Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця
Каардынаты: 51°30′13″ пн. ш. 0°1′25″ з. д. / 51.50361° пн. ш. 0.02361° з. д.
анг. European Bank for Reconstruction and Development | |
Тып | акцыйнае таварыства |
---|---|
Дэвіз | Мы ўкладаем у зьмяненьне жыцьцяў |
Заснаваная | 15 красавіка 1991 (33 гады таму) |
Заснавальнікі | 40 урадаў |
Уласьнікі | 71 урад (2023 год) |
Краіна | Ангельшчына |
Разьмяшчэньне | графства Вялікі Лёндан |
Адрас | акруга Цьвярдыневыя Вёскі, квартал Канарскі Прычал, Банкаўская вул., д. 5[1] |
Ключавыя фігуры | Одыль Рэно-Басо (старшыня), Сігрыд Кааг (старшыня Рады кіраўнікоў)[2] |
Галіна | сфэра паслугаў |
Паслугі | пазыка, парука, укладаньне |
Абарачэньне | ▲2,27 млрд эўра (2022 год) |
Чысты прыбытак | ▼-1,117 млрд эўра (2022 год)[3] |
Лік супрацоўнікаў | 3000 (2016 год) |
Аўдытар | «Прайсўотэрхаўс-Купэрс» |
Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця — міжурадавы банк, заснаваны ў красавіку 1991 году ў Лёндане (Ангельшчына).
Паводле 1-га артыкула Пагадненьня «Аб заснаваньні ЭБРР», мэтай банку было спрыяньне пераходу да адчыненай рынкавай гаспадаркі і прасоўваньне прыватнага і прадпрымальніцкага пачынаньня ў краінах Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы, прыхільных шматпартыйнаму народаўладзьдзю і плюралізму. Дадзеная мэта магла таксама ажыцьцяўляцца ў Манголіі і краінах на поўдні і ўсходзе Міжземнага мора. Згодна з 2-м артыкулам банк меў дапамагаць краінам-пазычальніцам у ажыцьцяўленьні структурных і галіновых гаспадарчых пераўтварэньнях, улучна з дэманапалізаваньнем, дэцэнтралізаваньнем і прыватызаваньнем, каб дапамагчы іх гаспадаркам у поўным залучэньні ў міжнародную гаспадарку шляхам:
- прасоўваньня праз прыватных і іншых зацікаўленых укладальнікаў распачынаньня, паляпшэньня і пашырэньня выніковай, спаборнай і прыватнай дзейнасьці, у прыватнасьці малых і сярэдніх прадпрыемстваў;
- задзейнічаньня ўнутранага і замежнага капіталу, а таксама дасьведчанага кіраўніцтва;
- спрыяньня выніковым укладаньня, у тым ліку ў галіне паслугаў і фінансавай галіне, а таксама ў інфраструктуру, патрэбную для падтрымкі прыватнага і прадпрымальніцкага пачынаньняў, каб дапамагчы ў стварэньні спаборнага асяродзьдзя і паляпшэньні прадукцыйнасьці, узроўню жыцьця і ўмоваў працы;
- аказаньня тэхнічнай дапамогі для падрыхтоўкі, фінансаваньня і ўвасабленьня асобнай і праграмнай задумы ўкладаньняў;
- заахвочаньня разьвіцьця рынку капіталу;
- падтрымкі грунтоўных і гаспадарча жыцьцяздольных задумаў з прыцягненьнем больш як адной краіны-пазычальніцы;
- прасоўваньня ва ўсёй сваёй дзейнасьці навакольна абгрунтаванага і ўстойлівага разьвіцьця[4].
Банк меў супрацоўнічаць зь Міжнародным валютным фондам, Міжнароднай фінансавай карпарацыяй, Агенцтвам шматбаковай аховы інвэстыцыяў, Арганізацыяй эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця (Францыя) і Арганізацыяй Аб’яднаных Нацыяў у справе гаспадарчага разьвіцьця і ўкладаньняў у краіны Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы. Паводле 3-га артыкула Пагадненьня, сяброўства ў ЭБРР было адчынена для эўрапейскіх краінаў і іншых краінаў, што былі сябрамі МВФ, а таксама Эўрапейскай эканамічнай супольнасьці і Эўрапейскага банку ўкладаньняў. Новых сябраў прымалі пры падтрымцы 2/3 кіраўнікоў, якія мелі 3/4 галасоў. Згодна з 6-м артыкулам 50 % падпіскі на капітал мела ажыцьцяўляцца за кошт безадсоткавых аблігацыяў у эўра, далярах ЗША і японскіх енах. У 34-м артыкуле згадвалася, што кожная дзяржава-ўдзельніца прызначала свой галоўны банк у якасьці дэпазытарыя сваёй валюты для ЭБРР[4].
