Бабчын
| Бабчын лац. Babčyn | |
| Населены пункт | |
| Краіна | Беларусь |
|---|---|
| Вобласьць | Гомельская |
| Раён | Хвойніцкі |
| Сельсавет | Стралічаўскі |
| Дата заснаваньня | перад 1574 годам |
| Геаграфія | |
| Вышыня НУМ | 123 м[1] |
| Часавы пас | |
| Каардынаты | 51°47′00″ пн. ш. 30°01′02″ у. д.HGЯO |
| Насельніцтва | |
| Колькасьць |
|
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |
| Тэлефонны код | +375 2346 |
| СААТА | 3254848006 |
| Нумарны знак | 3 |
| Бабчын на мапе Беларусі ± Бабчын | |
Ба́бчын[2] — былая вёска ў Стралічаўскім сельсавеце Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Карона Каралеўства Польскага ў Рэчы Паспалітай
[рэдагаваць | рэдагаваць код]




Найбольш раньняя пакуль згадка пра
Село Бабчин з людми заседелыми и незаседелыми, з даню грошовою и медовою, з дубровами, лесы, чертежами, полми и сеножатми и ловы зверинными
сустрэтая ў лісьце ад 15 (25) сакавіка 1574 году князя Аляксандра Аляксандравіча Вішнявецкага брату князю Міхаілу Аляксандравічу Вішнявецкаму аб разьдзеле айчызнага маёнтку Брагін Кіеўскага павету Каралеўства Польскага. Уладальнікам яго стаў князь Міхаіл[4]. У датаваным 13 (23) днём сакавіка месяца 1581 году дакумэнце паведамляецца, што пан земскі пісар кіеўскі Дзьмітры Ялец надзелены паўнамоцтвамі ў справе разьмежаваньня добраў пана падкаморага кіеўскага Шчаснага Харлінскага з уладаньнямі князя Міхаіла Вішнявецкага, кашталяна брацлаўскага, «miasta Brahinia, sioła Chłuchowic, Hubarowa y Babczyna»[5]. 18 траўня 1595 году Бабчын названы ў акце трыбунальскім у сувязі з пагадненьнем аб скасаваньні ўзаемных прэтэнзій паміж уладальнікамі часткі Брагінскага маёнтку князямі Міхалам і Юрыем Міхайлавічамі Вішнявецкімі і ўладальнікам Астраглядаўскіх добраў панам Шчасным Харлінскім[6].
У 1628 годзе князь Канстанцін Карыбут Вішнявецкі, апякун дзяцей нябожчыка князя Міхаіла, з трох дымоў у Бабчыне плаціў 9 злотых[7].
Паловай Брагінскага замку і места зь сёламі, сярод якіх быў і Бабчын, валодаў, а ў 1638 г. заставіў на чатыры гады за 65 000 злотых пану Мікалаю Лосятынскаму князь Ярэмі Міхал, сын Міхаіла, Вішнявецкі[8].
Паводле тарыфу падымнага «dwoiego» Кіеўскага ваяводзтва 1640 году, князь Ярэмі Вішнявецкі з 30 дымоў Бабчына выплачваў 30 злотых[9].
Сярод казакоў, захопленых у палон пасьля бітвы пад Загальлем, у дакумэнце, датаваным 29 чэрвеня 1649 году, названы Фурс з Бабчына, падданы князя Ярэмія Вішнявецкага[10].
