Гарошкаў (Хвойніцкі раён)
Гарошкаў | |
трансьліт. Haroškaŭ | |
Дата заснаваньня: | Перад 1618 годам |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гомельская вобласьць |
Раён: | Хойніцкі раён |
Сельсавет: | Паселіцкі |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2346 |
СААТА: | 3254836016 |
Геаграфічныя каардынаты: | 51°58′46″ пн. ш. 30°5′58″ у. д. / 51.97944° пн. ш. 30.09944° у. д.Каардынаты: 51°58′46″ пн. ш. 30°5′58″ у. д. / 51.97944° пн. ш. 30.09944° у. д. |
Гарошкаў |
Гаро́шкаў[1] — былая вёска ў Хвойніцкім раёне Гомельскай вобласьці. Уваходзіла ў склад Паселіцкага сельсавету.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Карона Каралеўства Польскага
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ці не найранейшая пакуль што зьвестка пра вёску маецца ў судовым дэкрэце ад 12 чэрвеня 1618 году. Тады пан Мікалай Харлінскі, уладальнік Астраглядаўскіх добраў, паклікаў у суд панства маці і сына Гальшку з Гулевічаў і Міхала Лозкаў за тое, што іх падданыя з маёнтку Загальле адабралі валоў у людзей з Гарошкава, Карчовага, Малішава, Паселічаў і інш., ды ўвялі іх да добраў Рожава. 7 чэрвеня 1623 году ўдава Гальшка Харлінская судзілася з панамі Станіславам, Юрыем і іншымі Харлінскімі, роднымі братамі і сваякамі мужа Мікалая, за гвалтоўны наезд на замак і вёску Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хвойнікі), вёскі Хвойнікі, Вялікі Бор, Гарошкаў, Рашаў, Паселічы, Малішаў[a][2]. 8 ліпеня 1631 году запісам у актах Кіеўскага земскага суда[b] засьведчана пагадненьне на саступку часткі Астраглядаўскіх добраў (з Гарошкавам) Шчасным, сынам Станіслава, Харлінскім пану Лукашу Мадлішэўскаму, наступнаму мужу ўдавы Гальшкі, за суму ў 60 000 польскіх злотых. 7 верасьня 1631 — 26 студзеня 1632 году пададзены і актыкаваны адпаведны запіс і адносна долі маёнтку Самуэля, сына Юрыя, Харлінскага[c] пану Мікалаю Абрамовічу, зяцю нябожчыка і пані Гальшкі, за 13 500 злотых. У гэтым пераліку частка вёскі названа новым Гарошкавам[3].
Магчыма, жыхары вёскі былі ў ліку тых 77 дымоў (×6 — каля 462 чалавек) Хвойніцкага (раней Астраглядаўскага) маёнтку князя Канстанціна Яна Шуйскага, якія паводле зьвестак на восень 1686 году з-за гвалту як ад казакоў, так і ад жаўнераў урадавых войскаў, адыйшлі ў больш спакойныя мясьціны. У інвэнтары 1698 г. маёнтку князя Дамініка Шуйскага, харунжага берасьцейскага, Гарошкаў, а таксама Малішаў, Карчовае ды неіснуючыя сёньня Мікалаеўка і Клешчаўка пазначаныя як запусьцелыя (wsi puste)[4]. Няма ніякіх зьвестак пра гарошкаў ў рэвізыі 1716 году і ў інвэнтары 1721 году, калі ад пасэсара ксяндза-біскупа Юзафата Парышэвіча, пробашча астраглядаўскага, абцяжараныя даўгамі добры Хвойнікі перайшлі да князя Мікалая Шуйскага, старэйшага сына папярэдняга дзедзіча. Адсутнічае інфармацыя ў тарыфах падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва 1734 і 1754 гадоў. Тады Хвойнікамі валодалі малодшы сын Дамініка князь Ігнацы Шуйскі, потым яго ўдава княгіня Людвіка (з роду Збароўскіх) з новым мужам панам Юзафам Быстрым, старостам ліноўскім.
Расейская імпэрыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Гарошкаў — у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году ў складзе адноўленага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[5]. Паводле рэвізіі 1795 года, тут было 10 двароў з 41 душой мужчынскага і 39 жаночага полу прыгонных сялянаў. Прозьвішчы жыхароў: Данец, Бурак, Лабада, Прыходзька, Бардак, Ганчарэнка[6]. У «Камеральном описании... Речицкой округи», датаваным 29 студзеня 1796 году, вёска Гарошкаў названая сярод паселішчаў у складзе Хвойніцкіх добраў Людвіка Прозара[d], якія раней былі перайшлі «в казну», але «по высочайшему повелению» вернутыя Люізе Прозаравай[7].
