Перайсьці да зьместу

Расейская мова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Маскальская мова»)
Расейская мова
русский язык

     Краіны, дзе расейская мова мае афіцыйны статус

     Заўважная колькасьць расейскамоўнага насельніцтва

Ужываецца ў Расеі;
дыяспара іншых краінаў СССР, Заходняй Эўропы, Ізраілю, ЗША, Канады
Рэгіён першапачаткова — цэнтар эўрапейскае Расеі,
цяпер — Расея, а таксама дыяспара краінаў былога СССР і краінаў Захаду
Колькасьць карыстальнікаў
Клясыфікацыя Індаэўрапейская сям'я
Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў прызнаных краінах: Расея, Беларусь,
непрызнаных, дэ-факта існых: Паўднёвая Асэтыя
Дапаможная мова ў афіцыйны статус: Казахстан, Кыргыстан, Таджыкістан, Абхазія, Прыднястроўе,
рэгіянальная: Малдова (Гагавузія, Прыднястроўе), Румынія (некаторыя камуны жудэцаў Тулча й Канстанца), ЗША (Нью-Ёрк),
арганізацыі: ААН, МАГАТЭ, Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі, ЮНЭСКО, САЗ, СНД, Эўразійская эканамічная супольнасьць, АДКБ, Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва, АБСЭ, Сакратарыят Дамовы аб Антарктыцы, ISO
Рэгулюецца Інстытутам расейскае мовы пры Расейскай акадэміі навук
Статус: 1 дзяржаўная[d][1]
Пісьмо расейскі альфабэт і кірыліца
Коды мовы
ISO 639-1 ru
ISO 639-2(Б) rus
ISO 639-2(Т) rus
ISO 639-3 rus

Расе́йская мо́ва (гістарычная маско́ўская мо́ва[2][3][4][5][a]; рас. ру́сский язы́к) — усходнеславянская мова славянскае галіны ў складзе індаэўрапейскай моўнай сям’і.

Расейскую мову лічаць роднай 170 мільёнаў чалавек, зь якіх каля 130 мільёнаў жыве ў Расеі. Расейская мова мае статус дзяржаўнай мовы ў Расеі, афіцыйнай мовай у Казахстане (побач з казаскай мовай у якасьці дзяржаўнай), Кыргыстане (побач з кыргыскай мовай у якасьці дзяржаўнай). Расейская мова таксама мае статус афіцыйнай у непрызнаных утварэньнях Абхазія, Паўднёвая Асэтыя і Прыднястроўе, а таксама ў аўтаномнай Гагавузіі (Малдова). У Беларусі часоў прарасейскага рэжыму Лукашэнкі дзеля аднаўленьня палітыкі русіфікацыі краіны з мэтай атрымаць падтрымку і грошы Расеі[6] Аляксандар Лукашэнка дэ-факта надаў расейскай мове статус дзяржаўнай мовы (фармальна побач зь беларускай, якая аднак, пачала дыскрымінавацца[7]) на падставе афіцыйна агучаных вынікаў рэфэрэндуму 1995 году, які супярэчыў Канстытуцыі Беларусі і дзейнаму заканадаўству, адзначаўся парушэньнем законаў[8] і фальсыфікацыяй вынікаў галасаваньня[9].

Назва

«Уводзіны ў граматыку славянарасейскую або маскоўскую. Да ўжытку навучэнцам маскоўскай мовы» (Ільля Капіевіч, 1706 г.)
Расейская граматыка Міхаіла Ламаносава, 1755 г.
рас. «Язык российский» у граматыцы Ламаносава

