Перайсьці да зьместу

Лёзна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам Red Winged Duck (гутаркі | унёсак) у 13:58, 24 траўня 2018. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Лёзна
трансьліт. Liozna
У цэнтры мястэчка
У цэнтры мястэчка
Герб Лёзна Сьцяг Лёзна
Першыя згадкі: 1514
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Віцебская
Раён: Лёзьненскі
Вышыня: 193 м н. у. м.
Насельніцтва: 6684 чал. (2018)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2138
Паштовы індэкс: 211220, 211221
СААТА: 2230551000
Нумарны знак: 2
Геаграфічныя каардынаты: 55°1′34″ пн. ш. 30°47′41″ у. д. / 55.02611° пн. ш. 30.79472° у. д. / 55.02611; 30.79472Каардынаты: 55°1′34″ пн. ш. 30°47′41″ у. д. / 55.02611° пн. ш. 30.79472° у. д. / 55.02611; 30.79472
Лёзна на мапе Беларусі ±
Лёзна
Лёзна
Лёзна
Лёзна
Лёзна
Лёзна
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Лёзна — мястэчка ў Беларусі, на рацэ Мошне. Адміністрацыйны цэнтар Лёзьненскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 6684 чалавекі[1]. Знаходзіцца за 40 км на паўднёвы ўсход ад Віцебску, непадалёк ад граніцы з Расеяй. Чыгуначная станцыя на лініі Віцебск — Смаленск. Аўтамабільныя дарогі злучаюць мястэчка зь Віцебскам, Воршай, Янавічамі, Смаленскам, Арэхаўскам.

Лёзна — даўняе мястэчка гістарычнай Віцебшчыны, зьвязанае з постацьцю Марка Шагала. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася збудаваная з фундацыі князёў Агінскіх царква Ўваскрасеньня Хрыстова, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Назва

Існуе некалькі вэрсіяў паходжаньня тапоніму «Лёзна»:

  • ад беларускага выразу «лёзныя людзі» — чужыя, немясцовыя, ветлівыя, гуляшчыя, беглыя сяляне, зьбяднелыя месьцічы, што ня мелі маёмасьці, найманыя працаўнікі (магчыма, слова «лёзны» паходзіць ад нямецкага loze — вольны, вызвалены, не зьвязаны ў цэхі[2]).
  • ад асновы лаза (лознае)[2] або словаў «лез», «леж», «лезна» — нізіна, рачная западзіна, нізкае багністае месца, парослае лазой[3].

Таксама існуе легенда, згодна зь якой паселішча заснавалі на «лозным» (парослым кустоўем) месцы брат і сястра, што зьбеглі са свайго дому. Прычынай такога ўчынку стаўся мясцовы бацюшка, што груба заляцаўся да дзяўчыны — і атрымаў адмову, але праз хітрасьць і падман здолеў падбухторыць супраць яе ўласнага бацькі[4].

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

Першы пісьмовы ўпамін пра Лёзна традыцыйна зьвязваюць з заваёвай Смаленшчыны Маскоўскай дзяржавай (1514 год)[5], калі паселішча ў складзе Мікулінскай воласьці трапіла да ўсходніх захопнікаў. Аднак паводле сучасных дасьледаваньняў, Лёзна ўзьнікла пазьней — у пач. XVII ст., а ягоным заснавальнікам быў, відаць, Багдан Агінскі[6]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў паселішча ўвайшло ў склад Віцебскага павету Віцебскага ваяводзтва.

