Перайсьці да зьместу

Апачычы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Апачычы
лац. Apačyčy
Дата заснаваньня: другая палова XV ст.
Былая назва: Апачычын альбо Апачычына, Апачын
Краіна: Украіна
Вобласьць: Кіеўская
Раён: Іванкаўскі
Насельніцтва: 1 чал.
Часавы пас: UTC+2
летні час: UTC+3
Геаграфічныя каардынаты: 51°12′9″ пн. ш. 30°18′41″ у. д. / 51.2025° пн. ш. 30.31139° у. д. / 51.2025; 30.31139Каардынаты: 51°12′9″ пн. ш. 30°18′41″ у. д. / 51.2025° пн. ш. 30.31139° у. д. / 51.2025; 30.31139
Апачычы на мапе Ўкраіны
Апачычы
Апачычы
Апачычы
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Апачычы, Апачыцы[1] (па-ўкраінску: Опачичі, Опачиці) — былое сяло ў Чарнобыльскім, пасьля ў Іванкаўскім раёне Кіеўскай вобласьці Украіны.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Герб Ліс роду Івашэнцавічаў
Апачычы (Іспачычы) ў пазямельнай спрэчцы 1522 г.
Герб Астоя роду Служкаў

20 кастрычніка 1508 году кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Стары выдаў ліст на валоданьне сялом Апачычынам у Кіеўскім павеце і аднайменным ваяводзтве Вялікага Княства Літоўскага зямяніну Васку Жэрабяцічу. Раней тое сяло альбо грунт трымаў ягоны продак Івашка Апачыца, але потым прадаў яго нейкаму пану Раману. Надалей добры дасталіся будучаму каралеўскаму «зрадъцу» князю Івану Львовічу Глінскаму[2]. З гэтага вынікае, што пачатак гісторыі паселішча можна пазначыць, прынамсі, другой паловай XV ст.[3].

Прывілеем ад 25 чэрвеня 1509 году кароль Жыгімонт падараваў «шляхотъне врожонымъ дворяномъ» Багдану, Андрэю і Зьмітру Івашэнцавічам, акрамя іншага, «села... Опачичина на Припяти, а Мухоедовичы...». У дакумэнце сказана, што фартуна належала яшчэ іхнаму дзядзьку пану Раману Івашэнцавічу, пазьней жа трымаў муж дачкі нябожчыка, а іхняй стрыечнай сястры, каралеўскі «зрадъца» князь Іван Глінскі[2], былы ваявода кіеўскі.

На грунты ў Апачычах[a] ды Мухаедавічах, аднак, прэтэндавалі і іншыя гаспадарскія слугі. Паны Васіль Балгавіцінавіч і Сенька Бабінскі ў 1522 годзе апэлявалі да караля, маўляў, зямяне Зьміцер і Макар Івашэнцавічы занялі і карыстаюцца не сваім. Апошнія адказалі, што тое ім падаравана манархам на вечнасьць. Кароль Жыгімонт загадаў абодвум бакам стаць перад ім з дакумэнтамі, якія пацьвярджаюць падараваньні. Напэўна, ў наступным годзе ўдзельнікі цяжбы неяк падзялілі між сабой Мухаедаўскія і прылеглыя добры[4].

17 лютага 1537 году паны Івашэнцавічы, пані Зьмітрыевая, пан Макар і браты ягоныя, судзіліся з панам Львом Палазовічам, дваранінам каралеўскім, «о езы и берега его Теремскии и Лодыжицкии, менуючы то своими отчизными берегами Опачичинскими»[5].

Пан Іван Служка, «дзякуючы сваёй блізкасці» да Паўла Багданавіча Івашэнцавіча, набыў за 100 коп грошаў грунт у сяле Апачына. Яшчэ адну частку земляў у гэтым жа сяле трапіла ў валоданне Івана Рыгоравіча ад Фёдара Багданавіча Івашэнцавіча, якога ён называў «кроўным братам сваім». Адбылося гэта паміж 1546–1549 гадамі. Абодва набыткі былі пацьверджаныя каралём[6].

У апісаньні Чарнобыльскага замка 1552 году паведамляецца пра патужнікаў зь ліку жыхароў сяла Апачычы, што належала да Чарнобыльскай нядзелі[b][7].

Напярэдадні падпісаньня акту Люблінскай уніі ўказам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 году Кіеўскае ваяводзтва (і Чарнобыль з Апачычамі ды іншымі прылегласьцямі) было далучана да Кароны Польскай[8].

