Перайсьці да зьместу

Малако

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Шклянка малака

Малако́ — сакраторная вадкасьць малочных залозаў сысуноў і чалавека (жаночае), фізыялягічна прызначаная для выкормліваньня дзіцянятаў. Выпрацоўваецца падчас ляктацыі. Зьмяшчае большасьць рэчываў, патрэбных для здаровага росту і разьвіцьця арганізма, аховы яго ад захворваньняў, ва ўраўнаважаным і дарэчным для засваеньня стане. Склад залежыць ад віду, пароды і ўзросту жывёлы, ступені ляктацыі і пары году. Асноўныя складнікі: вада, бялкі (казэін, ляктаглябулін і ляктальбумін), тлушчы (гліцэрыды), малочны цукар (ляктоза), мінэральныя рэчывы (каль, кальц, магн, натр і фосфар), большасьць вітамінаў і імунаглябуліны. Некаторыя зь іх (казэін, ляктоза) адсутнічаюць у іншых відах прыроднага харчаваньня. Зьмяшчае малую колькасьць свабодных амінакісьляў, азоцістых злучэньняў (ацэтылхалін і крэатын), тлушчападобных рэчываў (лецытын, халестэрын і эргастэрын), свабодных тлустых кісьляў, фэрмэнтаў (ліпаза, ляктаза, пэраксыдаза і пратэіназа), гармоны (аксытацын, інсулін і праляктын), пігмэнты, газы (вуглякіслы газ, тлен, вадарод і аміяк) і мікраарганізмы. У сырадоі прысутнічаюць антыбактэрыяльныя рэчывы (ляктэніны). Служыць у якасьці каштоўнага харчовага выраба і сыравіны для вытворчасьці малочных вырабаў. Найбольш шырока выкарыстоўваецца каровіна малако, якое ў сярэднім зьмяшчае 87 % вады, 3,9 % тлушчу, 3,2 % бялку (2,7 % казэін), 4,7 % малочнага цукру і 0,7 мінэральных рэчываў. Звычайна яно мае энэргетычную каштоўнасьць 690 кілякалёрыяў/кг[1].

Склад малака некаторых сысуноў
Складнікі Чалавек    Карова     Авечка   Каза   Кабыла   Паўночны алень 
Вада 87,2 % 87,5 % 82,7 % 86,6 % 90,1 % 66,9 %
Вугляводы 7,0 % 4,8 % 6,3 % 3,9 % 5,9 % 2,8 %
Тлушчы 4,0 % 3,5—4,2 % 5,3 % 3,7 % 1,5 % 16,9 %
Бялкі 1,5 % 3,5 % 4,6 % 4,2 % 2,1 % 16,9 %
Мікраэлемэнты 0,3 % 0,7 % 0,9 % 0,8 % 0,4 % 1,2 %

Паводле апрацоўкі:

  • Абястлушчанае. Масавая дзель тлушчу да 0,5%. Атрымліваецца аддзяленьнем тлушчу ад малака.
  • Згушчанае (канцэнтраванае). Масавая дзель бялка ў сухой абястлушчанай малочнай рэшце складае прынамсі 34 %.
    • Згушчанае абястлушчанае. Масавая дзель сухіх рэчываў малака складае прынамсі 20 %, тлушчу — да 1,5 %.
    • Згушчанае цэльнае. Масавая дзель сухіх рэчываў малака складае прынамсі 25 %, тлушчу — прынамсі 7 %.
    • Згушчанае з цукрам. З даданьнем цукру.
      • Згушчанае з цукрам абястлушчанае. Масавая дзель сухіх рэчываў малака складае прынамсі 26 %, а тлушчу — да 1 %.
      • Згушчанае з цукрам цэльнае. Масавая дзель сухіх рэчываў малака складае прынамсі 28,5 %, тлушчу — прынамсі 8,5 %.
  • Пітное (пастаялка). Малочны выраб з масавай дзеляй тлушчу да 9 %, падвергнуты нагрэву і выраблены без сухога малака.
    • Кіслае. З увядзеньнем кісьлі.
    • Пастэрызаванае (стэрылізаванае). Пітное, падвергнутае нагрэву.
    • Топленае. Пітное, нагрэтае да +85 °C — +95 °C з вытрымкай прынамсі цягам 3 гадзінаў.
    • Пітное ўзбагачанае. З дадатковым увядзеньнем бялкоў, вітамінаў, макра- і мікраэлемэнтаў, харчовых валокнаў, поліненасычаных тлустых кісьляў, фосфаліпідаў і прабіётыкаў.
  • Сухое. Сухі малочны выраб, у якім масавая дзель сухіх рэчываў малака складае прынамсі 95 %, а бялка ў сухой абястлушчанай малочнай рэшце — прынамсі 34 %.
    • Сухое абястлушчанае. Масавая дзель тлушчу да 1,5 %.
    • Сухое цэльнае. Масавая дзель тлушчу складае ад 26 % да 42 %.
  • Сырое (сырадой). Без падвярганьня зьмяненьню складовых частак, у тым ліку нагрэву да больш як +40 °C.
  • Цэльнае. Без падвярганьня ўзьдзеяньню складовых частак[2].

Малако — самая распаўсюджаная ежа сярод усходніх славян, сыравіна для прыгатаваньня сьмятаны, сыру, тварагу, ёгурта і г. д.

На сакавік 2012 году рэгуляваная ўрадам закупная цана малака складала 2329 Br за кіляграм[3] ($0,28/кг)[4]. За 2013 год у Беларусі надаілі 6,138 млн тонаў малака, што было амаль на 20 тыс. тонаў (0,3 %) менш за паказьнік 2012 году. Сярэдні надой з каровы (агульны статак 1,347 млн галоваў) за 2013 г. склаў 4570 кг малака[5]. У 2013 г. вытворчасьць малака на душу насельніцтва склала 701 кг. Спажываньне малака і малакапрадуктаў (у пераліку на малако) склала 260 кг на душу насельніцтва (37 % вытворчасьці), што было на 2 кг менш за паказьнік 2005 году[6]. Звыш паловы малака пастаўлялася ў Расею ў выглядзе перапрацаваных малочных вырабаў (сыр, сухое малако, масла і тварог).

У 2014 годзе вытворчасьць малака ўпершыню перавысіла 6,7 млн тонаў, таварнасьць якога ўпершыню дасягнула 90,1 %[7]. На 1 ліпеня 2015 году каля 60 % малака ў Беларусі атрымлівалі на 1607 малочнатаварных фэрмах (каля 40 % агульнага ліку МТФ), абсталяваных даільнымі заламі і робатамі[8]. З 1 верасьня 2015 году ў Беларусі пачаў дзейнічаць новы дзяржаўны стандарт (ДАСТ) на малако, паводле якога лік саматычных вузаў у малацэ абмяжоўваўся 500 тыс. на 1 мілілітар. У экстра-гатунку малака паказьнік меў складаць да 300 тыс. саматычных вузаў на 1 мілілітар[9]. У 2017 гозе Беларусь заняла 1-е месца ў сьвеце па вытворчасьці малака на душу насельніцтва (каля 800 кг на жыхара), бо сярэдні надой на карову ўпершыню перавысіў 5000 кг. Экспарт малака ў перапрацаваным выглядзе вырас амаль на 25 % да $2 млрд[10].

У 2022 годзе надой на карову вырас да 5520 кг малака, што павялічыла вытворчасьць да 7,6 млн тонаў[11].

Народныя павер’і

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ад колькасьці малака залежаў дабрабыт сям’і. У той жа час малако вельмі часта выкарыстоўвалі ў магічных дзеяньнях, зарыентаваных на захаваньне здароўя і дабрабыту.

