Губарэвічы
Губарэвічы | |
трансьліт. Hubarevičy | |
Першыя згадкі: | 1574 г. |
Былая назва: | Губаровічы |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гомельская |
Раён: | Хвойніцкі |
Сельсавет: | Стралічаўскі |
Вышыня: | 134[1] м н. у. м. |
Насельніцтва | |
колькасьць: | 5 чал. (2017)[2] |
колькасьць двароў: | 5 |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2346 |
Паштовы індэкс: | 247617 |
СААТА: | 3254848036 |
Нумарны знак: | 3 |
Геаграфічныя каардынаты: | 51°49′42″ пн. ш. 30°0′20″ у. д. / 51.82833° пн. ш. 30.00556° у. д.Каардынаты: 51°49′42″ пн. ш. 30°0′20″ у. д. / 51.82833° пн. ш. 30.00556° у. д. |
± Губарэвічы |
Губарэ́вічы[3] — вёска ў Стралічаўскім сельсавеце Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці.
Месьціцца за 8 км на поўдзень ад раённага цэнтру і чыгуначнай станцыі Хвойнікі на адгалінаваньні Васілевічы — Хвойнікі ад лініі Каленкавічы — Гомель, за 111 км ад Гомелю. На поўдзень мэліярацыйны канал злучаецца з ракой Прыпяцьцю. Прасёлачная дарога вядзе да аўтадарогі Хвойнікі — Брагін. Складаецца з просталінейнай вуліцы, скіраванай з паўднёвага ўсходу на паўночны захад. Для Губарэвічаў уласьцівая была двухбаковая драўляная забудова сядзібнага тыпу[4]. Вёска знаходзіцца за 3 км ад зоны адсяленьня Чарнобыльскай АЭС (Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалягічны запаведнік)[5].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Каралеўства Польскае ў Рэчы Паспалітай
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1574 годзе ўпершыню пісьмова згадваецца
Село Губаровичи з людми отчизными, куничниками, з даню грошовою и медовою, з дубровами, лесами, чертежами, полми, сеножатми и ловы пташиными,
якое пры разьдзеле маёнтку Брагін паміж князямі-братамі Аляксандрам і Міхаілам Аляксандравічамі Вішнявецкімі дасталося князю Міхаілу[6][a]. З датаванага 13 сакавіка 1581 году дакумэнта вынікае, што пан земскі пісар кіеўскі Дзьмітрый Ялец надзяляўся паўнамоцтвамі ў справе размежаваньня добраў пана падкаморага кіеўскага Шчаснага Харлінскага з уладаньнямі князя Міхаіла Вішнявецкага, кашталяна брацлаўскага «miasta Brahinia, sioła Chłuchowic [Hłuchowicz], Hubarowa y Babczyna»[9]. 18 траўня 1595 году Губарэвічы згаданыя ў акце трыбунальскім у сувязі з пагадненьнем аб скасаваньні ўзаемных прэтэнзій што да прыўласьніваньня чужых грунтоў. Паразумеліся тады ўладальнікі часткі Брагінскага маёнтку князі Міхаіл і Юрый Міхайлавічы Вішнявецкія ды ўладальнік Астраглядаўскіх добраў пан Шчасны Харлінскі[10].
У 1628 г. князь Канстанцін Карыбут Вішнявецкі зь сяла Губаровічаў з 10 дымоў асадных сялян плаціў па тры злотыя ды з 12 агароднікаў па 1 злотаму і 6 грошаў[11]. Палову Брагінскага замку і места зь сёламі, у ліку якіх Губаровічы, атрымаў у спадчыну ад князёў дзеда і бацькі Міхайлаў Вішнявецкіх князь Ярэмі Міхал Вішнявецкі, будучы ваявода рускі і правадыр барацьбы з «хмяльніччынай». У 1638 годзе ён заставіў сваю фартуну на чатыры гады за 65 000 злотых пану Мікалаю Лосятынскаму[12].
