Ненецкая мова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Ненецкая мова
Ненэцяʼ вада
Ужываецца ў Расея
Рэгіён захад і цэнтар Поўначы Расеі (у прыватнасьці, Ненецкая аўтаномная акруга, Ямала-Ненецкая аўтаномная акруга, Таймырскі раён Краснаярскага краю, Рэспубліка Комі, Мурманская ды Архангельская вобласьці)
Колькасьць карыстальнікаў 21 926 чал.
(перапіс насельніцтва Расеі 2010 р.)[1]
Клясыфікацыя

Уральскія мовы

Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў Ненецкай аўтаномнай акрузе,
Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе (Расея)
Код мовы
ISO 639-2(T) yrk

Не́нецкая мова (па-ненецку: ненэцяʼ вада) — самадыйская мова ўральскае моўнае сям’і, на якой размаўляе самадыйскі народ ненцы.

Ненецкая мова можа разглядацца рознымі навукоўцамі па-іншаму. Так, прыкладам, ненецкую мову адны навукоўцы могуць лічыць адною мовай з двума дыялектамі, іншыя — дзьвюма блізкароднаснымі мовамі (ненецкія мовы), падзяляючы мову на тундравую ды лясную. Узаемазразумеласьць паміж мовамі зьяўляецца слабай.

Тундравая ненецкая мае больш носьбітаў за лясную ненецкую; на тундравай размаўляе блізу 30 000 — 40 000 чалавек[2][3] на тэрыторыях ад паўвыспы Канін да ракі Енісей[4]. На лясной ненецкай размаўляе размаўляе прыкладна 1 000 — 1 500 чалавек, яна распаўсюджаная ў навакольлях рэк Аган, Пур, Лямін і Надым (усход і цэнтар Ямала-Ненецкай АА, цэнтар ды паўночны ўсход Ханты-Мансійскай АА)[2][3].

Клясыфікацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ненецкая мова ўваходзіць у склад уральскае моўнае сям’і, што робіць яе далёкім сваяком некаторых эўрапейскіх моваў — фінскай, эстонскай, вугорскай, а таксама шэрагу іншых моваў, распаўсюджаных у Расеі (гл. фіна-вугорскія мовы).

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прыход ненцаў на тэрыторыю іхнага сучаснага пражываньня датуецца І тысячагодзьдзем н. э. У іх этнагенэзе бралі ўдзел як уласна самадыйскія роды поўдню Сыбіры, так і абарыгеннае насельніцтва тундравае й лесатундравае зонаў[5]. Дакладных зьвестак пра гэтыя працэсы не захавалася, аднак у ненецкім фальклёры фігуруюць падземныя духі пад назваю сіхірця (па-ненецку: сихиртя) — звычайна лічыцца, што гэта і зьяўляецца адлюстраваньнем сустрэчы з абарыгенным насельніцтвам.

Ненцы ў эрапейскай частцы Расеі цесна кантактавалі з комі, пазьней — з расейцамі, за Ўралам — з хантамі, мансі; самадыйскімі народамі, пра што сьведчаць раньнія запазычаньні. Абедзьве ненецкія мовы зазналі значны ўплыў з боку расейскае мовы. Тундравая ненецкая, у меншай ступені, падверглася таксама ўплыву комі мовы і паўночных гаворак хантыйскае мовы, лясная ненецкая — усходніх гаворак хантыйскае мовы.

У цяперашні час пасьля калектывізацыі, перасяленьня шматлікіх ненцаў у пасёлкі і актыўнага засваеньня нафтагазаносных раёнаў традыцыйны лад жыцьця ненцаў знаходзіцца пад пагрозай, аднак мова захоўваецца параўнальна добра, асабліва серад тых ненцаў, што яшчэ пражываюць у тундры.

