Астрагляды

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Астрагляды
Astrahlady, Prozar. Астрагляды, Прозар (1901-17).jpg
Дата заснаваньня: перад 1504 годам
Былая назва: Астраглядавічы
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Брагінскі
Сельсавет: Буркоўскі
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2344
СААТА: 3203846041
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 51°46′52.3″ пн. ш. 30°8′36.8″ у. д. / 51.781194° пн. ш. 30.143556° у. д. / 51.781194; 30.143556Каардынаты: 51°46′52.3″ пн. ш. 30°8′36.8″ у. д. / 51.781194° пн. ш. 30.143556° у. д. / 51.781194; 30.143556
Астрагляды на мапе Беларусі ±
Астрагляды
Астрагляды
Астрагляды
Астрагляды
Астрагляды
Астрагляды
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Астрагля́ды[1] — былая вёска ў складзе Буркоўскага сельсавету Брагінскага раёну Гомельскай вобласьці.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Польскамоўная анатацыя «прывілею рускага» 1504 г. караля Аляксандра пану Сямёну Палазовічу на Хвойнікі і Астраглядавічы.

Найранейшая згадка пра Астрагляды (арыгінальная назва — Астраглядавічы[a]) датавана 3 днём чэрвеня 1504 году, калі кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аляксандр сваім прывілеем, вылучыўшы іх і Хвойнікі з усімі прылегласьцямі з Брагінскай воласьці, падараваў на вечныя часы за вайсковыя заслугі пану Сямёну Хведаравічу ПалазовічуПолазу Русаку, слаўнаму казаку», як назваў яго польскі храніст XVI ст. Марцін Бельскі[2]). Вядомая яна пакуль што з польскамоўнага вопісу архіву князёў Шуйскіх са збору «Archiwum Prozorów i Jelskich», што захоўваецца ў фондах Галоўнага архіву старых актаў у Варшаве[3].

Адміністрацыйна Астраглядавічы належалі спачатку да Брагінскай воласьці Кіеўскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага. Уладальнікамі іх і Хвойнікаў ад пачатку XVI ст. і да 1860-х гадоў (маёнтку — да 1887 году) пасьлядоўна былі паны Палазовічы, князі Любецкія, паны Харлінскія, Абрамовічы (Абрагамовічы), Бразоўскія (Бжазоўскія), князі Шуйскія, паны Прозары[4].

3-га сакавіка 1532 году кароль Жыгімонт Стары сваім лістом загадаў ваяводзе Андрэю Неміровічу маёнткі нябожчыка Сямёна Полазовіча (у іх ліку «Хвоиники, Остроглядовичи, Новоселки»), якія той пасьпеў прыгарнуць да Кіеўскага замку, вярнуць яго зяцю князю Дзьмітрыю Раманавічу Відыніцкаму[5] (Любецкаму). Потым Астраглядавіцкі маёнтак князя Дз. Відыніцкага і яго жонкі Фенны Палазовічаўны згаданы ў дакумэнце ад 6 кастрычніка 1541 году з запісам аб узаемных саступках грунтоў у ім і ў Брагінскіх добрах князя Аляксандра Міхайлавіча Вішнявецкага[6]. У сьнежні 1556 году князь Дзьмітры Любецкі, не жадаючы прызнаць віну «людей моих села Остроглядовского о подране бчол и о збите людей монастырских» (лыскоўскіх сялян кіеўскага Сьвята-Міхайлаўскага (Залатаверхага) манастыра), сьцьвярджаў , нібы «тое село Остроглядовичи не ест у повете Киевского воеводства, але Троцкого повету, не повинен бых тут с того именя отказывати»[7]. 5 студзеня 1560 году князь Богуш Любецкі, ад імя свайго і маці-удавы княгіні Дзьмітравай Любецкай, падаў судовы пратэст супраць князя Міхаіла Аляксандравіча Вішнявецкага, старосты чаркаскага, за тое, што людзі яго гвалтоўна ўварваліся ў межы астраглядавіцкія, дзеля ўласнай карысьці палі разрабілі, пакасілі сенажаці і іншыя крыўды ўчынілі[8].

Палац Прозараў у Астраглядах. Малюнак Ігнацыя Врублеўскага. 1891 год.