Расейская (у арыгінале — маскоўская, маскавіцкая) мова дакладна разьмяжоўвалася з рускай мовай (пад якой звычайна разумелі старабеларускую) у творах заходнеславянскіх і іншаславянскіх гісторыкаў і лінгвістаў прыкладна да сярэдзіны XVII стагодзьдзя, калі пачало адбывацца іх паступовае атаясамліваньне[10]. У Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай расейскую мову называлі маскоўскай дзеля адрозьненьня ад рускай (старабеларускай) мовы[2][4][b]. Ва Ўкраіне таксама адрозьнівалі стараўкраінскую мову і старабеларускую (літоўскую) мовы ад маскоўскай — напрыклад, у падрыхтаваным у канцы XVII — пачатку XVIII ст. на паўднёвай Чарнігаўшчыне або на паўночнай Палтаўшчыне зборніку вершаў Кліменція Зіноўіва: «О теслях або теж о плотника(х) по моско(в)скии(и): а о дейлидах по лито(в)ски(и)»[12].

Тым часам у самой Маскоўскай дзяржаве пад «рускай» разумелі царкоўнаславянскую мову[13][14], а не жывую або мясцовую пісьмовую мову[15]. За часамі Расейскай імпэрыі да 1830-х гадоў расейскую мову звычайна азначалі як рас. российский язык[15]. Гэтая назва зьявілася ў XVII ст. і пашырылася ў XVIII ст., у тым ліку ў працы Міхаіла Ламаносава «Расейская граматыка» (рас. «Российская грамматика»)[16]. Пазьней зьявілася яшчэ назва рас. великорусский / великоросский язык дзеля пазначэньня мовы расейцаў, якіх у Расейскай імпэрыі па падзелах Рэчы Паспалітай пачалі называць рас. великоруссы / великороссы.

Беларускія словы Расея (да рас. Россия, Великороссия) і расейскі (да рас. великорусский) падае Беларуска-расейскі слоўнік Міколы Байкова і Сьцяпана Некрашэвіча (1925 год). Гэты ж слоўнік да перакладу рас. великорусский прапануе таксама варыянты маскоўскі і маскальскі. Раней назва расейская мова ўжывалася як асноўная ў газэце Наша Ніва[17]. Назвы Расея і расейскі — нарматыўныя ў сучаснай нармалізацыі Беларускага клясычнага правапісу (2005 год)[18]. Паводле Этымалягічнага слоўніка беларускай мовы НАН Беларусі, словы Расея, расейскі, расеец не нясуць абражальнай сэмантыкі і, магчыма, прыйшлі ў беларускую мову з расейскіх дыялектаў (або ў выніку ўласных фанэтычных працэсаў — паводле той жа мадэлі, што і беларускія народныя формы імёнаў Аўдакея і Захвея / Сахвея ад Еўдакія і Сафія[17]), дзе лічыліся першаснымі, народнымі словамі ў адрозьненьне ад штучнай назвы Расія (рас. Россия), што пашыралася ў Масковіі з пачатку XVI ст. як слова высокага стылю беспасярэдне пад уплывам грэцкай мовы[19]. Форма Расея — заканамерная з пункту гледжаньня акцэнталёгіі: ужываньне «е» замест «і» вызначаецца пазыцыяй націску (напрыклад, Карэ́я, Гвіне́я, Эрытрэ́я, Дагаме́я ды іншыя) і яго замена на «і» ў расейскай літаратурнай мове, відаць, адбылася пад уплывам назваў эўрапейскіх краінаў (А́нглія, Галя́ндыя, Швэ́цыя ды іншыя)[20].

Альфабэт

Надпіс па-расейску бязь ёра

Аснову альфабэту расейскае мовы складае кірыліца. З часоў апошняе рэформы расейскае артаграфіі ў 1918 годзе ў склад расейскага альфабэту ўваходзяць 33 літары. Зь іх 10 літараў выкарыстоўваюцца для перадачы галосных гукаў: а, е, ё, и, о, у, ы, э, ю і я (пры гэтым дадзеных літараў менш у параўнаньні з колькасьцю ўласна галосных). Астатнія 23 літары перадаюць зычныя гукі, пры гэтым літары ъ і ь выкарыстоўваюцца не для адлюстраваньня асобных самастойных гукаў, а ёсьць індыкатарамі цьвёрдасьці альбо мяккасьці наяўных зычных (больш падрабязная інфармацыя ў артыкуле: расейская фанэтыка).

