Стралічаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Стралічаў
трансьліт. Straličaŭ[a]
Дата заснаваньня: Перад 1581 годам
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская вобласьць
Раён: Хойніцкі раён
Сельсавет: Стралічаўскі
Вышыня: 114 м н. у. м.
Насельніцтва: 749 чал.
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2346
Паштовы індэкс: 247617
СААТА: 3254848126
Геаграфічныя каардынаты: 51°50′7.6″ пн. ш. 29°58′38.1″ у. д. / 51.835444° пн. ш. 29.97725° у. д. / 51.835444; 29.97725Каардынаты: 51°50′7.6″ пн. ш. 29°58′38.1″ у. д. / 51.835444° пн. ш. 29.97725° у. д. / 51.835444; 29.97725
Стралічаў на мапе Беларусі
Стралічаў
Стралічаў
Стралічаў

Стралі́чаў[1][2] (з 1939 году[3]Стралі́чава[1]) — вёска ў Хвойніцкім раёне Гомельскай вобласьці, за 2 км на ўсход ад шашы Р35. Стралічаў уваходзіць у склад і зьяўляецца цэнтрам Стралічаўскага сельсавету.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Карона Каралеўства Польскага[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб «Бонча» роду Харлінскіх.

Вёска ці не ўпершыню згадана ў падатковым рэестры Кіеўскай зямлі Каралеўства Польскага на 1581 год як слабада Стралічаў[b] Астраглядаўскага маёнтку пана падкаморага кіеўскага Шчаснага Харлінскага. Зь яе чатырох дымоў асадных сялянаў выбіралася па 15 грошаў, з аднаго агародніка, у залежнасьці ад акалічнасьцяў, — па 4-6 грошаў падатку[4]. Ад гэтага часу і да рэформавага ўжо ў Расейскай імпэрыі пэрыяду Стралічаў належаў тым самым уладальнікам, што і Астраглядавічы з Хвойнікамі; пасьля Харлінскіх — Мікалаю Абрамовічу (Абрагамовічу), Максыміліяну Бжазоўскаму, князям Шуйскім, сямейству Прозараў[5].

30 сакавіка 1590 году пан Ш. Харлінскі выступіў з пратэстам у Кіеўскім гродзкім судзе супраць дзеяньняў старосты чаркаскага князя Аляксандра Вішнявецкага і губэрнатара яго Брагінскага маёнтку Кірыяна Вайніловіча, за насланьне падданых брагінскіх на сёлы Стралічаў і Дворышча, да ключа Астраглядавіцкага прыналежныя, зьбіцьцё і калечаньне людзей, забраньне коней і быдла, пашкоджаньне камораў, учыненьне розных гвалтаў[6]. 18 сакавіка 1614 году ў тым жа судзе складзены дэкрэт па справе пана Мікалая Харлінскага да князя Адама Вішнявецкага за тое, што яго людзі падданых стралічаўскіх на дарозе dobrowolney схапілі, да Брагіна адвялі, зьвязьнілі, а коней і рэчы затрымалі[7]. 12 чэрвеня 1618 году Мікалай Харлінскі праз суд запатрабаваў ад брата Юрыя Харлінскага вяртаньня яго падданых зь вёскі Стралічаў, зьбеглых да Бышава. Месяцам раней М. Харлінскі дамагаўся вяртаньня зьбеглых стралічаўцаў ад пана Мікалая Францкевіча Радзімінскага, уладальніка вёскі Масаны. 7 чэрвеня 1623 году датаваны судовы дэкрэт, у якім удава Гальшка Харлінская абвінавачвала паноў Станіслава, Юрыя і астатніх Харлінскіх, родзічаў мужа Мікалая, за гвалтоўны наезд на замак і вёску Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хвойнікі), вёскі Хвойнікі, Стралічаў, Паселічы, Малішаў (яшчэ названыя 18 паселішчаў, акрамя «іншых вёсак і прыселкаў»)[8].

Герб «Ястрабец» зьменены паноў Абрамовічаў.

У 1627 годзе пані Гальшка (Гэлена) Харлінская склала тэстамэнт, паводле якога добра Астраглядавічы пераходзілі ў пасэсію да ваяводзіча смаленскага Мікалая Абрагамовіча[9], жанатага зь яе дачкой Евай. Згодна з тарыфам падымнага падатку, у 1628 годзе пан М. Абрагамовіч з васьмі дымоў (×6 — каля 48 жыхароў)) сяла Стралічава мусіў плаціць па тры злотыя[10].