У 1625 годзе пры падзеле спадчыны Багдана Агінскага Лёзна перайшло ў валоданьне ягонага сына Самуэля Льва. Пад 1654 годам паселішча значыцца як мястэчка. У 1657 годзе па сьмерці князя С. Л. Агінскага пры падзеле маёмасьці Лёзна, паводле спадчыны, перайшло да ягонага старэйшага сына Сымона Караля. Па сьмерці апошняга (1699 год) мястэчка падзялілі паміж сабой тры ягоныя сыны Багуслаў, Марцыян Міхал і Аляксандар[6].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Лёзна апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стала цэнтрам воласьці Аршанскага павету[7] Магілёўскай губэрні. У 1786 годзе Агінскія збудавалі ў мястэчку мураваную царкву. У вайну 1812 году ў Лёзьне 2 тыдні стаяў 3-і францускі корпус маршала М. Нэя. Гэты факт засьведчыла сэрыя малюнкаў маёра францускай арміі Х. В. Фабэра дзю Фора. На 1831 год у Лёзьне штогод праводзіліся 4 кірмашы (паводле іншых зьвестак — 2[8]); існавалі разьвітыя сталярнае, сукнавальнае, гарбарнае, кравецкае рамёствы. На 1863 год у мястэчку было 123 двары, 2 праваслаўныя царквы, 4 юдэйскія малітоўныя дамы, школа, лякарня, вадзяны млын, 7 крамаў.

Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у 1865 годзе з мэтаю маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага расейскія ўлады адкрылі ў Лёзьне народную вучэльню (47 вучняў, у 1905 годзе — 230). Неўзабаве тутэйшую мураваную царкву перабудавалі ў стылі маскоўскай архітэктуры. У 1867 годзе празь Лёзна прайшла чыгунка Рыга — Арол, а ў 1875 годзе пры чыгуначнай станцыі пачала дзейнічаць царкоўна-прыходзкая школа (у 1887 годзе рэарганізаваная ў 4-клясную народную вучэльню). З 1870 году мястэчка знаходзілася ў валоданьні Храпавіцкіх, пазьней — А. Шабекі. На 1880 год тут было 216 будынкаў, валасная ўправа, 26 крамаў, лякарня. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, дзейнічалі 2 бібліятэкі і кнігарня. У 1900 годзе пачало працаваць лесапільнае прадпрыемства, абсталяванае паравым рухавіком магутнасьцю 18 конскіх сілаў. У 1901 годзе ў Лёзьне адбыўся вялікі пажар, у выніку чаго поўнасьцю згарэла Старавіцебская вуліца, Бабінавіцкая была спаленая да могілак, Вакзальная — да трэцяга Вакзальнага завулка. У пачатку XX ст. — 11 цагляных і 1103 драўляныя будынкі, 2 млыны, 2 вучэльні.

Найноўшы час

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Лёзна абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яно ўвайшло ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Лёзна вярнулі БССР, дзе яно стала цэнтрам раёну. 27 верасьня 1938 году паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з 7 ліпеня 1941 да 8 кастрычніка 1943 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. 16 ліпеня 1941 году пад Лёзнам у палон трапіў сын кіраўніка СССР Сталіна — Якаў Джугашвілі. У 1961 годзе савецкія ўлады зруйнавалі царкву Ўваскрасеньня Хрыстова.

16 чэрвеня 1994 году ў ваколіцах Лёзна невядомыя ўчынілі меркаваны замах на А. Лукашэнку. У 2005 годзе адбылося ўрачыстае адкрыцьцё пешага мосту праз раку Мошну.

Насельніцтва

Дэмаграфія

  • XIX стагодзьдзе: 1846 год — 745 чал.[5]; 1863 год — 985 чал.; 1867 год — 1085 чал.; 1880 год — 1536 чал.; 1897 год — 2473 чал., зь іх 16% пісьменныя
  • XX стагодзьдзе: 1910 год — 2885 чал., у тым ліку 14 шляхты і ўраднікаў, 12 духоўнага стану, 1817 мяшчанаў, 731 селянін, 11 іншых станаў[9]; 1939 год — 4111 чал.; 1972 год — 5,7 тыс. чал.[10]; 1992 год — 7528 чал.; 1993 год — 8,1 тыс. чал.; 1997 год — 7,7 тыс. чал.; 1998 год — 7,6 тыс. чал.[11]
  • XXI стагодзьдзе: 2005 год — 6753 чал., 2006 год — 6,6 тыс. чал.[12]; 2008 год — 6678 чал.; 2009 год — 6766 чал.[13] (перапіс); 2016 год — 6688 чал.[14]; 2017 год — 6740 чал.[15]; 2018 год — 6684 чал.[1]

Рэлігія

Дзейнічаюць дзьве цэрквы — Сьвята-Вазьнясенская і Крыжа-Ўзьвіжанская, а таксама рымска-каталіцкі касьцёл сьвятога айца Піё.

