Перайсьці да зьместу

Падатак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Падатак — абавязковы плацёж, які дзяржава спаганяе зь фізычных і юрыдычных асобаў. Падаткі бываюць простыя, якімі абкладаюцца прыбыткі і маёмасьць, і ўскосныя, выплата якіх ажыцьцяўляецца пакупніком тавару ці паслугі. Дзеля збору падаткаў існуе адмысловая дзяржаўная падатковая структура, у Беларусі такую функцыю выконвае міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь, якое паўстала яшчэ ў 1990 годзе.

Падаткі ў бальшыні краінаў сьвету зьяўляюцца асноўнай крыніцай даходаў сучаснай дзяржавы і асноўным інструмэнтам фінансаваньня ейнай палітычнай сыстэмы і выконваньня іншых задачаў. З-за фінансавага ўзьдзеяньня на ўсіх грамадзянаў і складаных падатковых законаў падаткі й іншыя зборы зьяўляюцца паўсядзённым палітычным і сацыяльным прадметам спрэчак. Кожны падатак, як і збор, мае самастойны аб’ект падаткаабкладаньня, пры гэтым спагнаньне выплатаў па адным і тым жа аб’екце можа ажыцьцяўляцца толькі адзін раз на адпаведны падатковы пэрыяд. Пад аб’екты падаткаабкладаньня падпадаюць тавары, працы і паслугі.

У дачыненьні да бальшыні падаткаў дзеля вызначэньня суб’екту спагнаньня важным фактарам зьяўляецца рэзыдэнства грамадзяніна, якое базуецца на пэрыядзе сталага пражываньня ў краіне. Гэтак, у Беларусі грамадзянін становіцца суб’ектам спагнаньня падаткаў, калі стала пражывае на тэрыторыі краіны больш за 183 каляндарныя дні на год[1]. Са шматлікімі краінамі маюцца пагадненьні аб выключэньні выпадкаў падвоенага падаткаабкладаньня.

Падаткі падзяляюцца на:

  • простыя, якімі абкладаюцца даходы і маёмасьць
  • ускосныя (напрыклад, акцыз), цяжар якіх ускладаецца на пакупніка тавару
  • фіскальная: падаткі — адна з асноўных крыніцаў папаўненьня дзяржаўнае казны. За іх конт фармуецца дзяржаўны бюджэт.
  • рэгулёўная: праводзячы падатковую палітыку, дзяржава ўзьдзейнічае на каньюнктуру, стымулюе або стрымлівае эканамічны рост
  • сацыяльная: выроўніваньне даходаў розных групаў насельніцтва.

Пры ўсталяваньні падатку вызначаюцца:

  • плацельшчыкі падатку
  • аб’ект падатку
  • падатковая база
  • падатковая стаўка
  • парадак і тэрміны ўплаты

19 сьнежня 2002 г. А.Лукашэнка падпісаў Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь № 116-З, які складаўся з 89 артыкулаў[2]. Паводле 3-га артыкула Кодэкса, падатковае заканадаўства ўлучала: законы; дэкрэты, указы і распараджэньні прэзыдэнта Беларусі; пастановы ўрада Беларусі; нарматыўныя прававыя акты рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіраваньня, органаў мясцовага кіраваньня і самакіраваньня. У 10-м артыкуле Падатковага кодэкса падаткі падзяляліся на рэспубліканскія і мясцовыя. Таксама вылучаліся зборы і мыты. Паводле 10-га артыкула, «Да асобых рэжымаў падаткаабкладаньня адносяцца:

Паводле 41-га артыкула Падатковага кодэкса, падатковая база ўяўляе сабой вартасную ўласьцівасьць прадмета падаткаабкладаньня. «Падатковая стаўка ўяўляе сабой велічыню падатковых налічэньняў на адзінку вымярэньня падатковай базы». Паводле 49-га артыкула, пры пратэрмінаваньні выплаты «Выкананьне падатковага абавязку забясьпечваецца наступнымі спосабамі: 1.1. закладам маёмасьці; 1.2. паручальніцтввам; 1.3. пенямі; 1.4. прыпыненьнем апэрацыяў па рахунках у банках; 1.5. арыштам маёмасьці». Пагатоў у 52-м артыкуле за кожны дзень «Працэнтная стаўка пеняў прымаецца роўнай 1/360 стаўкі рэфінансаваньня Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, якая дзейнічае на дзень выкананьня падатковага абавязку»[3].

За 2013 год падатковыя плацяжы фізычных асобаў Беларусі ўзрасьлі на 33,9 % у супастаўных цэнах да 3,013 трлн рублёў (335,8 млн даляраў). Як якасьці падаткаплатнікаў на ўліку Міністэрства па падатках і зборах Беларусі стаяла 3 049 387 фізычных асобаў (32 % насельніцтва Беларусі)[4]. 27 студзеня 2023 году міністар па падатках і зборах Беларусі Сяргей Налівайка паведаміў, што з даходаў кансалідаванага бюджэту Беларусі на 36,5 млрд рублёў за 2022 год падатак на дададзеную вартасьць забясьпечыў 27,4 % (звыш 10 млрд руб.) паступленьняў, падаходны падатак — 25,4 % (9,28 млрд руб.), а падатак на прыбытак — 15,1 % (5,5 млрд руб.). Лік фізычных асобаў сярод падаткаплатнікаў вырас за год на 1,5 млн чалавек (+40 %) да 5,3 млн. Сярод звыш 337 000 дзейнікаў гаспадараньня электронную выплату падаткаў ажыцьцяўлялі 84,5 %, зь іх 88,3 % юрыдычных асобаў і 82,6 % індывідуальных прадпрымальнікаў[5].

  1. ^ Работаете за границей? Заплатите налоги! lastrada.by
  2. ^ А.Лукашэнка. Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь (заканчэньне) // Зьвязда : газэта. — 10 студзеня 2003. — № 5-6 (24689-24690). — С. 7. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ а б А.Лукашэнка. Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь (пачатак) // Зьвязда. — 9 студзеня 2003. — № 4 (24688). — С. 2, 3.
  4. ^ Коратка // Зьвязда. — 8 лютага 2014. — № 24 (27634). — С. 1.
  5. ^ МПЗ: у 2022 годзе ў кансалідаваны бюджэт паступіла больш за 36,5 млрд рублёў // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 27 студзеня 2023 г. Архіўная копія ад 27 студзеня 2023 г. Праверана 27 студзеня 2023 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]