Паводле люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва 1683 году, з 30 дымоў сяла Стралічава Хвойніцкай воласьці князя Шуйскага выплачвалася 5 злотых; у другі раз — 5 злотых з 5 дымоў[11]. У судовых актах, датаваных 22 днём лютага — 20 жніўня 1686 году і 20 сьнежня 1688 году маюцца зьвесткі пра тое, як пан Дамінік Абуховіч наслаў сваіх людзей і казакоў на вёскі Стралічаў, Руднае і Навасёлкі пана пісара берасьцейскага Канстанціна Шуйскага; яны ж сялян тамтэйшых зьбілі, скалечылі, а быдла рознае да яго маёнтку Тульгавічы забралі. За рабункі і гвалт адказчык пан Д. Абуховіч мусіў заплаціць пацярпеламу пану К. Шуйскаму 18 900 польскіх злотых, чаго, аднак, не зрабіў. Быў асуджаны на вечную баніцыю, што і актыкавана ў Мазырскім гродзкім судзе[12].

Герб «Святы Юрый» (Георгій Перамаганосец) князёў Шуйскіх. Фота Анатоля Бензярука.

На 1698 год, як тое вынікае з інвэнтара маёнтку Хвойнікі, перададзенага ў кіраваньне пана Зыгмунта Шукшты, у Стралічаве было 18 двароў, гаспадар аднаго зь якіх памёр. Паводле рэвізыі 1716 году, налічвалася ўжо 38 гаспадарак, тры зь іх былі вызваленыя ад асноўных павіннасьцяў (słoboda), таму выплачвалі хіба ачковае — грашовую даніну за валоданьне пасекай. Згодна з інвэнтаром 1721 году, калі абцяжараны даўгамі маёнтак ад пасэсара Юзафата Парышэвіча, біскупа валоскага, перайшоў дзедзічнаму ўладальніку князю Мікалаю Шуйскаму, харунжычу берасьцейскаму, у Стралічаве было 37 гаспадарак, якія, акрамя дзякла, плацілі чыншу 162 злотыя, ачковага 30 злотых, 22 з паловай грошы, паншчыну адпрацоўвалі ад Вялікадня (Wielkiej Nocy) да сьв. Міхайлы па тры дні, ад Міхайлы да Вялікадня па два дні, гвалты адбывалі, грэблі масьцілі, з падводамі езьдзілі. На той час у Стралічаве існаваў і фальварак, а сярод местачковых габрэяў названы Лейба Стралічаўскі. Прозьвішчы жыхароў — Баран, Курыленка, Сідарок, Фурс, Кісель, Міхедзенка, Дзянісенка, Бондар, Бандарэнка, Сцепаненка, Тарасюк (Тарасенка), Драздэнка (Drozdonko), Стукачык, Мінчук, Гоман, Ігнаценка (Ігнатко), Мякен(ь)кі (Мяккі), Пінчук, Чэркас, Турчын, Табачны, Корзун[13].

У 1748 годзе Стралічаў названы ў ліку паселішчаў, частка жыхароў якіх (шляхта) належала да рыма-каталіцкай Астраглядавіцкай парафіі Оўруцкага дэканату Кіеўскай дыяцэзіі[14]. На 1754 год у Стралічаве налічвалася 57 двароў (прыкладна 342 жыхары), зь якіх да Оўруцкага замку выплачвалася 8 злотых, 26 грошаў, на вайсковыя патрэбы павету і ваяводства 35 злотых і 14 грошаў[15].

Паводле перапісаў габрэйскага насельніцтва 1765, 1778 і 1784 гадоў у сяле Стралічаў жылі адпаведна 10, 4 і 6 чалавек (głowy), плацельшчыкаў пагалоўшчыны, якія належалі да Хвойніцкага кагалу[16]. Убываньне колькасьці габрэяў магло быць выклікана выбухам гайдамацка-сялянскай Каліеўшчыны 1768 году, адгалоскі якой дасягалі і гэтых мясьцінаў.

Герб уласны роду Прозараў.