Дачка князя Дзьмітрыя і Фенны Любецкіх, сястра нябожчыка князя Богуша, таксама Фенна, пасьля сьмерці мужа Мельхіёра Насілоўскага ўзяла шлюб з панам Шчасным Харлінскім гербу Бонча ды ў сьнежні 1568 году запісала на яго «именя свое отчизные, дедизные, материстые у повете Киевскомъ лежачие, тоестъ… Хойники[b], Остроглядовичи, Новоселки…»[9].

Напярэдадні падпісаньня акту Люблінскай уніі ўказам караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 году Кіеўскае ваяводзтва (у тым ліку Астраглядавічы) было далучана да Кароны Польскай[10].

Каралеўства Польскае ў Рэчы Паспалітай[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палац у Астраглядах. Фота каля 1912 г.

У 1570 – 1590-я гады добра Астраглядавічы пана Шчаснага Харлінскага шматразова згаданыя ў судовых справах з-за нанесеных ім брагінскімі падданымі князёў Вішнявецкіх маёмасных стратаў, з-за ўчыненага гвалту над людзьмі. 25 сакавіка 1579 года кароль Стэфан Баторы нават даслаў ліст княгіні-удаве Аляксандравай Вішнявецкай, у якім загадаў, каб яе людзі не ўдзіраліся ў дзедзічныя грунты астраглядавіцкія пана Ш. Харлінскага[11]. У датаваным 13 днём сакавіка месяца 1581 г. дакумэнце паведамляецца, што пан земскі пісар кіеўскі Дзьмітры Ялец надзелены паўнамоцтвамі ў справе разьмежаваньня добраў Астраглядавічаў, Плоскага, Варатца пана падкаморага кіеўскага Шчаснага Харлінскага з уладаньнямі князя Міхаіла Вішнявецкага, кашталяна брацлаўскага, местам Брагін, сёламі Глухавічы, Губаровічы, Бабчын[12]. У 1598 году сойм прызначыў Ш. Харлінскага адным з камісараў у справе разьмежаваньня ziemie Kiiowskiey Кароны і Мазырскага павету ВКЛ[13]. У актах трыбунальскіх што да Кіеўскага ваяводзтва, у дакумэнце ад 22 чэрвеня 1600 году засьведчаная нязгода пана Шчаснага Харлінскага з тым, як разьмежаваныя грунты яго Астраглядавічаў, Навасёлак, Хвойнікаў з прыналежнымі князю Адаму, сыну Аляксандра, Вішнявецкаму сёламі Мікулічы, Веляцін, Лісьцьвін, а таксама яго Багушэвічаў (Багушоў), Плоскага, Паселічаў, Хвойнікаў, Навасёлак з прыналежнымі князю Міхаілу, сыну Міхаіла, Вішнявецкаму Глухавічамі, Бабчынам, з тым, як падзеленыя дубровы, урочышчы, з папсаваньнем старых памежных знакаў[14].

Астрагляды (Астраглядавічы) на мапе ВКЛ 1613 г. Гравёр Томаш Макоўскі (фрагмэнт).

20 чэрвеня 1600 году падкаморы Ш. Харлінскі выдаў сыну свайму Мікалаю zapis wieczysty, у Люблінскім трыбунале прызнаны, на добра ў ключы Астраглядаўскім, на двор з 5 пляцамі ў Кіеве[15]. Зь імёнамі суджэнства Мікалая і Гэлены (Гальшкі) Харлінскіх зьвязана заснаваньне яшчэ да 1622 году касьцёла ў Астраглядавічах і стварэньне найбольш раньняй у рэгіёне каталіцкай парафіі. Першым зь вядомых настаяцелем быў ксёндз Станіслаў Зданоўскі[16]. Недзе ў гэты ж час Астрагляды апынуліся ў складзе Оўруцкага павету. У 1623 годзе ўдава Гальшка Мікалаевая Харлінская судзілася з сваякамі Харлінскімі за іх наезд на замак Астраглядаўскі[c], вёску Астраглядавічы, на мястэчка Новы Харленж (Хойнікі), вёску Хойнікі і інш[17]. 11 лютага 1627 году яна склала тэстамэнт, паводле якога добра Астраглядавічы пераходзілі да яе зяця Мікалая Абрагамовіча, ваяводзіча смаленскага[18]. У 1628 годзе пан М. Абрагамовіч з пятнаццаці дымоў ў Астраглядавічах плаціў па 3 злотых, з 2-х агароднікаў па 1 злотаму і 6 грошаў[19]. Пры гэтым яму яшчэ доўга давялося ўлагоджваць спадчынныя і проста маёмасныя непаразуменьні зь іншымі Харлінскімі — панамі Станіславам, Юрыем і Шчасным, а таксама з панам Мадлішэўскім, зь якім пані Гальшка ўзяла шлюб.