Адукацыя

Дашкольныя ўстановы:

Адміністрацыя
  • Лёзьненскі дзяржаўны ясьлі-сад № 2 «Пралеска» (вул. Леніна, 41а)
  • Лёзьненскі дзяржаўны ясьлі-сад № 3 «Сонейка» (вул. Будаўнікоў, 6)
  • Лёзьненскі дзяржаўны ясьлі-сад № 4 «Сьвятляк» (вул. Чкалава, 6)

Сярэднія школы:

  • Дзяржаўная агульнаадукацыйная сярэдняя школа № 1 мяст. Лёзна (вул. Безуглава, 9)
  • Дзяржаўная агульнаадукацыйная сярэдняя школа № 2 з мастацкім ухілам (вул. Шашэйная, 5)

Іншыя навучальныя ўстановы:

  • Дзяржаўны цэнтар карэкцыйна-разьвівальнага навучаньня і рэабілітацыі «Вясёлка» Лёзьненскага раёну (вул. Леніна, 41).
  • Дзяржаўны дзіцячы сацыяльны прытулак для непаўналетніх Лёзьненскага раёну (вул. Леніна, 41).
Чыгуначная станцыя Лёзна
  • Дзяржаўны цэнтар пазашкольнай працы Лёзьненскага раёну (вул. Леніна, 41).

Мэдыцына

Мэдычнае абслугоўваньне жыхароў мястэчка ажыцьцяўляе ўстанова аховы здароўя «Лёзьненская цэнтральная раённая лякарня» (вул. Садовая, 1). Лякарня разьлічаная на 120 ложкаў, улучае дзённы стацыянар на 30 ложкаў, паліклініку на 300 наведваньняў у зьмену. У структуры ЦРБ налічваецца 5 аддзяленьняў: рэанімацыйнае, тэрапэўтычнае, хірургічнае, дзіцячае, інфэкцыйнае.

У мястэчку знаходзіцца Цэнтральная аптэка № 16 Лёзьненскага раёну (вул. Леніна, 68)

Культура

Будынак дома культуры. Раней на гэтым месцы стаяў дом, у якім жыў Марк Шагал
  • Раённы Дом культуры (вул. Леніна, 75)
  • Раённы арганізацыйна-мэтадычны цэнтар (вул. Леніна, 75)
  • Лёзьненская цэнтралізаваная бібліятэчная сыстэма (вул. Леніна, 65)
  • Лёзьненскі раённы Дом рамёстваў (вул. Леніна, 85), адкрыўся ў 1995 годзе
  • Лёзьненская дзіцячая школа мастацтваў (вул. Леніна, 49)

Мясцовыя сродкі масавае інфармацыі:

  • Раённая газэта «Сцяг Перамогі»
  • Праграма радыёвяшчаньня «Голас Лёзненшчыны»

Установы разьмяшчаюцца пад адрасам вул. Леніна, 77. Наклад раённай газэты складае 2122 асобнікі[16].

Спорт

У мястэчку знаходзіцца цэнтральны стадыён на 1500 месцаў. Дзейнічае дзяржаўная дзіцяча-юнацкая спартовая школа Лёзьненскага раёну (вул. Леніна, 41). Для прыцягненьня насельніцтва да рэгулярных заняткаў фізычнай культурай і спортам на базе спартовых будынкаў створаныя групы здароўя, працуюць гурткі, сэкцыі і клюбы з такіх відах спорту, як футбол, валейбол, баскетбол, лёгкая атлетыка, лыжы, настольны тэніс, шашкі, шахі.