Спосабы дзейнасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле 11-га артыкула Пагадненьня «Аб заснаваньні ЭБРР», банк меў ажыцьцяўляць сваю дзейнасьць шляхам:
- наданьня або суфінансаваньня са шматбаковымі ўстановамі і камэрцыйнымі банкамі пазыкаў прыватным прадпрыемствам, спаборным дзяржаўным прадпрыемствам, што пераходзяць да ўдзелу ў рынкавай гаспадарцы, і дзяржаўным прадпрыемствам, што пераходзяць у прыватную ўласнасьць, а таксама шляхам спрыяньня ўдзелу прыватнага і замежнага капіталу ў такіх прапрыемствах;
- укладаньня ў акцыйны капітал прыватных прадпрыемстваў, спаборных дзяржаўных прадпрыемстваў і дзяржаўных прадпрыемстваў пры пераходзе ў прыватную ўласнасьць, а таксама шляхам парукі за долевы выпуск каштоўных папераў такімі прадпрыемствамі;
- спрыяньня доступу да ўнутранага і замежнага рынкаў капіталу прыватным і вышэйзгаданым дзяржаўным прадпрыемствам праз наданьне парукаў і фінансавых парадаў;
- наданьня пазыкаў і тэхнічнай дапамогі для адбудовы і разьвіцьця інфраструктуры, у тым ліку дзеля навакольнага асяродзьдзя, разьвіцьця прыватнай галіны і пераходу да рынкавай гаспадаркі[4].
Рада дырэктароў ЭБРР мела штогод пераглядаць сваю дзейнасьць у кожнай краіне-пазычальніцы з ухваленьнем рашэньня 2/3 дырэктароў, якія маюць 3/4 галасоў. Банк мог накіроўваць у дзяржаўную галіну да 40 % пазыкаў, парукаў і капіталаўкладаньняў цягам кожнага фінансавага году. У кожнай краіне банк мог накіроўваць да 40 % сродкаў дзяржаўным установам цягам 5 гадоў. Такія ўстановы ўлучалі ўрад, мясцовае самакіраваньне і іх прадпрыемствы. Згодна з 12-м артыкулам Пагадненьня банк меў абмяжоўваць пазыкі, парукі і ўкладаньні памерам сваіх падпіснога і звычайнага дададзенага капіталу, а таксама запасаў. Таксама ЭБРР мог набыць кантрольны пакет паёў прадпрыемства ў выпадку пагрозы яго неплатаздольнасьці, якая вяла да страты ўкладзенага раней капіталу. У 53-м артыкуле згадвалася, што сродкі, маёмасьць і даход банку вызваляліся наўпроставых падаткаў. Таксама пакупкі банка вызваляліся ад гандлёвых падаткаў і мытаў. Заробкі супрацоўнікаў вызвалялі ад падаходнага падатку. Таксама ад падаткаў вызвалялі каштоўныя паперы, якія банк выпусьціў і за якія паручыўся, як дывідэнды па іх[4].
Паўнамоцтвы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле 20-га артыкула Пагадненьня «Аб заснаваньні ЭБРР», банк меў паўнамоцтвы:
- пазычаць у краіне-ўдзельніцы пры згодзе яе ўраду;
- укладаць незадзейнічаныя сродкі;
- набываць і прадаваць на другасным рынку каштоўныя паперы, якія банк выпусьціў або за якія паручыўся ці ў якія ўклаў;
- паручацца за каштоўныя паперы, у якія ўклаў, каб паспрыяць іх продажу;
- браць удзел у паруках за каштоўныя паперы прадпрыемства дзеля выкананьня мэты банку;
- даваць тэхнічную параду і дапамогу, якая служыць мэце банку;
- заключаць дамовы аб супрацы з установамі[4].
Кіраваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Рада кіраўнікоў. Улучала па кіраўніку і яго намесьніку ад кожнага сябра ЭБРР. Склікалася штогод. Паўнамоцная пры ўдзеле 2/3 кіраўнікоў, якія мелі 2/3 галасоў. Лік галасоў кожнай краіны вызначаўся лікам паёў у падпісным капітале банку. На кожнай штогадовай сустрэчы абірала ўласнага старшыню Рады зь ліку кіраўнікоў. Прымала новых сябраў і зьмяняла памер статутнага капіталу банка. Упаўнаважвала на заключэньне дамовы аб супрацы зь міжнародным арганізацыямі. Абірала дырэктароў на 3 гады і старшыню ЭБРР на 4 гады. Вызначала заробкі дырэктароў, іх намесьнікаў і старшыні банку. Ухваляла справаздачу аб прыбытку пасьля разгляду высноваў аўдытараў. Вызначала памер запасу і разьмеркаваньне чыстага прыбытку.
- Рада дырэктароў. Правамоцная пры ўдзеле большасьці сябраў, якія мелі 2/3 галасоў. Кожны дырэктар меў тую колькасьць галасоў, якую за яго падалі пры абраньні. Складалася з 23 сябраў: 1) 11 абіралі кіраўнікі, якія прадстаўлялі Бэльгію, Вялікабрытанію, Гішпанію, Грэцыю, Данію, Ірляндыю, Люксэмбург, Нідэрлянды, Нямеччыну, Партугалію і Францыю, а таксама Эўрапейскую эканамічную камісію і Эўрапейскі банк укладаньняў; 2) 12 абіралі іншыя кіраўнікі, зь іх па 4 ад краінаў-пазычальніцаў Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы, ад іншых краінаў Эўропы і ад неэўрапейскіх краінаў. Кожны дырэктар прызначаў сабе па намесьніку і займаў пасаду па 3 гады з правам пераабраньня. Ухваляла бюджэт банку і падавала справаздачу аб яго штогадовым выкананьні. Зацьвярджала пазыкі і парукі, укладаньні ў акцыйны капітал і пазычаньне, а таксама тэхнічную дапамогу. Прызначала намесьніка старшыні ЭБРР на прапанову старшыні[4].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 кастрычніка 1989 году ў звароце да Эўрапейскім парлямэнтам францускі прэзыдэнт Франсуа Мітэран прапанаваў заснаваць эўрапейскі банк разьвіцьця[5]. 9 сьнежня 1990 году Эўрапейская рада на паседжаньні ў Страсбуры з удзелам 12 дзяржаваў-удзельніцаў Эўрапейскай супольнасьці зацьвердзіла камюніке аб ухваленьні заснаваньня Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, каб укладаць у дзяржавы Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы дзеля іх пераходу да рынкавай гаспадаркі[6]. 29 траўня 1990 году ў Парыжы (Францыя) міністры скарбу і замежных справаў 40 дзяржаваў падпісалі Пагадненьне «Аб заснаваньні Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця» па-ангельску, па-француску, па-нямецку і па-расейску. Пагадненьне набыло моц 28 сакавіка 1991 году, калі яго ўхвалілі парлямэнты 2/3 з 40-х дзяржаваў. 15—17 красавіка 1991 году ў Лёндане адбыўся ўстаноўчы сход ЭБРР, на якім Рада кіраўнікоў абрала старшыню і дырэктароў, а таксама ўхваліла Статут і Правілы распарадку. Таксама 15 красавіка 1991 году з брытанскім урадам падпісалі Пагадненьне аб галаўной сядзібе ЭБРР[7]. На пачатку банк налічваў 55 супрацоўнікаў, зь іх 20 фінансістаў[8].
