Перайсьці да зьместу

Мокіш

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мокіш
Першыя згадкі: 1628 год[a].
Вобласьць: Гомельская
Раён: Хвойніцкі
Сельсавет: Стралічаўскі
Часавы пас: UTC+3
Геаграфічныя каардынаты: 51°47′56.8″ пн. ш. 29°58′8.8″ у. д. / 51.799111° пн. ш. 29.969111° у. д. / 51.799111; 29.969111Каардынаты: 51°47′56.8″ пн. ш. 29°58′8.8″ у. д. / 51.799111° пн. ш. 29.969111° у. д. / 51.799111; 29.969111
Мокіш на мапе Беларусі
Мокіш
Мокіш
Мокіш

Мо́кіш[2] — былая вёска ў Стралічаўскім сельсавеце Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці.

Карона Каралеўства Польскага

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Герб Карыбут князёў Вішнявецкіх.
Фрагмэнт запісу князя Ярэмія Вішнявецкага 1638 г.

«Sioło Mokisz» зь пяцю дымамі і млын, паводле тарыфу падымнага падатку Кіеўскага ваяводства 1628 г., трымаў у заставе ад князя Вішнявецкага (Канстанціна?) пан Андрэй Клікашэўскі ды плаціў зь іх 17 злотых і 12 грошаў.[3]. Пазьней Мокіш згаданы ў 1638 годзе, калі князь Ярэмі Міхал Вішнявецкі заставіў на чатыры гады за 65 000 злотых сваю палову Брагінскага маёнтку пану Мікалаю Лосятынскаму[4]. У дакумэнце з допыту казакоў, захопленых у палон пасьля бітвы пад Загальлем, датаваным 29 чэрвеня 1649 г., названы Пётр з Мокіша, падданы пана Катарскага[5].

У люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводства ад 25 студзеня 1683 г. сказана, што вёску Мокіш з 7 дымамі трымаў пан Катарскі[6]. Пад 1687 годам у справе Оўруцкага гродзкага суда Мокіш названы сярод паселішчаў, зруйнаваных працяглым пастоем казакоў палкоўніка Войска Запарожскага Паўла Апостала Шчуроўскага. Тады тут было 7 дымоў, 7 казакоў і два кані на пастоі. Усяго макішанцы заплацілі за здор і соль 30 злотых, за гарэлку — 9 зл., за 7 пар хустаў палатна на ўладкаваньне паходных шатроў — 8 зл., на порах — 2 зл. і 15 грошаў, легуміны(d) аддалі 12 вёдраў, аўса — 42 вядры, а яшчэ — 3 кабаноў, 14 падсьвінкаў, 25 кур.[7]. У акце таго ж суда ад 7 кастрычніка 1715 г. сказана, што ў 1708 г. пан маршалак мазырскі Антоні Аскерка захапіў землі з сенажацямі ўва ўрочышчы Тварова, адпісаныя царкве сьв. Мікалая ў Брагіне яшчэ князямі Вішнявецкімі, а вёскі Глухавічы, Губаровічы, Сьцяжарнае, Пучын, Мокіш, Еўлашы, якія належалі да прыходу названай царквы, у ваяводстве Кіеўскім павеце Оўруцкім размешчаныя, да царквы ў сяле Губаровічы самавольна далучыў[8]. У 1734 г. Мокіш трымалі ў заставе паны Войны[9]. На 1754 г. вёска з 16 дварамі (×6 — каля 96 жыхароў) належала да Брагінскага маёнтку; з яе «do grodu» (Оўруцкага замку) выплачваліся 2 злотыя, 14 грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 9 зл., 26 гр.[10] У тым жа годзе маёнтак куплены ў пані Эльжбэты Замойскай, дачкі князя Міхала Сэрвацыя Вішнявецкага, панам ашмянскім войскім Францішкам Антоніем Ракіцкім.

Герб Равіч паноў Ракіцкіх.
Мокіш і Варацец у эксплікацыі да мапы Брагінскага графства 1783 г.

Паводле габрэйскіх перапісаў 1765, 1778 і 1784 г., у вёсцы Мокіш жылі адпаведна 6, 2 і 3 чалавекі (głowy), якія належалі да Брагінскага кагалу[11]. Падобна, Калііўшчына 1768 г. — найбуйнейшае ўзброенае выступленьне за ўсю гісторыю гайдамацтва — паўплывала на колькасьць габрэяў і ў гэтай невялічкай вёсцы.

