Перайсьці да зьместу

Мёры

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам Red Winged Duck (гутаркі | унёсак) у 14:42, 12 сьнежня 2017. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Мёры
трансьліт. Miory
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьв. Панны Марыі
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьв. Панны Марыі
Герб Мёраў Сьцяг Мёраў
Першыя згадкі: 1514
Горад з: 1972
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Віцебская
Раён: Мёрскі
Вышыня: 146 м н. у. м.
Насельніцтва: 8001 чал. (2017)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2152
Паштовы індэкс: 211930
СААТА: 2233501000
Нумарны знак: 2
Геаграфічныя каардынаты: 55°37′0″ пн. ш. 27°37′0″ у. д. / 55.61667° пн. ш. 27.61667° у. д. / 55.61667; 27.61667Каардынаты: 55°37′0″ пн. ш. 27°37′0″ у. д. / 55.61667° пн. ш. 27.61667° у. д. / 55.61667; 27.61667
Мёры на мапе Беларусі ±
Мёры
Мёры
Мёры
Мёры
Мёры
Мёры
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://miory.vitebsk-region.gov.by/

Мё́ры — места ў Беларусі, на беразе Мёрскага возера. Адміністрацыйны цэнтар Мёрскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2017 год — 8001 чалавек[1]. Знаходзяцца за 190 км ад Віцебску. Чыгуначная станцыя на лініі Друя — Варапаева. Аўтамабільныя дарогі злучаюць места зь Дзісной, Дрысай, Браславам, Шаркоўшчынай.

Мёры — даўняе мястэчка гістарычнай Браслаўшчыны (частка Віленшчыны).

Назва

Існуе некалькі меркаваньняў датычна паходжаньня тапоніму «Мёры». Р. Аўчыньнікава тлумачыць назву места ад фінска-вугорскага гідранімічнага фарманту «jarvi» (возера). В. Жучкевіч мяркуе, што тапонім мае патранімічнае паходжаньне ад прозьвішча «Маер», «Меер», «Маераў»[2]. Некаторыя навукоўцы зьвязваюць назву паселішча з племям «Мера» або з князямі Мірскімі.

Апроч гэтага, існуе некалькі народных паданьняў. Першае зь іх тлумачыць тапонім вялікім «морам», ад якога памёрла ўсё насельніцтва мясьціны (Мёры — ад словаў «мерці, памерці»). Іншая легенда зьвязвае назву паселішча з канавай «Мерыца», якая пазначала мяжу паміж двума ваяўнічымі княствамі. Апроч гэтага існуе згадка пра тое, што людзі жылі тут доўгі час грамадою, якая называлася «мір», — адкуль нібыта пайшла назва Міры. Таксама існуе паданьне пра князя Меру і ягоную жонку Мерыцу[3].

Гісторыя

Касьцёл, 1910 г.

Вялікае Княства Літоўскае

Першы пісьмовых ўпамін пра Мёры (Мярэю) як маёнтак у Браслаўскім павеце датуецца 1514 годам[4] (паводле іншых зьвестак — 1548 годам[5]).

У попісе войска Вялікага Княства Літоўскага пад 1567 годам упамінаецца маёнтак Меры (назва існавала да XIX ст.), які належаў Р. Мірскаму. Пад 1612 годам у тэстамэнце Януша Пуцяты, маршалка Браслаўскага павету, значацца Міры. У 1621 годзе ўладальніца маёнтку Н. Мірская заснавала тут царкву[6]. У 1633 годзе паселішча належала А. Рыле, якая ў 1640 годзе прадала яго браслаўскаму судзьдзю С. Мірскаму. 3 1644 году тут існаваў манастыр, які ў 1690 годзе М. Мірскі перадаў грэка-каталікам. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) паселішча спустошылі маскоўскія захопнікі. Паводле тэстамэнту (1680) Сімяона Полацкага, той ахвяраваў на карысьць манастыра частку грошай. У 1691 годзе ў Мёрах збудавалі драўляны касьцёл (дзейнічаў да 1862 году).

У XVIII ст. існавала 5 маёнткаў з назвай Меры, якія належалі Мірскім, Перасьвет-Солтанам, Беліковічам, Клотам, Зяновічам, Пуцятам[7].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

Складка на касьцёл, 1905—1906 гг.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Мёры апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе атрымалі статус мястэчка[4] і сталі цэнтрам воласьці Дзісенскага павету Менскай губэрні (з 1842 году ў Віленскай губэрні). Жыхары Мёраў бралі актыўны ўдзел у нацыянальна-вызвольным паўстаньні (1863—1864). У 1866 годзе з мэтаю маскалізацыі краю царскія ўлады адкрылі ў мястэчку народную вучэльню, у якой настаўнічалі выхадцы з цэнтральнай Расеі.