У 1683 г. пані Бруханьская мусіла плаціць з 17 дымоў у Губаровічах 6 злотых[13]. Ад лістападу 1686 г. да канца мая 1687 г. Губарэвічы, у якіх разам з Глухавічамі і Сцяжарным Брагінскага маёнтку Яна Канецпольскага налічвалася 77 дымоў, мусілі колькі месяцаў утрымліваць 80 казакоў і 30 коней палкоўніка Войска Запарожскага Паўла Апостала Шчуроўскага. У выніку, скарга на "нязносныя крыўды, шкоды, крыміналы, наезды і забоі" разглядалася ў Оўруцкім гродзкім судзе[14].
Паводле візыты Брагінскай пратапопіі (дэканату), пачатай 30 студзеня 1743 году, будынак губарэвіцкай царквы Нараджэньня Найсьвяцейшай Багародзіцы, узьведзены за 50 гадоў раней. У апісаньні згаданы антымінс на зьдзяйсьненьне боскай літургіі, асьвечаны архіяпіскапам чарнігаўскім Феадосіем Угліцкім[15] (1630-я — 5 лютага 1696).
У справе Оўруцкага суда сказана, што да 1708 году жыхары Губарэвічаў зьяўляліся прыхаджанамі брагінскай Мікалаеўскай царквы, разам зь сялянамі вёсак Глухавічы, Еўлашы, Мокіш, Пучын, Сьцяжарнае. Застаўным ўладальнікам, мазырскім маршалкам панам Антоніем Аскеркам, падданыя ўсіх названых вёсак былі самавольна далучаныя да царквы ў Губарэвічах з утварэньнем асобнага прыходу[16]. 1 верасьня 1719 году серадзкі ваявода Ян Канецпольскі выдаў пану Зыгмунту Шукшце з жонкай даўгавую расьпіску на 1500 злотых, забясьпечаных прыбыткамі зь вёсак Глухавічы, Губарэвічы, Сьцяжарнае і Пучын[17]. У 1734 годзе Губарэвічы знаходзіліся ў заставе ў айцоў цыстэрцыянаў кімбараўскіх[18], хоць уладальнікам усяго Брагінскага маёнтку на той час быў ужо князь Міхал Сэрвацы Вішнявецкі, бо з 1733 года пачаў звацца яшчэ і «графам на Брагіне»[19]. У 1743 годзе прыход царквы ў губарэвічах узначальваў сьвятар Самуэль Бярнацкі[15].
Паводле зьвестак на 1748 год ксяндза Караля Непамуцэна Арлоўскага, Краснасельле было сярод паселішчаў, частка жыхароў якіх (зь ліку шляхты) належала да Астраглядавіцкай парафіі Оўруцкага дэканату Кіеўскай дыяцэзіі[21]. У 1754 годзе з 41 двара (×6 — каля 246 жыхароў) сяла Hubarowicze Брагінскага маёнтку выплачвалася «do grodu» (Оўруцкага замку) 6 злотых, 12 грошаў, «na milicję»[b] 25 злотых і 18 грошаў[22]. У тым жа годзе маёнтак быў куплены ў княгіні Эльжбэты Вішнявецкай Міхалавай Замойскай панам Францішкам Антоніем Ракіцкім. Паводле «Апісання цэрваў горада Рэчыцы і Рэчыцкага павета, падпарадкаваных Чарнігаўскай духоўнай кансісторыі» 1796 года, у 1782 годзе ў Губарэвічах узведзены новы будынак царквы ў гонар Нараджэньня Багародзіцы[23].
Габрэйскія перапісы 1765, 1778 і 1784 гадоў засьведчылі пражываньне ў вёсцы адпаведна 7, 2 і 3 чалавек (głow), якія належалі да Брагінскага кагалу[24]. Пэўна, гайдамацка-сялянская Каліеўшчына 1768 году спрычынілася да рэзкага зьмяншэньня тут насельнікаў-юдэяў.
