Заходнеславянскія мовы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
заходнеславянская група
Народнасьць заходнія славяне
Арэал Цэнтральная, Усходняя Эўропа (у прыватнасьці, Польшча, Чэхія, Славаччына)
Лінгвістычная клясыфікацыя індаэўрапейская сям'я
Склад
Колькасьць носьбітаў больш за 60 млн
ISO 639-5: zlw
Slavic europe.svg
Сьветла-зялёны колер — краіны, у якіх заходнеславянскія мовы зьяўляюцца мовай большасьці насельніцтва і якія маюць у іх дзяржаўны статус
Мапа распаўсюджаньня заходнеславянскіх моваў ды іхных дыялектаў. Колер — мова, адценьне колеру — дыялект.
Дрэва клясыфікацыі балта-славянскіх моваў.

Заходнеславя́нскія мовы — група моваў у складзе славянскае галіны індаэўрапейскае моўнае сям'і. Распаўсюджаныя ў краінах Цэнтральнай ды Ўсходняй Эўропы — у Польшчы, Чэхіі, Славаччыне, а таксама ў рэгіёнах Ніжняя і Верхняя Лужыца на тэрыторыях нямецкіх фэдэральных зямель Брандэнбург і Саксонія адпаведна. Апрача гэтага, носьбіты заходнеславянскіх моваў таксама пражываюць у шэрагу іншых краінаў Эўропы (у тым ліку і ў памежных зь імі), краінах Амэрыкі і ў Аўстраліі[1].

Агульная колькасьць носьбітаў складае больш за 60 млн чал.[1]

Для заходнеславянскіх моваў характэрныя агульныя рысы, што склаліся за старажытным часам і якія адасобілі іх ад іншых славянскіх моваў. У прыватнасьці, у галіне фанэтыкі гэтыя рысы ўключаюць у сябе захаваньне архаічных спалучэньняў галосных tl, dl; вынікі другой ды трэцяй паляталізацыі для заднянёбнага ch (якое перайшло ў š), захаваньне спалучэньняў kv, gv (hv), наяўнасьць галосных c, dz (або z) на месцы праславянскіх спалучэньняў *tj, *kt, *dj, адсутнасьць эпэнтэзы l у пазыцыі пасьля губных зычных не ў пачатку слова.

Сучасныя пісьмовасьці цяперашніх заходнеславянскіх моваў заснаваныя на лацінскім альфабэце і зьмяшчаюць у сабе некаторую колькасьць адрозных дыякрытычных знакаў. Найстаражытнейшы пісьмовы помнік датуецца XIII ст. (для чэскае мовы).

Клясыфікацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У схеме ніжэй падаецца месца заходнеславянскіх моваў у складзе вышэйшых моўных таксонаў і яе драбненьне на меншыя. Група заходнеславянскіх моваў уваходзіць у склад славянскае галіны моваў, сама група падзяляецца на тры падгрупы, адрозьненьні паміж якімі ўзьніклі ў позьнюю праславянскую эпоху. Сымбалем крыжа пазначаныя мёртвыя мовы.

Лехіцкая падгрупа, якая ўлучала польскую, палабскую, кашубскую, славінскую, а раней і іншыя пляменныя мовы, на цяперашні час складаецца толькі з польскае ды кашубскае моваў з прычыны зьнікненьня носьбітаў астатніх моваў, пры гэтым кашубская мова нярэдка разглядаецца ў складзе дыялектаў польскае мовы[2]. Вымерлы ў XX славінскі ідыём прадстаўляе зь сябе архаічны дыялект кашубскае мовы. Цягам апошняга часу, на мяжы ХХ-ХХІ ст. адзначаецца рух за прызнаньне сылескага дыялекту ў якасьці асобнае мовы[3], прадпрымаюцца спробы яго кадыфікацыі. Лужыцкая падгрупа на думку шматлікіх лінгвістаў прадстаўленая адзінай лужыцкай мовай, якая мае ўнутраную дыфэрэнцыяцыю і дзьве літаратурныя формы, ніжне- ды верхнелужыцкую, у той жа час верхнелужыцкую і ніжнелужыцкую ў якасьці самастойных моваў разглядае Г. Шустэр-Шэўц[4].