Лінгвістычная характарыстыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Граматыка ды сынтаксіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зь лінгвістычнага гледзішча ненецкая мова зьяўляецца моваю марфалягічнага тыпу, якая праяўляе аглютынацыю. Мова мае невялікую склонавую сыстэму, тры шэрагі спражэньня (суб’ектнае, суб’ектна-аб’ектнае, вяртальнае), багатую сыстэму нахіленьняў, што выражае мноства значэньняў, у прыватнасьці эвідэнцыяльных, пры гэтым сыстэма часу ў дзеясловах зьяўляецца досыць беднаю. Існуе разгалінаваная сыстэма нефінітных формаў, іменнае спражэньне (выкарыстаньне дзеяслоўных паказьнікаў пры імёнах, напрыклад не па-беларуску: «жанчына», недмˮ (па-беларуску: «я — жанчына»)). Назоўнік мае тры лікі (адзіночнае, дваістае, множнае), сем склонаў, катэгорыю асабовае прыналежнасьці і асабова-прызначальныя суфіксы. У ненецкай мове маецца тры часы: нявызначанае, мінулае, будучае. Існуе аб’ектнае, суб’ектнае ды безаб’ектнае спражэньні. Інфінітыў дзеяслова пазначаецца суфіксамі -сь (першая кляса), -ць і -зь (другая кляса).

Склоны ў ненецкай мове:

Пры зьмяненьні слова па склонах да яго ў канцы дадаецца адмысловы суфікс:

  • Назоўны: ханена (па-беларуску: «паляўнічы»)
  • Родны: ханенаʼ
  • Вінавальны: ханенамʼ
  • Давальна-накіроўчы: ханенанʼ
  • Мясцова-творны: ханенахана
  • Адкладальны: ханенахад
  • Падоўжны: ханенавна

Фаналёгія ды артаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У фаналёгіі маецца супрацьпастаўленьне зычных паводле цьвёрдасьці або мяккасьці ды звонкасьці або глухасьці. Існуе дзьве гартанныя змычныя. Галосныя: и, е, а, ы, э, у, о, бываюць звычайнымі, кароткімі і падоўжанымі. Націск рухомы. У пачатку ненецкіх словаў сустракаюцца гукі, якія пазначаюцца наступнымі літарамі: в, е, ё, и, л, м, н, у, п, с, т, х, ю, я. Ёт у пачатку слова ў спалучэньні з галоснай [і] пазначаецца літарай и (напрыклад, слова ирий (па-беларуску: месяц) вымаўляецца як йірій). Знак апострафа ʼ называецца звонкі тасер і пазначае прыдыханьне , знак з двух апострафаў ʼʼ называецца глухі тасер і пазначае мацнейшае прыдыханьне (гартанную змычку). Літарай Ӈӈ пазначаецца гук [ŋ] (аналягічны ангельскаму спалучэньню ng). Літарай в пазначаецца гук, аналягічны ангельскаму w, літарай х — прыдыханьне (у пачатку слова) і звонкі фрыкатыўны гук, аналягічны беларускаму г [ɣ] (у сярэдзіне слова).

Агульныя рысы ў ненецкіх мовах[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Агульнай асаблівасьцю абедзьвюх моваў/дыялектаў зьяўляецца сыстэматычная паляталізацыя амаль усіх зычных. Гэтая зьява паходзіць ад адрозьненьняў паміж рознымі якасьцямі галосных у протасамадыйскіх мовах[6].

  • *Cä, *Ca > *Cʲa, *Ca
  • *Ce, *Cë > *Cʲe, *Ce
  • *Ci, *Cï > *Cʲi, *Ci
  • *Cö, *Co > *Cʲo, *Co
  • *Cü, *Cu > *Cʲu, *Cu

Вэлярныя зычныя *k ды *ŋ зазналі зрух у *sʲ ды *nʲ і разам з гэтым — паляталізацыю. Аналягічныя зьмены таксама адбыліся і ў іншых самадыйскіх мовах тундравае тэрыторыі: энецкай, нганасанскай і вымерлай юрацкай.