20 жніўня 1776 году апекуны Людвікі Шуйскай, пасэсары добраў Хвойнікі і Астраглядавічы князі Шуйскія, старосты ніжынскія, абвінавачвалі ў Оўруцкім гродзкім судзе пяцігорскага палкоўніка Міхала Ракіцкага, дзедзічнага ўладальніка Брагінскага маёнтку, і пасэсара вёскі Мокіш пана Міклашэвіча, у тым, што сяляне мокішскія пакасілі стралічаўскія сенажаці, вялікія шкоды ўчыніўшы[17]. У 1777 годзе ў Стралічаве ўзьведзены новы драўляны будынак Сьвята-Міхайлаўскай царквы[18][c]. 12 верасьня 1785 году ў Оўруцкім гродзе зьявілася скарга, пададзеная сужэнствам Каралем і Людвікай Канстанцыяй з князёў Шуйскіх Прозарамі на пана Аслоўскага, які па-хуліганску наехаў на сяло, людзей напалохаў ды разагнаў па палях[20].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Стралічаў апынуўся ў межах Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году ў складзе адноўленага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[21]. У «Камеральном описании... Речицкой округи», датаваным 29 студзеня 1796 году, Стралічаў названы сярод паселішчаў у складзе Хвойніцкіх добраў Людвіка Прозара[d], якія раней былі перайшлі «в казну», але «по высочайшему повелению» вернутыя Луізе Прозаравай[22]. Паводле рэвізіі 1795 году, эканомам у фальварку Стралічаў служыў па кантракту шляхціч Габрыэль, сын Яна, Дамброўскі[23]. Сяло мела 81 двор з 330 душамі мужчынскага і 304 жаночага полу прыгонных сялянаў. Яшчэ тут жылі вольныя людзі, «именуемые бояре или земяне.., платящие чинш», Васілеўскія[e], якіх усяго — 8 мужчын і 10 жанчын[24].

Фальварак і сяло Стралічаў на мапе Ф. Ф. Шубэрта, сярэдзіна XIX ст.

З 1808 году прыходзкім сьвятаром Міхайлаўскай царквы ў Стралічаве[f] пачаў служыць Антоні Іванаў Гашкевіч[25], бацька будучага знакамітага дыплямата і мовазнаўца Іосіфа. На 1811 год у гэтым сяле пані Людвікі Прозар налічваўся 81 двор з 240 душамі прыгонных «мужеска пола»[g][26]. 28 лютага 1812 году фальварак Стралічаў разам зь сялом і ўсімі ўгодзьдзямі аддадзены ў трохгадовую арэнду за плату ў 2550 рублёў серабром штогод сужэнству Францішку і Людвіцы Капэрніцкім[27].

У кастрычніку 1833 году стралічаўскі сьвятар Антоні Гашкевіч і панамар Пётр Леановіч зьвярнуліся зь «нижайшим прошением» да япіскапа Менскага і Гарадзенскага Яўгенія, «припадая к стопам... Преосвященства», абы прызначыў ім жалаваньне. Хлебная ссыпка бо на іх утрыманьне не паступала, з-за беднасьці прыхаджанаў ўсе царкоўныя трэбы выконаваліся без усялякага ўзнагароджаньня, царкоўная зямля без угнаеньняў, якіх ніяк не здабыць, зусім не радзіла. А ў іх жа сем'і; у сьвятара сыны яшчэ і вучыліся[28]. Па сьмерці ад чахоткі ў жніўні 1836 году А. Гашкевіча[29] прыход прыняў сьвятар Якаў Мікалаеў Змаровіч, ажаніўшыся з дачкой нябожчыка Ганнай[30]. Інвэнтар Хойніцкага маёнтку 1844 году засьведчыў прыналежнасьць фальварку і сяла Стралічаў пану Уладыславу Прозару[31]. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» сказана, што 480 жыхароў Стралічава абодвух полаў былі прыхаджанамі Міхайлаўскай царквы[32].

У парэформавы пэрыяд Стралічаў — у Хвойніцкай воласьці. На пачатак 1870 году ў сяле было 224 гаспадакі сялян-уласьнікаў, прыпісаных да Стралічаўскага сельскага таварыства[33]. У сьпісе прыходаў і прычтаў па чатырох благачынных акругах (у межах Рэчыцкага павету) Менскай епархіі на 1876 год у складзе прычту Міхайлаўскай царквы названыя настаяцель а. Раман Гласко, в. а. штатнага псаломшчыка Хведар Мігай і звышштатны Іван Загароўскі, просьфірня Еўфрасіньня Бабарыкіна. Да прыходу, акрамя Стралічава, належалі Губарэвічы, Руднае і Навасёлкі[34]. У 1879 годзе царкоўны прыход налічваў 1015 душ мужчынскага і 1120 жаночага полу верных. Настаяцелем з 1 студзеня 1877 году, пасьля спачыну зяця Р. Гласко[h], ізноў стаў а. Якаў Змаровіч[35]. У 1886 годзе ў сяле 66 двароў, 537 жыхароў, вятрак і конны млын[36].

