Перайсьці да зьместу

Аб’яднаныя Арабскія Эміраты

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «ААЭ»)
Аб’яднаныя Арабскія Эміраты
па-арабску: الإِمَارات العربِيَّة المُتَّحِدة
па-ангельску: United Arab Emirates
Сьцяг Герб
Дзяржаўны гімн
Ішы Білядзі[d]
Дата заснаваньня: 1971
Афіцыйная мова: арабская мова[1]
Сталіца: Абу-Дабі
Форма кіраваньня: фэдэральная манархія[d], абсалютная манархія і канстытуцыйная манархія[2]
прэзыдэнт Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў[d]: Магамэд бін Зайд Аль-Нахаян[d], Халіфа бін Саід Аль-Нахаян і Зайд ібн Султан ан-Нахаян
прэм’ер-міністар Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў[d]: Мугамад ібн Рашыд аль-Мактум[d]
Заканадаўчы орган: Federal Supreme Council[d]
Плошча:
  • 83 600 ± 1 км²
Насельніцтва:
Рэлігія: іслам[4]
Валюта: дырхам ААЭ
СУП (2023)
па ППЗ: 890,17 млрд $[5]
па ППЗ на душу насельніцтва: 88 221 $[5]
намінальны: 498,98 млрд $[5]
намінальны на душу насельніцтва: 49 451 $[5]
Індэкс дэмакратыі: 2,9[6]
Каэфіцыент Джыні: 26[7]
ІРЧП: 0,911[8]
Часавы пас: UTC+4 і Азія/Дубай[d][9]
Аўтамабільны знак: UAE
Бок аўтамабільнага руху: праваруч
Дамэн верхняга ўзроўню: .ae і امارات.[d]
Тэлефонны код: +971
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
u.ae (ар.)​ (анг.)

Аб’ядна́ныя Ара́бскія Эміра́ты (па-арабску: الإمارات العربيّة المتّحدة‎) — арабская краіна на Блізкім Усходзе, месьціцца на ўзьбярэжжы Пэрсыдзкай і Аманскай затокаў. Складаецца зь сямі эміратаў, як то Абу Дабі, Дубай, Шарджа, Аджман, Ум-эль-Кайвайн, Рас-эль-Хайма і Эль-Фуджайра. Мяжуе з Саудаўскай Арабіяй і Аманам, акрамя таго дзяржава мае марскую мяжу з Катарам і Іранам. Сталіцай краіны ёсьць горад Абу Дабі, але найбуйнейшым местам ААЭ ёсьць Дубай.

Аб’яднаныя Арабскія Эміраты ёсьць выбарнай манархіяй і фактычнай фэдэрацыяй эміратаў. Кожны эмірат кіруецца сваім манархам, які ўваходзіць у Найвышэйшую фэдэральную раду. Сябры рады абіраюць з свайго складу прэзыдэнта і віцэ-прэзыдэнта. Фактычна шэйх Абу Дабі звычайна займае пасаду прэзідэнту, у той час як шэйх Дубаю ёсьць віцэ-прэзыдэнтам і прэм’ер-міністрам[10]. Паводле стану на 2023 год насельніцтва краіны складала 10,2 мільёнаў чалавек[11], пры гэтым толькі крыху больш за 10% былі грамадзянамі эміратаў, а іншыя — працоўныя мігранты[12]. Праваабарончыя арганізацыі лічаць ААЭ неадпавядальнымі стандартам у галіне правоў чалавека, спасылаючыся на паведамленьні аб зьняволеньні і катаваньнях крытыкаў ураду, перасьледах сем’яў з боку апарату дзяржаўнай бясьпекі і выпадках гвалтоўных зьнікненьняў[13][14]. Індывідуальныя правы, як то свабода сходаў, асацыяцыяў, друку, выказваньня меркаваньняў і рэлігіі, таксама жорстка ўціскаюцца ў краіне[15].

Старажытны збан II стагодзьдзя, знойдзены ля Шарджы.

Знойдзеныя каменныя прылады, якія выкарыстоўваліся дзеля рэзкі жывёлаў, сьведчаць аб тым, што людзі жылі тут яшчэ 130 тысяч гадоў таму[16]. Зь цягам часу ў мясцовых жыхароў узьніклі ажыўленыя гандлёвыя сувязі з цывілізацыямі даліны Інду, Мэсапатаміі і Пэрсіі. Гэтыя сувязі буйнелі, верагодна, праз гандаль медзьдзю з гораў Гаджар, які пачаўся каля 3 тысяч гадоў да н. э.[17]. Шумэрскія крыніцы кажуць пра цывілізацыю Маган, якая, як было вызначана, ахоплівала сучасныя ААЭ і Аман[18].

Да распаўсюду ісламу у рэгіёне налічвалася некалькі археалягічных культураў, якія зьмянялі адна адную. Пэрыяд культуры Гафіт цягнуўся з 3200 па 2600 гады да н. э., культура Ум-аль-Нар доўжылася з 2600 па 2000 гады да н. э., у той час як культура Вадзі-Сук мела распаўсюд у рэгіёне з 2000 па 1300 гады да н. э. Тэрыторыя сучаснай краіны ўваходзіла ў склад дзяржавы Ахемэнідаў. Тут будаваліся ўмацаваныя паселішча, пашыралася земляробства і будавалася сыстэма арашэньня.

Пашырэньне ісламу

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лічыцца, што распаўсюд ісламу на паўночна-ўсходняй частцы Арабійскага паўвострава пачаўся беспасярэдне зь лісту прарока Мухамада, накіраванага кіраўнікам Аману ў 630 годзе. У выніку частка мясцовых уладароў выправілася ў Мэдыну, дзе навярнулася ў іслам, а пасьля пасьпяхова зладзіла паўстаньне супраць непапулярных Сасанідаў, якія ў той час панавалі на ўзьбярэжжы Пэрсыдзкай затокі[19]. Па сьмерці Мухамада ісламскія суполкі на поўдні паўвострава пагражалі разьяднацца ў выніку паўстаньня супраць мусульманскіх лідэраў. Халіф Абу Бакр накіраваў сюды сваё войска з сталіцы Мэдыны. Гэта забясьпечыла суцэльнасьць Халіфату і завяршыла аб’яднаньне Арабійскага паўвостраву. У 637 годзе Джульфар, які месьціўся ля сучаснага гораду Рас-аль-Хаймы, быў важным портам, які выкарыстоўваўся ў якасьці пляцдарму да ісламскага ўварваньня ў Сасанідзкую імпэрыю[20]. Рэгіён Аль-Айну і Таваму быў важным гандлёвым пунктам, які месьціўся на шляху вярблюджых караванаў паміж узьбярэжжам і нутранай часткай Арабіі[21]. Да распаўсюду ісламу ў рэгіёне мела разьвіцьцё хрысьціянства, у прыватнасьці нэстарыянства. Яно прыйшло ў рэгіён поруч з гандлярамі, а ў Амане нават была сядзіба біскупа, апошнім зь якіх у 676 годзе быў Эт’ен[22].