Падпіска на капітал ЭБРР складала 10 млрд эўрапейскіх грашовых адзінак (ЭГА). Сярод 40-х дзяржаваў-падпісчыцаў пры заключэньні Пагадненьня было:
- 12 дзяржаваў Эўрапейскай супольнасьці (млн ЭГА ў капітале) — Бэльгія (228), Вялікабрытанія (851,75), Гішпанія (340), Грэцыя (65), Данія (120), Ірляндыя (30), Італія (851,75), Люксэмбург (20), Нідэрлянды (248), Заходняя Нямеччына і Францыя (па 851,75);
- Эўрапейская эканамічная супольнасьць і Эўрапейскі банк укладаньняў, якія мелі па 300 млн ЭГА ў капітале;
- 8 іншых дзяржаваў-пазыкадаўцаў у Эўропе — Аўстрыя (228), Ісьляндыя (10), Ліхтэнштайн (2), Мальта (1), Нарвэгія (125), Фінляндыя (125), Швайцарыя (228) і Швэцыя (228);
- 8 дзяржаваў-пазычальніцаў — Баўгарыя (79), Вугоршчына (79), Польшча (128), Румынія (48), Савецкі Саюз (600), Чэхаславаччына (128), Усходняя Нямеччына (155) і Югаславія (128);
- 11 дзяржаваў Азіі — Ізраіль (65), Паўднёвая Карэя (65), Турэччына (115) і Японія (851,75);
- 2 дзяржавы Акіяніі — Аўстралія (100) і Новая Зэляндыя (10);
- 2 дзяржавы Афрыкі — Марока (10) і Эгіпет (10);
- 3 дзяржавы Паўночнай Амэрыкі — ЗША (1 000), Канада (340) і Мэксыка (30)[6].
За 1992 год дзейнасьць банку пашырылі зь 7 да 22 краінаў у сувязі з распадам Савецкага Саюзу. Пры гэтым вылучылі 36 краёвых пазыкаў на 1 млрд ЭГА, зь якіх пералічылі 100 млн ЭГА. Да канца 1993 году ахоп ЭБРР вырас да 25 краінаў праз распад Югаславіі і Чэхаславаччыны. На той час дзейнічала 12 краёвых прадстаўніцтваў ЭБРР, першы зь якіх адчынілі ў студзені 1992 году ў Варшаве (Польшча), а да канца году яшчэ 6 у Будапэшце (Вугоршчына), Сафіі (Баўгарыя), Празе, Маскве (Расея), Тыране (Альбанія) і Кіеве (Украіна). Лік супрацоўнікаў вырас да 700. Лік сябраў банку пры гэтым вырас да 59[8]. У 1990-я гады ЭБРР пазычаў прыватным прадпрыемствам Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы для пераходу іх краінаў да адчыненага рынку. Банк меў дачыненьне да стварэньня заканадаўства аб маёмасных правах, прыватызаваньні і ўвядзеньні вольнага цэнаўтварэньня. Сярод іншага, ЭБРР фінансаваў будоўлю засьцерагальнага саркафага на месцы Чарнобыльскай катастрофы[5]. У красавіку 1996 году на штогадовым сходзе кіраўнікі ЭБРР пагадзіліся падвоіць капітал банку да 20 млрд ЭГА. Пры гэтым 3 неўрапейскія сябры Марока, Мэксыка і Новая Зэляндыя не падпісаліся на дадатковы капітал[9].
У 1997 годзе ЭБРР пазычыў 116 млн даляраў на распрацоўку нафтагазавага радовішча на Сахаліне (Расея) сумесным амэрыканска-брытанска-японскім прадпрыемствам[10]. У 1998 годзе сярод 10 млрд эўра укладаньняў звыш 1/4 прыпадала на Расею. У выніку расейскі фінансавы крызіс 1998 году прывёў да стратнасьці на 261 млн эўра[11]. На 1998 год ЭБРР у якасьці галоўных органаў меў Раду кіраўнікоў і Раду дырэктароў, а таксама Кансультатыўную раду ў пытаньнях навакольнага асяродзьдзя[12]. У 2001 годзе праз банк пачалі фінансаваць вывад з эксплюатацыі атамных электрастанцыяў у Баўгарыі, Летуве (Ігналінская АЭС) і Славаччыне ў рамках іх уступленьня ў Эўразьвяз. За 1999—2004 гады вылучылі 350 пазыкаў на 4 млрд эўра на ачыстку водаў у Дунайска-Чарнаморскім рэгіёне[10].
