Перайсьці да зьместу

Чукоцкая мова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Чукоцкая мова
ԓыгъоравэтԓьэн йиԓыйиԓ
Ужываецца ў Расеі
Рэгіён Чукоцкая аўтаномная акруга, Камчацкі край, Якутыя
Колькасьць карыстальнікаў
  • 5100 чал. (2010)
Клясыфікацыя Чукоцка-камчацкая сям’я
Афіцыйны статус
Статус: 6b Пад пагрозай[d][1]
Пісьмо кірыліца
Коды мовы
ISO 639-1
ISO 639-2(Б)
ISO 639-2(Т) ckt
ISO 639-3 ckt
SIL

Чуко́цкая мо́ва (саманазва: ԓыгъоравэтԓьэн йиԓыйиԓ, вымаўл. [ɬǝɣˀorawetɬˀɛn jiɬǝjiɬ]) — мова чукоцка-карацкае галіны чукоцка-камчацкае моўнае сям'і, на якой размаўляе народ чукчы. Распаўсюджаная на крайнім усходзе Расеі, пераважна ў Чукоцкай аўтаномнай акрузе, а таксама на паўночным усходзе было Карацкай аўтаномнай акругі і ў Ніжне-Калымскім раёне Якутыі. Паводле перапісу насельніцтва ў Расеі 2002 году, з 15 700 чукчаў на мове размаўляла блізу 7700 чал., 500 чалавек размаўляла толькі па-чукоцку. Веданьне мовы скарачаецца, і большасьць чукчаў на цяперашні момант валодае расейскай. Знаходзіцца ў сьпісе моваў пад пагрозаю зьнікненьня паводле ЮНЭСКО.

Тэрміны «чукоцкі», «чукчы» і г. д. паходзіць ад чукоцкага слова Čävča (па-беларуску: «чалавек, у якога шмат аленяў»), якім чукчы называлі сваіх тунгуса-маньчжурскіх суседзяў. Саманазва чукчаў — ԓыгъоравэтԓьэт, аднакарэнным словам у чукчаў пазначаецца й саманазва мовы.

Многія чукчы выкарыстоўваць чукоцкую як сродак паўсядзённых сувязяў у бытавых і дзелавых умовах, мова таксама выкарыстоўваецца ў СМІ (радыё, тэлебачаньне) і ў некаторых іншых відах дзейнасьці. Тым ня менш, расейская ўсё больш атрымоўвае распаўсюджаньне ў якасьці мовы зносінаў, мае ролю лінгва-франка на нечукоцкіх тэрыторыях. Чукоцкая мова выкарыстоўваецца як асноўная мова навучаньня ў пачатковых школах, астатняя сярэдняя адукацыя зьяўляецца расейскамоўнай і ўжывае чукоцкую ў якасьці аднаго з прадметаў. Серад вядомых пісьменьнікаў чукоцкага паходжаньня адзначаецца Юры Рытхэў, аднак вялікая частка яго надрукаваных твораў была напісаная па-расейску.

Асноўная характарыстыка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да 1931 году чукоцкая мова ня мела замацаванай артаграфіі, між тым, у пэрыяд ХІХ стагодзьдзя ставіліся спробы складаньня рэлігійных тэкстаў па-чукоцку. У пачатку ХХ стагодзьдзя расейскім этнографам і лінгвістам Уладзімерам Багаразам у чукоцкага пастуха Тэневіля былі знойдзеныя ўзоры піктаграфічнага пісьма, якое было ягоным уласным вынаходніцтвам і не выкарыстоўваліся за межамі яго стойбішча. Падобныя сыстэмы выкарыстоўваліся гандляром Антымаўле на ўсходзе Чукоткі.

