Перайсьці да зьместу

Хантыйская мова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Хантыйская мова
ханты ясаӈ
Ужываецца ў Расеі
Рэгіён ХМАА, ЯНАА, Томская вобласьць
Колькасьць карыстальнікаў ~9600 чал.[1]
Клясыфікацыя Уральская сям’я
 Фіна-вугорская галіна
  Вугорская падгаліна
   Обска-вугорская група
Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў
Рэгулюецца
Статус: 6b Пад пагрозай[d][2]
Пісьмо Khanty alphabet[d] і кірыліца
Коды мовы
ISO 639-1
ISO 639-2(Б)
ISO 639-2(Т) kca
ISO 639-3 kca
SIL

Ханты́йская мова — вугорская мова фіна-вугорскае моўнае галіны, асноўная мова народу хантаў. Распаўсюджаная галоўным чынам у басэйне прытокаў Обі ды Іртышу і сярэднім і дольным цячэньні Обі. Паводле зьвестак перапісу 2002 году хантаў налічваецца 28 700 чалавек, зь іх на хантыйскай мове размаўляе 33,4% насельніцтва.

Асноўная характарыстыка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хантыйская мова разам з мансійскай і вугорскай утварае асобную падгаліну сярод фіна-вугорскае галіны ўральскіх моваў — вугорскую. З гэтымі мовамі, асабліва з мансійскай, хантыйская мае шмат агульных рысаў — у сфэры марфалёґіі, фанэтыкі і нават лексыкі. Па сваёй сынтаксічнай структуры хантыйская мова зьяўляецца аґлютынуючай мовай з амаль поўнай стратай самастойнага значэньня суфіксаў. Для хантыйскае мовы характэрная вялікая колькасьць галосных і адсутнасьць звонкіх зычных, сынґарманізм, недапушчэньне дзьвюх зычных у пачатку альбо ў канцы слова ці склада.

Апроч адзіночнага й множнага ліку ў хантыйскай мове шырока ўжываецца дваісты лік (прыклады ўжываньня дваістага ліку ў беларускай мове можна ўбачыць у словах нажніцы, порткі). Ролю прыналежных займеньнікаў выконваюць суфіксы, што ўказваюць на прыналежнасьць прадмэта.

Хантыйская мова ў сваёй дыялектнай структуры адрозьніваецца вельмі вялікай колькасьцю дыялектаў. Звычайна ў хантыйскай мове выдзяляюць дзьве ґрупы гаворак:

  • Заходняя (уласна хантыйскія гаворкі, падпадзяляецца на паўночныя і паўдзёныя)
  • Усходняя (альбо кантыцкая)

Тэрытарыяльна гаворкі блізкія паміж сабой, але дыялекты па крайніх кропках дыялектнага кантынуўму адрозьніваюцца настолькі, што ўзаемаразуменьне паміж імі даволі цяжкае.

Першая пісьмовасьць у хантыйскай мове ўзьнікае ў 1868 годзе, калі на бярозаўска-абдорскім дыялекце было выдадзена Эвангельле паводле Мацьвея. На хвалі ўсесавецкае лацінізацыі ў 1930-ых гадох быў распрацаваны лацінкавы альфабэт для казымскага ды абдорскага дыялекта. У 1937 годзе хантыйская пісьмовасьць была пераведзена на кірыліцу. Нягледзячы на даволі працяглую гісторыю існаваньня пісьмовасьці ды літаратуры па-хантыйску, адзінага літаратурнага стандарту ў мове няма — хантыйскамоўны друк прысутнічае ўва ўсіх чатырох дыялектах.

Лацінскі альфабэт (1931—1937 гады).

A a B в D d E e Ә ә F f H h Һ һ
I i J j K k L l Ļ ļ Ł ł M m N n
Ņ ņ Ŋ ŋ O o P p R r S s Ş ş S̷s
T t U u V v Z z Ƶ ƶ Ƅ ƅ

Кірылічны альфабэт рэдакцыі 1958 году

А а Ӓ ӓ Б б В в Г г Д д Е е Ё ё
Ә ә Ӛ ӛ Ж ж З з И и Й й К к Ӄ ӄ
Л л Л’ л’ М м Н н Ӈ ӈ О о Ӧ ӧ Ө ө
Ӫ ӫ П п Р р С с Т т У у Ӱ ӱ Ф ф
Х х Ц ц Ч ч Ч’ ч’ Ш ш Щ щ Ъ ъ Ы ы
Ь ь Э э Ю ю Я я

Агульны хантыйскі альфабэт для ўсіх дыялектаў (рэдакцыя 2000 году)

А а Ӓ ӓ Ӑ ӑ Б б В в Г г Д д Е е
Ё ё Ә ә Ӛ ӛ Ж ж З з И и Й й К к
Қ қ (Ӄ ӄ) Л л Ӆ ӆ (Ԓ ԓ) М м Н н Ң ң (Ӈ ӈ) Н’ н’ О о
Ӧ ӧ (Ŏ ŏ) Ө ө Ӫ ӫ П п Р р С с Т т У у
Ӱ ӱ Ў ў Ф ф Х х Ҳ ҳ (Ӽ ӽ) Ц ц Ч ч Ҷ ҷ
Ш ш Щ щ Ъ ъ Ы ы Ь ь Э э Є є Є̈ є̈
Ю ю Ю̆ ю̆ Я я Я̆ я̆

Гісторыя вывучэньня

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хантыйская мова — найменш вывучаная з усёй фіна-вугорскае ґрупы. Адзінымі сур’ёзнымі працамі да апошняга часу былі: кароткая ґраматыка і слоўнік, выдадзеныя А. Кастранам у 1849 г., і слоўнік Паасонэна, выпушчаны ў 1926 годзе. У савецкія часы навукова-дасьледчай асацыяцыяй Інстытуту народаў поўначы вялося паглыбленае вывучэньне хантыйскае мовы і стварэньне для яе пісьменства.

Грамадзкае жыцьцё

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На хантыйскай мове выдаюцца ґазэты, у пачатковых клясах мова вывучаецца як прадмэт.

Першыя публікацыі на хантыйскай мове зьявіліся ў ґазэце «Остяко-Вогульская правда» (асьцякі і вагулы — старая назва ў расейскай мове адпаведна хантаў і мансі) у 1934 годзе. З 1957 году ў Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе выдавалася ґазэта «Ленин пант хуват» (бел. «Па ленінскім шляху»), якая ў 1991 годзе была перайменавана ў «Хӑнты ясаӈ» (бел. «Хантыйскае слова»). Да пачатку 1970-х гадоў ґазэта выходзіла адным радком, пасьля — чатырма. Выходзіць штотыдзень. У Шурышкарскім раёне Ямала-Ненецкае аўтаномнае акругі выходзіць ґазэта «Ӆуӈх авт» (бел. «Ангальскі мыс»).

У раніцы, сярэдзіне дня і вечарох па панядзелках, серадах і пятніцах на радыё «Югория» выходзяць хантыйскамоўныя перадачы па 20 хвілін, вяшчаньне пачалося ў 1964 годзе.

Этна-рок-гурт «H-Ural» з 2009 году выконвае свае песьні на шурышкарскім і сярэдняобскім дыялекце хантыйскае мовы.

  1. ^ Вынікі перапісу-2010  (рас.)
  2. ^ Ethnologue (анг.) — 25, 19 — Dallas, Texas: SIL International, 1951. — ISSN 1946-9675

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]