У кастрычніку 2006 году ўнесьлі папраўку ў 1-ы артыкул Пагадненьня «Аб заснаваньні ЭБРР»[7]. У 2006 годзе банк пашырыў сваю дзейнасьць за межы Эўропы на Манголію ў Азіі, а ў 2009-м — на Турэччыну. У 2007 годзе Чэхія перайшла зь ліку пазычальнікаў у пазыкадаўцы ў ЭБРР[5]. У верасьні 2012 году ўнесьлі папраўку ў 18-ы артыкул Статуту ЭБРР[7]. У 2012 годзе дзейнасьць банку пашырылі на Ярданію ў Азіі і 3 краіны Паўночнай Афрыкі — Эгіпет, Марока і Туніс, а таксама на сэрбскі край Косава[5]. У верасьні 2013 году ўхвалілі паўторную папраўку ў 1-ы артыкул Статуту[7]. У 2014 годзе дзейнасьць пашырылі на Кіпр, а ў 2015-м — на Грэцыю[5]. За 2006—2015 гады банк уклаў звыш 16 млрд эўра ў больш як 1000 прадпрыемстваў у галіне аднаўляльнай энэргетыкі[13]. 14 сьнежня 2015 году ЭБРР ухваліў сяброўства Кітаю ў банку. На той час банк налічваў 66 пайшчыкаў[14]. За 1994—2017 гады выдалі 874 000 пазыкаў на 17 млрд даляраў для малых прадпрыемстваў Расеі праз 40 банкаў. Пры гэтым пераважна пазыкі ішлі празь мясцовыя банкі на Ўрале і ў Сібіры ды звыш 90 % па-за сталіцай і Санкт-Пецярбургам[15].
У 2017 годзе пазыкі пачалі накіроўваць у Лібан[5]. На канец 2018 году ўкладалі ў 38 краінаў сьвету пры капітале каля 30 млрд эўра[16]. На канец 2019 году пайшчыкамі банка былі ўрады 69 краінаў[17]. За 2019 год 46 % укладаньняў накіравалі ў зялёную гаспадарку[18]. Агулам за год упершыню вылучылі звыш 10 млрд эўра[19]. За 1999—2020 гады ў рамках Праграмы спрыяньня гандлю выдалі 25 350 пазыкаў на 20,5 млрд эўра праз 218 мясцовых банкаў у 31 краіне[15].
У 2021 годзе аднавілі пазыкі ў Чэхію дзеля дапамогі ў аднаўленьні пасьля пандэміі ўханьскага каронавірусу. У 2021 годзе 51 % пазыкаў выдалі ў галіне зялёнай гаспадаркі. У 2022 годзе прыпыніў доступ прадпрыемстваў Беларусі і Расеі да пазыкаў ЭБРР у сувязі з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну[5]. Па выніках 2022 год ЭБРР меў сродкі на 71,6 млрд эўра, зь іх 42 % (29,9 млрд эўра) складалі пазыкі, а 30 % (21,4 млрд эўра) — уклады ў банках. Абавязкі складалі 52,3 млрд эўра (73 % ад сродкаў), зь іх 81 % (43,4 млрд эўра) прыпадала на засьведчаныя даўгі, а 13 % (7 млрд эўра) — на вытворнікі. Сярод 19,3 млрд эўра акцыйнага капіталу 68 % складалі запасы і неразьмеркаваны прыбытак, а рэшту (6,2 млрд эўра) —аплачаны капітал[3]. У 2022 годзе выдалі пазыкі на 13,1 млрд эўра. У сакавіку 2023 году адчынілі новую галаўную сядзібу ЭБРР у лёнданскім квартале Канарскі Прычал. Пайшчыкамі банку былі ўрады 71 краіны на ўсіх 5 мацерыках. Сярод іх найноўшымі пайшчыкамі сталі Індыя, Сан-Марына, Лібія, ААЭ і Альжыр. Пазыкі выдавалі ў 35 краінах Эўропы, Сярэдняй Азіі, Паўночнай Афрыкі і Паўднёва-Заходняй Азіі. Ад заснаваньня выдалі 6400 краёвых пазыкаў на 170 млрд эўра[5].
Старшыні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Жак Аталі (красавік 1991 — чэрвень 1993; Францыя)
- Жак дэ Лярозьер (верасень 1993 — студзень 1998; Францыя)
- Горст Кёлер (верасень 1998 — красавік 2000; Нямеччына)
- Жан Лёмьер (ліпень 2000 — ліпень 2008; Францыя)
- Томас Міраў (ліпень 2008 — ліпень 2012; Нямеччына)
- Сума Чакрабарці (ліпень 2012 — ліпень 2020; Вялікабрытанія)
- Одыль Рэно-Басо (зь лістапада 2020 году; Францыя)[5]
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]10 чэрвеня 1992 году ўрад Беларусі стаў пайшчыкам ЭБРР[2]. На 1998 год Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця меў прадстаўніцтва ў Беларусі[12]. Да верасьня 2014 году ЭБРР зрабіў у Беларусі 66 укладаньняў на 1,5 млрд эўра. Зь іх 883 млн эўра (59%) уклалі за 2010—2014 гады[20]. Укладзеныя сродкі накіравалі ў галіну дарожнага будаўніцтва, сувязі і энэргетыкі[21].
