Рашаў
| Рашаў | |
| Населены пункт | |
| Краіна | Беларусь |
|---|---|
| Вобласьць | Гомельская |
| Раён | Хвойніцкі |
| Дата заснаваньня | перад 1618 годам |
| Часавы пас | |
| Каардынаты | 52°00′14″ пн. ш. 30°12′37″ у. д.HGЯO |
| Насельніцтва | |
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |
| Тэлефонны код | +375 2346 |
| СААТА | 3254700036 |
| Нумарны знак | 3 |
| Рашаў на мапе Беларусі ± Рашаў | |
Ра́шаў[1] — былая вёска ў Беларусі. Уваходзіў у склад Хвойніцкага райсавету Гомельскай вобласьці. Знаходзілася за 16 км на паўночны ўсход ад места і чыгуначнай станцыі Хвойнікаў, на аўтамабільнай дарозе Хвойнікі — Рэчыца.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Карона Каралеўства Польскага ў Рэчы Паспалітай
[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Ці не ўпершыню Рашаў згаданы ў судовым дэкрэце ад 12 чэрвеня 1618 году. Справа датычылася насланьня людзей панства Гальшкі і Міхала Лозкаў з добраў Юравічы на грунты маёнтку Хвойнікі пана Мікалая Харлінскага і забраньня паташу, нападу на карчму Рашаў. У акце ад 7 чэрвеня 1623 году аб наезьдзе на Астраглядаўскі маёнтак і замак, мястэчка Новы Харленж (Хвойнікі) і прыналежныя ім паселішчы названая таксама "wieś Raszow"[2]. Месьцілася паселішча ў Кіеўскім ваяводзтве Каралеўства Польскага.
Ад тых часоў і да рэформавага пэрыяду ў складзе Расейскай імпэрыі (1860-я гады) Рашаў, як паселішча альбо ўрочышча, належаў тым самым уладальнікам, што і Хвойнікі з Астраглядамі, г. зн. пасьля Харлінскіх, ад 1624 г. – панам Мікалаю Абрамовічу, Максыміліяну Бжазоўскаму, князям Шуйскім, сямейству Прозараў.
Паводле тарыфу падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва 1640 году, з 2 дымоў у Рашаве кашталяна мсьціслаўскага Мікалая Абрамовіча выбіралася 2 злотых[3]. Пасьля гэтага ажно да канца XVIII ст. вёска ўжо ня згадвалася, імаверна, праз тое, што яе жыхары яшчэ ў другой палове XVII ст. пераселеныя ў больш люднае месца, у межы Астраглядавіцкага ключа, дзе заснаваны быў хутар Рашаўцы. Пазьней Рашаў адроджаны як слабада.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]


Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) вёска — у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[4]. У крыніцы, заснаванай як быццам на матэрыялах рэвізіі 1795 году, вёска Рашаў згаданая сярод уладаньняў пана Людвіка[a] Прозара, якія былі перайшлі «в казну», але потым «по высочайшему повелению» вернутыя пані Луізе (з князёў Шуйскіх) Прозаравай, спадчыннай іх уладальніцы[5]. Паводле рэвізіі 1795 году Слабада Рашаў, у якой налічвалася 7 двароў з 15 жыхарамі мужчынскага і 18 жаночага полу, была ў заставе ад пані Людвікі з князёў Шуйскіх Прозар у мсьціслаўскага стольніка Юстыніяна Фурса. Прозьвішчы жыхароў – Добаш, Аўдзеенка, Душкевіч, Ярац[6].
Згодна з шляхецкай рэвізіяй, датаванай 10 сьнежня 1811 году, фальварак Рашаў з 50 рэвізскімі душамі ў аднайменнай вёсцы трымаў у арэндзе ад паноў Прозараў Караль, сын Антонія, Дмішэвіч (36 г.), былы паручнік войскаў польскіх; разам зь ім жыў пасынак Адам, сын Вінцэнта, Велямоўскі (15 г.)[b][7].
У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.», засьведчана, што 71 жыхар вёскі Рашаў абодвух полаў і 2 вайскоўцы належалі да прыходу Сьвята-Мікалаеўскай царквы ў сяле Маладуша[8].
У парэформавы час Рашаў адміністрацыйна належаў да Маладушскай воласьці. На 1876 і 1879 гады жыхары Рашава заставаліся прыхаджанамі Мікалаеўскай царквы ў Маладушы[9]. Згодна зь перапісам 1897 году, дзейнічала хлебазапасная крама. На 1909 год у вёсцы Рашаў — 21 двор з 165 жыхарамі[10].
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У 1931 годзе арганізаваны калгас. У чэрвені 1943 году акупанты цалкам спалілі вёску і забілі 11 жыхароў. 27 вяскоўцаў загінулі на франтах.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- 1816 год — 28 двароў.
- 1850 год — 64 жыхары.
- 1897 год — 165 жыхароў (згодна зь перапісам).
- 1930 год — 46 двароў, 247 жыхароў.
- 1940 год — 51 двор, 259 жыхароў.
- 1959 год — 220 жыхароў (паводле перапісу).
- 2004 год — жыхароў няма.
Забудова
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Плян Рашава складаўся з простай мэрыдыяннай вуліцы, да якой на поўдні далучалася зьлёгку скрыўленая вуліца. Забудова двухбаковая, драўлянымі хатамі сядзібнага тыпу[11].
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
- ↑ Źródła dziejowe . T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów - Bracław). Dział II-gi. Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. – Warszawa, 1894. S. 281, 637
- ↑ Archiwum Państwowe w Krakowie. Archiwum Młynowskie Chodkiewiczów. Mikr. № J – 14970. Sygn. 404. S. 195
- ↑ Насевіч, В., Скрыпчанка, Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
- ↑ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 70 — 71
- ↑ НГАБ у Менску. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 59. А. 196-197
- ↑ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 79
- ↑ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 683
- ↑ Минские епархиальные ведомости. № 10, 1876. С. 454; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 93
- ↑ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 169
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 2. Кн. 2. — Менск, 2005.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.