А а Б б В в Г г Д д Е е Ё ё Ж ж З з И и Й й
К к Л л М м Н н О о П п Р р С с Т т У у Ф ф
Х х Ц ц Ч ч Ш ш Щ щ Ъ ъ Ы ы Ь ь Э э Ю ю Я я

Такім чынам, большасьць літараў расейскага альфабэту супадае зь беларускім, аднак ёсьць асаблівасьці. У расейскім альфабэце няма літараў Ў і І. Першая зусім адсутнічае ў расейскай мове. Другая абазначаецца літарай И. Гэтая літара раней існавала і ў беларускай мове, аднак у XX ст. яе перасталі выкарыстоўваць. У расейскім альфабэце існуюць літары, якіх няма ў беларускай — И, Щ, Ъ. Пасьля 1918 году літара Ъ была забаронена і не выкарыстоўвалася да 1960-х гадоў. Літара Щ выкарыстоўваецца для абазначэньня на пісьме гуку, падобнага на мяккі [ш'], які адсутнічае ў беларускай мове. З расейскае мовы Щ перадаецца на беларускую дзьвюма літарамі ШЧ. Напрыклад, расейскае слова Благовещенск перадаецца беларускім пісьмом Благавешчанск.

Былі ў расейскае мове іншыя літары: І, Ѣ, Ѧ, Ѯ, Ѱ, Ѳ, Ѵ. Яны былі выведзеныя з карыстаньня ў 1918 годзе пасьля бальшавіцкага перавароту.

Правапіс

Артаграфія расейскае мовы мае досыць архаічны характар (не адлюстроўваюцца зьмены ненаціскных галосных, аглушэньне фінальных зычных, выпадзеньне зычных і г.д.), гісторыя якой працягваецца некалькі стагодзьдзяў, сама артаграфія ў асноўным засноўваецца на этымалягічным прынцыпе.

Акрамя складу літараў, у часы савецкае ўлады расейская мова зьведала іншыя істотныя зьмены ў артаграфіі (напрыклад, скарачэньне ўжываньня злучка, прыбраньне кропак з абрэвіятураў). У 1920—1930-я гг. у рамках усесавецкае палітыкі лацінізацыі моваў народаў СССР высоўваліся прапановы па пераводзе расейскага альфабэту на лацінскую аснову, але самі падобныя праекты існавалі яшчэ з часоў Расейскай імпэрыі. Зьмены ў артаграфіі й артаэпіі (прытым даволі значныя) працягваюцца й дагэтуль (зьмены тапонімаў, варыяцыйнасьць ужываньня націску, роду і г.д., засваеньне інтэрнацыяналізмаў).

Асноўныя рысы

Расейская мова належыць да індаэўрапейскае сям’і моваў і на фоне моваў гэтае сям’і выяўляе асаблівую блізкасьць з мовамі славянскае галіны індаэўрапейскіх моваў, з прычыны чаго, а таксама праз агульнае паходжаньне з часоў праславянскае мовы, усімі мовазнаўцамі лічыцца моваю славянскага паходжаньня. Агульнапрынята, што ў складзе славянскае галіны моваў расейская блізкая беларускай ды ўкраінскай, шляхам чаго расейская мова традыцыйна адносіцца да ўсходнеславянскае групы славянскіх моваў.

Гісторыя расейскае мовы прасочваецца прынамсі з канца першага тысячагодзьдзя н.э., калі славянскія плямёны Ўсходняй Эўропы пачалі засяленьне сучасных паўднёва-заходніх рэгіёнаў Расеі. Праз пэўны час з праславянскае мовы вылучаецца сукупнасьць дыялектаў, на аснове якіх разьвіваецца літаратурная мова, вядомая ў лінгвістыцы й гістарыяграфіі пад тэрмінам старажытнаруская мова. Размоўныя дыялекты Маскоўскага княства й некаторых іншых суседніх пазьней пачынаюць разьвіцьцё ў расейскую мову, у той час як прыкладна з ХІІІ ст. на тэрыторыях ВКЛ атрымлівае разьвіцьцё ўласная народная мова й яе літаратурны стандарт (гл. старабеларуская мова).

