — сьвяці́лішча, мале́льня, каме́нь.
Менскае капішча ўяўляла сабой насьціл з дубовага бярвеньня над ракою Сьвіслач, у якім была прарэзаная дзірка, адкуль бралі сьвятую ваду[1][2]. Усё гэта разьмяшчалася на дрыгвяністым месцы[3], у густым лесе (елка, асіна, бяроза, альшына), па якім было цяжка прайсці, ці праехаць. Гэта была жудасная тхлань, глуш[2].
- У склад сакральнага месца ўваходзілі:
- Аграмадны, у чатыры абхопы дуб — Волат — каля яго маліліся, вешалі ахвярныя рушнікі[1]
- Сьвяты паўсфэрычны камень — Дзед ці Старац[2] — быў абвязаны рушнікамі, фартухамі, на яго вылілвалі віно й мёд, малако[2], і заўсёды над ім вілася хмарка пчолаў[1]
- Агонь, або ахвярнік — Жыжа — пабудова з камянёў, на цэгле, шырынёю з мэтар і вышынёю з два мэтры (каменны слуп, на якім разводзіўся агонь). Тут спальваліся вантробы, ногі, рогі прынесенных у ахвяру жывёлаў[1]
Этнаграфічныя сьведчаньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Этнаграфічныя сьведчаньні пра Менскае капішча адлюстраваны ў дзёньніку Міхаіла Кацара. Некаторыя вытрымкі (перакладзены на беларускую мову й падрыхтаваныя Т. Кашкурэвічам, В. Корбутам у альманаху Druvis)[2]
У Менску на Лодачнай вул., на беразе Свіслачы захаваліся часткі паганскага капішча. Складаецца яно з каменя паўсферычнага завяршэння, крыжа, абвешанага вышыванымі ручнікамі і памосту. Частка гэтага памосту ляжыць на зямлі і даходзіць да каменя. Другая частка блізка двух метраў ушыркі і да метра даўжынёю навісае над вадою Свіслачы. | ||
ад Хрысьціны Савельінай (нар. 1857 г.)
Даўней набажэнствы і асвячэнне вады рабіў знахар, ці чараўнік, як яго тады называлі. Але чараўнікоў гэта толькі цяпер лічаць за благіх людзей, за служак антыхрыстаў. Тады іх нашы дзяды лічылі як за святых і ўва ўсім слухаліся іх, маліліся ім, прыносілі ім багатыя ахвяры. Што ні здарыцца дрэннае: пажар, крадзеж, паморак на скаціну, хвароба, усё ішлі да чараўніка за дапамогай. Ён варажыў па сонцы, па зорках, па вантробах казы ці авечкі, прынесенай чараўніку і тлумачыў сялянам, ад чаго здарылася няшчасце і як ад яго пазбавіцца. За гэта чараўніку прыносілі многа ўсякага дабра. Яшчэ ў час Крымскай вайны быў знахар-чараўнік Савасцей[5], высокі[6] і таўсты мужчына з вялікай чорнай барадой і даўгімі валасамі: хто казаў, што ён злы, а хто казаў добры. <…>[7] І ён гэта, Савелі[8], даваў жанчынам па невялікім пеўніку — свістульцы з гліны, ён рабіў іх сам, сам абпальваў, сам размалёўваў. Гэтага пеўніка трэ’ было трымаць у сцяне на покуці. І трэ’ было маліцца, прасіць, каб бог абараніў ейнага мужа ад супастата, ад кулі, ад штыха і ад пікі, ад шаблі. | ||
ад Хрысьціны Савельінай (нар. 1857 г.)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г Харэўскі С. Прамоўленнае: Выдавецтва Зьміцер Колас. — Мінск, 2008. С. 92—93
- ^ а б в г д Міхаіл Кацар. Паганскае капішча ў Менску ў XIХ — пачатку ХХ ст. // kryuja.org, 17 верасьня 2008
- ^ Э. Зайкоўскі. Капішча // Беларуская міфалогія: Энцыклап. слоўн. / С. Санько, Т. Валодзіна, У. Васілевіч і інш. — Менск: Беларусь, 2004. С. 226
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская міфалогія: Энцыклап. слоўн. / С. Санько, Т. Валодзіна, У. Васілевіч і інш. — Менск: Беларусь, 2004.— 592 с.: іл. ISBN 985-01-0473-2.