Хакаская мова
Хакаская мова | |
хакас тілі, тадар тілі | |
Ужываецца ў | Расеі |
---|---|
Рэгіён | Рэспубліка Хакасія, Рэспубліка Тыва, Краснаярскі край (Расея) |
Колькасьць карыстальнікаў | 42 604 чал. (перапіс насельніцтва Расеі 2010 р.)[1] |
Клясыфікацыя | Алтайскія мовы
|
Афіцыйны статус | |
Афіцыйная мова ў | Хакасіі |
Рэгулюецца | Khakass Research Institute of Language, Literature and History[d] |
Статус: | 2 Правінцыйны[d][2] |
Пісьмо | Khakas alphabet[d] |
Коды мовы | |
ISO 639-2(Б) | kjh |
ISO 639-2(Т) | kjh |
ISO 639-3 | kjh |
Хака́ская мова (па-хакаску: хакас тілі, тадар тілі) — цюрская мова, на якой размаўляе цюрскі народ хакасы. Мова распаўсюджаная перадусім на поўдні сыбірскае часткі Расеі, у прыватнасьці ў рэспубліцы Хакасія, а таксама (часткова) у Шарыпаўскім раёне Краснаярскага краю і рэспубліцы Тыва.
Колькасьць носьбітаў мовы налічвае ад прыкладна 20 000[3] да 42 604 чалавек[1] пры агульнай колькасьці хакасаў блізу 75 тыс. чалавек. Большасьць хакаскамоўных зьяўляецца білінгвамі і валодае расейскай мовай.
Клясыфікацыя і дыялекты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Датычна хакаскае мовы традыцыйна прыняты падзел на чатыры дыялекты, якія маюць назву паводле адпаведных пляменных супольнасьцяў — качынскі, кызыльскі, сагайскі ды шорскі. На думку некаторых іншых навукоўцаў, назвы дыялектаў узьніклі праз назвы былых рэгіёнаў, а людзі, якія размаўлялі на гэтых дыялектах, мелі саманазву тадар. Літаратурны стандарт мовы ўзьнік пасьля рэвалюцыі ў Расеі 1917 року і заснаваны на сагайскім ды качынскім дыялектах, пры гэтым бельтырскі ды кайбальскі дыялекты зазналі істотную асыміляцыю з боку сагайскага й качынскага дыялектаў адпаведна. Варта адзначыць, што на шорскім дыялекце хакаскае мовы размаўляюць групы, якія паходзяць з рэгіёну Горная Шорыя, што на поўдні сучаснае Кемераўскае вобласьці.
У 2012 року экспэдыцыя праекту Enduring Voices падчас свайго знаходжаньня ў Хакасіі дасьледавала хызыльскі дыялект. Гэты дыялект афіцыйна лічыццам дыялектам хакаскае мовы, аднак яго носьбіты ўважаюць яго ў якасьці асобнае мовы[4].
Хакаская мова, разам з далганскай, тафаларскай, тувінскай, чулымскай, шорскай ды якуцкай мовамі, належыць да сыбірскае (або паўночнаўсходняй) галіны цюрскіх моваў.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На думку лінгвістаў, хакаская мова ды блізкароднасныя да яе дыялекты беспасярэдне паходзяць з раньнесярэднявечнае цюрскае мовы, пры гэтым ранейшы стан гэтае мовы не зафіксаваны.
Характарыстыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Фанэтыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У хакаскай мове існуе 24 зычныя ды 17 галосных гукаў. Галосныя гукі маюць свае падоўжаныя адпаведнікі. Мяккасьць або цьвёрдасьць зычных гукаў у спрдавечных хакаскіх словах залежыць ад галосных: з галоснымі задняга шэрагу ўзгадняюцца заўсёды цьвёрдыя, з галоснымі пярэдняга шэрагу — мяккія. Мяккасьць і цьвёрдасьць зычных не фанэматычныя, з гэтае прычыны яны не адлюстроўваюцца ў пісьмовасьці.
Для хакаскае мовы ўласьцівае ўзьнікненьне другасных падоўжаных галосных, пачатковага ч, а таксама пашырэньне марфаналягічных тыпаў асыміляцыі зычных на межах марфэмаў за рахунак назалізацыі (келген-нер), дэлятэралізацыі (хас-тар 'гусі' — мн. л. лар) і дэназалізацыі (ат-ты 'каня́' — у вінавальным склоне як -ны) зычных афіксаў.
Націск эксьпіраторны і звычайна фіксуецца на апошнім складзе.
Граматыка, марфалёгія ды лексыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Граматычны лад хакаскае мовы характарызуецца наяўнасьцю рысаў, уласьцівым і іншым цюрскім мовам.
У сфэры марфалёгіі хакаская мова адметная дзякуючы наяўнасьці накіроўчага склону на -зар/-зер, відачасовых формаў ча, чан, чатхан і г.д.