У 1683 годзе пан Канецпольскі мусіў плаціць падатак з 17 дымоў вёскі Бабчын[11]. 14 верасня 1686 году лясьнічы Лаўрын з Бабчына пад прысягай паведаміў у Оўруцкім гродзкім судзе, што так з-за казакоў, як і з-за войска ВКЛ, зь вёскі адыйшлі 17 дымоў (×6 — прыкладна 102 жыхары)[12]. У справе таго ж суда ад 28 чэрвеня 1687 году Бабчын названы сярод паселішчаў часткі Брагінскага маёнтку ваяводзіча бэлзскага, каралеўскага палкоўніка Яна Канецпольскага, зруйнаваных працяглым, ад лістападу 1686 да самых «świątek zielonych» у 1687 годзе, пастоем казакоў палкоўніка Войска Запарожскага Паўла Апостала Шчуроўскага. На той час тут засталося 26 дымоў (каля 156 жыхароў), а разьмясьціліся ў іх 30 казакоў ажно з паўсотняй коней. Тады зь вяскоўцаў выбралі за гарэлку, рыбу, мяса, хусты палатна, абутак 217 злотых; за 10 вазоў, кожны з хамутом, раменнай шляёй, касой, сякерай, рыдлёўкай, біклагай, мазьніцай з двума гарцамі[a] дзёгцю, 100 зл.; за здор і соль 46 зл.; легуміны [b] узялі 84 вядры, аўса 70 вёдраў, вепрукоў кормленых 45, падсьвінкаў 93, баранаў 9, валоў 2, гусей 70, кур 280, качак 20, палатна на ўладкаваньне паходных шатроў 69 локцяў; асабіста палкоўніку бабчынцы мусілі даць вала, 6 вепрукоў, 12 злотых, пшаніцы і ячменю 9 вёдраў. Акрамя ўсяго, казакі сотні Русановічавай «na gruntach babczyńskich» забілі і абрабавалі брагінскага купца Гірша з Турава, які вяртаўся з кірмашу, а здабычу адвезьлі да палкоўніка. Адным зь сьведкаў у справе выступіў бабчынскі войт Гаўрыла Гацучэнка[13].


У акце ад 22 верасьня 1715 году сказана, што губарэвіцкія сяляне пана маршалка мазырскага Антонія Аскеркі, узброеныя косамі, сякерамі і стрэльбамі, папалілі стагі сена, прыналежныя падданым пана войскага мельніцкага Аляксандра Антонія Бандынэлі, жыхарам вёсак Бабчын, Рудакоў і хутара Чахі. У выніку, убогія сяляне А. Бандынэлі, якія з-за браку сена не мелі чым карміць худобу зімой, вымушаныя былі ад яе пазбавіцца[14].
У «Тарыфе падымнага падатку Оўруцкага павету 1734 г.» Бабчын – у палове Брагінскіх добраў, якую дагэтуль шмат гадоў трымаў у заставе ад паноў Канецпольскіх дорпацкі падкаморы А. Бандынэлі[15]. У 1739 годзе з багаслаўленьня афіцыяла Кіеўскай мітраполіі Гедэона Казубскага, намаганьнямі брагінскага дэкана Іаана Макарэвіча, настаяцеля Брагінскай Сьвята-Мікольскай царквы, непасрэднай працай парахіянаў у Бабчыне, на месцы старога за даўнасьцю гадоў заняпалага драўнянага будынку, закладзены і ў 1740 годзе асьвечаны новы драўняны будынак прыпісной пакуль што Крыжаўзьдзьвіжанскай царквы. 25-м верасьня 1740 году датаваны фундуш царкве князя Міхала Сэрвацыя і княгіні ваяводзінай віленскай Вішнявецкіх[16][c]. У прыходзе Мікалаеўскай царквы ў Брагіне бабчынцы заставаліся да 1742 году.
Як запісана ў візыце Мікалаеўскай царквы 1740 году, у Бабчыне «з прыналежнасьцямі»[d] налічвалася 80 гаспадарак[17]. Згодна з Генэральнай візытай Брагінскага дэканату, на 1743 год у прыходзе царквы Ўзьдзьвіжаньня Сьвятога Крыжа сяла Бабчына князёў Вішнявецкіх налічвалася 107 двароў, дапушчаных да споведзі 521 душа. Узначальваў прыход сьвятар Рыгор Леановіч[18].
У матэрыяле візыты Брагінскага дэканату засьведчана, што на 1752 год прыход Бабчынскай Крыжаўзьдзьвіжанскай царквы складалі верныя з 32 двароў у Бабчыне[e], 14 у вёсцы Мокіш, з 10 двароў хутара Чахі, 8 хутара Рудыя, 8 хутара Варацец. Дапушчаных да споведзі 569 душ. Парохам заставаўся Рыгор Леановіч[19].


У 1754 годзе з 27 двароў[f] (каля 162 жыхароў) сяла Бабчын Брагінскага маёнтку выплачвалася «do grodu» (Оўруцкага замку) 4 злотыя, 5 з пал. грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 16 зл. і 22 гр.[21] У тым жа годзе маёнтак быў куплены ў княгіні Эльжбэты Вішнявецкай Міхалавай Замойскай панам Францішкам Антоніем Ракіцкім.

