Перайсьці да зьместу

Панонска-русінская мова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Панонска-русінская мова
руски язик, руска бешеда
Ужываецца ў Сэрбіі, Харватыі
Рэгіён Усходняя Эўропа
Колькасьць карыстальнікаў
Клясыфікацыя Індаэўрапейская сям'я
Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў Ваяводзіне (Сэрбія)
Пісьмо кірыліца
Коды мовы
ISO 639-3 rsk
Шыльда на будынку мэрыі Нові Саду, надпіс на панонска-русінскай мове — унізе.

Панонска-русі́нская мова (таксама бачванска-русінская мова, югаслава-русінская мова, заходне-русінская мова, ваяводзінска-русінская мова, паўднёварусінская мова; саманазва: руски язик, руска бешеда) — тэрмін для пазначэньня сукупнасьці дыялектаў славянскае галіны індаэўрапейскае сям’і моваў, распаўсюджаных сярод панонскіх русінаў на поўначы Сэрбіі й паўночным усходзе Харватыі, у прыватнасьці, у гістарычным рэгіёне Бачка.

Дыялекты панонскіх русінаў збліаецца з заходнеславянскімі мовамі, асабліва славацкай, маючы пры гэтым фанэтыку й лексыку ўсходнеславянскага паходжаньня. Апрача таго, адлюстроўвае пэўную ступень паўднёваславянскага ўплыву, атрыманага пры дапамозе кантактаў з носьбітамі сэрбскай і харвацкай моваў.

Панонска-русінская мова мае афіцыйны статус у Аўтаномным Краі Ваяводзіна на поўначы Сэрбіі, дзе пражывае значная колькасьць гістарычнай русінскай дыяспары[3].

Панонска-русінскія дыялекты ў галіне фанэтыкі ды лексыкі генэтычна збліжаюцца з усходнеславянскімі мовамі, аднак разам з тым мова адлюстроўвае значны ўплыў з боку славацкае мовы, якая адносіцца да заходнеславянскіх. Між іншага, назіраюцца рысы рускай [старабеларускай, стараўкраінскай] мовы, а таксама расейскай мовы ды расейскага ізводу царкоўнаславянскае мовы. Падобнае спалучэньне рысаў уласьцівае таксама дыялектам карпацкіх русінаў.

Сярод славацкіх рысаў для панонска-русінскіх дыялектаў характэрныя як агульныя, так і асобныя дыялектныя, напрыклад, шарыскіх і абаўскіх групаў гаворак[4].

Пункты гледжаньня адносна лінгвістычнага статусу панонска-русінскіх дыялектаў не зьяўляюцца агульнапрынятымі: так, паводле сэрбскіх мовазнаўцаў панонска-русінскія дыялекты разглядаюцца як адна з славянскіх мікрамоваў, у той час як ва ўкраінскай лінгвістыцы панонска-русінскія дыялекты лічацца аднымі з русінскіх дыялектаў (бачанска-срымскія), якія, у сваю чаргу, лічацца аднымі з дыялектаў украінскае мовы. Славацкія дасьледчыкі, а таксама некаторыя грамадзкія арганізацыі, што ставяць на мэце прасоўваньне ідэалёгіі пра існаваньне асобнага русінскага этнасу, разглядаюць панонска-русінскую мову як адны з дыялектаў асобнай русінскай мовы. Акрамя гэтага, панонска-русінскія дыялекты могуць адносіцца да заходнеславянскіх моваў, у прыватнасьці, адрозьненьні між некаторымі ўсходнімі славацкімі й заходнімі русінскімі дыялектамі крайне нязначныя.

Пачатак адасабленьня панонска-русінскіх дыялектаў прынята зьвязваць зь міграцыяй русінаў з тэрыторыяў сучасных усходняй Славаччыны й заходняй Украіны ў Бачку ў XVIII ст. Рэгіён папярэдняга пражываньня продкаў панонскіх русінаў абумовіў шырокае ўспрыняцьце заходнеславянскіх рысаў. Аналягічна карпацкім русінам, панонскія русіны ў пераважнай большасьці зьяўляюцца грэка-каталікамі.