На люты 2015 году ЭБРР фінансаваў беларуска-швайцарскі завод электратранспарту «Штадлер Менск» у Фаніпалі (Койданаўскі раён). За папярэдні 3 гады ўкладаньні ў Беларусі павялічылі амаль у 4-кратна[22]. 18 лютага 2015 году старшыня банку Сума Чакрабарці ўпершыню наведаў Беларусь і адзначыў наконт «Штадлера»: «Я вельмі ганаруся тым, што мы змаглі прыцягнуць у Беларусь добрых замежных інвэстараў». Пры гэтым грошы ад ЭБРР паступалі праз расейскія даччыныя банкі: «Белзьнешэканомбанк», «БПБ-Ашчадбанк» і «Белгазпрамбанк». Таму на сустрэчы зь ім А. Лукашэнка заўважыў: «Сёньня Расея знаходзіцца пад санкцыямі, і калі вы іх распаўсюдзіце на гэтыя банкі, мы можам страціць фінансаваньне вашага банка на Беларусь. Гэтага дапусьціць нельга. Трэба знайсьці выйсьце з гэтай сытуацыі»[23]. На той час урад Беларусі меў 6002 паі ЭБРР на больш як 60 млн эўра, што складала 0,2% статутнага капіталу банка. Сумесна з ЭБРР у Беларусі ўкладалі ў дрэваапрацоўчы завод «Кронаспан» ў Вейна (Магілёўскі раён) і бабруйскі завод «Сябар» нідэрляндзкага бровара «Гэйнэкэн». Таксама зь 2012 году банк фінансаваў разьвіцьцё сетак водазабесьпячэньня і водаачысткі ў Баранавічах, Віцебску і Слоніме[24]. Зь 2012 году па чэрвень 2015 году вылучылі 47 пазыкаў на 17,2 млн даляраў для ўсталяваньня абсталяваньня для вытворчасьці энэргіі з адкідаў дрэваапрацоўкі і будаўніцтва сонечных электрастанцыяў. Сродкі пералічвалі праз 4 банкі Беларусі. Пры гэтым на аднаўляльную энэргетыку прадугледзелі 50 млн даляраў[13].
На сакавік 2016 году наяўныя ўкладаньні ЭБРР у Беларусі складалі 600 млн эўра. У асноўным іх накіравалі ў банкі і перабудову аўтадарогі М10 Гомель — Кобрын. 4 сакавіка абвясьцілі пра вылучэньне 10 млн эўра на жаночае прадпрымальніцтва[25]. 14 ліпеня ЭБРР і «Беларускі народны банк» заключылі адпаведнае крэдытнае пагадненьне на 3 млн даляраў[26]. За 2012—2016 гады вытворца бялізны і трыкатажу «Марк Фармэль» пашырыў сваю дзейнасьць на 6 фабрык з 2000 супрацоўнікаў праз пазыку ЭБРР і распрацоўку ім маркетынгавай стратэгіі. Пры гэтым адчынілі 100 уласных крамаў у Беларусі, Летуве, Расеі, Украіне і Казахстане[27]. 5 верасьня 2016 году кіраўнік прадпрыемства «Зубр Капітал» Алег Хусаенаў абвясьціў пра стварэньне фонду наўпроставых укладаньняў на 50 млн даляраў, зь якіх 12,5 млн $ вылучыў ЭБРР. Сродкі для 6—8 прадпрыемстваў мелі накіраваць у інфармацыйныя тэхналёгіі, вытворчасьць спажывецкіх тавараў і раздробны гандаль[28].
27 верасьня 2016 году «Белінвэстбанку» пазычылі 8 млн эўра на фінансаваньне аднаўляльнай энэргетыкі[29]. У кастрычніку 2016 году пазычылі 21 млн эўра на адбудову інфраструктуры водазабесьпячэньня і водаадвядзеньня ў Воршы, Лідзе і Полацку[30]. Адпаведныя праектныя і грантавыя пагадненьні падпісалі 19 сьнежня на суму 30 млн эўра, зь іх 10 млн эўра склала тэхнічная дапамога. Зь беларускага боку іх падпісалі прадстаўнікі Віцебскага і Гарадзенскага аблвыканкамаў, Аршанскага, Лідзкага і Полацкага райвыканкамаў. З боку ЭБРР падпісантамі былі кіраўнік прадстаўніцтва банку ў Беларусі Аляксандар Піваварскі і кіраўніца фонду Экапартнэрства Паўночнага вымярэньня Ева Маньнік[31].