Госьці Альгерда і Ванды Гардзялкоўскіх каля палацу ў Астраглядах. 1912 г.?

Дзеля ўтрыманьня ў Астраглядах касьцёла і плябана на іх сталы прыбытак Мікалаем і Гальшкай Харлінскімі раней была запісана вёска Багушы. Але спадчыньнік маёнтку, зяць іх, пан Мікалай Абрамовіч, кальвініст, відавочна, не ўважаў той запіс абавязковым да выкананьня. Таму маем справу ад 6 чэрвеня 1635 году ксяндза Заклічынскага, плябана астраглядаўскага, якая разглядалася не адно ў Кіеўскім гродзе, але і ў каронным Люблінскім трыбунале. М. Абрамовіч, як высьвятляецца, наслаў на добра Багушы сваіх людзей, каб яны ўчынілі там розныя гвалты і рабункі[20]. У актавай кнізе Жытомірскага гродзкага суда 1635 году са слоў вознага сказана, што з-за няўплаты чопавага[d] падатку ён «Перши позовъ по его милостъ пна Абрамовича, воеводича смоленъского, до села Оcтроглядовичъ, маетности его милости, того року и дня деветнастого мца сепътемъбра однеслъ и въ дворе тамошнимъ урядникови в руки одъдалъ»[21]. Валодаў маёнткам М. Абрамовіч і ў 1639 годзе, калі заставіў Астраглядавічы гданьскаму мешчаніну Ежаму Гэўлу за 33 600 злотых, і ў канцы 1641 году, калі вяртаў доўг сыну нябожчыка Ісааку Гэўлу. Уражаньне такое, нібы гэнэрал артылерыі ВКЛ М. Абрамовіч ці не кожны раз пазычаў грошы дзеля таго, каб аддаваць папярэднія даўгі то дзяржаве, то прыватным асобам, застаўляючы Астрагляды[22].

24 сьнежня 1642 году ад імя пана Мікалая Абрамовіча, кашталяна амсьціслаўскага, складзены запіс wieczystej przedarzy пагразлых у даўгах добраў Астраглядавічы і Хвойнікі праваслаўнаму пану Максыміліяну Бразоўскаму, падстолію кіеўскаму, пра што пан Лукаш Мадлішэўскі выказваў клопат яшчэ ў лісьце ад 29 чэрвеня 1641 году[23].

Альгерд і Ванда Гардзялкоўскія сярод руінаў палацу, які меркавалі аднавіць. Каля 1912 г.

З запісу ў абозным дзёньніку польнага гетмана ВКЛ князя Януша Радзівіла ад 26 ліпеня 1649 году вядома, што паказачаны селянін Улас з Астраглядавічаў, спайманы ў сваёй хаце за дзень да таго, прызнаў: далучыўся ён да казакоў, як тыя летась ішлі ў Літву, быў у Бабруйску і Быхаве ў палку Гаркушы; а пра казакоў паведаміў, што трое заходзілі ў іхнае сяло яшчэ "ў мінулую суботу"[24].

