Перайсьці да зьместу

Рудыя (Гомельская вобласьць)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рудыя
Першыя згадкі: 1638 год
Вобласьць: Гомельская
Раён: Хвойніцкі
Сельсавет: Стралічаўскі
Часавы пас: UTC+3
Геаграфічныя каардынаты: 51°46′19.6″ пн. ш. 30°2′40.9″ у. д. / 51.772111° пн. ш. 30.044694° у. д. / 51.772111; 30.044694Каардынаты: 51°46′19.6″ пн. ш. 30°2′40.9″ у. д. / 51.772111° пн. ш. 30.044694° у. д. / 51.772111; 30.044694
Рудыя на мапе Беларусі
Рудыя
Рудыя
Рудыя

Руды́я[1] — былая вёска ў Стралічаўскім сельсавеце Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці.

Карона Каралеўства Польскага

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Герб Карыбут князёў Вішнявецкіх.
Фрагмэнт запісу князя Ярэмія Вішнявецкага 1638 г.
Герб Равіч паноў Ракіцкіх.
Руды(я) на мапе «Беларускія землі ў канцы XVIII ст.» другога тому Вялікага гістарычнага атлясу Беларусі[2].

Найраней сяло Рудыя[a] згаданае ў 1638 годзе[b], калі князь Ярэмі Міхал Вішнявецкі заставіў на чатыры гады за 65 000 злотых сваю палову Брагінскага маёнтку пану Мікалаю Лосятынскаму[4].

У акце Оўруцкага гродзкага суда ад 7 кастрычніка 1715 году, складзеным на скаргу панства Аляксандра і Людвікі з Чыхроўскіх Бандынэлі, войскіх мельніцкіх і пасэсараў часткі Брагінскага маёнтку, сказана, што ў 1711 г. пан маршалак мазырскі Антоні Аскерка адабраў ворыўныя землі і сенажаці, якімі здаўна карысталіся сяляне хутароў Рудых, ды загадаў сваім падданым губарэвіцкім араць, засяваць, касіць аж да самай ракі Брагінкі, рыбу лавіць, бортныя дрэвы руйнаваць і «іншыя пажыткі ўсялякія браць і на свой пажытак абарачваць»[5]. 11-м верасьня 1716 году датаваная заява пана войскага А. Бандынэлі аб тым, што насуперак дэкрэту Кіеўскага земскага суда, пан маршалак А. Аскерка не зьявіўся своечасова на паседжаньне для вырашэньня спрэчак з-за ўладаньняў: хутары Рудыя, Тварова, Рудакоў, Бабчын і Чахі. Акрамя таго, ён забараніў прыходзіць і сваім сялянам, пагражаючы ім пабоямі[6].

Згодна з «Тарыфам падымнага падатку Оўруцкага павету 1734 г.», складзеным на падставе папярэдняй люстрацыі, futor Ruda (Rudy) — у частцы Брагінскага маёнтку, якую дагэтуль шмат гадоў трымаў у заставе ад паноў Канецпольскіх дорпацкі падкаморы пан Аляксандар Антоні Бандынэлі[7]. А. Бандынэлі спачыў у 1733 годзе і менавіта тады князь Міхал Сэрвацы з старэйшай галіны і апошні мужчына ў родзе Вішнявецкіх ці не ўпершыню падпісаўся як «hrabia... na Brahiniu»[8].

Futor Rude ў эксплікацыі да мапы Брагінскага графства 1783 г.

У 1754 годзе з 8 двароў (каля 48 жыхароў) хутара Руды(я) Брагінскага маёнтку выплачваліся «do grodu» (Оўруцкага замку) 1 злоты і 6 грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 4 зл. і 24 гр.[9]. У тым жа 1754 г. Брагінскае графства была куплена ў княгіні Эльжбэты Вішнявецкай Міхалавай Замойскай за 550 000 злотых панам Францішкам Антоніем, сынам Мікалая, Ракіцкім, войскім ашмянскім (†1759).

24 лістапада 1768 года пасэсар князь Войцех Шуйскі, староста ніжынскі, падаў у Оўруцкі гродзкі суд пратэст з нагоды насланьня панам Міхалам Ракіцкім, рэгентам ВКЛ, людей сваіх зь вёсак Рудыя і Варацец на чале з аміністратарам Брагінскага маёнтку на грунты дзедзічныя хвойніцкія ды ўчыненьня розных гвалтаў[10].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Вёска руды(я) на схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 г.
Герб Мурдэліо зьменены роду Аскеркаў.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Рудыя апынуліся ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 г. у складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету спачатку Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 г. Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[11]. На 1795 год хутар Рудыя разам з Бабчынам, Чахамі і Губарэвічамі належаў пану падстарасьце рэчыцкаму Ігнацыю Аскерку[12], які годам раней страціў жонку Ізабэлу[13], дачку папярэдняга ўладальніка добраў графа Міхала Адама Ракіцкага. У шляхецкай рэвізіі 1811 году паведамляецца, што фальварак Рудакоў зь вёскамі Рудакоў, Рудыя, Чахі, Варацец і іх 200 душамі прыгонных мужчынскага полу трымаў у шасьцігадовай арэндзе ад дзедзічнага ўладальніка графа Людвіка Ракіцкага[c], менскага губэрнскага маршалка, пан Марцэлін Вешэнеўскі[15]. Як засьведчыў Аляксандар Ельскі, у 1816 годзе, згодна зь сямейным пагадненьнем, вёску Рудакоў з аднайменнай рэзыдэнцыяй і вёскі Чахі, Рудыя, Варацец атрымаў Уладыслаў, сын Ігнацыя, Аскерка, падкаморы рэчыцкі[16].