Кадыфікацыя мовы пачалася пасьля выданьня паэтычнага зборніку З мого села... (З майго сяла, 1904 г.), пасьля якога ў 1910 і 1914 гадох апублікаваныя фальклёрныя тэксты, сабраныя У. Гнацюком.

У 1923 годзе выдадзеная Граматика бачвансько-руськой бешеди Г. Касьцельніка. У 1971 годзе М. Кошычам зьдзейсьненая кадыфікацыя панонска-русінскіх дыялектаў у працы Правопис руского язика (Правапіс панонска-русінскае мовы), у 1974 годзе выпушчаная праца Ґраматика руского язика, абедзьве складзеныя на кірыліцы. Цягам ХХ ст. распрацаваны навуковы, мастацкі, публіцыстычны, афіцыйна-дзелавы стылі мовы.

З 1970-х гг. у тагачаснай Югаславіі тагачасным панонскім русінам нададзеныя правы нацыянальнае меншасьці, у выніку чаго стала мажлівым адкрыцьцё школаў і друкаваньне падручнікаў на пісьмовай панонска-русінскай мове (выдадзена 250 падручнікаў). У Сэрбіі ды Харватыі вядзецца публікацыя пэрыядычнае прэсы.

У Нові-Садзкім унівэрсытэце з гэтага ж пэрыяду ажыцьцяўляецца вывучэньне русінскае мовы[5], дзейнічаюць тэле- й радыёпраграмы з выкарыстаньнем панонска-русінскае мовы: паводле зьвестак на 2001 год тэлерадыёвяшчальныя кампаніі Нові-Саду 3,8% уласнай прадукцыі трансьлявалі на панонска-русінскай мове, 0,2% — на ўкраінскай.

У пісьмовых мэтах у панонска-русінскай мове выкарыстоўваецца кірылічны альфабэт з 32 літараў, мяккі знак у альфабэт часам не ўключаецца[6].

Альфабэт мае наступны выгляд:

Аа Бб Вв Гг Ґґ Дд Ее Єє Жж Зз Ии Її Йй Кк Лл Мм Нн Оо Пп Рр Сс Тт Уу Фф Хх Цц Чч Шш Щщ Юю Яя Ьь
  1. (нявызначаны загаловак)ISBN 978-86-6161-126-1
  2. http://testdata.gov.hr/dataset/popis-stanovni-tva-1991-2001-i-2011-stanovni-tvo-prema-materinskom-jeziku/resource/f9520190-cff9-4c09-a969-f16fa7182bd9
  3. The Statute Of The Autonomous Province Of Vojvodina (анг.) Афіцыйны сайт Скупшчыны Аўтаномнага Краю Ваяводзіна. Аўтаномны Край Ваяводзіна. Праверана 24 траўня 2014 г.
  4. Скорвид С. С. Серболужицкий (серболужицкие) и русинский (русинские) языки: к проблеме их сравнительно-исторической и синхронной общности. — Исследование славянских языков в русле традиций сравнительно-исторического и сопоставительного языкознания. Информационные материалы и тезисы докладов международной конференции. — М.: 2001. — 114 с.
  5. Rusinistika (сэрб.). Filozofski fakultet. Univerzitet u Novom Sadu. Праверана 24 траўня 2014 г.
  6. The Bachka Rusyns of Yugoslavia, the Lemkos of Poland. Their languages and the question of their transliteration and subject cataloging (анг.). Carpatho-Rusyn Knowledge Base. Праверана 24 траўня 2014 г.
  • Українська мова в Сербії, Боснії, Герцеговині і Хорватїі // Українська мова: Енциклопедія. — Київ: «Українська енциклопедія» імені М. П. Бажана, 2004. ISBN 966-7492-19-2