Адрозьненьні паміж ненецкімі мовамі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тундравая ненецкая паводле шэрагу рысаў засталася бліжэйшай да першапачатковай протаненецкай мовы, чымся лясная ненецкая, фаналёгія якой знаходзілася пад уплывам усходніх дыялектаў хантыйскае мовы. Зьмены ў сучасных мовах улучаюць у сябе[6][7]:

  • Тундравая ненецкая:
    • Дэлябіялізацыя /wʲ/ у /j/
    • Леніцыя пачатковага /k/ у /x/
    • Спрашчэньне /ʔk/ да /k/
  • Лясная ненецкая:
    • Пераход пачатковага /s/ у /x/
    • Сярэдняя дэназалізацыя /nʲ/ у /j/
    • Пераход /r/, /rʲ/ у лятэральныя фрыкатыўныя /ɬ/, /ɬʲ/
    • Скарачэньне падвойных насавых
    • Пераход /lː/ у /nɬ/
    • Зьмены ў паляталізаваных вэлярных /kʲ/, /xʲ/, /ŋʲ/
    • Падвышэньне незакрытых галосных перад складам зь першапачатковай закрытай галоснай
    • Страта адрозьненьняў галосных у ненаціскных складах
    • Усталяваньне адрозьненьня паводле кароткасьці/даўжыні для гукаў /a/ ды /æ/

Пісьмовасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першыя кнігі на ненецкай мове былі выдадзеныя напрыканцы ХІХ ст.[8] У іх выкарыстоўваўся кірылічны альфабэт на расейскай аснове, бязь некалькіх літараў. У 1931 року быў створаны альфабэт на лацінскай аснове, у 1937-38 гадох ненецкі альфабэт быў зноў пераведзены на кірылічную аснову. Зрэшты, гэта тычыцца толькі тундравае ненецкае мовы: тундравая ненецкая мова добра задакумэнтаваная, мае статус карэннае мовы й мовы меншасьці, тады як першая пісьмовасьць на лясной ненецкай зьявілася толькі ў 1990- гадох, а сама мова зьяўляецца слаба задакумэнтаванай.

Сучасны ненецкі альфабэт:

А а Б б В в Г г Д д Е е Ё ё Ж ж
З з И и Й й К к Л л М м Н н Ӈ ӈ
О о П п Р р С с Т т У у Ф ф Х х
Ц ц Ч ч Ш ш Щ щ Ъ ъ Ы ы Ь ь Э э
Ю ю Я я ʼ ʼʼ

У альфабэце лясной ненецкай у дадатак таксама выкарыстоўваюцца літары Ӆӆ ды Ӭӭ[9].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ http://www.gks.ru/free_doc/new_site/population/demo/per-itog/tab6.xls
  2. ^ а б Ethnologue
  3. ^ а б Salminen, Tapani; Ackerman, Farrell Nenets // Encyclopedia of Languages & Linguistics / Brown, Keith. — 2. — Oxford, England: Elsevier, 2006. — С. 577–579. — (8).
  4. ^ Staroverov, Peter Vowel deletion and stress in Tundra Nenets. — Moscow, Russia: 2006. — С. 1.
  5. ^ Этнонациональные общности России. Электронная библиотека. Ненцы
  6. ^ а б Sammallahti, Pekka Historical phonology of the Uralic languages, with special reference to Samoyed, Ugric, and Permic // The Uralic Languages: Description, History and Foreign Influences / Denis Sinor. — Leiden: Brill, 1988. — С. 478–554.
  7. ^ Salminen, Tapani 253 // Notes on Forest Nenets phonology. — Helsinki, Finland: Suomalais-Ugrilainen Seura, 2007. — (Mémoires de la Société Finno-Ougrienne).
  8. ^ Букварь для самоѣдовъ, живущихъ въ Архангельской губерніи. — Архангельскъ: Православное миссіонерское общество, 1895. — 20 с.
  9. ^ Бармич М. Я., Вэлло И. А. Нешаӈ букварь. СПб, 2006

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]