20 жніўня 1776 году апекуны Людвікі Шуйскай, пасэсары добраў Хвойнікі і Астраглядавічы князі Шуйскія, старосты ніжынскія, абвінавачвалі ў Оўруцкім гродзкім судзе пяцігорскага палкоўніка Міхала Ракіцкага, дзедзічнага ўладальніка Брагінскага маёнтку, і пасэсара вёскі Мокіш пана Міклашэвіча, у тым, што сяляне мокішскія пакасілі стралічаўскія сенажаці, вялікія шкоды ўчыніўшы[12].

Вёска Мокіш згаданая ў эксплікацыі да мапы Брагінскага графства, датаванай 27 днём жніўня 1783 году.

Расейская імпэрыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Фальварак і вёска Мокіш на схематычным плане Рэчыцкага павету 1800 г.
Герб Мурдэліо зьменены роду Аскеркаў.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Мокіш апынуўся ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва, з 1796 г. у складзе ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 г. Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[13]. На 1795 год вёска Мокіш і фальварак Рудакоў былі ў заставе ў ротмістра Крэча, але належалі пану рэчыцкаму падстаросьце Ігнацыю Аскерку[14], які годам раней страціў жонку Ізабэлу[15], дачку папярэдняга ўладальніка добраў графа Міхала Адама Ракіцкага. Як сказана ў справе аб дваранстве роду Аскеркаў, у 1798 г. іх сын Ўладыслаў (у 4 гады?) таксама быў уведзены у валоданьне вёскамі Мокіш, ... і Варацец[16]. Ад 1816 г. згодна з сямейным пагадненьнем уладальніцай маёнтку Мокіш і Бабчын стала Людвіка, дачка Ігнацыя, Аскерка.[17] У 1834 г. гаспадыняй Рудакоўскага маёнтку з Мокішам, Бабчынам і інш. была ўдава Ўладыслава пані Ядзьвіга з Гечэвічаў Аскерчына, якую настаяцель Бабчынскай Крыжаўзьдзьвіжанскай прыходзкай царквы І. Нямшэвіч у мэтрычных запісах хросту дзяцей яе сялян чамусьці называў Еўдакіяй[18].

Мокіш на трохвярстовай мапе Ф. Ф. Шубэрта 1850 г.

Паводле інвэнтару 1844 г. Мокіш – вёска з 27 дварамі, 173 жыхарамі і аднайменны фальварак Рудакоўскага маёнтку былі ўласнасьцю непаўналетніх Гэнрыка Юстына, Аляксандра Юстыніяна і Зофіі Марцэлы Аскеркаў, але знаходзіліся ў арэндзе ў Міхаіла Ігнатавіча Быкава[19]. У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 197 жыхароў вёскі Мокіш зьяўляліся прыхаджанамі Бабчынскай Крыжаўзьдзьвіжанскай царквы, 3 мужчыны і 2 жанчыны зь ліку жыхароў фальварку былі парафіянамі Астраглядаўскага касьцёлу Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[20].

У парэформавы пэрыяд — у Мікуліцкай воласьці Рэчыцкага павету Менскай губэрні. На пачатак 1870 года тут — 101 мужчына-гаспадар зь ліку сялян уласьнікаў, прыпісаных да Мокішскага сельскага таварыства[21].Да свайго спачыну ў 1866 г. маёнткам валодаў Гэнрык Аскерка, а пасьля яго дочкі Марыя і Алена. На 1889 год маёнтак Рудакоў з фальваркамі Бабчын і Мокіш (усяго 7162 дзесяціны зямлі) у Мікуліцкай воласьці належалі пані Алене (Аскерчанцы) Ваньковіч[22]. У 1897 г. ў вёсцы 57 двароў, 367 жыхароў. Дзейнічалі царкоўна-прыходзкая школа, конны млын. У фальварку 24 жыхары[1]. У 1907 — 1912 гг. ураджэнец Мокіша селянін Кіпрыян Трафімавіч Ярмольчык быў дэпутатам ІІІ Дзяржаўнай думы ад Рэчыцкага павету; сябар "Русской национальной фракции"[23]. На 1909 год у вёсцы Мокіш 70 двароў, 435 жыхароў, у фальварку 1 двор, 10 жыхароў.[24] У 1911 г. уладальніца маёнтку А. Ваньковіч.[25]

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Мокіш у складзе Мікуліцкай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[26].