Эўрапейская прысутнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Выява партугальскае фартэцыі ў Дыба аль-Гісьне 1620 году.

Суровае пустэльнае асяродзьдзе прывяло да зьяўлення групы супляменьнікаў ці групаў качоўнікаў, якія існавалі за кошт разнастайных відаў гаспадарчай дзейнасьці, якая ўлучала жывёлагадоўлю, земляробства і паляваньне. Сэзонныя перамяшчэньні гэтых групаў учынялі ня толькі да частых сутычак паміж групамі, але і да стварэньня сэзонных і паўсэзонных паселішчаў і цэнтраў. У выніку ў рэгіёне ўтварыліся розныя племянныя групоўкі, якія ў некаторым стане існуюць дасюль. Гэтак у Абу Дабі ды акругах жывуць кланы Бані-Яс і Аль-Бу-Фаляг. У цэнтральнае частцы маюцца кланы Давагір, Авамір, Аль-Алі і Манасыр і гэтак далей[23].

Баграным колерам пазначаны зоны дзейнасьці партугальцаў у XVI—XVII стагодзьдзях.

З пашырэннем эўрапейскіх каляніяльных імпэрыяў у рэгіёне Пэрсыдзкай затокі зьявіліся партугальскія, ангельскія і галяндзкія войскі. Першым замацавацца тут здолелі партугальцы, якія ў XVI стагодзьдзі заклалі некалькі партугальскіх калёніяў спачатку дзякуючы намаганьням Афонсу дзі Албукеркі, а потым і іншымі партугалькімі правадырамі. Гэтыя партугалькія паселішчы пераважна месьціліся на ўсходнім узьбярэжжы і ўлучалі Маскат, якім Партугалія валодала больш за стагодзьдзе, Сагар ды Хаўр-Факан[24]. Да XVIII стагодзьдзя канфэдэрацыя племені Бані-Яс была дамінуючай сілай на большай частцы тэрыторыі, цяпер вядомай як Абу Дабі[25]. У гэты ж час у марскім гандлі панавала дынастыя Аль-Касымі.

Паўднёвае ўзьбярэжжа Пэрсыдзкае затокі было вядома брытанцам як «Пірацкі бераг»[26][27], паколькі чоўны, якія належылі дынастыі Аль-Касыма, часта перасьледвалі брытанскія караблі пачынаючы з XVII стагодзьдзі[28]. Справа ў тым, што Вялікабрытанія фактычна манапалізавала рынкі ў Індыі, чым замінала традыцыйнаму гандлю мясцовых жыхароў з Індыйскім субкантынэнтам. Абвінавачваньні ў пірацтве аспрэчваецца сучаснымі эмірацкімі гісторыкамі, у тым ліку кіраўніком Шарджы шэйхам Султанам III бін Мугамадам Аль-Касымі. Манарх гэта зрабіў у сваёй кнізе 1986 году «Міт аб арабскім пірацтве ў Пэрсыдзкай затоцы»[29]. Каб абараніць сваё суднаходзтва брытанцы ладзілі шэраг ваенных кампаніяў, як то Пэрсыдзкая кампанія 1809 году ды больш пасьпяховая Пэрсыдзкая кампанія 1819 году.

Фартэцыя Дгая была апошнім фортам дынастыі Аль-Касымі, які скарыўся за часам брытанскае навалы кампаніі 1819 году.

У наступным годзе Вялікабрытанія і шэраг мясцовых кіраўнікоў склалі марское перамір’е, што вызначыў статус і лёс прыбярэжных эміратаў. У 1892 годзе брытанцы, занепакоеныя ростам цікавасьці да Пэрсыдзкай затокі з боку іншых эўрапейскіх краінаў, склалі з кожным эміратам пратэкцыянісцкія дамовы, паводле якіх замежная палітыка гэтых краінаў (гэтак зв. Трактатным Аманам), кантралявалася Брытаніяй. Была ўсталяваная Трактатная рада, якая складалася зь сямі ўладароў. Гэтыя дамовы фактычна ўсталявалі брытанскі пратэктарат над рэгіёнам. Тым ня менш, брытанцы ў сваю чаргу абавязаліся абараняць эміраты ад усякай агрэсіі з мора і дапамагаць у выпадку наземнага нападу. Брытанія таксама гарантавала бясьпеку эмірацкім гандлёвым флётам, якія займаліся гандлем пэрлаў. Аднак, Вялікабрытанія ўсталявала забарону на гандаль рабамі, што прывяло да страты важнай крыніцы прыбытку некаторых шэйхаў[30].

У 1869 годзе племя Кубайсат пасялілася ў Хаўр аль-Удайдзе і спрабавала заручыцца падтрымкай асманаў. Кіраўнікі Абу Дабі на той час таксама прэтэндавалі на гэты рэгіён, таму зьвярнуліся да брытанцаў па дапамогу. У 1906 годзе брытанскі палітычны прадстаўнік Пэрсі Кокс пісьмова пацьвердзіў кіраўніку Абу Дабі, што Хаўр аль-Удайд належыць да эмірскай вотчыны[31]. Цягам XIX стагодзьдзя, а таксама на пачатку XX стагодзьдзя пэрлавы гандаль квітнеў, што забясьпечвала прыбытак кіраўнікам і працу жыхарам узьбярэжжа Пэрсыдзкае затокі[32]. Першая сусьветная вайна сур’ёзна паўплывала на прамысловасьць, але эканамічная дэпрэсія канца 1920-х і пачатку 1930-х гадоў у спалучэньні з вынаходзтвам культываваных пэрлаў цалкам зьнішчыла гандаль. У дадатак па Другой сусьветнай вайне новы незалежны ўрад Індыі ўсталяваў вялікае мыта на імпартныя пэрлы, што прывяло да надзвычайных эканамічных цяжкасьцяў у Трактатным Амане[33].

Выяўленьне нафтавых радовішчаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Краявіды Дубаю ў 1950 годзе.

У 1922 годзе брытанскі ўрад дамогся ад эміраў абавязацельстваў не падпісваць канцэсіяў з замежнымі кампаніямі на здабычу нафты бязь іхняй згоды. Вялікабрытанія на той час ужо ўсьведамляла патэнцыял распрацоўкі нафты, пасьля таго як ейныя радовішчы былі знойдзеныя ў Пэрсіі ў 1908 годзе і Мэсапатаміі ў 1927 годзе. Ангельска-пэрсыдзкая нафтавая кампанія (АПНК), якая потым будзе менавацца British Petroleum, праз сваю даччыную Ірацкую нафтавую кампанію ў 1935 годзе атрымала канцэсію на выведку радовішчаў нафты на сухаземі[34]. Мясцовыя кіраўнікі склалі пагадненьні, каб мець некаторы прыбытак з нафтаздабычы, але яго амаль ня мелі, працягваючы засяроджвацца на здабычы пэрлаў. Першая сьвідравіна ў эміраце Абу Дабі была зробленая ў 1950 годзе.