26 чэрвеня 1664 году дачка нябожчыка Максыміліяна Бразоўскага, берасьцейскага ваяводы, пані Зофія перапісала спадчынныя маёнткі ў Кароне (Астраглядавічы з Хвойнікамі таксама) і Берасьцейшчыне на свайго мужа-католіка князя Канстанціна Яна Шуйскага[25]. Тады Шуйскія ўпершыню набылі добра ў Кіеўскім ваяводзтве ды трымалі іх каля паўтары сотні гадоў. 5 чэрвеня 1682 году ксёндз Дамінік Бэркіновіч, прэзыдэнт касьцёлу Астраглядавіцкага, закону сьв. Дамініка, засьведчыў, што касьцёл прыняў абавязак адпраўляць па тры сьвятыя імшы на тыдзень, за што князь Шуйскі на яго ўтрыманьне ізноў саступіў вёску Багушы. 14 студзеня наступнага 1683 г. харунжы берасьцейскі князь Канстанцін Шуйскі ў маёнтку Тэрэбунь склаў айцам-дамініканам астраглядаўскім фундуш, паводле якога абяцаў касьцёл у Астраглядавічах wystawić і вёску Багушы з грунтам і ўсялякімі пажыткамі на іх запісаць[26]. Паводле люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва 1683 году, з 10 дымоў у Астраглядавічах князь Шуйскі заплаціў 9 злотых. А яшчэ ў вёсцы было 9 дымоў, якія належалі баярам (асабіста вольным слугам)[27]. 2 траўня 1697 году ў Оўруцкі гродзкі суд астраглядаўскім земянінам панам Аляксандрам Галаскім ад імя князя Дамініка Шуйскага, харунжага берасьцейскага, была пададзена скарга, у якой сьцьвярджалася, што казацкага палку Ярэмы сотнік Лабада, аніяк не паважаючы вайсковыя артыкулы і права паспалітае, наехаў на двор Астраглядаўскі пана Дамініка году 1697 дня 10 лютага месяца, а наехаўшы, валоў, коней, авечак, сьвіней і дабро ўсякае пазабіраў[28].

У 1740-я гады і надалей Астраглядавіцкі касьцёл аб'ядноўваў рыма-каталіцкую парафію ў Оўруцкім дэканаце Кіеўскай дыяцэзіі, да якой належалі жыхары (у асноўным шляхта) зь мястэчак Астраглядавічы[e], Хвойнікі, Брагін, вёсак Храпкаў, Руднае, Дворышча, Стралічаў, Вялікі Бор, Рудня Вялікаборская, Паселічы, Багушы, Сялец, Крыўча, Рудакоў, Лісцьвін, Мікулічы, Шкураты, Рудня Удалёўская, Буда Удалёўская, Глухавічы, Губарэвічы, Краснасельле, Масаны, Баршчоўка, Аравічы[29]. На 1777 г. парафія, паводле графа Дз. Талстога, налічвала 252 верных[30].

Ф. Смуглевіч. Сям'я Прозараў (1789)

У 1753 годзе князем Шуйскім запісаны фундуш Астраглядавіцкай уніяцкай Сьвята-Троіцкай царкве[31].

На 1754 год у Астраглядавічах было 48 двароў (×6 — каля 288 жыхароў), зь якіх «do grodu» (Оўруцкага замку) выплачвалася 7 злотых, 13 з паловай грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 29 злотых і 24 грошы[32]. Паводле перапісаў габрэйскага насельніцтва 1765, 1778 і 1784 гадоў у Астраглядавічах жылі адпаведна 7, 5 і 4 чалавекі (głowy), плацельшчыкі пагалоўшчыны, якія належалі да Хвойніцкага кагалу[33].

13 ліпеня 1791 г. варшаўская «Gazeta narodowa i obca» зьмясьціла паведамленьне пра тое, як 12 чэрвеня патрыёты Рэчы Паспалітай, госьці Караля і Людзьвікі Прозараў з Мазырскага, Оўруцкага і Рэчыцкага паветаў бралі ўдзел у сьвяточнай імшы з нагоды прыняцьця Канстытуцыі 3 траўня, пакліканай умацаваць і выратаваць гаротную Айчыну. Урачыстасьць адбылася ў Астраглядаўскім парафіяльным касьцёле Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі. Казань, прымеркаваную да падзеі, прамовіў ксёндз-пробашч Францішак Глінскі. Па яе заканчэньні ўсе прысутныя, пад няспынныя гарматныя салюты, прасьпявалі гімн Te Deum laudamus (Цябе, Бога, услаўляем) [34].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Астрагляды (Астраглядавічы) на пляне Гэнэральнага межаваньня Рэчыцкага павету 1797 г.

Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Астраглядавічы — у межах Чарнігаўскага намесьніцтва, з 1796 года ў складзе адноўленага Рэчыцкага павету Чарнігаўскай, потым Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 года Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[35]. У рэвізіі 1795 г. запісана, што Астраглядавічы Людзьвікі з Шуйскіх Прозар былі здадзены ў «арэндную пасэсію» Яну, сыну Уладзіслава, Ястшэмбскаму (Ястржэмбскаму) тэрмінам на 3 гады (з 02.04.1794 да 02.04.1797) за 1 833 дукаты і 6 злотых польскіх[36].

У шляхецкай рэвізіі 1811 года эканомам фальварка Астраглядаўскага названы Юзаф Парыкевіч[37]. Пасля сьмерці жонкі Людзьвікі і свайго вяртаньня зь няволі ў 1829 годзе К. Прозар уступіў ва ўладаньне маёнткамі, хоць вельмі хутка запісаў іх на сыноў Уладыслава і Юзафа. Уважаецца, што менавіта Уладыслаў ініцыяваў ўзьвядзеньне ў Астраглядах мураванага палацу ў стылі ампір паводле праэкту Генрыка Марконі[38][f]. Спачыў абозны, паводле запісу ў мэтрычных кнігах Астраглядаўскага касьцёла, 20 кастрычніка (1 лістапада) 1841 года[39].

Паводле інвэнтару 1844 года Астрагляды належалі да маёнтку Хойнікі, гаспадаром якога быў малодшы сын Караля Прозара Уладыслаў. Пасьля двара ў Сігневічах, ад сярэдзіны XIX ст. карціна «Сям’я Прозараў», напісаная зь ініцыятывы і на замову самога К. Прозара знакамітым мастаком Францішкам Смуглевічам у 1789 годзе, пэўны час знаходзілася ў Астраглядаўскім палацы пана Уладыслава і яго нашчадкаў[40][g][h].

18 верасьня 1860 году Астрагляды наведаў праваслаўны архіяпіскап менскі і бабруйскі Міхаіл Галубовіч, запіс якога засьведчыў, што ў палацы тады жыла сям'я рэчыцкага маршалка Мечыслава, сына Уладыслава, Прозара: «Па абедзе я ад’ехаў у Астраглядавічы [з Хвойнікаў]. Засьпеў там толькі гаспадыню дома, жонку маршалка пані Прозараву, яе матку Аскеркаву, брата, глухога і барадатага, Эміля Аскерку, і валынскага Прозара. Вельмі гасцінна быў прыйманы»[41].

Касьцёл

У парэформавы пэрыяд сяло Астрагляды ў Мікуліцкай воласьці. З 1864 году арганізавана народная вучэльня. Да прыходу Астраглядаўскай Сьвята-Троіцкай царквы на 1879 год належалі жыхары сямі паселішчаў агульнай колькасьцю ў 1664 верных[42]. Паводле А. Ельскага, у 1885 годзе Астраглядаўскі маёнтак, калі ім валодаў Канстанцін, сын Мечыслава, Прозар, быў прададзены[43]. Каля 1895 году парафія Астраглядаўскага касьцёла, якая абыймала вялікую тэрыторыю, налічвала 3230 верных[44]. Згодна зь перапісам 1897 году, у сяле дзейнічалі царква, касьцёл, капліца, народная вучэльня, хлебазапасная крама, вятрак, карчма. Побач быў аднайменны фальварак. На 1904 год сярод зямельных уласьнікаў Менскай губэрні, якія мелі 500 і болей дзесяцін, названы ўладальнік маёнтку Астрагляды спадчынны дваранін Валерыян Рафаілавіч Рыбнікаў[45]. Уладальнікам 1 746 дзесяцін зямлі ў Астраглядах «Список землевладельцев Минской губернии 1911 г.» называе Аляксандра Іванавіча Цямніцкага[46]. У 1912 г. «па найвысачэйшаму дазволу» маёнтак Астрагляды набыў Альгерд Гардзялкоўскі, апошні іх прыватны ўладальнік[47].

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Інтэр'ер касцёла

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскай мірнай дамовы з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Астрагляды ў складзе Мікуліцкай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. Прычым, старастай (губэрнатарам) гэтман Украінскай Дзяржавы Павал Скарападзкі прызначыў былога ўладальніка маёнтку Гарадзішча, галаву Рэчыцкай павятовай управы П. А. Патона. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы»[48].

1 студзеня 1919 году, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

З 8 сьнежня 1926 да 1987 году – цэнтр Астраглядаўскага сельсавету Брагінскага раёну Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 году Гомельскай (да 26 ліпеня 1930 году) акругі, з 20 лютага 1938 году Палескай, з 8 студзеня 1954 году Гомельскай вобласьці БССР.

У 2-й палове 1920-х гадоў арганізаваны саўгас «Астрагляды», дзейнічалі пачатковая школа, хата-чытальня, адзьдзяленьне спажывецкай каапэрацыі, сельскагаспадарчае крэдытнае таварыства. У 1930 годзе арганізаваны калгас імя Варашылава, працавалі 2 гамарні, цыркулярка, вятрак (з 1928 году), сталярная майстэрня (з 1930 году).

Падчас Вялікай Айчыннай вайны партызаны ў сярэдзіне ліпеня 1943 года разграмілі гаспадарчую базу акупантаў, якая месцавалася ў вёсцы. Карнікі забілі 23 жыхара. На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 389 жыхароў вёскі, у памяць пра якіх у 1967 годзе ў цэнтры вёскі пастаўлены абеліск. У 1962 годзе да вёскі далучана суседняя вёска Двор Астрагляды, хутар Папаратнае. Была цэнтрам саўгаса «Астрагляды», існавалі сярэдняя школа, клуб, фельчарска-акушэрскі пункт, дзіцячыя ясьлі.

20 жніўня 2008 году вёска была ліквідавана[49].

