Перайсьці да зьместу

Нацыянальны цэнтар заканадаўства і прававых дасьледаваньняў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 53°53′48″ пн. ш. 27°32′47″ у. д. / 53.89667° пн. ш. 27.54639° у. д. / 53.89667; 27.54639

Нацыянальны цэнтар заканадаўства і прававых дасьледаваньняў Рэспублікі Беларусь
Абрэвіятура НЦЗПД
Дата ўтварэньня 23 красавіка 1992 (32 гады таму)
Тып законатворчая
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Мэта падрыхтоўка законапраектаў
Месцазнаходжаньне Менск, Маскоўскі раён, вул. Берсана, д. 1а
Кіраўнік Вадзім Іпатаў
1-я намесьніца Галіна Падразёнак
Намесьнікі Уладзімер Жаўняк, Сяргей Сівец
Матчына кампанія прэзыдэнт Беларусі
Колькасьць супрацоўнікаў 40 (2018 г.)
Сайт center.gov.by
Колішняя назва Нацыянальны цэнтар законапраектнай дзейнасьці (да 13 сьнежня 2007 г.), Беларускі інстытут дзяржаўнага будаўніцтва і заканадаўства (да 1 лістапада 1997 г.)

Нацыянальны цэнтар заканадаўства і прававых дасьледаваньняў Рэспублікі Беларусь — дзяржаўная ўстанова Беларусі ў галіне падрыхтоўкі законапраектаў, заснаваная ў 1992 годзе.

Паводле 4-га пункту Палажэньня аб НЦЗПД 2007 году, «Цэнтар зьяўляецца юрыдычнай асобай, падпарадкаванай прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь»[1]. На 2018 год НЦЗПД Беларусі ўлучаў:

  • 4 управы — а) заканадаўства аб грамадзянскіх, фінансава-эканамічных і экалягічных адносінах; б) заканадаўства аб нацыянальнай бясьпецы і праваахоўнай дзейнасьці; в) канстытуцыйнага і міжнароднага права; г) сацыяльнага заканадаўства;
  • 2 аддзелы — а) арганізацыйнага і тэхнічнага забесьпячэньня, б) фінансава-эканамічны;
  • Інстытут прававых дасьледаваньняў[2].

Паводле 7-га пункту Палажэньня аб НЦЗПД 2007 году, Нацыянальны цэнтар заканадаўства і прававых дасьледаваньняў Рэспублікі Беларусь мае паўнамоцтвы:

  • «запытваць і атрымліваць ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку ад дзяржаўных органаў, іншых арганізацыяў і фізычных асобаў дакумэнты, неабходныя для ажыцьцяўленьня сваёй дзейнасьці;
  • выкарыстоўваць дзяржаўныя (у тым ліку ўрадавыя) сродкі сувязі і камунікацыі;
  • заключаць у межах сваёй кампэтэнцыі дамовы зь дзяржаўнымі органамі, іншымі арганізацыямі і фізычнымі асобамі, а таксама з органамі і арганізацыямі замежных дзяржаваў, міжнароднымі арганізацыямі і міждзяржаўнымі ўтварэньнямі;
  • фармаваць пры Цэнтры аналітычныя і іншыя групы для правядзеньня навуковых дасьледаваньняў у галіне права і рэалізацыі іншых паўнамоцтваў»[3].

Паводле 6-га пункту Палажэньня аб НЦЗПД 2007 году, задачамі Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых дасьледаваньняў зьяўляюцца:

  • «распрацоўка штогадовых плянаў падрыхтоўкі законапраектаў, канцэпцыі праектаў законаў, унясеньне іх ва ўстаноўленым парадку на зацьвярджэньне (адабрэньне, узгадненьне) прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, ажыцьцяўленьне кантролю за рэалізацыяй плянаў падрыхтоўкі законапраектаў;
  • ажыцьцяўленьне арганізацыйна-мэтадалягічнага забесьпячэньня падрыхтоўкі праектаў заканадаўчых актаў, а таксама распрацоўка, абагульненьне і ўкараненьне перадавых тэхналёгіяў падрыхтоўкі праектаў прававых актаў;
  • непасрэдная распрацоўка праектаў законаў, за выключэньнем праектаў, падрыхтоўка якіх ускладзена на іншыя дзяржаўныя органы (арганізацыі);
  • непасрэдная распрацоўка праектаў нарматыўных прававых актаў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і Адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, міжнародных дамоваў Рэспублікі Беларусь і іншых міжнародна-прававых актаў, падрыхтоўка якіх ускладзена на Цэнтар;
  • падрыхтоўка праектаў прававых актаў, міжнародных дамоваў Рэспублікі Беларусь і іншых міжнародна-прававых актаў на аснове заключаных дамоваў;
  • правядзеньне абавязковай юрыдычнай экспэртызы праектаў законаў, якія ўносяцца ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, зьмяненьняў і дапаўненьняў, унесеных у законапраекты ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;
  • распрацоўка прыярытэтных напрамкаў навукова-прававых дасьледаваньняў, а таксама самастойнае правядзеньне ў парадку, устаноўленым заканадаўствам, навуковых дасьледаваньняў і распрацовак у галіне права, улучна з фундамэнтальнымі і дастасоўнымі дасьледаваньнямі, экспэрымэнтальнымі работамі, накіраванымі на павелічэньне аб’ёму ведаў у галіне права і павышэньне эфэктыўнасьці выкарыстаньня гэтых ведаў, у тым ліку з мэтай забесьпячэньня нарматворчай дзейнасьці;
  • правядзеньне аналітычных і навуковых дасьледаваньняў стану, тэндэнцыяў разьвіцьця і практыкі прымяненьня заканадаўства, выпрацоўка прапановаў аб напрамках яго ўдасканаленьня ў адпаведнасьці з зацьверджанымі плянамі, на даручэньне прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ці Адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь або на аснове заключаных дамоваў;
  • садзейнічае разьвіцьцю юрыдычнай навукі, унясеньне адпаведным арганізацыям прапановы па тэматыцы дасьледаваньняў у галіне права;
  • распрацоўка рэкамэндацыяў па выкарыстаньні вынікаў навуковых дасьледаваньняў і спрыяньне іх практычнаму ўкараненьню;
  • правядзеньне параўнальна-прававыях дасьледаваньняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь і замежных дзяржаваў у адпаведнасьці з зацьверджанымі плянамі, на даручэньне прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ці Адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь або на аснове заключаных дамоваў;
  • ажыцьцяўленьне на 1-й ступені пасьляўнівэрсытэцкай адукацыі (асьпірантура) падрыхтоўкі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі па юрыдычных спэцыяльнасьцях;
  • выступленьне ва ўстаноўленым парадку ў якасьці галаўной арганізацыі па дзяржаўных праграмах навуковых дасьледаваньняў;
  • каардынаваньне навуковых дасьледаваньняў, якія ім праводзяцца, зь іншымі арганізацыямі, ўзаемадзеяньне з навуковымі арганізацыямі і ўстановамі вышэйшай адукацыі ў разьвіцьці навуковых дасьледаваньняў і ў падрыхтоўцы навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі па юрыдычных спэцыяльнасьцях;
  • узаемадзеяньне зь дзяржаўнымі органамі, навуковымі арганізацыямі, іншымі юрыдычнымі, а таксама фізычнымі асобамі Рэспублікі Беларусь і замежных дзяржаваў, зь міжнароднымі арганізацыямі і міждзяржаўнымі ўтварэньнямі па пытаньнях, што ўваходзяць у кампэтэнцыю Цэнтру;
  • узаемадзеяньне з Найвышэйшай атэстацыйнай камісіяй Рэспублікі Беларусь і саветамі па абароне дысэртацыяў па юрыдычных спэцыяльнасьцях;
  • удзел у выкананьні міждзяржаўных навуковых праграмаў і праектаў, ажыцьцяўленьне міжнароднай супрацы па пытаньнях, што ўваходзяць у кампэтэнцыю Цэнтру;
  • правядзеньне мерапрыемстваў па сыстэматызацыі заканадаўства, а таксама забесьпячэньне фармаваньня і вядзеньня Збору законаў Рэспублікі Беларусь;
  • арганізацыя мерапрыемстваў па павышэньні кваліфікацыі работнікаў дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацыяў па пытаньнях нарматворчай дзейнасьці, а таксама канфэрэнцыі (сымпозіюмы, сэмінары і інш.) па актуальных навуковых праблемах у галіне права;
  • тлумачэньне ва ўстаноўленым парадку пытаньняў прымяненьня заканадаўства, якое рэгулюе нарматворчую дзейнасьць;
  • удзел у падрыхтоўцы навукова-практычных камэнтароў да кодэксаў і іншых законаў, у выданьні навуковых часопісаў»[3].