Вёска Губарэвічы і ўгодзьдзі царквы згаданыя ў эксплікацыі да мапы Брагінскага графства, датаванай 27 днём жніўня 1783 году.
Расейская імпэрыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Губарэвічы апынуліся ў межах Чарнігаўскага намесьніцтва, з 1796 г. у складзе адноўленага Рэчыцкага павету спачатку Чарнігаўскай, потым Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 г. Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[25]. У 1795 годзе насельніцтва пераведзенае ў маскоўскае праваслаўе. Прыход увайшоў у склад Чарнігаўскай, а потым Менскай епархіі. З настаяцеляў вядомыя: Іаан Бярнацкі, Феадор Бярнацкі, Матфей Загароўскі, Васілій Загароўскі. Згодна з рэвізіяй 1811 года Губарэвічы зь іх прыгоннымі жыхарамі былі ўласнасьцю непаўналетняга графа Міхала, сына Рафала, Ракіцкага. Прозьвішчы сялян — Бабры, Сакуны (лідары), Хорсуны, Марчанкі[26]. У ведамасьці 1829 году пра Раства-Багародзіцкую царкву запісана, што ў сяле Губарэвічы налічваўся 31 поўны двор і яшчэ тры чвэрці двара. Прыхаджане зь сялян губарэвіцкіх, 127 мужчын і 130 жанчын, што належалі графу Міхалу Ракіцкаму, былі ў заставе ў Кімбараўскага кляштару сясьцёр цыстэрцыянак[27]. Паводле матэрыялаў рэвізскіх сказак 1850 году тут было 38 двароў, 296 жыхароў[28]. У рэвізіі 1858 году ўладальнікам сяла Губарэвічы з 332 жыхарамі названы граф Людвік, сын Міхала, Ракіцкі. З прозьвішчаў, акрамя раней ужо названых, — Бандарэнкі, Дашукі, Васюкі, Бордакі, Ляшчуны, Здрок, Прус (Прусянок), Рудзянок[29]. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 321 жыхар Губарэвічаў абодвух полаў быў прыхаджанінам Стралічаўскай Міхайлаўскай царквы[30].
У парэформавы пэрыяд Губарэвічы ў складзе Мікуліцкай воласьці Рэчыцкага павету Менскай губэрні. На 1864 год тутэйшая царква Раства Багародзіцы была прыпісной у Стралічаўскім прыходзе[31]. На пачатак 1870 года тут — 154 мужчыны-гаспадары зь ліку сялян уласьнікаў, прыпісаных да Губарэвіцкага сельскага таварыства[32]. У 1879 годзе Губарэвічы належалі да ліку паселішчаў Стралічаўскага царкоўнага прыходу[33]. Паводле энцыкляпэдыі «Гарады і вёскі Беларусі», у 1885 годзе тут было 270 жыхароў і 68 двароў, дзейнічала царква Раства Багародзіцы. У 1891—1896 гадох Губарэвіцкае сельскае таварыства мела пазямельныя судовыя справы з уладальнікам маёнтку Брагін панам Станіславам Кербедзем, дакладней, зь яго ўпаўнаважаным Юзафам Вайткоўскім[34]. Паводле перапісу 1897 году налічвалася 650 жыхароў і 103 двары, царква, школа граматы, 2 ветракі і фальварак[4]. У 1908 годзе Губарэвічы налічвалі 830 жыхароў і 130 двароў, месьціліся ў Мікуліцкай воласьці (Рэчыцкі павет, Менская губэрня).
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскай мірнай дамовы з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Губарэвічы ў складзе Мікуліцкай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы»[35]. Падчас акупацыі германскімі войскамі ў 1918 годзе партызаны пад камандаваньнем Ф. І. Скараходава (выхадзец з Брагіна) разграмілі створаную тут акупантамі камендатуру.
1 студзеня 1919 г., згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.