Паводле габрэйскіх перапісаў 1765, 1778 і 1784 году, на хутары Бабчын жылі адпаведна 6, 4 і 2 głowy – плацельшчыкі пагалоўшчыны, якія належалі да Брагінскага кагалу[22]. Ці не Каліеўшчына 1768 г. выклікала няўхільнае зьмяншэньне тут колькасьці насельнікаў-габрэяў?
Вёска Бабчын, угодзьдзі царквы і людзей бабчынскіх згаданыя ў эксплікацыі да мапы Брагінскага графства, датаванай 27 днём жніўня 1783 году.
На 1789 год пры Бабчынскай Крыжаўдзьвіжанскай прыходзкай царкве згаданая капліца сьв. арханёла Міхаіла ў Мокішы[23].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) Бабчын – у межах Чарнігаўскага намесьніцтва, з 1796 году ў складзе адноўленага Рэчыцкага павету Чарнігаўскай, потым Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[24]. У 1795 г. сяло Бабчын, частка якога была ў заставе ў пана Прыбары, разам з хутарамі Чахі, Рудыя і сялом Губарэвічы належаў пану падстарасьце рэчыцкаму Ігнацыю Аскерку[25], які годам раней страціў жонку Ізабэлу[26], дачку ўладальніка добраў графа Міхала Адама Ракіцкага. У шляхецкай рэвізіі 1811 г. застаўным ад графа Ракіцкага ўладальнікам фальварку Бабчын і сялом з 120 (на 1795 г.) душамі сялян мужчынскага полу названы былы рэчыцкі гродзкі судзьдзя Пётар Прыбара[27]. Ад 1816 г., паводле А. Ельскага, згодна з сямейным пагадненьнем уладальніцай фальваркаў Бабчын і Мокіш стала Людвіка, дачка Ігнацыя, Аскерка[28]. У 1834 г. гаспадыняй Рудакоўскага маёнтку разам з Бабчынам і інш. была ўдава брата Людвікі Ўладыслава Ядзьвіга з Гечэвічаў Аскерчына, якую настаяцель Бабчынскай Крыжаўзьдзьвіжанскай прыходзкай царквы І. Нямшэвіч у мэтрычных запісах хросту дзяцей яе сялян чамусьці называў Еўдакіяй[29]. Тады ў сяле было 53 двары.
1 (13) лістапада 1844 г. складзены інвэнтар, паводле якога Рудакоўскі маёнтак з фальваркамі Бабчын і Мокіш быў уласнасьцю непаўналетніх Гэнрыка Юстына, Аляксандра Юстыніяна і Зофіі Марцэлы Аскеркаў, але знаходзіўся ў арэндзе ў Міхаіла Ігнатавіча Быкава. Прозьвішчы жыхароў Бабчына – Кірко (шмат), Курыленкі, Дашукі, Мятліцкі, Зелянкоўскія, Шарэпа, Курапей, Скуранок, Бакуненка, Марціненка, Зенчанка, Кавалёнак, Краўчанок, Станеўскі[30]. Згодна з кліравой ведамасьцю за 1847 год, у 42[g] дварах сяла Бабчын «помещицы Евдокии Оскирчины» жылі 168 вернікаў-мужчын і 183 жанчыны[31]. У 1850 г. 315 жыхароў. 20 ліпеня 1856 году ў Бабчыне ў сям'і лясьнічага, двараніна Слуцкага павету Гэнрыка Пяткевіча нарадзіўся сын Чэслаў, будучы таленавіты дасьледчык Палесься[32]. У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 340 жыхароў сяла Бабчын зьяўляліся прыхаджанамі Крыжаўзьдзьвіжанскай царквы, 12 мужчын і 19 жанчын былі парафіянамі Астраглядаўскага касьцёлу Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[33].