Забудова

Плян

Новая царква

У сучасным Лёзьне асноўны жылы масіў знаходзіцца на левым беразе ракі. Рэгулярная сетка вуліцаў захавалася з XIX ст. Цэнтар забудоўваецца 3—5-павярховымі дамамі. Ва ўсходняй частцы ўтварыўся новы мікрараён. Вядзецца будаваньне катэджаў. За чыгункай сфармавалася прамысловая зона.

Вуліцы і пляцы

Афіцыйная назва Гістарычная назва
Гагарына вуліца Бабінавіцкая вуліца
Камсамольская вуліца Мікулінская вуліца
Калышанская вуліца
Леніна вуліца Папоўская вуліца
Цэнтральны пляц Рынак пляц
Чарняхоўскага вуліца Старавіцебская вуліца[17]

З урбананімічнай спадчыны Лёзна да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Вакзальная, Дабрамысьлінская, Станцыйная, Шашэйная і Чарніцкая.

Эканоміка

Прадпрыемствы харчовай і лёгкай прамысловасьці:

  • Лёзьненская філія ААТ «Малако» м. Віцебск (вул. Дабрамысьлінская, 34). Выпускае малако, сьмятану, кефір, тварог, масла, паўцьвёрдыя сыры.
  • ААТ «Лёзьненскі льнозавод» (вул. Кірава, 13). Асноўныя віды прадукцыі — ільновалакно, швейныя вырабы.
  • Унітарнае прыватнае вытворча-гандлёвае прадпрыемства «БІГІВ» (вул. Дабрамысьлінская, 18а). Вырабляе драўляную тару — барабаны для кабэля.

Транспарт

Празь Лёзна праходзяць аўтамабільныя дарогі Р21 (Віцебск — Лёзна — граніца Расеі) і Р109 (Лёзна — Арэхаўск — траса M8).

Турыстычная інфармацыя

Інфраструктура

«Дом у Лёзна» (М. Шагал, 1908 г.)

Местачковая гасьцініца разьмяшчаецца пад адрасам вул. Чарняхоўскага, 4. Страўні: рэстаран «Івушка» (вул. Леніна, 96), «Беларускае бістро» (вул. Леніна, 94), кавярня-бар «Караоке» (вул. Леніна, 81).

Царква напярэдадні зьнішчэньня

Музэі:

  • Музэй М. Шагала (вул. Шашэйная, 5)
  • Лёзьненскі ваенна-гістарычны музэй (вул. Безуглава, 9). Адкрыўся ў 1993 годзе. Асноўны фонд музэю налічае больш за 6000 экспанатаў, сярод якіх археалягічныя знаходкі і матэрыялы з гісторыі Другой сусьветнай вайны

Помнікі:

  • Помнік Вызваленьня
  • Вайсковыя могілкі
  • Магілы ахвяраў фашызму

Страчаная спадчына

Асобы

Крыніцы

  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ а б Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 203.
  3. ^ Гісторыя Лёзна (рас.). Liozno.infoПраверана 4 сакавіка 2011 г.
  4. ^ Легенда пра Лёзна. Прыдзвінскі крайн: Гісторыя і сучаснасцьПраверана 4 сакавіка 2011 г.
  5. ^ а б Ціхамірава Н. Лёзна // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 358.
  6. ^ а б Насевіч В. Лёзна // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 195.
  7. ^ Słownik geograficzny... T. V. — Warszawa, 1884. S. 765.
  8. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 118.
  9. ^ Ціхамірава Н. Лёзна // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 359.
  10. ^ Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  11. ^ БЭ. — Мн.: 1999 Т. 9. С. 230.
  12. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007. С. 291.
  13. ^ Перепись населения — 2009. Витебская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  14. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  15. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  16. ^ Культура и СМИ (рас.). Лиозненский районный исполнительный комитетПраверана 4 сакавіка 2011 г.
  17. ^ Полёт во времени над Лиозно (рас.). Произведениям жителей Лиозненского района и людей чье творчество связано с ЛиозноПраверана 4 сакавіка 2011 г.

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Лёзнасховішча мультымэдыйных матэрыялаў