Першы афіцыйны альфабэт для чукоцкае мовы быў распрацаваны Багаразам у 1931 годзе на лацінскай аснове:

А а Ā ā B b C c D d Е е Ē ē Ə ə
Ə̄ ə̄ F f G g H h I i Ī ī J j K k
L l M m N n Ŋ ŋ O o Ō ō P p Q q
R r S s T t U u Ū ū V v W w Z z
Ь ь

У 1937 годзе чукоцкі альфабэт быў пераведзены на кірылічную аснову. Напачатку ён адрозьніваўся ад расейскага толькі наяўнасьцю дыграфаў К’к’, Н’н’, аднак у 1950-х гг. яны былі замененыя на спэцыяльныя літары — Ӄӄ, Ӈӈ, пры гэтым новая вэрсія альфабэту стала выкарыстоўвацца толькі ў навучальных матэрыялах, у той час як у прэсе працягвалася выкарыстаньне старой артаграфіі. Напрыканцы 1980-х гадоў літара Лл была замененая на Ԓԓ у мэтах пазьбяганьня блытаніны і вымаўленьня чукоцкага л на расейскі ўзор. Цяперашні чукоцкі альфабэт выглядае наступным чынам:

А а Б б В в Г г Д д Е е Ё ё Ж ж
З з И и Й й К к Ӄ ӄ Ԓ ԓ (Л л) М м Н н
Ӈ ӈ О о П п Р р С с Т т У у Ф ф
Х х Ц ц Ч ч Ш ш Щ щ Ъ ъ Ы ы Ь ь
Э э Ю ю Я я '
  • Зычныя:
  Білябіяльныя Альвэалярныя Палятальныя Вэлярныя Увулярныя Глётальныя
Насавыя m n ŋ
Выбухныя p t k q ʔ
Фрыкатыўныя β ɬ ç ɣ
Апраксыманты ɹ j

Звонкія выбухныя гукі адсутнічаюць.

  • Галосныя:

Гукі /i/, /u/, /e1/, /e2/, /o/, /a/ ды /ə/, /e1/, /e2/ вымаўляюцца аднолькава, аднак датычна фанэтыкі паводзяць сябе па-іншаму.

Характэрнай асаблівасьцю чукоцкай мовы зьяўляецца сыстэма гармоніі галосных, у значнай ступені заснаваная на вышыні галосных, /i, u, e1/ чаргуюцца з /e2, o, a/. Першыя вядомыя як рэцэсіўныя, другія — як дамінантныя, пры наяўнасьці дамінантных галосных у любым месцы слова рэцэсіўныя ўзгадняюцца паводле дамінантных. Гук /ə/ не падлягае гэтаму правілу, аднак можа паводзіць сябе як дамінантны галосны гук. Праз амаль поўную рэдукцыю гэтага гуку можа разьвівацца выключэньне ў выглядзе ўзьнікненьня двух зычных у пачатку і ў канцы словаў, а таксама больш за два зычныя гукі ў сярэдзіне[2].

  • Склад, націск:

У пачатку або ў канцы словаў ня можа існаваць некалькі зычных гукаў запар (клястэры зычных), усе яны як правіла аддзяляюцца гукам /ə/. Націск у слове звычайна прыпадае на перадапошні склад, або застаецца ў межах асновы слова (у словах зь вялікай колкьасьцю складоў націск прыпадае на апошні склад асновы, за выняткам словаў з асновай з галосным гукам у канцы — значная іх частка мае націск на першым складзе асновы), а таксама ўнікае гуку /ə/. Націскны склад па вымаўленьні звычайна даўжэйшы за ненаціскны. У словах з суфіксам, які складаецца толькі з аднаго зычнага, націск зрушваецца на перадапошні склад асновы. У безафікснай форме словаў націск таксама зрушваецца на перадапошні склад. У словах, утвораных праз рэдуплікацыю кораню, націск прыпадае на першы склад.

Прэфіксы звычайна не ўплываюць на пастаноўку націску[2].

Граматыка, марфалёгія

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З граматычнага пункту гледжаньня чукоцкая мова характарызуецца як аглютынацыйная мова з разьвітай інкарпарацыяй.

Мова мае два лікі і 9 склонаў. Назоўнікі падзяляюцца на тры тыпы паводле адушаўлёнасьці — ня-людзі, асабістыя імёны і некаторыя тэрміны для пазначэрньня старэйшых сваякоў і словы для пазначэньня астатніх людзей.

Дзеяслоў акрэсьліваецца наяўнасьцю трох асобаў, двух лікаў, трох ладаў, двух станаў і шасьці часоў.

