Дунай
| Дунай | |
Дунай у Вене | |
| Агульныя зьвесткі | |
|---|---|
| Выток | каля м. Донаўэшынген |
| Вусьце | Чорнае мора |
| Краіны басэйну | Нямеччына, Аўстрыя, Славаччына, Вугоршчына, Харватыя, Сэрбія, Баўгарыя, Румынія, Малдова, Украіна |
| Вобласьці | Бадэн-Вюртэмбэрг |
| Даўжыня | 46 км |
| Сярэднегадавы сьцёк | 7000 м³/с |
| Плошча басэйну | 801463 км² |
| Месцазнаходжаньне | |
| | |
| Рэчышча Дунаю адзначана чырвонай лініяй | |
Дуна́й (па-нямецку: Donau, па-славенску: Dunaj, па-вугорску: Duna, па-харвацку: Dunav, па-сэрбску і па-баўгарску: Дунав, па-румынску: Dunăre, па-ўкраінску: Дунай, па-лацінску: Danuvius) — другая паводле даўжыні рака Эўропы (пасьля Волгі). Пачатак бярэ ў Шварцвальдзе на паўднёвым захадзе Нямеччыны. Працякае ў Нямеччыне, Аўстрыі, Славаччыне, Вугоршчыне, Сэрбіі, потым утварае румынска-баўгарскую мяжу, працякае па тэрыторыі Румыніі і на мяжы з Украінай упадае ў Чорнае мора.
Выток ракі знаходзіцца на вышыні 1154 м над узроўнем мора. Даўжыня цячэньня — 2857 км. Плошча басэйну — 817 000 км². Паводле даўжыні Дунай ёсьць другой ракой Эўропы, саступаючы толькі Волзе.
Фізычная геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Даўжыня і напрамак
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Выток Дунаю знаходзіцца на тэрыторыі Нямеччыны ў гарах Шварцвальду, ля гораду Донаўэшынген, на вышыні 678 мэтраў над узроўнем мора дзе зьліваюцца горныя патокі Брэге (даўжыня 48 км) і Брыгах (43 км).
На сваім шляху Дунай некалькі разоў зьмяняе кірунак. Спачатку ён працякае праз горную вобласьць Нямеччыны на паўднёвы ўсход, затым на адзнацы 2747 км (кілямэтраж ракі вымяраецца ад ускрайняга пункту дэльты ў кірунку вытоку) зьмяняе кірунак на паўночна-заходні. Гэты кірунак захоўваецца да гораду Рэгенсбург (2379 км), дзе разьмешчана самы паўночны пункт плыні ракі. Ля Рэгенсбургу Дунай паварочвае на паўднёвы ўсход, затым перасякае Венскую катлавіну і далей больш за 600 км цячэ па Сярэднедунайскай нізіне. Праклаўшы рэчышча праз горны ланцуг Паўднёвых Карпатаў па цясьніне Жалезная брама, рака да самага Чорнага мора больш за 900 км працякае празь Ніжнедунайскую нізіну. Самы паўднёвы пункт ракі знаходзіцца каля баўгарскага гораду Сьвіштоў.
Гарады
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Найбуйнейшыя гарады перасячэньня:
- Нямеччына: Донаўэшынген, Ульм, Інгальштат, Рэгенсбург, Дэгендорф, Пасаў
- Аўстрыя: Лінц, Матгаўзэн, Энс, Грайн, Мэльк, Дурнштайн, Крэмс, Тульн, Вена
- Славаччына: Браціслава
- Вугоршчына: Будапэшт, Бая, Могач
- Сэрбія: Бэздан, Сомбар, Новы Сад, Бялград, Кладава
- Харватыя: Вукавар, Ілак
- Румынія: Малдова-Вэке, Оршава, Дробэта-Турну-Сэвэрын, Браіла, Галац
- Баўгарыя: Сьвіштоў, Русэ
Геалёгія
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Хоць вытокі Дунаю сёньня адносна невялікія, у геалягічным сэнсе Дунай значна старэйшы за Райн, з вадазборнай тэрыторыяй якога яна канкуруе ў сучаснай паўднёвай Нямеччыне. Гэта стварае некалькі цікавых геалягічных складанасьцяў. Паколькі Райн кіруецца на поўнач у бок Паўночнага мора, кантынэнтальны водападзел, які пачынаецца на Піц Люнгін, падзяляе паўднёвую Нямеччыну, таму часам яго часам называюць эўрапейскім водападзелам.
Перад апошнім ледавіковым пэрыядам плейстацэну Райн пачынаўся на паўднёва-заходнім ускрайку Шварцвальду, у той час як воды з Альпаў, якія сёньня сілкуюць Райн, цяклі на ўсход па старажытным рэчышчы. Гэтае рэчышча было значна большым за сучасны Дунай, што цяпер відаць па каньёнах ляндшафту Швабскага Альбу. Эрозія даліны Верхняга Райну прывяла да перахопу плыняў, то бок воды з Альпаў зьмянілі кірунак і пачалі сілкаваць Райн. Паколькі Швабскі Альб у значнай ступені складзены зь сітаватага вапняку, а ўзровень Райну значна ніжэйшы за ўзровень Дунаю, сёньня падземныя рэкі пераносяць вялікую колькасьць вады з Дунаю ў Райн. У многія летнія дні, калі Дунай мае мала вады, яна цалкам зьнікае ў гэтых падземных каналах у двух месцах Швабскага Альбу, вядомых як перасячэньне Дунаю. Большасьць водаў зноў трапляе на паверхню толькі за 12 км на поўдзень. Эўрапейскі водападзел актуальны толькі для тых водаў, якія трапляюць далей за гэты пункт, што адбываецца толькі ў тыя дні году, калі Дунай нясе дастаткова вады.
Паколькі такія вялікія аб’ёмы падземнай вады размываюць значныя масы навакольнага вапняку, прагназуецца, што верхняя плыня Дунаю аднойчы цалкам зьнікне на карысьць Райну. Гідралягічныя паказьнікі Дунаю рэгулярна кантралююцца ў Харватыі ў Батыне, Далі, Вукавары і Ілаку[1].
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Пітная вада
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Уздоўж сваёй плыні Дунай ёсьць крыніцай пітной вады для блізу 20 мільёнаў чалавек[2][3]. У 2004 годзе ў нямецкай зямлі Бадэн-Вюртэмбэргу амаль 30% пітной вады для тэрыторыі паміж Штутгартам, Бад-Мэргентгаймам, Ааленам і Альб-Донаў фармуецца з ачышчанай вады Дунаю. Іншыя гарады, як то Ульм і Пасаў, таксама часткова карыстаюцца вадой з Дунаю дзеля водазабесьпячэньня.
У Аўстрыі і Вугоршчыне большая частка пітной вады бярэцца з падземных і крынічных водаў, і толькі ў рэдкіх выпадках выкарыстоўваецца вада з Дунаю. Большасьці дзяржаваў таксама занадта цяжка ачысьціць ваду праз значнае забруджваньня. Толькі тыя часткі Румыніі, дзе вада больш чысьцейшая, усё яшчэ рэгулярна здабываюць пітную ваду з Дунаю[4].
Навігацыя і транспарт
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У XIX стагодзьдзі Дунай быў важным водным шляхам, але, як пісала лёнданская газэта Таймз, «штогод яго ўкоўвае лёд, які ўздымае з вады вялікія караблі або разрывае іх напалам, як моркву». Сёньня Дунай уважаецца за важны транспартны шлях Эўрапейскага Зьвязу. З моманту адкрыцьця канала Райн—Майн—Дунай рака злучае порт Ратэрдам і прамысловыя цэнтры Заходняй Эўропы з Чорным морам, а таксама праз канал Дунай—Чорнае мора з румынскім портам Канстанца.
Водны шлях прызначаны для буйных судзінаў унутранага плаваньня габарытамі 110×11,45 мэтраў, але на большай частцы рэчышча праз раку могуць праходзіць значна большыя караблі. Дунай быў часткова каналізаваны ў Нямеччыне (5 шлюзаў) і Аўстрыі (10 шлюзаў). Прапановы ў будаўніцтве шэрагу новых шлюзаў дзеля паляпшэньня суднаходзтва не прасунуліся, часткова праз праблемы з навакольным асяродзьдзем. Ніжэй за бег ад шлюзаў Фройдэнаў у Вене каналізацыя Дунаю абмяжоўвалася дамбай і шлюзамі Габчыкава блізу Браціславы, а таксама двума падвойнымі шлюзамі Жалезная брама на памежным вучастку Дунаю паміж Сэрбіяй і Румыніяй. Гэтыя шлюзы маюць большыя памеры. Ніжэй за Жалезнай брамай рака вольна бруіцца ажно да Чорнага мора, на адлегласьці большай за 860 кілямэтраў. Дунай злучаецца з каналам Райн—Майн—Дунай у Кельгайме, а таксама з Дунайскім каналам у Вене і з каналам Дунай—Чорнае мора ў Чэрнаводэ. Акрамя некалькіх другарадных суднаходных рукавоў, адзінымі буйнымі суднаходнымі рэкамі, павязанымі з Дунаем, ёсьць Драва, Сава і Ціса. У Сэрбіі да ракі таксама прылучаецца сетка каналаў, а сетка, вядомая як каналы Дунай—Ціса—Дунай, злучае вучасткі ніжэй плыні.
На аўстрыйскім і нямецкім вучастках Дунаю дзеля выкарыстаньня на рацэ быў распрацаваны адмысловы пляскаты тып судзінаў цыле. Яна дагэтуль выкарыстоўваюцца ў рыбацтве, у якасьці паромаў і іншых відаў перавозкі тавараў і людзей у гэтым рэгіёне.