Ад 8 сьнежня 1926 году – у складзе БССР. Да 30 сьнежня 1927 году вёска была цэнтрам сельсавету ў Хвойніцкім раёне спачатку Рэчыцкай акругі, а з 9 чэрвеня 1927 году ў Гомельскай акрузе. У 1930 годзе заснаваны калгас «Хваля рэвалюцыі», працавала кузьня[4]. На пачатку 1930-х гадоў сельскі храм стаў прыходзкім. 7 студзеня 1938 году супрацоўнікі Народнага камісарыяту ўнутраных справаў БССР арыштавалі пратаярэя царквы Яна Жалезьняковіча, якога расстралялі 10 лютага. У верасьні 1938 году царкву пераабсталявалі пад школу. У нямецка-савецкай вайне 1941—1945 гадоў загінулі 104 вяскоўцы. У лістападзе 1943 году Чырвоная Армія вызваліла вёску ад нямецкіх захопнікаў[36]. На пачатку 1945 году сельскую царкву разабралі. Паводле перапісу 1959 году вёска налічвала 756 жыхароў. Пасьля 1986 году зь вёскі адсялілі 726 жыхароў[37].
Да 2005 году знаходзілася ў складзе саўгасу «Стралічаў». На 2009 год км² глебы ўтрымліваў 15—40 кюры радыёнуклідаў цэзу-137 і 2—3 кюры стронцу-90. Доза апрамяненьня ў вёсцы 5-кратна перавышала норму[38]. У 2010 годзе на стагадовым вязе побач з разабранай царквой выразалі выяву Багародзіцы зь немаўлём, якую абвязалі ручнікамі і ўпрыгожылі кветкамі. На 2012 год у адселенай вёсцы пражывала 7 пэнсіянэраў[2]. У красавіку 2016 году лябараторыя Менскага гарадзкога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі выявіла ў малацэ з фэрмы Мікалая Чубянка, што побач зь вёскай, радыёнукліды стронцу-90 у памеры 37,5 бэкерэль/кг. Тым часам, Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь дапускала ўтрыманьне ў малацэ да 3,7 бэкерэль/кг радыёнуклідаў стронцу, паводле Рэспубліканскіх дапушчальных узроўняў зьмяшчэньня радыёнуклідаў цэзу-137 і стронцу-90 у харчовых прадуктах і пітной вадзе ад 26 красавіка 1999 году (РДУ-99). Пагатоў малако прадавалі на Хвойніцкі вытворчы ўчастак ААТ «Мілкавіта», адкуль вырабленыя зь яго «Палескія сыры» пастаўлялі ў Расею. Аднак нават Тэхнічны рэглямэнт Эўразійскага эканамічнага зьвязу дапускаў да 25 бэкерэль/кг у малочных вырабах па радыёнуклідах стронцу[39].
Да Вялікадня 2016 году каля дрэва ўзьвялі капліцу, у якую выхадцы з Губарэвічаў перадалі напрастольны крыж з разбуранага храма, а на месцы храма паставілі крыж. 17 красавіка 2017 году тураўскі япіскап Леанід асьвяціў капліцу ў гонар Нараджэньня Багародзіцы. На той час у вёсцы Губарэвічы было 5 жыхароў[40].
