Перайсьці да зьместу

Дзяржаўны мытны камітэт Рэспублікі Беларусь

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Дзяржаўны мытны камітэт Рэспублікі Беларусь
Абрэвіятура ДМК РБ
Дата ўтварэньня 20 верасьня 1991 (34 гады таму)
Штаб-кватэра Менск, вул. Магілёўская, д. 45/1
Старшыня Уладзімер Арлоўскі
Намесьнікі Сяргей Полудзень, Аляксандар Багдзевіч, Мікалай Сьвірыд[1]
Зьвязаныя кампаніі «Белмытнясэрвіс»
Бюджэт 186 млрд рублёў[2] (2009 год; 66 млн $[3])
Сайт customs.gov.by

Дзяржаўны мытны камітэт Рэспублікі Беларусь (ДМК Беларусі) — ведамства ўраду Беларусі, упаўнаважанае ажыцьцяўляць размытненьне. Старшыня ДМК ды ягоныя намесьнікі прызначаюцца й здымаюцца з пасады прэзыдэнтам. Зь лістапада 2014 году пасаду старшыні камітэту займае Юры Сянько[2].

Прэзыдэнтам таксама ўхваляецца склад калегіі ДМК з удзелам старшыні камітэту ды ягоных 4 намесьнікаў[4]. Пасяджэньні калегіі праводзяцца прынамсі раз у тры месяцы ды зьяўляюцца правамоцнымі пры наяўнасьці больш як паловы чальцоў. Рашэньні ўхваляюцца простаю большасьцю галасоў прысутных ды ажыцьцяўляюцца загадамі й пастановамі ДМК пры згодзе старшыні камітэту.

Па ўзгадненьні зь дзяржаўным сакратаром Савету бясьпекі Рэспублікі Беларусь ды чальцамі калегіі ДМК старшыня камітэту прызначае й звальняе начальніка ўправы арганізацыі барацьбы з кантрабандай і адміністрацыйнымі мытнымі правапарушэньнямі, начальнікаў мытняў ды іх намесьнікаў па праваахоўнай працы.

20 верасьня 1991 году Вярхоўны Савет ухваліў Пастанову № 1101 «Аб мытнай службе Рэспублікі Беларусь», паводле якой быў заснаваны Дзяржаўны мытны камітэт[5]. 13 сакавіка 1992 году ВС ухваліў Закон «Аб асновах арганізацыі мытнае службы Рэспублікі Беларусь», паводле якога старшыня ДМК прызначаўся ды здымаўся з пасады Вярхоўным Саветам на прапанову старшыні ўраду, а мытнікі надзяляліся правам ужываць пальную зброю ды мелі наймацца выключна зь ліку беларускіх грамадзянаў[6]. У 1992 годзе ўрад ухваліў першую ўставу ДМК. 3 лютага 1993 году ВС ухваліў Мытны кодэкс[7] ды Закон «Аб мытным тарыфе»[8]. У ходзе распачатага ў 1995 годзе прыпадабненьня мытнага заканадаўства Беларусі да расейскага 2 лютага 2000 году ДМК атрымаў новую ўставу[9]. 24 верасьня 2001 году на пасаду старшыні камітэту прызначаны Аляксандар Шпілеўскі[10]. Ён быў на гэтай пасадзе да лістапада 2014 году.