У парэформавы пэрыяд Бабчын – у Мікуліцкай воласьці. Да свайго спачыну ў 1866 г. маёнткам валодаў Гэнрык Аскерка, а пасьля яго дочкі Марыя і Алена. На пачатак 1870 года тут — 150 мужчын-гаспадароў зь ліку сялян уласьнікаў, прыпісаных да Бабчынскага сельскага таварыства[34]. У 1876 годзе да прыходу Крыжаўзьдзьвіжанскай царквы, акрамя Бабчына, належалі сем вёсак — Чахі, Рудыя, Варацец, Рудакоў, Мокіш, Высокае і Лісьцьвін. Настаяцель сьвятар Васіль Шахновіч, штатны псаломшчык Канстанцін Васанскі, звышштатны Васіль Кладкевіч, просьфірня Сінклітыкія Анціповіч[35]. На 1879 год прыход налічваў 909 душ мужчынскага і 1007 жаночага полу верных. Настаяцелем быў сьвятар Міхаіл Драздоўскі[36]. У 1885 годзе налічвалася 56 двароў, 357 жыхароў, дзейнічалі вінакурня, млын. На 1889 год маёнтак Рудакоў з фальваркамі Бабчын і Мокіш (усяго 7162 дзесяціны зямлі) належаў Алене (Аскерчанцы) Ваньковіч[37]. У Бабчыне на той час (з 1 студзеня 1888 году) існавала двухклясная царкоўна-прыходзкая школа, узровень навучаньня ў якой атрымаў высокую адзнаку інспэктара зь Менску протаярэя Паўла Афонскага. Заслуга ў тым айца Міхаіла Драздоўскага, пана Станіслава Ваньковіча і настаўнікаў[38]. Паводле перапісу 1897 году, у Бабчыне – 92 двары, 523 жыхары, царква, капліца, школа, крама, вятрак. Існаваў фальварак з 2 дварамі і 51 жыхаром.

На 1903 год пры Крыжаўзьдзьвіжанскай царкве згаданыя аднаклясная жаночая драўляная і дзьвюхклясная настаўніцкая мураваная школы[39]. У 1905 годзе створаны сялянскі саюз. На 1909 год у сяле Бабчын 120 двароў, 713 жыхароў, у фальварку 1 двор, 7 жыхароў[40]. У 1911 г. уладальніца маёнтку А. Ваньковіч[41].
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць код]9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскай мірнай дамовы з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Бабчын у складзе Мікуліцкай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы»[42].
1 студзеня 1919 згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.


З 8 сьнежня 1926 году — у складзе БССР; да 16 ліпеня 1954 году цэнтар Бабчынскага сельсавету Хвойніцкага раёну Рэчыцкай акругі, з 9 чэрвеня 1927 году па 26 ліпеня 1930 году — Гомельскай акругі, з 20 лютага 1938 году — Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры, з 8 лютага 1954 году — Гомельскай вобласьці.
У канцы 1920-х – пачатку 1930-х гг. існавала антыбальшавіцкая моладзевая "Беларуская Арганізацыя Альтруістых", лідарам якой быў студэнт Бабчынскага пэдагагічнага тэхнікуму[h] Аўген Калубовіч. Арыштаваны 30 траўня 1930 г. і высланы ў Котлас. У тым жа 1930 годзе ў вёсцы арганізаваны калгасы «Камінтэрн» і «Кастрычнік». Працавалі 2 ветраныя млыны, 4 кузьні.
Падчас нямецка-савецкай вайны 17 траўня 1943 году нямецкія акупанты расстралялі 21 мясцовага жыхара. На фронце і партызанскай барацьбе загінулі 294 жыхары вёскі і вёсак, што ўваходзілі ў калгас «Кастрычнік». У памяць пра загінулых у 1970 годзе ў цэнтры вёскі, у сквэры, усталяваная культурная кампазыцыя.
Паводле перапісу 1959 г. у вёсцы 923 жыхары, цэнтр калгасу «Кастрычнік». Дзейнічалі лясьніцтва, сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, фэльдшэрска-акушэрскі пункт, аддзяленьне сувязі, крама.
20 верасьня 2011 году вёска ліквідаваная рашэньнем Хвойніцкага раённага Савету дэпутатаў[44].
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць код]За 12 км на поўдзень ад раённага цэнтру Хвойнікі і чыгуначнай станцыі ў гэтым горадзе, разьмешчанай на галіне Васілевічы — Хвойнікі адыходнай ад лініі Берасьце — Гомель, за 122 км ад Гомелю.
Знаходзіцца на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка (ПДРЭЗ).