Увесну 1905 году ў жыхароў Стралічава «возникли недоразумения» ў дачыненьнях з адміністрацыяй маёнтку ганаровага грамадзяніна М. П. Аўраамава з прычыны таго, што сяляне пачалі свавольна выпасаць жывёлу на зямлі памешчыка, уважаючы яе сваёй. 23 траўня, на загад менскага губэрнатара, сюды прыбыла 13-я рота 316 пяхотнага Вышневалоцкага палка. 25 траўня ўсе спробы арыштаваць зачыншчыкаў зь ліку 300 бунтаўнікоў (амаль уся вёска), як і каманда жаўнерам «на изготовку» нібы для пачатку страляніны, скончыліся безвынікова. У наступныя дні, пасьля пагадненьня бакоў аб карыстаньні пашамі, хваляваньні супакоіліся[37]. На 1909 год у сяле Стралічаў 162 двары, 1036 жыхароў, у аднайменным хутары 4 двары, 41 жыхар[38].

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскай мірнай дамовы з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Стралічаў у складзе Хвойніцкай воласьці, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка – у Мазыры. Ад 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[39].

Стралічаў на мапе гэнштабу РККА Беларусі і Літвы. 1935 г.

1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Хойніцкая воласьць увайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі была далучаная да РСФСР. Згодна з дакумэнтам «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 8 сьнежня 1920 і на 15 красавіка 1921 году ў Стралічаўскай школе першай ступені (г. зн. пачатковай) налічвалася адпаведна 65 і 125 вучняў[40]. Арганізаваны саўгас «Стралічава».

З 8 сьнежня 1926 году вёска – цэнтр Стралічаўскага сельсавету Хвойніцкага раёну Рэчыцкай, ад 9 чэрвеня 1927 году Гомельскай акругі, з 20 лютага 1938 Палескай вобласці БССР (цэнтр – места Мазыр). У 1930 годзе створаны калгас «Пралетарый», працавалі вінакурня, вятрак, дзьве кузьні, цагельня, стальмашня, шорная майстэрня. У Вялікую Айчынную вайну дзейнічала патрыятычнае падпольле (кіраўнік У. І. Табачны). 200 вяскоўцаў загінулі на франтах.

Пасьля скасаваньня Палескай вобласьці 8 студзеня 1954 году Хвойніцкі раён увайшоў у склад Гомельскай вобласьці. Тады ў Стралічаве існавала сямігадовая школа[41].

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 1850 год — 70 двароў, 290 жыхароў.
  • 1885 год — 537 жыхароў.
  • 1897 год — 139 двароў, 848 жыхароў (згодна зь перапісам).
  • 1930 год — 175 дваров, 1072 жыхара.
  • 1959 год — 1828 жыхароў (паводле перапісу).
  • 2001 год — 349 двароў, 979 жыхароў.
  • 2009 год — 818 жыхароў.
  • 2021 год — 261 гаспадарка, 749 жыхароў[42].

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Сярэдняя школа
  • Дом культуры
  • Бібліятэка
  • Аддзяленьне сувязі

Памятныя мясьціны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Малітоўны дом евангельскіх хрысьціян баптыстаў
  • Помнік землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Запіс аб нараджэньні-хросьце Іосіфа Гашкевіча ў мэтрычнай кнізе Сьвята-Міхайлаўскай царквы.
  • Іосіф Гашкевіч (1814—1875) — дыплямат, вучоны-мовазнавец, дасьледчык Японіі і Кітая, натураліст, арыенталіст.
  • Уладзімер Зінкевіч (1951) — беларускі мастак, пэдагог. Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь (2004), прафэсар (2005), сябра Беларускага саюза мастакоў (1982).

