Удмурцкая мова
Удмурцкая мова | |
Удмурт кыл | |
Ужываецца ў | Расеі |
---|---|
Рэгіён | Удмуртыя, Башкартастан, Татарстан, Марый Эл |
Колькасьць карыстальнікаў | ~320 000 чал. |
Клясыфікацыя | Уральская сям’я |
Афіцыйны статус | |
Афіцыйная мова ў | Рэспубліцы Ўдмуртыя (суб’ект РФ) |
Рэгулюецца | Удмурцкім Інстытутам гісторыі, мовы ды літаратуры Ўдмурцкага аддзяленьня РАН |
Статус: | 6b Пад пагрозай[d][1] |
Пісьмо | кірыліца і Udmurt alphabets[d] |
Коды мовы | |
ISO 639-2(Б) | udm |
ISO 639-2(Т) | udm |
ISO 639-3 | udm |
Удму́рцкая мо́ва — мова ўдмуртаў, што жывуць ва Ўдмуртыі, Башкартастане, Татарстане, Марый Эл, Пермскім краі, Кіраўскай і Сьвярдлоўскай абласьцёх.
Агульная характарыстыка мовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На ўдмурцкай мове паводле расейскага перапісу насельніцтва 2010 г.[2] размаўляе прыкладна 324 тыс. чал. у Расеі.
Удмурцкая мова адносіцца да пермскае ґрупы фіна-вугорскіх моваў уральскае моўнае сям’і. Дыялекталяґічна падпадзяляецца на паўночны, бесярманскі (мова бесярманаў) і паўднёвы дыялект. Таксама зьяўляецца адметнай ґрупа цэнтральных пераходных гаворак паміж паўночным і паўдзёным дыялектам. Удмурцкая мова мае адрозьненьні ад іншых моваў пермскае ґрупы (комі-зыранская, комі-пярмяцкая й комі-язьвінская мовы) дзякуючы націску на апошнім складзе слова, некаторымі асаблівасьцямі марфалёгіі дзеясловаў, наяўнасьцю дзьвюх формаў спражэньня. У лексыцы удмурцкае мовы шмат татарскіх і расейскіх запазычаньняў. Пісьменнасьць з 2-й паловы XIX стагодзьдзя на кірылічнай ґрафічнай аснове. Дарэвалюцыйная літаратура на ўдмурцкай мове выдавалася на розных дыялектах. Сучасная літаратурная мова базуецца на прамяжковым варыянце паўночнага і паўднёвага дыялектаў з улікам асаблівасьцяў цэнтральных гаворак.
Удмурцкі альфабэт і пісьмовасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першыя запісы па-ўдмурцку датуюцца XVIII стагодзьдзем: гэта былі першыя спробы пасьлядоўнага фанэтычнага запісу ўдмурцкіх словаў і выразаў кірылічным альбо лацінскім альфабэтам, аднак у пазьнейшыя часы сыстэма запісу ўдмурцкае мовы амаль заўсёды базавалася на кірылічнай аснове. Прыкладна з другое паловы ХІХ ст. пачынаецца друк кнігаў па-ўдмурцку і зь 90-ых гадоў таго ж стагодзьдзя ўдмурцкая пісьмовасьць амаль канчаткова набывае сучасны выгляд. Сучасны ўдмурцкі альфабэт складаецца з традыцыйных 33 літараў расейскага альфабэту і 5 дадатковых літараў Ӝ ӝ, Ӟ ӟ, Ӥ ӥ, Ӧ ӧ, Ӵ ӵ, якія адлюстроўваюць спэцыфічныя ўдмурцкія гукі, не ўласьцівыя расейскай мове.
Удмурцкая літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У ХІХ стагодзьдзі зарадзілася ўдмурцкая літаратура, якая разьвівалася й ґрунтавалася на аснове розных дыялектаў. У 1847 годзе былі выдадзеныя першыя кнігі па-ўдмурцку.
Клясыкамі ўдмурцкае літаратуры традыцыйна лічацца паэты Рыгор Верашчагін, Кузьма Чайнікаў (псэўданім Кузёбай Герд), Якіліна Векшына (псэўданім Ашальчы Акі) і празаікі Карэпанаў Дзьмітры Іванавіч (псэўданім Кедра Мітрэй), М. П. Пятроў і Г. Д. Красільнікаў. Грамадзкая арґанізацыя ўдмурцкіх пісьменьнікаў дзейнічае з 1934 г.