  • парадкаваньне мытнае справы;
  • абарона гаспадарчых зацікаўленасьцяў дзяржавы;
  • распрацоўка ды ўжыцьцё мытнага заканадаўства;
  • мытны нагляд;
  • папярэджаньне й спыненьне кантрабанды;
  • забесьпячэньне выкананьня міжнародных мытных абавязкаў дзяржавы.
  • падача прэзыдэнту прапановаў аб парадкаваньні мытнай справы;
  • апавяшчэньне прэзыдэнта, ураду й Дзяржаўнага сакратарыяту Савету бясьпекі Рэспублікі Беларусь аб пагрозах гаспадарцы дзяржавы;
  • выкананьне ўхваленых прэзыдэнтам ды ўрадам пастановаў аб мытнай справе;
  • удзел у распрацоўцы мытнага заканадаўства;
  • ухваленьне ведамасных пастановаў;
  • кіраваньне мытнямі й падпарадкаванымі ўстановамі;
  • спагнаньне й наладжаньне збору мытаў, а таксама нагляд за правільнасьцю іх вылічэньня, своечасовасьцю й паўнатою выплаты;
  • нагляд за правільнасьцю вызначэньня мытнага кошту й краіны паходжаньня тавараў;
  • падача прапановаў аб парадкаваньні вонкаваэканамічнае дзейнасьці;
  • вядзеньне й тлумачэньне таварнай намэнклятуры вонкаваэканамічнай дзейнасьці (ТН ВЭД);
  • улік мытных прадстаўнікоў, перавозчыкаў ды складоў, а таксама прадметаў інтэлектуальнае ўласнасьці ды заручальнікаў выплаты мытных плацяжоў;
  • вызначэньне парадку паказу на мытні пасьведчаньняў аб уласьцівасьцях тавара ды яго загрузцы ў транспартны сродак;
  • стварэньне месцаў размытненьня для пэўных відаў тавараў;
  • вызначэньне парадку дэкляраваньня перамяшчаных тавараў;
  • вызначэньне выгляду, парадку ды тэрміну падачы, як і парадку ўжыцьця мытных дакумэнтаў;
  • вызначэньне ўласьцівасьцяў сродкаў ідэнтыфікацыі тавараў ды дакумэнтаў на іх;
  • парадкаваньне пацьвярджэньня вывазу тавараў;
  • недапушчэньне перавозчыка да размытненьня пры неаднаразовым парушэньні парадку размытненьня;
  • вызначэньне сьпісу мытнікаў, упаўнаважаных ажыцьцяўляць мытны надгляд ды агляд памяшканьняў, а таксама ўхваленьне формаў актаў агляду;
  • наладжаньне збору ды апрацоўкі зьвестак аб перамяшчэньні тавараў ды транспартных сродкаў праз мытную мяжу ды аб іх размытненьні;
  • публікаваньне ў ведамасным пэрыядычным друку ды выдача дзяржаўным установам, а таксама міжнародным арганізацыям дадзеных мытнай статыстыкі;
  • вызначэньне парадку ўліку ды справаздачнасьці аб таварах, што знаходзяцца пад мытным наглядам;
  • папярэджаньне, выяўленьне ды спыненьне ў супрацы з праваахоўнымі органамі правапарушэньняў з боку мытнікаў;
  • вышук, дазнаньне ды прыцягненьне да адказнасьці за адміністрацыйнае правапарушэньне;
  • правядзеньне мытных праверак;
  • заключэньне міжведамасных міжнародных дамоваў з адпаведнымі ўстановамі іншых дзяржаваў ды міжнароднымі арганізацыямі;
  • забесьпячэньне аднастайнага ўжыцьця мытнага заканадаўства падпарадкаванымі ўстановамі;
  • наладжаньне правядзеньня мытнямі нагляду за перамяшчэньнем валюты;
  • нагляд за вывазам стратэгічных рэчываў ды мастацкіх каштоўнасьцяў;
  • абарона правоў інтэлектуальнае ўласнасьці;
  • запыт зьвестак ва ўстановах ды ў фізычных асобаў;
  • выдача дазволаў на мытную дзейнасьць, а таксама вызначэньне парадку выдачы й касаваньня пасьведчаньня мытніка;
  • разгляд зваротаў;
  • стварэньне мытнай інфраструктуры;
  • выдаткоўваньне на забесьпячэньне мытняў;
  • распараджэньне маёмасьцю падпарадкаваных установаў;
  • наладжаньне мытных дасьледаваньняў;
  • распрацоўка ды ўкараненьне на мытнях сродкаў і прыбораў сувязі ды мытнага й радыяцыйнага нагляду;
  • вызначэньне парадку стварэньня й выкарыстаньня збораў дадзеных ведамаснымі ўстановамі;
  • наладжаньне бухгальтарскага ўліку й справаздачнасьці ў падпарадкаваных установах;
  • наладжаньне падбору й падрыхтоўкі мытнікаў;
  • ідэалягічнае ўзьдзеяньне ў падпарадкаваных установах;
  • прававая абарона і падтрымка мытнікаў ды іх сем’яў;
  • заснаваньне пэрыядычных друкаваных выданьняў;
  • улік, захоўваньне ды выкарыстаньне архіўных дакумэнтаў.