Рыбацтва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Значэньне рыбацтва на Дунаі, якое мела вырашальнае значэньне ў Сярэднявеччы, рэзка зьнізілася. Некаторыя рыбакі ўсё яшчэ актыўна ловяць рыбу ў пэўных месцах ракі, а ў дэльце ракі ўсё яшчэ зацята пільнуюцца рыбацтвам. Аднак некаторыя рэсурсы ракі ў мінулым кіраваліся экалягічна няўстойлівым чынам, што прывяло да шкоды ад забруджваньня, зьмены рэчышча і буйнога разьвіцьця інфраструктуры, у тым ліку буйных гідраэлектрастанцыяў[5].
Запасы асятра ў басэйне ракі цягам стагодзьдзяў заклалі грунт пад буйное камэрцыйнае рыбацтва. Будаўніцтва плацінаў, акрамя празьмерных уловаў рыбы і забруджваньня ракі, адыгрывае значную ролю ў скарачэньні папуляцыі асятра, паколькі стварае бар’ер для міграцыі некаторых відаў рыбаў, якія звычайна нерастуюць у верхняй частцы ракі[6]. Нерастальныя зоны такіх відаў рыбаў былі рэзка скарочаныя праз будаўніцтва гідраэлектрастанцыяў і навігацыйных сыстэмаў на Жалезнай браме I (1974 году) і Жалезнай браме II (1984 году)[7]. Першапачатковы праект гэтых плацінаў не прадугледжваў аніякіх рыбапраходаў. Мажлівасьць будаўніцтва штучнага рыбнага праходу, які дазволіць міграцыю відаў рыб, у тым ліку асятра, у цяперашні час разглядаецца ў рамках такіх праектаў, як то We Pass.
Толькі ў экарэгіёне Верхняга Дунаю налічваецца блізу 60 відаў рыбаў, а ў экарэгіёне Ніжняга Дунаю і Днястра іхны лік большы прыкладна ўдвая[8]. Сярод іх надзвычай высокая разнастайнасьць асятра, але яны знаходзяцца пад пагрозай зьнікненьня, і ў значнай ступені або цалкам у выпадку эўрапейскага марскога асятра ўжо зьніклі з ракі[8]. Дунайскі ласось, як то адзін з найбуйнейшых відаў ласося, быў эндэмічным відам Дунаю, але некалі быў распаўсюджаны чалавекам у іншых месцах.
Турызм
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Сярод важных турыстычных месцаў уздоўж Дунаю вылучаюцца даліна Вахаў, нацыянальны парк Дунай-Аўэн у Аўстрыі, унікальны лес Гемэнц у Вугоршчыне, прыродны парк Вышнявіна Дунаю ў Нямеччыне, Капачкі Рыт у Харватыі, Жалезная брама ў Сэрбіі і Румыніі, дэльта Дунаю там жа ў Румыніі і прыродны запаведнік Срэбырна ў Баўгарыі. Па рацэ курсуюць турыстычныя круізныя караблі. Акрамя найбольш папулярнага маршруту паміж Венай і Будапэштам, некаторыя караблі нават ходзяць з Пасаў у дэльту Дунаю і ў адваротным кірунку. У пік сэзону па рацэ ходзяць больш за 70 круізных лайнэраў, а на верхніх частках ракі, дзе няма карабельнага руху, людзі карыстаюцца каноэ або чоўнамі.
Дунайскі рэгіён мае ня толькі культурную і гістарычную значнасьць, але і важнасьць для рэгіянальнай турыстычнай індустрыі дзякуючы сваім захапляльным славутасьцям. Тут добра распрацаваная інфраструктура для роварных падарожжаў, турыстычных шпацыраў пехатою. Рэгіёны ўздоўж ракі штогод прыцягваюць шмат наведнікаў. Толькі ў Аўстрыі штогод сюды прыязджаюць блізу 6,5 мільёнаў чалавек[9]. Берагі Дунаю ў Будапэшце ёсьць часткай аб’екту Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО, іх можна паглядзець з шэрагу экскурсійных круізаў, якія прапануюцца ў горадзе.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Daily hydrological report. State Hydrometeorological Bureau of the Republic of Croatia. Архіўная копія ад 30.05.2010 г.
- ↑ About Us. International Commission for the Protection of the Danube River.
- ↑ Blue River. WWF. Архіўная копія ад 12.04.2021 г.
- ↑ The Danube. International Association of Water Supply Companies in the Danube River Catchment Area. Архіўная копія ад 19.05.2012 г.
- ↑ Holcik, Juraj The freshwater fishes of Europe Vol.I Part II General introduction to fishes. — Wiesbaden: Aula Verlag.
- ↑ Hensel, K; Holcik, J Past and current status of sturgeons in the upper and middle Danube River..
- ↑ Iron gates II design and performance of dams- geotechnical considerations. International Conference on Case Histories in Geotechnical Engineering (1988).
- 1 2 Hales, J. (2013). Upper Danube. Freshwater Ecoregions of the World.
- ↑ Press release of the "ARGE Donau Österreich" Архіўная копія ад 13.03.2014 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Зьвесткі на Open Street Map.
- Панарамы Дунаю. Danube Panorama Project.
| ||||||||||||||||
| ||||||||||||||