У 1953 годзе яшчэ даччыная кампанія АПНК, атрымала афшорную канцэсію ад кіраўніка Абу Дабі. Ангельцы ўзьядналі свае высілкі з Францускай нафтавай кампаніяй, якая пазьней будзе мець назоў TotalEnergies. Быў праведзены шэраг падводных дасьледаваньняў з мэтай выкрыцьця нафтавых радовішчаў. Некаторыя з дасьледаваньняў былі ачоленыя знакамітым марскім дасьледнікам Жакам-Івам Кусто[35][36]. У 1958 годзе зь нямецкага Гамбургу была адбуксаваная плывучая плятформа, якую разьмесьцілі над пэрлавым пластам Ум-Шайф у водах Абу Дабі, пасьля чаго ў рэгіёне пачалося сьвідраваньне. Паступова нафтаздабыча павялічвалася, у выніку адкрыцьця новых радовішчаў. У 1962 годзе з Трактатнага Аману ўпершыню была экспартаваная нафта. Такім чынам у 1960-х гадах эміраты атрымаў значныя грашовыя сродкі дзякуючы распрацоўцы радовішчаў нафты. Эмір Абу-Дабу Зайд ібн Султан ан-Нахаян пачаў укладаць атрыманыя грошы ў будаўніцтва школаў, дамоў, шпіталяў і дарог. З узбагачэньнем Дубаю напрыканцы 1960-х гадоў мясцовы шэйх Рашыд бін Саед Аль-Мактум пачаў будову сучаснага гораду.

Узьняцьцё 2 сьнежня 1971 году сьцягу ААЭ ў Дубаі па здабыцьці незалежнасьці.

У той жа час Вялікабрытанія спрабавала адмовіцца ад свайго пратэктарату шляхам скасаваньня дамовы. Па абмеркаваньні ў парлямэнце брытанскі прэм’ер-міністар Гаральд Ўілсан абвесьціў 24 студзеня 1968 году, што Брытанія пачне вывад сваіх войскаў з гэтага рэгіёну, які доўжыўся на працягу трох гадоў. Празь некалькі час кіраўнік Абу Дабі шэйх Аль-Нахаян, баючыся ўварваньня з боку суседзяў, паспрабаваў пераканаць брытанцаў выконваць дамовы аб абароне, прапанаваўшы аплаціць поўны кошт утрыманьня брытанскіх узброеных сілаў, але лейбарысцкі ўрад адхіліў прапанову[37]. У выніку краіны Трактатнага Амана разам з Бахрэйнам і Катарам утварылі Фэдэрацыю Арабскіх Эміратаў. У той жа час занепакоенасьць наконт адсутнасьці абароны спраўдзіліся амаль адразу па здабыцьці незалежнасьці. Гэтак пэрсыдзкая група эсьмінцаў падчас вучэньняў у Пэрсыдзкай затоцы падплыла і да астравоў Томб, якія былі захопленыя сілай. Мірным жыхарам і арабскім абаронцам было дазволена зьбегчы зь іх. У то жа час пэрсыдзкія сілы падыйшлі да вострава Абу Муса, але шэйх Халід бін Магамэд Аль-Касымі здолеў дамовіцца з іранскім шагам, і востраў быў аддадзены Пэрсіі ў арэнду за 3 мільёны даляраў на год. Тым часам на частку тэрыторыі Абу Дабі прэтэндавала Саудаўская Арабія[38]. У 1971 годзе Бахрэйн, Рас-эль-Хайма і Катар выйшлі з фэдэрацыі і ўтварылі незалежныя краіны. Астатнія эміраты былога Трактатнага Аману ўтварылі Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, а Зайд ібн Султан ан-Нахаян, уладар Абу Дабі, быў абраны першым прэзыдэнтам. 6 сьнежня 1971 году ААЭ далучыліся да Арабскай лігі, а праз тры далучыліся да ААН[39]. Эмірат Рас-эль-Хайма далучыўся да фэдэрацыі ў 1972 годзе[40][41].

Краявіды сучаснага Дубаю.

У 1979 годзе былі прыпынены дыпляматычныя стасункі з Эгіптам, празь ягоныя кантакты з Ізраілем. У 1985 годзе былі ўсталяваны дыпляматычныя стасункі з СССР і Кітаем, а ў 1987 годзе адноўлены стасункі з Эгіптам. У 1990 годзе ААЭ падтрымалі інтэрвэнцыю ў Ірак і пагадзіліся на разьмяшчэньне францускіх і брытанскіх войскаў на сваёй тэрыторыі. У 1994 годзе ААЭ падпісалі абарончую дамову з ЗША. ААЭ падтрымаліі ваенныя апэрацыі ЗША і іншых дзяржаваў кааліцыі, якія бралі ўдзел у вайне супраць талібаў у Аўганістане ў 2001 годзе, а таксама супраць Садама Хусэйна ў Іраку ў 2003 году. Краіна таксама далучылася да апэрацыі супраць тэрарызму на Афрыканскім Рагу. У 2004 годзе пасьля сьмерці прэзыдэнта ягонае месца заняў шэйх Абу Дабі Халіфа бін Саід Аль-Нахаян. У 2011 годзе дзяржава далучылася да міжнароднай кааліцыі ў вайне ў Лібіі. ААЭ ў значнай ступені пазьбеглі пратэстаў Арабскае вясны, якую зьведалі іншыя арабскія краіны, аднак 60 эмірацкіх актывістаў зь мясцовай філіі арганізацыі Братоў-мусульманаў былі арыштаваныя за меркаваную спробу дзяржаўнага перавароту і спробу ўсталяваньня ісламісцкага ўраду ў краіне[42][43][44]. На тле антыўрадавых пратэстаў у суседнім Бахрэйне, у лістападзе 2012 году ўлады ААЭ забаранілі крытыку ўраду ў інтэрнэце, а таксама перапынілі спробы зладзіць публічныя акцыі пратэсту праз сацыяльныя сеткі[45]. У 2022 годзе пасьля сьмерці эміра Абу Дабі Халіфы бін Саід Аль-Нахаяна на трон узышоў ягоны брат Магамэд бін Зайд Аль-Нахаян.

