Мікулічы (Гомельская вобласьць)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Мікулічы
Першыя згадкі: 1541 год
Вобласьць: Гомельская
Раён: Брагінскі
Сельсавет: Буркоўскі
Тэлефонны код: +375 2344
Геаграфічныя каардынаты: 51°51′ пн. ш. 30°10′ у. д. / 51.85° пн. ш. 30.167° у. д. / 51.85; 30.167Каардынаты: 51°51′ пн. ш. 30°10′ у. д. / 51.85° пн. ш. 30.167° у. д. / 51.85; 30.167
Мікулічы на мапе Беларусі
Мікулічы
Мікулічы
Мікулічы

Міку́лічывёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласьці. Мікулічы ўваходзіць у склад Буркоўскага сельсавету.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ці не ўпершыню Мікулічы згаданыя ў запісе ад 6 кастрычніка 1541 г. аб узаемных саступках грунтоў у Брагінскім маёнтку князя Аляксандра Міхайлавіча Вішнявецкага і ў Астраглядаўскім маёнтку князя Дзьмітрыя Раманавіча Відыніцкага (Любецкага) з жонкай Феннай Палазовічаўнай. Належалі князю Вішнявецкаму.[1] Месьціліся ў Кіеўскім ваяводзтве Вялікага Княства Літоўскага. Напярэдадні Люблінскай вуніі ўказам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 г. ваяводзтва (у т. л. Брагінскі маёнтак) было далучана да Кароны Польскай[2]. Згодна з актам аб падзеле маёнтку Брагін 1574 году, “… село Микуличи з людми отчизными, куничниками, з даню медовою, грошовою, з дубровами, лесы, чертежами, с полми, сеножатми и ловы зверинными” дасталося князю Аляксандру Аляксандравічу Вішнявецкаму.[3] На 1581 г., калі маёнткам валодала яго ўдава княгіня Аляксандра (з роду Капустаў) Вішнявецкая, у Мікулічах налічвалася 40 дымоў асадных сялян і 12 агароднікаў[4]. Яшчэ ў датаваным 13 днём сакавіка месяца 1581 г. дакумэнце паведамляецца, што пан земскі пісар кіеўскі Дзьмітры Ялец надзелены паўнамоцтвамі ў справе разьмежаваньня добраў пана падкаморага кіеўскага Шчаснага Харлінскага з уладаньнямі княгіні Вішнявецкай і яе дзяцей “jmienia Brahina, Mikulic, Listwina y innych sioł do Brahinia nalezących[5].

Потым, да 1622 года, часткай Брагінскага маёнтку зь Мікулічамі валодаў князь Адам Аляксандравіч Вішнявецкі. Ад 1641 г. Мікулічы – уласнасьць князя Іераміі Міхала Вішнявецкага, які зноў аб’яднаў у адных руках Брагінскую спадчыну малодшай галіны роду. Пасьля сьмерці ў 1672 годзе жонкі апошняга, княгіні Грызельды Канстанцыі (з роду Замойскіх), Брагінская фартуна адыйшла яе пляменьніку Станіславу Канецпольскаму, незадоўга да спачыну ў 1682 годзе атрымаўшаму пасаду кракаўскага кашталяна.

У 1687 годзе Мікулічы названыя сярод паселішчаў стрыечнага брата нябожчыка, будучага серадзкага ваяводы Яна Аляксандра Канецпольскага, жыхары якіх цяжка пацярпелі ад пабораў і гвалту казакоў сотні Русановічавай палкоўніка Войска Запарожскага Паўла Апостала Шчуроўскага; тады тут налічвалася 28 дымоў (каля 168 чалавек), а на пастой разьмясьціліся 28 казакоў, у якіх ажно 20 коней.[6] Пасьля сьмерці ў 1719 г. Я. Канецпольскага і даволі працяглага (яшчэ і пры жыцьці дзедзіча) знаходжаньня Мікулічаў у заставе у паноў Сілічаў,[7] спадчынным уладальнікам Брагінскіх добраў прыкладна ад 1733 г. стаў князь Міхал Сэрвацы Вішнявецкі, першы і адзіны ў старэйшай галіне роду, хто падпісваўся “графам на Брагіне”.[8]