Сыстэма зьлічэньня — вігезымальная (грунтуецца на чысьле 20), сканчаючыся на чысьле 400, аднак пад уплывам расейскае мовы для чыслаў больш за 100 стала выкарыстоўвацца дзясятковая сыстэма зьлічэньня. Многія назвы лічбаў маюць этымалягічную сувязь з часткамі цела альбо арытмэтычнымі апэрацыямі (напрыклад, слова «шэсьць» утвараецца шляхам складаньня словаў «адзін» ды «пяць»).

Парадак словаў зьяўляецца вольным, аднак найбольш распаўсюджаны парадак словаў у сказе — SOV. Паказчык уладаньня звычайна папярэднічае слову, якое паказвае ўладаньне над сабой. Замест прыназоўнікаў выкарыстоўваюцца пасьлялогі.

  • Афіксацыя:

Усе чукоцкія афіксы падзяляюцца на дзьве асноўныя групы: словаўтваральныя ды формаўтваральныя. Першыя служаць для стварэньня новых словаў (напр., йылӄыйыл — «сон», йылӄ-эт-ык — «спаць» и г.д.), суфіксы другога віду ўтвараюць формы аднаго слова (напр., ты-чимгъу-ркын — «думаю», мыт-чимгъу-мык — «мы падумалі», чимгъу-к — «думаць» і г.д.)[2]. Афіксы звычайна маюць сталы парадак у слове: першымі далучаюцца словаўтваральныя (таксама маюць асаблівы парадак, звычайна некалькі), потым формаўтваральныя (пры іх наяўнасьці), потым — афіксы сынтаксічных формаў[2].

Значная частка афіксаў утвораная ад каранёвых марфэмаў, якія даволі рэдка выкарыстоўваюцца ў якасьці асобных словаў, альбо страцілі сваё каранёвае значэньне ў сучаснай мове, пры гэтым мноства афіксаў ня маюць дачыненьня да каранёў наогул. Выказваюцца гіпотэзы пра першапачаткова толькі суфіксальны характар чукоцкае мовы і толькі пазьнейшае ўзьнікненьне ў ёй прэфіксаў.

  • Інкарпарацыя:

Інкарпарацыя ў чукоцкай мове зьвязаная з уключэньнем у форму слова дадатковых словаў. Такое спалучэньне характарызуецца агульным націскам і агульнымі формаўтваральнымі афіксамі. Словамі, якія маюць уласьцівасьць уключэньня, звычайна зьяўляюцца назоўнікі, дзеясловы й дзеепрыметнікі, часам прыслоўі. Уключацца могуць асновы назоўнікаў, лічэбнікаў, дзеясловаў і прыслоўяў (напр., га-пойг-ы-ма — «з кап'ём», га-таӈ-пойг-ы-ма — «з добрым кап'ём»; ад пойг-ы-н — «кап'ё», ны-тэӈ-ӄин — «добры», аснова — тэӈ/таӈ). Часам могуць уключацца дзьве, тры і больш асноваў[2].

Словаскладаньне ў чукоцкай мове прама зьвязанае са зьявай інкарпарацыі, большасьць складаных словаў разьвіліся менавіта з-за яе. У некаторых комплексах даволі складана правесьці мяжу між словаскладаньнем ды інкарпарацыяй. Аднак шырока разьвітае й непасрэднае складаньне словаў (напр., калетко-ран — «школа», літаральна — «пісаньня дом»; вэлытко-ран — «крама», літаральна — «дом гандлю», «гандлёвы дом»). Вялікі пляст падобнае лексыкі паўстаў у ХХ стагодзьдзі празь зьмены ў быце чукчаў. Зрэшты, большасьць такіх словаў ва ўжытку замяняецца на лягчэйшыя расейскія запазычаньні (напр., кэлитку-кэликэл — «сшытак», літаральна — «пісьмовая папера» > тетрат — параўн. з расейскім тетрадь).