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XIX стагодзьдзе: 1850 год — 296 жыхароў і 38 двароў; 1885 год — 270 жыхароў і 68 двароў; 1897 год — 650 жыхароў і 103 двары[4]
- XX стагодзьдзе: 1908 год — 830 жыхароў і 130 двароў; 1959 год — 756 жыхароў; 1986 год — 726 жыхароў[37]; 1999 год — 47 жыхароў
- XXI стагодзьдзе: 2004 год — 70 жыхароў; 2010 год — 23 жыхары; 2012 год — 5 жыхароў[2] і 5 хат
Ураджэнцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Уладзімер Марчанка (1915—1945) — артылерыст, поўны кавалер ордэна Славы[4]
- Мікола Ляшчун (нар. 1955) — паэт і перакладнік[41]
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Чарнігаўскі гісторык І. В. Кандрацьеў спрабуе абвінаваціць князёў Вішнявецкіх у тым, што ў 1574 г. яны, сярод іншых памежных сёлаў, нібыта прыналежных раней да Любецкага староства, прыгарнулі да Брагіна і Губаровічы[7]. Уражаньне такое, што робіць ён гэта па інэрцыі, бо Губарэвічы, у адрозьненьне, скажам, ад брагінскай жа вёскі Галкі, калі і былі памежнымі, дык хіба з астраглядавіцкім альбо хвойніцкім Стралічавам, а гэта занадта далёка ад любецкіх кардонаў. Варта, аднак, мець на ўвазе і іншае. Яшчэ з 2005 г. аўтар настойвае на рэальнасьці створанай ім фантасмагорыі, г. зн. на прыналежнасьці самога Брагіна і воласьці альбо іх паловы да Любецкага староства[8]. Пра Брагінскую воласьць у яго складзе можна прачытаць і ў артыкуле В. С. Пазднякова «Любеч» у 3-м дадатковым томе энцыкляпэдыі «Вялікае Княства Літоўскае» (2010); апошняе, напэўна, шкодзіць рэпутацыі беларускага выданьня.
- ^ Галоўным чынам, дзеля барацьбы супраць гайдамакаў.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Губарэвічы // Фота Плянэта, 2017 г. Праверана 12 верасьня 2017 г.
- ^ а б в Ірына Асташкевіч. Так хочацца цуду // Зьвязда : газэта. — 22 траўня 2012. — № 95 (27210). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf) С. 317
- ^ а б в г д Станіслаў Марцалеў. Губарэвічы // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкляпэдыя ў 8 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2005. — Т. 2. Гомельская вобласьць. Кніга 2. — С. 439. — 520 с. — 4000 ас. — ISBN 985-11-0330-6
- ^ Канстанцін Антановіч. Русальны тур'івэнт // Культура : газэта. — 16 чэрвеня 2012. — № 24 (1047).
- ^ Спиридонов М. Ф. Акт о разделе имения Брягин. 1574 г. // Беларускі археаграфічны штогоднік. 2000, Вып. 1. С. 185 – 194
- ^ Kondratiew I. Wyznaczanie granic międzypaństwowych i administracyjnych na ziemi czernihowsko-siewierskiej w XVI–XVII wieku. // Realne i wyobrażone granice i rubieże Wielkiego Księstwa Litewskiego. / pod redakcją Doroty Michaluk. – Ciechanowiec: Muzeum Rolnictwa im. ks. Krzysztofa Kluka w Ciechanowcu-Instytucja Kultury Województwa Podlaskiego-Archiwum Główne Akt Dawnych, 2021. S. 140
- ^ Кондратьєв І. В. Лоєвське староство у 1585 – середині ХVII ст. // Пятыя міжнародныя Доýнараýскія чытанні. – Гомель, 2005. С. 197; Кондратьєв І. В. Любецьке староство (XVI – середина XVII ст.). /І. В. Кондратьєв – Чернігівський національний педагогічний університет ім. Т. Г. Шевченка; Історико-археологічний музейний комплекс «Древній Любеч». – Чернігів: Видавець Лозовий В. М., 2014. С. 20, 69, 79, 196–197
- ^ Руська (Волинська) метрика [Текст] : регести документів Коронної канцелярії для укр. земель (Волинське, Київське, Брацлавське, Чернігівське воєводства) 1569—1673 / Держ. ком. арх. України, Центр. держ. істор. арх. України, м. Київ, Ін-т укр. археографії та джерелознавства ім. М. С. Грушевського НАН України, Генер. дирекція держ. арх., Голов. арх. давніх актів; ред. і упоряд Г. Боряк [та ін.]; передм. П. К. Грімстед. — Київ, 2002. С. 301—302
- ^ Źródła dziejowe. T. XXІ: Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. X: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). / A. Jabłonowski. — Warszawa, 1894. S. 14
- ^ Архив Юго-Западной России. Ч. 7. Т. 1. Акты о заселении Юго-Западной России. – Киев, 1886. С. 393