У чэрвені 2017 году «Менскі транзытны банк» атрымаў крэдытную лінію для малых прадпрыемстваў на 9 млн эўра ад ЭБРР. Таксама яму павялічылі крэдытную лінію ў рамках Праграмы спрыяньня гандлю да 10 млн даляраў[32]. 6 ліпеня 2017 году паведамілі пра 7-гадовую пазыку на 15 млн эўра для дрэваапрацоўчага прадпрыемства «Свудс» у Барысаўскім раёне, якое належала «Заходняй драўнянай групе» зь Летувы. Пазыка мела зрабіць прадпрыемства найбольшай лесапільняй у Беларусі з гадавой вытворчасьцю ў 250 000 кубамэтраў драўніны. Адначасна мелі падвоіць выпуск драўняных пелетаў да 72 000 тонаў за год і асучасьніць вытворчасьць мэблі[33]. 13 верасьня 2017 году міністар эканомікі Беларусі Ўладзімер Зіноўскі і старшыня ЭБРР Сума Чакрабарці падпісалі пагадненьне аб вылучэньні 6 млн эўра для малых прадпрыемстваў Беларусі[34]. 15 верасьня 2017 году зь «Белінвэстбанкам» заключалі пагадненьне аб 6-гадовай пазыцы на 50 млн эўра для малых прадпрыемстваў[35].
24 студзеня 2018 году кіраўнік прадстаўніцтва ЭБРР Піваварскі заявіў: «Наш крэдытны партфэль у Беларусі цяпер складае каля 500 млн эўра… У 2017 годзе аб’ём апэрацыяў у Беларусі склаў 163 млн эўра (на 40 млн эўра больш, чым у 2016-м). Але наша мэта — прадаўжаць расьці і наблізіцца да таго ўзроўню, які быў да крызісу 2014 году, гэта 250 млн эўра»[36]. 25 студзеня абвясьцілі пра мэзанінную пазыку на 5 млн эўра для адкрыцьця прадпрыемствам «Аптэка груп» да 160 аптэк «Добрыя лекі» і «Адэль» да канца 2021 году, каб падвоіць іх лік. Такая пазыка была прамежкавай між долевым удзелам і доўгам. Старшыня «Аптэкі груп» Леанід Томчын падкрэсьліў, што гэта была першая мэзанінная валютная пазыка ў Беларусі[37]. 20 сакавіка 2018 году заключылі 3-е пагадненьне аб сынтэтычным крэдыце ў беларускіх рублях на 10 млн даляраў для малых прадпрыемстваў з «МТБанкам», які быў найбольшым у Беларусі банкам з прыватным беларускім капіталам. Папярэднія пагадненьні з гэтым банкам заключалі ў 2006 і 2014 гадох[38]. 27 сакавіка 2018 году ў Лёндане Міністэрства транспарту і камунікацыяў Беларусі заключыла з ЭБРР крэдытнае пагадненьне аб адбудове аўтадарогі Р-80 Слабада—Паперня даўжынёй 14,77 км у Менскім раёне[39].
30 жніўня 2018 году ў беларускім прадстаўніцтве ЭБРР падпісалі пагадненьні з «МТБанкам» і «Беларускім народным банкам» на 20 млн рублёў кожнае для пазыкаў малым прадпрыемствам. На той час 95 укладаньняў ЭБРР у Беларусі перавысілі 2 млрд эўра[40]. 1 кастрычніка на 3 гады вылучылі пазыковую лінію для «Прыёрбанка» ў беларускіх рублях на 15 млн даляраў, каб пазычаць малым прадпрыемствам, што наймалі 1,5 млн чалавек і стваралі 1/4 сукупнага ўнутранага прадукту Беларусі[41]. Агульны абсяг укладаньняў дасягнуў 2,3 млрд эўра[16]. 10 сьнежня 2018 году падпісалі пагадненьне аб вылучэньні «Белінвэстбанку» 50 млн эўра для пазычаньня малым прадпрыемствам[42]. 4 сакавіка 2019 году ў Менску старшыня ЭБРР Сума Чакрабарці з нагоды падваеньня фінансаваньня ў Беларусі да 360 млн эўра за 2018 год у рамках 21 укладаньня заявіў: «У мінулым годзе інвэстыцыі ўзьняліся і дасягнулі амаль 400 млн $. Гэта вельмі добры паказчык. Беларусь на сёньняшні дзень знаходзіцца ў дзясятцы лідэраў, зь якімі мы працуем». На прыватныя прадпрыемствы прыпала 2/3 укладаньняў, а рэшта — на дзяржаўную галіну. У прыватнасьці, «Менскводаканалу» пазычылі 84 млн эўра, на завяршэньне перабудовы 2-й Менскай кальцавой аўтадарогі — 42 млн эўра, а прадпрыемству кіраваньня цьвёрдымі адкідамі ў Ігуменскім і Пухавіцкім раёнах — 5 млн эўра. Сярод прыватных прадпрыемстваў вытворца мэблі і ДСП «ВМГ» атрымаў пазыку на 50 млн эўра, «Мэбелайн» і «Эўрагандаль» — па 20 млн эўра. У 2018 годзе ЭБРР стаў пайшчыкам сельгасхолдынга «Сэрвалюкс» (Магілёў). Сярод іншага, банк прафінансаваў будаўніцтва 4-х біягазавых цеплаэлектрацэнтраляў у Берасьцейскай і Гарадзенскай абласьцях. У выніку агульны абсяг фінансаваньня 115 укладаньняў перавысіў 2,4 млрд эўра[43].