На 1886 год у Мёрах працавалі валасная ўправа, 3 карчмы; штогод праходзілі 2 кірмашы. На 1903 год існавалі жыдоўская вучэльня і царкоўна-прыходзкая школа. У 1907 годзе ў мястэчку збудавалі касьцёл.

Найноўшы час

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Мёры абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году паводле пастановы І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Мёры апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Дзісенскага павету Віленскага ваяводзтва[4]. На 1927 год тут працавалі 2 млыны, аптэка, 5 крамаў, запалкавая фабрыка. У 1930 годзе празь мястэчка прайшла чыгунка Варапаева — Друя.

У 1939 годзе Мёры ўвайшлі ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 году сталі цэнтрам раёну (з 1944 году ў Полацкай, з 1954 году ў Маладэчанскай, з 1960 году ў Віцебскай вобласьці). У Другую сусьветную вайну з 3 ліпеня 1941 да 4 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

7 жніўня 1957 году Мёры атрымалі афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу, 7 жніўня 1972 году — статус места. У 2003 годзе адбылося ўрачыстае адкрыцьцё набярэжнай працягласьцю 500 м, якая стала візытоўкай места. У 2006 годзе ў Мёры правялі прыродны газ.

Насельніцтва

Дэмаграфія

  • XIX стагодзьдзе: 1885 год — 96 чал. (50 муж. і 46 жан.)[8]; 1886 год — 110 чал.; 1897 год — 145 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1903 год — 135 чал.; 1927 год — 422 чал.; 1959 год — 1,9 тыс. чал.; 1970 год — 5,7 тыс. чал.; 1991 год — 9,1 тыс. чал.; 1998 год — 9,3 тыс. чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2006 год — 8,9 тыс. чал.; 2009 год — 8188 чал.[9] (перапіс); 2010 год — 8,1 тыс. чал.; 2016 год — 8052 чал.[10]; 2017 год — 8001 чал.[1]

Адукацыя

У Мёрах працуюць 3 сярэднія, дзіцяча-юнацкая спартовая школы, школа мастацтваў, дом дзіцячай творчасьці.

Культура

Дзейнічаюць дом культуры, 2 бібліятэкі, раённы гістарычна-этнаграфічны музэй. З 2001 году ў Мёрах праводзіцца абласны тур рэспубліканскага фэсту нацыянальных культураў «Нас зьяднала зямля Беларусі».

У месьце выдаецца раённая газэта «Мёрскія навіны» (да 2002 году — «Сцяг працы»).

Забудова

Плян

Забудова Мёраў пераважна 1-павярховая, будуюцца і 2—5-павярхоўкі. Першы генэральны плян забудовы паселішча склалі ў 1971 годзе, другі — у 1980 годзе. У месьце ўтварылася набярэжная. Прамысловая зона разьмяшчаецца ў паўночна-заходняй і ўсходняй частках.

Вуліцы і пляцы

У тэлефонным даведніку 1939 году ўпамінаюцца Вялікая і Рынкавая вуліцы[11].

Эканоміка

Прадпрыемствы харчовай, камбікормавай, першаснай апрацоўкі лёну прамысловасьці.

Транспарт

Празь Мёры праходзяць аўтамабільныя дарогі Р14 (Полацак — Браслаў) і Р18 (граніца Расеі — Шаркоўшчына — Казяны).

Турыстычная інфармацыя

Інфраструктура

Дзейнічае Мёрскі гістарычна-этнаграфічны музэй. Спыніцца можна ў мескай гасьцініцы[12].

Славутасьці

Страчаная спадчына

  • Кляштар канонікаў рэгулярных латэранскіх (XVII ст.)

Галерэя

Асобы

Крыніцы

  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 234.
  3. ^ О городе, Миорский информационный портал
  4. ^ а б в Ермалёнак В. Міёры // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 131.
  5. ^ Ермалёнак В. Мёры // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 311.
  6. ^ Ермалёнак В. Мёры // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 311—312.
  7. ^ Ермалёнак В. Мёры // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 312.
  8. ^ Krzywicki J. Miory // Słownik geograficzny... T. VI. — Warszawa, 1885. S. 484485.
  9. ^ Перепись населения — 2009. Витебская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  10. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  11. ^ Spis Abonentów Sieci Telefonicznej Okręgu Dyrekcji Poczt i Telegrafów w Wilnie na 1939 r. — Wilno, 1939. S. 37.
  12. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007. С. 342.

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Мёрысховішча мультымэдыйных матэрыялаў