ААЭ ёсьць аўтарытарнай фэдэральнай манархіяй[46][47][48][49]. Паводле зьвестак New York Times, ААЭ — самадзяржаўная краіна з бляскам прагрэсіўнасьці сучаснай дзяржавы[50]. Край кіруецца сямю манархамі, якія нагадваюць племянных уладароў, у аўтарытарным стылі[51]. У эміратах бракуе дэмакратычна абраных інстытутаў, а таксама няма афіцыйнай прыхільнасьці да свабоды слова[52]. Паводле зьвестак праваабарончых арганізацыяў у ААЭ існуюць сыстэматычныя парушэньні правоў чалавека, у тым ліку катаваньні і зьнікненьне ўрадавых крытыкаў[52]. ААЭ мае дрэнныя паказьнікі індэксу свабоды, якія вымяраюць грамадзянскія свабоды і палітычныя правы. Паводле справаздачы наконт свабоды ў сьвеце, якую штогод укладае Freedom House, ААЭ заўсёды клясыфікуецца як несвабодная краіна.

Дзейны прэзыдэнта краіны і эмір Абу Дабі Магамэд бін Зайд Аль-Нахаян.

Шэйх Зайд заняў трон эміра ў 1966 годзе ў выніку палацавага перавароту, зрынуўшы свайго роднага брата — шэйха Шахбута. Пасьля вываду ангельскіх войскаў у 1971 годзе эмір здолеў аб’яднаць варожыя кланы ў адну краіну, і на палітычнай мапе зьявіліся Аб’яднаныя Арабскія Эміраты — дзяржава з адным з самых высокіх у сьвеце прыбыткаў на чалавека. Дынастыя Аль-Нахаян кіруе эміратам больш за 250 гадоў.

Улічваючы фэдэральны характар краіны, ААЭ кіруецца Найвышэйшай фэдэральнай радай, да складу якой уваходзяць спадчынныя манархі Абу Дабі, Дубаю, Шарджы, Аджману, Ум-эль-Кайвайну, Рас-эль-Хаймы і Эль-Фуджайры. Усе абавязкі, якія не забясьпечваюцца нацыянальным урадам, выконваюцца асобна кожным эміратам[53]. Вызначаны адсотак прыбытку кожнага эмірату выдаткоўваецца ў цэнтральны бюджэт ААЭ[53]. Прэзыдэнт і віцэ-прэзыдэнт абраюцца Найвышэйшай фэдэральнай радай. Звычайна эмір Абу Дабі займае пасаду прэзыдэнту краіны, у той час як манарх Дубаю звычайна займае пасаду віцэ-прэзыдэнтуа і прэм’ер-міністра. Шэйха Зайда 7 разоў абіралі прэзыдэнтам краіны.

Кабінэт міністраў ААЭ ёсьць выканаўчай уладай у краіне. Яго фармуе прэм’ер-міністар, прызначаючы міністраў у свой кабінэт. У склад кабінэту, дзе старшынствуе прэм’ер-міністар, уваходзяць 22 міністры, якія займаюцца ўсімі ўнутранымі і замежнымі справамі фэдэрацыі ў адпаведнасьці зь ягоным канстытуцыйным і фэдэральным заканадаўствам[54]. Акрамя ўзгаданай Найвышэйшай фэдэральнай рады, прадстаўніком заканадаўчай улады ёсьць Фэдэральная нацыянальная рада, якая мае толькі кансультацыйныя функцыі[55][56][57]. У сьнежні 2019 году ААЭ стала адзінай арабскай краінай, якая дасягнула гендэрнага парытэту ў нацыянальным заканадаўчым органе, маючы ня менш за 50% жанчынаў у сваім складзе[58][59]. Выбары Фэдэральнай нацыянальнай рады ладзяцца кожныя чатыры гады, але толькі палова зь іх абіраецца, у той час як астатнія прызначаецца эмірамі. Рада складаецца з 40 сябраў, пры гэтым кожны эмірат мае сваю квоту прадстаўніцтва.

Замежныя дачыненьні

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Міністар замежных справаў ААЭ Абдула бін Зайд Аль-Нахаян (скрайні справа) на падпісаньні Абрагамскіх пагадненьняў.

ААЭ мае шырокія дыпляматычныя і гандлёвыя сувязі з большасьцю краінаў сьвету і сябраў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Краіна гуляе важную ролю ў АПЭК і ёсьць адным з заснавальнікаў Рады супрацы арабскіх дзяржаваў Пэрсыдзкай затокі. ААЭ ёсьць сябрам ААН і ейных даччыных арганізацыях, а таксама Сусьветнага банку, МВФ, Арабскай лігі, Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва і Руху недалучэньня. У дадатак, ААЭ мае статус назіральніка у арганізацыі Франкафоніі. Большасьць краінаў сьвету маюць свае дыпляматычныя сядзібы ў сталіцы Абу Дабі, але ў дадатак у Дубаі працуюць консульствы. Галоўнымі партнэрамі краю ёсьць краіны арабскага сьвету[60]. ААЭ маюць трывалыя стасункі з Бахрэйнам[61], Кітаем[62], Эгіптам[63], Францыяй[64], Індыяй[65], Ярданіяй[66], Пакістанам[67], Расеяй[68], Саудаўскай Арабіяй[69] і ЗША[70].

Пасьля выхаду брытанскіх войскаў з ААЭ ў 1971 годзе і стварэньне незалежнае дзяржавы, ААЭ аспрэчвае з Іранам правы на тры астравы ў Пэрсыдзкай затоцы, а менавіта астравы Абу Муса, Вялікі Тунб і Малы Тунб. ААЭ спрабавала вырашыць справу празь Міжнародны суд, але Іран адхіліў прапанову[71]. Пакістан быў першай краінай, якая афіцыйна падтрымала ААЭ ў ейнай барацьбе за астравы[72]. У чэрвені 2017 году ААЭ поруч зь некаторымі краінамі Блізкага Ўсходу і Афрыкі прыпынілі дыпляматычныя стасункі з Катарам, праз абвінавачаньні ў тым, што Катар ёсьць дзяржавай-спонсарам тэрарызму. Сувязі паміж краінамі былі ўзноўленыя ў студзені 2021 году[73]. ААЭ вызнаў Ізраіль у жніўні 2020 году. Краіны склалі гістарычнае мірнае пагадненьне, што пастрыяла нармалізацыі дачыненьняў паміж дзьвюма краінамі[74][75][76].

Адміністрацыйны падзел

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Адміністрацыйная мапа Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.