Арэал і колькасьць носьбітаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Найбольш распаўсюджанымі заходнеславянскімі мовамі зьяўляюцца польская, чэская і славацкая мова, на якіх размаўляе адпаведна 35; 9,5 і 4,5 млн чалавек.

Кашубская мова распаўсюджаная ў асобных рэгіёнах поўначы Польшчы, лужыцкія — у выглядзе невялікіх астраўкоў на паўднёвым усходзе Нямеччыны. Палабская і славінская мовы на цяперашні момант зьяўляюцца мёртвымі. Палабская мова аднаўляецца на аснове асобных словаў і мясцовых назваў, што маюцца ў лацінскіх і нямецкіх дакумэнтах, у невялікіх запісах жывога маўленьня XVIIXVIII стст.

Асаблівасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заходнеславянскія мовы характарызуюцца шэрагам агульных фанэтычных рысаў, якія сфармаваліся ў праславянскую эпоху ў пляменных дыялектах заходніх славянаў. Гэтыя рысы адрозьніваюць заходнеславянскія мовы ад усходнеславянскіх і паўднёваславянскіх моваў[1][5].

  1. Захаваньне архаічных спалучэньняў зычных tl, dl у адпаведнасьці з l у іншых славянскіх мовах (напр., польск. mydło, чэск. mýdlo, славацк. mydlo, в.-луж. і н.-луж. mydło — параўн. зь беларускім мыла).
  2. Вынікі другой і трэцяй паляталізацыі, у якіх пры аднолькавым пераўтварэньні заднянёбных k, g на месцы ch паўстае зычны š, які адпавядае гуку s у іншых славянскіх мовах (напр., польск. wszak, чэск. і славацк. však, в.-луж. wšak, параўн. зь бел. усялякі[a]).
  3. Захаваньне спалучэньняў kv, gv (hv) у пазыцыі другое паляталізацыі, тады як у іншых славянскіх мовах k, g у спалучэньні з v зазналі паляталізацыю і пераход праз гэта ў cv, zv (dzv).
  4. Узьнікненьне c, dz (або z) на месцы праславянскіх *tj, *kt перад галоснымі пярэдняга шэрагу і *dj у адпаведнасьці з шыпячымі або іншымі рэфлексамі гэтых спалучэньняў у іншых славянскіх мовах (č, ž, št, dj, žd, ć): польск. świeca < *světja, noc < *noktis; чэск. svíce, noc; славацк. svieca, noc; в.-луж. swěca, nóc; параўн. зь бел. сьвечка, ноч.
  5. Адсутнасьць эпэнтэтычнага l пасьля губных зычных p, b, m, v на мяжы марфэмаў на месцы праславянскіх спалучэньняў губнога зычнага з j, напрыклад, польск. ziemia, чэск. země, славацк. zem, в.луж. і н.-луж. zemja, параўн. зь беларускім зямля. Гэтая рыса таксама характэрная для мовы продкаў баўгараў.
  6. Захаваньне і падаўжэньне кароткіх галосных на месцы праславянскага наваакутавага націску: польск. król, чэск. král, славацк. král’, параўн. зь беларускім кароль. Падаўжэньне кароткіх галосных у заходнеславянскіх мовах рэалізаванае непасьлядоўна.

Таксама заходнеславянскія мовы (за выняткам славацкае мовы і сярэднеславацкага дыялекту) характарызуюцца старажытнаю фанэтычнаю асаблівасьцю, якая паядноўвае іх з усходнеславянскімі, а менавіта зьмяненьнем пачатковых ort, olt. Калі пад акутавай інтанацыяй адбылося зьмяненьне rat, lat (як у паўднёваславянскіх), то пад цыркумфлекснай адбыўся пераход у rot, lot (разам з усходнеславянскімі).

