Марыйская мова
| Марыйская мова | |
| марий йылме | |
| Ужываецца ў | Расеі |
|---|---|
| Рэгіён | Марый Эл |
| Колькасьць карыстальнікаў | 490 000 чал. |
| Клясыфікацыя | Уральская сям’я |
| Афіцыйны статус | |
| Афіцыйная мова ў | рэспубліцы Марый Эл (Расея)[1] |
| Дапаможная мова ў | — |
| Рэгулюецца | — |
| Пісьмо | Mari alphabet[d] і кірыліца |
| Коды мовы | |
| ISO 639-1 | — |
| ISO 639-2(Б) | chm |
| ISO 639-2(Т) | chm |
| ISO 639-3 | chm |
| SIL | chm |
Мары́йская мова (альбо луго́вамары́йская) — фіна-волская мова фіна-вугорскае галіны ўральскіх моваў, на якой размаўляе фіна-вугорскі народ марыйцы. Звычайна пад паняткам «марыйская мова» маюць на ўвазе луговамарыйскую мову, мову лугавых марыйцаў. Мову горных марыйцаў традыцыйна вылучаюць асобна.
Агулам марыйскія мовы распаўсюджаныя ў рэспубліцы Марый Эл, на паўночным захадзе Ніжагародзкай, на поўдні Кіраўскай, у шэрагу раёнаў Кастрамской абласьцей, а таксама асобнымі ґрупамі ў Паволжы, у прыватнасьці ў Башкартастане.
Раней была вядомай пад назвай чарамі́ская (рас. черемисский язык), што знаходзіць паралелі ў татарскай і чуваскай мовах (чирмеш, çармăс).
Агульная характарыстыка
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Фанэтыка, фаналёгія
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Для гукавага ладу марыйскае мовы ўласьцівыя ад 8 да 12 галосных (у залежнасьці ад дыялекту), сярод зычных — палятальныя й звонкія фрыкатывы[2]. Адносна іншых фіна-вугорскіх моваў вылучаецца сынгарманізмам, які ў цэлым не вядомы ў іншых мовах фіна-вугорскай галіны.
Марфалёгія
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Словаўтварэньне ў асноўным адбываецца шляхам суфіксацыі й словаскладаньня. Адзначаецца наяўнасьць дзеепрыметнікаў адмоўнага й будучага часу, некалькі паказчыкаў множнасьці ў назоўніку, кляса сумесных лічэбнікаў, формы цяперашне-будучага і шэсьць мінулых часоў[2].
Лексыка
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Лексыка марыйскае мовы ў асноўным мае фіна-вугорскае паходжаньне, аднак вялікі ўплыў аказалі таксама цюрскія й расейская мовы. Уплыў расейскае мовы заўважны ў тым ліку на ўзроўні бытавой лексыкі.
Пісьмовасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Першапачаткова марыйцы ўжывалі ў якасьці пісьмовасьці асаблівыя знакі, што называліся цішце́. Гэтыя знакі ўжываліся пры бытавых патрэбах да пачатку ХХ стагодзьдзя.
Кірылічная пісьмовасьць для мовы ўпершыню зьявілася ў XVI стагодзьдзі ў місіянэрскіх мэтах, але першай дакумэнтальна зафіксаванай кірылічнай марыйскай пісьмовасьцю зьяўляецца пісьмовасьць «Сочиненій принадлежащихъ къ грамматикѣ черемисскаго языка», якія былі выдадзены ў 1775 годзе. У 1837 годзе выйшла «Черемисская грамматика», у якой ужываўся шэраг дыґрафаў для абазначэньня спэцыфічных марыйскіх гукаў.
У 1873 годзе, на 2 гады пазьней за горнамарыйскую, выйшаў луговамарыйскі лемантар, альфабэт якога амаль поўнасьцю супадае з існым. У 1930 гады на хвалі ўсесавецкае лацінізацыі быў ажыцьцяўлены пераход пісьмовасьці на лацінскую аснову, але ў 1938 годзе была вернута кірыліца.
Лацінскі луговамарыйскі альфабэт
[рэдагаваць | рэдагаваць код]| А a | Ä ä | B b | G g | D d | Z z | Ƶ ƶ | I i |
| J j | K k | L l | ʟ̧ ʟ̧ | M m | N n | Ņ ņ | Ŋ ŋ |
| O o | P p | R r | S s | T t | U u | Ü ü | C c |
| Ş ş | Ç ç | Ə ә | Ӛ ӛ | E e | F f | H h | Č č |
| T’ t’ | D’ d’ |
Сучасны кірылічны луговамарыйскі альфабэт
[рэдагаваць | рэдагаваць код]| А а | Б б | В в | Г г | Д д | Е е | Ё ё | Ж ж |
| З з | И и | Й й | К к | Л л | М м | Н н | Ҥ ҥ |
| О о | Ӧ ӧ | П п | Р р | С с | Т т | У у | Ӱ ӱ |
| Ф ф | Х х | Ц ц | Ч ч | Ш ш | Щ щ | Ъ ъ | Ы ы |
| Ь ь | Э э | Ю ю | Я я |
Дыялекты
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Луговамарыйская мова падзяляецца на 4 гаворкі:
- Ардзінская
- Кілемарская
- Кузьмінская
- Юксарская
Луговамарыйская мова распаўсюджаная пераважна на ўсходзе Марый-Эл, а таксама ў навакольных раёнах Кіраўскае вобласьці. Пад луговамарыйскай мовай таксама разумеюць марыйскае маўленьне ўсходніх марыйцаў, якія зьяўляюцца даўнімі перасяленцамі ва ўральскіх рэгіёнах. Мову горных марыйцаў вылучаюць асобна, але нярэдка разам з луговамарыйскай можа лічыцца дыялектамі адзінай марыйскай мовы.
Грамадзкае жыцьцё
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У часы Расейскае імпэрыі не існавала падтрымкі мовы з боку дзяржавы, падтрымка існавала толькі з боку энтузіястаў, а друк абмяжоўваўся царкоўнай літаратурай.
У савецкія часы настаў пэрыяд даволі істотнае падтрымкі мовы. У тыя часы значна пашырыўся друк на марыйскай мове, узьнікнуў літаратурны стандарт і замацаваная артаґрафія, але пазьней карэнізацыйная палітыка была згарнута.
Пасьля перабудовы надыйшоў час якасна новых магчымасьцяў для разьвіцьця мовы. У гэтыя часы, у 1990 годзе марыйская мова стала дзяржаўнай мовай Марыйскай АССР нароўні з расейскай. Зараз навучаньне марыйскай мове й літаратуры вядзецца ў 226 школах рэспублікі, частка прадмэтаў у марыйскіх ВНУ выкладаецца па-марыйску. На марыйскай мове выдаюцца ґазэты й часопісы «Кугарня», «Марий Эл», «Морко мланде», «Ончыко» і «Пачемыш».
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Канстытуцыя рэспублікі Марый-Эл, артыкул 15
- 1 2 Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 10: Малайзія — Мугаджары. — 544 с. — ISBN 985-11-0169-9
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]| Вікіпэдыя мае вэрсію луговамарыйскай мовай |
Марыйская мова — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў