Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Каардынаты: 53°55′51″ пн. ш. 27°31′26″ у. д. / 53.93083° пн. ш. 27.52389° у. д. / 53.93083; 27.52389

Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь

Эмблема
Абрэвіятура ВС РБ
Дата ўтварэньня 25 жніўня 1991 (29 гадоў таму)
Тып судовая
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Мэта нагляд за дзейнасьцю судоў
Штаб-кватэра Цэнтральны раён, Арлоўская вул., д. 76[1]
Месцазнаходжаньне Менск
Дзейнічае ў рэгіёнах Беларусь
Афіцыйныя мовы беларуская, расейская
Старшыня Валянцін Сукала
Першы намесьнік Валер Калінковіч
Намесьнікі Андрэй Забара, Сяргей Кандрацьеў, Юры Кобец, Жанна Шкурдзюк[2]
Сакратарка Пленуму Ірына Тылец[3]
Асноўныя асобы Зьміцер Чыкатоўскі[4]
Кіроўны орган Прэзыдыюм
Зьвязаныя кампаніі Навукова-кансультатыўная рада
Бюджэт 6101 млн рублёў[5] (2010 год; 2038 тыс. $[6])
Колькасьць супрацоўнікаў 135[7] (2011)
Сайт court.gov.by/be/

Вярхо́ўны суд Рэспублі́кі Белару́сь — галоўны суд Беларусі па грамадзянскіх, крымінальных ды адміністрацыйных справах.

Дзеіць у складзе Прэзыдыюму, Пленуму і 4-х судовых калегіяў: 1) па грамадзянскіх справах, 2) па крымінальных справах, 3) па інтэлектуальнай уласнасьці, 4) па эканамічных справах. Колькасьць судзьдзяў ды склад суда вызначаюцца прэзыдэнтам. З 4 студзеня 1997 году пасаду старшыні суда займае Валянцін Сукала.

Апарат[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2020 год апарат Вярхоўнага суду Беларусі ўлучаў:

  • Галоўнае кіраўніцтва арганізацыйнага і мэтадычнага забесьпячэньня судовай дзейнасьці, што мела ў сваім складзе — 1) Кіраўніцтва арганізацыі дзейнасьці судоў і працы са зваротамі грамадзянаў і юрыдычных асобаў, 2) Кіраўніцтва забесьпячэньня дзейнасьця судовых калегіяў, 3) Службу справаводзтва і дакумэнтаабароту, 4) Аддзел арганізацыйнай і аналітычнай працы;
  • Галоўнае кіраўніцтва інвэстыцыяў, дзяржаўных закупак і працы з маёмасьцю, што мела ў сваім складзе — 1) Сэктар інвестыцыяў, 2) Аддзел дзяржаўных закупак, 3) Аддзяленьне эксплюатацыі, рамонту і матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня;
  • Кіраўніцтва абагульненьня судовай практыкі, што ўлучала — 1) Аддзел па грамадзянскіх, эканамічных справах і справах інтэлектуальнай уласнасьці, 2) Аддзел па крымінальных справах і справах аб адміністрацыйных правапарушэньнях;
  • Кіраўніцтва арганізацыі судовага нагляду, што ўлучала — 1) Аддзел разгляду скаргаў па грамадзянскіх і эканамічных справах, 2) Аддзел разгляду скаргаў па крымінальных справах і справах аб адміністрацыйных правапарушэньнях, 3) Аддзел прыёму і працы з нагляднымі скаргамі;
  • Кіраўніцтва заканадаўства;
  • Кіраўніцтва інфарматызацыі і інфармацыйнай бясьпекі;
  • Кіраўніцтва кадраў і дзяржаўнай службы;
  • Кіраўніцтва фінансава-эканамічнага плянаваньня, уліку і кантролю;
  • Аддел міжнародна-прававой дзейнасьці;
  • Аддзел рэдакцыйна-выдавецкай дзейнасьці;
  • Сэктар абароны дзяржаўных сакрэтаў;
  • Сэктар інфармацыі і сувязяў са СМІ;
  • Сакратарыят Пленуму і Прэзыдыюму;
  • Дарадцы і памагаты старшыні[8].

Паўнамоцтвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле закону Вярхоўны суд мае паўнамоцтвы на:

  • першасны разгляд грамадзянскіх ды крымінальных справаў;
  • перагляд грамадзянскіх ды крымінальных справаў у парадку нагляда, скаргі або касаваньня ды па зноў выяўленых абставінах;
  • перагляд адміністрацыйных справаў у парадку нагляда;
  • запыт у Канстытуцыйнага суду заключэньня аб адпаведнасьці заканадаўства Канстытуцыі ды іншаму заканадаўству вышэйшага парадку;
  • вывучэньне, абагульненьне ды агляд судаводзтва і тлумачэньне ўжыцьця заканадаўства;
  • нагляд за выкананьнем судамі пастановаў Пленуму Вярхоўнага суда;
  • дапамогу судзьдзям ва ўжыцьці законаў;
  • прапанову аб зьмене заканадаўства;
  • прыём справаздачаў судзьдзяў аб іх дзейнасьці;
  • супрацу з замежнымі судамі ды міжнароднымі арганізацыямі[9].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 жніўня 1991 году Беларусь здабыла незалежнасьць, у выніку чаго Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь стаў узначаліў самастойную судовую ўладу. 23 красавіка 1992 году Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь зацьвердзіў Канцэпцыю судова-прававой рэформы. У студзені 1995 году ўхвалілі Закон «Аб судовым ладзе і стасусе судзьдзяў». 5 сьнежня 1997 году адбыўся 1-ы Зьезд судзьдзяў Рэспублікі Беларусь, які зацьвердзіў Кодэкс гонару судзьдзі. Адначасна ўхвалілі Рашэньн аб стварэньні Інстытуту перападрыхтоўкі і павышэньня кваліфікацыі судзьдзяў, працаўнікоў пракуратуры, судоў і ўстановаў юстыцыі пры Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце. 23 сьнежня 1999 году Пленум Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь зацьвердзіў Пастанову «Аб павышэньні культуры судовай дзейнасьці і паляпшэньні арганізацыі судовых працэсаў». У 2000 годзе ў Вярхоўным судзе Беларусі ўтварылі патэнтавую калегію. 1 ліпеня 1999 году набыў моц Грамадзянскі працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь, які замацаваў даступнасьць звароту ў суд. 21 лютага 2002 году прайшоў 2-і Зьезд судзьдзяў Беларусі, які заклікаў прыняць Закон «Аб выканаўчым дзеяньні». У сакавіку 2005 году набыў моц Гаспадарчы працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь, які ўвёў апэляцыйны перагляд Пастановаў гаспадарчых судоў, што не ўступілі ў сілу. 13 студзеня 2007 году набыў моц Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб судовым ладзе і стасусе судзьдзяў, які вызначыў задачы і паўнамоцтвы ўсіх судоў краіны. 1 сакавіка 2007 году ўступілі ў дзеяньне Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях, якія ўлучылі прэзумпцыю невінаватасьці. 25 сакавіка 2008 году адбылася рэспубліканская нарада судзьдзяў [10].

10 кастрычніка 2011 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 454, якім зацьвердзіў Пасланьне аб пэрспэктывах разьвіцьця сыстэмы агульных судоў Рэспублікі Беларусь. Пасланьне прадугледжвала індывідуалізаваньне крымінальнай адказнасьці і распаўсюд пастановаў судоў праз СМІ. 29 лістапада 2013 году А. Лукашэнка падпісаў Дэкрэт № 6 «Аб удасканаленьні судовай сыстэмы Рэспублікі Беларусь», паводле якога з 1 студзеня 2014 году гаспадарчыя суды ўлучылі ў сыстэму судоў агульнай юрысдыкцыі на чале зь Вярхоўным судомю Адначасна судовых выканаўцаў вывелі са складу судоў і ўтварылі Службу прымусовага выкананьня судовых рашэньняў у складзе Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. 20 сьнежня 2013 году Пленум Вярхоўнага суду Беларусі прыняў Пастанову «Аб забесьпячэнні галоснасьці пры ажыцьцяўленьні правасудзьдзя і аб распаўсюджваньні інфармацыі аб дзейнасьці судоў». 1 ліпеня 2014 году скасавалі Беларускі вайсковы суд, міжгарнізонныя вайсковыя суды і Вайсковую калегію Вярхоўнага суду Блеарусі. Іх паўнамоцтвамі надзялілі абласныя і раённыя суды. Адначасна ўтварылі Вярхоўную кваліфікацыйную калегію судзьдзяў пры Вярхоўным судзе Беларусі. Таксама забесьпячэньне судоў усклалі на апарат Вярхоўнага суду замест Міністэрства юстыцыі Беларусі. 4 верасьня 2014 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 438, якім заснаваў сьцяг, эмблему і знак узнагароды Вярхоўнага суду. 24 студзеня 2017 году набылі моц папраўкі ў Кодэкс аб судовым ладзе, паводле якіх пашырылі паўнамоцтвы Рэспубліканскай рады судзьдзяў і стварылі Рэспубліканскую канфэрэнцыю судзьдзяў[10]. 31 жніўня 2020 году ў Вярхоўны судзе Беларусі ўвялі аўдыёвідэафіксацыю судовых працэсаў[11].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Кантакты // Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь, 2020 г. Праверана 7 верасьня 2020 г.
  2. ^ Кіраўніцтва // Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь, 2020 г. Праверана 7 верасьня 2020 г.
  3. ^ Склад Пленуму // Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь, 2020 г. Праверана 7 верасьня 2020 г.
  4. ^ Памагаты і дарадцы // Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь, 2020 г. Праверана 7 верасьня 2020 г.
  5. ^ Закон Рэспублікі Беларусь аб рэспубліканскім каштарысе на 2010 год(рас.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (27 сьнежня 2010). Праверана 14 ліпеня 2011 г.
  6. ^ Зьвесткі аб сярэднеўзважаным курсе беларускага рубля да замежных валютаў на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2010 год. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. — Паводле сярэдняе за 2010 год цаны (2993,74) набыцьця даляра за рублі на валютным рынку. Праверана 14 ліпеня 2011 г.
  7. ^ Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 студзеня 1999 г. № 54(рас.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (31 сьнежняя 2006). Праверана 14 ліпеня 2011 г.
  8. ^ Структура // Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь, 2020 г. Праверана 8 верасьня 2020 г.
  9. ^ А. Лукашэнка. Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб судовым ладзе і стасусе судзьдзяў ад 29 чэрвеня 2006 г. № 139-З // Лябараторыя распазнаваньня і сынтэзу маўленьня АІПІ, 9 чэрвеня 2020 г. Праверана 7 верасьня 2020 г.
  10. ^ а б Гісторыя // Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь, 2020 г. Праверана 7 верасьня 2020 г.
  11. ^ У Вярхоўным і абласных судах завершаная лічбавізацыя правасудзьдзя - Сукала // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 31 жніўня 2020 г. Праверана 7 верасьня 2020 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]