Краснасельле (Хвойніцкі раён)
Краснасельле | |
Першыя згадкі: | 1506 год[a] |
Былая назва: | варыянты Кузьняцоўшчына, сяло Кузцоўскае, Кузцоўцы/Кузьняцоўцы |
Вобласьць: | Гомельская |
Раён: | Хвойніцкі |
Сельсавет: | Стралічаўскі |
Часавы пас: | UTC+3 |
Геаграфічныя каардынаты: | 51°33′26″ пн. ш. 29°54′5.5″ у. д. / 51.55722° пн. ш. 29.901528° у. д.Каардынаты: 51°33′26″ пн. ш. 29°54′5.5″ у. д. / 51.55722° пн. ш. 29.901528° у. д. |
Краснасельле на мапе Беларусі Краснасельле |
Краснасе́льле[2] — былая вёска ў Стралічаўскім сельсавеце Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці.
У сувязі з радыяцыйным забруджваньнем пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС жыхары (97 сем'яў) пераселены ў экалягічна больш утульныя месцы, пераважна ў вёску Антонаўка Жлобінскага раёну.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З пацьвярджальнага ліста караля Жыгімонта Старога пану Сямёну Хведаравічу Палазовічу ад 26 лютага 1509 г. даведваемся, што «братъ нашъ щчастъное памяти Александръ, корол и великии князь, за его служъбу далъ ему две земли пустовъскии на Прыпяти у Белосороцкои волостъце Киевсъкого повету на имя Пилиповъщыну а Кузнецовъщыну»[3]. Кароль Аляксандр памёр у 1506 г. Названым годам і варта датаваць пакуль што найранейшую згадку пра паселішча, хоць на той час яно было ў запусьценьні.
У судовым дакуменце ад 24 кастрычніка 1550 г. згаданыя людзі кузцоўскія, што прыналежалі да маёнтку князя Зьмітра Любецкага і жонкі яго Фенны, дачкі пана Сямёна Палазовіча: «Жаловал за позвы моими игумен Свтго Михайла Золотоверхого Сава и вся братя чернцы того манастыря [у Кіеве] на кнзя Дмитрея Романовича Любецкого и кнгню его млсти жону Полозовну о том, иж люди его кузцовскии отнимают луг в людей их манастырских в лысковцов.» У 1556 г. сустракаем зьвестку пра «сяло Кузцоўзкае».
Назву «сяло Краснасельскае» або «Краснасельле» паселішча атрымала пры панах Харлінскіх, якія валодалі Астраглядаўскім маёнткам з канца 1568 г. У выпісцы з гродзкіх кніг Кіеўскага ваяводзтва ад 20 кастрычніка 1603 г.[4] чытаем:
А то о кгвалтовное выбите спокойного держаня з луга сполного манастыру Михайловскому от именя их Лысковского и Лучичов з ыменем его млсти п. Харлинского [Мікалая] Кузницовцами, новопрозываемым Красноселем, из озер, прозываемых Подворного и Осетрицы и теж о нестане, яко на завитом року на грунте преречоным лысковским и красноселским…
Да парэформавага пэрыяду Краснасельле належала тым уладальнікам, што і Хвойнікі з Астраглядамі, г. зн. Палазовічам, Любецкім, Харлінскім, Абрамовічу, Бжазоўскім, Шуйскім і Прозарам.
Напярэдадні Люблінскай вуніі ўказам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 г. Кіеўскае ваяводства (у тым ліку Краснасельле) было далучана да Кароны Польскай[5].
Каралеўства Польскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]29 верасьня 1569 г. было дасягнута пагадненьне паміж струкчашым каралеўскім панам Шчасным Харлінскім і чарняцамі Сьвята-Міхайлаўскага манастыру ў Кіеве адносна спрэчак за грунты паміж краснасельскімі і лыскоўскімі падданымі[6]. 20 сьнежня 1625 г. датаваны пратэст пани Гальшкі Мікалаевай Харлінскай, пададзены ў Кіеўскі гродзкі суд супраць пана Зыгмунта Копця за спаленьне млына і ўчыненьне іншых гвалтаў у вёсцы Краснасельле[7].