Разам з агульнымі фанэтычнымі рысамі, што склаліся ў часе праславянскага пэрыяду, для моваў заходнеславянскае групы ўласьцівыя некаторыя агульныя зьмены, што ўзьніклі пазьней, у часе іх самастойнага разьвіцьця. Між тым, у шэрагу выпадкаў гэтыя зьмены не закранулі пэрыфэрыйныя раёны заходнеславянскага арэалу[1]:

  1. Фармаваньне дынамічнага націску, замацаванага за вызначаным складам, на месцы вольнага націску, характэрнага для праславянскай мовы. Ініцыяльны націск (націск на першым складзе) адзначаецца ў лужыцкіх мовах, на большай частцы распаўсюджаньня чэскае й славацкае моваў, у паўднёвакашубскім дыялекце і гаворках крайняга поўдню арэалаў малапольскага і сылескіх дыялектаў польскай мовы. Параксытанічны націск (на перадапошнім складзе) характэрны для польскае мовы, паўночнамараўскіх дыялектаў чэскай мовы і ўсходнеславацкага дыялекту. У паўночна-заходніх пэрыфэрыйных рэгіёнах (паўночнакашубскі дыялект, палабская мова) захаваўся рухомы націск.
  2. На большай частцы заходнеславянскага арэалу (з адхіленьнямі ў сярэднеславацкім дыялекце, палабскай і верхнелужыцкай мовах) адбылося аднолькавае зьмяненьне рэдукаваных у моцнай пазыцыі (ъ, ь > e): польск. sen < sъnъ, чэск. den, sen (параўн зь бел. сон, дзень), славацк. deň (але l’an, dážd’), в.-луж. dźeń (але kozoł, law, dešć), палаб. dan, dåzd.
  3. Сьцягненьне галосных пры выпадзеньні інтэрвакальнага j: напрыклад, польск. pas, bać się; чэск. pás, bát se; славацк. pás, bát’ sa; в.-луж. pas, bojeć so; н.-луж. pas, bojaś se (па-беларуску: пояс, баяцца).

Унутраная дыфэрэнцыяцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шэраг моўных рысаў супрацьпастаўляе паўночныя заходнеславянскія мовы (лехіцкія) паўднёвым (чэска-славацкія). Лужыцкія мовы, якія маюць асаблівасьці паўночных і паўднёвых заходнеславянскіх моваў, займаюць пераходную пазыцыю паміж імі. У лехіцкай падгрупе адзначаецца супрацьпастаўленьне заходніх кашубскай і палабскай моваў усходняй польскай.

Да моўных зьменаў, па-рознаму рэалізаваных у лехіцкай і чэска-славацкай падгрупах у праславянскую эпоху, альбо ў пэрыяд распаду або адразу пасьля распаду праславянскае супольнасьці, адносяць[1][6]:

  • Зьмены ў групах tort, tert, tolt, telt. У мовах лехіцкае ды лужыцкае падгрупаў дадзеныя групы зьмяніліся на trot, tret, tlot, tlet: напрыклад, польск. złoto, brzeg, mleć, в.-луж. złoto, brjóh, mlěć (па-беларуску: золата, бераг, малоць), у чэска-славацкіх на trat, trět, tlat, tlět як у паўднёваславянскіх: напрыклад, чэск. zlato, břeh, mlít, славацк. zlato, breh, mliet’. Адсутнасьць мэтатэзы ў спалучэньні trot у кашубскай (напр., warta) і палабскай (напр., vórtǎ) зьяўляецца адной з адрозьненьняў між заходнімі і ўсходнімі лехіцкімі мовамі. Шырока прадстаўленыя ў кашубскай тапаніміцы немэтатэзаваныя спалучэньні tort на цяперашні час захоўваюцца ў асноўным у паўночнакашубскім дыялекце. Адзначалася адсутнасьць мэтатэзы ў дадзеным спалучэньні і ў сярэднебаўгарскіх помніках.
  • Захваньне ў мовах лехіцкае падгрупы насавых галосных, што разьвіліся з праславянскіх ę, ǫ: напр., польск. ręka (але rączka), ciężki (але ciąża), пры гэтым польскія насавыя галосныя ў беларускай мове (шырэй — ва ўсходнеславянскіх мовах) звычайна адпавядаюць гуку я (радзей — у). У чэска-славацкай і лужыцкай падгрупе праславянскія ę, ǫ зьмяніліся ў u, ä, якія пазьней далі разнастайныя рэфлексы (чэск. ruka, maso, těžký); славацк. ruka, mäso, t’ažký; в.-луж. ruka, mjaso, ćežki (па-беларуску: рука, мяса, цяжкі).
  • Зьмяненьне праславянскага ě у ніжні ä ў лехіцкіх мовах, які пазьней даў у польскай галосны гук a перад цьвёрдымі пярэднеязычнымі і e ў астатніх выпадках (напр., biały, але bielić, dzielić, але dział; па-беларуску: белы, дзяліць). У чэска-славацкіх і лужыцкіх мовах ě перайшоў у сярэдне-верхні ě, які ў кароткіх складах чэскай і славацкай моваў разьвіўся ў e, у доўгіх — у дыфтонг ie (які ў чэскай пазьней ператварыўся ў падоўжаны гук í): чэск. dělit [d’elit], díl; славацк. delit’, diel, в.-луж. dźělić [džeilič] (па-беларуску: дзяліць).

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Варта адзначыць выключэньне з гэтага правіла ў беларускай мове — слова шэры, якое не адпавядае гуку s у іншых славянскіх мовах, але гуку š у заходнеславянскіх.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д Скорвид С. С. Западнославянские языки // Лингвистический энциклопедический словарь / Под ред. В. Н. Ярцевой. — 2. — М.: Российская энциклопедия, 2002. — С. 663 — 664. — ISBN 5-85270-239-0
  2. ^ Тихомирова Т. С. Польский язык // Языки мира: Славянские языки.. — М.: Academia, 2005. — С. 1—2. — ISBN 5-87444-216-2
  3. ^ Тихомирова Т. С. Польский язык // Языки мира: Славянские языки.. — М.: Academia, 2005. — С. 37. — ISBN 5-87444-216-2
  4. ^ Ермакова М. И. Функционирование серболужицкого языка // Язык. Этнос. Культура.. — М.: 1994. — С. 151—165.
  5. ^ Ананьева Н. Е. История и диалектология польского языка. — 3, выпр.. — М.: Либроком, 2009. — С. 304. — ISBN 978-5-397-00628-6
  6. ^ Ананьева Н. Е. История и диалектология польского языка. — 3, выпр.. — М.: Либроком, 2009. — С. 20—24. — ISBN 978-5-397-00628-6

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Ананьева Н. Е. История и диалектология польского языка. — 3-е изд., испр. — М.: Книжный дом «Либроком», 2009. — 304 с. — ISBN 978-5-397-00628-6
  • Дуличенко А. Д. Кашубский язык // Языки мира: Славянские языки. — М.: «Academia»,, 2005. — С. 383—403. — ISBN 5-87444-216-2
  • Ермакова М. И., Недолужко А. Ю. Серболужицкий язык // Языки мира: Славянские языки. — М.: «Academia», 2005. — С. 309—347. — ISBN 5-87444-216-2
  • Скорвид С. С. Чешский язык // Языки мира: Славянские языки. — М.: «Academia», 2005. — 36 с. — ISBN 5-87444-216-2
  • Смирнов Л. Н. Словацкий язык // Языки мира: Славянские языки. — М.: «Academia», 2005. — С. 274—309. — ISBN 5-87444-216-2
  • Супрун А. Е. Полабский язык // Языки мира: Славянские языки. — М.: «Academia», 2005. — С. 404—417. — ISBN 5-87444-216-2
  • Тихомирова Т. С. Польский язык // Языки мира: Славянские языки. — М.: «Academia», 2005. — 37 с. — ISBN 5-87444-216-2

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]