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Паводле афіцыйнай назвы — Straličava.
  2. ^ На Гэнэральнай мапе «Беларускія землі ў XVI ст.» Вялікага гістарычнага атлясу Беларусі Стралічаў не паказаны, у адрозьненьне ад Камарына, які на той час не згаданы ні ў адной пісьмовай крыніцы.
  3. ^ Сьцьвярджэньне С. В. Марцэлева нібы царква збудавана ў 1795 г.[19] — адна з шматлікіх прыдумак аўтара; у наяўных крыніцах такой зьвесткі няма.
  4. ^ Так падпісваўся Караль, бо маёнтак быў уласнасьцю яго жонкі Людвікі, а каб браць удзел у справах павету і ў Рэчы Паспалітай, і ў Расеі неабходна мець у яго межах зямельныя ўладаньні.
  5. ^ Прысутны пры хросьце ў 1814 г. Іосіфа Гашкевіча Аляксандар Васілеўскі ўважаў сябе за шляхціча.
  6. ^ Да расейскага праваслаўя павернутая ў 1795 г.
  7. ^ Гэта як быццам на 90 душ меней, чым у 1795 годзе, пры нязьменнай колькасьці двароў...
  8. ^ Паведамленьне іерэя Расьціслава Бандарэнкі, настаяцеля царквы Праабражэньня Гасподняга ў вёсцы Сялец Брагінскага раёну.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf) С. 317
  2. ^ Рапановіч, Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Гомельскай вобласці / Рэд. П. П. Шуба. — Менск: Навука і тэхніка, 1986. — 240 с. С. 163
  3. ^ Административно-территориальное устройство БССР: справочник. В 2-х т. Т. 1 (1917—1941 гг.) / Гл. арх. упр. при Совете Министров БССР, Ин-т философии и права АН БССР. — Менск: Беларусь, 1985. — 390 с. С. 351
  4. ^ Źródła dziejowe (далей ŹD). T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. IX: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział I-szy. Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. Wykazy… S. 36, 37
  5. ^ Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 12—18
  6. ^ Аrchiwum Główny Akt Dawnych. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich (далей: AGAD. APiJ). Sygn. 1. S. 8
  7. ^ AGAD. APiJ. S. 15
  8. ^ ŹD. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział II-gi. Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 248, 282, 637
  9. ^ AGAD. APiJ. S. 56
  10. ^ Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. 1: Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 396—397
  11. ^ Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. С. 488, 507
  12. ^ AGAD. АРiJ. S. 43, 44
  13. ^ НГАБ у Менску. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 119, 120, 122, 123адв.-124, 130адв., 139адв., 141-141адв.
  14. ^ Ks. Orłowski K. N. Defensa biskupstwa y dyecezyi Kiiowskiey. — Lwów, 1748. S. 148.
  15. ^ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 193; гл. таксама: С. 13—15, 20—22.
  16. ^ Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 301, 391, 710
  17. ^ AGAD. APiJ. S. 80
  18. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 573. А. 34-34адв.
  19. ^ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2. Кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. С. 460
  20. ^ AGAD. APiJ. S. 32-33
  21. ^ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182.
  22. ^ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 70 — 71
  23. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 181. А. 260
  24. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 59. А. 155-168адв.
  25. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 334-335
  26. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 261. А. 1033-1042
  27. ^ AGAD. APiJ. Sygn. 14. S. 8-9
  28. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 9827. А. 2-2адв.
  29. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 538. А. 707адв.
  30. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 539. А. 710адв.
  31. ^ НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1475. А. 4, 18-27
  32. ^ Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 696
  33. ^ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 69.
  34. ^ Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 457
  35. ^ Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 130—131
  36. ^ Волости и важнейшие селения Европейской России. — С.-Петербург, 1886. Вып. 5. С. 113
  37. ^ Памяць: Гiсторыка-дакументальная хронiка Хойнiцкага раёна / Рэд. кал. М. А. Ткачоў [і інш.]; маст. А. М. Хількевіч. — Мінск: БелЭн iмя Петруся Броўкi, 1993. С. 46—47
  38. ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 195
  39. ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918 – 1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 – 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917 – 1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. – Минск: Современная школа, 2011. С. 92 – 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. – 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918 – 1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
  40. ^ Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. Ф. 68. Воп. 1. Спр. 16. А. 19
  41. ^ Занальны дзяржаўны архіў у г. Рэчыцы. Ф. 3. Воп. 1. Спр. 10. А. 2
  42. ^ Численность проживающих на территории Стреличевского сельсовета на 01.01.2021 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]