Зьнешнія кантакты чукоцкае мовы ня вывучаныя; у прыватнасьці, пра характар кантактаў між чукоцкай і эскімоскай можна казаць толькі ў якасьці гіпотэзы, дасьледаваньне гэтых пытаньняў ускладняецца адсутнасьцю пісьмовых помнікаў моваў. Кантактныя ўплывы расейскае мовы выражаюцца ў лексычных запазычаньнях і ціску на паверхневы сынтаксіс (гл. вышэй); апошняя зьява акрэсьліваецца ў перакладных тэкстах і не сустракаецца ў вусным маўленьні чукчаў.

Дыялектны падзел мовы нязначны. Вылучаюцца ўсходні (уэленскі) дыялект, палеглы ў аснову пісьмовасьці, заходні (калымскі) дыялект і група паўднёвых дыялектаў на паўднёвым усходзе Чукоткі: энмылінскі, нунлінгранскі, хатырскі. Апошнія тры дыялекты характарызуюцца фанэтычнымі ды марфалягічнымі асаблівасьцямі, якія збліжаюць гэтыя дыялекты з керэцкай і карацкай мовамі.

Паводле папярэдніх зьвестак, у межах кожнага з дыялектаў могуць быць вылучаныя асобныя гаворкі. Чукоцкая дыялекталёгія дасьледжаная слаба; аднак можна ўпэўнена сьцьвярджаць, што выкарыстоўваньне літаратурнае мовы не выклікае цяжкасьцяў у ніводнае з тэрытарыяльнае групы чукчаў.

Асаблівасьцю чукоцкае мовы ёсьць рознае вымаўленьне ў мужчынаў і жанчынаў. Датычна жанчын існуе табу на вымаўленьне імёнаў сваякоў мужа і фанэтычна падобных словаў. Існуе розьніца ў вымаўленьні звычайнае лексыкі: у выпадку, калі мужчыны вымаўляюць гук р або спалучэньне рк, у жаночым маўленьні выступае ц (напрыклад, «морж» у чукоцкім мужчынскім маўленьні гучыць як рыркы, у жаночым — як цыццы).

  1. ^ Ethnologue (анг.) — 25, 19 — Dallas, Texas: SIL International, 1951. — ISSN 1946-9675
  2. ^ а б в г д П. Я. Скорик. Грамматика чукотского языка. Часть первая. Фонетика и морфология именных частей. — 1961. — С. 64, 67-69, 80-82, 86, 98-101.
  • П. Я. Скорик. Грамматика чукотского языка. Часть первая. Фонетика и морфология именных частей. — 1961.
  • Bogoras, Waldemar, 1901. „The Chukchi of Northeastern Asia”, American Anthropologist, New Series, Vol. 3, No. 1 (Jan–Mar, 1901), ст. 80–108
  • Bogoras, W., 1922. „Chukchee”. In Handbook of American Indian Languages II, ed. F. Boas, Washington, D.C.
  • Comrie, B., 1981. The Languages of the Soviet Union, Cambridge: Cambridge University Press (Cambridge Language Surveys). ISBN 0-521-23230-9 (hardcover) and ISBN 0-521-29877-6 (paperback)
  • De Reuse, Willem Joseph, 1994. Siberian Yupik Eskimo: The Language and Its Contacts with Chukchi, Univ. of Utah Press, ISBN 0-87480-397-7
  • Dunn, Michael, 2000. „Chukchi Women's Language: A Historical-Comparative Perspective”, Anthropological Linguistics, Vol. 42, No. 3 (Fall, 2000), ст. 305–328
  • Nedjalkov, V. P., 1976. „Diathesen und Satzstruktur im Tschuktschischen”. In: Ronald Lötzsch (ed.), Satzstruktur und Genus verbi (Studia Grammatica 13). Berlin: Akademie-Verlag, ст. 181-211.
  • Priest, Lorna A. (2005). „Proposal to Encode Additional Cyrillic Characters”.
  • П. Я. Скорик. Грамматика чукотского языка. Часть вторая. Глагол, наречие, служебные слова. — Ленинград: Наука, 1977.
  • Weinstein, Charles, 2010. Parlons tchouktche. Paris: L'Harmattan. ISBN 978-2-296-10412-9

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]