У 1628 годзе з двух дымоў Krasnosila пана ваяводзіча смаленскага Мікалая Абрагамовіча (Абрамовіча) выплачвалася па тры злотыя[8]. 10 лістапада 1643 г. айцец Антоні Гарбачэўскі, намесьнік Сьвята-Міхайлаўскага (Залатаверхага) манастыру ў Кіеве, ад свайго імя і вялебнага ў Богу айца Філафея Кізарэвіча, ігумэна міхайлаўскага, і ўсёй капітулы апратэставаў у Кіеўскім гродзкім судзе тое, як пан падстолі кіеўскі Максыміліян Бжазоўскі, дзедзіч добраў Астраглядавічы і іншых, “греблю засыпал на острове монастырским Узлужью, озера власные на монастыр належачие половити казал, с пол и сеножатей, так монастырских, яко и подданых виолентер [гвалтоўна] повыбиял, а потым на въласным кгрунъте, с которых выбил подле Красноселя, осадив слободу, назвисъком Туръжин назвал…”[9]. Менавіта адсюль, ад Краснага Сяла пачалі свой пешы марш прыплыўшыя зь нізоўяў Прыпяці на чаўнах казакі палкоўніка Ільлі Галоты, каб перад сьвітаньнем 17 чэрвеня 1649 г. безпасьпяхова атакаваць абоз пісара літоўскага Ўладыслава Валовіча пад Загальлем[10]. У часы цяжкай і надта працяглай вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай ігумен Феадосій і чарняцы Кіеўскага Сьвята-Міхайлаўскага манастыра выкарысталі зручны момант, каб завалодаць шляхецкімі добрамі, білі чалом маскоўскаму цару Аляксею Міхайлавічу. 31 сьнежня 1659 году манарх выдаў пажаданую для іх грамату[11]:
...И мы, великий гсдр цр и великий княз, Алексий Михайлович всея Великия и Малыя и Белыя Россиі самодержец, Михайловского мнстра игумена Феодосия з братиею пожаловали теми шляхетскими маетностями: Бородянкою, Новою Греблею, Загалцами, да на Полесю за Припетю двема деревенками: Мосанами и Красносельем[b] со всеми доходи буде те маетности нне впусте и никто ими не владеет и впредь о тих маетностях спору и челобитя от казаков не будет велели владеть им и на те маетности велели им дат ншу великого гсдря жаловалную грамоту за ншею гсдрскою печатью и по ншей гсдрской милости Михайловского мнстра игумену Феодосию з братиею и хто по нем иний игумен и братия будут тими маетностями, селцом Бородянком доходи всякия збирать попрежнему, как имано напред сего. Дана ся нша царскаго величества жалованная грамота в ншем црстующем граде Москве лета от создания миру 7168 мсца декабра 31 дня.
22 лютага 1660 году тое маскоўскае падараваньне пацьвердзіў унівэрсалам украінскі гэтман Юрый Хмяльніцкі[12]:
...Всей старшине и черни Войска его царского вел: Запор: и всякого стану людем, которым колвекъ о томъ ведати належит. Іжъ яко его царское вел. изволил з побожности своей, пожаловавши на монастыр святого Золотоверхого Михайла Киевский, надал повагою своею царскою оной для выживленя братіи маетности лядскіе, называемыи Бородянку, Новую Греблю и Загальце, а на Полесю за Припетю, Мосаны и Красноселля: так и мы не в чом воле и наданя его царского вел: не нарушаючи, ведлуг грамоты царской, мы иж вновъ наданыи маетности вышменованыи от его царского вел: сим нашим варуемъ уневерсаломъ, абы нехто з старшины и черни Войска его царского вел: Запорозкого и всякого стану людей помененым законникам моныстыра Золотоверхо[го] Михайловского Киевского в обнятю вышъменованых маетностий в спокойном держаню и пожитковъ з ных уживаню найменшею не был перешкодою и нехто в тые маетности не втручался, под срокгим каранем войсковым и повторе напоминаемъ. З Чигрина, 22 фебруаріа, року 1660. Юрей Хмелницкий, рукою власною.
Але пасьля наступленьня пералому ў ходзе вайны, 26 чэрвеня 1664 году дачка нябожчыка М. Бжазоўскага пані Зофія перапісала спадчынныя маёнткі на мужа князя Канстанціна Шуйскага[13].