У 1754 годзе з 80 двароў сяла Мікулічы Брагінскага маёнтку “do grodu” (Оўруцкага замку) выплачваліся 12 злотых, 15 грошаў, “na milicję” (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 50 зл.[9] У тым жа годзе маёнтак быў куплены ў княгіні Эльжбэты Вішнявецкай Міхалавай Замойскай панам Францішкам Антоніем Ракіцкім. У лісьце ад 3 траўня 1758 г. пан Ракіцкі, войскі ашмянскі, паказваў, што яго мікуліцкія падданыя ня з волі дворнай, а паводле ўласнага намеру ўдаліся да лесу хвойніцкага ўдавы княгіні Людвікі Шуйскай, на той час жонкі пана Быстрага, старосты ліноўскага, ды павысякалі дрэвы[10]. Паводле перапісаў габрэйскага насельніцтва 1765, 1778 і 1784 г. у Мікулічах налічвалася адпаведна 19, 6 і 5 чалавек (głow),[11] якія належалі да Брагінскага кагалу. Пэўна, на колькасць габрэяў у сяле не магла не паўплываць Калііўшчына 1768 г., што была астатнім і наймацнейшым уздымам гайдамацкага руху ў краі.

Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітае (1793) – у складзе Рэчыцкага павету Чарнігаўскага намесьніцтва, потым Маларасейскае губэрні, ад 1797 года – Менскае губэрні Расейскай імпэрыі. Дзейнічала Багаяўленская царква, будынак якой узьведзены ў 1760 г.[12] У ёй захоўваліся два фундушы ўладальнікаў Брагіна з фальваркамі князя Міхала Сэрвацыя Вішнявецкага ад 28 кастрычніка 1740 г. і пані Марыі Ракіцкай ад 16 студзеня 1860 г., метрычныя кнігі і іншыя прыходзкія дакумэнты з 1827 года[13].

У 1840 годзе на сродкі вернікаў і ўладальніка сяла графа Міхала Ракіцкага замест старой збудавана новая драўляная царква. У 1855 у Брагіне і Мікулічах уласьнік граф Людзьвік Міхайлавіч Ракіцкі (1825 – 1881) меў 2 вятракі, вадзяны і 6 конных млыноў, валюшню. У 1864 адкрыта народнае вучылішча.

У парэформавы час Мікулічы былі цэнтрам воласьці, да якой у 1890 годзе належалі 35 населеных пунктаў з 1075 дварамі. У 1885 годзе працавала школа. У 1895 годзе каля 400 жыхароў выступілі супраць правядзеньня палявых работ на зямельным участку, які яны лічылі несправядліва перададзеным абшарніку. Паводле перапісу 1897 года працавалі царква, капліца, народнае вучылішча, хлебазапасная крама, крама, млын, 2 вятракі, карчма; побач быў аднайменны фальварак. На 1909 год у сяле Мікулічы налічвалася 96 двароў, 702 жыхары, у фальварку 1 двор, 5 жыхароў[14].

Падчас акупацыі германскімі войскамі ў 1918 годзе партызаны пад камандаваньнем Ф. І. Скараходава (выхадзец Брагіна) разграмілі створаную тут акупантамі камендатуру.

Ад 8 сьнежня 1926 года – цэнтр Мікуліцкага сельсавету Брагінскага раёну Рэчыцкай і з 9 чэрвеня 1927 года Гомельскай акругі, ад 20 лютага 1938 года Палескае, з 8 студзеня 1954 года Гомельскай абласьцей.

