Перайсьці да зьместу

Аднаўляльная энэргія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Выкарыстаньне ветру як крыніцы энэргіі.

Аднаўля́льная энэ́ргія — крыніцы энэргіі, выкарыстаньне якіх не прывядзе ў доўгатэрміновай пэрспэктыве да іх нястачы. Звычайна да аднаўляльнай энэргіі адносяць энэргію ветру, сонечную энэргію, геатэрмальную энэргію, энэргію хваляў і марскіх цячэньняў, рачную гідраэнэргію, а таксама энэргію атрымліваемую зь біямасы (біягаз, які атрымліваецца на сьметніках, таксама які атрымліваецца ў выніку ачысткі сточных водаў і гніеньня астаткаў расьлінаў і жывёл)[1]. Акрамя гэтага існуе энэргія, якая атрымліваецца зь неаднаўляльных крыніцаў (прыродны газ, лупняк, вугаль і г.д.). Выкарыстаньне гэтых крыніцаў энэргіі вядзецца значна хутчэй за іх аднаўленьне. Аднаўляльныя крыніцы энэргіі часта забясьпечваюць энэргіяй чатыры важных галіны чалавечай дзейнасьці, як то вытворчасьць электраэнэргіі, ацяпленьне ці астуджэньне паветра і вады, транспарт і сельская гаспадарка[2].

Самай папулярнай крыніцай аднаўляльнай энэргіі зьяўляецца энэргія падаючай вады. Астатнія крыніцы выкарыстоўваюцца, пакуль, недастаткова. У апошнія гады, высокія кошты на сыравіну прывялі да актывізацыі вывучэньня выкарыстаньня аднаўляльнай энэргіі ва ўсім сьвеце. Аднаўляльная энэргія можа быць шкоднай да навакольнага асяродзьдзя, хоць і значна меней чым неаднаўляльная.

Аднаўляльныя крыніцы энэргіі забясьпечвалі каля 8,5% ад агульнага энэргітычнага попыту чалавецтва на 2013 год[3]. На падставе справаздачы за 2017 год, на аднаўляльныя крыніцы энэргіі прыпала 19,3% сусьветнага спажываньня энэргіі і 24,5% на выраб электраэнэргіі адпаведна ў 2015 і 2016 гадох. Сыстэмы аднаўляльных крыніц энэргіі становяцца ўсё больш эфэктыўнымі і таннымі, і іхная доля ў агульным спажываньні энэргіі павялічваецца[4]. Па стане на 2019 год па ўсім сьвеце больш за дзьве траціны ўсёй згенэраванай электраэнэргіі была аднаўляльная[5]. Паводле меркаваньняў экспэртаў, рост спажываньня вугалю і нафты можа скончыцца да 2020 году праз павелічэньне спажываньня аднаўляльных крыніц і прыроднага газу[6].

Ад пачатку XXI стагодзьдзя назіраецца павелічэньне інвэстыцыяў у разьвіцьцё аднаўляльных крыніц энэргіі, якія растуць экспанэнцыйна. Гэта абумоўлена, з аднаго боку, зьніжэньнем коштаў на іх, а зь іншага, субсыдыямі, якія маюцца ў многіх краінах. У 2017 годзе сусьветныя інвэстыцыі ў аднаўляльныя крыніцы энэргіі склалі 279,8 млрд даляраў, пры гэтым на Кітай прыпала 126,6 млрд даляраў ЗША або 45% ад сусьветных інвэстыцыяў, на ЗША — 40,5 млрд даляраў ЗША, а Эўропу — 40,9 млрд даляраў ЗША[7]. У сусьветным маштабе, паводле ацэнак, 7,7 мільёнаў працоўных месцаў, зьвязаныя з вытворчасьцю аднаўляльных крыніц энэргіі. Галіна, якая выкарыстоўвае сонечную энэргію, зьяўляецца найбуйнейшым працадаўцам сярод іншых галін здабываньня аднаўляльных крыніц энэргіі[8]. Прыхільнікі выкарыстаньня аднаўляльных крыніц энэргіі паказваюць на праблемы, зьвязаныя з спальваньнем выкапнёвага паліва ў якасьці крыніцы энэргіі, што ёсьць чыньнікам забруджваньня навакольнага асяродзьдзя, глябальнага пацяпленьня і зьнясіленьня рэсурсаў. Іхныя апанэнты, у адказ, паказваюць на высокія затраты, валятыльнасьць энэргіі, дадатковыя экалягічныя выдаткі і сумніўнай эфэктыўнасьцю ў дачыненьні да спажываньня выкапнёвага паліва.

Разьвіцьцё аднаўляльнай энэргетыкі мае вялікае значэньне на далейшы лёс чалавецтва, паколькі гаручыя карысныя выкапні, якія зьяўляюцца асновай вытворчасьці энэргіі ў пачатку XXI стагодзьдзя, маюць абмежаваныя запасы, якія рана ці позна будуць вычарпаны. Ідэальным для выжываньня чалавецтва было бы ўстойлівае разьвіцьцё, канцэпцыя, згодна зь якой вытворчасьць і спажываньне энэргіі грамадзтвам былі б збалянсаваны так, каб не залежыць ад рэсурсаў, даступных толькі часова. Па меншай меры, дзьве краіны, Ісьляндыя і Нарвэгія, ужо вырабляюць усю сваю спажываную электраэнэргію, выкарыстоўваючы толькі аднаўляльную энэргію, і многія іншыя краіны паставілі перад сабой мэту дасягнуць 100% паказчыку выкарыстаньня аднаўляльнай энэргіі ў будучыні[9].

  1. Ellabban, Omar; Abu-Rub, Haitham; Blaabjerg, Frede (2014). «Renewable energy resources: Current status, future prospects and their enabling technology». Renewable and Sustainable Energy Reviews. 39. — С. 748—764 [749]. — DOI:10.1016/j.rser.2014.07.113.
  2. «Renewables 2010 Global Status Report». REN21.
  3. «BP Statistical World Energy Review 2013». British Petroleum.
  4. «Global renewable energy trends». Deloitte Insights.
  5. «Renewable Energy Now Accounts for a Third of Global Power Capacity». IRENA.
  6. «Electric cars and cheap solar 'could halt fossil fuel growth by 2020'». The Guardian
  7. «Global Trends in Renewable Energy Investment 2018». Frankfurt School — UNEP Collaborating Centre for Climate & Sustainable Energy Finance.
  8. «Renewable energy and jobs». Annual review 2015, IRENA.
  9. Vad Mathiesen, Brian; et al. (2015). «Smart Energy Systems for coherent 100% renewable energy and transport solutions». Applied Energy. 145. — С. 139—154. — DOI:10.1016/j.apenergy.2015.01.07.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Аднаўляльная энэргіясховішча мультымэдыйных матэрыялаў