У 1683 годзе з 18 дымоў у вёсцы Краснасельле падымнае ў 3 злотыя плацілі астраглядаўскія айцы дамініканы, якія, верагодна, трымалі іх у заставе, але ў другі пабор тыя ж тры злотыя плаціў сам дзедзіч, пан Шуйскі[c][14] (Канстанцін Ян). Інвэнтар 1698 г. 25 сакавіка засьведчыў, што краснасельцы з 13 гаспадарак не паасобку, але грамадою мусілі плаціць уладальніку маёнтку князю Дамініку Яну Шуйскаму ў асобе адміністратара пана Зыгмунта Шукшты чыншу 50 злотых, даніны мядовай 18 бельцаў, рыбалоўны рыштунак вырабляць, рыбу лавіць, да замку Хвойніцкага кожную сераду і пятніцу прысылаць, выконваць падводную і будаўнічую павіннасьці для двара Астраглядаўскага. Названыя Ігнат Войт, Андрэй Арцюшэнка, Мацьвей Арцюшэнка, Астап Панчанка, Даніла Аляксеенка, Іоў Аляксеенка, Харытон Аляксеенка, Ляон Патапенка, Васіль Карпенка, Ігнат Кананенка, Кузьма Кармазенка, Лука Клімянок, Усьцін Клімянок[15]. Пэўна, плацілі і за тыя 5 гаспадарак, што пакінулі грамаду. 9 чэрвеня 1707 г. князь Дамінік Шуйскі, харунжы берасьцейскі, абвінаваціў у Мазырскім гродзкім судзе пана Крыштафа Маніцкага, падчашага кіеўскага, за гвалтоўны наезд зь вялікай грамадой людзей на добры Краснасельскія і падданых тамтэйшых зьбіцьцё, будынкаў спаленьне і розных іншых гвалтаў учыненьне[16].
Згаданыя выплаты чыншу і даніны мядовай краснасельцамі яшчэ і ў рэвізіі 1716 г.[17] А вось у кастрычніку 1719 г. Оўруцкі гродзкі суд, выконваючы пастанову Люблінскага трыбуналу, перадаў Краснасельле за даўгі пану оўруцкаму мечніку Мацьвею Трыпольскаму[18]. Відавочна, з гэтае прычыны ў інвэнтары 1721 г. згадка пра вёску адсутнічала.
У лістападзе 1723 г. складзены інвентар на маёнтак Краснаселле, які перадаваўся ў пасэсію пану Грузевічу, лоўчаму наваградскаму, ім жа і падпісаны[19]. Валодаў вёскай Krasnosile з 15 халупамі (хатамі) пан лоўчы Базыль Грузевіч і ў 1734 г.[20] 7 чэрвеня 1746 г. князь Шуйскі пратэставаў у Оўруцкім гродзе супраць ужо былога пасэсара пана Базыля Нячая і іншых Грузевічаў, выстаўляў прэтэнзію на 4 400 злотых за наезд на вёску Краснасельле, зьбіцьцё людзей, будынкаў спаленьне і рабункі[21]. Паводле зьвестак на 1748 год ксяндза Караля Непамуцэна Арлоўскага, Краснасельле было ў ліку паселішчаў, частка жыхароў якіх належала да Астраглядавіцкай парафіі Оўруцкага дэканату Кіеўскай дыяцэзіі[22]. 31 ліпеня і 6 жніўня 1749 г. айцы цыстэрцыянцы Кімбараўскага канвэнту, якім належала вёска Малочкі, і князь Ігнацы Шуйскі, уладальнік Краснасельля, абмяняліся пратэстамі ў Оўруцкі гродзкі суд за насланьне сваіх людзей і ўчыненьне гвалтаў і рабункаў[23]. Увогуле, рознага кшталту непаразуменьні і канфлікты паміж ўладальнікамі (кіеўская мітраполія, оўруцкія базыляне, кімбараўскія цыстэрцыянцы), жыхарамі вёскі Малочкі ды ўладальнікамі (князі Шуйскія, апякуны паны Быстрыя, старосты ліноўскія, альбо пасэсары – паны Грузевічы, Загароўскі), жыхарамі Краснасельля адбываліся на працягу 1730 – 1780-х гг.