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Афіцына, фота Яўгена Касьпяровіча. 2011 г.
  1. ^ У «Вялікім гістарычным атласе Беларусі» (Мінск: Белкартаграфія, 2009. Т. 1. С. 193) аўтары-укладальнікі падалі назву нібыта зь яе варыянтам – Остроглядовичи (Глядовичи), што ёсьць недарэчнасьцю. Запазычана яна з выдадзенай Ю. Вольфам кнігі графа К. Ажароўскага (Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od czternastego wieku. – Warszawa, 1895. S. 206), у якой узьнікла памылка пры перадачы зьместу каралеўскага ліста 1532 г. Тут побач згаданыя Hladowicze (а былі яшчэ Hładkowicze), Nowosielki, далей жа Chwojniki, Ostrodwory, хоць у арыгінале крыніцы побач названыя Хвоиники, Остроглядовичи, Новоселки (ёсьць там і Углядковичи, што на тэрыторыі Украіны). Астрадворы ўтварыліся шляхам разрыву назвы Астра-глядавічы і далучэньня да Астра- першага слова згадкі пра «двор с пустовщинами у замку Киеве и на месте, и во Вручомъ». Другая ж частка назвы ператварылася ў асобнае паселішча Глядавічы.
  2. ^ Гэта ці ня першы вядомы выпадак выкарыстаньня ў пісьмовай крыніцы палянізаванай формы замест арыгінальнай назвы Хвойнікі.
  3. ^ Выяву замку ў Астраглядавічах бачым і на мапе ВКЛ (1603)1613 году, выгравіраванай Томашам Макоўскім.
  4. ^ Чопавае — падатак з вырабу і продажу моцных напояў у Кароне Польскай і Вялікім Княстве Літоўскім.
  5. ^ Астраглядавічы тут названыя «мястэчкам» дзеля таго хіба, што былі цэнтрам парафіі, бо адпаведнага статусу, у адрозьненьне ад Брагіна і Хвойнікаў, ня мелі.
  6. ^ А. Кулагін памылкова назваў сына К. Прозара Уладзімірам.
  7. ^ Хто ёсьць хто на карціне? У цэнтры партрэт бацькі – віцебскага ваяводы Юзафа Прозара, побач зьлева абозны Караль прамаўляе верш Францішка Карпінскага, прысьвечаны нябожчыку, па другі бок партрэту яго сярэдні брат Ігнацы і жонка Людзьвіка Канстанцыя, каля яе старэйшая дачка Юзэфа, зьлева малодшая Марыяна, крайні зьлева швагер Францішак Букаты, сакратар амбасады Рэчы Паспалітай у Лёндане, побач малодшы брат Караля Антоні (адзіны ў сармацкім строі). Швагра Станіслава Ельскага (з падачы яго праўнука Яна Ельскага, блыталі раней з Антоніем, гл.: Tadeusz Mikulski. Karpinsciana w Archiwum Prozorów. // Pamiętnik Literacki: czasopismo kwartalne poświęcone historii i krytyce literatury polskiej. – Wrocław, 1950. 41/2. S. 509; Федорук А. Т. Старинные усадьбы Берестейщины / А. Т. Федорук; ред. Т. Г. Мартыненко. – 2-е изд. – Минск: БелЭн, 2006. С. 202) тут, як пераканаўча давёў Зьбігнеў Міхальчык, няма. Цікава заўважыць, што прысутныя на палатне дочкі Юзэфа і Марыяна (з распазнаваньнем дзяцей таксама існавала праблема), у адрозьненьне ад дарослых, пісаныя не з натуры, народжаныя 13 чэрвеня 1786 г. і 23 кастрычніка 1787 г. w Poniemuniu, атрымалі імёны ў гонар адпаведна бацькі Караля і маці Людзьвікі. Народжаны ў Хвойніках 23 кастрычніка ў год стварэньня карціны сын іменаваны ізноў жа, у гонар дзядка-ваяводы, Юзафам.
  8. ^ Улічыўшы пэрспэктыву страты Канстанцінам Прозарам Астраглядаўскай фартуны, карціну набыў адзін з сваякоў Прозараў, энцыкляпэдыст Аляксандр Ельскі з Замосьця Ігуменскага павету, а яго сын Ян вывез палатно ў гады Першай сусьветнай вайны да Варшавы. У 1929 г. ён перадаў твор на захаваньне ў Нацыянальны музей, які пасля Другой сусьветнай вайны і набыў яго для сваёй калекцыі.
Афіцына, фота Юрыя Панкова. 2019 г.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Карціна Сям'я Прозараў у музэі сядзібы Замосьце А. Ельскага (1910 – 1914)
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
  2. ^ Kronika Marcina Bielskiego. T. II (Księga IV, V). /Wydanie Józefa Turowskiego. — Sanok, 1856. S. 950
  3. ^ Аrchiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich (далей: AGAD. APiJ). Sygn. 1. S. 3, 200. Sygn. 2. S. 78
  4. ^ Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 12 — 18
  5. ^ Андрій Блануца. Земельні надання Сигізмунда І Старого на Українські землі Великого Князівства Литовського // Україна в Центрально-Східній Европі. — Київ: Інститут історії України НАНУ, 2008. № 8. С. 69 — 70
  6. ^ АGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 3, 4
  7. ^ Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. С. 5, 37
  8. ^ АGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 4
  9. ^ Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 8. Т. 6. Акты о землевладении в Юго-Западной России XV—XVIII стст. — Киев, 1911. С. 224—227
  10. ^ Volumina Legum. Tom II. — Petersburg: Nakładem i drukiem Józafata Ohryzki, 1859. S. 84 — 87; Падалінскі У. // Беларускі гістарычны агляд. — 2012. Т. 19. С. 329—337 (Рэцэнзія на кн.: Litwin H. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569—1648. — Warszawa, 2009)
  11. ^ AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 5—15