- ^ Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Radziwiłłów. Dział X. Sygn. 933. S. 5-6
- ^ Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. С. 489
- ^ Архив ЮЗР. Ч. 3. Т. 2. Акты о казаках (1679 – 1716). – Киев, 1868. С. 153
- ^ а б Візыты Брагінскага дэканату 1743 г. // Інстытут рукапісу Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя У. І. Вярнадзкага. І. 2461. А. 288адв., 289
- ^ Архив ЮЗР. Ч. 1. Т. 4. Акты об унии и состоянии православной церкви с половины XVII века (1648—1798). — Киев, 1871. С. 378—379
- ^ Описи актовых книг Киевского центрального архива. — № 38 / Сост. Е. П. Дьяковский — Киев: Типография Т. Г. Мейнандера, 1906. С. 15
- ^ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 287
- ^ Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией. — Вильна, 1870. Т. IV. Акты Бресцкого гродского суда. С. 485
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі ў 4-х тамах: Т. 2. — Мінск: Белкартаграфія, 2013. С. 122
- ^ Ks. Orłowski K. N. Defensa biskupstwa y dyecezyi Kiiowskiey. — Lwów, 1748. S. 148
- ^ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 190
- ^ НГАБ у Мінску. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 573. А. 33
- ^ Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 302, 391, 710
- ^ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. C. 181–182
- ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 260. А. 247—250
- ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40604. А. 33адв.
- ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 701. А. 542—553
- ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 1152. А. 260—272
- ^ Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 696
- ^ Историко-статистическое описание Минской епархии. – Санкт-Петербург, 1864. С. 304 – 305
- ^ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 71
- ^ Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 131
- ^ НГАБ. Ф. 1595. Воп. 2. Спр. 2280. А. 14 — 14адв., 76 — 76адв., 88 — 88адв.
- ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918 – 1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 – 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев. — Минск, 2018. С. 85
- ^ Анатоль Кляшчук. Прафэсійная прыгоднасьць на ўсё жыцьцё // Зьвязда : газэта. — 29 траўня 2013. — № 96 (27461). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б Алена Германовіч. Дома сумна - падарожжа дзявятае: Губарэвічы // Беларускія навіны, 25 красавіка 2013 г. Праверана 12 верасьня 2017 г.
- ^ Кастусь Лашкевіч. Чарнобыльцы: «Дайце нам тут спакойна памерці» // Tut.by, 8 кастрычніка 2009 г. Архіўная копія ад 8 кастрычніка 2009 г. Праверана 12 верасьня 2017 г.
- ^ Фэрмэр Мікалай Чубянок: «Я столькі ўклаў сродкаў у гэтую фэрму. А тут такое» // Беларускія навіны, 28 красавіка 2016 г. Архіўная копія ад 29 красавіка 2016 г. Праверана 12 верасьня 2017 г.
- ^ Япіскап тураўскі і мазырскі Леанід зьдзейсьніў асьвячэньне капліцы ў вёсцы з пяцю жыхарамі // Беларуская праваслаўная царква, 20 красавіка 2017 г. Праверана 12 верасьня 2017 г.
- ^ Валерыя Гіро. Ільлянскую школу наведаў беларускі паэт Мікола Ляшчун // Газэта «Шлях перамогі» (Вялейка), 5 лютага 2013 г. Праверана 12 верасьня 2017 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.2, кн.2. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2005. 520с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0330-6 ISBN 985-11-0302-0
- Ростислав Бондаренко, священник. Памяти мученика, крестившего моего деда (жизнеописание протоиерея Иоанна Иосифовича Железняковича). // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 77 — 83
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Надвор’е ў вёсцы Губарэвічы Архіўная копія ад 12 верасьня 2017 г. Праверана 12 верасьня 2017 г.
- Сяргей Лескець. Фота: Чарнобыль 30 гадоў пасьля катастрофы // Цэнтар Астрагорскага, 25 красавіка 2016 г. Праверана 12 верасьня 2017 г.