Краіна дзеліцца на сем эміратаў, якія кіруюцца эмірамі. Самым вялікім эміратам ёсьць Абу Дабі, плошча якога складае 67340 км² ці 86,7% ад агульнай плошчы краіны за выключэньнем астравоў. Берагавая лінія Абу Дабі мае больш за 400 км, што таксама значна перавышае даўжыню такой лініі іншых эміратаў. Сам эмірат, у сваю чаргу, падзяляецца на тры грамады. Другім паводле плошчы ёсьць эмірат Дубай, які займае плошчу ў 3885 км² ці 5% ад агульнай плошчы краіны за выключэньнем астравоў. Ягоная берагавая лінія складае блізу 72 км. Эмірат Шарджа ёсьць трэцім паводле велічыні. Паводле колькасьці насельніцтва лідэрам ёсьць эмірат Дубай, колькасьць жыхароў якога сягае да 35,6% ад агульнай колькасьці насельнікаў. Другім самым населеным ёсьць Абу Дабі, які насяляюць каля 31,2%. Такім чынам, дзьве траціны ўсяго насельніцтва ААЭ ёсьць жыхарамі ўсяго двух эміратаў.

Пад сумесным кантролем маюцца два рэгіёны. Гэтак, адзін зь іх сумесна кантралюецца эміратам Аджман і Аманам, а другі — Эль-Фуджайрай і Шарджай. Невялікі аманскі эксклаў, вядомы як Вадзі-Магда, цалкам аточаны тэрыторыяй ААЭ. Ён месьціцца на паўдарозе паміж аманскай мугафазай Мусандам і астатнім Аманам у межах эмірату Шарджа. Плошча гэтага экскляву ахоплівае блізу 75 км². У сваю чаргу ім месьціцца эмірацкі экскляў Нагва, які належыць Шарджы. У ім маецца 40 дамоў, шпіталь і тэлефонная падстанцыя.

ААЭ прайшлі шлях з купы плямёнаў-бэдуінаў да аднай з самых заможных дзяржаваў у сьвеце ўсяго за 50 гадоў. Гэта шостая паводле заможнасьці краіны на Блізкім Усходзе пасьля Ірану, Саудаўскай Арабіі, Ізраілю, Турэччыны і Эгіпту. Эканамічны рост быў уражліва ўстойлівым на працягу ўсёй гісторыі маладой фэдэрацыі эміратаў, толькі часам здараліся кароткія прамежкі часу з рэцэсіяй. Гэтак на краіну дрэнна паўплываў сусьветны фінансавы крызіс 2008—2009 гадоў, а таксама пэрыяд з 2015 па 2019 гады. Паміж 2000 і 2018 гадамі сярэдні рост СУП краіны сягаў амаль 4%[77]. Пры падтрымцы вялікай колькасьці пакладаў нафты, а таксама дзякуючы разумным інвэстыцыям у спалучэньні з рашучай прыхільнасьцю да эканамічнага лібэралізму і моцнага ўрадавага нагляду, ААЭ павялічыла ўласны СУП больш чым утрая за апошнія чатыры дзесяцігодзьдзі. У цяперашні час ААЭ ўваходзіць да ліку самых заможных краінаў ва ўсім сьвеце, а іхны СУП на душу насельніцтва амаль на 80% вышэй, чымсьці сярэдні паказьнік АЭСіР[77].

Гэтак жа як і эканамічны рост, у ААЭ хутка павялічылася агульная колькасьць насельніцтва, але рост пераважна быў зьвязаны з павелічэньнем колькасьці замежных рабочых у краіне. ААЭ мае унікальную сыстэму рынку працы, у якой пражываньне ў дзяржаве абумоўленае жорсткімі візавымі правіламі. Гэтая сыстэма ёсьць галоўнай перавагай з пункту гледжаньня макраэканамічнай стабільнасьці, паколькі колькасьць занятых у эканоміцы хутка прыстасоўваецца да попыту на працоўную сілу. Гэта дазваляе ўраду захоўваць беспрацоўе ў краіне на вельмі нізкім узроўні менш за 3%[77].

Хмарачосы Абу Дабі.
Краявіды Дубай-Марыны.

ААЭ прапануе міжнародным кампаніям моцнае спрыяльнае асяродзьдзе, якое ўлучае стабільныя палітычныя і макраэканамічныя ўмовы, арыентаваны на будучыню ўрад, добрую інфраструктуру і разьвітую сфэру інфармацыйных тэхналёгіяў. Пагатоў, краіна стала паляпшае нарматыўнае асяродзьдзе[77]. Паводле рэйтынгу Вядзеньне бізнэсу на 2017 году ААЭ займалі 26 радок[78]. Таксама краіна заўжды займае высокія пазыцыі ў шэрагу іншых глябальных рэйтынгаў, як то рэйтынгу Сусьветнага эканамічнага форуму, Індэксу глябальнай канкурэнтаздольнасьці ды іншых[79][80]. Паводле апытаньня арабскай моладзі, зладжанага ў 2018 годзе, высьветлілася, што ААЭ ёсьць вядучай арабскай краінаў паводле такіх паказьнікаў, як то бясьпека, узровень жыцьця, эканамічныя магчымасьці і лёгкасьць прадпрымальніцтва[77]. Слабейшымі момантамі застаюцца неспадзявана нізкі ўзровень адукацыі, абмежаваньні на рынках працы і фінансаў, бар’еры для гандлю і некаторыя правілы, якія замінаюць дынамічнай трансфармацыі справы. Галоўнай жа праблемай лічыцца неэфэктыўнасьць накіраваньня інвэстыцыяў у веды, інавацыі і творчасьць[77].

Паводле закону ў ААЭ забараняецца дзейнасьць прафэсійных зьвязаў[81]. Таксама адхіляецца права на калектыўныя працоўныя скаргі і права на страйк. Міністэрства працы мае законную мажлівасьць прымушаць рабочых вяртацца да працы. Работнікам-мігрантам, якія бяруць удзел у стачцы, могуць скасаваць дазволы на працу і ў выніку дэпартаваць[81]. Такім чынам, працаўнікі амаль не абароненыя ад дыскрымінацыі. Эміратцы пераважна працуюць у дзяржаўным сэктары, праз што маюць меншую канкурэнцыю і матывацыю. Крыху больш за 80% усіх грамадзянаў займаюць пасады ў дзяржаўных структурах, улічваючы дзяржаўная прадпрыемствы, як то Emirates[82].

Грашова-крэдытная палітыка ААЭ падкрэсьлівае сваю стабільнасьць і прадказальнасьць. Цэнтральны банк ААЭ арыентуецца на даляр ЗША, зьмяняючы адсоткавую стаўку блізка да стаўкі па фэдэральных фондах ЗША[77].

Нафтагазавая галіна

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Рувайскі нафтаперапрацоўчы завод ёсьць найвялікшым на Блізкім Усходзе і чацьвертым у сьвецею

Кіраўніцтва ААЭ ініцыявала намаганьні па дывэрсыфікацыі эканомікі яшчэ да таго, як кошты на нафту рэзка зьнізіліся ў 1980-я гады. Гэта прывяло да таго, што ААЭ мае самую разнабаковую эканоміку на Блізкім Усходзе дасюль. Не зважаючы на тое, што нафтагазавы сэктар па-ранейшаму складае значную частку эканомікі ААЭ, гэтыя высілкі надалі дзяржаве ўстойлівасьць у пэрыяды ваганьняў цэнаў на нафту і прыродны газ. Асноўнымі лякаматывамі нафтагазавай галіны ёсьць эміраты Абу Дабі і Дубай.