Лексыка

Кантакты мовы цэнтральнай Расеі з грэцкамоўнай літаратурай і суседнімі цюрскімі дзяржавамі становяцца прычынай узбагачэньня расейскае лексыкі элінізмамі й цюркізмамі (якія часам пранікалі й на ўзровень карэннае лексыкі, але іх уплыў не зьяўляецца істотным). Незважаючы на частае асьвятленьне ў публіцыстыцы, а таксама гістарычныя кантакты, дзель запазычваньняў фіна-вугорскага паходжаньня крайне маленькая й адносіцца перадусім да дыялектызмаў або да спэцыфічных культурных паняткаў (тайга, тундра). З XVIIIХІХ стагодзьдзяў у расейскую мову пранікае вялікая колькасьць галіцызмаў (францускія запазычваньні) і германізмаў (нямецкая), частасьць іх тагачаснага выкарыстаньня залежала ад функцыянальнага стылю мовы або адукаванасьці носьбіта. Вядомыя запазычваньні зь іншых славянскіх моваў, але іх уплыў адносіцца ў асноўным толькі да адпаведных культурных рэаліяў. Як і ў іншых шматлікіх славянскіх мовах, маюць ролю інтэрнацыяналізмы ангельскага, лацінскага ды грэцкага паходжаньня.

Урэшце, абсалютная большасьць лексыкі сучаснай расейскай мовы мае славянскую этымалёгію.

Фанэтыка, фаналёгія

Гукавы лад расейскае мовы вылучаецца наяўнасьцю сынкопы (выпадзеньня) галосных, леніцыі (паслабленьне вымаўленьня зычнага) і апакопы (выпадзеньне будзь-якіх канчатковых гукаў ці спалучэньняў), што неўласьціва іншым усходнеславянскім мовам, дзе рэалізацыя галосных і зычных звычайна зьяўляецца адметна выразнай. Распаўсюджаны пераход ненаціскнога о, а ды іншых шматлікіх галосных у шва (/ə/) або /і/, што таксама амаль не распаўсюджана ў іншых усходнеславянскіх. Як і ў іншых усходнеславянскіх, адзначаецца аглушэньне фінальных зычных і сэнсаадрозная роля паляталізацыі зычных (напрыклад, плот, але плоть). З прычыны архаічнасьці расейскай артаграфіі ўсе дадзеныя рысы, акрамя апошняга, не адлюстроўваюцца на пісьме (напрыклад, шва пазначааецца як о або а ў значэньні ад гісторыі паходжаньня кораню слова, прыкладам, молоко).

Ужо ў часы старажытнарускае мовы вядомыя пераходы некаторых групаў зычных, дакладней, зьмена іх становішча ў слове, што адбылося гэтак жа, як у будучых украінскай і беларускай мовах.

Марфалёгія, сынтаксіс

Марфалёгія блізкая іншым усходнеславянскім мовам, хоць не выпадае казаць пра іх абсалютную тоеснасьць. Сынтаксіс дэманструе значна большае падабенства.

Дыялекты

Дыялекталягічная мапа расейскае мовы (у т.л. дыялекты захаду, што раней лічыліся дыялектамі беларускае мовы, а таксама дыялекты ўкраінскае мовы на поўдні). Жоўтыя, аранжавыя адценьні — паўднёвыя дыялекты, зялёныя — паўночныя, ружовыя — пераходныя. На мапе відно гістарычнае перамяшчэньне некаторых цэнтральных гаворак далей, на поўдзень і ўсход.