Дзейнічалі школа, хата-чытальня. У 1930 годзе арганізаваны калгас “Чырвоны Кастрычнік”, працавалі гамарня (з 1931 года), 3 вятракі (1895, 1896, 1928 года). У 1938 годзе ў вёску пераселены жыхары паселішчаў Краснае, Ульянаўка і Красная Горка, Новая Вёска.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны нацысты забілі 23 жыхароў, у тым ліку 14 жніўня 1942 года жывымі спалілі 14 жыхароў вёскі. На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 290 мясцовых жыхароў. У памяць пра загінулых у 1975 годзе збудаваны абеліск з імёнамі загінулых.

У 1959 годзе цэнтр калгасу “Чырвоны Кастрычнік”. Размяшчаліся пільня, млын, швейная майстэрская, сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, амбулаторыя, аптэка, ветэрынарны ўчастак, аддзяленне сувязі, сталовая, 2 крамы.

1 сьнежня 2009 году вёска перададзеная зь ліквідаванага Мікуліцкага сельсавету ў Буркоўскі сельсавет[15].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Аrchiwum Główny Akt Dawnych (AGAD). Аrchiwum Рrozorów і Jelskich. Sign. 1. S. 3, 4
  2. ^ Volumina Legum. Tom II. – Petersburg: Nakładem i drukiem Józafata Ohryzki, 1859. S. 84 – 87; Падалінскі, У. [Рэцэнзія] / У. Падалінскі // Беларус. гіст. агляд. – 2012. Т. 19. С. 329 – 337. – Рэцэнзія на кн.: Litwin H. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569 – 1648. – Warszawa, 2009
  3. ^ http://www.belniidad.by/sites/default/files/bash/bash01_2000.pdf Беларускі археаграфічны штогоднік. Выпуск 1. – Мінск, 2000. С. 188, 192
  4. ^ Źródła dziejowe. T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. IX: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów – Bracław) / A. Jabłonowski – Warszawa, 1894. Wykazy... S. 38
  5. ^ Руська (Волинська) метрика [Текст] : регести документів Коронної канцелярії для укр. земель (Волинське, Київське, Брацлавське, Чернігівське воєводства) 1569 – 1673 / Держ. ком. арх. України, Центр. держ. істор. арх. України, м. Київ, Ін-т укр. археографії та джерелознавства ім. М. С. Грушевського НАН України, Генер. дирекція держ. арх., Голов. арх. давніх актів ; ред. і упоряд Г. Боряк [та ін.] ; передм. П. К. Грімстед. – Київ, 2002. С. 301 – 302
  6. ^ Архив Юго-Западной России. Ч. 3. Т. 2. Акты о казаках (1679 – 1716). – Киев, 1868. С. 152
  7. ^ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. – Біла Церква, 2015. С. 284
  8. ^ Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией. – Вильна, 1870. Т. IV. Акты Бресцкого гродского суда. С. 485
  9. ^ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. – Біла Церква, 2015. С. 191
  10. ^ AGAD. Sign. 1. S. 72 – 73
  11. ^ АрхивЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765 – 1791 гг. – Киев, 1890. С. 302, 391, 710
  12. ^ НГАБ у Мінску. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 573. А. 35
  13. ^ Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 97
  14. ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 122
  15. ^ «Об изменении административно-территориального устройства Брагинского района Гомельской области». Решение Гомельского областного Совета депутатов от 1 декабря 2009 г. № 276(рас.)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: Белэн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0
  • Czamańska I. Wiśniowieccy. Monografia rodu. – Poznań, 2007
  • Мацук А. Брагін // Князі Вишневецькі. – Київ, 2016(2017). С. 213 – 215
  • Pamiętniki o Koniecpolskich. Przyczynek do dziejów polskich XVII wieku. / Wydał Stanisław Przyłęcki. – Lwów, 1842. S. 375 – 389
  • Бельскі, С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI – XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. – Минск: Четыре четверти, 2018