У 2018 годзе гэты сэктар рабіў унёсак у памеры 26% агульнага СУП краіны. Усталяваньне падатку на дададзеную вартасьць забясьпечыла ўрад яшчэ адной крыніцай прыбытку. То бок блізу 6% агульнага прыбытку альбо 27 млрд дырхамаў ААЭ ў 2018 годзе прыпадалі на долю новага падатку. Такая фінансавая палітыка дала яшчэ большую незалежнасьць ад нафты і газу, і зьвязанага зь імі сэктару. Краіна займае шостае месца ў сьвеце паводле памераў нафтавых пакладаў, а таксама сёмае месца паводле гэтага ж паказьніку, але датычна прыроднага газу[83].

Адзін з пляжаў Дубаю.

Турызм на сёньня дзеіць як сэктар росту для ўсёй эканомікі ААЭ. Галоўным турыстычным горадам ня толькі краіны, але і ўсяго рэгіёну Блізкага Ўсходу ёсьць Дубай[84]. Паводле некаторых дасьледаваньняў сярэдзіны 2010-х гадоў Дубай быў пятым найпапулярнейшым турыстычным месцам у сьвеце[85]. У 2013 годзе Дубай наведалі 10 млн турыстаў. На долю гораду прыпадае каля 66% ад усіх прыбыткаў турызму ААЭ. На Абу Дабі прыпадала каля 16%, а Шарджу — 10%.

ААЭ мае самую прасунутую і разьвітую інфраструктуру ў рэгіёне[86]. Яшчэ з 1980-х гадоў у краіне выдаткоўваліся мільярды даляраў на будаўніцтва. Асабліва гэта бачна ў вялікіх эміратах, як то Абу Дабі і Дубай. Апошнім часам паўночныя эміраты намагаюцца палепшыць сваё становішча ў гэтае галіне, ствараючы стымулы дзеля будаўніцтва жылой і камэрцыйнай нерухомасьці[87]. Прагназуецца, што індустрыя турызму працягне павялічвацца, дасягнуўшы 280,6 млрд дырхамаў ААЭ да 2028 году[87].

Краявіды найбуйнейшага гораду краіны Дубаю.

Паводле ацэнак Сусьветнага банка, насельніцтва ААЭ ў 2020 годзе складала 9 890 400 чалавек. Пачынаючы зь сярэдзіны 1980-х гадоў, людзі з усёй Паўднёвай Азіі імігравалі ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Цяпер, каля 85,52% насельніцтва краіны складаецца зь імігрантаў, гэта адзін з самых вялікіх паказчыкаў у сьвеце. Мясцовых арабаў у краіне налічваецца каля 11,48%[88][312]. Гэты ўнікальны дысбалянс абумоўлены выключна высокім міграцыйным сальда, якое ёсьць найвышэйшым у сьвеце. Але пры гэтым грамадзянства ААЭ набыць вельмі складана, акрамя філіяцыі праз бацькоў яго магчыма прыдбаць толькі пры вельмі асаблівых абставінах[89].

Этнічны склад ААЭ досыць яскравы. Да ліку пяці найвялікшых этнічных групаў эміратаў Дубаю, Шарджы і Аджману адносяцца індыйцы (25%), пакістанцы (12%), эміратцы (9%), банглядэшцы (7%) і філіпінцы (5%)[90]. Імігранты з Эўропы, Аўстраліі, Паўночнай і Лацінскай Амэрыкі налічваюцца ў колькасьць 500 тысячаў чалавек[91][92]. Уладальнікамі брытанскага грамадзянства ў ААЭ ёсьць больш за 100 тысячаў чалавек[93]. Таксама шмат арабаў зь іншых арабскіх дзяржаваў, улучна з тысячамі палестынцаў[94]. Існуюць нешматлікія групы эмігрантаў зь іншых краінаў Афрыкі да краінаў былога СССР.

Самы вялікі горад — Дубай, з насельніцтвам 1,85 млн чалавек[95]. Пасьля яго самымі вялікімі гарадамі былі Абу Дабі, Аль-Айн, Шарджа і Эль-Фуджайра. Каля 88% насельніцтва краіны — гарадзкія жыхары. Яны жывуць у невялікіх гарадах па ўсёй краіне і вялікай колькасьці пустэльных гарадкоў, дзе здабываюць нафту. Насельніцтва краіны мае ненатуральную будову паводле плоці, то бок колькасьць мужчынаў болей чым удвая перавышае колькасьць жанчынаў. У веку 15—65 гадоў, суадносіны мужчынаў да жанчынаў складаюць 1/2,743. Такі дысбалянс амаль што самы вялікі сярод усіх краінаў сьвету, саступаючы толькі Катару. Каля 88% насельніцтва краіны жывуць у гарадах[96].

Мячэт шэйха Зайда.

Іслам ёсьць афіцыйнай дзяржаўнай рэлігіяй ААЭ. Урад чыніць палітыку талерантнасьці да іншых рэлігіяў і зрэдку перашкаджае рэлігійнай дзейнасьці немусульманаў[97].

Колькасьць вернікаў належыць да суніцкае плыні ісламу, такім у краіне 85%. Адпаведна колькасьць шыітаў, які сканцэнтраваны пераважна ў эміратах Дубай і Шарджа, ёсьць значна меншай. Не зважаючы на тое, што бракуе афіцыйнай статыстыкі наконт разьдзяленьня на сунітаў і шыітаў сярод неграмадзянаў ААЭ, на меркаваньне СМІ, менш за 20% ад прыбылых мусульманаў належаць да шыізму[98]. Да ібадытаў належаць пераважна аманцы, якія жывуць у ААЭ, таксама пэўны распаўсюд мае суфізм[99]. Мячэт шэйха Зайда, які месьціцца ў Абу Дабі, ёсьць найвялікшым мячэтам у краіне і галоўнай турыстычнай славутасьцю.

Паводле справаздачы ўраду, хрысьціяне складаюць 19,7% усяго насельніцтва Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў[100]. Пераважна яны ёсьць вернікамі Рыма-Каталіцкай царквы, а таксама прадстаўнікамі пратэстанцкіх плыняў. У краіне маюцца ня менш за 45 цэркваў. Многія хрысьціяне ААЭ маюць азіяцкіе, афрыканскае і эўрапейскае паходжаньне, але таксама сярод іх трапляюцца арабы зь Лібану, Сырыі і Эгіпту[101]. ААЭ ёсьць часткай апостальскага вікарыяту, які ўлучае таксама Аман і Емэн. Рымакаталіцкі біскуп мае сядзібу ў Абу Дабі[102].