Паводле інвэнтару Хвойніцкага маёнтку Ўладыслава Прозара 1844 года, вёска Гарошкаў належала да фальварку Валоцкі, мела 18 двароў, 126 жыхароў[8]. У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» Гарошкаў са сваімі 105 вернымі абодвух полаў пазначаны ў прыходзе Хвойніцкай Сьвята-Пакроўскай царквы[9].
У парэформавы час Гарошкаў – у Хвойніцкай воласьці. У пачатку 1870 года тут налічвалася 57 мужчынскіх душ сялянаў-уласьнікаў, прыпісаных да Гарошкаўскага сельскага таварыства[10]. Згодна зь ведамасьцю Пакроўскай царквы ў Хвойніках на 1875 год, яе прыхаджанамі былі 72 асобы мужчынскага і 76 жаночага полу з 18 двароў вёскі Гарошкаў[11][e]. Згодна зь перапісам 1897 году, паселішча налічвала 35 двароў, 245 жыхароў, існавалі капліца і хлебазапасны магазын[8]. На 1909 год у вёсцы Гарошкаў Хвойніцай воласьці было 40 двароў, 253 жыхары[12]. У 1917 годзе — 52 двары з 307 жыхарамі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Беоасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Гарошкаў, аднак, у складзе Хвойніцкай воласьці апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. Ад 18 траўня тут дзейнічала "варта Украінскай Дзяржавы" гэтмана Паўла Скарападзкага[13].
1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР. Паводле запіскі «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 8 сьнежня 1920 і на 15 красавіка 1921 году ў Гарошкаўскай школе першай ступені (г. зн. пачатковай) было адпаведна 22 і 44 вучні[14]. У 1926 годзе вёска налічвала 76 двароў з 364 жыхарамі.
Пасьля другога ўзбуйненьня БССР з 8 сьнежня 1926 году Гарошкаў — цэнтар сельсавету ў складзе Хвойніцкага раёну Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 году ў складзе Гомельскай акругі БССР. 30 сьнежня 1927 году сельсавет скасаваны, тэрыторыя далучана да Карчоўскага сельсавета. З 20 лютага 1938 году ў Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Гарошкаве быў 81 двор з 390 жыхарамі. У траўні-чэрвені 1943 году карнікі з баявой групы Шымана спалілі вёску і зьнішчылі 13 чалавек[15]. 19 вяскоўцаў загінулі на франтах[16].
8 студзеня 1954 году Гарошкаў — у складзе Гомельскай вобласьці. Згодна зь перапісам 1959 году, вёска з насельніцтвам 191 жыхар належала да Забалацкага сельсавету. На 1970 год — у складзе Паселіцкага сельсавету, 154 жыхары[8].
Ліквідавана 21 верасьня 2010 году[17].
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Яшчэ названыя 16 паселішчаў, акрамя "іnszych wsiów i przysiołków".
- ^ 22 жніўня 1631 г. тое зроблена і ў Жытомірскім гродзкім судзе.
- ^ За недарослага яшчэ Самуэля (напэўна, прэтэндаваў на меншую, як Шчасны, частку дзядзькавай фартуны) дакумэнт аформіў яго апякун пан Хведар Праскура, пісар земскі кіеўскі.
- ^ Тут, напэўна, дапушчана памылка прачытаньня тэксту рэвізіі, бо ў ёй згаданая Людвіка з князёў Шуйскіх Прозарава, жонка абознага Караля.
- ^ У даведніку «Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд» (Минск, 1879) зьвестка чамусьці адсутнічае.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
- ^ Źródła dziejowe. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów - Bracław). Dział II-gi. Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. – Warszawa, 1894. S. 281, 637
- ^ Аrchiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich. Sygn. 1. S. 59
- ^ НГАБ у Менску. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 133 адв.
- ^ Насевіч, В., Скрыпчанка, Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. C. 181–182
- ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 59. А. 129-131
- ^ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 70 — 71
- ^ а б в Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6. С. 437
- ^ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 666
- ^ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. – Минск, 1870. Л. 69
- ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40937. А. 234, 239адв.; гл. таксама: Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 458
- ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 44
- ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918 – 1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 – 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917 – 1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. – Минск: Современная школа, 2011. С. 92 – 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. – 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 – січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. – Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286 – 296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
- ^ Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. Ф. 68. Воп. 1. Спр. 16. А. 19
- ^ Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; М.: Фонд «Историческая память», 2021. С. 36 — 37, 499
- ^ Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Хойніцкага раёна (далей: Памяць) / Рэд. кал. М. А. Ткачоў [і інш.]; маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн імя Петруся Броўкі, 1993. С. 259
- ^ Решение Хойникского районного Совета депутатов от 21.09.2010 г. № 25 Об упразднении сельских населенных пунктов Хойникского района
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.