Лясок (Хвойніцкі раён)
| Лясок лац. Liasok | |
| Населены пункт | |
| Краіна | Беларусь |
|---|---|
| Вобласьць | Гомельская |
| Раён | Хвойніцкі |
| Сельсавет | Стралічаўскі |
| Дата заснаваньня | перад 1516 годам |
| Часавы пас | |
| Каардынаты | 51°35′46″ пн. ш. 29°59′10″ у. д.HGЯO |
| Насельніцтва | |
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |
| Тэлефонны код | +375 2346 |
| СААТА | 3254848071 |
| Нумарны знак | 3 |
| Лясок на мапе Беларусі ± Лясок | |
Лясок[1] — былая вёска ў Беларусі. Уваходзіла ў склад Стралічаўскага сельсавету Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці. Знаходзілася за 49 км на поўдзень ад места і чыгункавай станцыі Хвойнікаў, каля аўтамабільнай дарогі Даўляды — Хвойнікі; на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалягічнага запаведніку.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Найраней вёска згаданая ў лісьце караля Жыгімонта Старога ад 14 траўня 1516 году[2], у якім засьведчана:
Бил нам чолом арменин киевскии, толмач н(а)шь татарскии Макар Ивашкович и поведил перед нами, што мы перво сег(о) дали были ему землю пустовскую у Киевском повете в Белосороцкои волости на имя Лемешовщину, и пан воевода киевскии, пан Андреи Немирович, доведавши ся тог(о), иж тая земля шкодно отдати от замку н(а)шог(о), и против тог(о) дал ему в тои же волости Белосороцкои селище на имя Лынсковщину а землицу нагонную… Ино мы, з ласки н(а)шое… для его к нам верное службы, которую ж он нам заслуговал пилне ездячи до Орды частокрот в делех н(а)ших и земских и на его чоломбите то вчинили: тое селищо Лысковщину и землицу нагонную с пашными землями, и з сеножатми, и з лесы, и з бортною землею, и с озеры, и з реками, и з езы, и з ловы звериными и пташными, и со всим с тым, што к тому с стародавна прислухало, потвержаем сим на(ш)им листом вечно ему самому и его жоне, и их детем и напотом будучим их щадком. А он мает нам с тог(о) земскую службу служити…
З памятнага запісу 1526 году ігумена Сьвята-Міхайлаўскага (Залатаверхага) манастыра ў Кіеве Макарыя даведваемся, што ён «купилъ есми у Марка (папраўдзе: Макара) Орменина Киевского две службе… Лысковщину а Погоны, дани идетъ: чотыри кади меду, а осмьдесятъ грошей серебра, бочка рыбы; а далъ есми за тое 5 копъ грошей и сорокъ копъ грошей Литовское личбы»[3].
У грамаце 1543 году караля Жыгімонта Старога сказана: «Били намъ чоломъ игуменъ Филаретъ зо всими чернцы манастыря святого Михаила Золотоверхого, у Киеве, и поведили передъ нами, ижъ которыи две службе людей, на Припяти… на имя Лысковщину и Погонную купилъ игуменъ святого Михаила небожчикъ Макарей за сто копъ грошей Литовское монеты у толмача нашого Макара Орменина…». Навошта ізноў білі чалом, калі службы і так належалі манастыру? Справа ў тым, што празь нейкі час пасьля набыцьця прывілей на ўладаньне і прадажныя лісты ваявода кіеўскі Андрэй Неміровіч «до скарбу своего взялъ», а прызначаны пазьней ігумен Падапрысьвет «мешкавши съ полгода у манастыри, и утекъ прочь, и великие шкоды церкви Божьи починилъ, и тыи листы зъ собою побралъ, або ихъ неведомо где поделъ». Але дзякуючы сьведчаньню спраўцы ваяводзтва Кіеўскага Андрэя Сангушкавіча і кіеўскіх зямян, неаднаразова бачыўшых арыгіналы дакумэнтаў, кароль пацьвердзіў манастыру яго права на валоданьне Лыскаўшчынай і Пагонным[4].

У падатковым рэестры Кіеўскага ваяводзтва ад 2 студзеня 1571 году сярод людзей манастыра Сьв. Міхаіла Залатаверхага, «którzy mają ziemie bortne», названае сяло Liskowcy, з 9 дымоў якога выбіралася па 12 грошаў[5]. Як вынікае з даступнага зараз арыгіналу крыніцы, гаспадарамі тых дымоў былі Сьцяпан Люціч, ягоны брат Іван, Здан Люціч, Каленік, Каленікаў пасынак Сідар, Грыцко Каленікаў, Хадос Несьцераў, Макар, удава Куліна[6].
Надалей у шматлікіх крыніцах ажно да 1685 гаду сустракаюцца як «служба Лысковщина», так і «село Лысковское», «село (таксама „имене“, „люди“) Лысковцы», «dobra duchowne… Łyski»[7].
У тарыфах падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва XVIII ст. паселішча не названае. На схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 году, на «Военно-топографической карте Российской империи 1846—1863 гг.», складзенай пад кіраўніцтвам Ф. Ф. Шубэрта і П. А. Тучкова, таксама адсутнае.

У XX ст. на мапе «Генерального штаба РККА» 1931 году на месцы Ліскаўцаў пазначаны хутар з сугучнай, але зусім іншай з гледзішча сэмантыкі, назвай Лясок. На мапе 1935 году — хутары Ляскі. У 1931 годзе хутарцы ўступілі ў калгас.
Напярэдадні Другой сусьветнай вайны ў Ляску налічвалася 18 двароў з 61 жыхаром. У траўні 1943 году акупанты спалілі паселішча і пазбавілі жыцьця 5 чалавек[8]. 10 вяскоўцаў загінулі на фронце.
Паводле перапісу 1959 году 96 жыхароў. Лясок уваходзіў у склад калгасу «Новае жыцьцё» (цэнтр — вёска Радзін). Да 8 студзеня 1987 году належаў да Радзінскага сельсавету[9].
На сёньня паселішча не існуе.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
- ↑ Lietuvos Metrika. Kniga Nr. 9 (1511—1518). — Vilnius: Žara, 2002 [2004]. № 204
- ↑ Акты, относящиеся к истории Западной России (далей: АЗР). Т. 2. (1506—1544). — С.-Петербург, 1848. С. 167—168
- ↑ АЗР. Т. 2. (1506—1544). — С.-Петербург, 1848. С. 394—396
- ↑ Źródła dziejowe (далей: ŹD). T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. IX: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław) / A. Jabłonowski — Warszawa, 1894. Wykazy… S. 24
- ↑ Центральний державний історичний архів України в м. Києві. Ф. 44. Опис 1. Справа 1. А. 450
- ↑ Документальна спадщина Свято-Михайлівського Золотоверхого монастиря у Києві ХVІ-ХVІІІ ст. Зб. Док. — Київ, 2011. № 6, 10, 28, 289, 292, 299 і інш.
- ↑ Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; Москва: Фонд «Историческая память», 2021. С. 500
- ↑ Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 8 студзеня 1987 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1987, № 23 (1901).
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.