У дзяржаве маецца невялікая юдэйская супольнасьць. З 2008 году ў толькі ў Дубаі працавала адзіная ў краіне сынагога[103]. Яшчэ адная сынагога Майсэя Бэна Маймона была пабудаваная ў 2023 годзе пры ўладкаваньні комплексу Дому абрамічнай сям’і ў Абу Дабі. Улічваючы вялікую колькасьць найманых працаўнікоў з Паўднёвай Азіі, большасьць зь якіх паходзяць зь Індыі, у ААЭ дзеюць некалькі храмаў гіндзі. Акрамя таго некаторы распаўсюд маюць джайнізм, сыкхізм, будызм, рэлігія багаі і суполкі друзаў.

Нацыянальнай мовай ААЭ ёсьць арабская. Мясцовыя эміратцы размаўляюць на дыялекце Пэрсыдзкай затокі[104]. Улічваючы, што эміраты доўгі час знаходзіліся пад брытанскім пратэктаратам да 1971 году, а таксама вялікую колькасьць найманых працаўнікоў з розных куткой сьвету, ангельская мова ёсьць галоўнай мовай паразуменьня ў дзяржаве. Такім чынам, веданьне ангельскай ёсьць адным з галоўных патрабаваньняў пры ўладкаваньні на працу.