На мытную службу наймаюцца поўнагадовыя (з 18 год) грамадзяне, якія валодаюць беларускай і расейскай мовамі ды прайшлі іспыт паводле вызначанага прэзыдэнтам парадку. На службу не прымаюцца грамадзяне, якія:

  1. зьдзейсьнілі злачынства;
  2. зьяўляюцца абмежавана дзеяздольнымі паводле набыўшай сілу пастановы суда;
  3. адмаўляюцца ад праходжаньня афармленьня допуску да дзяржаўных таямніцаў;
  4. адмаўляюцца падаваць заявы аб даходах і маёмасьці сваёй сям’і ды пасьведчаньне аб адукацыі;
  5. маюць пацьверджаныя ў мэдычных установах хваробы, што замінаюць выкананьню службовых абавязкаў[12].
  1. Кіраўніцтва Мытны камітэт. Дзяржаўны мытны камітэт Рэспублікі Беларусь. Праверана 20 лістапада 2020 г.
  2. 1 2 Закон Рэспублікі Беларусь аб рэспубліканскім каштарысе на 2009 год (рас.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (13 лістапада 2008). Праверана 18 верасьня 2010 г.
  3. Зьвесткі аб сярэднеўзважаным курсе беларускага рубля да замежных валютаў на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2009 год. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. Паводле сярэдняе за 2009 год цаны (2803,27) набыцьця даляра за рублі на валютным рынку. Праверана 18 верасьня 2010 г.
  4. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 кастрычніка 2006 г. № 630 (рас.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь. Праверана 18 верасьня 2010 г.
  5. Пастанова Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 20 верасьня 1991 г. №1101-XII «Аб мытнай службе Рэспублікі Беларусь» (рас.) Сайт Валерыя Леванеўскага Праверана 18 верасьня 2010 г.
  6. Закон Рэспублікі Беларусь ад 13 сакавіка 1992 г. №1520-XII «Аб асновах арганізацыі мытнае службы Рэспублікі Беларусь» (рас.) Сайт Валерыя Леванеўскага Праверана 18 верасьня 2010 г.
  7. Рэфэрат: Мытны кодэкс Рэспублікі Беларусь (рас.) Бібліяфонд Праверана 18 верасьня 2010 г.
  8. Закон Рэспублікі Беларусь «Аб мытным тарыфе». 3 лютага 1993 г. (рас.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь. Праверана 18 верасьня 2010 г.
  9. Гісторыя мытных органаў Рэспублікі Беларусь (рас.). Дзяржаўны мытны камітэт Рэспублікі Беларусь. Праверана 18 верасьня 2010 г.
  10. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 верасьня 2001 г. № 541 «Аб назначэнні А.Ф.Шпілеўскага Старшынёй Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь». «Звязда» (25 верасьня 2001). Праверана 18 верасьня 2010 г.
  11. 1 2 Цэнтральны апарат (рас.). Дзяржаўны мытны камітэт Рэспублікі Беларусь. Праверана 14 сакавіка 2016 г.
  12. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 21 красавіка 2008 г. № 228 (рас.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь. Праверана 18 верасьня 2010 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]