11 чэрвеня 2019 году ў Лёндане старшыня ўраду Беларусі Сяргей Румас і 1-ы намесьнік старшыні ЭБРР Юрген Рыгтэрынк падпісалі пагадненьне аб вылучэньні «Віцебскаблводаканалу» пазыкі ў 15,5 млн эўра на ўстаноўку станцыяў ачысткі пітной вады ад дамешкаў жалеза ў 80 паселішчах Віцебскай вобласьці[44]. 3 сьнежня ў Менску Румас і Рыгтэрынк падпісалі пагадненьне аб вылучэньні 259 млн эўра на адбудову аўтадарогі М3 і 12 мастоў у Беларусі. Зь іх 133 млн эўра прызначалася для адбудовы 47 км аўтадарогі МЗ, што злучала Менск зь Віцебскам[45]. Па выніках 2019 году ўкладаньні ў Беларусі вырасьлі да 433 млн $ (390 млн эўра) у рамках 24-х пазычаньняў і прыцягнулі сындыкаваныя пазыкі на 40 млн эўра. Пры гэтым 26,8 млн эўра ўклалі на адбудову каналізацыі ў такіх гарадах, як Клецак, Любань, Фаніпаль, Баранавічы, Бяроза, Жлобін і Шклоў[46]. У 2019 годзе Беларусь узьнялася на 9-е месца сярод 38 краінаў, у якія ўкладаў ЭБРР[18]. Да 2021 году банк уклаў у Беларусі 2,802 млрд эўра. Дзейныя 142 пазыкі складалі 302 млн эўра, зь якіх 61% прыпадаў на прыватныя прадпрыемствы[47].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Галаўная сядзіба ЭБРР (анг.) // Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця, 2023 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
- ^ а б Пайшчыкі і Рада кіраўнікоў ЭБРР (анг.) // Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця, 2023 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
- ^ а б Фінансавая справаздача за 2022 год (анг.) // Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця, 18 траўня 2023 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
- ^ а б в г д е Пагадненьне «Аб заснаваньні Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця» (анг.) // Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця, 2023 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
- ^ а б в г д е ё ж з Гісторыя ЭБРР (анг.) // Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця, 2023 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
- ^ а б Эндру Кілпатрык. Глава 1. Новая міжнародная ўстанова разьвіцьця // Гісторыя ЭБРР = A History of the EBRD. — Будапэшт: Цэнтральна-Эўрапейскі ўнівэрсытэт, 2020. — Т. 1. Пасьля Бэрлінскага муру. — С. 5—41. — 394 с. — ISBN 978-963-386-394-7
- ^ а б в г Асноўныя дакумэнты ЭБРР (анг.) // Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця, 2023 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
- ^ а б Эндру Кілпатрык. Глава 3. Складаныя раньнія гады // Гісторыя ЭБРР = A History of the EBRD. — Будапэшт: Цэнтральна-Эўрапейскі ўнівэрсытэт, 2020. — Т. 1. Пасьля Бэрлінскага муру. — С. 73—107. — 394 с. — ISBN 978-963-386-394-7
- ^ Эндру Кілпатрык. Глава 4. Аднаўленьне даверу // Гісторыя ЭБРР = A History of the EBRD. — Будапэшт: Цэнтральна-Эўрапейскі ўнівэрсытэт, 2020. — Т. 1. Пасьля Бэрлінскага муру. — С. 109—129. — 394 с. — ISBN 978-963-386-394-7
- ^ а б Эндру Кілпатрык. Глава 8. Справы навакольнага асяродзьдзя // Гісторыя ЭБРР = A History of the EBRD. — Будапэшт: Цэнтральна-Эўрапейскі ўнівэрсытэт, 2020. — Т. 1. Пасьля Бэрлінскага муру. — С. 221—247. — 394 с. — ISBN 978-963-386-394-7
- ^ Эндру Кілпатрык. Глава 12. Аднаўленьне, рост і выпуск // Гісторыя ЭБРР = A History of the EBRD. — Будапэшт: Цэнтральна-Эўрапейскі ўнівэрсытэт, 2020. — Т. 1. Пасьля Бэрлінскага муру. — С. 311—351. — 394 с. — ISBN 978-963-386-394-7
- ^ а б Сьвятлана Сьвілас. Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — С. 399. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0106-0
- ^ а б ЭБРР прафінансаваў у Беларусі 47 праектаў па энэргаэфэктыўнасьці на суму $17,2 млн // БелТА, 23 чэрвеня 2015 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
- ^ БелТА. Кітай стаў акцыянэрам ЭБРР // Белтэлерадыёкампанія, 15 сьнежня 2015 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
- ^ а б Эндру Кілпатрык. Глава 5. Маштабаваньне празь фінансавыя ўстановы // Гісторыя ЭБРР = A History of the EBRD. — Будапэшт: Цэнтральна-Эўрапейскі ўнівэрсытэт, 2020. — Т. 1. Пасьля Бэрлінскага муру. — С. 133—149. — 394 с. — ISBN 978-963-386-394-7
- ^ а б Вольга Мядзьведзева. Роўныя ўмовы і пачуцьцё абароненасьці // Мясцовае самакіраваньне. — 23 лістапада 2018. — № 47 (480). — С. 13.
- ^ ЭБРР у 2019 годзе перасягне мінулагодні рэкорд па інвэставаньні ў эканоміку Беларусі - Рыгтэрынк // БелТА, 4 сьнежня 2019 г. Праверана 18 верасьня 2023 г.
- ^ а б Варвара Марозава. ЭБРР разьлічвае, што Беларусь увойдзе ў пяцёрку краін, зь якімі банк супрацоўнічае // Газэта «Зьвязда», 6 лютага 2020 г. Праверана 18 верасьня 2023 г.
- ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Прэзыдэнт Беларусі сустрэўся з кіраўніком Эўрапейскага банка рэканструкцыі і разьвіцьця // Белтэлерадыёкампанія, 6 лютага 2020 г. Праверана 18 верасьня 2023 г.
