Менск-1 (аэрапорт)
«Менск-1» — аэрапорт у паўднёвай частцы Менску. Знаходзіцца за 4 км ад гістарычнага цэнтру гораду. Да 1984 году зьяўляўся асноўным аэрапортам Менску, але пасьля адкрыцьця міжнароднага аэрапорту Мінск-2 згубіў гэты статус.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]«Мінск-1» быў пабудаваны ў 1933 годзе, і тады ж зь яго выляцеў першы самалёт К-5. Увесну 1934 году тут прызямліліся тры самалёты По-2, што належалі Смаленскаму авіяпадразьдзяленьню спэцыяльнага прыстасаваньня Маскоўскага ўпраўленьня грамадзянскага паветранага флёту. Затым яны былі прыпісаныя да гэтага аэрапорту, што дало пачатак разьвіцьцю грамадзянскай авіяцыі ў Беларусі. У 1935 годзе былі адкрытыя першыя рэгулярныя рэйсы паміж Менскам і сямнаццацьцю раённымі цэнтрамі Беларусі, а ў 1936 годзе — першы паштова-пасажырскі рэйс паміж Менскам і Масквой.
Будынак аэравакзалу быў пабудаваны ў 1957 годзе паводле праекту архітэктара Г. Заборскага і захаваўся да нашага часу. У 1976 годзе побач са старым будынкам было ўзьведзенае новае, дзе разьмяшчаліся касы й зала чаканьня.[1] Захаваўся таксама будынак паваеннага аэрапорту, там цяпер знаходзіцца мэдчастка Менскага авіяатраду.
Аэрапорт атрымаў міжнародны статус у 1955 годзе і ўжо ў 1970-х абслугоўваў больш за мільён пасажыраў у год.
Характарыстыкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аэрапорт можа прыймаць наступныя тыпы самалётаў: Ту-134, Ан-12, Ан-24, Ан-26, Ан-72, Ан-74, Як-40, Як-42, а таксама ўсе тыпы гэлікоптэраў.
Ёсьць адна ўзьлётна-пасадачная паласа даўжынёй 2000 м. і шырынёй 60 м, якая можа абслугоўваць паветраныя судны максымальнай узьлётнай масы да 61 т.
На базе аэрапорту дзейнічае РУП «Менскі авіярамонтны завод» (былы авіяцыйны завод 407 цывільнай авіяцыі), які ажыцьцяўляе рамонт і пераабсталяваньне самалётаў Ту-134, Як-40, Як-42.
Цяперашні стан і пэрспэктывы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У траўні 2007 году было прынятае рашэньне аб закрыцьці аэрапорта «Мінск-1» і пераносе Менскага авіярамонтнага заводу да аэрапорту «Мінск-2». 29 кастрычніка 2012 году аэрапорт прыпыніў абслугоўваньне пасажырскіх рэйсаў.[2]
На тэрыторыі ў 330 га, якая вызваліцца, плянуецца пабудова новага раёну «Менск-Сіці», які будзе ўключаць грамадзка-дзелавы цэнтар з 80-павярховай вежай у якасьці архітэктурнае дамінанты й жылы мікрараён на 38 тыс. чалавек.[3] Будаўніцтва плянавалася пачаць у 2009 годзе, аднак інвэстары дагэтуль ня знойдзеныя. Будынак аэравакзалу, які існуе, будзе захаваны як помнік архітэктуры.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 713Г000265 |