Транспартная сыстэма
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Транспартная сувязь па прасёлкавай, а затым па аўтадарозе Хвойнікі — Брагін. Жылых хатаў няма (2004 год). Пляніроўка складаецца з крывалінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, да яе прымыкае кароткая вуліца з мэрыдыянальнай накіраванасьцю і на поўначы прымыкае зьлёгку выгнутая вуліца. На захадзе невялікія адасобленыя ўчасткі забудовы. Забудова двухбаковая, хаты драўляныя, сядзібнага тыпу.
Водная сыстэма
[рэдагаваць | рэдагаваць код]На поўдні і захадзе мэліярацыйныя каналы, зьвязаныя з Паганянскім каналам.
Экалёгія і прырода
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Непадалёк ад вёскі ёсьць паклады торфу.
У сувязі з радыяцыйным забруджваньнем пасьля Чарнобыльскай катастрофы жыхары (194 сям’і) пераселеныя ў месцы не забруджаныя радыяцыяй.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- 1834 год — 53 двары
- 1850 год — 315 жыхароў
- 1885 год — 56 дворов, 357 жыхароў
- 1897 год — 92 двары, 523 жыхары (паводле перапісу)
- 1908 год — 120 двароў, 713 жыхароў
- 1959 год — 839 жыхароў (паводле перапісу)
- 2004 год — жыхароў няма
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
- Чэслаў, сын Гэнрыка, Пяткевіч — беларускі і польскі этнограф, фальклярыст
- Мікола Мятліцкі — беларускі паэт[45]
- Людміла Казлоўская (Берасьнева) (1936—2020) — беларускі эканаміст. Доктар эканамічных навук (1983), прафэсар (1989)
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]

- ↑ Гарц або гарнец — 2, 8237 л
- ↑ Салодкая выпечка альбо слодычы, вырабленыя з ужываньнем зьбітых яек і цукру з рознымі дадаткамі.
- ↑ С. В. Марцэлеў у энцыкляпэдыі «Гарады і вёскі Беларусі» (2005) адвольна сьцьвярджаў нібы Бабчынская царква паўстала «паблізу месца, дзе раней разьмяшчаўся замак уладальніка мястэчка [?] Вішнявецкага». Той самы аўтар, ізноў жа з уласнай ініцыятывы, у «Зборы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (1985) зьмясьціў замак князёў Вішнявецкіх у Гарадзішчы Брагінскага раёну (сучасны пасёлак Тэльман, гл.: Двор-Гарадзішча). Але вядома, што людзі гэтага роду мелі замак у рэгіёне толькі ў самым Брагіне.
- ↑ За тымі «прыналежнасьцямі» беспамылкова пазнаюцца вёскі Рудакоў, Мокіш, хутары Чахі, Рудыя і брагінскі Варацец.
- ↑ Запісана: у Бабічах.
- ↑ Колькасьць двароў вынікае з запісу «Wieś Babsztyn do Brahynia, szesnastka i chałup siedm».
- ↑ Як паведаміў іерэй Расьціслаў Бандарэнка, тут меліся на ўвазе не вясковыя сядзібы, а царкоўныя двары, кожны зь якіх мусілі складаць 4 мужчынскія душы.
- ↑ «Правей Рудакова — пасада былой дзевяцігодкі з пэдагагічным ухілам, пазьней рэарганізаванай у тэхнікум. У вагромністым садзе, абнесеным тынам і гонкімі таполямі, із цэлага комплексу будынкаў вылучаецца двух-павярховы мур.»[43].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ http://www.geonames.org/630484/babchyn.html
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf) С. 316
- ↑ НГАБ у Менску. Ф. 694. Воп. 7. Спр. 871. А. 18адв.