- ^ Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця актыўна супрацоўнічае зь Беларусьсю // Белтэлерадыёкампанія, 22 верасьня 2014 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
- ^ Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця бачыць магчымасьці для пашырэньня дзейнасьці ў Беларусі // Белтэлерадыёкампанія, 26 верасьня 2014 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
- ^ Прэзыдэнт ЭБРР упершыню наведае Беларусь // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 13 лютага 2015 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
- ^ Беларусь зацікаўлена ў разьвіцьці супрацоўніцтва з Эўрапейскім банкам рэканструкцыі і разьвіцьця // БелТА, 18 лютага 2015 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
- ^ ЭБРР гатовы прыняць удзел у рэканструкцыі дарогі М10 на ўмовах дзяржаўна-прыватнага партнэрства // БелТА, 19 лютага 2015 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
- ^ Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця інвэстуе ў беларусак // БелТА, 4 сакавіка 2016 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
- ^ Сьвятлана Міховіч. ЭБРР і БНБ-Банк падпісалі крэдытнае пагадненьне на $3 млн па праграме «Жанчыны ў бізнэсе» // БелТА, 14 ліпеня 2016 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
- ^ Ілона Красуцкая. Вынікі сустрэчы кіраўніка беларускай дзяржавы і віцэ-прэзыдэнта Эўрапейскага банка рэканструкцыі і разьвіцьця // Белтэларадыёкампанія, 17 сакавіка 2016 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
- ^ «Зубр Капітал» запускае ў Беларусі фонд прамых інвэстыцый аб’ёмам $50 млн // БелТА, 5 верасьня 2016 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
- ^ Юлія Вогнева. ЭБРР выдзеліў «Белінвэстбанку» крэдыт на 8 млн эўра на фінансаваньне ўстойлівай энэргетыкі // БелТА, 27 верасьня 2016 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
- ^ Сьвятлана Міховіч. ЭБРР плянуе пашырыць дыяпазон работы ў Беларусі за кошт праектаў у сфэры ЖКГ і ІТ // БелТА, 22 лістапада 2016 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
- ^ На рэканструкцыю ачышчальных збудаваньняў у Лідзе, Оршы і Полацку будзе прыцягнута 30 млн эўра інвэстыцый // БелТА, 20 сьнежня 2016 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
- ^ ЭБРР адкрые «МТБанку» крэдытную лінію на 9 млн эўра на разьвіцьцё МСП // БелТА, 20 чэрвеня 2017 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
- ^ ЭБРР прадаставіць сямігадовы крэдыт у памеры 15 млн эўра беларускай дрэваапрацоўчай кампаніі // БелТА, 6 ліпеня 2017 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
- ^ Юлія Дылянок. ЕС выдзеліць 6 млн еўра на падтрымку малога і сярэдняга бізнесу ў Беларусі // БелТА, 13 верасьня 2017 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
- ^ Сяргей Куркач. Фінансаваньне малога бізнэсу // Зьвязда : газэта. — 16 верасьня 2017. — № 179 (28543). — С. 7. — ISSN 1990-763x.
- ^ ЭБРР плянуе ў 2018 годзе павялічыць аб’ём фінансаваньня праектаў у Беларусі // БелТА, 24 студзеня 2018 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
- ^ ЭБРР інвэстуе ў фармацэўтычную галіну Беларусі да 5 млн эўра // БелТА, 25 студзеня 2018 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
- ^ «МТБанк» і ЭБРР заключылі пагадненьне аб прадастаўленьні сынтэтычнага крэдыту ў беларускіх рублях для фінансаваньня малога і сярэдняга бізнэсу // БелТА, 20 сакавіка 2018 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
- ^ Беларусь і ЭБРР падпісалі крэдытнае пагадненьне па рэканструкцыі ўчастка аўтамабільнай дарогі Р-80 // БелТА, 27 сакавіка 2018 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
- ^ ЭБРР прадаставіў «МТБанку» і «БНБ-Банку» крэдыты па Br20 млн на фінансаваньне МСП // БелТА, 30 жніўня 2018 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
- ^ ЭБРР пашырае праграму крэдытаваньня ў беларускіх рублях // БелТА, 1 кастрычніка 2018 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
- ^ Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця падтрымае беларускі бізнэс // Белтэлерадыёкампанія, 10 сьнежня 2018 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
- ^ Беларусь заўсёды будзе надзейным партнэрам для Эўрапейскага банка рэканструкцыі і разьвіцьця - Лукашэнка // БелТА, 4 сакавіка 2019 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
- ^ Беларусь і ЭБРР падпісалі тры дакумэнты па пашырэньні супрацоўніцтва // БелТА, 11 чэрвеня 2019 г. Праверана 18 верасьня 2023 г.
- ^ ЭБРР выдзяляе 259 млн эўра на рэканструкцыю ў Беларусі 12 мастоў і трасы М3 // БелТА, 3 сьнежня 2019 г. Праверана 18 верасьня 2023 г.
- ^ ЭБРР устанавіў новы рэкорд па інвэстыцыях у эканоміку Беларусі // БелТА, 13 студзеня 2020 г. Праверана 18 верасьня 2023 г.
- ^ Беларусь (анг.) // Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця, 2023 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сайт ЭБРР па-расейску
- Пошукавік праектаў (анг.)
- Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця // Газэта «Зьвязда», 6 лютага 2020 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.