  12. ^ Руська (Волинська) метрика [Текст] : регести документів Коронної канцелярії для укр. земель (Волинське, Київське, Брацлавське, Чернігівське воєводства) 1569-1673 / Держ. ком. арх. України, Центр. держ. істор. арх. України, м. Київ, Ін-т укр. археографії та джерелознавства ім. М. С. Грушевського НАН України, Генер. дирекція держ. арх., Голов. арх. давніх актів ; ред. і упоряд Г. Боряк [та ін.] ; передм. П. К. Грімстед. — Київ, 2002. С. 301—302
  13. ^ Constitucię seymu walnego Koronnego Warszawskiego, MDXCVIII. — W Krakowie, w Architypografiiey Króla Ieo M. y Kościelney, Lazarzowey, MDXCVIII. S. 20; Volumina Legum. S. 372
  14. ^ Źródła dziejowe (далей: ŹD). T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław) / Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 57
  15. ^ AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 46 — 47
  16. ^ AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 51; гл. таксама Прозараўскія мясьціны ў Астраглядах
  17. ^ ŹD. T. XXI. S. 637
  18. ^ AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 56
  19. ^ Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 396—397
  20. ^ AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 37
  21. ^ Акти Житомирського гродського уряду: 1590 р., 1635 р. / В. М. Мойсієнко. – Житомир, 2004. № 40
  22. ^ Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. С. 14—15, 35—36
  23. ^ AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 67
  24. ^ Джерела з історії Національно-визвольної війни українського народу 1648 – 1658 рр. Т. 1 (1648 – 1649). – Київ, 2012. С. 296
  25. ^ AGAD. АРіJ. Sygn. 1. S. 69
  26. ^ АGAD. АРіJ. Sygn. 1. S. 37
  27. ^ Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. С. 489. Другі пабор — 9 злотых з 9 дымоў (С. 506)
  28. ^ Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. С. 26, 36
  29. ^ Ks. Orłowski K. N. Defensa biskupstwa y dyecezyi Kiiowskiey. — Lwów, 1748. S. 148
  30. ^ Le Catholicisme Romain en Russie. Études historiques par M. le comte Dmitry Tolstoy. Tome premier. – Paris, 1863. P. 478
  31. ^ НГАБ у Мінску. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 573. А. 63
  32. ^ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 192; гл. таксама: С. 13—15, 20—22
  33. ^ Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 301, 391, 710
  34. ^ Gazeta narodowa y obca. № LVI. 13 lipca 1791; гл.: Хойнікшчына
  35. ^ Насевіч, В., Скрыпчанка, Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. C. 181–182
  36. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 59. А. 208; Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). – Минск, 2018. С. 71
  37. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 248
  38. ^ Кулагін А. Астраглядская сядзіба. // Габрусь Т. Страчаная спадчына / Т. Габрусь, А. Кулагін, Ю. Чантурыя, А. Квітніцкая, М. Ткачоў – Мінск: Полымя, 1998. С. 176
  39. ^ Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. С. 17
  40. ^ Michalczyk Z. Franciszek Smuglewicz, Jan Chrystian Kampsetzer i pamięć synów o Józefie Prozorze. // Biuletyn Historii Sztuki. Rocznik LXXVI. – Warszawa, 2014. Nr 2. S. 197 – 217
  41. ^ Янушкевіч Я. Дыярыюш з XIX стагоддзя. Дзённікі Міхіла Галубовіча як гістарычная крыніца / Я. Янушкевіч – Мінск: Хурсік, 2003. С. 124, 256
  42. ^ Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 117
  43. ^ Słownik geograficzny Krółewstwa Polskiego і innych krajów słowiańskich. – Warszawa, 1886. T. VII. S. 690
  44. ^ Кароль М. М. Перавод у праваслаўе на тэрыторыі беларускіх губерняў у сярэдзіне 1860-х – 1905 г.: палітыка ўрада і адносіны насельніцтва. Магістарская дысертацыя. – Мінск, 2017. С. 87
  45. ^ Памятная книжка Минской губернии на 1904 г. – Минск: Издание Минского губернского статистического комитета, 1903. Приложение. С. 58
  46. ^ Список землевладельцев Минской губернии. 1911. – Минск: Мин. губ. стат. ком., 1911. С. 3
  47. ^ Aftanazy R. Dzieje rezydencji na dawnych Kresach Rzeczypospolitej. Tom 11. Województwo kijowskie oraz uzupełnienia do tomów 1–10. /R. Aftanazy – Wrocław; Warszawa; Kraków: Zakład Narodowy imienia Ossolinskich Wydawnictwo, 1997. S. 280; Кулагін А. Астраглядская сядзіба. С. 176
  48. ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918 – 1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 – 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 – січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. – Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286 – 296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев. — Минск, 2018. С. 85
  49. ^ «Об упразднении сельских населенных пунктов Брагинского района». Решение Брагинского районного Совета депутатов от 20 августа 2008 г. № 68(рас.)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: Белэн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0