1 студзеня 1919 г., згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

Мокіш на мапе 1924-26 гг.

Ад 9 траўня 1923 года Мокіш — у складзе Хвойніцкай воласьці Гомельскай губэрні. З 8 сьнежня 1926 г. — у складзе БССР, цэнтар Мокішанскага сельсавету Хвойніцкага раёну Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 года Гомельскай акругі. З 30 сьнежня 1927 г. вёска — у складзе Бабчынскага сельсавету тых жа раёну і акругі. На 1930 год у тут было 53 двары. У 1931 году арганізаваны калгас[1]. З 20 лютага 1938 года — Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.

У гады Вялікай Айчыннай вайны на фронце загінулі 29 жыхароў вёскі.

З 1954 года Мокіш — у Гомельскай вобласьці. Паводле перапісу 1959 года, – 217 жыхароў. У складзе калгасу «Кастрычнік» з цэнтрам у сяле Бабчын. У 1959 г. у Рудакоўскім сельсавеце, 677 жыхароў, у 1970 г. 574 жыхары[1].

21 верасьня 2010 году вёска ліквідаваная рашэньнем Хвойніцкага раённага Савету дэпутатаў[27].

  1. ^ С. В. Марцэлеў няслушна пачаў адлік «пісьмовай» гісторыі Мокіша з інвэнтару 1844 г.[1].
  1. ^ а б в г Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6. С. 450
  2. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
  3. ^ Архив Юго-Западной России. Ч. 7. Т. 1. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 394
  4. ^ Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Radziwiłłów. Dział X. Sygn. 933. S. 5
  5. ^ Джерела з історії Національно-визвольної війни українського народу 1648—1658 рр. Т. 1 (1648—1649). — Київ, 2012. С. 264, 266
  6. ^ АрхивЮЗР. — Киев, 1886. Ч. VII. T. I. С. 489
  7. ^ АрхивЮЗР. Ч. 3. Т. 2. Акты о казаках (1679—1716). — Киев, 1868. С. 153
  8. ^ АрхивЮЗР. Ч. 1. Т. 4. Акты об унии и состоянии православной церкви с половины XVII века (1648—1798). — Киев, 1871. С. 378
  9. ^ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. — Біла Церква, 2015. С. 287
  10. ^ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. — Біла Церква, 2015. С. 190
  11. ^ АрхивЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 302, 391, 710
  12. ^ Аrchiwum Główny Akt Dawnych. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich. Sygn. 1. S. 80
  13. ^ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. C. 181–182
  14. ^ Петреченко І. Є. “Камеральное описание… Речицкой округи” 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). – Минск: Четыре четверти, 2018. С. 73
  15. ^ НГАБ у Мінску. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 97
  16. ^ НГАБ. Ф. 319. Воп. 2. Спр. 2386. А. 72
  17. ^ Słownik geograficzny Krółewstwa Polskiego і innych krajów słowiańskich. – Warszawa, 1888. T. 9. S. 901
  18. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 536. А. 68
  19. ^ НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1465. Пра род Аскеркаў гербу Мурдэліо гл.: Гербоўнік беларускай шляхты. – Мінск, 2002. Т. 1. С. 328 – 334
  20. ^ Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 381, 722
  21. ^ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 71
  22. ^ Список зелевладельцев Минской губернии. 1889 г. – Минск, 1889. С. 364
  23. ^ Боиович М. М. Члены Государственной Думы. Портреты и биографии / М. М. Боиович, – Москва, 1913
  24. ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. – Минск, 1909. С. 126
  25. ^ Список землевладельцев Минской губернии. 1911 г. – Б. м. С. 4
  26. ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев. — Минск, 2018. С. 85
  27. ^ «Об упразднении сельских населенных пунктов Хойникского района». Решение Хойникского районного Совета депутатов от 21.09.2010 г. № 25 (рас.)
  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.2, кн.2. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2005. 520с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0330-6 ISBN 985-11-0302-0
  • Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI – XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. – Минск: Четыре четверти, 2018. С. 6, 23 – 27, 29, 31 – 35