У адрозьненьне ад кыпчацкіх ды агускіх моваў цюрскае моўнае групы, у хакаскай (а таксама некаторых іншых) мове й перайшло ў з (напрыклад, агускае і кыпчацкае айак > хакаскае азак (па-беларуску: «нага»), пры гэтым па прыкмеце наяўнасьці гэтае зьявы ў складзе цюрскіх моваў вылучаюць галіну хакаскіх -з моваў). Таксама хакаская мова характарызуецца існаваньнем у ёй пачатковага ч (радзей — н) на месцы агульнацюрскага й; другасных доўгіх галосных, узьніклых празь сьцягненьне галосных суседніх складаў пасьля выпадзеньня адзяляльных санантаў (напрыклад, лаар замест *bagir), дзьвюх вузкіх неабвусьненых у сыстэме кароткіх галосных (i, и).
У лексыцы прысутнічаюць мангалізмы, русізмы, нязначная колькасьць арабскіх ды пэрсыдзкіх элемэнтаў.
Гісторыя вывучэньня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першыя фіксацыі мовы прыпадаюць на сярэдзіну XVIII ст. Першыя падобныя запісы былі зробленыя Д. Мэсэршмітам, Г. Мілерам і П. Палясам. Мова дасьледавалася вядомым фінскім лінгвістам Матыясам Кастрэнам, які апісаў кайбальскі дыялект і сабраў мясцовы фальклёр. Пазьней, нямецка-расейскі цюрколяг Васіль Радлаў, пасьля падарожжаў паўднёвай Сыбір'ю паміж 1859 і 1870 гадамі, апублікаваў чатырохтомны слоўнік хакаскае мовы. Мова таксама дасьледавалася Г. Спаскім, В. Вярбіцкім, М. Катановым, Н. Дыранковай, Ф. Ісхакавым, Н. Дамажакавым, Д. Чанковым, А. Інкіжэкавай-Грэкул, М. Баргаякавым, Д. Патачакавай, Г. Данідзэ, В. Карпавым, О. Ангіжанавай, О. Субраковай, Л. Чабадаевай, І. Торакавай і інш.
Пісьмовасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Унармаваная пісьмовасьць хакаскае мовы ўзьнікла ў 1924 року. Першапачаткова яна засноўвалася на кірылічнай графіцы, з 1929 году яна была пераведзеная на лацінскі альфабэт, з 1939 году — зноў на кірылічны.
Сучасны выгляд хакаскага альфабэту:
А а | Б б | В в | Г г | Ғ ғ | Д д | Е е | Ё ё |
Ж ж | З з | И и | Й й | I i | К к | Л л | М м |
Н н | Ң ң | О о | Ö ö | П п | Р р | С с | Т т |
У у | Ӱ ӱ | Ф ф | Х х | Ц ц | Ч ч | Ӌ ӌ | Ш ш |
Щ щ | Ъ ъ | Ы ы | Ь ь | Э э | Ю ю | Я я |
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Дыренкова Н. П. Грамматика хакасского языка: Фонетика и морфология. — Абакан, 1948.
- Номинханов Ц. Д. Русско-хакасский словарь/ Под ред. Н. Г. Доможакова. — Абакан: Хакасское областное нац. изд-во, 1948.
- Баскаков Н. А., Инкижекова-Грекул А. И. Хакасско-русский словарь. — М.: Гос. изд-во иностранных и национальных словарей, 1953.
- Русско-хакасский словарь/ Под ред. Д. И. Чанкова. — М.: Гос. изд-во иностранных и национальных словарей, 1961. — 968 с.
- Грамматика хакасского языка. — М., 1976.
- Сравнительно-историческая грамматика тюркских языков: Региональные реконструкции. — М.: Наука, 2002.
- Castrén, M. A. (1857). Versuch einer koibalischen und karagassischen Sprachlehre nebst Wörterverzeichnissen aus den tatarischen mundarten des minussinschen Kreises. St. Petersburg.
- Radloff, W. (1893-1911). Versuch eines Wörterbuches der Türk-Dialecte I-IV. St. Petersburg.
- Radloff, W. (1867). Proben der Volkslitteratur der türkischen Stämme Süd-Sibiriens. II. Theil: die Abakan-Dialecte (der Sagaische, Koibalische, Katschinzische), der Kysyl-Dialect und der Tscholym-Dialect (Küerik). St. Petersburg.
- Katanov, N. F. (1907). Proben der Volkslitteratur der türkischen Stämme. IX. Theil: Mundarten der Urianchaier (Sojonen), Abakan-Tataren und Karagassen. St. Petersburg.
- Anderson, G. D. (1998). Xakas. Languages of the world: Materials: 251. München.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу] Вікіпэдыя ў інкубатары мае вэрсію хакаскай мовай |
- Khalas | Ethnologue
- Hakas People and Hakasia
- http://www.tarbagan.net/fotj/KhakasLang.htm
- Хакасско-русский словарь онлайн
- Проект Endangered languages - Khakas
- OLAC resources in and about the Khakas language
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б https://web.archive.org/web/20211006173252/http://www.gks.ru/free_doc/new_site/population/demo/per-itog/tab6.xls
- ^ Ethnologue (анг.) — 25, 19 — Dallas, Texas: SIL International, 1951. — ISSN 1946-9675
- ^ Фэдэральная служба дзяржаўнае статыстыкі
- ^ Andrew Howley (21 траўня 2012) NG Explorers Help Record Xyzyl Language National Geographic Explorers Journal Праверана 14 верасьня 2013 г.