  • Лічылася, калі ўвесну, са зьяўленьнем першай ластаўкі, памыцца малаком, твар будзе белым, чыстым і прыгожым.
  • Каб дзіця не сурочылі, пры яго першым рытуальным купаньні ў ваду дадавалі невялікую колькасьць малака.
  • Паўсюдна на Беларусі малако выкарыстоўвалі як магічны сродак для спыненьня пажару, асабліва калі ён пачынаўся ад удару маланкі.
  • У той жа час у паўсядзённым жыцьці гаспадыня павінна была строга сачыць за тым, каб малако не «зьбягала» на адкрытае полымя — інакш у каровы яно зьнікне ўвогуле.
  • Праліваць малако на зямлю катэгарычна забаранялася. І калі крыху малака ўсё ж пралівалася, каб пазьбегнуць «малочных сурокаў», яго трэба было хутка затаптаць у зямлю.
  • Калі малаком частавалі нейкую пабочную асобу, у кружку абавязкова клалі некалькі драбінак солі. Гэта рабілася для таго, каб «чужыя вочы» не сурочылі карову і ў яе ня зьнікла малако.
  • У народнай медыцыне малаком адпойвалі тых, хто быў атручаны, кіслае малако выкарыстоўвалі для лячэньня тых, каго ўкусіла зьмяя[12].
  1. ^ Л.Л. Галубкова. Малако // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2000. — Т. 10. — С. 8. — 544 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0169-9
  2. ^ Тэхнічны рэгламэнт Рэспублікі Беларусь «Малако і малочная прадукцыя. Бясьпека» (ТР 2010/018/BY) (рас.) // Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь, 2011 г. Праверана 31 траўня 2017 г.
  3. ^ Сымон Сьвістуновіч. Мяжа вяртаньня // Зьвязда : газэта. — 30 верасьня 2008. — № 62 (27177). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2012 год (8 369,71 за даляр) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2013 г. Праверана 30 верасьня 2016 г.
  5. ^ Тацяна Грыгаровіч. АПК Беларусі разьлічвае ў 2014 годзе нарасьціць аб'ёмы вытворчасьці малака // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 20 лютага 2014 г. Архіўная копія ад 20 лютага 2014 г. Праверана 30 верасьня 2016 г.
  6. ^ Беларусы сталі есьці больш мяса і фруктаў // БелТА, 16 кастрычніка 2014 г. Архіўная копія ад 16 кастрычніка 2014 г. Праверана 30 верасьня 2016 г.
  7. ^ Тацяна Лісатовіч. Першы экспартны форум «Беларусь малочная» пройдзе ў Менску 9-10 ліпеня // БелТА, 7 ліпеня 2015 г. Архіўная копія ад 7 ліпеня 2015 г. Праверана 30 верасьня 2016 г.
  8. ^ Тацяна Лісатовіч. У Беларусі ўпершыню за некалькі гадоў адзначаецца дадатная дынаміка вытворчасьці малака // БелТА, 6 жніўня 2015 г. Архіўная копія ад 6 жніўня 2015 г. Праверана 30 верасьня 2016 г.
  9. ^ Мадэрнізацыя МТФ дала магчымасьць павялічыць вытворчасьць малака ў студзені-маі амаль на 7 працэнтаў // БелТА, 12 чэрвеня 2015 г. Архіўная копія ад 12 чэрвеня 2015 г. Праверана 30 верасьня 2016 г.
  10. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». 2017 год стаў рэкордным для беларускай малочнай прадукцыі // Белтэлерадыёкампанія, 22 студзеня 2018 г. Праверана 10 лютага 2018 г.
  11. ^ У Беларусі за 2022 год атрымана 7,6 млн тон малака // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 3 сакавіка 2023 г. Праверана 4 сакавіка 2023 г.
  12. ^ Янка Крук, Аксана Катовіч. Малако // Зьвязда : газэта. — 30 верасьня 2008. — № 184 (26296). — С. 3. — ISSN 1990-763x.