Прэзыдэнт Беларусі
Прэзыдэ́нт Рэспу́блікі Белару́сь — кіраўнік дзяржавы, гарант Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, правоў і свабодаў чалавека і грамадзяніна. Ён прадстаўляе Рэспубліку Беларусь у адносінах зь іншымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.[1]
Прэзыдэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэньні, не маладзей за 35 гадоў, які валодае выбарчым правам і стала пражывае ў Рэспубліцы Беларусь ня меней за дзесяць гадоў непасрэдна перад выбарамі.[1]
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першыя выбары прэзыдэнта Беларусі адбыліся 10 ліпеня 1994 году, у іх удзельнічалі 6 кандыдатаў. У першым туры тройка лідэраў набрала: Аляксандар Лукашэнка — 44,82%, Вячаслаў Кебіч — 17,32%, Зянон Пазьняк — 12,82%. У другім туры з вынікам каля 80 адсоткаў перамог Аляксандар Лукашэнка.[2]
24 лістапада 1996 году ў Беларусі быў праведзены рэфэрэндум, на які былі вынесеныя папраўкі, якія пашыраюць паўнамоцтвы выканаўчай улады і прэзыдэнта і некаторыя іншыя пытаньні. За прыняцьце паправак выказалася 70,45% выбарнікаў.[3]
9 верасьня 2001 году адбыліся чарговыя выбары прэзыдэнта, у якіх на другі тэрмін быў пераабраны Аляксандар Лукашэнка, які набраў 75,65% галасоў.[4]
17 кастрычніка 2004 году быў праведзены рэфэрэндум аб занясеньні ў Канстытуцыю паправак, якія здымаюць абмежаваньне на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў. 77,3% выбарнікаў падтрымалі гэтыя зьмены. Варта адзначыць, што зьмены ў закон «Аб прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь», якія здымалі абмежаваньні ў два тэрміны, былі ўхваленыя Саветам Рэспублікі толькі 5 кастрычніка 2006[5]. Такім чынам, на момант правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году ў Беларусі дзейнічала Канстытуцыя, якая ня ўтрымоўвала абмежаваньняў на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў, і закон аб прэзыдэнце, артыкул 8 якога абвяшчаў: «Тэрмін паўнамоцтваў прэзыдэнта — пяць гадоў. Адна і тая ж асоба можа быць прэзыдэнтам ня больш за два тэрміны». Аднак паводле артыкулу 137 Канстытуцыі, у выпадку супярэчнасьцяў яна мае прыярытэт перад законамі, указамі і г. д.
19 сакавіка 2006 году адбыліся чарговыя выбары прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Перамогу на іх атрымаў Аляксандар Лукашэнка.
Статус, правы і абавязкі прэзыдэнта
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Статус, правы і абавязкі прэзыдэнта вызначаюцца Канстытуцыяй Беларусі:
Артыкул 81:
- Прэзыдэнт абіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на аснове ўсеагульнага, вольнага, роўнага і прамога выбарчага права пры таемным галасаваньні.
- Кандыдаты на пасаду прэзыдэнта вылучаюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь пры наяўнасьці ня меней за 100 тысячаў подпісаў выбарнікаў.
- Выбары прэзыдэнта прызначаюцца Палатай прадстаўнікоў не пазьней чым за пяць месяцаў і праводзяцца не пазьней чым за два месяцы да заканчэньня тэрміна паўнамоцтваў папярэдняга прэзыдэнта.
- Калі пасада прэзыдэнта апынулася вакантнай, выбары праводзяцца не раней чым праз 30 дзён і не пазьней чым праз 70 дзён са дня адкрыцьця вакансіі.
Артыкул 82:
- Лічыцца, што выбары адбыліся, калі ў галасаваньні прынялі ўдзел больш за палову грамадзян Рэспублікі Беларусь, уключаных у сьпіс выбарнікаў.
- Прэзыдэнт лічыцца абраным, калі за яго прагаласавала больш за палову грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія прынялі ўдзел у галасаваньні.
- Калі ні адзін з кандыдатаў не набраў неабходнай колькасьці галасоў, то ў двухтыднёвы тэрмін праводзіцца другі тур галасаваньня па двух кандыдатах, якія атрымалі найбольшую колькасьць галасоў выбарнікаў. Абраным лічыцца кандыдат у прэзыдэнты, які атрымаў пры паўторным галасаваньні больш за палову галасоў выбарнікаў, якія прынялі ўдзел у галасаваньні. Парадак правядзеньня выбараў прэзыдэнта вызначаецца законам Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 84.
Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь:
- прызначае рэспубліканскія рэфэрэндумы;
- прызначае чарговыя і пазачарговыя выбары ў Палату прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі і мясцовыя прадстаўнічыя органы;
- распускае палаты ў выпадках і ў парадку, прадугледжаных Канстытуцыяй;
- прызначае шэсьць чальцоў Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў;
- утварае, касуе і рэарганізуе Адміністрацыю прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, іншыя органы дзяржаўнага кіраваньня, а таксама кансультатыўна-дарадчыя і іншыя органы пры прэзыдэнце;
- са згоды Палаты прадстаўнікоў прызначае на пасаду прэм’ер-міністра;
- вызначае структуру Ўраду Рэспублікі Беларусь, прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады намесьнікаў прэм’ер-міністра, міністраў і іншых чальцоў Ураду, прымае рашэньне аб адстаўцы Ўраду або яго чальцоў;
- са згоды Савету Рэспублікі прызначае на пасаду старшыню Канстытуцыйнага Суду, старшыню Вярхоўнага Суду, старшыню Вышэйшага Гаспадарчага Суду зь ліку судзьдзяў гэтых судоў;
- са згоды Савету Рэспублікі прызначае на пасаду судзьдзяў Вярхоўнага Суду, судзьдзяў Вышэйшага Гаспадарчага Суду, старшыню Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, генэральнага пракурора, старшыню і чальцоў Кіраваньня Нацыянальнага банку;
- прызначае шэсьць судзьдзяў Канстытуцыйнага Суду, іншых судзьдзяў Рэспублікі Беларусь;
- вызваляе ад пасады старшыню і судзьдзяў Канстытуцыйнага Суду, старшыню і судзьдзяў Вярхоўнага Суду, старшыню і судзьдзяў Вышэйшага Гаспадарчага Суду, старшыню і чальцоў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, генэральнага пракурора, старшыню і чальцоў Кіраваньня Нацыянальнага банка па падставах, прадугледжаным законам, з апавяшчэньнем Савету Рэспублікі;
- прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады старшыню Камітэту дзяржаўнага кантролю;
- зьвяртаецца з пасланьнямі да народу Рэспублікі Беларусь аб становішчы ў дзяржаве і аб асноўных кірунках унутранай і вонкавай палітыкі;
- зьвяртаецца з штогадовымі пасланьнямі да Парлямэнту, якія заслухоўваюцца без абмеркаваньня на паседжаньнях Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі; мае права ўдзельнічаць у працы Парлямэнту і яго органаў, выступаць перад імі ў любы час з прамовай або паведамленьнем;
- мае права старшыняваць на паседжаньнях Ураду Рэспублікі Беларусь;
- прызначае кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіраваньня і вызначае іх статус; прызначае прадстаўнікоў прэзыдэнта ў Парлямэнце і іншых службовых асобаў, пасады якіх вызначаныя ў адпаведнасьці з заканадаўствам, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй;
- вырашае пытаньні аб прыёме ў грамадзянства Рэспублікі Беларусь, яго спыненьні і падаваньні сховішча;
- усталёўвае дзяржаўныя сьвяты і сьвяточныя дні, узнагароджвае дзяржаўнымі ўзнагародамі, прысвойвае клясныя чыны і званьні;
- ажыцьцяўляе памілаваньне асуджаных;
- вядзе перамовы і падпісвае міжнародныя дамовы, прызначае і адклікае дыпляматычных прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь у замежных дзяржавах і пры міжнародных арганізацыях;
- прымае даверчыя і адзыўныя граматы акрэдытаваных пры ім дыпляматычных прадстаўнікоў замежных дзяржаваў;
- у выпадку стыхійнага бедзтва, катастрофы, а таксама беспарадкаў, якія суправаджаюцца гвалтам альбо пагрозай гвалту з боку групы асобаў і арганізацыяў, у выніку якіх узьнікае небясьпека жыцьця і здароўю людзей, тэрытарыяльнай цэласнасьці і існаваньню дзяржавы, уводзіць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь або ў асобных яе мясцовасьцях надзвычайнае становішча з занясеньнем у трохдзённы тэрмін прынятага рашэньня на зацьвярджэньне Савету Рэспублікі;
- у выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, мае права адкласьці правядзеньне страйку або прыпыніць яго, але ня больш чым на трохмесяцовы тэрмін;
- падпісвае законы; мае права ў парадку, усталяваным Канстытуцыяй, вярнуць закон або асобныя яго становішчы са сваімі пярэчаньнямі ў Палату прадстаўнікоў;
- мае права адмяняць акты Ўраду;
- непасрэдна або праз створаныя ім органы ажыцьцяўляе кантроль за захаваньнем заканадаўства мясцовымі органамі кіраваньня і самакіраваньня; мае права прыпыняць рашэньні мясцовых Саветаў дэпутатаў і адмяняць рашэньні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у выпадку неадпаведнасьці іх заканадаўству;
- фармуе і ўзначальвае Савет бясьпекі Рэспублікі Беларусь; прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады Дзяржаўнага сакратара Савета бясьпекі;
- зьяўляецца Галоўнакамандуючым Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь; прызначае на пасады і вызваляе ад пасад вышэйшае камандаваньне Ўзброеных Сіл;
- уводзіць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у выпадку ваеннай пагрозы або нападу ваеннае становішча, аб’яўляе поўную або частковую мабілізацыю з занясеньнем у трохдзённы тэрмін прынятага рашэньня на сьцьвярджэньне Савету Рэспублікі;
- ажыцьцяўляе іншыя паўнамоцтвы, ускладзеныя на яго Канстытуцыяй і законамі.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Кіраўнікі Беларусі
- Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь
- Нацыянальны цэнтар заканадаўства і прававых дасьледаваньняў
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь: Раздзел IV. Прэзідэнт, Парламент, Урад, Суд, Глава 3. Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь
- ^ Прэзыдэнцкія выбары '94, Выбары ў Беларусі
- ^ Рэспубліканскі рэфэрэндум '96, Выбары ў Беларусі
- ^ Прэзыдэнцкія выбары '01, Выбары ў Беларусі
- ^ Совет Республики одобрил поправки в законы по вопросам проведения выборов и референдумов (рас.)