Карона Каралеўства Польскага

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У падатковым рэестры Кіеўскай зямлі (ваводзтва) 1581 году зазначана, што з 14 дымоў асадных сялянаў і з 4 агароднікаў вёскі Апачычына уладальніцы пані Служчыны выбіралася адпаведна па 15 і па 6 грошаў[9].

9 чэрвеня 1598 году пан Мікалай Служка, староста крычаўскі, запісаў у пажыцьцёвае валоданьне сваёй жонцы пані Ганьне з дому Тхарэўскіх добры Мухаедавічы, Вуглы, Апачычы. 3-м жніўня 1604 году пазначаная дамова паміж Паўлам і Хведарам Багданавічамі, братанічам іхным Андрэем Івашэнцавічам адносна падзелу добраў у Оўруцкай воласьці Кіеўскага ваяводзтва Мухаедавічаў, Апачына, Ясенічаў, Загальцаў, Вароніна і інш., а таксама дворышчаў у месьце Кіеве; вялося таксама пра ўлагоджваньне непаразуменьняў міх князямі Пятром і Стэфанам Збараскімі і панам Мікалаем Макаравічам Івашэнцавічам.

Аляксандар Служка, ваявода менскі
Герб Ліс дому Сапегаў

17 траўня 1613 году пан Крыштаф, ваявода вэндэнскі, і Аляксандар, староста рэчыцкі, Служкі ці не ўпершыню абвінавацілі пана Лукаша Сапегу і жонку яго Зофію ў незаконным узяцьці ў заставу і ўжываньні іхных дзедзічных добраў Мухаедавічаў, Вуглоў, Белага Берага, а таксама вёскі Апачычына[c], запатрабавалі ад Сапегаў адкупнога за няпраўныя дзеяньні, а разам і пакіданьня маёнтку. У судовай позве ад 1 чэрвеня 1618 году пан Аляксандар і іншыя Служкі ў чарговы раз абвінавацілі сужэнства Лукаша і Зофію з Кмітаў Чарнабыльскіх Сапегаў у гвалтоўным заняцьці добраў Мухаедавічы, Вуглы, Белы Бераг і Апачычы. 9 ліпеня т. г. Служкі запатрабавалі ад Сапегаў вяртаньня вёскі Ханеўскай, заснаваный на грунтах мухаедаўскіх, а разам самых Мухаедавічаў, Апачычаў і астатніх з вышэйназваных вёсак[10]. 12-м сьнежня 1618 году датаваная скарга рэчыцкага старосты Аляксандра Служкі на пана Лукаша Сапегу за непрызнаньне яго паверанага ў справе разьмежаваньня маёнткаў Апачыцы і Чарнобыль асобай паўнапраўнай, бо, маўляў, той ня меў аселасьці ў Кіеўскім ваяводзтве. І гэта нягледзячы на сьведчаньне вознага пад прысягай, што ён увёў названага паверанага, шляхціча Аляксандра Нелавецкага, у пажыцьцёвае валоданьне сялом Карчоўка, згодна з запісам пана Мікалая Харлінскага[11].

Казімер Леў Сапега. Партрэт XVII ст.
Казімер Уладзіслаў Сапега (1709)

Паводле тарыфу падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва, у 1628 годзе з 7 дымоў Opoczyczyna пана Аляксандра Служкі, менскага кашталяна, рэчыцкага старосты, і нашчадкаў нябожчыка пана Крыштафа Служкі, ваяводы вэндэнскага, Рэмігіяна і Рафала выплачвалася па 2 злотых[12]. Па нейкім часе Аляксандар Служка прадаў сваю частку Апачычаў Казімеру Льву Сапегу, вялікаму пісару літоўскаму, уладальніку Чарнобыльскага маёнтку. У 1640 годзе пан Стэфан Аксак, судзьдзя земскі кіеўскі, набыў ад Рэмігіяна Служкі ягоную частку добраў у Кіеўскім ваяводзтве, але хутка прадаў яе мітрапаліту кіеўскаму Пятру Магіле[13].

22 сьнежня 1646 году мітрапаліт Пётар Магіла завяшчаў калегіюму Брацкага Багаяўленскага манастыра ў Кіеве 20 000 злотых на добрах Апачыцы і Мухаедавічы, набытых ад нашчадкаў вэндэнскага ваяводы Крыштафа Служкі. Тую ж нерухомасьць завяшчаў і свайму брату пры ўмове, што выкупіць яе за названую суму ў айцоў-калегіятаў. Але брат, як скардзіліся пазьней манахі, у часы ваеннага ліхалецьця адабраў у іх падараванае і прадаў пану Казімеру Сапегу[14]. Апачычы для манастыра былі страчаныя назаўсёды.