- ↑ Акт о разделе имения Брягин. 1574 г. // Беларускі археаграфічны штогоднік. Выпуск 1. – Мінск, 2000. С. 185 – 194 Публікацыя М. Ф. Сьпірыдонава
- ↑ Руська (Волинська) метрика [Текст] : регести документів Коронної канцелярії для укр. земель (Волинське, Київське, Брацлавське, Чернігівське воєводства) 1569-1673 / Держ. ком. арх. України, Центр. держ. істор. арх. України, м. Київ, Ін-т укр. археографії та джерелознавства ім. М. С. Грушевського НАН України, Генер. дирекція держ. арх., Голов. арх. давніх актів ; ред. і упоряд Г. Боряк [та ін.] ; передм. П. К. Грімстед. — Київ, 2002. С. 301—302
- ↑ Źródła dziejowe. T. XXІ: Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. X: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów – Bracław). / A. Jabłonowski. – Warszawa, 1894. S. 14
- ↑ Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. 1. Акты о заселении Юго-Западной России. – Киев, 1886. С. 393
- ↑ Tomkiewicz W. Jeremi Wiśniowiecki (1612—1651) / W. Tomkiewicz. — Warszawa, 1933. S. 112, 113; зьвесткі пра паселішчы: Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Radziwiłłów. Dział X. Sygn. 933. S. 5-6
- ↑ Archiwum Państwowe w Krakowie. Archiwum Młynowskie Chodkiewiczów. Mikr. № J – 14970. Sygn. 404. S. 186-187
- ↑ Джерела з історії Національно-визвольної війни українського народу 1648 – 1658 рр. Т. 1 (1648 – 1649). – Київ, 2012. С. 264, 266
- ↑ Архив ЮЗР. С. 489
- ↑ Архив ЮЗР. С. 550 – 551
- ↑ Архив ЮЗР. Ч. 3. Т. 2. Акты о казаках (1679 – 1716). – Киев, 1868. С. 148, 150 – 151, 157
- ↑ АрхивЮЗР. Ч. 1. Т. 4. Акты об унии и состоянии православной церкви с половины XVII века (1648 – 1798). – Киев, 1871. С. 379
- ↑ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеме і ецький. – Біла Церква, 2015. С. 283 – 285
- ↑ Інстытут рукапісу Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя У. І. Вярнадзкага (ІР НБУВ). Ф. 1. Спр. 2464. А. 333адв.-334, 335-335адв.
- ↑ ІР НБУВ. Ф. 233. Спр. 19. А. 765, 768
- ↑ ІР НБУВ. Ф. 1. Спр. 2461. А. 288
- ↑ ІР НБУВ. Ф. 1. Спр. 2464. А. 333адв., 335-336
- ↑ Вялікі гістарычны атлас Беларусі ў 4-х тамах: Т. 2. — Мінск: Белкартаграфія, 2013. С. 122
- ↑ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. – Біла Церква, 2015. С. 190
- ↑ Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765 – 1791 гг. – Киев, 1890. С. 302, 391, 710
- ↑ Табэлі дэканатаў Кіеўскай мітраполіі, прэзэнтаваныя генэральнай кангрэгацыяй ў Радамышлю. 1789. // Інстытут рукапісу Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя У. І. Вярнадзкага. Ф. 233. Спр. 11. А. 73
- ↑ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. С. 181—182
- ↑ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 71
- ↑ НГАБ. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 97
- ↑ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 195
- ↑ Słownik geograficzny Krółewstwa Polskiego і innych krajów słowiańskich. – Warszawa, 1888. T. 9. S. 901
- ↑ НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 536. А. 68
- ↑ НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1465. Пра род Аскеркаў гербу Мурдэліо гл.: Гербоўнік беларускай шляхты. – Мінск, 2002. Т. 1. С. 328 – 334
- ↑ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41952. А. 10адв.
- ↑ Часлаў Пяткевіч. Рэчыцкае Палессе. — Мінск: Беларускі кнігазбор, 2004. С. 6
- ↑ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 381, 722
- ↑ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 71
- ↑ Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 458
- ↑ Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 15—16
- ↑ Список зелевладельцев Минской губернии. 1889 г. – Минск, 1889. С. 364
- ↑ Минские епархиальные ведомости. – Минск, 1888. № 10. С. 281, 283 – 284, 289; 1891. № 2. С. 62 – 82
- ↑ НГАБ. ф. 136. Воп. 1. Спр. 41139. А. 19-19адв.
- ↑ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. – Минск, 1909. С. 5
- ↑ Список землевладельцев Минской губернии. 1911 г. – Б. м. С. 4
- ↑ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918 – 1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 – 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 – січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. – Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286 – 296 (артыкул беларускамоўны)
- ↑ Аўген Калубовіч. На крыжовай дарозе. Успаміны. — Клыўлэнд, 1986. С. 8
- ↑ Об упразднении сельских населенных пунктов Хойникского района (рас.) / Решение Хойникского районного Совета депутатов от 20 сентября 2011 г. № 68
- ↑ Біяграфія Міколы Мятліцкага. Вершы.ru. Праверана 19 красавіка 2011 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI – XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. – Минск: Четыре четверти, 2018. С. 6, 23 – 27, 29 – 31
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.