  1. ^ а б в 7 // Constitution of the United Arab Emirates
  2. ^ а б https://elaws.moj.gov.ae/MainArabicTranslation.aspx?val=UAE-MOJ_LC-En%2F00_CONSTITUTION%2FUAE-LC-En_1971-07-18_00000_Dos.html&np=&lmp=undefined
  3. ^ а б база зьвестак Сусьветнага банкуСусьветны банк.
  4. ^ а б https://www.state.gov/reports/2020-report-on-international-religious-freedom/united-arab-emirates/
  5. ^ а б в г «United Arab Emirates». International Monetary Fund.
  6. ^ а б 2021 Democracy Index (анг.)EIU, 2022.
  7. ^ а б https://data.worldbank.org/indicator/SI.POV.GINI
  8. ^ а б Human Development ReportПраграма разьвіцьця ААН, 2022.
  9. ^ а б https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/asia
  10. ^ «United Arab Emirates’s Constitution of 1971 with Amendments through 2004». Constitute Project.
  11. ^ «United Arab Emirates Population (2022)». Worldometers.
  12. ^ «Labor Migration in the United Arab Emirates: Challenges and Responses». Migration Policy.
  13. ^ «United Arab Emirates Archives». Amnesty International.
  14. ^ «2013 Human Rights Reports: United Arab Emirates». US Department of State.
  15. ^ «Report on the situation of journalists in the UAE Input for the Secretary General Report on the safety of journalists and the issue of impunity». Office of the United Nations High Commissioner for Human Rights.
  16. ^ Pennington, Roberta (5.02.2014). «UAE archaeologist discovers the Swiss Army knife from 130,000 years ago». The National.
  17. ^ «Abu Dhabi Islands Archaeological Survey (ADIAS)». ADIAS UAE.
  18. ^ Woolley, Leonard (1963). «The Early History of Civilisation». UNESCO. — С. 611.
  19. ^ Bey 1996. С. 127.
  20. ^ Ibrahim Abed; Peter Hellyer (2001). «United Arab Emirates, a New Perspective». — С. 83—84. — ISBN 978-1-900724-47-0.
  21. ^ Bey 1996. С. 22—23.
  22. ^ Hawley, Donald (1971). «The Trucial States». — С. 48—51. — ISBN 978-0-04-953005-8.
  23. ^ Lorimer, John (1908). «The Gazetteer of the Persian Gulf, Oman and Central Arabia». — С. 1432—1436.
  24. ^ Bey 1996. С. 282.
  25. ^ Bey 1996. С. 43.
  26. ^ Baker, Randall (1979). «King Husain and the Kingdom of Hejaz». The Oleander Press, Great Britain.
  27. ^ Biral, Bilal Emre (2009). «The British Threat to the Ottoman Presence in the Persian Gulf during the Era of Abdülhamid II and the Responses toward it». Ankara: Middle East Technical University.
  28. ^ «The UAE is the old Pirate Coast. Not much has changed». Wayne Madsen Report.
  29. ^ Al Qasimi, Sultan (1986). «The Myth of Arab Piracy in the Gulf». — ISBN 978-0-7099-2106-6.
  30. ^ «United Arab Emirates — The Economy». Library of Congress Country Studies.
  31. ^ Morton, Michael Quentin (2016). «Keepers of the Golden Shore: A History of the United Arab Emirates». London: Reaktion Books. — С. 49—50. — ISBN 978-1-78023-580-6.
  32. ^ Carter, Robert (2005). «The History and Prehistory of Pearling in the Persian Gulf». Journal of the Economic and Social History of the Orient. 48 (2): 139—209. doi:10.1163/1568520054127149.
  33. ^ «UAE History & Traditions: Pearls & pearling». UAE Interact.
  34. ^ Heard, David (2013). «From Pearls to Oil». — С. 41—42. — ISBN 978-1-86063-311-9.
  35. ^ Cousteau, Jacques (8.1955). «Calypso explores for underwater oil». National Geographic Magazine.
  36. ^ Morton, Michael Quentin (7.2015). «Calypso in the Arabian Gulf: Jacques Cousteau’s Undersea Survey of 1954». Liwa. 7 (13): 3—28.
  37. ^ Gornall, Jonathan (2.12.2011). «Sun sets on British Empire as UAE raises its flag». The National. Abu Dhabi.
  38. ^ Krane, Jim (2009). «City of Gold: Dubai and the Dream of Capitalism». — С. 81—84.
  39. ^ De Butts, Freddie (1995). «Now the Dust Has Settled». Tabb House. — С. 228. — ISBN 978-1-873951-13-2.
  40. ^ Smith, Simon C. (2004). «Britain’s Revival and Fall in the Gulf: Kuwait, Bahrain, Qatar, and the Trucial States, 1950–71». Routledge. — С. 64. — ISBN 978-0-415-33192-0.
  41. ^ «Trucial Oman or Trucial States — Origin of Trucial Oman or Trucial States». Oxford Dictionary of World Place Names. Encyclopedia.com.
  42. ^ Bakr, Amena (21.07.2013). «Woman jailed in Dubai after reporting rape hopes to warn others». Reuters.
  43. ^ «Brotherhood 'sought Islamist state in UAE'». The National.
  44. ^ «United Arab Emirates: Silencing dissent in the United Arab Emirates (UAE)». Amnesty International.
  45. ^ «United Arab Emirates profile». BBC News.
  46. ^ Herb, Michael (2009). «A Nation of Bureaucrats: Political Participation and Economic Diversification in Kuwait and the United Arab Emirates». International Journal of Middle East Studies. 41 (3): 375—395. doi:10.1017/S0020743809091119.
  47. ^ Ledstrup, Martin (2019). «Nationalism and Nationhood in the United Arab Emirates». Palgrave. — С. 10. — ISBN 978-3-319-91652-1.
  48. ^ «Hypocrisy of Dubai’s World Tolerance Summit». Human Rights Watch.
  49. ^ [https://apnews.com/article/dubai-united-arab-emirates-abu-dhabi-coronavirus-pandemic-mohammed-bin-rashid-al-maktoum-708c588985bad97230b458b435cbfbc2 «United Arab Emirates says it will offer citizenship to some». Associated Press.
  50. ^ Mazzetti, Mark and Hager, Emily B. (14.05.2011). «Secret Desert Force Set Up by Blackwater’s Founder». The New York Times.
  51. ^ Krane, Jim (15.09.2009). «City of Gold: Dubai and the Dream of Capitalism». St. Martin’s Publishing Group. — С. 10. — ISBN 978-1-4299-1899-2.
  52. ^ а б Stack, Liam (30.04.2017). «Dubai Introduces Its Own Font, Lauding Free Expression It Does Not Permit». The New York Times.
  53. ^ а б «UAE Government: Political system». UAE Interact.
  54. ^ «دليل أعمال نظام مجلس الوزراء». Кабінэт міністраў ААЭ.
  55. ^ «The Federal National Council». U.AE.
  56. ^ «UAE Federal e-Government Portal». Government.ae.
  57. ^ «Sheikh Khalifa: UAE’s Federal National Council to be 50 per cent women». The National.
  58. ^ «Monthly ranking of women in national parliaments». IPU.
  59. ^ «Proportion of women parliamentarians worldwide reaches 'all-time high'». UN.
  60. ^ «The evolution of Emirati foreign policy (1971—2020): The unexpected rise of a small state with boundless ambitions». SciencesPo.
  61. ^ «King Hamad hails strong Bahrain-UAE ties in meeting with Abu Dhabi crown prince». Saudi Gazette.
  62. ^ «Strong bilateral relations serve the strategic interests of both China and the UAE». The National.
  63. ^ «Egypt and U.A.E. Relations». Egypt State Information Service
  64. ^ «France strengthens its bond with UAE». The National.
  65. ^ «India-UAE Relations: Poised to Climb to New Heights». Middle East Institute.
  66. ^ «Jordan-UAE ties a 'strong guarantor' for security, peace — ambassador». The Jordan Times.
  67. ^ «UAE FM terms ties with Pakistan „unique case in Arab-Asian relations“». Tribune.
  68. ^ «Why the Relationship Between Russia and the United Arab Emirates is Strengthening». Responsible Statecraft.
  69. ^ «A Saudi Prince’s Quest to Remake the Middle East». The New Yorker.
  70. ^ «US states play 'critical' role in widening bilateral ties with the UAE». Arabian Business.
  71. ^ «Konfliktbarometer 2001». Heidelberger Institut für Internationale Konfliktforschung.
  72. ^ «Relations with UAE get wider, deeper». Pakistan Observer.
  73. ^ «UAE to restore Qatar trade and travel links 'within a week' after row ends». BBC.
  74. ^ «Israel and UAE strike historic deal». BBC News.
  75. ^ «With President Trump’s help, Israel and the United Arab Emirates reach historic deal to normalize relations». Reuters.
  76. ^ Staff, Toi (16.09.2020). «Full text of the Abraham Accords signed by Israel, the UAE and Bahrain». The Times of Israel.
  77. ^ а б в г д е ё «United Arab Emirates — Economic, Social, and Institutional Analysis». Empyrean Advisors.
  78. ^ «Ranking of Economies». World Bank Group.
  79. ^ Dutta, Soumitra; Lanvin, Bruno; Wunsch-Vincent, Sacha; León, Lorena Rivera; World Intellectual Property Organization (2022). «Global Innovation Index 2022, 15th Edition». doi:10.34667/tind.46596. — ISBN 9789280534320.
  80. ^ «Global Innovation Index 2021». World Intellectual Property Organization.
  81. ^ а б «United Arab Emirates». ITUC.
  82. ^ Krane, Jim (2009). «City of Gold: Dubai and the Dream of Capitalism». New York: St. Martin’s Press. — С. 267—270. — ISBN 978-0-312-53574-2.
  83. ^ «Production of Crude Oil including Lease Condensate 2016». U.S. Energy Information Administration.
  84. ^ «Dubai’s Progressive Charade». The Daily Beast.
  85. ^ «Dubai Ranks Fifth Among Top Global Destinations For Travellers». Gulf Business.
  86. ^ «Infrastructure in the United Arab Emirates (UAE)». The Prospect Group.
  87. ^ а б «Topic: Tourism industry of the UAE». Statista.
  88. ^ «UAE Population Statistics». World Bank.
  89. ^ «UAE nationality». U.AE.
  90. ^ «Indians, Pakistanis make up 23% of Dubai, Sharjah, Ajman population». Gulf News.
  91. ^ Sambidge, Andy (7.10.2009). «UAE population hits 6 m, Emiratis make up 16.5%». Arabian Business.
  92. ^ Mcintosh, Lindsay (16.06.2008). «Terror red alert for 100,000 British expats in Dubai». The Scotsman.
  93. ^ Whittell, Giles (15.03.2010). «British pair face jail for kissing in Dubai restaurant». The Times.
  94. ^ «Editorial: The Ideal Prince». Arab News.
  95. ^ United Arab Emirates amazing facts (анг.) Праверана 20 верасьня 2020 г.
  96. ^ «Table 3.10 Urbanization». World Development Indicators.
  97. ^ «International Religious Freedom Report for 2012 — United Arab Emirates». Bureau of Democracy, Human Rights, and Labor.
  98. ^ «United Arab Emirates 2017 International Religious Freedom Report». US Department of Justice.
  99. ^ «The Return of Sufism to the UAE». Al-Mesbar Center.
  100. ^ «United Arab Emirates: International Religious Freedom Report 2007». U.S. Department of State: Bureau of Democracy, Human Rights, and Labor.
  101. ^ «Groeiende en vitale kerk in Arabische Golf». Reformatorisch Dagblad.
  102. ^ «New Apostolic Vicar for Arabia Appointed». Zenit News Agency.
  103. ^ Herschlag, Miriam. «For the first time, Dubai’s Jewish community steps hesitantly out of the shadows». Times of Israel.
  104. ^ Christensen, Shane (2010). «Frommer’s Dubai». — С. 174. — ISBN 978-0-470-71178-1.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]