Ян Фрыдэрык Сапега (1746).

Згодна зь люстрацыяй падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва 1683 году, з 13 дымоў вёскі Апачыцы пана Казімера Ўладзіслава Сапегі, кашталяна троцкага, выплачвалася 4 злотых. 26 кастрычніка 1686 году чарнобыльскі мешчанін Яско Ковчан пад прысягай паведаміў у Оўруцкім гродзкім судзе, што з-за казакоў зь вёскі Апачыцы Чарнобыльскага маёнтку пана Сапегі адыйшлі 2 дымы (×6 — прыкладна 12 жыхароў)[15]. 20 жніўня 1694 году адміністратар Чарнобыльскай воласьці пана Сапегі пан Рыгор Пальчэўскі зьвярнуўся ў Оўруцкі гродзкі суд з пратэстам-скаргай на палкоўніка рэестравай часткі Войска Запароскага Ярэмы Гладкага ды астатняга воінства з-за нязносных крыўдаў і гвалтаў імі ўчыненых. Што да Апачычаў, тут праблему складалі надта вялікія паборы. Калі «na kozaków pułtora horosznapodług ustawy wybrali», дык далей: на хусты палатна дзеля ўладкаваньне паходных шатроў, боты, колы, хамут узялі 14 злотых, «na pokłon setnikowi» (для сотніка казацкага) — 12 грошаў, за 3 кварты масла — 1 злоты і 15 грошаў, за 18 сыроў — 3 злотыя, 18 грошаў, а ўсяго: 40 польскіх злотых і 28 грошаў[16].

Згаданыя Апачыцы Чарнобыльскага маёнтку ў тарыфах падымнага падатку Кіеўскага і Жытомірскага паветаў[d] 1715, 1724, 1731, 1734 гадоў і ў люстрацыі 1748 году. У 1724 г. у вёсцы налічвалася 17 двароў (×6 — каля 102 жыхароў); у 1731 г. таксама 17 двароў і два ўбогіх, якія лічыліся за адзін; у 1748 г. нарэшце названы ўладальнік добраў – канцлер вялікі літоўскі Ян Фрыдэрык Сапега. Тады ў Апачыцах было 8 двароў, унесеных да тарыфу, 1 двор, жыхары якога занятыя на фальваркавай службе, з тарыфу выключаны, а таксама ўбогія двары, што разам плацілі 19 тынфаў[17].

У 1748 годзе вёска Апачыцы названая ў ліку паселішчаў, частка жыхароў якіх, напэўна, зь ліку шляхты і яе службы, належала да рыма-каталіцкай Чарнобыльскай парафіі Оўруцкага дэканату Кіеўскай дыяцэзіі[18].

Паводле тарыфа 1754 г., з 30 двароў[e] (×6 — каля 180 жыхароў) вёскі Opatycze, як і раней, прыналежнай да чарнобыльскіх добраў, «do grodu» (Оўруцкага замку) выбіралася 4 злотых і 21 грош, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 18 злотых, 24 грошы[19].

Габрэйскія перапісы 1765, 1778, 1784 гадоў засьведчылі пражываньне ў Апачычах адпаведна 4, 4 і 3 плацельшчыкаў пагалоўшчыны (głow), што належалі да Чарнобыльскага кагалу[20].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Апачычы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі. З 1797 году мястэчка — у межах Радамышльскага павету Кіеўскай губэрні.

У парэформавы пэрыяд сяло Апачыцы адміністрацыйна належала да Чарнобыльскай воласьці. На 1885 год тут налічвалася 44 двары з 338 жыхарамі, дзейнічалі царква, вятрак, пастаялы двор[21].

У 1900 годзе ў 134 дварах Апачыцаў было 318 душ мужчынскага і 284 жаночага полу жыхароў, усяго — 602 чалавекі. Зямлі ў сяле налічвалася 668 дзесяцін, зь якіх 66 дз. належала царкве, а 602 дз. сялянам. Гаспадарка вялася паводле трохпольнай сістэмы. Пры царкве дзейнічала прыходзкая школа[22].

Пасьля аварыі на ЧАЭС 681 жыхар былога цэнтру с/с[23] адселены ў вёску Новыя Апачычы Макараўскага раёну.