У жніўні 1750 г. у Хойніках былі схопленыя краснасельскія сяляне Саўка Лутчанка, Лук'ян Кананенка, Ігнат, войтаў сын (у інвэнтары 1698 г. краснасельскага войта таксама звалі Ігнатам[24]), Селівон, Іванаў унук, Цімох і Іван Панчанкі і "іншыя", а таксама атаман іхны Кулешык, абвінавачаныя ў гайдамацтве – нападзе на Малочкі і зрабаваньні (забралі 20 тыс. грывень) тамтэйшага арандатара Бэні Ізраэлевіча[25]. У 1754 г. з 31 двара (×6 — каля 186 жыхароў) вёскі Krasnosile Хойніцкага маёнтку выплачвалася “do grodu” (Оўруцкага замку) 4 злотыя і 25 з пал. грошаў, “na milicję” (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 19 зл. і 12 гр.[26] Габрэйскія перапісы 1765, 1778 і 1784 гадоў засьведчылі пражываньне ў Краснасельлі адпаведна 15, 3 і 6 чалавек (głow), якія належалі да Хойніцкага кагалу[27]. Значнае ўбываньне насельнікаў-габрэяў у вёсцы магло быць выклікана выбухам гайдамацка-сялянскай Каліеўшчыны ў 1768 г.
Расейская імпэрыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Краснасельле апынулася ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году ў складзе ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[28]. Паводле рэвізіі 1795 году, у Краснасельлі налічвалася 25 двароў з 59 прыгоннымі мужчынскага і 77 жаночага полу. Разам з Уласамі за 32 000 злотых вёска аддадзена панамі Прозарамі ў заставу ўдаве па падстолію Яну Караліне, дачцэ Габрыэля, Крушэўскай. У фальварку жылі таксама яе сыны Юзаф і Вінцэнт, дочкі Бальбіна, Яўгенія, Эльжбета і Амелія. Эканомам быў шляхціч Яўхім, сын Юзафа, Марцінкевіч, на ўслугах — шляхціч Мікалай, сын Францішка, Мадзелеўскі[29]. 24 чэрвеня 1812 году Людвіка Прозар пісьмова засьведчыла шляхцічу Томашу Янушэўскаму права на 4-гадовую арэнду фальварка Краснасельле з аднаімённай вёскай[30].
На снежань 1844 году ў інвэнтары маёнтку Юзафаў, прыналежнага Юзафу, сыну Караля, Прозару, названыя фальварак і вёска Краснасельле[31]. У 1850 годзе тут было 34 двары, 181 жыхар[1]. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 153 жыхары вёскі Краснасельле абодвух полаў зьяўляліся прыхаджанамі Аравіцкай Раства-Багародзіцкай царквы[32].
У парэформавы пэрыяд паселішча належала да новастворанай Дзёрнавіцкай воласьці. У пачатку 1870 году ў Краснасельлі — 69 мужчынскіх душ сялян-уласьнікаў, прыпісаных да сельскага таварыства[33]. Згодна са зьвесткамі на 1876 і 1879 гады, Краснасельле заставалася ў прыходзе Аравіцкай царквы[34]. Паводле перапісу 1897 года тут налічвалася 63 двары, 360 жыхароў, існавала хлебазапасная крама. Побач – аднайменны фальварак[1]. На 1909 г. у вёсцы было 70 двароў, 451 жыхар, у фальварку 1 двор, 5 жыхароў[35].
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Краснасельле ў складзе Рэчыцкага павету, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[36].
1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.
Пасьля другога ўзбуйненьня БССР з 8 сьнежня 1926 году вёска — цэнтар Краснасельскага сельсавету Хвойніцкага раёну Рэчыцкай акругі. З 9 чэрвеня 1927 году ў складзе Гомельскай акругі. 30 сьнежня 1927 году сельсавет скасаваны, тэрыторыя далучана да Аравіцкага сельсавету.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Краснасельлі было 110 двароў з 338 жыхарамі. У траўні 1943 году акупанты спалілі 82 двары, загубілі 18 жыхароў[37]. 50 вяскоўцаў загінулі на франтах.
Згодна зь перапісам 1959 году, у Краснасельлі налічвалася 375 жыхароў. Вёска ўваходзіла ў склад саўгасу «Аравічы» з цэнтрам у аднаіменнай вёсцы[1]. Да 1987 года паселішча заставалася ў складзе Аравіцкага сельсавету[38]. Сёньня не існуе.