23 красавіка 1992 г. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь зацьвердзіў Пастанову № 1610-XII «Аб стварэньні Беларускага інстытуту дзяржаўнага будаўніцтва і заканадаўства»[4] (БІДБЗ). 5 лістапада 1992 г. Вярхоўны Савет Беларусі ўхваліў Пастановай № 1915-XII Статут і колькасьць работнікаў БІДБЗ у памеры «64 адзінак»[5]. 28 ліпеня 1997 г. А.Лукашэнка падпісаў Указ № 407 «Аб стварэньні Нацыянальнага цэнтра законапраектнай дзейнасьці пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь» з 1 лістапада 1997 году. Паводле 1-га пункту Ўказа прадугледжвалася «Ажыцьцяўляць прыём на працу ў» Цэнтар «цягам 1997—1999 гадоў пры ўмове адначаснага скарачэньня штатнай колькасьці Беларускага інстытуту дзяржаўнага будаўніцтва і заканадаўства (БІДБЗ) ... на колькасьць адзінак, якая ўдвая перавышае лік работнікаў» Цэнтру. Згодна з 2-м пунктам пастанаўлялася «Падпарадкаваць БІДБЗ Адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь», якая мела «да 1 студзеня 1998 г. ліквідаваць» яго. Паводле 4-га пункту Ўказа, Адміністрацыі прэзыдэнта даручалася «да 1 лістапада 1997 г. правесьці атэстацыю службовых асобаў і іншых супрацоўнікаў БІДБЗ і па яе выніках прыняць адпаведных асобаў (да паловы ад штату) на працу ў» Цэнтар (НЦЗД)[6].

13 сьнежня 2007 г. А.Лукашэнка падпісаў Указ № 630, паводле якога пераўтварыў НЦЗД у Нацыянальны цэнтар заканадаўства і прававых дасьледаваньняў Рэспублікі Беларусь «шляхам далучэньня да яго дзяржаўнай навуковай установы "Інстытут дзяржавы і права Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі[7]. Паводле 3-га пункту Ўказа, «колькасьць навуковых работнікаў і работнікаў, якія забясьпечваюць дзейнасьць дадзенага Цэнтра, складае 40 адзінак»[1]. На 8 лістапада 2017 г. НЦЗПД Беларусі падрыхтаваў каля 1000 заканадаўчых актаў за 20 гадоў[8].

  1. ^ а б А.Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 сьнежня 2007 г. № 630 «Аб некаторых захадах па ўдасканаленьні праватворчай дзейнасьці і навуковых дасьледаваньня ў галіне права» (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 31 сьнежня 2017 г. Праверана 22 студзеня 2018 г.
  2. ^ Кіраўніцтва і структурныя падразьдзяленьні // Нацыянальны цэнтар заканадаўства і прававых дасьледаваньняў Рэспублікі Беларусь, 2017 г. Праверана 22 студзеня 2018 г.
  3. ^ а б Прававы статус // Нацыянальны цэнтар заканадаўства і прававых дасьледаваньняў Рэспублікі Беларусь, 2017 г. Праверана 22 студзеня 2018 г.
  4. ^ Станіслаў Шушкевіч. Пастанова Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 23 красавіка 1992 г. № 1610-XII «Аб стварэньні Беларускага інстытуту дзяржаўнага будаўніцтва і заканадаўства» (рас.) // Прававы партал Валерыя Леванеўскага, 28 сакавіка 2007 г. Праверана 22 студзеня 2018 г.
  5. ^ Ст. Шушкевіч. Пастанова Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 5 лістапада 1992 г. № 1915-XII «Пытаньні Беларускага інстытуту дзяржаўнага будаўніцтва і заканадаўства» (рас.) // Беларускі прававы партал «Кулічкі», 25 траўня 2007 г. Праверана 22 студзеня 2018 г.
  6. ^ А.Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 ліпеня 1997 г. № 407 «Аб стварэньні Нацыянальнага цэнтра законапраектнай дзейнасьці пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь» (рас.) // Прававы партал Валерыя Леванеўскага, 28 сакавіка 2007 г. Праверана 22 студзеня 2018 г.
  7. ^ Гісторыя // Нацыянальны цэнтар заканадаўства і прававых дасьледаваньняў Рэспублікі Беларусь, 2017 г. Праверана 22 студзеня 2018 г.
  8. ^ Надзея Анісовіч. Каля 1000 заканадаўчых актаў // Зьвязда : газэта. — 8 лістапада 2017. — № 215 (28579). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  9. ^ Міцкевіч Валеры Вацлававіч // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2017 г. Праверана 22 студзеня 2018 г.
  10. ^ Надзея Дрыла. Захаваць і папулярызаваць // Зьвязда : газэта. — 19 чэрвеня 2012. — № 116 (27231). — С. 5. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]