Сэрвалюкс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 53°54′19″ пн. ш. 30°20′31″ у. д. / 53.90528° пн. ш. 30.34194° у. д. / 53.90528; 30.34194

«Сэрвалюкс»
Тып закрытае акцыйнае таварыства
Заснаваная 21 кастрычніка 1999 (24 гады таму)
Заснавальнікі ТАА «Сэрвалюкс» (ЗША)
Уласьнікі Яўген Баскін
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Магілёў
Адрас Ленінскі раён, вул. Міронава, д. 4[1]
Ключавыя фігуры Яўген Баскін (генэральны дырэктар)
Галіна сельская гаспадарка
Прадукцыя каўбаса, корм, мяса птушкі, тварог, сыр, яйкі
Лік супрацоўнікаў 10 800 (2023 год)
Даччыныя кампаніі «Агралінк», «Смалявічы Бройлер»

«Сэрвалюкс» — земляробчае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў кастрычніку 1999 году ў Магілёве.

На 2023 год налічваў 25 вытворчых пляцовак і 10 800 супрацоўнікаў. За 2022 год вырабілі 600 000 тонаў камбікармоў, 213 900 тонаў мяса птушкі, 67 000 тонаў перапрацаванага мяса і 25 900 малочных вырабаў. За мяжу паставілі 70 % мяса птушкі, 60 % малочных вырабаў і 12 % мясных вырабаў. У асноўным экспартавалі ў Расею і 8 краінаў Азіі — Азэрбайджан, Армэнію, Грузію, Казахстан, Кітай, Кыргыстан, Манголію і Ўзбэкістан[2]. Продажы ладзілі пад 9 уласнымі таварнымі знакамі «Альфур» (халяльная ежа), «Кабандас» (закускі), «Карапузікі» (каўбаса для дзяцей), «Крэм Нуво» (мяккі тварог і тварожны сыр), «Ландэрс» (паўцьвёрды і сычужны сыр), «Ласункавы край» (каўбаса), «Мішутка» (дзіцячае харчаваньне), «Пятруха» (кураціна) і «Сэрвалюкс» (вырабы для страўняў)[3]. Прадстаўніцтвы працавалі ў Менску (прасп. Незалежнасьці, д. 177) і Маскве (Паўночна-Заходняя адміністрацыйная акруга, раён Харашова-Мнёўнікі, вул. Адзіля, д. 2)[1]. Быў найбольшым вытворцам мяса птушкі ў Беларусі.

Будова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2023 год «Сэрвалюкс» ажыцьцяўляў:

  • расьлінаводзтва на 17 000 га, 13 500 гектарах ворыва і 8500 га для таварных вырабаў і 5000 га для кармоў праз падразьдзяленьне «Смалявічы Дэйрыз» у Кастрычніцкім пасёлку і «Сэрвалюкс Агра» ў Магілёўскім раёне (Мяжысеткі)[4];
  • камбікормавую вытворчасьць паводле 240 рэцэптураў на 2000 тонаў за содні пры ёмістасьці элеватара 144 000 тонаў і гадавой магутнасьці 600 000 тонаў праз «Чырванасьцяжны камбікормавы завод» у Смалявіцкім раёне (Кастрычніцкі) і «Экамол Агра» ў Аршанскім раёне (Крашына)[5];
  • племянную птушкагадоўлю ў 202 птушніках на 100 млн інкубацыйных яек за год 2-х пародаў з вывадам 85 % куранятаў праз «Агралінк» у Быхаве (Магілёўская вобласьць) і падразьдзяленьне «Генэтык» у Слуцкім раёне (Селішча)[6];
  • найбольшую ў Беларусі вытворчасьць мяса птушкі пры забоі за гадзіну 26 800 галоваў з гадавым абсягам 213 900 тонаў у жывой вазе і пастаўкай у 10 краінаў праз «Смалявічы Бройлер» у Кастрычніцкім пасёлку, «Сэрвалюкс Агра» і прадстаўніцтва «Сергіеў Пасад» у Расеі[7];
  • распрацоўку і дасьледаваньне ў рамках 7 міжнародных праектаў са страўнямі, 20 праграмаў з пастаўнікамі вузлоў і сыравіны, што дазволіла стварыць 67 вырабаў на аснове 300 дэгустацыяў праз Навукова-інавацыйны інжынірынгавы асяродак у Кастрычніцкім пасёлку[8];
  • вытворчасьць кулінарных вырабаў і мясных паўфабрыкатаў на плошчы 1 га сіламі 200 супрацоўнікаў пры магутнасьці 1300 тонаў за месяц і 11 200 тонаў за год праз падразьдзяленьне «Юніміт» у Кастрычніцкім пасёлку[9];
  • вытворчасьць мясных каўбасаў паводле 170 рэцэптураў магутнасьцю 2500 тонаў за месяц і 17 900 тонаў за год праз падразьдзяленьне «Белміт» у Быхаве і «Юніміт» у Смалявіцкім раёне[10];
  • вытворчасьць малочных вырабаў на 60 % з уласнай сыравіны пры штодзённай перапрацоўцы 160 тонаў малака і гадавой магутнасьці 25 900 тонаў з экспартам на 13,7 млн даляраў праз «Смалявічы Малако»[11];
  • малочна-таварнае фэрмэрства на 4200 галоваў пры содневай вытворчасьці 80 тонаў малака на «Смалявічы Дэйрыз» у Кастрычніцкім пасёлку[12];
  • раздробны гандаль са збытам 22 000 тонаў малочных вырабаў і 12 000 тонаў мяса птушкі праз 284 крамы «Задняпроўе» пад таварным знакам «Пятруха»[13];
  • прамысловую ачыстку на 70 000 кв.м у 300 заказчыкаў са збытам 700 тонаў 50 сродкаў абеззаражваньня і мыцьця праз «Сэрвіс Салюшнс»[14];
  • праектаваньне і забудову, якімі ахапілі за 10 гадоў 150 спраектаваных будынкаў і 78 узьведзеных пабудоваў праз уласную праектна-канструктарскую службу[15];
  • інфармацыйна-тэхналягічныя паслугі з апрацоўкай 45 000 заявак за год сіламі 80 супрацоўнікаў «Сэрвалюкс Тэхноладжыс»[16].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