Удмурцкі альфабэт у сучасным яго выглядзе
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]А а | Б б | В в | Г г | Д д | Е е | Ё ё |
Ж ж | Ӝ ӝ | З з | Ӟ ӟ | И и | Ӥ ӥ | Й й |
К к | Л л | М м | Н н | О о | Ӧ ӧ | П п |
Р р | С с | Т т | У у | Ф ф | Х х | Ц ц |
Ч ч | Ӵ ӵ | Ш ш | Щ щ | Ъ ъ | Ы ы | Ь ь |
Э э | Ю ю | Я я |
Тлумачэньне некаторых спэцыфічных літараў удмурцкае мовы:
Літара | Тлумачэньне | Беларускі адпаведнік |
---|---|---|
Г г | Выбухны гук г, адпаведны расейскаму «г» | Адпавядае беларускаму выбухному г (літара «ґ») |
Ӝ ӝ | Цьвёрдая зычная | Адпавядае беларускаму спалучэньню «дж» |
Ӟ ӟ | Мяккая або цьвёрдая зычная | Гук, падобны на беларускае спалучэньне «дз», вымаўляецца прыкладна як дьзь або дзь |
И и | Галосная | Як і расейская «и», адпавядае па вымаўленьню беларускаму «і» |
Ӥ ӥ | Галосная пярэдняга шэрагу [і] без памякчэньня наступнага зычнага | Беларускіх аналяґаў ня мае |
Ӧ ӧ | Галосная | Прыкладна адпавядае нямецкаму «ö». Беларускіх аналяґаў ня мае. |
Ч ч | Мяккая зычная | Адпавядае расейскаму «ч» і вымаўляецца як чь. Беларускіх аналяґаў ня мае |
Ӵ ӵ | Цьвёрдая зычная | Адпавядае беларускаму гуку «ч» |
Щ щ | Мяккая зычная | Адпавядае ідэнтычная расейскаму «щ» і вымаўляецца як шь. Беларускіх аналяґаў ня мае. |
Ъ ъ | Не абазначае гука | Адпавядае беларускаму знаку «апостраф» |
Грамадзка-палітычнае ўжываньне мовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Заканадаўчы статус
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Ўдмуртыя, нароўні з расейскай зьяўляецца дзяржаўнай мовай Рэспублікі Ўдмуртыя[3] (рас.).
Грамадзкае жыцьцё
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Тэлерадыёкампаніі «Удмуртия» (бел. «Удмуртыя») і «Мынам Удмуртие» (бел. «Мая Ўдмуртыя»)
- Ґазэты «Ошмес» (бел. «Крыніца»), «Светлый путь» (бел. «Сьветлы шлях»), «Удмурт дунне» (бел. «Удмурцкі сьвет»), раённыя ґазэты
- Фільмы «Узы-Боры» (бел. «Ягада-Трускаўка»), «Цень Аланґасара», «Суперніцы».
У Інтэрнэце
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Удмурцкі нацыянальны інтэрнэт (Удмуртнэт) у сілу псіхаляґічных, сацыяльна-эканамічных, моўных, інфармацыйных, бюракратычных і грамадзкіх прычынаў зьяўляецца слаба й недастаткова разьвітым
Першым сайтам Удмуртнэту лічыцца Інтэрнэт-старонка братоў Пятровых з пас. Курчум-Нор’я (Малапургінскі раён Рэспублікі Ўдмуртыя), створаная ў 2001 годзе. Зараз Удмуртнэт — гэта пераважна культурныя праекты — «Удмурталёґія», «Удмурцкая мова», «Удмурцкія вершы» (браты Пятровы), Удмурцкая энцыкляпэдыя Удмурт элькун, «Усё нашае жыцьцё — Гульня» (прыватны сайт Сяргея і Веры Чырковых, прысьвечаны ўдмурцкай культуры). З астатніх сайтаў вылучаецца «Удмурталёґія» (аўтар Дзяніс Сахарных, Іжэўск, Удмуртыя) дзякуючы аб’яднаньнем адразу некалькіх аўтарскіх праектаў, у тым ліку і Ошмесдинь (старонка, прысьвечаная істоце ўдмурцкае міталёґіі Шудбурдинь. Існуе Вікіпэдыя па-ўдмурцку.
Варта адзначыць, што большасць удмуртамоўных сайтаў створаныя й падтрымліваюцца на грошы іх уладальнікаў, а некаторыя нават хост-адрас маюць па-за межамі Расейскае Фэдэрацыі.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Ethnologue (анг.) — 25, 19 — Dallas, Texas: SIL International, 1951. — ISSN 1946-9675
- ^ Перепись-2010 (рас.)
- ^ https://web.archive.org/web/20120504161551/http://www.udmurt.ru/about/government/about_government/constitution/
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу] Вікіпэдыя мае вэрсію ўдмурцкай (Кутскон бам) мовай |