Традыцыйна ў складзе расейскае мовы вылучаюць дзьве дыялектныя групы — паўднёвую й паўночную, якія драбяцца на дыялекты, дыялекты, у сваю чаргу, распадаюцца на асобныя гаворкі, арэал якіх абмежаваны групай вёсак ці паселішчаў. Да часоў існаваньня мовазнаўства ў СССР у русыстыцы панавалі нацыяналістычныя палажэньні, згодна зь якімі ўласна расейская мова складала г.зв. вялікарасейскую гаворку «расейскае мовы», сам жа тэрмін расейская мова (рас. русскій языкъ) меў на ўвазе ня толькі ўласна расейскую мову (вялікарасейскую гаворку), а таксама беларускую ды ўкраінскую мовы, якія ў асноўным з палітычных матываў зьніжаліся да статусу гаворак расейскае мовы (у шырокім панятку). Падобных канцэпцыяў таксама прытрымліваліся мовазнаўчыя школы заходніх краінаў, але з разьвіцьцём мовазнаўства й гістарыяграфіі ў большасьці даведзены яе адмоўны характар.

З часоў разьвіцьця мовазнаўства ў СССР існавала тэндэнцыя вызначэньня межаў дыялектаў расейскае мовы з дыялектамі іншых усходнеславянскіх моваў на аснове выключна межаў саюзных рэспублік, БССР і УССР з РСФСР; дадзеная практыка захоўваецца й у сучасных расейскіх дасьледаваньнях па расейскай мове. У часы Расейскай імпэрыі дыялекты захаду й поўдня сучаснай Расеі практычна паўсюдна прызнаваліся ў якасьці беларускіх і ўкраінскіх дыялектаў (то бок, дыялекты Смаленшчыны, Браншчыны, Туду, Кубані і г.д.). У цяперашняй расейскай мовазнаўчай практыцы гэтыя дыялекты, як і ў часы СССР, лічацца ў якасьці дыялектаў расейскае мовы, ва Ўкраіне, краінах Захаду і (часам) у Беларусі — адпаведна ў якасьці дыялектаў беларускае ці ўкраінскае моваў.

Дыялекты расейскае мовы, за выняткам дыялектаў беларускае мовы на захадзе Расеі й дыялектаў украінскае мовы на поўдні, умоўна дзеляцца на гаворкі раньняга й позьняга фармаваньня. Першыя ўключаюць у сябе дыялекты цэнтральнай Расеі, на аснове якіх спрадвеку фармавалася расейская мова, другія — дыялекты паўночнай Расеі, Каўказу, Сыбіры, Далёкага Ўсходу й дыяспары, якія фармаваліся па засяленьні этнічнымі расейцамі тых ці іншых тэрыторыяў. Усе дыялекты расейскае мовы зьяўляюцца ўзаемназразумелымі.

Некаторыя гаворкі на захадзе й поўдні Расеі дэманструюць пэўныя пераходныя рысы між беларускай і ўкраінскай мовамі адпаведна.

Літаратурная расейская мова заснаваная на гаворках цэнтральнае Расеі, якія належаць да паўднёвых дыялектаў. Асобным чынам вылучаюць таксама маўленьне жыхароў Масквы й Санкт-Пецярбургу, якія адрозьніваюцца галоўным чынам у лексыцы, радзей — у фанэтыцы.

Глядзіце таксама

Заўвагі

  1. ^ У беларускамоўнай лінгвістычнай літаратуры пачатку ХХ ст. — таксама расійская мова
  2. ^ Напрыклад, у інвэнтары Смаленску 1654 году: «<…> На браме Капыценскай гармата 5-фунтовая з надпісам Маскоўскім. Другая 6-фунтовая з надпісам Маскоўскім. <…> Шэсьць гармат пяціфунтовых з надпісам Маскоўскім», таксама выразна адрозьніваў «рускую» ад «маскоўскай» і «польскай» моваў магілёўскі храніст другой паловы XVII ст. Трафім Сурта[11]