21 кастрычніка 1999 году Яўген Баскін заснаваў у Магілёве замежнае прадпрыемства «Сэрвалюкс», што належала аднайменнаму ТАА ў ЗША (Сан-Францыска), утворанаму 17 чэрвеня[17]. Яно месьцілася па Першамайскай вуліцы, д. 77[18].

У 2002 годзе «Сэрвалюкс» пачаў збыт для «Магілёўскай бройлернай птушкафабрыкі» ў Мяжысетках (Дашкаўскі сельсавет), дзе за год вырабілі 5500 тонаў мяса птушкі. 23 сьнежня 2004 году ў Быхаве заснавалі птушкафабрыку бацькоўскага статку «Агралінк», дзе пачалі ўзводзіць інкубатары. 12 кастрычніка 2006 году «Сэрвалюкс» набыў «Магілёўскую бройлерную птушкафабрыку», якую пераўтварылі ў падразьдзяленьне «Сэрвалюкс Агра». У 2006 годзе стварылі раздробную гандлёвую сетку «Квартал смаку», а ў 2007-м — сетку фірмовага гандлю «Пятруха». 23 ліпеня 2007 году «Сэрвалюкс» стаў уласьнікам кантрольнага пакету паёў камбікормавага заводу «Экамол» у Аршанскім раёне (Крашына), чыю магутнасьць да 2014 году павялічылі да 350 000 тонаў. Пры гэтым кармы сталі выпускаць як для птушкі, гэтак і для жывёлы. 17 сакавіка 2008 году «Сэрвалюкс» стаў сумесным ЗАТ. 9 сьнежня 2008 году набылі магілёўскую сетку харчовых крамаў «Задняпроўе». У 2009 годзе пабудавалі сьвінакомплекс «Сэрвалюкс Генэтык» у Віньніцкай вобласьці Ўкраіны (Ражычнае сяло) пры падтрымцы ўраду Нідэрляндаў.

У 2011 годзе ўзьвялі новую вытворчасьць куранятаў «Сэрвалюкс Агра», дзе ў 2012 годзе запусьцілі ачыстныя збудаваньні. У 2013 годзе «Агралінк» павялічыў вытворчую магутнасьць да 40 млн содневых куранятаў за год, што зрабіла яго найбольшым племянным прадпрыемствам Беларусі ў галіне птушкагадоўлі. Яшчэ ў 2013 годзе пабудавалі забойны цэх. 24 ліпеня 2013 году набылі «Смалявіцкую бройлерную птушкафабрыку» ў Кастрычніцкім пасёлку. Ёй таксама належалі 7 фэрмаў на 8000 тыс. галоваў буйной рагатай жывёлы. Сярод іншага, стварылі ўласную праектную службу і будаўнічую арганізацыю, дзе за 2013 год выканалі 85 % патрэбных праектавальных і 65 % будаўнічых працаў. Пры гэтым давялося ўзводзіць вонкавыя пабудовы энэргазабесьпячэньня для падлучэньня да элекрасетак «Белэнэрга». У 2013 годзе да 40 % вырабаў паставілі ў Расею, дзе працавалі гандлёвыя дамы ў Смаленску і Маскве. За 2013 год «Сэрвалюкс» вырабіў 413 000 тонаў кармоў, 113 000 тонаў мяса птушкі, 24 500 тонаў збожжа і 18 600 тонаў малака. На 2014 год «Сэрвалюкс» наймаў сярод замежнікаў некаторых адмыслоўцаў зь Нідэрляндаў і Польшчы ў галіне перавозак, складзкой справы, продажаў і інфармацыйных тэхналёгіяў празь нястачу адпаведных мясцовых кадраў. У 2014 годзе старшыня ўраду Беларусі Міхаіл Мясьніковіч улучыў кіраўніка «Сэрвалюкса» Яўгена Баскіна ў склад міжведамаснай працоўнай групы рэфармаваньня аграпрамысловага комплексу[19].