  1. ^ У публікацыі назва перайначаная на Іспачычы.
  2. ^ Нядзелі альбо чэргі (у складзе кожнай некалькі паселішчаў), на якія падзялялася Чарнобыльская воласьць (званая калі-нікалі паветам), як даводзілася несьці замкавую службу, выконваць работы на карысьць замку. Па нядзелях разьмяркоўваліся і плацёжныя павіннасьці.
  3. ^ Сказана, што яны належалі Служкам «з усімі іх прыналежнасьцямі, з баярамі, данінамі, уходамі, езамі рачнымі, гонамі бабровымі, ловамі пташымі».
  4. ^ Хоць на самой справе Апачыцы, як і сам Чарнобыль, належлі да Оўруцкага павету.
  5. ^ Усяго налічвалася «szesnastka i puł szesnastki» дыму, а 1 дым у той час — 320 двароў.
  1. ^ Напісаньне ў адпаведнасьці з ТКП 177-2009 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Украіны на беларускую мову»
  2. ^ а б Lietuvos Metrika. Kniga Nr. 8 (1499—1514). / A. Baliulis ir kt.- Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidykla, 1995. № 376, 429
  3. ^ Клепатский П. Г. Очерки по истории Киевской земли / П. Г. Клепатский — Т. 1: Литовский период (далей: Клепатский П. Г.). — Одесса, 1912. С. 305
  4. ^ Русская историческая библиотека. Т. XX. Литовская метрика. Т. 1. — Петербург, 1903. Стб. 1038—1039; таксама гл.: Малиновский И. А. Сборник материалов, относящихся к истории панов-рады Великого Княжества Литовского. — Томск, 1901. С. 313—314
  5. ^ Малиновский И. А. Сборник материалов, относящихся к истории панов-рады Великого Княжества Литовского. — Томск, 1901. С. 336—337
  6. ^ Чарняўскі Ф. В. Сямейнароднасныя сувязі і ўладанні гараднічага кіеўскага Івана Рыгоравіча Служкі. // Архіварыус: зб. навук. паведамл. і арт. ; вып. 17 / рэд. В. Ф. Голубеў [і інш.]. — Мінск: НГАБ, 2019. С. 275, 282, 283
  7. ^ Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. І. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 588
  8. ^ Volumina Legum (надалей: VL). Tom II. — Petersburg: Nakładem i drukiem Józafata Ohryzki, 1859. S. 84 — 87; Падалінскі У. // Беларускі гістарычны агляд. — 2012. Т. 19. С. 329—337 (Рэцэнзія на кн.: Litwin H. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569—1648. — Warszawa, 2009)
  9. ^ Źródła dziejowe (далей ŹD). T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. IX: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław) / A. Jabłonowski — Warszawa, 1894. Wykazy… S. 41
  10. ^ ŹD. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. — Warszawa, 1894. S. 19 — 20, 271, 311, 503 — 504, 575
  11. ^ Опись актовой книги Киевского центрального архива. – №13. / Сост. Л. В. Ильницкий. – Киев, 1882. С. 86
  12. ^ Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 400
  13. ^ Літвін Г. З народу руського. Шляхта Київщини, Волині та Брацлавщини (1569-1648) / Пер. з польськ. Лесі Лисенко. – Київ: Дух і Літера, 2016. С. 259, 295, 371
  14. ^ Памятники, изданные Киевскою комиссиею для разбора древних актов. Т. 2 / Издание второе, с дополнениями. – Киев, 1897. С. 430, 432, 452
  15. ^ Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. С. 490, 552
  16. ^ Архив ЮЗР. Ч. 3. Т. 2. Акты о казаках (1679—1716). — Киев, 1868. С. 302, 306
  17. ^ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 87, 164, 188, 265, 323
  18. ^ Ks. Orłowski K. N. Defensa biskupstwa y dyecezyi Kiiowskiey. — Lwów, 1748. S. 148.
  19. ^ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 150; гл. таксама: С. 13—15, 20—22
  20. ^ Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. – Киев, 1890. С. 303, 392, 712
  21. ^ Волости и важнейшие селения Европейской России. Вып. 3. : Губернии Малороссийские и юго-западные: Харьковская, Полтавская, Черниговская, Киевская, Волынская, Подольская. – С.-Петербург: Центр. статист. комитет, 1885. С. 169
  22. ^ Список населённых мест Киевской губернии. — Киев, 1900. С. 1264
  23. ^ Зьвесткі пра эвакуацыю з Чарнобыльскай зоны}}
  • Похилевич Л. И. Сказания о населённых местностях Киевской губернии или Статистические, исторические и церковные заметки о всех деревнях, местечках и городах, в пределах губернии находящихся / Собрал Л. Похилевич. — Киев, 1864 (перавыданьне: Біла Церква: Видавець О. В. Пшонківський, 2005. — XXII+642 с, 8 іл.)