Крыніцы

  1. ^ а б Ethnologue (анг.) — 25, 19 — Dallas, Texas: SIL International, 1951. — ISSN 1946-9675
  2. ^ а б Свяжынскі У. Беларуская мова // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 300.
  3. ^ Вячорка В. Як беларусы называлі сябе і сваю мову ў розныя часы? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 76.
  4. ^ а б Тумаш В. Дыпляматычная кантравэрсыя 1646 году за беларускую мову // Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва. № 12, 1974 г.
  5. ^ Свяжынскі У. Паверх бар’ераў: Маскоўская мова ў Вялікім Княстве Літоўскім // Metriciana: Даследаванні і матэрыялы Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага. Т. 3 / рэдакцыйная калегія: А. Дзярновіч (галоўны рэдактар) і інш. — Менск: Аддзел спецыяльных гістарычных навук ІГ НАНБ, 2004. С. 228—240.
  6. ^ Сапраўдныя беларускія сімвалы: вось што трэба ведаць пра Пагоню і БЧБ, Наша Ніва, 22 лістапада 2020 г.
  7. ^ Гуштын А. Рэферэндум-1995. Права на беларускую мову, NAVINY.BY, 13 траўня 2015 г.
  8. ^ Пастухоў М., Пульша С. Канстытуцыя: шматкроць перапісаная і не дзеючая  (бел.) // Новы час. — 2021. — № 10 (718). — С. 4.
  9. ^ Навумчык С. Рэфэрэндум-95 пра сымболіку і мову ня быў легітымным, Радыё Свабода, 12 траўня 2019 г.
  10. ^ Запрудскі С. Назвы беларускай мовы ў працах даследчыкаў ХІХ ст. // Беларусь і беларусы ў прасторы і часе. — Менск, 2007. С. 256.
  11. ^ Марзалюк І. Тэрміналогія этнічнай гісторыі Беларусі XIV—XVII стст.: набліжэнне да рэаліяў, Ці стварэнне новых міфаў? // Гістарычны альманах. № 9, 2003. С. 122.
  12. ^ Запрудскі С. Назвы беларускай мовы ў працах даследчыкаў пачатку ХІХ ст. // Беларуская мова і мовазнаўства: ХІХ стагоддзе / пад агул. Рэд. М. Прыгодзіча. — Менск: БДУ, 2013. С. 92.
  13. ^ Мойсієнко В. М. Кого називали «людьми руськими» на Русі та на поструських геополітичних утвореннях? // Мовознавство. № 4? 2016. С. 30.
  14. ^ Успенский Б. А. Краткий очерк истории русского литературного языка (XI—XIX вв.). — М.: «Гнозис», 1994. С. 65.
  15. ^ а б Запрудзкі С. Назвы беларускай мовы ў працах даследчыкаў ХІХ ст. // Беларусь і беларусы ў прасторы і часе. — Менск, 2007. С. 257.
  16. ^ Дуличенко А. Д. Введение в славянскую филологию. — 2-е изд., стер. — М.: «Флинта», 2014. С. 326—329.
  17. ^ а б Вячорка В. Расейская, маскоўская, руская? Як называць мову ўсходніх суседзяў, Радыё Свабода, 5 лютага 2019 г.
  18. ^ Бушлякоў Ю., Вячорка В., Санько З., Саўка З. Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў. Сучасная нармалізацыя. — Вільня—Менск, 2005. Пункт 33, з): расейскі (ад Расе[й|а])
  19. ^ ЭСБМ. Т. 11. — Менск, 2006. С. 114.
  20. ^ Гліннік А. Расея або Расія? // Роднае слова. № 9, 1993. С. 27.

Літаратура

  • 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. І. Саверчанка, З. Санько. — Менск: Рэдакцыя газеты «Звязда», 1993. — 80 с.
  • Свяжынскі У. Паверх бар’ераў: Маскоўская мова ў Вялікім Княстве Літоўскім // Metriciana: Даследаванні і матэрыялы Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага. Т. 3 / рэдакцыйная калегія: А. Дзярновіч (галоўны рэдактар) і інш. — Менск: Аддзел спецыяльных гістарычных навук ІГ НАНБ, 2004. С. 228—240.

Вонкавыя спасылкі