У 2014 годзе перабудавалі камбікормавы завод і запусьцілі ачыстныя збудаваньні на вытворчасьцях. У 2016 годзе запусьцілі малочна-таварную фэрму на 4200 галоваў і абнавілі перапрацоку малака. Таксама ўкаранілі вузавае ўтрыманьне бацькоўскага статку. 28 лістапада 2017 году набылі «Слуцкі племптушказавод» у Селішчы, дзе ў 2018 годзе стварылі падразьдзяленьне «Генэтык». У 2017 годзе ў Кастрычніцкім пасёлку (Смалявіцкі раён) пачалі будоўлю мясаперапрацоўчага заводу «Юніміт», які запусьцілі ў 2019 годзе. Таксама ў 2017 годзе перайшлі на робатызаванае пакаваньне вырабаў. 11 траўня 2017 году галаўную сядзібу «Сэрвалюкса» перанесьлі ў новы будынак па вуліцы Міронава, д. 4. У 2018 годзе пачалі пастаўкі ў Кітай, а доля «Сэрвалюкса» на беларускім рынку птушкагадоўлі перавысіла 50 %[20]. У 2019 годзе набылі пляцоўку ў Маскоўскай вобласьці, дзе ў 2021 годзе запусьцілі вытворчасьць «Сэрвалюкс Пасад» (Туракова). У 2020 годзе стварылі асяродак дасьледаваньня і распрацоўкі харчаваньня, а таксама запусьцілі пляцоўку электроннага гандлю[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Зьвесткі для сувязі (рас.) // ЗАТ «Сэрвалюкс», 2023 г. Праверана 21 лютага 2023 г.
  2. ^ а б Прадпрыемства (рас.) // ЗАТ «Сэрвалюкс», 2023 г. Праверана 21 лютага 2023 г.
  3. ^ Брэнды (рас.) // ЗАТ «Сэрвалюкс», 2023 г. Праверана 21 лютага 2023 г.
  4. ^ Расьлінаводзтва (рас.) // ЗАТ «Сэрвалюкс», 2023 г. Праверана 21 лютага 2023 г.
  5. ^ Камбікормавая вытворчасьць (рас.) // ЗАТ «Сэрвалюкс», 2023 г. Праверана 21 лютага 2023 г.
  6. ^ Племянная птушкагадоўля (рас.) // ЗАТ «Сэрвалюкс», 2023 г. Праверана 21 лютага 2023 г.
  7. ^ Вытворчасьць мяса птушкі (рас.) // ЗАТ «Сэрвалюкс», 2023 г. Праверана 21 лютага 2023 г.
  8. ^ Навукова-інавацыйны інжынірынгавы асяродак (рас.) // ЗАТ «Сэрвалюкс», 2023 г. Праверана 21 лютага 2023 г.
  9. ^ Кулінарныя вырабы і паўфабрыкаты (рас.) // ЗАТ «Сэрвалюкс», 2023 г. Праверана 21 лютага 2023 г.
  10. ^ Вытворчасьць мясакаўбасных вырабаў (рас.) // ЗАТ «Сэрвалюкс», 2023 г. Праверана 21 лютага 2023 г.
  11. ^ Вытворчасьць малочных вырабаў (рас.) // ЗАТ «Сэрвалюкс», 2023 г. Праверана 21 лютага 2023 г.
  12. ^ Малочна-таварнае фэрма (рас.) // ЗАТ «Сэрвалюкс», 2023 г. Праверана 21 лютага 2023 г.
  13. ^ Раздроб (рас.) // ЗАТ «Сэрвалюкс», 2023 г. Праверана 21 лютага 2023 г.
  14. ^ Прамысловая санітарыя і гігіена (рас.) // ЗАТ «Сэрвалюкс», 2023 г. Праверана 21 лютага 2023 г.
  15. ^ Праектаваньне і забудова (рас.) // ЗАТ «Сэрвалюкс», 2023 г. Праверана 21 лютага 2023 г.
  16. ^ Інфармацыйна-тэхналягічныя паслугі (рас.) // ЗАТ «Сэрвалюкс», 2023 г. Праверана 21 лютага 2023 г.
  17. ^ ТАА «Сэрвалюкс», Каліфорнія, ЗША (анг.) // Партал «Адкрытыя карпарацыі», 2023 г. Праверана 21 лютага 2023 г.
  18. ^ СЗАТ «Сэрвалюкс», УНП 800000560 (рас.) // ТАА «БізІнспэкт», 2023 г. Праверана 21 лютага 2023 г.
  19. ^ Яўген Баскін. Посьпехі ў зоне рызыкі // Зьвязда : газэта. — 3 красавіка 2014. — № 61 (27671). — С. 1, 5. — ISSN 1990-763x.
  20. ^ Ігар Карней. СВК, ААТ, ЗАТ — што прыйшло на зьмену беларускім калгасам, якія ўлады зноў узяліся «аздараўляць» // Беларуская служба Радыё «Свабода», 10 кастрычніка 2018 г. Праверана 21 лютага 2023 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]