Паводле інвэнтару 1844 г. Рудыя – вёска з 15 дварамі Рудакоўскага маёнтку былі ўласнасьцю непаўналетніх Гэнрыка Юстына, Аляксандра Юстыніяна і Зофіі Марцэлы Аскеркаў, але знаходзіліся ў арэндзе ў Міхаіла Ігнатавіча Быкава[17].

Руды(я) на трохвярстовай мапе Ф. Ф. Шубэрта 1850 г.

У 1850 годзе ў Рудых налічвалася 94 жыхары[3]. У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 87 жыхароў вёскі Рудыя зьяўляліся прыхаджанамі Бабчынскай Крыжаўздзьвіжанскай царквы[18].

У парэформавы пэрыяд Рудыя – у Мікуліцкай воласьці Рэчыцкага павету Менскай губэрні. На пачатак 1870 года тут — 54 мужчыны-гаспадары зь ліку сялян уласьнікаў, прыпісаных да Плоскаўскага сельскага таварыства[19].У 1876 гадзе і пазьней жыхары вёскі заставаліся прыхаджанамі Бабчынскай Крыжаўзьдзьвіжанскай царквы[20]. Пані Алена, дачка Гэнрыка, Ваньковіч (Аскерчанка) названая ўладальніцай Рудакоўскага маёнтку ў «Списке землевладельцев Минской губернии» 1889 и 1911 г. Паводле перапісу 1897 года ў вёсцы было 37 двароў, 227 жыхароў, працаваў вятрак[3]. На 1909 год у Рудых – 17 двароў з 79 жыхарамі[21][d]

9 лютага 1918 годe, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Рудыя ў складзе Мікуліцкай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[22].

1 студзеня 1919 г., згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

Чахі на мапе 1924-26 гг.

З 8 сьнежня 1926 году Рудыя — у складзе БССР, у Бабчынскім сельсавеце Хвойніцкага раёну Рэчыцкай акругі, з 9 чэрвеня 1927 па 26 ліпеня 1930 году — Гомельскай акругі. У 1931 г. вяскоўцы ўступілі ў калгас[3]. З 20 лютага 1938 году Рудыя — у складзе Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.

У гады Вялікай Айчыннай вайны акупанты загубілі жыцьці 3 вяскоўцаў, 25 жыхароў загінулі і прапалі бязь вестак на франтах[23].

На 8 лютага 1954 года Рудыя — у Рудакоўскім сельсавеце Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці. Паводле перапісу 1959 года тут налічвалася 245 жыхароў. Вёска ў складзе калгасу «Кастрычнік» (цэнтар – сяло Бабчын)[3].

21 верасьня 2010 году вёска ліквідаваная рашэньнем Хвойніцкага раённага Савету дэпутатаў[24].

  1. ^ Назва крыху перайначаная – Rydyie
  2. ^ Не ў XVIII ст., як пісаў С. В. Марцэлеў[3]
  3. ^ Спадчыньнік гэтых добраў сямнаццацігадовы Уладыслаў, сын Ігнацыя, Аскерка, сястрынец графа Людвіка, на той час жыў у яго двары Гарадзішча[14]. Гл. таксама: старонкі Двор-Гарадзішча і Брагін.
  4. ^ Скарачэньне насельніцтва, у параўнаньні зь перапісам 1897 г., уражвае. Калі толькі ў даведніку нічога не наблытана.
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
  2. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі ў 4-х тамах: Т. 2. — Мінск: Белкартаграфія, 2013. С. 122
  3. ^ а б в г д Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6. С. 458
  4. ^ Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Radziwiłłów. Dział X. Sygn. 933. S. 5
  5. ^ АрхивЮЗР. Ч. 1. Т. 4. Акты об унии и состоянии православной церкви с половины XVII века (1648 – 1798). – Киев, 1871. С. 379
  6. ^ Опись актовой книги Киевского центрального архива. № 32. / Сост. А. Т. Белоусов. – Киев, 1907. С. 21 – 22
  7. ^ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 284, 391, 422
  8. ^ Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией. – Вильна, 1870. Т. IV. Акты Бресцкого гродского суда. С. 485
  9. ^ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. – Біла Церква, 2015. С. 190
  10. ^ Аrchiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich. Sygn. 1. S. 74 – 75
  11. ^ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. C. 181–182
  12. ^ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 71
  13. ^ НГАБ у Менску. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 97
  14. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 206
  15. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 147
  16. ^ Słownik geograficzny Krółewstwa Polskiego і innych krajów słowiańskich. – Warszawa, 1888. T. IX. S. 901
  17. ^ НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1465
  18. ^ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 722
  19. ^ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 71
  20. ^ Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 458; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. – Минск, 1879. С. 15
  21. ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. – Минск, 1909. С. 174
  22. ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев. — Минск, 2018. С. 85
  23. ^ Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Хойніцкага раёна.– Мінск: БЭ, 1993. С. 184, 281 — 282
  24. ^ «Об упразднении сельских населенных пунктов Хойникского района». Решение Хойникского районного Совета депутатов от 21.09.2010 г. № 25 (рас.)