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Паселішча, хоць і пад іншай назвай, вядомае не з XVIII ст., як пісаў С. В. Марцэлеў[1]
- ^ Уладальнік Краснасельля пан Максыміліян Бжазоўскі, ваявода берасьцейскі, перад сьмерцю ў тым жа 1659 годзе, завяшчаў свае маёнткі ў Кароне (у т. л. Астраглядавічы і Хвойнікі) і Берасьцейшчыне дачцэ Зофіі, жонцы князя Канстанціна Яна Шуйскага.
- ^ І нібыта ўсяго з 3 дымоў...
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6. С. 445—446
- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
- ^ Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 8 (1499—1514). — Vilnius, 1995. N. 424
- ^ Документальна спадщина Свято-Михайлівського Золотоверхого монастиря у Києві ХVІ -ХVІІІ ст. з фондів Національної бібліотеки України імені В. І. Вернадського. Зб. док. [Текст] / Автори-укладачі: Ю. А. Мицик, С. В. Сохань, Т. В. Міцан, І. Л. Синяк, Я. В. Затилюк; Нац. акад. наук України, Нац. б-ка України ім. В. І. Вернадського, Ін-т укр. археографії та джерелознавства ім. М. С. Грушевського. — Київ, 2011. № 289, 290, 293, 295, 296, 297
- ^ Volumina Legum. Tom II. — Petersburg: Nakładem i drukiem Józafata Ohryzki, 1859. S. 84 — 87; Падалінскі, У. [Рэцэнзія] / У. Падалінскі // Беларус. гіст. агляд. — 2012. Т. 19. С. 329—337. — Рэцэнзія на кн.: Litwin H. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569—1648. — Warszawa, 2009
- ^ Аrchiwum Główne Akt Dawnych. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich (AGAD. APiJ). Sygn. 1. S. 16, 17
- ^ AGAD. APiJ. S. 17
- ^ Архив Юго-Западной России. Ч. 7. Т. 1: Акты о заселении Юго-Западной России. – Киев, 1886. С. 396 – 397
- ^ Документальна спадщина... № 306
- ^ Kotłubaj Ed. Życie Janusza Radziwiłła. – Wilno i Witebsk, 1859. S. 136. Dodatek XII. S. 365 – 367; Мицик Юрій. Полковник Ілля Голота і Загальська битва 1649 р. у світлі нових документів. // Мицик Юрій. Albaruthenica. – Київ: Інститут української археографії та джерелознавства ім. М. С. Грушевського НАН України, 2009. С. 164 і наст.
- ^ Документальна спадщина. — № 310
- ^ Універсали Івана Мазепи (1687 – 1709). – Київ; Львів, 2006. Частина ІІ. Додаток І. № 14. С. 439
- ^ AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 69
- ^ Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. С. 489, 505
- ^ НГАБ у Мінску. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 133
- ^ AGAD. APiJ. S. 18
- ^ НГАБ. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 143
- ^ Описи актовых книг Киевского центрального архива. – № 34. / Сост. А.Т. Белоусов – Киев: Типография Т. Г. Мейнандера, 1907. С. 13
- ^ AGAD. APiJ. S. 18
- ^ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. – Біла Церква, 2015. С. 292
- ^ AGAD. APiJ. S. 24
- ^ Ks. Orłowski K. N. Defensa biskupstwa y dyecezyi Kiiowskiey. – Lwów, 1748. S. 148
- ^ AGAD. APiJ. S. 25
- ^ НГАБ. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 133
- ^ Архив ЮЗР. Ч. 3. Т. 3: Акты о гайдамаках (1700 – 1768). – Киев, 1876. С. 511 – 512
- ^ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. – Біла Церква, 2015. С. 183
- ^ Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. – Киев, 1890. С. 301, 391, 710
- ^ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. C. 181–182
- ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 59. А. 266-269. Спр. 181. А. 99, 248, 259
- ^ АGAD. АРіJ. Sygn. 14. S. 9
- ^ НГАБ. Ф. 142. Воп.1 Спр. 1481
- ^ Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 367
- ^ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 70
- ^ Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 464; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 115
- ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. – Минск, 1909. С. 95
- ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев. — Минск, 2018. С. 85
- ^ Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; М.: Фонд «Историческая память», 2021. С. 500
- ^ Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 8 студзеня 1987 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1987, № 23 (1901).
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 5, 12 – 18, 34
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.